ЛІЗАВЕ́ТА II (Elizabeth; 21.4.1926, Лондан),

каралева Вялікабрытаніі і Паўн. Ірландыі (з 1952), кіраўнік брыт. Садружнасці. Паходзіць з Віндзорскай дынастыі. Да 1936 прынцэса Йоркская. Атрымала хатнюю адукацыю, вывучала канстытуцыйнае права. У 2-ю сусв. вайну ў дапаможных тэр. войсках. Уступіла на прастол пасля смерці свайго бацькі караля Георга VI. Як першая асоба дзяржавы ажыццяўляе прадстаўнічыя функцыі, дзярж. візіты; прэзідэнт шматлікіх грамадскіх і дабрачынных арг-цый.

Літ.:

Брэдфорд С. Елизавета II: Биография Ее величества королевы: Пер. с англ. М., 1998.

Лізавета II.

т. 9, с. 255

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Ш,

дваццаць сёмая літара бел. алфавіта. Паходзіць з кірыліцкай Ш («ша»). У старабел. графіцы ў сувязі з функцыянаваннем розных пісьмовых школ і выкарыстаннем розных тыпаў пісьма (устаў, паўустаў, скорапіс) ужывалася ў некалькіх варыянтах, якія дапамагаюць вызначыць час і месца напісання помнікаў. Абазначала гук «ш» («нашъ», «чаша»). У 16 ст., акрамя рукапіснай, набыла друкаваную форму. У сучаснай бел. мове абазначае шумны глухі фрыкатыўны пярэднеязычны зацвярдзелы гук «ш» («шапка», «шаша»). Бывае вялікая і малая, мае рукапісную і друкаваную форму.

А.​М.​Булыка.

т. 17, с. 352

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Й,

адзінаццатая літара беларускага і некаторых інш. слав. алфавітаў. Паходзіць з кірыліцкай И («іжэ»), утворанай на аснове грэка-візант. устаўнай Η («эта») шляхам далучэння дыякрытычнага знака. У старабел. пісьменстве ўжывалася з канца 16 ст. (у рус. з 1735). Абазначала гук «й» пераважна ў друкаваных кнігах («добродейство», «Зизаний», «тайна», «хитрый»), У рукапісах 17 ст. ўжывалася радзей, паралельна з паерыкам (​ⸯ); «уйти» — у​ⸯти», «сеймъ» — «се​ⸯмъ». Лічбавага значэння не мела. У сучаснай бел. мове абазначае санорна-шумны мяккі шчылінны сярэднеязычны зычны гук «й» пасля галосных («гай», «май», «сейбіт»).

А.​М.​Булыка.

т. 7, с. 372

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«БУДАКІ́», будакі-паны,

група насельніцтва бел. паходжання на тэр. б. Лукаянаўскага пав. Ніжагародскай губ. (сучасныя паўд. раёны Ніжагародскай вобл. Расіі). Утварыліся ў 17 ст. ў часы царавання Аляксея Міхайлавіча ў выніку прымусовага перасялення этнічна бел. насельніцтва. Назва паходзіць ад занятку гэтых людзей у мінулым будным промыслам (скажонае ад буднікі). Велікарус. наваколле называла «будакоў» таксама «літвой», «палякамі», «польшчай». Паводле перапісу 1897, з 995 беларусаў, што жылі ў Ніжагародскай губ., большасць (67,5%) была сканцэнтравана ў Лукаянаўскім пав.

І.​В.​Карашчанка.

т. 3, с. 307

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАТА́ЎСКАЯ РЭСПУ́БЛІКА.

Існавала ў 1795—1806 на тэр. Нідэрландаў. Утворана ў студз.—сак. 1795 пасля ўступлення сюды франц. рэсп. войскаў і паўстання мясц. насельніцтва. Назва паходзіць ад герм. племені батаваў, якое ў старажытнасці засяляла тэр. Нідэрландаў. Ваен.-паліт. саюз (1795) з Францыяй вызначыў залежнасць ад яе Батаўскай рэспублікі. Унутрыпаліт. жыццё адметнае вострай барацьбой паміж рознымі паліт. плынямі і слаямі буржуазіі. У 1806 Напалеон I ператварыў Батаўскую рэспубліку ў Галандскае каралеўства (1806—10), зрабіўшы каралём свайго брата Луі (Людовіка) Банапарта.

