Рэспубліка Інданезія (Republik Indonesia), дзяржава ў Паўд.-Усх. Азіі. Займае а-вы Малайскага архіпелага (Вял. і Малыя Зондскія, Малукскія а-вы) і зах. частку в-ва Новая Гвінея (Ірыян-Джая). Працягласць з Пн на Пд каля 2 тыс.км, з З на У больш за 5 тыс.км. Межы ў асноўным марскія (з Індыяй, Тайландам, Малайзіяй, Сінгапурам, В’етнамам, Філіпінамі, Аўстраліяй). Сухапутныя межы на в-ве Калімантан з Малайзіяй і на в-ве Новая Гвінея з Папуа—Новай Гвінеяй. Падзяляецца на 24 правінцыі, 2 асобныя адм. адзінкі, якія маюць статус правінцыі, і метрапалітэнскую акругу (сталічную). Пл. 1904,5 тыс.км². Падкантрольная марская акваторыя (унутр. моры і эканам. зона) — 7,9 млн.км². Нас. 206,6 млн.чал. (1996, 4-е месца ў свеце). Сталіца — г.Джакарта. Дзярж. мова — інданезійская. Карыстаюцца таксама англ., галандскай, яванскай мовамі. Нац. свята — Дзень незалежнасці (17 жніўня).
Дзяржаўны лад. І. — рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1945. Кіраўнік дзяржавы і ўрада — прэзідэнт, які выбіраецца на 5 гадоў Нар. кансультатыўным кангрэсам. Вышэйшы орган улады — двухпалатны парламент, у які ўваходзяць Савет нар. прадстаўнікоў і Нар. кансультатыўны кангрэс. У складзе парламента 1000 дэпутатаў: з 500 дэпутатаў — членаў Савета нар. прадстаўнікоў 400 выбіраюцца насельніцтвам, 100 назначаюцца прэзідэнтам; другая палавіна дэпутатаў дэлегуецца ад мясц. саветаў нар. прадстаўнікоў і функцыянальных груповак, якія прадстаўляюць ваенных, нац. буржуазію, рэліг. суполкі і інш. слаі насельніцтва. Бягучае заканадаўства ажыццяўляе Савет нар. прадстаўнікоў. Губернатары правінцый назначаюцца прэзідэнтам. Суд. сістэма складаецца з Вярх. суда, які з’яўляецца вышэйшай апеляцыйнай інстанцыяй (яго члены назначаюцца прэзідэнтам), дзярж. і абл. судоў (іх члены назначаюцца ўрадам). Існуюць таксама рэліг. суды, якія дзейнічаюць па законах ісламу.
Прырода. У складзе І. каля 17 тыс. астравоў, з іх найбуйнейшыя Ява, Суматра, Сулавесі (Цэлебес), б.ч. Калімантана (Барнео), зах.ч. Новай Гвінеі. Астравы падзелены морамі (Яванскае, Сулавесі, Малукскае, Банда). Берагавая лінія парэзана слаба. берагі цяжкадаступныя. Больш за 72 тэр. займаюць сярэдне- і нізкагор’і (найб.выш. да 5029 м — г. Джая на в-ве Новая Гвінея). Вулканічныя і складкавыя горы цягнуцца праз а-вы Суматра, Ява, Малыя Зондскія; каля 400 вулканаў, у т. л. больш за 100 дзеючых (найб. Керынчы — 3800 м, Рымджані — 3726 м). Частыя землетрасенні. Горы займаюць таксама цэнтр.ч. в-ва Калімантан, а-вы Малукскія і Сулавесі. Нізіны размешчаны на ПнУ в-ва Суматра, на Пд в-ва Калімантан і на З в-ва Новая Гвінея. Карысныя выкапні: нафта (запасы каля 1 млрд.т, 1995), прыродны газ (больш за 2 трлн. м³), вугаль (36 млрд.т), жал. руды, медзь, волава, баксіты, нікель, марганец, золата, серабро, кобальт, хром, уран, торый, алмазы, сера, фасфаты. Клімат экватарыяльны і субэкватарыяльны (а-вы Ява, Малыя Зондскія). Сярэдняя т-ра на працягу года 25—27 °C. У гарах (вышэй за 1500 м) бываюць замаразкі. Ападкаў у зонах экватарыяльнага клімату 2000—4000 мм (на З Суматры больш за 6000 мм), субэкватарыяльнага — менш за 2000 мм (на ПдЗ Сулавесі да 540 мм), дзе з мая да кастр. засушлівы перыяд. Кліматычныя ўмовы дазваляюць займацца земляробствам увесь год і атрымліваць да 3 ураджаяў. Гал. рэкі — Капуас і Барыта (Калімантан), Кампар (Суматра). Шмат невял. азёр у асноўным тэктанічнага і вулканічнага паходжання. Шматлікія гарачыя крыніцы. Глебы пераважна чырваназёмныя, латэрытныя, горныя латэрытныя, трапічныя балотныя, на ПдУ месцамі чырвона-бурыя саванныя. Пад вільготнымі трапічнымі лясамі каля 65% тэрыторыі, больш за 2 тыс. відаў дрэў, у т. л. каля 300 відаў пальмаў, больш за 24 тыс. відаў кветкавых раслін. Растуць каштоўныя пароды дрэў: жалезнае, камфарнае, чорнае (эбенавае), сандалавае і інш. На Пд — участкі саваннаў, у гарах вышынная пояснасць. З жывёл характэрны малпы, насарогі, дзікія быкі, з птушак — фазаны, яванскія паўліны, райскія птушкі. Шмат змей, насякомых. У прыбярэжных морах каля 800 відаў водарасцей, больш за 1500 — рыб. Нац. паркі: Гунунг-Лёсер, Камода-Падар-Рынка, Уджунг-Кулон і інш., некалькі марскіх паркаў, запаведнікі.
Насельніцтва. Больш за 150 этнічных груп, блізкіх па мове, культуры і побыце. Асн. насельніцтва — яванцы (45%), сунданцы (14%), мадурцы (7,5%), малайцы (7,5%); жывуць таксама кітайцы (каля 4 млн.чал.), арабы, індыйцы. Насельніцтва размаўляе больш як на 300 мовах, якія маюць больш за 1000 дыялектаў. Большасць вернікаў — мусульмане-суніты (87%), хрысціяне (пратэстанты і католікі) — 9,7%, ёсць індуісты, будысты і канфуцыянцы. Частка насельніцтва захоўвае традыц. вераванні. Сярэдняя шчыльн. 108 чал. на 1 км², 2/3 насельніцтва сканцэнтравана на а-вах Ява і Мадура (7% тэр.). У гарадах жыве 31% насельніцтва (1996). Найб. гарады (тыс.ж., 1990): Джакарта — 8228, Сурабая — 2474, Бандунг — 2057, Медан — 1780, Семаранг — 1249, Палембанг — 1140, Уджунгпанданг — 944, Маланг — 695, Паданг — 631, Суракарта — 504.
Гісторыя. Продкі інданезійцаў прыбылі на Малайскі архіпелаг каля 3—1-га тыс. да н.э., верагодна, з Пд Кітая. Ужо ў даіндускі перыяд (да н.э.) насельніцтва І. мела ўласную цывілізацыю. На некат. астравах (пераважна на в-ве Ява) развілася высокая культура. Кантакты з Індыяй існавалі яшчэ ў дагіст. час; у першыя стагоддзі н.э.вял. пасяленні індускіх каланістаў у І. пашырылі інд. цывілізацыю, культуру і рэлігію; літургічнай мовай быў санскрыт. Паступова ўзнікалі манархіі на ўзор інд. княстваў. Самай магутнай дзяржавай на астравах І. ў той час была Шрывіджая (Суматра) са сталіцай у Палембангу — гандл. цэнтр, які злучаў Усход з Захадам. Большасць насельніцтва складалі малайцы. У 8 ст. на Яве вылучаліся шываісцкая дзяржава Матарам і будыйская — Шайлендра. У 9—10 ст. дынастыя Шайлендраў, выцесненая з Явы, панавала ў Шрывіджаі. У 1117—1222 на Яве існавала моцная марская дзяржава Кедыры, у 13—16 ст. — магутная імперыя Маджапахіт, якая дасягнула росквіту ў 14 ст. і падпарадкавала амаль усю тэр. сучаснай І. У 12—13 ст. у вял. партах І. з’явіліся калоніі мусульм. купцоў з Аравійскага п-ва і Індыі, чаму паспрыяў ажыўлены гандаль на марскім шляху паміж Б. Усходам і Кітаем. Мусульм. пасяленцы значна паўплывалі на насельніцтва і ўладароў невял. партовых княстваў, якія пачалі масава пераходзіць у іслам. У 15 ст. дасягнуў росквіту Малакскі султанат, уладары якога таксама прынялі іслам. Адсюль новая рэлігія, а з ёю араб. культура і мова пашырыліся на ўсю І. Павелічэнне магутнасці мусульм. княстваў (султанатаў) прывяло да заняпаду імперыі Маджапахіт. Паліт. раздробленасць краіны аблегчыла пранікненне сюды ў 16 ст.еўрап. каланізатараў. У 1511 партугальцы захапілі Малакскі султанат, у 1521 у І. з’явіліся іспанцы, у 1596 — галандцы. У 1602 створана галандская Ост-Індская кампанія з цэнтрам у Батавіі (сучасная Джакарта). Яна падпарадкавала большасць дзяржаў на Яве, кантралявала гандаль ва ўсёй І., якая фактычна ператварылася ў галандскую калонію. Эканам. і паліт. цяжкасці, войны з султанамі Явы і шматлікія паўстанні сталі прычынай фін. крызісу і ліквідацыі ў 1798 кампаніі. Яе ўладанні перайшлі да Нідэрландаў. У перыяд напалеонаўскіх войнаў І. трапіла пад панаванне Францыі, у 1811 яе захапілі англічане. Паводле пагадненняў 1814 і 1824 Вялікабрытанія вярнула І. Нідэрландам. Чужаземнае панаванне неаднойчы выклікала паўстанні (у 1825—30 пад кіраўніцтвам Дыпанегора, у 1837 т. зв. паўстанне Падэры). Нац.-вызв. рух актывізаваўся ў 1-ю сусв. вайну і пасля яе. У 1920 левае крыло с.-д. аб’яднання (дзейнічала з 1914) аформілася ў камуніст. партыю І. У 1925 на Яве адбыліся масавыя забастоўкі пад кіраўніцтвам камуністаў; у канцы 1926 яны перараслі ў нар. паўстанне, падтрыманае рэліг. лідэрамі; у 1927 ахапіла і Суматру. Папулярнай была Нац. партыя на чале з А.Сукарна (засн. ў 1927, забаронена нідэрл. ўладамі ў 1930). У час 2-й сусв. вайны І. акупіравана Японіяй (1942—45), якая падтрымлівала мясц. нацыяналізм антыеўрап. скіраванасці. 17.8.1945 Сукарна абвясціў незалежную Інданез. рэспубліку і выбраны яе прэзідэнтам. У вер. 1945 у І. высадзіліся брыт., а потым галандскія войскі, супраць іх пачаў барацьбу інданез. ўрад. Брыт. войскі выведзены з І. ў сярэдзіне 1946, Нідэрланды паводле Лінгаджацкага пагаднення 1947 прызналі рэспубліку дэ-факта ў межах Явы, Мадуры і Суматры. З прычыны сабатажу галандцамі ўмоў пагаднення летам 1947 інданезійцы аднавілі ўзбр. барацьбу. Нідэрландцы вымушаны былі пагадзіцца на правядзенне ў 1949 у Гаазе канферэнцыі «Круглага стала». На ёй было абвешчана стварэнне Рэспублікі Злучаных Штатаў Інданезіі (РЗШІ), аб’яднаных з Нідэрландамі персанальнай уніяй. У жн. 1950 РЗШІ абвешчана унітарнай Рэспублікай І. (ліквідавана унія з Нідэрландамі). Незалежная І. стала адным з ініцыятараў правядзення Бандунгскай канферэнцыі 1955. У 1957 Сукарна аб’явіў аб замене «заходняй» парламенцкай дэмакратыі на т. зв. «накіроўную дэмакратыю» з рысамі аўтарытарызму; была ўзмоцнена ўлада прэзідэнта, пашыраны функцыі адміністрацыі і войска. Адначасова Сукарна, нягледзячы на пагаршэнне эканам. сітуацыі, падтрымліваў рэформы, скіраваныя на ўвядзенне ў краіне сацыяліст. гаспадаркі (гэтаму спрыяў афіц. культ асобы Сукарна). У 1963 І. пачала барацьбу супраць стварэння Федэрацыі Малайзіі. Паліт. і эканам. сітуацыя ў краіне стала крытычнай. У 1965 ген.Сухарта ў працэсе ліквідацыі спробы дзярж. перавароту левых афіцэраў («Рух 30 верасня») захапіў уладу. Разгром змоўшчыкаў перарос у масавыя рэпрэсіі супраць кампартыі і яе прыхільнікаў. Быў сфарміраваны рэжым «новага парадку». Прэзідэнт Сухарга (з 1966 часовы, у 1968—98 афіцыйны) жорстка абмежаваў унутр. апазіцыю і паставіў гал. задачай эканам. рост з дапамогай зах. дзяржаў шляхам пераходу да рыначнай гаспадаркі. У 1975 І. аб’явіла сваёй 27-й правінцыяй Усх. Тымор, б.партуг. калонію. У 1970-я г.ўнутр. сітуацыя ў краіне стабілізавалася. У пач. 1980-х г. пачаліся выступленні ісламскіх фундаменталістаў і іх сутыкненні з уладамі, узнік сепаратысцкі рух ва Усх. Тыморы. У знешняй палітыцы І. пашырае адносіны з усімі вядучымі дзяржавамі свету, з’яўляецца адным з лідэраў руху недалучэння. Нягледзячы на пэўныя эканам. дасягненні, 32-гадовае аўтарытарнае кіраванне Сухарга (у 1998 ён выбраны прэзідэнтам на 7-ы тэрмін) выклікала ў маі 1998 нар. паўстанне, якое завяршылася адстаўкай Сухарта. Яго паўнамоцтвы перайшлі да віцэ-прэзідэнта Б.Ю.Хабібі.
Палітычныя партыі і грамадскія арганізацыі. Партыя адзінства і развіцця, Дэмакр. партыя І., ГОЛКАР (т. зв. «функцыян. групы», якія аб’ядноўваюць прафес., маладзёжныя, жаночыя, рэліг. і інш. арг-цыі, што не далучыліся да паліт. партый), Усеінданез. саюз працоўных, Усеінданез. саюз рабочых.
Гаспадарка. І. — аграрна-індустр. дзяржава з буйнейшай у Азіі сыравіннай плантацыйнай гаспадаркай і значнай горназдабыўной прам-сцю. Доля прамысловасці ў валавым унутр. прадукце 39%, сельскай гаспадаркі 19%. Вядучая галіна прам-сці — здабыча нафты (каля 90 млн.т, 1995). Нафтапромыслы на а-вах Суматра, Калімантан, Бунью; падводныя радовішчы каля берагоў Суматры, Явы, Калімантана, Новай Гвінеі. Па здабычы прыроднага газу І. выйшла на 3-е месца ў свеце (больш за 90 млрд.м³). З галін гарнаруднай прам-сці маюць значэнне здабыча волава (на а-вах Банка, Белітунг, Сінкеп), нікелю (Сулавесі), медзі (Новая Гвінея), баксітаў (Бінтан). Здабыча (тыс.т, 1995): волава — 30 (2-е месца ў свеце), нікелю — каля 70 (4-е месца ў свеце), медзі — 310, баксітаў — 1320. Вугаль здабываюць на а-вах Суматра і Калімантан (3/4 ідзе на экспарт). Здабываюцца таксама марганцавая руда, золата, серабро, алмазы, уран, сера, фасфаты, азбест, асфальт, кухонная соль. Вытв-сць электраэнергіі 44 млрд.кВт∙гадз (1994), пераважна на ЦЭС (буйнейшая на в-ве Ява, у т. л. Танджунгпрыяк магутнасцю 1,18 млн.кВт). Асн. з’яўляюцца харч. (цукр., алейныя, рысаачышчальныя, кансервавыя, чайныя, кававыя і інш. прадпрыемствы) і лёгкая (вытв-сць баваўняных тканін, трыкатажу, апрацоўка капоку, сізалю і інш.) прам-сць. Ёсць металургічныя (сталеплавільны, феранікелевы, алюмініевы), металаапр., машынабуд. (рамонтна-мех., суднабуд., аўтазборачныя, радыё- і электрапрылад) прадпрыемствы. Гал. цэнтры: Джакарта, Сурабая, Маланг, Медан, Бандунг і інш. Нафта- і газаперапрацоўка на прадпрыемствах у Сунгайгеронгу, Пладжу, Думаі, Панкаланбрандане, Сунгайпакнінгу (Суматра), Балікпапане (Калімантан), Ванакроме (Ява). Вытв-сць (млн.т, 1993): бензіну 5,4, газы 7,1, дызельнага паліва 11,4. Хім.прам-сць прадстаўлена вытв-сцю мінер. угнаенняў (2280 тыс.т, у т. л. фосфарных 437 тыс.т, 1995), штучных валокнаў Í439 тыс.т), каўстычнай соды і інш. Ёсць прадпрыемствы па першаснай апрацоўцы каўчуку, вытв-сці шын, гумавага абутку. Развіта фармацэўтычная, дрэваапр., буд. матэрыялаў (цэментная) прам-сць. Саматужная вытв-сць батыку (спец. афарбаванай тканіны), плеценых вырабаў, чаканка серабра, разьба па косці і дрэве, кераміка. У сельскай гаспадарцы занята 55% працаздольнага насельніцтва. Сучасная сельская гаспадарка — спалучэнне буйных дзярж., памешчыцкіх плантацый з дробнымі паўнатуральнымі гаспадаркамі. Пад с.-г. ўгоддзямі каля 16 млн.га, з іх 30% арашаюцца. Асн. прадуктовая збожжавая культура — рыс, збор якога забяспечвае патрэбы насельніцтва. Вырошчваюць таксама кукурузу, сою, маніёк, батат, агародніну, садавіну. Збор (млн.т, 1994): збожжа — 52,8, у т. л. рысу — 45,8 (3-е месца ў свеце), кукурузы — 7, соі — 1,72. Гал. экспартныя культуры: каўчуканосы, какосавая і алейная пальмы, чай, кава, какава, цукр. трыснёг, тытунь, хіннае дрэва, агава (сізаль), сейба (капок), перац, мускатны арэх, гваздзіка, карыца і інш. І. займае 2-е месца ў свеце па зборы (тыс.т, 1994): каўчуку — 1258, копры — 1200, пальмавага алею — 2000; з’яўляецца адным з буйнейшых вытворцаў кавы (400 тыс.т), какавы (260 тыс.т), чаю (174 тыс.т), арахісу (1080 тыс.т), тытуню (85 тыс.т). Жывёлагадоўля мае другараднае значэнне. Пагалоўе (млн. галоў, 1994): коз — 12,3, буйн. раг. жывёлы — 11,6, авечак — 6,4, коней — 0,7, птушкі — 659. Буйвалы выкарыстоўваюцца як цяглавая сіла. Развіты рыбалоўства і рыбагадоўля. Вядзецца марскі промысел (лоўля трэпангаў, амараў, крэветак, чарапах, жамчужніц). Нарыхтоўка каштоўных парод дрэў. Транспарт пераважна марскі. Флот І. налічвае больш за 500 буйных суднаў (дэдвейт больш за 1 тыс.т). Гал. парты — Танджунгпрыяк (абслугоўвае Джакарту і апрацоўвае каля 50% імпартных грузаў), Сурабая (Ява), Белаван і Палембанг (Суматра), Банджармасін (Калімантан), Уджунгпанданг (Сулавесі). Даўж. чыгункі 6,9 тыс.км (1994). Даўж. аўтадарог больш за 200 тыс.км. Аўтапарк больш за 1,6 млн. машын. Чыгуначныя і аўтамаб. дарогі пераважна на в-ве Ява. Унутр. і міжнар. авіярэйсы ажыццяўляе нац. авіякампанія, 122 аэрапорты. Сетка нафтаправодаў. Экспарт 37,5 млрд.дол. ЗША (1995): нафта і прыродны газ (каля 70% знешнегандл. аб’ёму па кошце), волава, нікель, медзь, каўчук, пальмавы алей, копра, драўніна, тытунь, кава, какава, чай, вострыя прыправы і інш. Імпарт 39 млрд.дол. ЗША (1995): металапракат, абсталяванне, машыны, спажывецкія тавары. Асн.гандл. партнёры — Японія, ЗША, Германія, Рэспубліка Карэя, Сінгапур і інш. Беларусь імпартуе тавары з І. на 5306 тыс.дол. ЗША (1996). У дзярж. бюджэце І. важная роля належыць замежнаму турызму (3—3,5 млн.чал., каля 4 млрд.дол. ЗША; 1993). Грашовая адзінка — інданезійская рупія.
