ЗАВАДО́ЎСКІ (Міхаіл Мікалаевіч) (26.11.1900, в. Пчалінаўка Варонежскай вобл., Расія — 29.1.1960),

удзельнік вызвалення Беларусі ад ням.-фаш. захопнікаў у Вял. Айч. вайну, ген.-лейт. (1944), Герой Сав. Саюза (1945). Скончыў курсы ўдасканалення вышэйшага камсаставу (1941), Вышэйшыя курсы пры Ваен. акадэміі Генштаба (1949). У Чырв. Арміі з 1918. У Вял. Айч. вайну з 1941 на Калінінскім, Зах., 3-м Бел. франтах. Стралковы корпус пад камандаваннем З. вызначыўся ў чэрв. 1944 пры вызваленні Барысава, Оршы, Мінска, Літвы, у баях за Кёнігсберг. Пасля вайны ў Сав. Арміі.

т. 6, с. 492

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗЭ́ЙДЭЛЬ (Іван) (Іаган Георг; ? — пасля 1787),

бел. архітэктар. У 1764—67 кіраваў буд-вам Рундальскага палаца (узведзены ў 1736—40 у стылі барока каля г. Баўска, Латвія, арх. В.​Растрэлі). У 1777—86 Магілёўскі губернскі архітэктар. У 1778—84 пад яго кіраўніцтвам ажыццёўлена забудова гал. плошчы горада — Губернатарскай. У 1774—75 стварыў праект будынка павятовых устаноў для гарадоў Магілёўскай губ.: Оршы, Рагачова і Мсціслава (узведзены ў 1780). Распрацаваў тыпавыя праекты правіянцкага склада, правіянцкай і саляной крам для гарадоў Магілёўскай і Полацкай губерняў.

т. 7, с. 121

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУ́РАЎШЧЫНА,

возера ў Аршанскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Аршыца, за 17 км на Пн ад Оршы. Пл. 0,21 км², даўж. каля 2,1 км, найб. шыр. 230 м, найб. глыб. 1 м, даўж. берагавой лініі каля 2,3 км. Пл. вадазбору каля 4 км². Створана плацінай на невял. ручаі ў пач. 20 ст. Схілы катлавіны выш. 2—5 м, пераважна разараныя. Берагі выш. 0,2 м, месцамі зліваюцца са схіламі, у паўд. заліве сплавінныя. Дно выслана сапрапелем. Зарастае. Выцякае ручай у р. Міронаўка.

т. 9, с. 43

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРША́НСКІ ЛЬНОКАМБІНА́Т.

Пабудаваны ў 1928—37 (1-я чарга) у Оршы. У 1963 уведзена 2-я, у 1972 — 3-я чарга. У 1973 у склад камбіната ўвайшла Аршанская льнопрадзільная ф-ка «Дняпро» (пастаўляе пражу дывановым прадпрыемствам Беларусі). З 1975 — ВА «Аршанскі льнокамбінат», з 1990 — арэнднае вытворча-гандл. прадпрыемства. Асн. прадукцыя (1995): бытавыя (дэкаратыўныя, бялізнавыя, сукеначна-касцюмныя, кашульныя, на сурвэткі, абрусы, пакрывалы, ручнікі), тэхн. і тарныя тканіны. У 1994 выраблена 41 тыс. м² ільняных тканін (макс. выпуск 215 тыс. м² быў у 1989). Пры камбінаце тэхнікум і ПТВ тэкстыльшчыкаў.

т. 1, с. 540

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУЛЫ́ГА (Уладзімір Антонавіч) (н. 7.9.1936, в. Канюцічы Мінскага р-на),

бел. скульптар. Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1967). Выкладчык БПА (з 1967). Працуе ў галіне станковай і манум. скульптуры. Сярод работ: кампазіцыі «Арсеналец» (1967), «Юнацтва» (1970); партрэты М.​Багдановіча, хірурга В.​А.​Мохарта; помнікі С.​І.​Вавілаву ў Мінску і землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну (в. Брадзяцін Маларыцкага р-на, абодва 1978), мемарыяльныя дошкі М.​Лынькову, М.​В.​Дарашэвічу ў Мінску, І.​І.​Якубоўскаму ў Оршы і інш.

У.Булыга. Юнацтва. 1970.

т. 3, с. 331

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАХА́РАЎ (Георгій Няфёдавіч) (24.4.1908, с. Старое Сямёнкіна Самарскай вобл., Расія — 6.1.1996),

удзельнік баёў на Беларусі ў Вял. Айч. вайну, ген.-м. авіяцыі (1940), Герой Сав. Саюза (1945). Скончыў Сталінградскую ваен. шкалу лётчыкаў (1933), Ваен. акадэмію Генштаба (1950). У Чырв. Арміі з 1930. Удзельнік вайны ў Іспаніі 1936—39. З 1941 на Зах., 3-м Бел. франтах. Камандзір знішчальнай авіядывізіі, у склад якой уваходзіў франц. полк «Нармандыя—Нёман». З. вызначыўся пры вызваленні Віцебска, Оршы, Мінска, Гродна. Да 1961 у Сав. Арміі. Аўтар кніг «Аповесць аб знішчальніках» (1977), «Я — знішчальнік» (1985) і інш.

