ПРО́ТЧАНКА (Васіль Ульянавіч) (н. 7.4.1930, в. Зарэчча Брагінскага р-на Гомельскай вобл.),
бел. вучоны ў галіне педагогікі і мовазнаўства. Д-рпед.н. (1990), праф. (1993). Скончыў Мазырскі пед.ін-т (1958). З 1971 у Нац. ін-це адукацыі, з 1995 адначасова гал. рэдактар час. «Беларуская мова і літаратура». Навук. працы па педагогіцы і філасофіі адукацыі. Аўтар падручнікаў і вучэбна-метадычных дапаможнікаў.
Тв.:
Вывучэнне сінтаксісу ў школе: Словазлучэнне. Просты сказ. Мн., 1984;
Шматаспектны аналіз пры вывучэнні сінтаксісу беларускай мовы. Мн., 1987;
Вывучэнне сінтаксісу ў школе: Складаны сказ. Мн., 1989;
Адукацыя, школа і нацыянальная культура (разам з В.П.Протчанка) // Пачатковая школа. 1993. № 1;
Новая праграма па беларускай мове і навучальны працэс // Роднае слова. 1994. №1;
Пераказы ў пачатковай школе. Мн., 1999 (разам з Я.М.Лаўрэлем).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЯЛЕ́ННЕ Я́ДРАЎ,
працэс, пры якім ядро атамнае дзеліцца на 2 і больш частак (асколкаў) з блізкімі масамі; суправаджаецца вылучэннем γ-квантаў і нейтронаў. Можа адбывацца самаадвольна (спантанна) або пры ўзаемадзеянні ядра з часціцамі і γ-квантамі. Пры Дз.я. урану, плутонію і інш. ствараюцца ўмовы для развіцця ланцуговай ядзернай рэакцыі, якая выкарыстоўваецца ў ядз. энергетыцы.
Пачатковая стадыя Дз.я. — павольная змена формы ядра, пры якой утвараецца шыйка, што злучае 2 яшчэ не сфарміраваныя асколкі (час праходжання гэтай стадыі залежыць ад энергіі ўзбуджэння ядра); паступова шыйка патанчаецца і ў некаторы момант часу адбываецца яе разрыў і асколкі разлятаюцца ў процілеглыя бакі. У 1938 ням. вучоныя О.Ган і Ф.Штрасман устанавілі, што пры бамбардзіроўцы урану нейтронамі ўтвараюцца ядры шчолачназямельных элементаў (напр., барыю). Спантаннае Дз.я. адкрыта эксперыментальна Г.М.Флёравым і К.А.Петржакам (1940).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЦЯЁЎСКІ ((Maciejowski) Вацлаў Аляксандр) (1792, г. Кальварыя-Забжыдоўская Малапольскага ваяв., Польшча — 10.2.1883),
польскі славяназнавец, гісторык культуры і права. Вучыўся ў Кракаўскім ун-це, Вроцлаве, Берліне, Гётынгене. Праф. рымскага права Варшаўскага ун-та (1819—31). Удзельнік паўстання 1830—31. У 1836—49 праф. класічнай філалогіі ў рымска-каталіцкай Духоўнай акадэміі ў Варшаве. У сваіх творах праводзіў ідэі агульнаслав. культ. адзінства. У працы «Гісторыя славянскіх заканадаўстваў» (т. 1—4, 1832—35; выд. перапрацавана, т. 1—6, 1856—65) даследаваў пытанні агульнасці слав. права. Выдаў зборнік крыніц па слав. праве «Помнікі гісторыі, пісьменства і заканадаўства славян» (т. 1—2, 1839). Аўтар прац «Пачатковая гісторыя Польшчы і Літвы...» (1846), «Польскія і літоўскія летапісы і хронікі» (1850), «Польскае пісьменства з найдаўнейшых часоў да 1830 г.» (т. 1—3, 1851—52), «Яўрэі ў Польшчы, Русі і Літве» (1878).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРЫ́ЖСКАЯ КАНСЕРВАТО́РЫЯ музыкі і дэкламацыі, вышэйшая музычная ўстанова Францыі. Створана ў 1793 у Парыжы як Нац.муз.ін-т у выніку зліцця Каралеўскай школы спеваў і дэкламацыі (засн. ў 1784) і муз. школы Нац. гвардыі (з 1792); з 1795 сучасная назва. Заснавальнік і першы кіраўнік Б.Сарэт. Пры П.к. адкрыты ў 1812 тэатр, у 1823 Пачатковая школа спеваў, у 1828 «Таварыства канцэртаў Парыжскай кансерваторыі» (дзейнічае).
