ГЕАСІНКЛІНА́ЛЬНЫ ПО́ЯС, геасінкліналь,

выцягнутая рухомая зона зямной кары, якая ўзнікае на мяжы акіянскіх і кантынентальных літасферных пліт ці ў выніку рыфтагенезу і расшчаплення кантынентальных пліт. Даўж. дасягае дзесяткаў тысяч, шырыня — соцень (радзей тысяч) кіламетраў. Характарызуецца лінейным размеркаваннем фацый асадкаў і праяўлення магматызму, актыўнымі працэсамі складкаўтварэння, асобым тыпам мінералізацыі з утварэннем радовішчаў карысных выкапняў. Інтэнсіўная складкавасць і магматызм прыводзяць да метамарфізму горных парод. Поўны цыкл развіцця геасінклінальнага пояса звычайна адбываецца на працягу аднаго этапа тэктагенезу. На першых стадыях развіцця пераважае апусканне ўсяго пояса і назапашванне магутнай тоўшчы асадкавых і вулканічных парод. Потым узмацняецца інтрузіўная дзейнасць, што месцамі прыводзіць да складкаўтварэння. На заключных стадыях адбываюцца актыўныя тэктанічныя дэфармацыі, укараненне значных інтрузій кіслай магмы і гранітызацыя. Геасінклінальны пояс пераўтвараецца ў складкава-насоўныя горы, падзеленыя міжгорнымі і акаймаваныя перадгорнымі прагінамі. Геасінклінальныя паясы складаюцца з геасінклінальных абласцей, куды ўваходзяць асобныя геасінклінальныя сістэмы. Прыклад старажытнага геасінклінальнага пояса — Урала-Мангольскі, герцынскага этапу тэктагенезу; сучаснага — Ціхаакіянская ўскраіна Азіі з астраўнымі дугамі і ўнутр. морамі альпійскага этапу (гл. Ціхаакіянская геасінклінальная вобласць).

М.​А.​Нагорны.

Стадыі развіцця геасінклінальнага пояса: 1 — пачатковая; 2 — сталая; 3 — завяршальная; а — вада; б — зямная кара (А — асадкавы слой; Б — гранітны слой; В — базальтавы слой); в — мантыя; г — магматычныя ўтварэнні (інтрузіўныя і вулканічныя); д — асноўныя напрамкі вулканічных рухаў.

т. 5, с. 122

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЧЫ́СТКА АСЯРО́ДДЗЯ,

комплекс мерапрыемстваў па прадухіленні наступстваў забруджвання навакольнага асяроддзя ад антрапагеннага ўздзеяння. Падзяляецца на ачыстку паветра, ачыстку паверхневых і падземных водаў, глебы, біясферы і мерапрыемствы па зніжэнні антрапагеннага, шумавога і тэмпературнага забруджвання. Ачыстка паверхневых водаў прадугледжвае стварэнне сістэмы фільтрацыі, аэрацыі, абясшкоджання вады ў паверхневых крыніцах, ачыстку сцёкавых водаў, стварэнне замкнёных сістэм водазабеспячэння прадпрыемстваў, укараненне сістэм біял. ачысткі, рэканструкцыю сетак і збудаванняў сістэм водазабеспячэння. Ачыстка падземных водаў неабходная ў выпадках забруджвання гэтых водаў нітратамі, радыенуклідамі і інш. шкоднымі для здароўя чалавека рэчывамі. Пры значным перавышэнні забруджвання падземных водаў прадугледжваецца забарона іх ужывання. Ачыстка глебы патрабуецца ў выпадках перанасычэння яе мінер. ўгнаеннямі і ядахімікатамі, назапашваннем адходаў прам-сці ці жыццядзейнасці чалавека (звалкі). Выкарыстоўваюць прыёмы агратэхнікі і севазвароту, утылізацыі адходаў і інш.; у выпадках катастрафічнага яе забруджвання (напр., радыенуклідамі) неабходна радыкальная ачыстка з выдаленнем і пахаваннем паверхневых пластоў глебы і забаронай іх выкарыстання. Ачыстка біясферы прадугледжвае паніжэнне ў ёй узроўню шкодных рэчываў: новых хім. злучэнняў (ксенабіётыкі, некаторыя пестыцыды, поліхлорбіфенілы і інш.), часцінак і чужародных прадметаў (попел, сажа, пыл і інш.), а таксама шуму, радыеактыўнасці (ад ядз. выпрабаванняў, назапашванне радыеактыўных адходаў ад АЭС, пры аварыях на атамных прадпрыемствах і інш.). У выпадках забруджвання біясферы радыенуклідамі неабходна спец. пахаванне заражаных жывёльных і раслінных аб’ектаў ці абмежаванае іх выкарыстанне.