Узброеныя сілы. Складаюцца з сухап. войск, ВПС, ВМС і дзярж. паліцыі. Вярх. галоўнакамандуючы — прэзідэнт. Тэр. краіны падзелена на 10 ваен. акруг. Функцыі адм. і аператыўнага кіраўніцтва ўскладзены адпаведна на міністра абароны і начальнікаў штабоў (камандуючых) відаў узбр. сіл. У 1996 рэгулярная армія налічвала 274,5 тыс.чал., дзярж. паліцыя 174 тыс., рэзерв 400 тыс.чал.Сухап. войскі налічваюць 214 тыс.чал., на ўзбраенні 356 танкаў, каля 1 тыс. бронетранспарцёраў і баявых разведвальных машын, 840 гармат, 875 мінамётаў. У ВПС 20 тыс.чал., каля 200 самалётаў, 36 верталётаў. У ВМС 40,5 тыс.чал., каля 150 баявых караблёў і катэраў, 100 танкаў, 40 самалётаў і верталётаў, 10 ваен.-марскіх баз. Дзярж. паліцыя падзяляецца на мабільную, марскую, паветр. і рэгулявання руху. Закон 1982 прадугледжвае выкананне арміяй «двайной функцыі» — абароны краіны, а таксама «вядучай сац.-паліт. сілы грамадства» і важнейшага інструмента ў канцэпцыі «рэгіянальнай трываласці» Асацыяцыі дзяржаў Паўн.-Усх. Азіі (АСЕАН).
Ахова здароўя. Сярэдняя працягласць жыцця мужчын 60, жанчын 64 гады. Смяротнасць 8 на 1 тыс.чал. Забеспячэнне бальнічнымі ложкамі — 1 на 1660 чал., урачамі — 1 на 6861 чал. Узровень нараджальнасці 24 на 1 тыс.чал. Дзіцячая смяротнасць 63 на 1 тыс. нованароджаных (1996).
Асвета, навуковыя ўстановы. У І. з 1978 уведзена абавязковая бясплатная пач. і сярэдняя агульная адукацыя. Побач з дзярж. школамі існуюць платныя прыватныя, а таксама розныя рэліг.навуч. ўстановы. Сістэма адукацыі І. ўключае дзіцячыя сады, пач., сярэднюю, прафес.-тэхн. і вышэйшую школы. Пач. 6-гадовая школа абавязковая для дзяцей ва ўзросце 7—14 гадоў. У першых 2 класах навучанне вядзецца на мясц., з 3-га класа — на агульнадзярж інданез. мове. Тэрмін навучання ў сярэдняй школе 6 гадоў: 3 гады малодшая (няпоўная) і 3 — старэйшая (поўная). У сярэдняй школе, акрамя прадметаў, што пачынаюць вывучаць у пач. школе, выкладаюцца мараль, курсы сац. і прыродазнаўчых навук., інданез., англ. і 2-я замежная мовы, рамёствы і інш. У 11-м, 12-м класах старэйшай школы вучні размяркоўваюцца па 3 аддзяленнях: культура, сацыяльныя, прыродазнаўча-матэм. навукі. Прафес. падрыхтоўку даюць 3-гадовыя прафес.-тэхн. вучылішчы на базе пач. школы і 3-гадовыя сярэднія тэхн.навуч. ўстановы на базе малодшай сярэдняй школы. Першыя ВНУ (каледжы) створаны галандцамі ў пач. 20 ст. Пазней узніклі ін-ты і ун-ты. У І. 26 дзярж. і каля 10 прыватных ун-таў, 6 політэхн. ін-таў і інш.ВНУ (1990-я г.). Буйнейшыя з іх: Ун-т Гаджа Мада (з 1949; больш за 20 тыс. студэнтаў) у г. Джак’якарта, ун-т І. (з 1950) у Джакарце, ун-т Паджаджаран (з 1957) і тэхнал.ін-т (з 1920) у г. Бандунг, ун-т (з 1954) і тэхнал.ін-т (з 1960) у г. Сурабая і інш. Буйнейшыя б-кі: Цэнтр. па прыродазнаўчых навуках (з 1842) у Богары, б-ка Музея інданез. культуры ў Джакарце. Музей засн. ў 1778, мае этнагр., археал. і інш. калекцыі. У Богары пры адным з буйнейшых у свеце бат. садзе (з 1817) створаны заалагічны музей (з 1894). Навукова-даследчую работу ў розных галінах ведаў праводзяць Інданез.ін-тнавук. даследаванняў (з 1967), у яго складзе ін-ты металургіі, хіміі, геалогіі, Нац.ін-т фізікі, Нац. электратэхн. ін-т, Нац. цэнтр навук. дакументацыі, Нац.біял.ін-т і інш.; Нац. агенцтва атамнай энергіі (з 1958), а таксама галіновыя НДІ адпаведных мін-ваў і ведамстваў, на ф-тах ун-таў, у н.-д. цэнтрах, у т. л. ў Цэнтры сац. і культ. даследаванняў, Навук. цэнтры Атма Джая (з 1972). Навук. дзейнасць каардынуе Навук. Савет І. (з 1956; з 1967 у складзе Інданез. ін-та навук. даследаванняў).
Друк, радыё, тэлебачанне. Буйнейшыя тыражы маюць штодзённыя газеты, якія выходзяць на в-ве Ява, у т. л. «Kompas» («Компас», з 1965) і вячэрняя газ. «Pos Kota» («Гарадская пошта», з 1970). Інфарм. агенцтва Антара (з 1937) абслугоўвае дзярж. радыё і тэлебачанне, перыяд. друк; выдае ўнутр.інфарм. бюлетэні і 7 бюлетэняў для замежжа на англ. мове. Радыё з 1945, тэлебачанне з 1962; кантралююцца ўрадам. З 1989 працуе першая прыватная тэлевізійная станцыя.
Літаратура. Першы пісьмовы помнік л-ры І. — перапрацоўка ў 9 ст.інд. эпічнай паэмы (какавін) «Рамаяна». У 14—15 ст. узніклі творы на аснове яванскай міфалаг. спадчыны. У сярэднія вякі л-рагіст., міфалагічнага і дыдактычнага характару з’явілася ў сунданцаў, мадурцаў, балійцаў, бугаў і макасараў. У 15 ст. зарадзілася л-ра на малайскай мове, якая пазней развілася ў сучасную інданез. мову. У 1920-я г. адбыўся свядомы адыход ад традыц.літ. канонаў, маладыя пісьменнікі пачалі арыентавацца на л-ры Зах. Еўропы. У гісторыі ўласна інданез. л-ры вылучаюць 5 перыядаў. У 1-м (1920—33) былі пашыраны літ. жанры, арыентаваныя на зах.-еўрап. мадэлі: раман («Сіці Нурбая» М.Руслі, «Недастатковае выхаванне» А.Муіса і інш.), псіхал. драма, паэзія (зб-кі «Радзіма» М.Яміна, «Пажаўцелая думка» Р.Эфендзі). Многія аўтары пісалі на нідэрл. мове, якая засталася ў І. ад калан. часоў. 2-і перыяд (1933—42) звязаны з дзейнасцю час. «Pudjanga Baru» («Новы пісьменнік»), у якім друкаваліся паэт А.Хамзах (зб-кі «Песня адзіноты», «Плады настальгіі»), паэт і празаік А.Пане, аўтары гіст.-патрыят. раманаў С.Т.Алішахбана («Вуаль пад ветрам»), Пане («Ланцугі»). Проза вылучалася антыісламскай накіраванасцю. 3-і перыяд (1942—50) звязаны з падзеямі яп. і галандскай акупацыі і барацьбы за незалежнасць. У л-ру прыйшло «пакаленне 45-га года», гал. постаццю якога быў паэт Х.Анвар (зб-кі «Завостраны камень», «Крыкі ў пыле»). Развіваліся навела, алегарычная вершаваная драма, сюжэты яе запазычваліся з сучаснасці (У.Т.Сантані, У.Ісмаіл, Эль Хаюм). 4-ы перыяд (1950—65) адзначаны дыскусіямі пра будучыню культуры незалежнай І., вылучыліся 2 канцэпцыі развіцця: «мастацтва для мастацтва», «універсальны гуманізм» (зах.-еўрап. і амер. арыентацыя) і «мастацтва для народа» (прасав. арыентацыя). У гэты час амаль знікла драматургія, вельмі пашыранай стала навела (М.Любіс, С.Сітумаранг, П.А.Тур). Пасля 1957, з пачаткам «кіраванай дэмакратыі» і «антыімперыял. палітыкі», многія літаратары вымушаны былі пакінуць краіну. У 5-ы перыяд (пасля 1966) на літ. арэну выйшла «пакаленне 66-га года», аб’яднанае вакол некалькіх літ. часопісаў [самы значны з іх «Horison» («Гарызонт»)]. Адрадзіўся раман (Нх.Дзіні, К.Х.Рамадхан). Унутрыпаліт. барацьба ў краіне прывяла да ўтварэння літ. арг-цый пры паліт. партыях, сярод якіх найб. уплывовая — «Лекра» («Таварыства нар. культуры»). Пасля падзей 1965 многія члены «Лекры» і інш. левых культ. арг-цый былі рэпрэсіраваны. Творчасць пісьменнікаў гэтага перыяду вызначалася адыходам у свет унутр. пачуццяў, жанравымі і фармальнымі эксперыментамі. Сац. кантрасты адлюстраваны ў драматургіі і паэзіі В.С.Рэндры. У 1970—80-я г.вял. пашырэнне атрымаў «масавы раман». Асобнае месца ў л-ры гэтага часу займаюць «камерныя» раманы Дзіні, псіхалагічныя — П.Віджаі, экзістэнцыялісцкія І.Сіматупанга, а таксама першы інданез. раман-тэтралогія Тура пра станаўленне інданез. інтэлігенцыі.
Архітэктура, выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. Маст. культура на а-вах Малайскага архіпелага бярэ пачатак ад эпох мезаліту і неаліту (пячорны жывапіс з выявай дзіка на Пд в-ва Сулавесі, каля 2000 да н.э.; кераміка з наразным арнаментам). Каля 2 ст. да н.э. з’явіліся бронзавыя вырабы — схематычныя выявы людзей, сякеры і пасудзіны са спіральным арнаментам, катлы-барабаны з геам. узорам і стылізаванымі выявамі твару чалавека, птушак. Да эпохі позняга неаліту — пач.жал. веку (канец 2 — сярэдзіна 1-га тыс. да н.э.) адносяцца мегалітычныя пабудовы — менгіры, ступеньчатыя курганы, дальмены, скляпы (комплексы Пасемах на Пд в-ва Суматра, Лебак-Сібедуг на З в-ва Ява, горы Янг на У в-ва Ява), каменныя саркафагі і статычныя фігуры продкаў. У першыя стагоддзі н.э. пад уплывам індуізму, будызму і мясц. традыцый на в-ве Ява склалася класічнае мастацтва, у т. л. ў каменнай архітэктуры. У 7 — пач. 8 ст. на плато Дыенг (Цэнтр. Ява) узніклі з абчасаных камянёў невял. індуісцкія храмы-«чанды» простай кубічнай формы, са ступеньчатым цокалем і пірамідальным завяршэннем, а таксама будыйскі храм Каласан (778 — сярэдзіна 9 ст.). Арх. комплекс «чанды» Севу (пач. 9 ст.) — вял. складаны ансамбль буд. свяцілішчаў з гал. храмам у цэнтры і 240 храмікамі-капліцамі, што ўтвараюць 4 канцэнтрычныя квадраты. Самае грандыёзнае і складанае па кампазіцыі свяцілішча на Яве — Барабудур (канец 8 — пач. 9 ст.). Індуісцкі храмавы комплекс Лара Джонгранг у Прамбанане (канец 9 — пач. 10 ст.) аб’ядноўвае на высокім насыпе 8 храмаў, узятых у квадрат са шматлікіх капліц. Індуісцкі храмавы комплекс Панатаран (14—1-я пал. 15 ст.) мае свабодны, асіметрычны план, у яго рэльефах дамінуе арнаментальны графічны стыль (плоскасная ажурная разьба). Храмы на в-ве Балі багата аздоблены шыкоўнай арнаментальнай разьбой. У скульптуры пераважаюць фантаст., мудрагелістыя фігуры (слонападобнае бажаство Ганеша, дэманы, ільвападобныя пачвары «кала»), З 16 ст. традыцыі індуісцкай культуры ў І. пачалі губляцца (захаваліся яны пераважна на в-ве Балі, дзе не было ісламу; храмавыя комплексы 18—19 ст.). На шматлікіх астравах у многіх народаў І. развіваецца нар.дэкар.-прыкладное мастацтва.
Цэнтры маст. рамёстваў цэнтр. Явы вядомы вырабамі з золата і серабра з вяззю вытанчанага арнаменту, непаўторныя па форме і арнаментацыі кінжалы-«крысы». Ад 14—16 ст. дайшлі ўзоры стараж. мастацтва бронз. ліцця на Яве (статуэткі божастваў, пасудзіны для духмяных рэчываў, свяцільні). Ява — радзіма інданез.батыку, выдатнага па прыгажосці традыц. ўзору і колеру.
Ява і Балі — цэнтры апрацоўкі буйвалавай скуры, з якой вырабляюць лялькі для ценявога т-ра, рытуальныя маскі. На ўсіх астравах плятуць цыноўкі, посуд з бамбуку і лісця какосавай пальмы. Традыцыі ткацтва падтрымліваюць на а-вах Сулавесі, Суматра, Малукскіх. Разнастайныя тыпы нар. жылля — хаціны і лёгкія каркасныя дамы на палях з дрэва, бамбуку, вял. абшчынныя дамы. З часу галандскага панавання ў І. гарады будавалі на еўрап. ўзор (будынак гар. праўлення ў Джакарце, 1710), але ў мячэцях і палацах мясц. знаці пераважалі матывы мусульм. архітэктуры краін Азіі. У 20 ст. ў Джакарце, Бандунгу, Сурабаі пачалі ставіць вял. будынкі, у т. л. з жалезабетону, з галерэямі, лоджыямі, сонцаахоўнымі рашоткамі. У 1950-я г. пабудаваны новыя гарады (Сумберджая на Суматры, горад-спадарожнік Джакарты — Кебаяран), новыя раёны ў Джакарце, Бандунгу. З дапамогай замежных спецыялістаў будуюць грамадскія будынкі, прамысл., навучальныя, спарт. і інш. комплексы: спарт. комплекс (1959—62, арх. Р.Семеджыеў, інж. Л.Мурамцаў) і помнік Незалежнасці (1964, скульпт. М.Манізер, паводле праекта І.Рожына) у Джакарце. У сярэдзіне 19 ст. ў І. з’явіўся рэаліст. жывапіс з патрыят. тэматыкай (Ш.Б.Радэн Салех), на мяжы 19—20 ст. — рамант.нац. пейзаж (С.С.Абдулах). Барацьба за незалежнасць спрыяла развіццю нац.рэаліст. мастацтва (Аб’яднанне мастакоў І. «Персагі», засн. ў 1937—38; С.Суджаёнка, А.Джая, К.Афандзі і інш.), якое стала вядучым, суіснуючы з традыцыяй рамант. экзотыкі (Б.Абдулах) і мадэрнісцкімі плынямі. Развіваліся рэаліст. скульптура (Г.Хендра) і графіка (У.Эфендзі). Своеасаблівы жыццярадасны ўзорысты жывапіс Балі (А.А.Г.Сабрат, І.Б.Мадэ). У 1950 створана інданез.АМ, якая арыентуе на вывучэнне нац. традыцый. З сярэдзіны 1960-х г. у выяўл. мастацтве дамінуюць мадэрнісцкія кірункі.
Музыка І. вызначаецца своеасаблівасцю развіцця мясц. форм муз., муз,танц. і тэатр. мастацтва. У розныя часы на іх паўплывалі элементы культур. араб. свету, Кітая, Індыі, Еўропы, у апошнія дзесяцігоддзі — ЗША. Разнастайнасць лакальных форм музыкі І. абумоўлена геагр. фактарамі і ўвасоблена ў спецыфіцы муз. традыцый асобных астравоў. Найб. значныя і ўплывовыя — муз. культуры а-воў Ява, Балі, Суматра. У 11—13 ст. тут сфарміраваліся, а пазней шырока развіліся класічныя формы і стылі вак. і інстр. музыкі, звязаныя пераважна з традыцыямі прыдворна-цырыманіяльнага і забаўляльнага музіцыравання, а таксама муз.-тэатр. жанры (ценявы т-р ваянг куліт), танец і танц. драма. Яны заснаваны, як правіла, на сюжэтах эпасу «Рамаяна» (танц. драмы-містэрыі баронг на в-ве Балі, ваянг вонг на в-ве Ява). Найб. распаўсюджаны ў музыцы І. тып інстр. ансамбля гамелан, дзе пераважаюць ударныя інструменты: бронзавыя (гонгі, металафоны) і драўляныя (барабаны, ксілафоны); радзей яны ўключаюць струнныя (рэбаб), духавыя (флейта сулінг) інструменты і жаночы голас. Ладагукарадная аснова гамелана — 5-ступенны (слендра) і 7-ступенны (пелаг) гукарады. Кампазіцыя (гендзінг) разгортваецца па прынцыпе чаргавання і распрацоўкі асобных ладамеладычных узораў (ганган). Кампазітарская школа сучаснага тыпу пачала складвацца ў 20 ст. Сярод кампазітараў І.: К.Сінсу, К.Сіманджутак, І.Марзукі, Р.Супратман; выканаўцы: Д.Кусуманінграт, П.С.Данувіджая. У І. працуюць: Ін-т інданезійскай культуры (з 1978), сімф. аркестр Джакарты (з 1968), хор пад кіраўніцтвам Суманунгкаліта, Цэнтр мастацтваў імя Ісмаіла Марзукі, нац. ансамблі «Гембіра» і «Ангклунг», Акадэмія музыкі, школы нац. музыкі пры Ун-це прыгожых мастацтваў Нац. ун-та ў Джакарце, інданез. класічнай музыкі ў Суракарце, Дзярж. музычная ў Джак’якарце, Джакарцкі пед.ін-т мастацтва, кансерваторыі традыц. музыкі і танца ў Дэнпасары (в-аў Балі) і прыватныя ў Джакарце, Сурабаі, Суракарце і інш.