Прымае навучэнцаў амаль без узроставых абмежаванняў. Студэнты, якія паспяхова закончылі курс кампазіцыі, адзначаюцца (з 1803) нац.дзярж. Рымскімі прэміямі. У 19—20 ст. П.к. ўзначальвалі кампазітары Л.Керубіні, Д.Ф.Абер. А.Тама, К.Дэльвенкур, М.Дзюпрэ, Р.Лушор і інш., сярод выкладчыкаў музыканты Ф.Паэр, Ж.Ф.Лесюэр, Ф.Галеві, Р.Крэйцэр, А.Адан, П.Дзюка, А.Карто, Д.Міё. Мае б-ку (засн. ў 1801), у якой адзін з найбольшых у Францыі збораў нот і кніг па музыцы, Музей муз. інструментаў (з 1861).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНФІЛЬТРА́ЦЫЯ (ад лац. in у, унутры + фільтрацыя),
прасочванне, пранікненне атм. і паверхневай вады ў глебу, горныя пароды і рух яе па капілярных і субкапілярных порах, шчылінах і пустотах да ўзроўню грунтавых вод. Залежыць ад магутнасці зоны аэрацыі, літалагічнага складу парод, водапранікальнасці глебы і горных парод, рэльефу, расліннасці, с.-г. асваення зямель і інш.Пачатковая форма І. — усмоктванне, калі вільгаць ідзе толькі на папаўненне водазапасаў глебы і на выпарэнне з паверхні. Далейшы рух вільгаці ў глыбіню (фільтрацыя) адбываецца толькі ў перыяды значнага і працяглага ўвільгатнення (пры моцных ліўнях, снегараставанні), калі ідзе папаўненне падземных вод. Адносіны колькасці інфільтраванай вады да сумы ападкаў (у %), што выпалі, наз. каэфіцыентам І. Яго велічыня мяняецца ад 1—3% да 25—30%. На тэр. Беларусі перавышэнне колькасці атм. ападкаў над сумарным выпарэннем спрыяе добраму інфільтрацыйнаму жыўленню падземных вод. Сярэдняя велічыня каэфіцыента І. складае 13%, найб. (да 30%) адзначаецца на Прыпяцкім Палессі пры глыбіні залягання падземных вод 1—2 м.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУ́ХЦІЧЫ,
вёска ў Сямёнавіцкім с/с Уздзенскага р-на Мінскай вобл. Цэнтр калгаса. За 5 км на ПнЗ ад Узды, 79 км ад Мінска, 25 км ад чыг. ст. Негарэлае. 538 ж., 221 двор (1998).
У 2-й пал. 16 ст. сяло і двор (цяпер пас. Першамайск) у Менскім пав.ВКЛ. Да 17 ст. ўласнасць Кавячынскіх, якія на тэр. двара ў сярэдзіне 16 ст. пабудавалі кальвінскі збор (з 17 ст. касцёл і капліца-пахавальня). З 1590 мястэчка. У 17—19 ст. уласнасць Завішаў. З 1793 у складзе Рас. імперыі ў Ігуменскім пав Мінскай губ. У 1795 у К. 51 двор, у пач. 19 ст. 417 ж., 55 двароў, бровар, млын, кузня, медная ф-ка (1827). У 1-й пал. 19 ст. замест драўлянага пабудаваны мураваны сядзібны дом. У 2-й пал. 19 ст. ў К. жыў археолаг і этнограф Я.К.Завіша. У 1897 у вёсцы 817 ж., 118 двароў, царква, магазін. У 1972 у К. 742 ж., 239 двароў.