т. 2, с. 348

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Г,

чацвёртая літара беларускага і некаторых інш. слав. алфавітаў. Паходзіць з кірыліцкай Г («глаголь»), утворанай графічным відазмяненнем візант. («гама»). У старабел. графіцы абазначала фрыкатыўны заднеязычны гук «г», а ў складзе дыграфа «кг» перадавала выбухны «г» у запазычаных словах («кганак», «паракграф»). У сучаснай бел. мове абазначае і фрыкатыўны заднеязычны («гара», «глеба»), і выбухны («гонты», «гузікі») гук, а таксама глухі заднеязычны «х», які ўтвараецца ў выніку аглушэння «г» на канцы слоў і перад глухімі зычнымі («мурог», «лёгкі»).

А.​М.​Булыка.

т. 4, с. 407

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТРО́МБАЛІ (Stromboli),

дзеючы вулкан у архіпелагу Ліпарскія а-вы, у Тырэнскім м., тэр. Італіі. Утварае аднайм. в-аў пл. 12,6 км². Выш. 926 м (ад дна мора каля 2700 м). Складаецца са стараж. разбуранага андэзітавага і сучаснага ўсечанага базальтавага конусаў. З перапынкамі ў 10—20 мін выкідае вулканічныя бомбы і распаленыя газы, якія відаць на вял. адлегласці, таму С. наз. маяком Міжземнамор’я. Зрэдку адбываюцца вывяржэнні базальтавай лавы. Ад С. паходзіць назва тыпу вывяржэння вулканаў — стромбаліянскі (гл. Вулкан).

т. 15, с. 205

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЦЫКЛАПІ́ЧНЫЯ ПАБУДО́ВЫ,

збудаванні з вял. каменных глыб без сувязнога раствору. Назва паходзіць са Стараж. Грэцыі, дзе такія збудаванні прыпісвалі міфічным волатам — цыклопам. Рэшткі Ц.п. вядомы ва ўсіх частках свету. Яны з’явіліся ў 3—2-м тыс. да н.э. як культавым і абарончыя збудаванні. Тэхніка Ц.п. пашырана ў Міжземнамор’і (а-вы Балеарскія, Мальта, Сардзінія). Найб. вядомы Ц.п. Крыта-мікенскай цывілізацыі (Тырынф, Мікены і інш.), крэпасці дзярж. Урарту (Тушпа і інш.), стараж. збудаванні андскіх народаў (інкі) і інш.

А.​Г.​Зельскі.

т. 17, с. 142

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАСТАЕ́ЎСКІЯ,

шляхецкі род уласнага герба («Радван» зменены) у ВКЛ і Рэчы Паспалітай. Вядомы з канца 15 ст., жылі на Піншчыне, у 17 ст. перасяліліся на Валынь і ў Навагрудскае ваяв. Родапачынальнік — Даніла Іванавіч Ірцішчавіч, які ў 1506 атрымаў ад пінскага кн. Ф.​І.​Яраславіча некалькі двароў, у т. л. Дастоева (адсюль прозвішча роду). Найб. вядомыя: Пётр, маршалак пінскі (1598—99); Яраш, падстароста оўруцкі (1604); Пётр, суддзя гродскі пінскі (1627—32); Бенядзікт, падчашы пінскі (1635); Андрэй, харужы валынскі (1649). Верагодна, з гэтага роду паходзіць рус. пісьменнік Ф.М.Дастаеўскі.

У.​М.​Вяроўкін-Шэлюта.

т. 6, с. 61

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕЛЬГУНО́ЎСКІ КУРГА́Н, Літой курган,

курган пач. 6 ст. да н.э. каля г. Кіраваград (Украіна). Раскапаны ў 1763 рас. ген. А.​П.​Мельгуновым, ад імя якога і паходзіць назва. У выніку даследаванняў на глыбіні каля 1,8 м выяўлена грабніца, абкладзеная каменнымі плітамі. Сярод знаходак жал. меч скіфскага тыпу ў залатых ножнах з выявамі фантастычных істот, залатыя дыядэма, стужка з фігуркамі малпаў і ібісаў, бляшкі ў выглядзе арлоў, сярэбраныя ножкі ад трона урарцкай работы. Лічаць, што курган быў насыпаны над пахаваннем багатага воіна-правадыра, магчыма, удзельніка скіфскіх паходаў у Пярэднюю Азію.

т. 10, с. 276

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)