Тэатр. Вытокі інданез. тэатра ў стараж. узорах тэатралізаваных дзеяў нар. свят і культавых цырыманіялаў. Драматургічная аснова традыц. паказаў — сюжэты са стараж.-інд. эпасаў «Рамаяна» і «Махабхарата», інданез. сказанні і хронікі. Спектаклі звычайна суправаджае аркестр гамелан. Найб. характэрныя традыц.тэатр. формы: ваянг-тапенг (выканаўцы выступаюць у масках і карыстаюцца сродкамі пантамімы і танца); ваянг-куліт (т-р ценяў), ваянг-келіцік (т-р плоскіх драўляных марыянетак); ваянг-бебер (т-р карцінак у суправаджэнні апавядальніка); тапенг-бабакан (фарсавы т-р); ваянг-аранг (злучае ў сабе рознахарактарныя кананізаваныя тэатр. сродкі) і інш. На рубяжы 19—20 ст. фарміраваўся сучасны т-р — кетапрак і лудрук, якія спалучаюць традыц. сродкі выразнасці з еўрапейскімі. У 1950-я г. ўзніклі трупы найб. блізкія да сучаснага еўрап.т-ра; былі вядомыя трупы «Мархаен», «Трыснаканген». У рэпертуары творы нац. драматургаў (У.Т.Сантані, А.Ханіфаха, А.Махамада, С.Пане і інш.), а таксама п’есы Г.Ібсена, А.Чэхава, М.Гогаля і інш. У 1950-я г. пачалі працаваць Нац.тэатр. акадэмія і «Лембага драма І.» (аддзяленне нац. драмы) у Джакарце.
Кіно. Першыя фільмы зняты ў сярэдзіне 1920-х г. галандскімі рэжысёрамі. З пач. 1930-х г. выпускаюцца кінастужкі на інданез. мове (большасць на галівудскі і кіт. ўзор). Найб. значныя: «Парэх» (1935) М.Франкена, «Ясны месяц» (1937) А.Балінка. У час яп. акупацыі кінематограф служыў мэтам яп. прапаганды, але былі створаны і фільмы са своеасаблівымі нац. рысамі: «Дождж» І.Пербатасары, «Мае мары» С.Паліндзі. Пасля заваёвы незалежнасці (1945) пачала фарміравацца нац. кінематаграфія. У 1950 у Джакарце створаны першая дзярж. кінафірма «ПФН», прыватная кінафірма «Перфіні». Сярод фільмаў: «Калека» (1952) К.Сукардзі, «Туранг» Б.Сіягіна, «Вяртанне на радзіму» Б.Эфендзі (абодва 1954), «За школьнай сцяной» В.Умбаха і інш. У 1960-я г. створана Нац.арг-цыя па кінавытворчасці, кожны імпартаваны фільм абкладаўся падаткам. У выніку з канца 1960-х г.інданез. фільмы (пераважна меладрамы, гіст. і прыгодніцкія) заваявалі кінарынак краін Паўд.-Усх. Азіі. Найб. вядомыя рэжысёры 1960—70-х г.: Умбах («Маленькія зоркі», 1963, «Мама», 1972, «Асоба», 1974), Т.Джунаідзі («Мама, любоў мая», 1968, «Канец мары», 1973), С.Джая («Шаўковы фіялетавы туман», 1980), С.Сувардзі Хасан («Няшчасце падчарыцы», 1973, «Прыёмны сын», 1974, «Няма часу для размоў», 1975) і інш.; акцёры: Ч.Дэві, Р.Мелаці, Ф.Афера, Ф.Арыяні, Сукарна М.Нур, М.Карміла, Б.Херманта і інш. У 1980-я г. выпускалася больш за 50 фільмаў у год.
Літ.:
Кузнецова С.С. Яванские хроники XVII—XVIII вв. как источник по истории Индонезии. М., 1984;
Шауб А.К. «Нагаракертагама» как источник по истории раннего Маджапахита (1293—1365). М., 1992;
Кашмадзе И.И. Индонезия: острова и люди. М., 1987;
Кямилев Э.Х. Завоевание Индонезией независимости. М., 1972;
Яго ж. Политическая борьба и проблемы централизации в Индонезии (1945—1975). М., 1978;
Другов А.Ю. Политическая власть и эволюция политической системы Индонезии (1965—1988). М., 1989;
Панченко Л.П. Армия и модернизация общества: Опыт Индонезии. М., 1994;
Бычков С.В. Изумрудное оперение Гаруды: [История культуры народов Индонезии]. М., 1987;
Сикорский В.В. Индонезийская литература: Краткий очерк. М., 1965;
Демин Л.М. Искусство Индонезии. М., 1965;
Муриан И.Ф. Искусство Индонезии с древнейших времен до конца XV в. М., 1981;
Traditional music in modem Java. Honolulu, 1980;
Мерварт А.М. Малайский театр // Восточный театр. Л., 1929.
У.М.Зайцаў (прырода, насельніцтва, гаспадарка), Н.К.Мазоўка (гісторыя), Р.Ч.Лянькевіч (узброеныя сілы), С.В.Логіш (літаратура); Я.Ф.Шунейка (архітэктура, выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва), А.М.Гарахавік (музыка).
Герб і сцяг Інданезіі.Да арт.Інданезія: 1 — вёска на востраве Суматра; 2 — возера Тоба.Да арт.Інданезія. Статуя ахоўніка. «Чанды» Севу. Пач. 9 ст.Да арт.Інданезія. «Чанды» Пунтадэвы. Плато Дыенг. 8—9 ст.Да арт.Інданезія. «Чанды» комплексу Панатаран. 1369.Да арт.Інданезія. Дагобы верхніх ярусаў і Буда ў Барабудуры.Да арт.Інданезія. Манджушры ў Барабудуры. Рэльеф трэцяй галерэі.Да арт.Інданезія. Буда садзіць. Бронза. Раён Барабудура. Ява. 9—10 ст.Да арт.Інданезія. Равана. Лялька ценявога тэатра. Пергамент. 16—17 ст.Да арг.Інданезія. Танец «Серымпі». Востраў Ява.Да арт.Інданезія. Будынак гарадскога праўлення ў Джакарце. 1710.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯЛІКАБРЫТА́НІЯ (Great Britain),
Злучанае Каралеўства Вялікабрытаніі і Паўночнай Ірландыі (The United Kingdom of Great Britain and Northern Ireland), астраўная дзяржава ў Зах. Еўропе. Займае в-аў Вялікабрытанія, паўн.-ўсх.ч. в-ва Ірландыя і каля 5,5 тыс. дробных астравоў, у т. л. Англсі, Мэн, Уайт, Гебрыдскія, Аркнейскія, Шэтлендскія, а таксама Нармандскія а-вы каля берагоў Францыі. Абмываецца Атлантычным ак. і яго морамі — Паўночным (на У) і Ірландскім (на З); на Пд праліў Ла-Манш і яго найб. вузкая ч. — Па-дэ-Кале. Падзяляецца на 4 адм.-паліт.гіст. вобласці: Англію (39 графстваў і 7 метрапалітэнскіх графстваў), Уэльс (8 графстваў), Шатландыю (9 раёнаў і 3 астраўныя тэрыторыі), Паўночную Ірландыю (26 акруг). Пл. 244 тыс.км². Нас. 58 млн.чал. (1995). Сталіца — г.Лондан (вылучаны з прыгарадамі і суседнімі гарадамі ў асобную адм. адзінку — Вялікі Лондан). Дзярж. мова — англійская. Нац. свята — Дзень нараджэння каралевы Лізаветы II (адзначаецца ў адну з субот у 1-й пал. чэрвеня).
Дзяржаўны лад. Вялікабрытаніі — парламенцкая манархія. Канстытуцыі як адзінага закону няма. Дзейнічаюць Вялікая хартыя вольнасцей 1215, Петыцыя аб праве 1628, Габеас корпус акт 1679, «Біль аб правах» 1689, Вестмінстэрскі статут 1931, Акт аб нар. прадстаўніцтве 1969 і інш. Кіраўнік дзяржавы — манарх (кароль або каралева), паўнамоцтвы і прэрагатывы якога фактычна знаходзяцца ў руках урада, які фарміруецца кіруючай партыяй. Заканад. ўлада належыць манарху і парламенту, які складаецца з 2 палат: верхняй (палата лордаў, каля 1200 чл. з ліку свецкіх і духоўных пэраў) і ніжняй (палата абшчын, 650 чл.), якія выбіраюцца на 5 гадоў. Выканаўчую ўладу ажыццяўляе ўрад (кабінет міністраў) на чале з прэм’ер-міністрам. Мясцовыя органы самакіравання ў графствах, гарадах-графствах, акругах і прыходах — саветы (выбіраюцца насельніцтвам на 3 гады) на чале з мэрамі (выбіраюцца на 1 год). Судовая сістэма: палата лордаў, Вярх. суд правасуддзя (складаецца з Высокага суда і Апеляцыйнага суда па цывільных справах). Высокі суд падзяляецца на суд завяшчанняў, разводаў і адміралцейства.
Судаводства 1-й інстанцыі ажыццяўляюць у сёлах міравыя суды, у гарадах — паліцэйскія суды.
Мясцовае кіраванне ў Англіі, Уэльсе, Шатландыі мае свае органы, суд. сістэму, нац. царкву, адм.-тэр. падзел. Аўтаномная частка Злучанага Каралеўства — Паўн. Ірландыя, якая з 1972 знаходзіцца пад непасрэдным кіраўніцтвам урада Вялікабрытаніі, мае свой уласны парламент, у склад якога ўваходзяць сенат, палата абшчын і прызначаны манархам губернатар. Вялікабрытанія ўзначальвае Садружнасць — аб’яднанне большасці краін і тэрыторый, якія раней уваходзілі ў Брытанскую імперыю (усяго 49). Захавала кантроль над 14 параўнальна невялікімі каланіяльнымі тэрыторыямі.
Прырода. Прыроду Вялікабрытаніі вызначаюць астраўное размяшчэнне, блізкасць цёплага Паўн.-Атлантычнага цячэння і значная парэзанасць берагавой лініі. Пн і З гарыстыя, у цэнтры і на Пд пераважаюць нізіны. Горы сярэдняй вышыні, моцна згладжаныя, парэзаныя ледавіковай і рачной эрозіяй. Найб. высокае Паўн.-Шатландскае нагор’е з Грампіянскімі гарамі (найвыш. пункт Вялікабрытаніі — г. Бен-Невіс, 1343 м). Далей на Пд размешчаны Сярэдне-Шатландская нізіна і Паўд.-Шатландскае ўзвышша. На Пн уласна Англіі ў мерыдыянальным напрамку цягнуцца Пенінскія горы. На п-ве Уэльс Кембрыйскія горы, гарысты і п-аў Корнуал. Найбольшыя нізіны Паўд.-Усходняя і Мідленд. У Паўн. Ірландыі нізіна з воз. Лох-Ней і ўзвышшы па яе краях. У нетрах Вялікабрытаніі ёсць каменны вугаль (Пеніны, Пд Шатландыі і Уэльса; 45 млрд.т), жал., свінцова-цынкавыя і алавяныя руды, каменная і калійныя солі, каалін, буд. матэрыялы; у нетрах шэльфа Паўн. мора — нафта (2,6 млрд.т) і прыродны газ (1400 млрд.м³). Клімат умераны акіянскі, з няўстойлівым надвор’ем, парывістымі вятрамі і частымі густымі туманамі, з мяккай зімой і халаднаватым летам. Т-ра паветра ад 13—17 °C у ліп. да 3 °C у студз. Ападкаў ад 2000—3000 мм на З да 600—700 мм за год на ПдУ. Найб. рэкі: Северн, Тэмза, Трэнт; некалькі важных суднаходных каналаў. Ёсць значныя азёры, найб. Лох-Ней (пл. 396 км²) у Паўн. Ірландыі. Пераважае культурная расліннасць, шмат лугоў, верасовых пустак. Пад лесам (дуб, вяз, граб, бук, хвоя) і хмызнякамі 9% пл. краіны. Жывёльны свет у параўнанні з мацерыковай Еўропай крыху збеднены. Шматлікія нац. рэзерваты прыроды і рэкрэацыйныя паркі (Пік-Дыстрыкт, Сноўданія і інш.).
Насельніцтва. 81,5% складаюць англічане. Нац. меншасці: шатландцы (9,6%), уэльсцы, або валійцы (1,9%, у аднайм. частках краіны), ольстэрцы (1,8%, перасяленцы ў Паўн. Ірландыю з Англіі і Шатландыі), ірландцы (2,4% у Паўн. Ірландыі і гарадах Англіі); значныя групы выхадцаў з Вест-Індыі, Індыі, Пакістана, краін Афрыкі і Азіі, яўрэяў, італьянцаў, французаў. Невял. колькасць ірландцаў, уэльсцаў, а таксама гэлы (60 тыс.чал.) на Пн Шатландыі збераглі свае мовы (кельцкія паводле паходжання). Сярод вернікаў — пратэстанты (27 млн. англікан пераважна ў Англіі, 0,8 прэсвітэрыян у Шатландыі), католікі (9 млн.чал., у т. л. каля паловы насельніцтва Паўн. Ірландыі), мусульмане (каля 1 млн.чал.), метадысты, сікхі, індуісты, іудаісты. Сярэдняя шчыльн. насельніцтва 236.8 чал. на 1 км² (ад 1000 чал. на 1 км² у прамысл. раёнах да 1—10 чал. на 1 км² на Пн Шатландыі). Гар. насельніцтва больш за 89%. Вял. гарады (тыс.ж., 1992): Лондан (у межах Вялікага Лондана) — 6905, Бірмінгем — 1009, Лідс — 722, Глазга — 684, Шэфілд — 531, Ліверпул — 479, Брадфард — 478, Эдынбург — 440, Манчэстэр — 435. Каля трэці гар. насельніцтва жыве ў гар. канурбацыях: Вял. Лондан, Вял. Манчэстэр, Уэст-Мідлендс (вакол Бірмінгема), Клайдсайд (вакол Глазга), Уэст-Йоркшыр (вакол Лідса), Саўт-Йоркшыр (вакол Шэфілда), Мерсісайд (вакол Ліверпула), Тайнсайд (вакол Ньюкасла). У прам-сці і буд-ве занята 25% працаздольнага насельніцтва, у кіраванні — 9,1, энергетыцы — 1,9, сельскай гаспадарцы — 1,2, у гандлі і абслуговых галінах — 62,8%.