Т.​А.​Філюкова.

т. 2, с. 164

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНАБАЛІ́ЗМ (ад грэч. anabolē уздым), асіміляцыя,

сукупнасць хім. працэсаў у жывым арганізме, якія забяспечваюць біял. сінтэз патрэбных для жыцця складаных рэчываў (бялкоў, поліцукрыдаў, тлушчаў, нуклеінавых кіслот і інш.) з больш простых. Накіраваны на ўтварэнне і абнаўленне структурных частак клетак і тканак. Непарыўна звязаны з катабалізмам (процілеглы працэс) і ўтварае з ім хім. аснову прамежкавага абмену рэчываў і абмену энергіі (забяспечвае яе назапашванне) у арганізме. Аўтатрофныя арганізмы (зялёныя расліны і некаторыя грыбы) здольныя ажыццяўляць першасны сінтэз арган. злучэнняў з CO2 з выкарыстаннем вонкавых крыніц энергіі (сонечнага святла, акіслення неарган. рэчываў), гетэратрофныя — толькі за кошт энергіі, якая вызваляецца ў працэсах катабалізму. Колькасць зыходных кампанентаў для біясінтэзу абмежаваная (глюкоза, рыбоза, амінакіслоты, піравінаградная кіслата, гліцэрына, ацэтылкаэнзім анабалізму і інш.). Як правіла, анабалізм забяспечваецца спецыфічным наборам ферментаў і ўключае шэраг аднаўленчых этапаў. У працэсе анабалізму кожная клетка сінтэзуе характэрныя для яе бялкі, вугляводы, тлушчы і інш. злучэнні (напр., мышачныя клеткі сінтэзуюць уласны глікаген і не скарыстоўваюць глікаген печані). У высокаарганізаваных арганізмаў у рэгуляцыі анабалізму на ўзроўні клетачнага абмену рэчываў акрамя ферментаў удзельнічаюць гармоны і інш. біял. актыўныя рэчывы, нерв. сістэма (гл. Нейрагумаральная рэгуляцыя). Многія прыродныя і сінтэтычныя рэчывы (анаболікі) здольныя павышаць узровень анабалізму, іх выкарыстоўваюць для штучнага нарошчвання мышачнай масы цела ў спорце (праблема допінг-кантролю), таксама як лек. сродкі ў тэрапіі хвароб абмену рэчываў.

т. 1, с. 331

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗОАГЕАГРА́ФІЯ (ад зоа... + геаграфія), геаграфія жывёл,

раздзел біягеаграфіі, які вывучае размеркаванне ў сучасным і мінулым відаў жывёл, іх экалагічных груповак і заканамернасці іх пашырэння на зямным шары.

Першыя звесткі па З. з’явіліся ў працах Арыстоцеля, Плінія Старэйшага і інш.; асабліва хутка назапашванне інфармацыі ішло ў эпоху вял. геагр. адкрыццяў 15—17 ст. Спробы падзелу паверхні Зямлі на асобныя зоагеагр. прасторы рабіліся ў 1-й пал. 19 ст. Вял. значэнне для развіцця З. мелі працы вучоных: англ. Ф.​Склетэра, А.​Уолеса, рас. М.​А.​Северцава, Л.​С.​Берга, Л.​А.​Зянкевіча, М.​А.​Мензбіра, П.​П.​Сушкіна і інш.

На Беларусі даследаванні па З. вядуцца з 1920-х г. (А.​У.​Фядзюшын, У.​В.​Станчынскі). Стан жывёльнага свету (віды і групоўкі млекакормячых, птушак, рыб, насякомых, паразітычных членістаногіх, водных беспазваночных) вывучалі І.​М.​Сяржанін, Фядзюшын, М.​С.​Долбік, П.​І.​Жукаў, І.​К.​Лапацін, В.​І.​Мержаеўская, Т.​Р.​Іанісіяні, І.​Ц.​Арзамасаў, І.​В.​Чыкілеўская, М.​М.​Драко і інш. Н.-д. работа вядзецца ў Ін-це заалогіі Нац. АН, БДУ, Бел. геолагаразведачным НДІ і інш. На падставе даных З. вучоныя складаюць схемы зоагеаграфічнага раянавання, абгрунтоўваюць рацыянальныя спосабы выкарыстання і аховы жывёльнага свету ў рэгіёнах.

