Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫСЯЛЕ́ННЕ,
пазбаўленне грамадзяніна права карыстацца жылым памяшканнем, якое ён займае. З дамоў дзярж. або грамадскага фонду высяленне дапускаецца, як правіла, у суд.парадку. У адм.парадку з санкцыі пракурора высяляюцца асобы, якія самаўпраўна занялі жыллё ці пражываюць у дамах, якім пагражае абвал. Высяленне з выдзяленнем інш. жылога памяшкання дазваляецца ў выпадках, калі дом пагражае абвалам, падлягае зносу ці пераабсталяванню ў нежылы. Гэта датычыцца таксама ваеннаслужачых і членаў іх сем’яў пры выхадзе ў адстаўку ці ў запас і некаторых катэгорый рабочых і служачых пэўных галін нар. гаспадаркі, якія карысталіся жыллём прадпрыемстваў. Без забеспячэння жыллём высяляюць асоб, якія самаўпраўна занялі жылыя памяшканні, тых наймальнікаў і членаў іх сем’яў, што сістэматычна разбураюць ці псуюць жыллё, выкарыстоўваюць яго не па прызначэнні ці робяць немагчымым для іншых пражыванне ў адной кватэры або доме.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СПЕКУЛЯ́ЦЫЯ (ад лац. speculatio высочванне, назіранне),
проціпраўныя дзеянні супраць парадку ажыццяўлення эканам. дзейнасці, якія выяўляюцца ў скупцы на прадпрыемствах або ў арг-цыях дзярж. гандлю і спажывецкай кааперацыі тавараў, што прызначаюцца для рознічнага продажу насельніцтву, і перапродажу такіх тавараў з мэтай нажывы. Праследуецца ў адм. і крымін.парадку. Паводле крымін. заканадаўства Рэспублікі Беларусь С., учыненая на працягу аднаго года пасля прыцягнення асобы да адм. адказнасці, разглядаецца як злачынства, і вінаваты ў ім можа быць асуджаны да штрафу або да папраўчых работ, абмежавання свабоды на тэрмін ад 2 да 4 гадоў або да пазбаўлення волі на тэрмін да 2 гадоў. Тыя ж дзеянні, учыненыя групай асоб або па папярэдняй дамоўленасці, або работнікам гандлю ці спалучаныя з атрыманнем нажывы ў буйным памеры, караюцца пазбаўленнем волі на тэрмін да 5 гадоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНАЛІТЫ́ЧНАЯ ГЕАМЕ́ТРЫЯ,
раздзел геаметрыі, у якім уласцівасці геаметрычных аб’ектаў (пунктаў, ліній, паверхняў) даследуюцца сродкамі алгебры на падставе метаду каардынат (праз вывучэнне ўласцівасцяў ураўненняў, графікамі якіх гэтыя аб’екты з’яўляюцца).
Узнікненне метаду каардынат звязана з развіццём у 17 ст. астраноміі, механікі, тэхнікі. Асновы аналітычнай геаметрыі заклалі Р.Дэкарт (1637) і П.Ферма (1629); далейшае развіццё звязана з працамі Г.Лейбніца, І.Ньютана, Л.Эйлера, Ж.Лагранжа, Г.Монжа, С.Лакруа і інш.Асн. задача аналітычнай геаметрыі на плоскасці — даследаванне ліній 1-га (прамыя) і 2-га (эліпс, гіпербала, парабала) парадку, якія ў дэкартавых каардынатах вызначаюцца алг. ўраўненнямі адпаведна 1-й і 2-й ступені. Аналітычная геаметрыя ў прасторы даследуе паверхні 1-га (плоскасці) і 2-га (эліпсоід, гіпербалоід, парабалоід, конус, цыліндр) парадку, якія вызначаюцца алг. ўраўненнямі адносна дэкартавых каардынат адпаведна 1-й і 2-й ступені.