Гісторыя. Паводле археал. звестак, чалавек на тэр. Вялікабрытаніі жыве з эпохі ранняга і сярэдняга палеаліту. Значнага развіцця стараж. насельніцтва Брытаніі (плямёны скотаў і піктаў) дасягнула ў перыяд неаліту: росквіт першабытнай абшчыны, пераход да жывёлагадоўлі і земляробства. У 6—1 ст. да н.э. Брытанскія а-вы засялілі кельты. Напярэдадні рымскага заваявання брыты (так сталі наз. кельцкія і кельтызаваныя плямёны Брытаніі) перажывалі перыяд распаду першабытнаабшчыннага ладу і зараджэння класавага грамадства. У 1 ст.н.э. Брытанія заваявана Рымам, аднак яе раманізацыя была нязначнай. У пач. 5 ст. рымляне пакінулі Брытанскія а-вы. У сярэдзіне 5 — пач. 7 ст. пачалася іх каланізацыя герм. плямёнамі англасаксаў, у ходзе якой утварылася некалькі каралеўстваў (гл.Англасаксонскае заваяванне). У канцы 6—7 ст. англасаксы прынялі хрысціянства. Аснову іх сац.-эканам. сістэмы складала сельская абшчына, якая пачынала ўжо распадацца. У 7—8 ст. значнага развіцця дасягнула буйное і сярэдняе землеўладанне феад. тыпу. З канца 8 ст. пачаліся набегі на Брытанскія а-вы нарманаў, пераважна э тэр. Даніі. Гэта стала адной з прычын аб’яднання ў 829 большасці англасакскіх каралеўстваў у адну дзяржаву — Англію. У 1066 яе захапілі нарманы на чале з герцагам Вільгельмам, які стаў англ. каралём Вільгельмам I (гл.Нармандскае заваяванне Англіі 1066). Першы перапіс насельніцтва, праведзены ў 1086 («Кніга страшнага суда») засведчыў існаванне моцнай цэнтр. улады. Большасць сялян трапіла ў прыгонную залежнасць (гл.Віланы). Нармандскае заваяванне паскорыла эканам. развіццё Англіі. Да канца 12 ст. тут канчаткова склалася цэнтралізаваная феад. дзяржава. Першыя каралі дынастыі Плантагенетаў, асабліва Іаан Беззямельны, умацавалі каралеўскую ўладу. Гэта выклікала апазіц. выступленні шырокіх слаёў насельніцтва (баронаў, рыцараў, гараджан), і кароль вымушаны быў падпісаць у 1215 Вялікую хартыю вольнасцей пераважна для буйных феадалаў. Аднак супраціўленне каралеўскаму самавольству не заціхала і перарасло ў грамадз. вайну (1263—67), у час якой быў створаны (1265) 1-ы ў гісторыі Англіі парламент — сход прадстаўнікоў ад графстваў і гарадоў. У канцы 13 ст. ў Англіі ўсталявалася новая форма дзяржавы — феад. манархія з саслоўным прадстаўніцтвам — парламентам. У 14 ст. ён падзяліўся на 2 палаты, верхнюю (палата лордаў) і ніжнюю (палата абшчын). У канцы 13 ст. Англія заваявала Уэльс. Тэрытарыяльныя і гандл. супярэчнасці паміж Англіяй і Францыяй прывялі да Стогадовай вайны 1337—1433, у выніку якой Англія страціла на кантыненце ўсе тэрыторыі, акрамя г. Кале. Вайна аслабіла краіну, узмацніла сац. нестабільнасць. Сялянскія хваляванні выліліся ў антыфеад. Уота Тайлера паўстанне 1381. У канцы 14 — пач. 15 ст. пачаўся крызіс феад. прыгоннай сістэмы. З сярэдняга і дробнага дваранства, багатых сялян і інш. слаёў узнікла т.зв. новае дваранства — джэнтры, якія сталі пераходзіць на арэнду. Асн. зямельным уладаннем у большасці сялян стаў капігольд. Вялікіх поспехаў дасягнула суконная справа, з’явіліся першыя мануфактуры. У 15 ст. абвастрылася і міжусобная барацьба феадалаў, асабліва паміж дынастыямі Ланкастэраў і Йоркаў. Яна скончылася Пунсовай і Белай руж вайной (1455—85), у якой загінулі гал. прадстаўнікі многіх старадаўніх дынастый. Да ўлады прыйшлі Цюдары. Яны паклалі пачатак англ. абсалютызму, асн. асаблівасцю якога было захаванне органаў саслоўнага прадстаўніцтва і мясц. самакіравання. Абсалютызм дасягнуў свайго росквіту пры каралю Генрыху VIII. Пры ім праведзена Рэфармацыя, у ходзе якой узнікла англіканская царква, царк. ўласнасць ператворана ў свецкую, што ўмацавала каралеўскую казну і ўладу. У 16 ст. адбываўся эканам. ўздым краіны, ішоў працэс накаплення першапачатковага капіталу. У сувязі з хуткім ростам мануфактур, асабліва суконных, павялічыўся попыт на воўну, што спрыяла развіццю авечкагадоўлі. Буйныя землеўладальнікі зганялі сялян з зямлі і здавалі яе ў арэнду пад пашу (гл.Агароджванні), што прыводзіла да сял. выступленняў (найб. вядома паўстанне пад кіраўніцтвам Р.Кета, 1549). Перамяшчэнне гал.гандл. шляхоў з Міжземнамор’я ў Атлантыку паставіла Англію ў цэнтр сусв. эканомікі. У 16 ст. ўзніклі буйныя гандл. кампаніі (Ост-Індская, 1600, і інш.), якія валодалі манапольнымі правамі. У канцы 16 — пач. 17 ст. Англія ўступіла ў барацьбу за гандл. шляхі і сферы ўплыву. Пасля англа-ісп. вайны 1587—1604 яна стала буйнейшай марской дзяржавай. З канца 16 ст. пачалося пранікненне Англіі ў Індыю, у 1607 заснавана першая англ. калонія ў Паўн. Амерыцы (Віргінія). Працягвалася падпарадкаванне Ірландыі (з 12 ст.), рос англ. уплыў у Шатландыі. Развіццё капіталіст. ўкладу патрабавала ліквідацыі феад. сістэмы і абсалютызму. Антыманархічная апазіцыя сканцэнтравалася ў парламенце, ніжняя палата якога складалася з новага дваранства і вярхоў буржуазіі. Процістаянне парламента каралю абвастрылася з прыходам да ўлады ў Англіі шатл. дынастыі Сцюартаў, якія сталі на шлях. феад. рэакцыі. Вынікам гэтага канфлікту сталі Англійскія рэвалюцыі 17 стагоддзя, якія скончыліся перамогай бурж. апазіцыі. У 1649 у Англіі ўсталявалася рэспубліка. У 1652 да Англіі канчаткова далучана Шатландыя (да гэтага яны былі звязаны асабістай уніяй), а таксама падпарадкавана Ірландыя. З 1653 рэспубліка набыла форму пратэктарату О.Кромвеля. Яго ўнутр. і знешняя палітыка праводзілася ў інтарэсах буржуазіі і новага дваранства — працягваліся агароджанні, вяліся войны з Іспаніяй і Галандыяй (гл.Англа-галандскія войны 17 стагоддзя). Няўстойлівасць новага рэжыму, адсутнасць яго падтрымкі народам прывялі да рэстаўрацыі ўлады Сцюартаў (1660—88). Імкненне апошніх да абсалютызму зноў выклікала фарміраванне парламенцкай апазіцыі. У 1688 у Англіі адбылася т.зв. «Слаўная рэвалюцыя», якая скончылася перамогай апазіцыі і запрашэннем на прастол Вільгельма Аранскага (гл.Вільгельм III Аранскі). Паліт. сістэма, якая склалася ў Англіі, грунтавалася на кампрамісе паміж зямельнай арыстакратыяй і вярхамі буржуазіі: «Біль аб правах» (1689) канчаткова замацаваў у краіне рэжым канстытуцыйнай манархіі. З 1707 афіц. назва краіны — Злучанае каралеўства Вялікабрытаніі і Паўн. Ірландыі. На працягу 1-й пал. 18 ст. адбывалася абмежаванне каралеўскай улады і павелічэнне ролі парламента. Паступова аформіліся 2 паліт. партыі — вігі (выражалі інтарэсы радавітай арыстакратыі, звязанай з вярхамі буржуазіі) і торы (абапіраліся на зямельную арыстакратыю і кансерватыўнае дваранства), якія мелі свае фракцыі ў палаце абшчын. У пач. 18 ст. пераважалі кабінеты торы, у 1714—62 — вігаў, якія праводзілі палітыку пратэкцыянізму. У сярэдзіне 18 ст. росквіту дасягнуў мануфактурны капіталізм, завяршаўся аграрны пераварот, які вёў да размывання сялянства і ператварэнне яго ў наёмных рабочых. Прамысл. пераварот у сярэдзіне 18 ст. выклікаў глыбокія змены ў эканам., сац. і паліт. жыцці краіны. З 1825 пачалося буд-ва чыгунак, завяршылася фарміраванне ўнутр. рынку. На паліт. арэну выходзіла прамысл. буржуазія, якая стварыла самастойны паліт. рух — бурж. радыкалізм. Яго асн. патрабаванні — выбарчая рэформа і адмена пратэкцыянізму. З 2-й пал. 18 ст. сістэматычны характар прынялі выступленні рабочых. У канцы 18 — пач. 19 ст. шырокі размах набыў рух разбуральнікаў машын (лудзітаў), якія выступалі супраць укаранення ў вытв-сць машын, бо лічылі іх прычынай пагаршэння свайго становішча. Пачалося стварэнне прафсаюзаў — трэд-юніёнаў. Знешняя палітыка Вялікабрытаніі вызначалася актыўнай калан. экспансіяй. У выніку Сямігадовай вайны 1756—63 Вялікабрытанія расшырыла свае ўладанні за кошт Францыі і Іспаніі. У 1780-я г. яна пачала каланізацыю Аўстраліі, у пач. 19 ст. захоп тэрыторый у Афрыцы (Капская калонія). Аднак у выніку Вайны за незалежнасць у Паўночнай Амерыцы 1775—83 ад Вялікабрытаніі аддзяліліся яе паўн.-амер. калоніі. У канцы 18 ст. пад уплывам амер. і франц. рэвалюцый пачаўся ўздым англ.дэмакр. руху, які працягваўся з перапынкамі да 1830-х г. Англія ўдзельнічала ў вайне супраць рэв. Францыі і антыфранц. кааліцыях, гэта была вайна за калан. першынство і панаванне на сусв. рынках. Англа-ірландская унія 1801 знішчыла рэшткі аўтаноміі Ірландыі. У 1770—1830 краінай у асноўным кіравалі торы. Яны праводзілі палітыку рэпрэсій, прынялі шэраг антыдэмакр. законаў: увялі «хлебныя законы» (1815), якія выклікалі рост цэн. Аднак паступова на палітыку краіны ўсё больш сталі ўплываць памяркоўныя торы, якія імкнуліся прыстасавацца да новых умоў жыцця, больш лічыцца з інтарэсамі буржуазіі (урад Піта Малодшага). У пач. 19 ст. ўрад торы заклаў асновы фабр. заканадаўства, правёў некаторыя рэформы. Вігі пераарыентаваліся на прамысл. буржуазію і сталі на абарону прынцыпаў лібералізму, што дапамагло ім у 1830 вярнуцца да ўлады. У 1832 яны правялі першую парламенцкую рэформу, паводле якой выбарчае права атрымала буйная і сярэдняя буржуазія. Пачалося ўзаконенне двухпартыйнай сістэмы, вігі і торы трансфармаваліся адпаведна ў лібералаў і кансерватараў. У 1830—40-я г. яны па чарзе кіравалі краінай. Вігі-лібералы спрабавалі вырашыць некаторыя сац. праблемы: прынялі выгадны для буржуазіі закон «Пра бедных» (1834), пад націскам рабочага руху правялі закон аб 10-гадзінным рабочым дні для жанчын і падлеткаў (1847). Торы-кансерватары заставаліся апорай зямельнай арыстакратыі. Аднак ва ўладзе знаходзілася іх памяркоўнае крыло на чале з Р.Пілем (піліты). Яны адмянілі «хлебныя законы» (1846), правялі некаторыя фабр. законы У канцы 1830 — пач. 1850-х г. барацьба брыт. рабочых вылілася ў масавы паліт. рух (чартызм), асн. патрабаваннем якога было ўсеагульнае выбарчае права. Венскі кангрэс 1814—15 замацаваў за Вялікабрытаніяй вядучую ролю ў міжнар. палітыцы, умацаваў яе пазіцыі на Еўрап. кантыненце. Брыт. ўрады будавалі сваю знешнюю палітыку на аснове прынцыпаў захавання «раўнавагі сіл» у Еўропе і свабоды дзеянняў. У сярэдзіне 19 ст. Вялікабрытанія завяршыла заваяванне Індыі, узмацніла свой уплыў на Б. і Д. Усходзе, абвастрыўшы тым самым англа-рус. адносіны, з 1840-х г. пачалося яе сістэм. пранікненне ў Кітай, т.зв. «опіумныя войны» (гл.Англа-кітайская вайна 1840—42). 1850—60-я г. — час абсалютнай манаполіі Вялікабрытаніі на сусв. рынку. К таму часу яна стала магутнай калан. імперыяй (больш падрабязна пра калан. палітыку Вялікабрытаніі гл. ў арт.Брытанская імперыя, Англа-афганскія войны, Англа-бірманскія войны, Англа-бура-зулуская вайна 1838—40, Англа-бурская вайна 1899—1902, Англа-майсурскія войны, Англа-маратхскія войны, Англа-сікхскія войны, Англа-франка-кітайская вайна 1856—60). Да сярэдзіны 19 ст. ў краіне завяршыўся прамысл. пераварот, па тэмпах росту на 1-е месца выйшла цяжкая прам-сць, расла канцэнтрацыя вытв-сці і капіталу, высокага агратэхн. ўзроўню дасягнула сельская гаспадарка. У адрозненне ад інш. краін у Вялікабрытаніі ўжо існавалі асн.бурж.-дэмакр. свабоды, былі легалізаваны рабочыя і дэмакр. арг-цыі. Эканам. перавага буржуазіі паскорыла ў 1850-я г. фарміраванне Ліберальнай партыі, якая аб’яднала вігаў, фрытрэдэраў, пілітаў. У 2-й пал. 19 ст. яна заняла пануючае становішча ў паліт. жыцці Вялікабрытаніі, значную ролю адыгрываў яе лідэр Г.Дж.Пальмерстан. Вакол торы ўтварылася Кансерватыўная партыя Вялікабрытаніі, адным з самых уплывовых яе лідэраў быў Б.Дызраэлі. У 1867 кансерватары правялі дэмакр. выбарчую рэформу, паводле якой права голасу атрымалі дробная буржуазія і рабочая арыстакратыя. У 1868 у Вялікабрытаніі створана агульнанац. прафс.арг-цыя — Брытанскі кангрэс трэд-юніёнаў. У знешняй палітыцы Вялікабрытанія падтрымала рабаўладальнікаў Поўдня ў час Грамадзянскай вайны ў ЗША 1861—65, працягвала саперніцтва з Францыяй і Расіяй за панаванне ў Еўропе, на Б. і Д. Усходзе, выступіла супраць Расіі ў Крымскай вайне 1853—56, у выніку ўмацавала свае пазіцыі ў Асманскай імперыі. У апошняй трэці 19 ст.англ. капіталізм уступіў у новы этап развіцця, гал. рысай якога было ўзнікненне манаполій. Аднак працэс манапалізацыі ў Вялікабрытаніі ішоў больш павольна, чым у маладых капіталіст. краінах (ЗША, Германія). Устарэлая тэхн. база не дазваляла ўкараняць навейшыя дасягненні. Зніжаліся тэмпы росту прам-сці, намецілася адставанне Вялікабрытаніі ад інш. развітых краін. У 1880-я г. манаполія Вялікабрытаніі на сусв. рынку была страчана. Наяўнасць велізарнай калан. імперыі і вываз капіталу за рубеж сталі асн. рысамі англ. манапаліст. капіталізму. Вялікабрытанія ўмацавала свае пазіцыі ў Індакітаі, канчаткова захапіла Бірму (1886), Егіпет (1882), Судан (1890-я г.), устанавіла пратэктарат над Афганістанам (1879). У 1876 англ. каралева абвешчана імператрыцай Індыі. Вынікі 2-й выбарчай рэформы (1867) паказалі неабходнасць барацьбы і кансерватараў, і лібералаў за расшырэнне сваёй сац. апоры. З гэтай мэтай абедзве партыі ў канцы. 19 ст. праводзілі бурж.-дэмакр. рэформы. Ліберальныя кабінеты У.Гладстана (1868—74, 1880—85, 1886, 1892—94) легалізавалі прафсаюзы (1871), расшырылі выбарчае права (1884), правялі адм. рэформы, якія аслабілі пазіцыі арыстакратыі ў дзярж. апараце і арміі. Імкнучыся ўзмацніць кантроль над рабочым насельніцтвам, якое павялічвалася, лібералы прынялі законы пра пач. адукацыю, што стала пачаткам буд-вадзярж. сістэмы нар. асветы. Кансерватыўныя ўрады Дызраэлі (1874—80) і Р.Солсберы (1885—86, 1886—92, 1895—1902) канчаткова ўзаконілі стачкі (1875), дэмакратызавалі мясц. кіраванне, прадоўжылі сістэматызацыю нар. асветы. Дэмакратызацыя выбарчай сістэмы выклікала перагрупоўку сіл кансерватараў і лібералаў.
Кансерватары пераарыентаваліся на буйных прамыслоўцаў. Лібералы перажывалі крызіс, у 1880-я г. адбыўся раскол іх партыі, выкліканы ірландскай праблемай. У канцы 19 ст. пачалі стварацца масавыя трэд-юніёны, узнікалі сацыяліст. арг-цыі. у 1900 утварылася агульнанац. рабочая партыя — К-т рабочага прадстаўніцтва (з 1906 Лейбарысцкая партыя Вялікабрытаніі).
З канца 19 ст. тэмпы эканам. росту Вялікабрытаніі запаволіліся, па аб’ёме вытв-сці яна пачала адставаць ад ЗША і Германіі. У пач. 20 ст. абвастрыліся супярэчнасці з Германіяй з-за рынкаў збыту і панавання на моры. Сац. напружанасць вымусіла кіруючыя колы Вялікабрытаніі пайсці на пэўныя ўступкі працоўным і ў адносінах да заморскіх тэр.: правы дамініёнаў атрымалі Канада (1867), Аўстралійскі Саюз (1901), Новая Зеландыя (1907). Абвастрэнне англа-герм. супярэчнасцей садзейнічала ўрэгуляванню адносін Вялікабрытаніі з Францыяй і Расіяй. Падпісанне англа-французскага пагаднення 1904 і англа-рускага 1907 (гл.Англа-расійскія пагадненні 1873, 1885, 1907) заклала асновы ваен. саюзу Антанты. У 1-й сусв. вайне Вялікабрытанія шырока выкарыстоўвала матэрыяльныя рэсурсы сваіх калоній. Упершыню былі ўведзены воінская павіннасць, ваен. рэжым. У выніку вайны Вялікабрытанія атрымала частку б.герм. і тур. уладанняў у Афрыцы і Азіі. Германія перастала быць яе асн. сапернікам на сусв. рынках, у калоніях і на моры. Але вайна каштавала Вялікабрытаніі амаль трэці нац. багацця, яна страціла частку рынкаў і вядучую ролю ў сусв. гандлі, аслаблі яе міжнар. фінансавыя пазіцыі. Узмацніўся нац.-вызв. рух у калоніях і рабочы рух у метраполіі. Брыт. ўрад быў адным з гал. арганізатараў узбр. інтэрвенцыі супраць Сав. Расіі, што выклікала масавы рух «Рукі прэч ад Расіі!». Правал інтэрвенцыі вымусіў урад пайсці на сав.-англ. перагаворы і падпісаць у 1921 гандл. пагадненне, што азначала прызнанне Сав. Расіі дэ-факта. На хвалі ўздыму барацьбы працоўных за свае правы ў 1920 ўзнікла кампартыя Вялікабрытаніі (КПВ), якая не стала значнай паліт. сілай у краіне (спыніла дзейнасць у ліст. 1991). Крызісныя з’явы вымусілі кіруючыя колы Вялікабрытаніі правесці шэраг рэформаў (выбарчае права для мужчын з 21 года, для жанчын з 30 гадоў, пашырэнне сістэмы сац. страхавання, абавязковае навучанне дзяцей да 14 гадоў, дзярж. дапамога ў вырашэнні жыллёвага пытання). Пасля 1-й сусв. вайны ліберальная партыя паступова выцяснялася з паліт. жыцця лейбарыстамі, якія ў 1924 і 1929—31 сфарміравалі ўрад на чале з Дж.Р.Макдональдам. Але гал. ролю ў міжваен. перыяд адыгрывала партыя кансерватараў, якая ў сваіх мэтах выкарыстоўвала кааліцыю з нацыянал-лейбарыстамі і нацыянал-лібераламі (1931—39). Эканоміка Вялікабрытаніі развівалася марудна з-за тэхн. адсталасці прам-сці (асабліва вядучых галін — вуглездабыўной, металургічнай, машынабуд.), абумоўленай недахопам капіталаўкладанняў. Узмацнілася і канкурэнцыя з боку ЗША і інш. краін. Спроба мадэрнізаваць прам-сць і павысіць яе эфектыўнасць за кошт працоўных выклікала супраціўленне прафсаюзаў. Усеагульная стачка 1926 скончылася паражэннем і новым наступленнем на заваёвы працоўных. У час сусв.эканам. крызісу 1929—33 у Вялікабрытаніі ўзмацніліся бурж.-рэфармісцкія тэндэнцыі. Умяшанне дзяржавы ў эканоміку вялося амаль выключна ўскоснымі метадамі рэгулявання фін.-крэдытнай сферы. Але для барацьбы з рабочым рухам урад часцей прыбягаў да рэпрэсій, чым да рэформаў. Разам з тым у Вялікабрытаніі рабочыя мелі значныя сац. заваёвы. У абставінах абвастрэння адносін з дамініёнамі англ. ўрад пашырыў іх правы і перайшоў да палітыкі поўнага пратэкцыянізму (гл.Англа-трансіарданскія дагаворы 1928, 1946, 1948, Вестмінстэрскі статут 1931). У знешняй палітыцы Вялікабрытаніі ў міжваен. перыяд пераважалі антысав. тэндэнцыі, імкненне наладзіць адносіны з Германіяй, утаймаваць агрэсара. Таму ўрад Н.Чэмберлена (1937—40) падпісаў Мюнхенскае пагадненне 1938, не прыклаў намаганняў для стварэння сістэмы калектыўнай бяспекі ў Еўропе. Пасля нападу Германіі на Польшчу Вялікабрытанія разам з Францыяй 3.9.1939 уступіла ў вайну, але не вяла актыўных дзеянняў. Канец «дзіўнай вайне» паклала ў крас. 1940 агрэсія Германіі ў Даніі і Нарвегіі. Пасля капітуляцыі Францыі (22.6.1940) Вялікабрытанія засталася сам-насам з Германіяй. Пасля адстаўкі Чэмберлена з мая 1940 урад узначаліў У.Чэрчыль, які асэнсаваў глыбіню нацысцкай пагрозы і арганізаваў абарону Брытаніі. Значную матэрыяльную дапамогу Вялікабрытаніі аказалі ЗША. 12.7.1941 СССР і Вялікабрытанія заключылі пагадненне пра сумесныя дзеянні ў вайне супраць Германіі, а 26.5.1942 — Дагавор аб саюзе ў вайне супраць гітлераўскай Германіі і яе сатэлітаў у Еўропе, аб супрацоўніцтве і ўзаемадапамозе пасля вайны тэрмінам на 20 гадоў, англа-савецка-іранскі дагавор 1942. Нягледзячы на саюзныя абавязацельствы, Вялікабрытанія адцягвала адкрыццё 2-га фронту ў Зах. Еўропе. У 2-й сусв. вайне Вялікабрытанія панесла меншыя чалавечыя ахвяры (каля 300 тыс.чал.), чым у 1914—18. Значна большымі былі матэрыяльныя страты — 8,5 млрд. фунтаў стэрлінгаў. Унутр. і знешняя дзярж. запазычанасць патроілася. Аслаблі пазіцыі Вялікабрытаніі і на сусв. рынку, яе цяснілі ЗША. Значная частка залатога запасу Вялікабрытаніі перамясцілася ў амер. банкі, рэзка вырас дэфіцыт яе плацежнага балансу. Узмацніўся рух за нац. незалежнасць калан. краін. Эканоміка Вялікабрытаніі пасля вайны развівалася нізкімі тэмпамі. Асабліва ў 1950-я г. ва ўмовах нарастання навук.-тэхн. прагрэсу, узмацнення інтэграцыйных працэсаў у Зах. Еўропе і распаду калан. сістэмы. У сярэдзіне 1960-х г. Вялікабрытанія саступіла 2-е месца па развіцці ФРГ, а ў 1970-я г. яе абышлі Японія і Францыя. Значныя страты эканоміцы нанеслі крызісы 1974—75 і 1980—82. Да 1986 узровень беспрацоўя не апускаўся ніжэй за 3 млн.чал. (13—14% працаздольнага насельніцтва). Эканам. цяжкасці былі абумоўлены адставаннем Вялікабрытаніі ад многіх краін па ўзроўні прадукцыйнасці працы, нерацыянальным выкарыстаннем інвестыцый, недастатковым укараненнем дасягненняў навук.-тэхн. прагрэсу, вял.ваен. выдаткамі, імкненнем захаваць свой уплыў у краінах Брыт. садружнасці.