т. 7, с. 10

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЛЫ́Я НАРО́ДНЫЯ ВУЧЫ́ЛІШЧЫ двухгадовыя пач. навуч. ўстановы ў Рас. імперыі ў 1786—1803. Засн. паводле Статута 1786 пераважна ў пав. гарадах (доследныя ствараліся ў Пецярбургу з 1782). Прымаліся дзеці ўсіх саслоўяў, акрамя прыгонных сялян. Выкладаліся пісьмо, чытанне кнігі «Аб пасадах чалавека і грамадзяніна», катэхізіс, арыфметыка, граматыка, чыстапісанне, маляванне. Утрымліваліся на мясц. сродкі. Навучанне бясплатнае. У канцы 18 ст. існавала каля 300 М.н.в. (17 тыс. навучэнцаў). На Беларусі ў пач. 19 ст. такія вучылішчы існавалі ў Полацку, Оршы, Мсціславе, Чэрыкаве, Чавусах і Копысі. У 1803 яны рэарганізаваны ў прыходскія і пав. вучылішчы.

т. 10, с. 41

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕТУШКО́Ў (Аляксей Свірыдавіч) (18.10.1913, г. Лісічанск Луганскай вобл., Украіна — 27.7.1991),

Герой Сав. Саюза (1944). Беларус. Скончыў Сталінградскую ваен. авіяшколу (1936), Ваен. акадэмію Генштаба (1956). У Чырв. Арміі з 1933. У Вял. Айч. вайну на фронце з 1941. Нам. камандзіра авіяпалка далёкага дзеяння падпалк. П. да крас. 1944 зрабіў 250 баявых вылетаў на бамбардзіроўку варожых аб’ектаў у Варонежы, Курску, Арле, Харкаве, Кіеве, Мінску, Таліне, Нарве, Пскове, Оршы. Удзельнічаў у вызваленні Кёнігсберга, Бухарэста, Данцыга, Будапешта, Берліна. Да 1959 у Сав. Арміі, да 1977 на адм. рабоце.

А.С.Петушкоў.

т. 12, с. 339

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРША́НСКАЕ ЕВА́НГЕЛЛЕ,

бел. рукапісны помнік канца 12 — пач. 13 ст. Выяўлена ў Оршы ў 1812. Верагодна, створана на Полаччыне. Зберагліся 142 аркушы (без пачатку і канца), пісаныя ўставам на высакаякасным пергаменце. У Аршанскім евангеллі змешчаны 2 мініяцюры з выявамі евангелістаў Лукі і Мацвея (найб. раннія ва ўсх.-слав. рукапісах), 2 застаўкі і 310 ініцыялаў з варыяцыямі старавізантыйскіх і першапачатковых тэраталагічных формаў (у асобных ініцыялах — выявы чалавека). За рэліг. абалонкай праглядаецца жывая нар. аснова, што збліжае іх з размалёўкамі Спаса-Ефрасіннеўскага манастыра ў Полацку. Зберагаецца ў Цэнтр. навук. бібліятэцы АН Украіны.

Да арт. Аршанскае евангелле. Евангеліст Лука. Мініяцюра. 13 ст.

т. 1, с. 536

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРША́НСКІ КУЦЕ́ІНСКІ БОГАЯЎЛЕ́НСКІ МАНАСТЫ́Р,

помнік архітэктуры барока. Заснаваны ў 1623 як праваслаўны мужчынскі манастыр. Размешчаны на паўн.-зах. ускраіне Оршы ў сутоках Дняпра і Куцеінкі. Складаўся з галоўнага Богаяўленскага сабора, Святадухаўскай царквы, званіцы, манастырскіх і гасп. пабудоў. Быў абнесены агароджай з бутавага каменю і цэглы. Драўляны Богаяўленскі сабор пабудаваны ў 1623—35; згарэў у 1888. У 1630 бел. асветнік і кнігадрукар Спірыдон Собаль заснаваў пры манастыры Куцеінскую друкарню. Захаваліся Святадухаўская царква (узведзена ў 1-й пал. 17 ст.), манастырскі будынак, частка сцяны.

Т.​В.​Габрусь.

Аршанскі Куцеінскі Богаяўленскі манастыр. Святадухаўская царква. З малюнка Д.​Струкава. 19 ст.

т. 1, с. 540

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)