Літ.:

Лопатин И.К. Зоогеография. 2 изд. Мн., 1989.

І.​К.​Лапацін.

т. 7, с. 103

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІКРААРГАНІ́ЗМЫ, мікробы,

найдрабнейшыя арганізмы, бачныя толькі пад мікраскопам. Адкрыты ў 17 ст. А.Левенгукам. Да М. належаць пракарыёты (бактэрыі, сіне-зялёныя водарасці, архебактэрыі) і эўкарыёты (мікраскапічныя грыбы, водарасці, прасцейшыя). Большасць М. — аднаклетачныя арганізмы. Характарызуюцца высокай скорасцю росту і размнажэння, якое адбываецца часта шляхам простага дзялення клеткі. Здольныя існаваць пры т-ры 7—105 °C, павышаным узроўні радыяцыі, у моцнакіслым (pH менш за 1) або шчолачным (pH 9 і болей) асяроддзі, пры адсутнасці кіслароду, пераносіць вельмі нізкую т-ру, высушванне і інш. экстрэмальныя ўмовы. Пашыраны ўсюды ў прыродзе і адыгрываюць важную ролю ў кругавароце рэчываў у біясферы: забяспечваюць мінералізацыю арган. злучэнняў, фіксуюць малекулярны азот, удзельнічаюць у разбурэнні горных парод, глебаўтварэнні, фарміраванні некат. карысных выкапняў і інш. Выкарыстоўваюцца ў сельскай гаспадарцы, вытв-сці кармавога бялку, вінаробстве, хлебапячэнні, атрыманні малочнакіслых прадуктаў, антыбіётыкаў, вітамінаў, амінакіслот і інш. Некат. М. патагенныя для чалавека, жывёл і раслін. Развіццё шэрагу М. прыводзіць да збяднення глебы на азот, псавання с.-г. прадукцыі, карозіі метал. абсталявання, разбурэння прамысл. вырабаў, будынкаў, выклікае цвіценне і забалочванне вадаёмаў і назапашванне ў іх атрутных рэчываў (серавадароду, нітрытаў і інш.). Вывучэнне М. прывяло да адкрыцця фундаментальных біял. заканамернасцей і стала асновай біятэхналогіі. Вывучае М. мікрабіялогія.

Літ.:

Стейниер Р., Эдельберг Э., Ингрэм Дж. Мир микробов: Пер. с англ. Т. 1—3. М., 1979;

Нейман Б.Я. Индустрия микробов. М., 1983.

т. 10, с. 357

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІЯЭНЕРГЕ́ТЫКА,

раздзел біялогіі, які вывучае ператварэнне энергіі ў біясістэмах: атрыманне энергіі (у першую чаргу сонечнай) з навакольнага асяроддзя, яе назапашванне і выкарыстанне для жыццядзейнасці арганізмаў.

Пачаткам біяэнергетыкі лічацца работы ням. ўрача Ю.​Р.​Маера, які адкрыў закон захавання і ператварэння энергіі (1841) на прыкладзе чалавека. Атрымала шырокае развіццё ў 2-й пал. 20 ст. Вял. ўклад зрабілі вучоныя франц. Л.Пастэр, ням. Г.​Эмбдэн, О.Меергоф, О.​Варбург (браджэнне і дыханне), рус. У.А.Энгельгарт, У.​А.​Беліцэр, амер. А.​Ленінджэр (акісляльнае фасфарыліраванне), англ. П.​Мітчэл (хеміасматычная тэорыя спалучэння паміж акісленнем і фасфарыліраваннем).