З канца вайны хутка рос паліт. ўплыў лейбарысцкай партыі. У 1945 прыняты маніфест «Тварам да будучыні», у якім ставілася мэта стварыць сацыяліст. садружнасць Вялікабрытаніі шляхам эвалюцыі ў рамках змешанай эканомікі ў бок павелічэння ў ёй ролі дзярж. маёмасці, абвешчана шырокая сац. праграма. Лейбарысты выказваліся за захаванне саюзу з СССР і ЗША. Іх урады (у 1945—51 К.Этлі, у 1964—70 і 1974—76 Г.Вільсана, у 1976—79 Дж.Калагэна) нацыяналізавалі Англ. банк, вугальную, газавую, сталеліцейную, электраэнергетычную прам-сць, чыгунку, сродкі сувязі, шэраг авіякампаній, радыё, тэлебачанне і інш. Дзяржава выплаціла ўладальнікам гэтых прадпрыемстваў буйныя кампенсацыі і затраціла вял. сродкі на іх мадэрнізацыю. Каб зберагчы прыбыткі манаполій, быў прыняты план Маршала, уведзена новая сістэма сац. страхавання, палепшана сістэма адукацыі, адменены антыпрафсаюзны закон 1927. У 1965 упершыню прыняты 5-гадовы «нац.эканам. план». Імкнучыся стрымаць рост заработнай платы, спыніць забастоўкі, увесці арбітраж пры працоўных канфліктах, урад Вільсана ў 1975 дамогся «сац. кантракта» паміж трэд-юніёнамі і ўрадам: прафсаюзы абавязаліся на 2 гады абмежаваць павелічэнне зарплаты 10% у год, што стала асновай антыінфляцыйнай палітыкі.
Кансерватары, якія знаходзіліся ва ўладзе у 1915—55 (Чэрчыль), 1955—57 (А.Ідэн), 1957—63 (Г.Макмілан), 1963—64 (А.Дуглас-Х’юм), 1970—74 (Э.Хіт), 1979—90 (М.Тэтчэр) і з 1990 (Дж.Мэйджар), прызналі рэформы лейбарыстаў, але абмежавалі іх маштабы. У аснове іх эканам. палітыкі была дэнацыяналізацыя ў інтарэсах прыватнага капіталу. Яны адмянілі кантроль над платай за жыллё, павялічылі ўзносы працоўных у фонд нац. службы аховы здароўя; у 1962 стварылі Нац. савет эканам. развіцця, які распрацоўваў рэкамендацыйныя планы развіцця эканомікі, абмежавалі рост заработнай платы 2,5%. У 1971 урад Хіта прыняў закон «аб адносінах у прамысловасці», які прымушаў прафсаюзы рэгістравацца ў спец. органах дзярж. нагляду, забараніў стачкі салідарнасці і паліт. выступленні трэд-юніёнаў, што выклікала пратэсты рабочых. У 1960 кансерватары стварылі Еўрап. асацыяцыю свабоднага гандлю. Найб. выніковай была дзейнасць урада Тэтчэр, якая праводзіла палітыку радыкальнай перабудовы эканомікі на прынцыпах неакансерватызму. Праведзены шэраг мер па ліквідацыі інфляцыі, дэнацыяналізацыя і прыватызацыя, заахвочвалася прыватна-прадпрымальніцкая ініцыятыва, у т. л. дробны бізнес, скарачалася падаткаабкладанне асабістых прыбыткаў. Разам з гэтым пачалося наступленне на прафсаюзы. Тэмпы эканам. росту ў Вялікабрытаніі перавышалі ўсе еўрап. паказчыкі, створана больш рабочых месцаў, чым у краінах ЕЭС, разам узятых. Рэзка павялічылася колькасць акцыянераў (11 млн.чал.) і ўладальнікаў прыватнага жылля (60% сем’яў). У 1980-я г. змянілася аблічча брыт. мадэлі дзярж.-манапаліст. капіталізму. Гэта выявілася ў скарачэнні дзярж. сектара пры павышэнні яго эфектыўнасці, у выкарыстанні пераважна крэдытна-фін. метадаў дзярж. рэгулявання, у дзярж. стымуляванні развіцця эканомікі на базе перадавых навукаёмістых тэхналогій і інш. Ва ўмовах эканам. крызісу 1990—92 карэктывы ў палітыку ўнёс урад Мэйджара. Ён адмовіўся ад рэзкага скарачэння сац. выдаткаў, адмяніў непапулярны падушны падатак. З 1994 пачаўся рост поўнай занятасці, хоць беспрацоўе яшчэ захоўвалася на ўзроўні 8,4%. Мэйджар працягвае курс на частковы дэмантаж дзярж. сістэмы сац. абароны, праводзіць няўхільную лінію на зніжэнне кошту рабочай сілы. Праўленне кансерватараў адзначана жорсткім курсам у адносінах да Паўн. Ірландыі (Ольстэр). У 1970 спынена дзейнасць заканад. сходу Ольстэра і ўведзена прамое праўленне Лондана. У 1985 Тэтчэр падпісала пагадненне з Ірландскай Рэспублікай аб кіраванні справамі Паўн. Ірландыі. У 1995—96 дасягнута дамоўленасць аб правядзенні выбараў у Асамблею Ольстэра, а ў чэрв. 1996 пачаліся перагаворы з удзелам усіх зацікаўленых бакоў пры ўмове, што Ірландская рэсп. армія (ІРА) адмовіцца ад тэрору.
Знешняя палітыка лейбарыстаў і кансерватараў пасля 2-й сусв. вайны была прасякнута духам «халоднай вайны»: мацаваліся адносіны з ЗША, Вялікабрытанія ўдзельнічала ў стварэнні сістэмы ваен.-паліт. саюзаў, вяла «малыя» каланіяльныя войны ў Малаі, Угандзе, Нігерыі і інш., адыграла значную ролю ў суэцкай авантуры 1956 і інш. (гл.Англа-егіпецкі дагавор 1936, Англа-егіпецкае пагадненне 1954). Пад націскам нац.-вызв. руху Вялікабрытанія вымушана была пайсці на прызнанне незалежнасці б. калоній. У 1949 адменены Вестмінстэрскі статут 1931 (аб вернасці кароне); манарх прызнаны сімвалам свабоднай асацыяцыі незалежных нацый у рамках брыт. Садружнасці. Рэцыдывам імперскай свядомасці стаў англа-аргенцінскі канфлікт 1982. У 1952 Вялікабрытанія выпрабавала атамную, у 1957 — вадародную бомбу. Рашэнне аб’яднаць ядз. сілы з амер. ў рамках агульных ваен. стратэгічных планаў і размяшчэнне амер. ракет на брыт.тэр. выклікалі антыядзерны рух у краіне. З 1960-х г. узмацнілася еўрап. арыентацыя брыт. знешняй палітыкі. У 1973 Вялікабрытанія ўступіла ў ЕЭС, у 1975 падпісала Заключны акт Арг-цыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе (АБСЕ). У 1980-я г. Вялікабрытанія першая з зах. краін падтрымала працэс перабудовы ў СССР. Дасягнута дамоўленасць з КНР аб перадачы ёй ў 1997 Ганконга. У 1990 разам з СССР, ЗША і Францыяй падпісала з ГДР Дагавор аб канчатковым урэгуляванні адносін з Германіяй, аб спыненні дзеяння чатырохбаковых пагадненняў аб Берліне і ўсёй Германіі, заключаных пасля 2-й сусв. вайны. Вялікабрытанія — чл.ААН з 1945, пастаянны чл. Савета Бяспекі ААН, чл. Еўрапейскага Саюза, Савета Еўропы, НАТО і інш.Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь з 1992. Гл. таксама раздзел Гісторыя ў арт.Паўночная Ірландыя, Уэльс, Шатландыя.
Палітычныя партыі і прафсаюзы.
Кансерватыўная партыя, Лейбарысцкая партыя Вялікабрытаніі, Ліберальна-дэмакр. партыя. Дзейнічае 413 прафсаюзаў, найбуйнейшае аб’яднанне — Брытанскі кангрэс трэд-юніёнаў. У Шатландыі і Уэльсе свае праф. аб’яднанні — Шатландскі кангрэс трэд-юніёнаў і Уэльскі кангрэс трэд-юніёнаў.
Гаспадарка. Вялікабрытанія — высокаразвітая індустрыяльная краіна (7-е месца ў свеце па вытв-сці прамысл. прадукцыі). Доля ў валавым унутр. прадукце (ВУП): прам-сці каля 40%, сельскай гаспадаркі каля 2, гандлю каля 6, транспарту каля 7, будаўніцтва каля 6%. Дзяржава кантралюе кам.-вуг.прам-сць, эл.-энергетыку, чыг. транспарт, нац. банк, чорную металургію, некаторыя кампаніі апрацоўчай прам-сці. З 1980-х г. узяты курс на дэнацыяналізацыю, продаж дзярж. прадпрыемстваў і скарачэнне дзярж. сектара. Прамысловасць дае 90% экспарту. Вугальная прам-сць — старэйшая ў краіне. У 1992 кам. вугалю здабывалася 87 млн.т, бурага 10 млн.т. Асн. раёны здабычы — Йоркшырскі (60%), Нортамберленд-Дарэмскі, Паўднёва-Уэльскі. Здабыча нафты 87 млн.т, прыроднага газу — 48 млрд.м³ на шэльфе Паўн. мора. Нафтаперапр.прам-сць у прыморскіх і прамысл. раёнах (26 з-даў агульнай магутнасцю 123 млн.т за год). Вытв-сць эл.-энергіі 327 млрд.кВт∙гадз (1992), у т. л. на ЦЭС 77,8%, АЭС 16,2, ГЭС 6%. Чорная металургія працуе на ўласным паліве і імпартнай жал. рудзе. Пераважае кіслародна-канвектарны спосаб і электраплаўка. Выплаўляецца 16,2 млн.т сталі (1992). Асн. металург, з-ды ў прыбярэжных раёнах: Паўд. Уэльс, Тайнсайд, Шатландыя; высакаякасныя сталі — у раёне Шэфілда, яе асн. вытворца — дзярж. кампанія «Брытыш стыл». Каляровая металургія працуе амаль цалкам на прывазной сыравіне, яе прадпрыемствы размешчаны пераважна ў партовых гарадах эстуарыя Тэмзы, Паўд. Уэльса, Ланкашыра. Алюміній выпускаюць з-ды на ПнУ і на в-ве Англсі. Апрацоўка каляровых металаў сканцэнтравана ў буйных цэнтрах машынабудавання, якое дае 40% кошту прамысл. прадукцыі і 1/3 экспарту. Вылучаецца агульнае машынабудаванне (комплекснае, дарожнае, пагрузачна-разгрузачнае, пад’ёмна-транспартнае, с.-г., станкі і прылады), электроннае (ЭВМ і мікраэлектронныя элементы), транспартнае (рухомы састаў чыгунак, судна-, аўтамабіле- авіяракетабудаванне). Вытв-сць легкавых аўтамабіляў — 1291 тыс. (1992): асн. кампаніі «Форд», «Джэнерал мотарс», «Брытыш Лейленд мотар». Асн. цэнтры разнастайнага машынабудавання — Брысталь, Вял. Лондан, Дэрбі, стаканабудавання — Ковентры, Лестэр, Бірмінгем, прыладабудавання — Вял. Лондан, Бірмінгем, вытв-сці тэкстыльных машын — Ланкашыр, Йоркшыр, Усх. Мідленд, цяжкага машынабудавання — металургічныя цэнтры ПнУ Англіі і Клайдсайда, аўтамабілебудавання — Бірмінгем, Ковентры, Вял. Лондан, Лутан, Оксфард, Ланкашыр, суднабудавання — Клайдсайд, ПнУ Англіі, Белфаст. У аснове хім. прам-сці — вытв-сць сернай кіслаты, хлору, соды, мінер. угнаенняў, разнастайнай прадукцыі: сінт. валокнаў, пластмас, фарбавальнікаў, мыйных сродкаў, аграхімікатаў, фармацэўтычных тавараў і інш.Асн. раёны хіміі: ПдУ (Вял. Лондан — тонкая хімія і фармацэўтыка, Фолі — нафтахімія), Ланкашыр (асн. хімія і нафтахімія), ПнУ (комплекс вытворчасцей арган. і неарган. хіміі, цэнтр г. Білінгем), сярэдняя Шатландыя (нафтахімія — г. Грэйнджмут), Паўд. Уэльс (нафтахімія — каля г. Суонсі), ПдУ і Йоркшыр (мінер. ўгнаенні). Тэкст.прам-сць — старэйшая экспартная галіна, але былое сваё значэнне страціла. Асн. раён баваўнянай прам-сці — Ланкашыр, шарсцяной — Йоркшыр, трыкатажнай — Усх. Мідленд, ільняной — Паўн. Ірландыя. Разнастайная вытв-сць тканін з хім. валокнаў. Добра развіты швейная і абутковая прам-сць. Усюды развіта харч.прам-сць, якая перапрацоўвае мясц. сыравіну, у партовых гарадах — імпартную.
Сельская гаспадарка высокамеханізаваная, інтэнсіўная, забяспечвае больш за 80% патрэбы краіны ў харч. прадуктах. Больш за палову зямлі належыць буйным фермам (больш за 100 га), якія даюць асн.ч. таварнай прадукцыі. Гал. галіна — малочная і мясная жывёлагадоўля (70% кошту с.-г. прадукцыі), добра забяспечаная натуральнымі сенажацямі і пашамі (70% с.-г. зямель), кармавымі культурамі (1/3 пасяўной плошчы) і імпартным фуражом. У 1994 (млн. галоў): буйн. раг. жывёлы 12, свіней (пераважна беконных) 7,7, авечак 43, птушкі 127. У раслінаводстве пераважаюць збожжавыя культуры (3/5 ворыва, збор 22,5 млн.т у 1993). Гал. культуры — ячмень і пшаніца, вырошчваюць кукурузу, бульбу, цукр. буракі. Развіта агародніцтва, садоўніцтва, парніковая гаспадарка, кветкаводства. Сярэдняя ўраджайнасць пшаніцы больш за 60 ц/га, ячменю — 48 ц/га, цукр. буракоў — 350 ц/га, бульбы — 340 ц/га. Марское і рачное рыбалоўства. Гал. жытніца краіны — Усх. Англія і ПдУ.
Гал. від транспарту — марскі (больш за 90% грузаабароту). Танаж марскога флоту 19,2 млн. бр. рэг. т (1994). Найб. марскія парты (1994): Лондан (каля 80 млн.т, 40% экспарту і 25% імпарту краіны), Ліверпул, Мілфард-Хейвен, Саўтгемптан, Манчэстэр, Глазга, Хал (Гуль), Брысталь. Даўж. чыгунак 16,9 тыс.км (1994), у т. л. 4,5 тыс.км электрыфікавана. Гал.чыг. вузел — Лондан (11 промняў). Тунэль пад Ла-Маншам і паромныя пераправы звязваюць чыгункі Вялікабрытаніі і мацерыковай Еўропы. Аўтатранспарт (22 млн. аўтамабіляў, у т. л. 17 млн. легкавых) ажыццяўляе б.ч.ўнутр. грузаперавозак і 90% пасажыраперавозак. Даўж. шашэйных дарог 363 тыс.км. З унутр. водных шляхоў (даўж. 2,3 тыс.км) найб. значэнне маюць р. Тэмза і Манчэстэрскі канал. У краіне 933 км нафтаправодаў, 2993 км нафтапрадуктаправодаў, 12,8 тыс.км газаправодаў. Працуе 385 аэрапортаў, найбуйнейшыя каля Лондана, Манчэстэра, Глазга. Асн.гандл. партнёры — краіны Еўрап. супольнасці (45% знешнегандл. абароту), асабліва ФРГ і Францыя, а таксама краіны Садружнасці і ЗША. Доля Вялікабрытаніі ў сусв. экспарце — каля 9% (5-е месца ў свеце). Вывозяцца нафта і нафтапрадукты, машыны і абсталяванне, аўтамашыны, сталь, прадукцыя хім. прам-сці, тэкстыль. На долю Вялікабрытаніі прыпадае больш за 80% сусв. экспарту віскі, 44,5% авіяц. рэактыўных рухавікоў, больш за 28% штучных валокнаў. Імпарт: бавоўна, руды металаў, сера, фасфарыты, натуральны каўчук, шэрсць, харч. тавары. Вялікабрытанія — буйны экспарцёр капіталу (2-е месца ў свеце пасля ЗША). Турызм дае 4% ВУП, занята больш за 1 млн.чал. Грашовая адзінка — фунт стэрлінгаў.
