АРЛЕ́НЕЎ (сапр. Арлоў) Павел Мікалаевіч

(6.3.1869, Масква — 31.8.1932),

рускі акцёр. Нар. арт. Рэспублікі (1926). Сцэн. дзейнасць пачаў у 1886. Выступаў як акцёр-гастралёр у розных гарадах Расіі, Беларусі і інш. У творчасці дамінаваў герой, душэўна неўладкаваны, сумленны, які імкнецца, але не можа спалучыць свае ідэалы з рэальнымі ўмовамі быцця. Лепшыя ролі: цар Фёдар Іаанавіч (аднайм. п’еса А.​К.​Талстога), Раскольнікаў і Дзмітрый Карамазаў («Злачынства і кара», «Браты Карамазавы» паводле Ф.​Дастаеўскага), Освальд («Здані» Г.​Ібсена).

т. 1, с. 483

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́ЛЬТЭРМАН ((Altermann) Тэадор Юр’евіч) (24.11.1885, в. Равіла, Эстонія — 31.3.1915),

эстонскі акцёр. Творчую дзейнасць пачаў у 1902. Адзін з арганізатараў і акцёр (з 1906) т-ра «Эстонія». Стварыў яркія вобразы Лео Саалепа і Пійбілехта («Няўлоўны цуд» і «Дамавік» Э.​Вільдэ), Барона («Скупы рыцар» А.​Пушкіна), Атэла, Гамлета (аднайм. п’есы У.​Шэкспіра). Ігра Альтэрмана вылучалася майстэрствам пераўвасаблення, унутранага маналога. Як рэжысёр паставіў «Няўлоўны цуд», «Маскарад» М.​Лермантава, «Без віны вінаватыя» А.​Астроўскага і інш.

т. 1, с. 285

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЯКСЕ́ЕЎ (Мікалай Іванавіч) (17.12.1898, С.-Пецярбург — 12.8.1985),

рускі пісьменнік. Засл. работнік культуры Беларусі (1980). У 1918—58 у арміі, прайшоў шлях ад салдата да ген.-маёра. Літ. дзейнасць пачаў у 1939. Аўтар раманаў «Якаў Жалязноў» (1946), «Выпрабаванне» (1957), «Па закліку сэрца» (1974) пра мужнасць людзей у барацьбе з ням.-фаш. захопнікамі, аповесцяў «Сухар» (1971, пра пагранічнікаў), «Асколкам абарванае жыццё» (1978, пра І.​Д.​Чарняхоўскага), п’есы «Сястра Варвара» (паст. ў 1960 Бабруйскім вандроўным тэатрам).

т. 1, с. 297

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АМАРЫ́М ((Amorim) Энрыке) (25.7.1900, г. Сальта, Уругвай — 28.7.1960),

уругвайскі пісьменнік. Літ. дзейнасць пачаў у 1920 (зб. вершаў «Дваццаць год»). Большасць твораў пра жыццё сялянства (трылогія «Арба», 1933, «Пасяленец Агіляр», 1934, «Конь і яго цень», 1941). Вострыя сац. канфлікты ўзняты ў раманах «Дзевяць месяцаў над Неўкенам» (1946), «Перамога не прыходзіць сама» (1952); у рамане «Вусце» (1958) спроба прасачыць усю гісторыю Уругвая. Аўтар паэт. зб. «Мая радзіма» (1960).

Тв.:

Рус. пер. — Хозяин Агиляр;

Тень Скакуна. М., 1987.

т. 1, с. 307

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАТРЭ́ (Cauterets),

бальнеалагічны курорт у Францыі, на ПдЗ ад г. Лурд, у Цэнтр. Пірэнеях, каля граніцы з Іспаніяй. Вядомы з часоў Стараж. Рыма. Папулярнасць пачаў набываць пасля наведвання яго ў 1540-я г. дваром каралевы і пісьменніцы Маргарыты Наварскай. У наш час найб. значны бальнеалагічны курорт Францыі. Асн. лек. фактары — горны клімат і крыніцы тэрмальных (52 °C) мінер. вод (найбуйнейшых у свеце па дэбіту серных вод). Самы вялікі цэнтр зімовага спорту і турызму ў Пірэнеях.