Пачатковая школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял.Айч. вайну.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕАСІНКЛІНА́ЛЬНЫ ПО́ЯС, геасінкліналь,
выцягнутая рухомая зона зямной кары, якая ўзнікае на мяжы акіянскіх і кантынентальных літасферных пліт ці ў выніку рыфтагенезу і расшчаплення кантынентальных пліт. Даўж. дасягае дзесяткаў тысяч, шырыня — соцень (радзей тысяч) кіламетраў. Характарызуецца лінейным размеркаваннем фацый асадкаў і праяўлення магматызму, актыўнымі працэсамі складкаўтварэння, асобым тыпам мінералізацыі з утварэннем радовішчаў карысных выкапняў. Інтэнсіўная складкавасць і магматызм прыводзяць да метамарфізму горных парод. Поўны цыкл развіцця геасінклінальнага пояса звычайна адбываецца на працягу аднаго этапа тэктагенезу. На першых стадыях развіцця пераважае апусканне ўсяго пояса і назапашванне магутнай тоўшчы асадкавых і вулканічных парод. Потым узмацняецца інтрузіўная дзейнасць, што месцамі прыводзіць да складкаўтварэння. На заключных стадыях адбываюцца актыўныя тэктанічныя дэфармацыі, укараненне значных інтрузій кіслай магмы і гранітызацыя. Геасінклінальны пояс пераўтвараецца ў складкава-насоўныя горы, падзеленыя міжгорнымі і акаймаваныя перадгорнымі прагінамі. Геасінклінальныя паясы складаюцца з геасінклінальных абласцей, куды ўваходзяць асобныя геасінклінальныя сістэмы. Прыклад старажытнага геасінклінальнага пояса — Урала-Мангольскі, герцынскага этапу тэктагенезу; сучаснага — Ціхаакіянская ўскраіна Азіі з астраўнымі дугамі і ўнутр. морамі альпійскага этапу (гл.Ціхаакіянская геасінклінальная вобласць).
М.А.Нагорны.
Стадыі развіцця геасінклінальнага пояса: 1 — пачатковая; 2 — сталая; 3 — завяршальная; а — вада; б — зямная кара (А — асадкавы слой; Б — гранітны слой; В — базальтавы слой); в — мантыя; г — магматычныя ўтварэнні (інтрузіўныя і вулканічныя); д — асноўныя напрамкі вулканічных рухаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЎЗУ́ЧАСЦЬ матэрыялаў, уласцівасць матэрыялу павольна і бесперапынна пластычна дэфармавацца пад уздзеяннем пастаяннай мех. нагрузкі — напружання механічнага. Назіраецца пры расцяжэнні, сцісканні, кручэнні і інш. відах дэфармацый. Залежыць ад т-ры, мех. нагрузкі, саставу і структуры матэрыялу. Вывучаецца тэорыямі цячэння, умацавання, спадчыннасці (гл.Паўзучасці тэорыя). Фіз. механізм П. такі ж, як і пластычнасці.
П. характарызуецца скорасцю і тэхн. мяжой П. — напружаннем, пры якім гэтая скорасць або сумарная дэфармацыя не перавышае пэўнага дапушчальнага значэння Апісваецца крывой паўзучасці, якая паказвае залежнасць дэфармацыі ад часу пры пастаянных т-ры і прыкладзенай нагрузцы. Эксперыментальна даследуецца на спец. устаноўках, у якіх узор матэрыялу награваюць у спец. камеры і выпрабоўваюць на розныя віды дэфармацый. У пэўнай ступені П. уласцівая ўсім цвёрдым матэрыялам (асабліва пры т-рах, больш за 0,4—0,5 т-ры плаўлення), у шэрагу матэрыялаў (алюміній, свінец, бетон і інш.) яна значная нават пры пакаёвых т-рах. Высокае супраціўленне П. — адзін з фактараў, што вызначаюць гарачатрываласць (гл.Гарачатрывалыя матэрыялы). Супраціўленне П. павышаюць арміраваннем, легіраваннем, умацаваннем і інш.
Літ.:
Малинин Н.Н. Прикладная теория пластичности и ползучести. 2 изд. М., 1975;
Колтунов М.А. Ползучесть и релаксация. М., 1976;
Работнов Ю.Н. Элементы наследственной механики твердых тел. М., 1977.
І.І.Леановіч.
Крывая паўзучасці: AB — участак паўзучасці, якая яшчэ не ўстанавілася; BC — участак дэфармацыі, што ідзе з пастаяннай скорасцю; CD — участак паскоранай паўзучасці; E0 — пачатковая дэфармацыя; пункт D — момант разбурэння.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАЛІ́НЫ, рачныя даліны,
адмоўныя, лінейна выцягнутыя формы рэльефу з агульным нахілам ад вярхоўяў да нізоўяў, утвораныя ў выніку размыўнай (эразійнай) дзейнасці цякучай вады; многія маюць тэктанічнае паходжанне. Папярочны профіль рачных Д. у залежнасці ад стадыі развіцця геал. будовы мясцовасці і інш. фактараў можа мець V-, U-, скрыне-, карытападобную і інш. формы; пачатковая форма Д. — яры і лагчыны. Д. звычайна ўключаюць рэчышча, пойму, тэрасы, схілы, каля вусця часам фарміруюцца дэльты або конусы вынасу.