Узброеныя сілы. Складаюцца з сухап. войск (арміі), ВПС і ВМФ, якія знаходзяцца ў стане рэфармавання (да 2000 года). У канцы 1994 налічвалі 254,3 тыс.чал. (376,2 тыс. рэзервістаў). Камплектуюцца з добраахвотнікаў. Вярх. галоўнакамандуючы — манарх.Сухап. войскі (1995) налічваюць 119 тыс.чал., размешчаны ў метраполіі (механізаваная і бранятанкавая дывізіі, 15 асобных пях. брыгад і інш.), ФРГ (23 тыс.чал., уваходзяць у склад «сіл хуткага разгортвання» НАТО) і на заморскіх тэрыторыях, у т. л. 2 пях. батальёны на Кіпры, па аднаму пяхотнаму батальёну ў Брунеі, Белізе, на Фалклендскіх а-вах, у Ганконгу (пях. брыгада, да 1997). Паводле дагавора аб звычайных узбр. сілах у Еўропе яны маюць на ўзбраенні да 1015 танкаў, 636 гармат палявой артылерыі, 384 баявых верталётаў, 3176 баявых браніраваных машын. У ВПС (1995) 75,7 тыс.чал., больш за 320 баявых самалётаў і 159 верталётаў. ВМФ (1994) найбуйнейшы ў Зах. Еўропе — 53 600 чал., 113 баявых караблёў (4 атамныя ракетныя, 13 атамных мнагамэтавых і 5 дызельных падводных лодак, 3 лёгкія авіяносцы, 12 эскадраных мінаносцаў, 26 фрэгатаў, 10 патрульных, 33 мінна-тральныя, 7 дэсантных) і 20 патрульных катэраў.
Ахова здароўя. Сярэдняя працягласць жыцця ў мужчын 74, у жанчын 80 гадоў. Смяротнасць 11 на 1 тыс.чал. Забеспячэнне бальнічнымі ложкамі — 1 на 146 чал., урачамі — 1 тэрапеўт на 611 чал. Узровень нараджальнасці 13 на 1 тыс.чал. Дзіцячая смяротнасць 7 на 1 тыс. нованароджаных (1994).
Асвета, навуковыя ўстановы. Сучасная сістэма адукацыі Вялікабрытаніі грунтуецца на актах аб адукацыі 1944 (Англія і Уэльс), 1945 (Шатландыя) і 1947 (Паўн. Ірландыя). У Англіі і Уэльсе яна складаецца з 3 ступеняў: 1-я — пач. адукацыя, 2-я — сярэдняя, 3-я — далейшая і універсітэцкая адукацыя. Абавязковая адукацыя для дзяцей ва ўзросце 5—16 гадоў. Існуе дзярж. сістэма нар. адукацыі (93% навучэнцаў) і прыватная (7%). Дзярж. сістэма — дашкольныя ўстановы (для дзяцей да 5 гадоў), пач. школы (5—11 гадоў), сярэднія школы (11—16 гадоў — няпоўныя, да 18 гадоў — поўныя). Сярэднюю адукацыю вучні атрымліваюць, як правіла, у аб’яднаных школах (да іх прымыкаюць школы з прамежкавай ступенню). Захоўваюцца і традыц. тыпы сярэдніх школ: граматычныя і сучасныя, ёсць нязначная колькасць сярэдніх тэхн. школ. Формы і метады навучання ў розных тыпах школ неаднолькавыя. Пасля заканчэння сярэдняй школы вучні здаюць экзамены звычайнага ўзроўню, якія даюць магчымасць паступаць у навуч. ўстановы сістэмы далейшай адукацыі, або экзамены павышанага ўзроўню, якія замяняюць уступныя выпрабаванні ва ун-т і інш.ВНУ. Вучні, якія не здавалі выпускных экзаменаў (каля 30%), пакідаюць школу ва ўзросце 16 гадоў. Далейшая адукацыя (для асоб ва ўзросце больш за 16 гадоў) уключае агульнаадук., прафес. і тэхн.навуч. ўстановы рознага ўзроўню, установы для адукацыі дарослых, некаторыя ВНУ (усе віды вышэйшай адукацыі ў Англіі і Уэльсе, за выключэннем універсітэцкай, належаць да ступені далейшай адукацыі). Ун-ты традыцыйна не належаць да сістэмы далейшай адукацыі, да іх далучаюцца некаторыя спец. каледжы вышэйшай адукацыі, якія маюць курсы, што даюць магчымасць выпускнікам здаваць экзамены на атрыманне вучонай ступені або дыплома аб вышэйшай адукацыі (тэхн., маст. і інш.). Школьная сістэма Шатландыі будуецца на ўзор англійскай, аднак у пач. школах тэрмін навучання 7 гадоў, у сярэдніх — 6. Асноўны тып сярэдняй школы — аб’яднаная школа. Ёсць нязначная колькасць прыватных школ. Сярэднюю прафес. адукацыю даюць дзённыя і вячэрнія каледжы на базе няпоўнай сярэдняй школы, вышэйшую — цэнтр. ін-ты (на базе поўнай сярэдняй школы). У Паўн. Ірландыі паводле закону 1947 створана сістэма адукацыі на ўзор англійскай.
На 1.1.1996 у Вялікабрытаніі 29 900 дзярж.агульнаадук. школ, 1800 спецыялізаваных, 2500 прыватных (ва ўсіх відах школ навучалася больш за 9 млн. навучэнцаў); больш за 90 ун-таў (1 млн. 541 тыс. студэнтаў). Буйнейшыя ун-ты: Оксфардскі універсітэт, Кембрыджскі універсітэт, Лонданскі універсітэт, ун-т у Глазга (з 1451), Абердзінскі (з 1495), Эдынбургскі (з 1583), Дарэмскі (з 1832), Каралеўскі ун-т у Белфасце (з 1845), ун-т Уэльса ў Кардыфе (з 1893), Ольстэрскі ун-т у Калрэйне (з 1984). У 1988 статус ун-таў атрымалі 47 ін-таў, заснаваны ун-т і Каралеўскі каледж мастацтваў. Буйнейшыя б-кі: Брытанская бібліятэка ў Лондане, б-ка Оксфардскага ун-та (з 1602), б-ка Кембрыджскага ун-та, Нац.б-ка Уэльса ў Кардыфе (з 1907), Публічная б-ка Ланкашыра (з 1924), Нац.б-ка Шатландыі ў Эдынбургу (з 1682), б-кі Эдынбургскага і Лонданскага ун-таў. Найб. музеі: Брытанскі музей (з 1753), Брытанскі музей прыродазнаўчай гісторыі, Навуковы музей (з 1857; мае унікальную калекцыю машын), Лонданскі музей (з 1912), Нац. галерэя (з 1824), Музей Вікторыі і Альберта (з 1852), Галерэя Тэйт (з 1897), Нац. партрэтная галерэя (з 1857) — усе ў Лондане; Нац. музей Уэльса ў Кардыфе (з 1907), мемарыяльны музей Шэкспіра ў г. Стратфард-он-Эйван; Шатландскі каралеўскі музей (з 1854), Нац. галерэя Шатландыі (з 1859), Нац. музей шатландскіх выдатнасцей (з 1780) — усе ў Эдынбургу. Навукова-даследчую работу ў Вялікабрытаніі праводзяць ун-ты, Лонданскае каралеўскае т-ва, Грынвіцкая астр. абсерваторыя, Савет даследаванняў па грамадскіх навуках, галіновыя дэпартаменты і навук. цэнтры, а таксама каап. асацыяцыі, фірмы, прыватна-прамысл. лабараторыі і інш.
Друк, радыё, тэлебачанне. Вялікабрытанія займае адно з вядучых месцаў у свеце па насычанасці прэсай. Выходзіць каля 160 штодзённых і нядзельных газет, 1300 штотыднёвых, 7,5 тыс.інш.перыяд. выданняў (1992). Найб. уплывовыя газеты: «The Daily telegraph and morning post» («Штодзённы тэлеграф і ранішняя пошта», з 1855); «Daily express» («Штодзённы экспрэс», з 1900), «Daily mail» («Штодзённая пошта», з 1896), «Sunday times» («Нядзельны час», з 1822), «The Times» («Час», з 1785), «Daily mirror» («Штодзённае люстэрка», з 1903), «Sunday mirror» («Нядзельнае люстэрка», з 1915), «The People» («Народ», з 1881), «Tribune» («Трыбуна», з 1937), «The Observer» («Аглядальнік», з 1791). У Вялікабрытаніі няма афіц. цэнзуры, дзейнасць сродкаў масавай інфармацыі рэгулюецца заканад. актамі. Амаль усе газеты ў фінансавых адносінах незалежныя ад паліт. партый і праводзяць самаст. рэдакцыйную палітыку. Вядучыя інфармацыйна-тэлеграфныя агенцтвы: Рэйтэр (Reuter), Прэс Асашыэйшэн (The Press Association), Эксчэйндж Тэлеграф (The Exchange Telegraph). Рэгулярнае радыёвяшчанне з 1922. Радыё- і тэлевяшчанне вядзецца пераважна 2 буйнымі агульнанац. арг-цыямі: «Брытыш бродкастынг карпарэйшэн» (Бі-бі-сі) «і Індэпэндэнт бродкастынг асорыты» (Ай-бі-эй). Дзейнічае некалькі дробных радыёкампаній, якія вядуць вяшчанне на асобныя рэгіёны краіны. Тэлевяшчанне (2 агульнанац. і 10 рэгіянальных праграм) вядзецца Бі-бі-сі і 16 прыватнымі тэлекампаніямі, якія адносяцца да Ай-бі-эй. Тэлеслужба Бі-бі-сі (з 1936) вядзе перадачы па 2 каналах (Бі-бі-сі I ахоплівае 99% насельніцтва Вялікабрытаніі, Бі-бі-сі II — 94%). Праграмы тэле- і радыёвяшчання трансліруюцца з дапамогай шырока развітых сетак наземнага, спадарожнікавага вяшчання і кабельнага тэлебачання. З некалькіх дзесяткаў спадарожнікаў розных краін і кампаній магчымы прыём больш за 100 тэле- і радыёпраграм (з іх каля 80 на англ. мове), практыкуюцца перадачы на некалькіх мовах з магчымасцю выбару любой з іх. Тэлепраграмы вядуцца па сістэмах каляровага тэлебачання PAL і SECAM; PAL plus і D2=MAC; MPEG. Мона- і стэрэафанічнае гукавое суправаджэнне перадаецца аналагавым і лічбавым спосабамі. Прыём вядзецца на індывідуальныя (76%) і калектыўныя (24%) антэны. Многія праграмы носяць агульнаеўрапейскі (BBC World, Euronews, Eurosport і інш.) і міжнародны (CNN) характар. Шырока практыкуецца паказ закадзіраваных праграм.
Літаратура. Вытокі л-ры Вялікабрытаніі ў багатым фальклоры англасаксаў, якія ў 5—6 ст. прыйшлі з кантынента і прынеслі з сабою герм. міфы і легенды, што вусна перадаваліся з пакалення ў пакаленне. З твораў нар. паэзіі англасаксаў зберагліся элегічныя паэмы «Бадзяга», «Скаргі Дэора», «Жальба жонкі», фрагмент эпічнай паэмы «Фінсбургская бітва». Пісьмовая л-ра ўзнікла ў 7 ст.Найб. стараж, помнікі гераічнага эпасу — паэмы «Беавульф» (напісана ў канцы 7 ст., захавалася ў рукапісе 10 ст.). Пасля ўвядзення хрысціянства з’явілася л-ра на лац. мове (Альдгельм, Беда Высокашаноўны, Алкуін), ствараліся рэліг. паэмы і на англасаксонскай мове (Кэдман, Кюневульф). Англасаксонская проза зарадзілася ў 9—11 ст. (кароль Альфрэд, Эльфрык, Вульфстан). Пасля заваявання Англіі нарманамі (11—13 ст.) развівалася трохмоўная л-ра: царк. творы на лац. мове, рыцарскія вершы і паэмы на франц., англ. паданні на англасаксонскай. Да сярэдзіны 14 ст. склалася агульнанац. англ. мова. Апошняй праявай літ. трохмоўя была творчасць Джона Гаўэра (паэма «Люстэрка роздуму», 1376—79, на франц. мове; «Марны лямант у пустыні», 1382, на лац.; «Гісторыя закаханага», 1390, выд. 1483, на англ.). Драм. падзеі часоў Сял. вайны пад кіраўніцтвам Уота Тайлера адлюстраваны ў творчасці У.Ленгленда (паэма «Мроя аб Пятру-аратаю», 1362). Вяршыня л-ры класічнага сярэднявечча і прадвеснік рэнесансу ў Англіі — нац. эпас Дж.Чосера «Кентэрберыйскія апавяданні» (канец 14 ст.). Стогадовая вайна з Францыяй, вайна Пунсовай і Белай руж затрымалі развіццё л-ры Вялікабрытаніі. Сярод нямногіх помнікаў 15 ст. — выкладзеныя ў прозе легенды аб рыцарах Круглага стала (раман «Смерць Артура» Т.Мэлары, апубл. ў 1485); развівалася нар. паэзія — балады легендарнага, гіст., драм. характару.
Спыненне феад. спрэчак і ўстанаўленне абсалютызму Цюдараў спрыялі адраджэнню л-ры. У пач. 16 ст. актыўна пранікаюць з кантынента на Брытанскія а-вы ідэі гуманізму. Т.Мор стварыў новы ў еўрап. л-ры жанр рамана-утопіі («Утопія», 1516, на лац. мове; 1551, на англ. мове), а паэты-«петраркісты» — узоры англ. санета (зб. «Песні і санеты», 1557). З уступленнем на трон Лізаветы I гуманізм становіцца гал. кірункам у англ. л-ры. Вяршыняй эпічнай паэзіі стала паэма Э.Спенсера «Каралева фей» (1590), напісаная арыгінальнай страфой (спенсерава страфа). Зарадзіліся жанры махлярскага і прыгодніцкага раманаў, пастаральнай л-ры («Эўфуэс і яго Англія» Дж.Лілі, 1580; «Аркадыя» Ф.Сідні, 1590, «Вопыты і павучанні» Ф.Бэкана, 1597—1625). Тэарэт. маніфестам англ. рэнесансу ў л-ры стала «Абарона паэзіі» Сідні (1581, апубл. 1595). У драматургіі аб’яднанне традыцый нар.т-ра з «вучонай» драмай ажыццявілі К.Марла, Р.Грын, Т.Кід, Лілі. Найвышэйшае дасягненне англ. драматургіі — творчасць У.Шэкспіра. Завяршаюць перыяд росквіту англ. драматургіі Б.Джонсан, Т.Хейвуд, Т.Дэкер, Ф.Бомант і Дж.Флетчэр.
Да буйнейшых з’яў л-ры 17 ст. належыць «метафізічная школа» паэтаў (Дж.Дон, Дж.Херберт), лірыка кавалераў (Э.Марвел), алегарычны раман «Шлях паломніка» Дж.Беньяна, паэзія і драматургія Дж.Драйдэна, класіцыстычная камедыя нораваў (У.Уічэрлі, У.Конірыў, Дж.Этэрыдж, Дж.Ванбру, Дж.Фаркер). Паэма Дж.Мільтана «Страчаны рай» пазначыла пераход ад гуманізму да асветніцкай ідэалогіі. У 18 ст. ў рэчышчы англ. Асветніцтва развівалася некалькі літ. кірункаў: класіцызм (паэмы А.Попа), рэалізм (раманы Дж.Свіфта, Д.Дэфо, Г.Філдынга, Т.Дж.Смолета) і сентыменталізм (раманы С.Рычардсана, О.Голдсміта, Л.Стэрна, паэзія Э.Юнга, Т.Грэя). Драматургію 18 ст. прадстаўляюць жанры класіцыстычнай трагедыі («Катон» Дж.Адысана), «баладнай оперы» («Опера жабракоў» Дж.Гея), «мяшчанскай» драмы («Лонданскі купец» Дж.Ліла). Майстрам асветніцкай камедыі быў Р.Б.Шэрыдан. Апазіцыйныя класіцызму літ. плыні і з’явы аб’яднаны паняццем перадрамантызму, калі адраджалася цікавасць да фальклору і нац. традыцый («Паэмы Асіяна» Дж.Макферсана; «Брыстольская трагедыя» Т.Чатэртана, зб-кінар. балад Т.Персі, Дж.Макдональда). У прозе перадрамантызм выявіўся ў раманах «жахаў і таямніц» Х.Уолпала і Г.Радкліф. Адраджэнне цікавасці да нар. паэзіі вызначыла шырокую папулярнасць шатл. паэта Р.Бёрнса. Пачатак рамантызму ў англ. л-ры звязваюць з выхадам у свет зб-ка «Лірычныя балады» У.Вордсварта і С.Т.Колрыджа, з творчасцю паэтаў «Азёрнай школы» (Вордсварт, Колрыдж, Р.Саўці). Асобнае месца ў англ. рамантызме займае міфатворчасць У.Блейка. Малодшае пакаленне рамантыкаў прадстаўляе плеяда вял. паэтаў — Дж.Г.Байран, П.Б.Шэлі, Дж.Кітс. Жанр гіст. рамана стварыў В.Скот. Асобная роля ў працэсе пераходу ад рамантызму да рэалізму належыць творчасці сясцёр Бронтэ. Традыцыі асветніцкага дыдактычнага і сац.-псіхал.рэаліст. раманаў звязала Дж.Осцін («Гордасць і прадузятасць»).