т. 8, с. 178

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУКЛАЧО́Ў (Юрый Дзмітрыевіч) (н. 12.4.1949, Масква),

расійскі артыст цырка, клоун-дрэсіроўшчык. Нар. арт. Расіі (1983). Скончыў Дзярж. вучылішча цыркавога і эстр. мастацтва (1971) і Ін-т тэатр. мастацтва (1983) у Маскве. Працуе ў многіх жанрах. У 1972 першы ў Расіі пачаў выступаць з катамі, у 1989 адкрыў у Маскве т-р катоў. Праграмам К. ўласцівы пацяшальная лёгкасць, мяккі гумар. Аўтар кніг «Мае сябры — каты» (1981), «120 катоў Юрыя Куклачова» (1997) і інш.

т. 8, с. 568

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЛАНТЭ́ ((Volonté) Джан Марыя) (н. 9.4.1933, г. Мілан, Італія),

італьянскі акцёр. Скончыў Нац. акадэмію тэатр. мастацтва (1957). Сцэн. дзейнасць пачаў у 1951. З 1960 у кіно. Здымаецца ў вострасацыяльных («Чалавек, якога трэба знішчыць», «Тэрарыст»), прыгодніцкіх («За некалькі лішніх долараў», «Хто ведае?» — у сав. пракаце «Залатая куля»), палітычных («Кожнаму сваё», «Бандыты ў Мілане», «Следства па справе грамадзяніна па-за ўсякімі падазрэннямі» — у сав. пракаце «Справа грамадзяніна па-за ўсякімі падазрэннямі», «Сака і Ванцэці», «Джардана Бруна») і інш. фільмах.

т. 3, с. 472

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАШЫ́РАЎ (Гумер Башыравіч) (н. 7.1.1901, с. Янга-Сала Арскага р-на, Татарстан),

татарскі пісьменнік. Літ. дзейнасць пачаў у 1931 (апавяданне «Кроў Хашыма»), Збіраў і даследаваў тат. фальклор, які паўплываў на характар яго творчасці. У творах падзеі грамадз. і Вял. Айч. войнаў, жыццё вёскі (аповесці «Сіваш», 1937; «Родны край — зялёная мая калыска», 1967; зб-кі апавяданняў «Помста», 1942; «Гарманіст», 1943; раманы «Гонар», 1948, Дзярж. прэмія СССР 1951; «Добрай раніцы», 1963; «Сем крыніц Алтынбікэ», кн. 1—2, 1977—78.

т. 2, с. 367

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВО́ІНКАЎ (Васіль Віктаравіч) (25.4.1902, Тбілісі — 4.3.1986),

бел. акцёр. Засл. арт. Беларусі (1968). Творчую дзейнасць пачаў у Сухумі. З 1932 у Рус. драм. т-ры БССР. Майстар псіхалагічна дакладнага раскрыцця характараў персанажаў, ствараў каларытныя эпізадычныя вобразы: Міхей, Гарнец («Галоўная стаўка», «Дзеля жыцця» К.​Губарэвіча), Фірс («Вішнёвы сад» А.​Чэхава), Трубач, Галавасцікаў, Бяссеменаў («Ягор Булычоў і іншыя», «Варвары», «Мяшчане» М.​Горкага), Князь Турэнін («Цар Фёдар Іаанавіч» А.​К.​Талстога), Аргон («Хітрыкі Скапэна» Мальера), Бернарда («Хітрамудрая закаханая» Лопэ дэ Вэгі) і інш.

т. 4, с. 255

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСТА́НГАЎ (сапр. Ружнікаў) Міхаіл Фёдаравіч

(3.11.1900, Варшава — 20.4.1965),

рускі акцёр. Нар. арт. СССР (1955). Сцэн. дзейнасць пачаў у 1920. Працаваў у Маскоўскім т-ры Рэвалюцыі (1925—27 і 1930—41), з 1945 у т-ры імя Я.​Вахтангава. Яго выканальніцкай манеры ўласцівыя філас. глыбіня, псіхал. тонкасць, эмацыянальнасць. З лепшых роляў: Гай («Мой сябар» М.​Пагодзіна), Маціяс Клаўзен («Перад захадам сонца» Г.​Гаўптмана), Гамлет (аднайм. п’еса У.​Шэкспіра). З 1933 здымаўся ў кіно. Дзярж. прэміі СССР 1948, 1950, 1951.

т. 2, с. 43

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)