Асн. працэсы ў развіцці Д. — глыбінная і бакавая эрозія, акумуляцыя адкладаў. Профіль Д. амаль заўсёды асіметрычны, што абумоўлена геал. будовай, нахілам паверхні, Карыяліса сіламі, дзеяннем грунтавых вод і інш. У плане Д. маюць клінападобную, меандрычную, пацеркападобную, прамалінейную, каленчатую форму. У вярхоўі Д. звычайна замыкаюцца схіламі, утвараючы вадазборную варонку, ледавіковы цырк (у гарах) або застаюцца адкрытымі і пераходзяць у вярхоўе суседніх Д. У адносінах да распасцірання структур і горных хрыбтоў вылучаюць падоўжныя (сінклінальныя, антыклінальныя, монаклінальныя, скідавыя Д. і Д.-грабены), папярочныя і дыяганальныя. Калі Д. праразае горны хрыбет ці ўзвышша, на ўсю шырыню ўтвараецца скразная даліна, або Д. прарыву. Паводле марфалогіі адрозніваюць горныя Д. (глыбокія і нешырокія са стромкімі схіламі) і раўнінныя Д. (звычайна шырокія, з нязначнымі нахіламі, глыбінёй і стромкасцю схілаў). Памеры залежаць ад мінулай ці сучаснай дзейнасці цякучай вады. Найб. значныя Д. пашыраны ў раёнах з вял. колькасцю ападкаў.
На Беларусі Д. займаюць каля 10% тэр. Выкарыстоўваюцца пад сенажаці і с.-г. культуры, да іх прымеркаваны шматлікія меліярац. сістэмы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕХАНІ́ЧНЫЯ ЎЛАСЦІ́ВАСЦІ МАТЭРЫЯ́ЛАЎ,
сукупнасць паказчыкаў, якія характарызуюць супраціўленне матэрыялаў прыкладзеным нагрузкам, асаблівасці іх дэфармавання і разбурэння. Вызначаюцца пры механічных выпрабаваннях: статычных (на расцяжэнне, сцісканне, выгін, кручэнне, цвёрдасць), дынамічных, або ударных (на ударную вязкасць), стомленасных (пры шматразовым прыкладанні нагрузкі), а таксама працяглых высокатэмпературных (на паўзучасць, працяглую трываласць, рэлаксацыю).
Дэфармацыя цела пад уздзеяннем нагрузкі вызначаецца дыяграмай дэфармацыі, якая запісваецца на выпрабавальнай машыне пры расцяжэнні (сцісканні) узору. Напружанне, пры якім парушаецца прапарцыянальны нагрузцы рост дэфармацыі, наз. мяжой прапарцыянальнасці; найб. напружанне, якое вытрымлівае матэрыял без праяўлення астаткавай пластычнай дэфармацыі, наз.мяжой пругкасці; напружанне, пры якім астаткавая адносная дэфармацыя дасягае 0,2% (паводле Дзяржстандарту), наз.ўмоўнай мяжой цякучасці; адносіны максімальнай нагрузкі, якую вытрымлівае матэрыял, да плошчы папярочнага сячэння наз.мяжой трываласці матэрыялу (характарызуе яго часовае супраціўленне пластычнай дэфармацыі); тангенс вугла нахілу прамой, што апісвае суадносіны паміж напружаннем і дэфармацыяй, лікава роўны модулю пругкасці матэрыялу. Для ацэнкі супраціўлення пластычнай дэфармацыі праводзяць таксама выпрабаванні на цвёрдасць уцісканнем шарыка, конуса або піраміды (гл.Брынеля метад, Роквела метад, Вікерса метад). Пластычнасць канструкцыйных матэрыялаў пры расцяжэнні ацэньваюць падаўжэннем або звужэннем, пры сцісканні — укарачэннем, пры кручэнні — найбольшым вуглом закручвання рабочай ч. ўзору.
Літ.:
Фридман Я.Б. Механические свойства металлов. 3 изд. М., 1974.
В.К.Грыбоўскі.
Да арт.Механічныя ўласцівасці матэрыялаў. Тыповая дыяграма дэфармацыі пры расцяжэнні канструкцыйных матэрыялаў: σ — напружанне; δ — адносная дэфармацыя; σn — мяжа прапарцыянальнасці; σe — мяжа пругкасці; σm — умоўная мяжа цякучасці; σв — мяжа трываласці; P — нагрузка; Fo — пачатковая плошча папярочнага сячэння ўзору; в — пункт максімуму крывой расцяжэння пры раўнамерным дэфармаванні; в′ — пункт абрыву; к — крывая дэфармавання пасля ўтварэння «шыйкі».