Росквіт прозы пісьменнікаў-рэалістаў прыпадае на 1830—60-я г. (Ч.Дзікенс, У.М.Тэкерэй, Э.Гаскел, Э.Дж.Булвер-Літан, Ш.Бронтэ). Спалучэнне сац. праблематыкі з тонкім псіхал. аналізам у творчасці Дж.Эліята («Млын на Флосе») і Дж.Мерэдзіта («Эгаіст»). Псіхолагам, які апярэдзіў праблематыку 20 ст., быў «апошні віктарыянскі класік» А.Тролап (цыкл раманаў «Барсетшырскія хронікі»), У канцы 19 ст. назіраюцца кантрастныя кірункі ў прозе: жорсткі рэалізм Т.Хардзі і С.Батлера, неарамантызм Т.М.Рыда і Р.Л.Стывенсана, натуралізм Дж.Мура і Дж.Гісінга. Вобраз рэвалюцыянера стварыла ў рамане «Авадзень» Э.Л.Войніч. Развівалася і паэзія познарамантычнага тыпу: апавядальная лірыка А.Тэнісана, філас. паэзія Р.Браўнінга, грамадз. і інтымная лірыка Э.Браўнінг, геданістычная — Э.Фіцджэралда (пераклады А.Хаяма). Яркай з’явай у паэзіі і мастацтве стала творчасць «Брацтва прарафаэлітаў», тэарэтыкамі якога былі Дж.Рэскін і У.Морыс. Гэты рух вылучыў паэтаў Д.Г.Расеці і К.Расеці. Блізкі да прарафаэлітаў быў позні рамантык А.Ч.Суінберн. На фоне афіц.-дыдактычнай дзіцячай л-ры адметныя філас. казкі-гратэскі Л.Кэрала і «бяссэнсіцы» Э.Ліра. Тэндэнцыі эстэтызму, імпрэсіянізму, сімвалізму знайшлі адлюстраванне ў творчасці О.Уайльда. На абнаўленне драматургіі паўплывала творчасць Б.Шоу, аўтара «драм-дыскусій», майстра п’ес, дзе выкрываюцца парадоксы бурж. грамадства. Тэндэнцыі рэалізму з выкарыстаннем формы фантаст. і дэтэктыўнага жанраў у л-ры прадаўжалі Г.К.Чэстэртан, А.К.Дойл, Г.Дж.Уэлс. Філігранны стыль, тонкі псіхалагізм, дакладнасць сац. крытыкі вызначаюць прозу Дж.Голсуарсі («Сага аб Фарсайтах»), У.С.Моэма («Цяжар жаданняў чалавечых»), А.Бенета («Клейхенгер»), К.Мэнсфілд, А.Э.Копарда, Э.М.Форстэра. Гумарыстычны кірунак у прозе прадстаўляе Дж.К.Джэром, марыністыку — Дж.Конрад. Наватарскай была творчасць Р.Кіплінга, аўтара асобай эстэтыкі трагічнага стаіцызму. 1910-я г. сталі пачаткам новага этапу ў развіцці англ. паэзіі (геаргіянцы — Дж.Мейсфілд, У.Дж. дэ ла Мар; імажысты — Р.Олдынгтан, Э.Паўнд).
Крызіс познавіктарыянскай эпохі, 1-я сусв. вайна, пасляваен. крызіс выклікалі пераломныя з’явы ў англ. л-ры. Геаргіянцы, якія сталі «акопнымі паэтамі», пісалі пра трагедыю вайны (Р.Брук, З.Сасун). У пошуках дакладнага слова і сэнсу паэты-мадэрністы спрабуюць пераўтвараць паэт. мову, адмаўляюцца ад традыц. формы верша, ствараюць асобую міфал. сістэму (Т.С.Эліят, Паўнд). Наблізілася да грамадз. тэматыкі і вярнула ў паэзію жывую нар. мову т.зв. «оксфардская» група паэтаў (У.Х.Одэн, С.Спендэр, С.Д.Льюіс). У англ. прозе 1920—30-х г. вядучае становішча займае раман (раманы «плыні свядомасці» — «Уліс» Дж.Джойса, эксперым. псіхалагічны «Місіс Дэлаўэй» В.Вулф, сац.-псіхал. эратычны «Палюбоўнік лэдзі Чатэрлі» Д.Г.Лорэнса; «інтэлектуальны раман» «Цудоўны новы свет» О.Хакслі, сатырычны «Заняпад і разбурэнне» І.Во, традыцыйны рэалістычны «Цытадэль» А.Кроніна, «Усе людзі — ворагі» Олдынгтана). Драматургію развівалі Дж.Бары, Дж.Б.Прыстлі. Паступовы распад Брыт. імперыі пасля 2-й сусв. вайны выклікаў у л-ры песімізм і «прарочую» ацэнку будучыні таталітарных дзяржаў (антыўтопія Дж.Оруэла «1984-ы год»). Рэаліст. проза шукае новы дынамізм і псіхал. дакладнасць («З любові да бліжняга» Дж.Кэры).
У 1950-я г. ўзнікла л-ра «раззлаваных маладых людзей». Расчараванне моладзі ў перспектывах бурж. грамадства паказалі К.Эміс («Шчасліўчык Джым»), Дж.Уэйн («Спяшайся ўніз»), А.Сілітаў і С.Чаплін — аўтары «рабочага» рамана, Дж.Олдрыдж і Ч.П.Сноў — палітычнага. Пра ўплыў НТР на лёс чалавецтва разважаюць пісьменнікі-фантасты (А.Кларк, Дж.Уіндэм, Дж.Г.Болард). Англ. экзістэнцыялізм прадстаўляюць раманы-прытчы У.Голдынга («Валадар мух»), мадэрнісцкія пошукі — Л.Дарэл (квадралогія «Александрыйскі квартэт»). Традыцыі класічнага рэалізму 19 ст. і экзістэнцыяльныя матывы ярка выяўлены ў творах А.Мэрдак («Пад сеткай», нап. 1966). Майстрам сац.-паліт. гратэскавага рамана зарэкамендавала сябе М.Спарк, псіхал. раман абнавілі адкрыццямі экзістэнцыяльнай эстэтыкі Дж.Фаўлс, С.Хіл, М.Дрэбл, Ч.Дж.Мітчэл. Традыцыі дэтэктыўнай прозы прадоўжылі А.Крысці, Дж. Ле Карэ. Яркай з’явай англ. паэзіі 1960-х г. стала творчасць «Групы» (ад назвы «Анталогія паэтаў «групы», куды ўвайшлі 17 паэтаў). Паэзія 1970-х г. імкнецца да аб’ектыўнасці і паказу непрыхарошанай праўды жыцця (Т.Х’юз, Ф.Ларкін).
У 2-й пал. 20 ст. зарадзілася і развіваецца англ. постмадэрнісцкая л-ра: «Жанчына французскага лейтэнанта» Фаўлса, «Розенкранц і Гільдэнстэрн мёртвыя» Т.Стопарда, «Грошы» М.Эліса, «Лэрнэк» Э.Грэя, «Ногі ў цырку» А.Картэра, «Сорам» С.Рушдзі, «Апанаванасць востравам» Т.Мо. У гэтым рэчышчы працуюць Дж.Барнс, Э.Бёрджэс, Т.Шарп, Г.Свіфт. Актыўна развіваецца і постмадэрнісцкая драматургія (Х.Бернтан, Э.Бонд). Англ. «літаратуразнаўчы раман» стварае П.Акрайд. У перакладзе на бел. мову з 1928 выдадзены творы Дойла, Уэлса, Войніч, Скота, Кіплінга, Шэкспіра, Свіфта, Дэфо, Дзікенса, Стывенсана, Бёрнса, Байрана і інш.; у перыяд. друку апублікаваны асобныя творы Блейка, Кітса, Тэнісана, Уайльда, Шэлі, А.Мэя і інш.Бел. перакладчыкі: Ю.Гаўрук, У.Дубоўка, К.Крапіва, Я.Семяжон, а таксама В.Валынскі, В.Небышынец, А.Разанаў, Я.Рапановіч, С.Шупа і інш.Гл. таксама раздзел Літаратура ў арт.Паўночная Ірландыя, Шатландыя.
Архітэктура. Ранні перыяд развіцця мастацтва Вялікабрытаніі прадстаўляюць мегалітычныя комплексы энеаліту і бронзавага веку (Стонхендж, Эйвберы), руіны рым. пабудоў (Адрыянаў вал), разьба па камені, метал. ўпрыгожанні, культавыя прадметы кельцкіх плямён, піктаў, англасаксаў (1 ст. да н.э. — 10 ст.н.э.). Раманскі стыль прадстаўлены англа-нарманскім храмам у Ілі (1083—1190), Дарэме (1093—1133), Норыджы (1095—1150), з магутнымі квадратнымі вежамі, замкамі ў Лондане (Таўэр), Віндзары (канец 11 ст.), крэпасцю ў Рочэстэры (канец 1130-х г.). Пабудовы гатычнага стылю Вялікабрытаніі падзяляюць на ранні (да 1250), «дэкаратыўны стыль» (1250—1340), «перпендыкулярны стыль» (1340—1550). Гатычныя храмы вылучаюцца маштабнасцю, дамінантамі вежаў, шырокімі фасадамі з развітым дэкорам, нервюрнымі скляпеннямі; ім характэрна спалучэнне простых і масіўных выцягнутых аб’ёмаў, багацце дэкар. разьбы на фасадах, ускладненыя ўзоры, дэкар. і канструкцыйныя эфекты: саборы ў Кентэрберы (1070—1509), Дарэме (1-я пал. 12 ст.), Солсберы (1220—66), Уэлсе (1230—33), Лінкальне (1075—1380), Вестмінстэрскага абацтва ў Лондане (13 ст.). «Перпендыкулярны стыль» вызначаецца пышнасцю аздобы і пластычных эфектаў нервюрных скляпенняў: сабор у Глостэры (1351—1407), капліца Каралеўскага каледжа ў Кембрыджы (1446—1515). Рэфармацыя і англ. рэвалюцыі 17 ст. паўплывалі на станаўленне свецкага характару мастацтва і рацыянальных схем у архітэктуры. Класіцызм развіваў традыцыі архітэктара позняга Адраджэння А.Паладыо. Пабудовам і гар. ансамблям уласцівы строгасць і яснасць формаў, ураўнаважанасць і ўрачыстасць кампазіцыі: Фіцрой-сквер у Лондане (арх. Р. і Дж.Адам, 1790—1800), пл. Шарлоты ў Эдынбургу (арх. Адам, 1792—1807). Вяршыня англ. класіцызму — сабор св. Паўла ў Лондане (арх. К.Рэн, 1675—1710). У архітэктуры 18 ст. панавалі пышныя формы барока (Дж.Ванбру, Н.Хоксмар). У.Кет і У.Чэймберс распрацавалі тып «англійскага парку» (парк у Бленіме). У выніку прамысл. перавароту канца 18 — пач. 19 ст. гарады цэнтр. Англіі (Манчэстэр, Бірмінгем, Шэфілд) і паўд. Шатландыі (Глазга) ператварыліся ў вял.індустр.-гандл. цэнтры. З 19 ст.англ. архітэктары распрацоўваюць прынцыпы тыповай, масавай гар. забудовы, складаныя метал. канструкцыі мастоў і перакрыццяў (інж. Т.Тэлфард, Р.Стывенсан). «Крыштальны палац» у Лондане (арх. Дж.Пакстан, 1851) са зборным метал. каркасам і шкляным запаўненнем стаў маніфестам рэвалюцыі ў еўрап. архітэктуры. Гэтаму кірунку процістаялі тэндэнцыі неакласіцызму (Брытанскі музей у Лондане, арх. Р. і С.Смёрк, 1823—57) і неаготыкі (Парламент у Лондане, арх. Ч. і Э.Бэры, А.П’юджын, 1840—68), а потым і эклектызм. Адначасова ідуць пошукі рацыянальнай сціпласці і ўтульнасці ў архітэктуры жылля, пераважна загарадных дамоў (Б.Скот, Н.Шо, Ч.Ф.Войзі). У 20 ст. хаатычны рост гарадоў і прыгарадаў з малапавярховай забудовай спарадзілі новыя тэндэнцыі ў горадабудаўніцтве: Э.Хоўард і Р.Ануін першымі распрацавалі праекты гарадоў-садоў і гарадоў-спадарожнікаў. П.Гедэс і Л.П.Аберкрамбі стварылі праекты комплекснай планіроўкі прамысл. раёнаў. У пач. 20 ст. побач з прадстаўнікамі неакласіцызму (Э.Лачэнс) і неаготыкі (Т.Скот Малодшы) выступалі ініцыятары стылю мадэрн і рацыяналізму (Ч.Макінташ), а у 1920—30-х г. — і функцыяналізму (М.Фрай, О.Уільямс). Пасля 2-й сусв. вайны рэканструяваны разбураныя гар. раёны. Прынцып мікрараянавання выкарыстоўваўся да 1960-х г. Сярод пабудоў вылучаюцца Каралеўская канцэртная зала (арх. Р.Мэцью, Л.Марцін, 1949—51), Культурны цэнтр Барбікан (1984) — абодва ў Лондане, сабор у Ковентры (арх. Б.Спенс, 1954—62).
Выяўленчае мастацтва. У раннім сярэднявеччы была пашырана кніжная мініяцюра («Ліндысфарнскае евангелле», каля 681—721). Блізкія да мініяцюры па стылі і першыя насценныя размалёўкі (саборы ў Кентэрберы, 12 ст.; у Чычэстэры, каля 1260). Гатычная скульптура была падпарадкавана дэкар.-арнаментальным мэтам (надмагілле Эдварда II у саборы у Глостэры, 14 ст.); развіваліся жывапіс (алтар у Вестмінстэры, канец 13 ст.) і вітраж (капліца св. Тройцы сабора ў Кентэрберы, пач. 13 ст.). У 14 ст. з’яўляецца станковы, у т. л. партрэтны, жывапіс. Тонкасцю і вытанчанасцю адметныя тагачаснае ткацтва, вышыўка, дыванаробства, разьба па дрэве і косці, ювелірная справа. Рэнесансавыя традыцыі ў мастацтве Вялікабрытаніі не мелі такой сілы, як у інш.еўрап. краінах. У жывапісе 16—17 ст. пераважаў партрэтны жанр (мініяцюрысты Н.Хіліярд, А.Олівер, С.Купер, жывапісцы У.Добсан, Дж.Райлі). Выяўл. мастацтва дасягнула росквіту ў 18 ст. ў творах рэаліста і сатырыка У.Хогарта, у багатых па каларыце партрэтах Дж.Рэйналдса, Т.Гейнсбара, Г.Рэберна, Дж.Опі, якія спалучалі парадную імпазантнасць з натуральнасцю і адухоўленасцю вобразаў, трапнасцю, сац. і індывід. характарыстыку з віртуознай лёгкасцю і свабодным жывапісам. Эфектныя партрэты стваралі Дж.Ромні, Т.Лорэнс і інш. У 2-й пал. 18 ст. развівалася нац. школа пейзажа: рамант. рысамі адзначаны паэт. работы Гейнсбара і Дж.Крома, акварэлі Дж.Козенса і Т.Гёртына. Жанравы жывапіс прадстаўлены творамі Дж.Морленда і Дж.Райта. У 17—18 ст. распрацоўваліся высокамастацкая мэбля (Т.Чыпендэйл, Дж.Хеплуайт, Т.Шэратан), вынайдзены англ. крышталь і фаянс (вырабы мануфактуры Дж.Уэджвута з рэльефамі ў ант. формах), працавалі шпалерныя мануфактуры ў Мортлейку, заводы фарфору ў Боу, Чэлсі, Вустэры, Дэрбі. У графіцы 18 — 1-й пал. 19 ст. важнае месца належала паліт. і быт. карыкатуры (Дж.Гілрэй, Т.Роўлендсан), рэпрадукцыйнай гравюры. Т.Б’юік вынайшаў тарцовую ксілаграфію. У 1-й пал. 19 ст. жывапіс рамантызму дасягнуў вяршыні ў творах У.Блейка і перадімпрэсіяністычных краявідах У.Тэрнера. Пленэрныя рэалістычныя пейзажы ствараў Дж.Констэбл, пейзажы і гіст. палотны Р.Бонінгтан, акварэль развівалі Дж.С.Котмен і Д.Кокс. У сярэдзіне і 2-й пал. 19 ст. мастакі-прэрафаэліты (Д.Г.Расеці, Э.Мілес, Х.Хант, У.Морыс, Э.Бёрн-Джонс) імкнуліся да яснай прыгажосці, эстэтызацыі прадметнага асяроддзя. Графіка О.Бёрдслі прадвызначыла сецэсію ў еўрап. мастацтве. Каларыстыка твораў Дж.Уістлера стала першаасновай імпрэсіянізму. Жанравы жывапіс 2-й пал. 19 ст. нясе адбітак сентыментальнасці і літ. займальнасці (У.Сікерт, У.Стыр, У.Фрыт, Х.Херкамер). У мастацтве 20 ст. росквіт рэаліст. партрэтнага і жанравага жывапісу і графікі (Ф.Брэнгвін, О.Джон, У.Орпен), спалучаўся з нараджэннем новых авангардных плыняў: фавізм (М.Сміт, А.Хітчэнс), футурызм і кубізм (У.Льюіс), сюррэалізм (С.Спенсер, Г.Сазерленд, П.Нэш, Ф.Бейкан), абстракцыянізм (Б.Нікалсан, Б.Хепуарт), сюррэалізм і абстракцыянізм (Г.Мур, К.Армітэдж), поп-арт (П.Філіпс). Гл. таксама раздзел Архітэктура і выяўл. мастацтва ў арт.Шатландыя, Паўночная Ірландыя, Уэльс.
Музыка. Вытокі музыкі Вялікабрытаніі — у муз. культуры стараж. кельцкіх плямён, носьбітамі якой былі барды. Муз. фальклор народаў Брытанскіх а-воў адметны нац. своеасаблівасцю, аднак мае агульныя рысы — ладавую сістэму, элементы шматгалосся, дакладную рытміку. Асн.інстр. жанры — танцы жыга, кантрданс, хорнпайп. Сярод найб.стараж. інструментаў: пайп (дудка), рэкордэр (флейта), фідль (скрыпка), тэйбар (барабаны); пазней з’явіліся арфа, ліра, лютня, валынка і інш. З усталяваннем хрысціянства развівалася царк.прафес.муз. мастацтва. У сярэдневяковай царк. музыцы Вялікабрытаніі панаваў грыгарыянскі харал, літургія суправаджалася ігрой на аргане. Ранні ўзор свецкага шматгалосся — 6-галосы падвойны канон «Лета прыйшло» (на мяжы 14 ст.). Нармандскія заваёўнікі прынеслі ў Вялікабрытанію мастацтва менестрэляў і трубадураў. У канцы 14 — пач. 15 ст. паявіліся прыдворныя капэлы. У 1-й пал. 15 ст. вылучылася англ. школа поліфаністаў на чале з Дж.Данстэйблам, якая заняла гал. месца ў еўрап. поліфанічным мастацтве. У эпоху Адраджэння музыка ўвайшла ў побыт англ. арыстакратаў і гараджан, пашырыліся кансорты — садружнасці людзей, якія ігралі на розных інструментах, з’явіліся салісты-інструменталісты. У 16 ст. ў царк. музыку ўведзены буйныя формы — меса, магніфікат і інш., у свецкую — мадрыгал (У.Бёрд). У 16—17 ст. працавалі пачынальнікі еўрап. клавірнай музыкі кампазітары Дж.Бул, А.Гібанс, К.Тай, Дж.Тавернер, Т.Таліс, Дж.Даўленд. У пач. 17 ст. фарміруецца англ.муз.т-р, што ўзяў пачатак ад містэрый, музыку да якіх пісалі А.Ферабоска, браты Г. і У.Лоўс і інш. У час панавання пурытан (сярэдзіна 17 ст.) развіццё свецкай музыкі прыпынілася, асн.муз. жанрамі сталі рэліг. гімны, псалмы і хары на біблейскія тэксты, блізкія да нар. песеннасці. Пасля рэстаўрацыі Сцюартаў (1660) у муз. культуру зноў пачалі пранікаць ідэі Адраджэння, уплывы свецкай музыкі, што адбілася на творчасці Г.Пёрсела, стваральніка адной з першых англ. опер «Дыдона і Эней» (1689). Муз. культура 1-й пал. 18 ст. звязана з імем Г.Ф.Гендэля. У 18—19 ст. у муз. культуры Вялікабрытаніі панавалі іншаземныя ўплывы, асабліва італьян. опера. Захапленне ёю высмеяна ў парадыйнай «Оперы жабрака» (1728) Дж.Гея і І.К.Пепуша, якая дала пачатак т.зв. баладнай оперы, звязанай з традыцыямі менестрэляў. Творчасць кампазітараў 18—19 ст. (Т.Арн, У.Бенет, Г.Бішап, М.Балф, Дж.Барнет) звязана пераважна з т-рам. У канцы 19 ст. папулярныя былі аперэты А.Салівена і С.Джонса. У 19 ст. Лондан — адзін з цэнтраў еўрап.муз. жыцця. Тут гастралявалі Ф.Шапэн, Ф.Ліст, Н.Паганіні, Г.Берліёз, Р.Вагнер, Дж.Вердзі, А.Дворжак, П.Чайкоўскі, А.Глазуноў; створаны т-р«Ковент-Гардэн» (1732), Каралеўская акадэмія музыкі (1822), Трыніты-каледж (1872), Каралеўскі муз. каледж (1883), Акадэмія старадаўняй музыкі (1770), Кэтч-клуб (1761), шматлікія муз. т-вы. З 1784 у Лондане праводзяцца Гендэлеўскія фестывалі (з 1857 рэгулярна). Заснаваны фірмы муз. інструментаў «Бродвуд», «Хіл і сыны». З канца 19 ст. развіваецца муз. навука (сярод музыказнаўцаў Дж.Гроў). На мяжы 19—20 ст. узнікла т.зв.англ.муз. адраджэнне. Сярод прадстаўнікоў новай англ. кампазітарскай школы Э.Элгар, Х.Пэры, Ф.Дыліус, Г.Холст, Р.Воан-Уільямс, Дж.Айрленд, Ф.Брыдж. Адзін з буйнейшых майстроў англ. музыкі 20 ст. Б.Брытэн. Сярод інш. дзеячаў муз. культуры кампазітары М.Тыпет, Л.Берклі, А.Бліс, А.Бенджамін; дырыжоры Дж.Барбіролі, Т.Бічэм, М.Сарджэнт, А.Боўлт; піяністы Дж.Мур, Дж.Огдан; вакалісты К.Ферыер, Дж.Мак-Кормак, П.Пірс і інш. Сярод шматлікіх эстр. ансамбляў найб. вядомы «Бітлз», «Ролінг-Стоўнз», «Куін» і інш. У Лондане працуюць т-ры «Ковент-Гардэн» і «Сэдлерс-Уэлс», Англійская нац. опера, Каралеўскі балет, сімф. і камерныя аркестры, у т. л.Лонданскі філарманічны аркестр, Бі-Бі-Сі і інш.