Метад даследавання і класіфікацый ліній і паверхняў прадугледжвае адшуканне такой прамавугольнай сістэмы каардынат, у якой адпаведнае ўраўненне набывае найб. просты выгляд. Метадамі аналітычнай геаметрыі карыстаюцца ў матэматыцы, фізіцы, механіцы, тэхніцы і інш. На Беларусі значны ўклад у развіццё аналітычнай геаметрыі зрабілі У.К.Дыдырка («Цыркулярныя крывыя 3-га парадку» — 1-я на Беларусі матэм. манаграфія, 1928) і І.К.Богаяўленскі («Аналітычная геаметрыя» — 1-ы беларускамоўны падручнік па вышэйшай матэматыцы, 1932).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДВУХСКЛАДО́ВЫЯ ПАМЕ́РЫ,
у сілаба-танічным вершаскладанні памеры, у якіх націскныя склады чаргуюцца з ненаціскнымі ў цотным (ямб) ці няцотным (харэй) парадку. У метрычным вершаскладанні Д.п. ўтварае спалучэнне доўгага склада з кароткім, кароткага з доўгім, двух доўгіх і двух кароткіх.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРАЎНЯНАСЛАІ́СТЫЯ ПЛА́СТЫКІ,
матэрыялы, вырабленыя з лістоў лушчанай шпоны, укладзеных у пэўным парадку (па напрамку валокнаў) і склееных пад ціскам пры тэрмічнай апрацоўцы. Вызначаюцца высокай шчыльнасцю (да 1300 кг/м³ і больш). Выкарыстоўваюцца ў машынабудаванні, электратэхніцы, авія- і суднабудаванні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІПЕРБАЛІ́ЧНЫ ЦЫЛІ́НДР,
незамкнутая цыліндрычная цэнтр, паверхня 2-га парадку, накіроўная лінія якой — гіпербала. Кананічнае ўраўненне гіпербалічнага цыліндра ў прамавугольнай сістэме каардынат x2/a2 − y2/b2 = 1, дзе a, b — даўжыні паўвосяў гіпербалы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАГЛЯ́Д СУДО́ВЫ,
працэсуальная дзейнасць судоў па праверцы законнасці і абгрунтаванасці рашэнняў, вызначэнняў і пастаноў судоў, па дачы суд. органам кіруючых тлумачэнняў выкарыстання заканадаўства пры разглядзе крымін. і цывільных спраў, а таксама вырашэнне спрэчак паміж судамі. У вузкім сэнсе Н.с. — разгляд спраў па пратэстах, што ўносяцца ў парадку нагляду ўпаўнаважанымі службовымі асобамі на рашэнні (прыгаворы) судоў, якія набылі законную сілу, і вызначэнні касацыйнай інстанцыі. Н.с. з’яўляецца адной з гарантый выпраўлення суд. памылак. забеспячэння правільнага і аднастайнага выкарыстання законаў, спрыяючы тым самым найб. поўнаму дасягненню мэт правасуддзя. Ажыццяўляецца шляхам разгляду спраў: па касацыйных скаргах і пратэстах на рашэнні (прыгаворы), якія не набылі законнай сілы (гл.Касацыя); па пратэстах, што ўнесены ў парадку нагляду на рашэнні (прыгаворы), якія набылі законную сілу, па заключэннях пракурораў у сувязі з аднаўленнем спраў па новаадкрытых акалічнасцях.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛАГІЯ́Т (ад лац. plagio выкрадаю),
наўмыснае прысваенне аўтарства на чужы твор літаратуры, навукі, мастацтва, на вынаходства або рацыяналізатарскую прапанову. Паводле заканадаўства Рэспублікі Беларусь П. разглядаецца як істотнае парушэнне канстытуцыйных правоў і свабод чалавека і грамадзяніна і цягне адказнасць у крымінальным або цывільна-прававым парадку. П. прызнаецца выпуск у свет чужога твора без спасылкі на аўтара, апублікаванне створанага сумесна з сааўтарамі твора толькі пад сваім імем, а таксама незаконны перадрук ці распаўсюджванне чужога твора, прымус да сааўтарства або незаконнае выкарыстанне інш. аб’ектаў аўтарскага права і сумежных правоў. Крымін. адказнасць за П. прадугледжана арт. 201 КК. Аўтар і яго правапераемнікі маюць права ў цывільна-прававым парадку патрабаваць унясення адпаведных паправак, публікацыі ў друку або інш. спосабам апавяшчэння пра дапушчаныя парушэнні, патрабаваць забароны выпуску твора ў свет ці спыніць яго распаўсюджванне і пакрыцця панесеных у выніку П. страт.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБВІНАВА́ЧАНЫ,
асоба, прыцягнутая да крымін. адказнасці ва ўстаноўленым законам парадку. Умовай прыцягнення асобы ў якасці абвінавачанага з’яўляецца наяўнасць дастатковых доказаў пра ўчыненне ёю злачынства. Прававое становішча абвінавачанага (працэсуальныя гарантыі, права на абарону і інш.) вызначаецца законам. Абвінавачаны, аддадзены пад суд, наз.падсудным.