Тэатр. Вытокі англ.т-ра звязаны з абрадавымі гульнямі. З 11 ст. існаваў царк.т-р як частка рэліг. рытуалу (літургічная драма, міракль). У пач. 13 ст. з пераносам царк. паказаў на гар. плошчы закладзены пачатак нар. містэрыяльнага сярэдневяковага т-ра (містэрыі, маралітэ, фарсы). У 14—16 ст. склаўся прафес. т-р. У 16 ст. з’явіліся вандроўныя трупы, аматарскі школьны т-р. Росквіту англ.тэатр. мастацтва і драматургія дасягнулі ў эпоху Адраджэння. Драматургія У.Шэкспіра на многія стагоддзі стала школай акцёрскага майстэрства. Найб. вядомыя тагачасныя акцёры Э.Алейн і Р.Бёрбедж. Пабудаваны тэатр. памяшканні — «Тэатр» (1576), «Лебедзь» (1596), «Глобус» (1599) і інш., набылі папулярнасць дзіцячыя трупы хлопчыкаў. У канцы 16 — пач. 17 ст. тэатр быў пераважна нар. відовішчам, з 1620-х г. ён ператварыўся ў арыстакратычную забаву. У час бурж. рэвалюцыі пурытане спец. указам (1642) забаранілі тэатр. паказы. Аднавілася тэатр. дзейнасць з рэстаўрацыяй манархіі Сцюартаў (1660). У 1663 у Лондане адкрыты т-р«Друры-Лейн». Росквіт тэатр. мастацтва эпохі Асветніцтва звязаны з «камедыямі нораваў» Р.Шэрыдана, творчасцю акцёра Д.Гарыка. Узвышаны стыль акцёрскага выканання, што панаваў у канцы 18 — пач. 19 ст., асабліва выявіўся ў творчасці Дж.Кембла і С.Сіданс. У рэпертуары т-раў 19 ст. пераважалі меладрамы, фарсы, перакладныя класічныя творы. Рамантычны кірунак у акцёрскім мастацтве звязаны з творчасцю Э.Кіна. У 2-й пал. 19 ст. ў Лондане пабудаваны новыя т-ры, набылі вядомасць акцёры і рэжысёры Ч.Кін, У.Макрэдзі, Г.Ірвінг і Э.Тэры (кіраўнікі т-ра «Ліцэум»). У 1890-я г. ўзніклі «Незалежны тэатр», «Олд Вік» і інш., якія прапагандавалі творы Б.Шоу, Дж.Голсуарсі. Разам з рэалістычным існавала пампезнае мастацтва акцёра і рэжысёра Г.Б.Тры; рэж. Т.Крэг вёў пошукі формаў сімвалісцкага т-ра. Дасягненні тэатр. мастацтва 20 ст. звязаны з творчасцю акцёраў Л.Аліўе, Дж.Гілгуда, А.Гінеса, В.Лі, Р.Рычардсана, М.Рэдгрэйва, П.Скофілда, С.Торндайк, Э.Эванс, П.Эшкрафт. Рэжысуру вызначаюць новае асэнсаванне шэкспіраўскай драматургіі, шырыня абагульненняў, вастрыня сцэн. прыёмаў (П.Брук, Т.Гатры, Рэдгрэйв), імкненне да рэалізму (Дж.Літлвуд, П.Хол, Т.Рычардсан). Пасля 2-й сусв. вайны ўзніклі т.зв. рэпертуарныя т-ры. Новы ўздым англ.т-ра пачаўся з п’есы Дж.Осбарна «Азірніся ў гневе» (1956). З’явілася драматургія «раззлаваных маладых людзей», новая сацыяльна-быт. драма. Не абмінулі англ.т-р «эксперыментальныя» кірункі, што ўзніклі ў Еўропе ў 1950—60-я г., у т. л. «тэатр абсурду». Тэатр. калектываў з пастаяннай трупай і ўласным памяшканнем у Вялікабрытаніі амаль няма. Звычайна тэатр. будынкі здаюць у арэнду трупам, якія фарміруюцца для пастаноўкі адной п’есы. Выключэнне складаюць Каралеўскі Шэкспіраўскі тэатр і Нацыянальны т-р (створаны ў 1963 на аснове т-ра «Олд Вік»). Сярод тэатр.навуч. устаноў: Каралеўская акадэмія драм. мастацтва, Цэнтр. школа дыкцыі і драм. мастацтва (Лондан), Бірмінгемская школа дыкцыі і драм. мастацтва, тэатр.ф-т пры Брыстольскім ун-це. З 1947 у г. Эдынбург штогод праводзіцца Міжнар. фестываль музыкі і драмы.
Кіно. Пачаткам нац. кінавытворчасці лічыцца першы паказ англ. фільма, арганізаваны ў 1896 У.Полам, які адначасова з братамі Люм’ер сканструяваў кінакамеру. Пол і рэжысёры т.зв. брайтанскай школы Э.Колінз, Дж.Уільямсан і Дж.А.Сміт выпускалі эксцэнтрычныя камедыі, экранізацыі, трукавыя фільмы. Вял. папулярнасцю карысталіся хронікі, дакумент. фільмы і кінамеладрамы. З 1906 у кінематаграфіі Вялікабрытаніі пачаўся працяглы крызіс; дэманстраваліся пераважна франц. экранізацыі і амер. «кінабаевікі». У 1927 парламент прыняў закон у падтрымку нац. кінематаграфіі, выпуск фільмаў павялічыўся. Асн. кінапрадукцыя 1930-х г. — меладрамы, фарсы і салонныя камедыі. Вылучаліся фільмы заснавальніка фірмы «Лондан філмс» рэж. А.Корды, у якіх здымаліся вядомыя акцёры Ч.Лоўтан, Р.Донат, Л.Хоўард, В.Лі, Л.Аліўе і інш. Вядомасць набылі дэтэктыўныя фільмы А.Хічкака, фільмы К.Відара («Цытадэль», 1938), К.Рыда («Зоркі глядзяць уніз», 1939). У 2-ю сусв. вайну значных поспехаў дасягнула дакумент. кіно (рэж. Х.Джэнінгс, С.Джыліят, Ф.Лаўндэр і інш.), якое паўплывала і на маст. кінематаграфію. Павялічыўся імпарт фільмаў ЗША (да 70%). Кінамастацтва пасляваен. гадоў дасягнула пэўных поспехаў у экранізацыях твораў У.Шэкспіра («Гамлет», 1948, «Рычард III», 1955, рэж. абодвух Аліўе), у пастаноўках эксцэнтрычных, сатыр. камедый (А.Макендрык, Г.Карнеліус, Дж. і Р.Боўлтынгі). Сярод лепшых фільмаў: «Шлях у вышэйшыя колы» (1958) Дж.Клейтана, «Азірніся ў гневе» (1958), «Смак мёду» (1962) і «Том Джонс» (1963) Т.Рычардсана, «У суботу ўвечары, у нядзелю ўранні» К.Рэйса (1960), «Так званае каханне» Дж.Шлезінгера і інш. Працавала кінагрупа дакументалістаў «Свабоднае кіно» (рэж. Л.Андэрсан, Рэйс і інш.). З сярэдзіны 1960-х г. пачалася актыўная амерыканізацыя брыт. кінапрамысловасці. Асн. кінапрадукцыя — дэтэктыўныя фільмы, прымітыўныя камедыі. Сац.-крытычнай накіраванасцю вылучаліся фільмы рэж. Р.Лестэра, П.Уоткінса. Творчасць рэжысёраў рэаліст. кірунку звязана пераважна з тэлебачаннем. Сярод вядомых акцёраў: Дз.Богард, Р.Бёртан, М.Рэдгрэйв, В.Рэдгрэйв, П.Усцінаў і інш.Гал.навуч. ўстановы: Лонданская кінашкола, Нац. кінашкола, Каралеўскі каледж мастацтваў, Тэлевізійная кінаакадэмія ў Лондане. У г. Эдынбург штогод праводзяцца кінафестывалі (у рамках Міжнар. фестывалю музыкі і драмы).
Беларусы ў Вялікабрытаніі. Першая значная хваля бел. эміграцыі ў Вялікабрытанію ўзнікла пасля 2-й сусв. вайны. Аснову эміграцыі склалі беларусы, якія ўдзельнічалі ў ваен. дзеяннях саюзнікаў у складзе Другога корпуса Андэрса арміі. Разам з перасяленцамі іх было каля 15 тыс. У 1947 засн.Згуртаванне беларусаў Вялікабрытаніі (ЗБВБ) з аддзеламі ў Лондане (1947), Брадфардзе (1948), Манчэстэры (1948) і Бірмінгеме (1952); праз давераных прадстаўнікоў ЗБВБ праводзіла работу ў Кембрыджы, Нотынгеме, Лідсе, Ковентры. У 1948 засн.Хрысц. аб’яднанне бел. работнікаў у Вялікабрытаніі (ХАБР), Згуртаванне бел. камбатантаў, Бел.хрысц.акад. аб’яднанне «Жыццё», Бел. незалежніцкі нар.-хрысц. рух, Саюз журналістаў. У 1949 створаны Каардынацыйны цэнтр бел. арг-цый у Вялікабрытаніі, які ўзгадняў культ. і грамадскую працу, наладжваў сувязі з сародзічамі ў інш. краінах. Пасля легалізацыі ЗБВБ (1948) беларусы атрымалі ліцэнзію на стварэнне ўласных прадпрыемстваў. Былі адчынены бюро па перасылцы паштовых пасылак, стаматалагічная лабараторыя, фотастудыя. У 1948 беларусы купілі ў Лондане дом, дзе размясціліся рэдакцыі іх часопісаў і газет, б-ка, архіў, праводзіліся сходы, лекцыі, святкаванні нац. угодкаў, працавала нядзельная школа. У 1949 пачаў дзейнасць бел. клуб у Манчэстэры. На сабраныя грошы набыты дамы ў Брадфардзе (1952) і Манчэстэры, якія сталі цэнтрамі бел. жыцця. У 1963 пры ЗБВБ засн. дапамогавая секцыя, якая мае аўтаномію, кіруецца асобным статутам і распараджаецца фондам (папаўняецца сродкамі з касы ЗБВБ і ахвяраваннямі прыватных асоб). Фонд зарэгістраваны брыт. ўладамі і вызвалены ад падаткаў, што дае магчымасць фінансаваць працу замежных даследчыкаў у галіне беларусазнаўства, сельскай гаспадаркі, эканомікі, палітыкі, выплачваць стыпендыі маладым вучоным з Беларусі, якія стажыруюцца ў ВНУ Вялікабрытаніі, аказваць дапамогу ахвярам Чарнобыля на Бацькаўшчыне. У 1964 у Бел. доме ў Лондане адкрыты Бел. юнацкі клуб, які аказваў моладзі дапамогу ў вучобе, працавала дадатковая школа для дзяцей, танц. гурток. У 1970 у Брадфардзе адкрыты грамадскі клуб «Сакавік», які разам з брадфардскім аддзяленнем ЗБВБ займаўся культ. і грамадскай працай. Цэнтрамі навук.-культ. жыцця ў Вялікабрытаніі сталі Беларуская бібліятэка і музей імя Францішка Скарыны і Англа-беларускае таварыства (АБТ), якія ўзаемадзейнічаюць у арг-цыі і правядзенні семінараў, навук. канферэнцый, выставак, літ. вечарын і інш. З нагоды 60-х угодкаў БНР у маі 1978 у Лондане дзейнічала Бел. замежная пошта. Значную ролю ў духоўным і культ. жыцці беларусаў Вялікабрытаніі адыгрывае царква. Місіі Бел. аўтакефальнай правасл. царквы існуюць у Лондане, Манчэстэры, Брадфардзе, Нотынгеме, Кембрыджы. У 1947 створана Бел. каталіцкая місія. Пры Доме марыянаў у Лондане дзейнічае царква св. Пятра і Паўла, у 1961—15 тут працавала бел. школа для хлопчыкаў імя св. Кірылы Тураўскага. У 1989 у Лондане створаны Бел.к-т дапамогі ахвярам радыяцыі, які ўзначаліў айцец К.Надсан. Выдавецкую дзейнасць ажыццяўляюць ЗБВБ, ХАБР, АБТ, Бел.б-ка і музей імя Ф.Скарыны і інш. На бел. мове выходзілі часопісы: грамадска-паліт.«Беларус на чужыне» (1947—50), «Аб’яднанне» (з 1948), «Патрыёт» (з 1949); навук. «The Journal of byelorussian studies» («Часопіс беларускіх даследаванняў», 1965—88); царк.«Божым шляхам» (1957—80), «Званіца» (1974), «На шляху» (1946—51), «Голас часу» (1989—95); маладзёжныя «Наперад» (1948—53), «Да мэты» (1948), сатырычны «Крапіва» (з 1949), бюлетэні «Змагар» (Згуртавання бел. камбатантаў, 1949—50), «Жыццё» (1948) і «Рунь» (Бел.хрысц.-акад. аб’яднання, 1950), «Чарнобыль у Беларусі» (з 1992), камунікаты Бел. выдавецкага фонду (1950), Бел. незалежнага нар.-хрысц. руху (1948—49). Выходзяць (1997): «Камунікат ЗБВБ» (з 1946), «Веснік Беларускага каталіцкага душпастырства» (з 1982).
Літ.:
Англия в эпоху абсолютизма: (статьи и источники). М., 1984;
Городецкая И.Е. Великобритания: избиратели, выборы, партии, 1945—1970. М., 1974;
Жигалов И.И. Современная история Великобритании (1945—1975). М., 1978;
Кертман Л.Е. География, история и культура Англии. 2 изд. М., 1979;
Аникст А. История английской литературы. М., 1956;
Английская литература, 1945—1980. М., 1987;
Daiches D. A critical history of English literature. Vol. 1-2, London, 1963;
Sanders A. The short Oxford history of English literature. London, 1996;
Виппер Б.Р. Английское искусство: Краткий ист. очерк. М., 1945;
Ковнацкая Л.Г. Английская музыка XX в.: Истоки и этапы развития. М., 1986;
Raynor H. Music in England. London, 1980;
Harrison F.L. Music in medieval Britain. 4 ed. Buren, 1980.
Ф.С.Фешчанка (прырода, гаспадарка), Н.Я.Арлова (гісторыя да канца 19 ст.), К.А.Далгучыц (гісторыя 20 ст), А.П.Ткачэнка (радыё, тэлебачанне), Н.М.Саркісава, В.В.Халіпаў (літаратура), В.Я.Буйвал (архітэктура, выяўл. мастацтва), Л.А.Сівалобчык (музыка), А.С.Ляднёва (беларусы ў Вялікабрытаніі).
Герб і сцяг Вялікабрытаніі.Да арт.Вялікабрытанія. Плошча Пікадылі-сёркус у Лондане.Да арт.Вялікабрытанія. Рачная даліна ва Уэльсе.Да арт.Вялікабрытанія. Ландшафт на ПдЗ Шатландыі.Да арт.Вялікабрытанія. Сабор у Кентэрберы. 1070—1503.Да арт.Вялікабрытанія. Сабор у Лінкальне. 1075—1380.Да арт.Вялікабрытанія. Каралеўскі замак у Віндзары. Канец 11 ст.Да арт.Вялікабрытанія. Комплекс будынкаў універсітэта ў Оксфардзе.Да арт.Вялікабрытанія. Інтэр’ер сабора ў Дарэме. 1-я пал. 12 ст.Да арт.Вялікабрытанія. Сабор св. Паўла ў Лондане. 1675—1710.Да арт.Вялікабрытанія. Дэкаратыўны парк палаца ў Бленіме.Да арт.Вялікабрытанія. Культурны цэнтр Барбікан у Лондане. 1984.Да арт.Вялікабрытанія. Дж.Рэйналдс. Партрэт графіні Спенсер з дачкой. 1759—61.Да арт.Вялікабрытанія. Англасаксонскія воіны. Мініяцюра з англійскага рукапісу 11 ст.Да арт.Вялікабрытанія. Т.Гейнсбара. Партрэт герцагіні дэ Бофарт (Дама ў блакітным). 1770-я г.Да арт.Вялікабрытанія. Мініяцюра «Месяц жнівень». 14 ст. Лондан. Брытанскі музей.Да арт.Вялікабрытанія. Адрыянаў вал. 122—133.Да арт.Вялікабрытанія. Галава надмагільнай статуі Эдуарда II. Сабор у Глостэры. Каля 1331.Да арт.Вялікабрытанія. У.Блейк. Жыццё чалавека. 1820-я г.Да арт.Вялікабрытанія. Н.Хіліярд. Юнак сярод кустоў руж. Каля 1588.