На Беларусі навук. даследаванні па біяэнергетыцы пачаліся ў 1960-я г., звязаны з імёнамі А.Н.Разумовіча, А.Ц.Пікулева, Ю.М.Астроўскага, В.М.Іванчанкі, Э.​П.​Цітаўца, А.​М.​Стажарава, Л.С.Чаркасавай, М.Ю.Тайца і інш. (цыкл Крэбса, энергет. стан арганізма пры розных вонкавых, у т. л. радыяцыйных, уздзеяннях і паталогіях). У працах С.В.Конева і А.​М.​Рудэнкі даказана вырашальная роля канфармацыйнай рухомасці бялкоў унутр. мембраны мітахондрый у трансмембранным выкідзе пратонаў. Істотны ўклад у разуменне біясінтэзу фотасінт. апарату раслін і яго арганізацыі зрабілі Ц.М.Годнеў, А.А.Шлык, М.М.Ганчарык, Л.​І.​Фрадкін, Н.​Г.​Аверына, А.​Б.​Руды. Даследаванні па біяэнергетыцы вядуцца ў ін-тах АН Беларусі (фотабіялогіі, эксперым. батанікі), Бел. НДІ неўралогіі, нейрахірургіі і фізіятэрапіі, БДУ, Мінскім мед. ін-це і інш.

Літ.:

Ясайтис А.А. Молекулярная биоэнергетика. М., 1973;

Конев С.В., Волотовский И.Д. Фотобиология. 2 изд. Мн., 1979;

Рубин А.Б. Биофизика. Кн. 1—2. М., 1987;

Скулачев В.П. Энергетика биологических мембран. М., 1989.

С.​В.​Конеў.

т. 3, с. 182

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕЛЕ́КЦЫЯ РАСЛІН,

тэорыя і практыка стварэння і паляпшэння сартоў і гібрыдаў раслін. Распрацоўвае спосабы ўздзеяння на расліны з мэтай змянення іх спадчынных якасцей у патрэбным кірунку. Звязана з сістэматыкай, марфалогіяй, фізіялогіяй, біяхіміяй раслін і інш. Тэарэт. аснова С.р. — генетыка раслін. Асн. метады С.р.: адбор, гібрыдызацыя, мутагенез, поліплаідыя. Перспектыўны кірунак С.р. — сінтэтычная С.р., заснавана на выкарыстанні з’явы трансгрэсіі (больш моцнае развіццё станоўчых якасцей у патомкаў у параўнанні з бацькоўскімі формамі) у гібрыдаў, што атрыманы скрыжаваннем некалькіх сартоў ці форм. На Беларусі навук. працы па С.р. вядуцца з канца 19 ст. (М.​В.​Рытаў, А.​Семпалоўскі, К.​Бяляўскі); планамерныя даследаванні — з 1920-х г. у Бел. аддзяленні Усесаюзнага ін-та раслінаводства, на Бел. с.-г. доследнай станцыі паляводства і інш. Да 1941 створаны бел. сарты і сабраны селекцыйны матэрыял палявых, агароднінных, пладовых і ягадных культур. Праблемамі С.р. займаюцца НДІ генетыкі і цыталогіі, аховы раслін і інш. Нац. агр. АН Беларусі, земляробства і кармоў, бульбаводства, гароднінаводства, пладаводства і інш. Нац. АН Беларусі. Створаны: сарты і гібрыды бульбы, капусты, якія спалучаюць прадукцыйнасць, хваробаўстойлівасць і макс. назапашванне пажыўных рэчываў; нізкарослыя і высокапрадукцыйныя сарты збожжавых культур; скараспелыя кукурузы; лёну і лубіну, устойлівыя да фузарыёзу і інш. Найб. вядомыя сарты бел. С.р.: азімага жыта — Спадчына, Завея-2, Дружба, Белта; ячменю — Жодзінскі-5, Крынічны, Прыма Беларусі, Візіт, Верас, Гонар; трыцікале — Дар Беларусі, Міхась, Мара, Лана; аўса — Вандроўнік; бульбы — Лазурыт, Явар, Скарб, Архідэя, Арбіта, Ласунак, Беларускі-3; лёну — Аршанскі-2; яблыні — Алеся, Антэй і інш. Шматлікія сарты бел. С.р. унесены ў нац. рэестры Расіі, Украіны, краін Балтыі.

З.​А.​Казлоўская.

т. 14, с. 305

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТРАВАВА́ННЕ,

сукупнасць працэсаў, што забяспечваюць мех. драбненне і хім. (пераважна ферментатыўнае) расшчапленне харч. рэчываў на кампаненты, прыдатныя да ўсмоктвання і ўдзелу ў абмене рэчываў. Адрозніваюць 3 асн. тыпы. Пры ўнутрыклетачным С. харч. субстрат паступае ўнутр клеткі, дзе гідралізуецца ферментамі цытаплазмы або пры ўдзеле лізасом, а таксама ва ўнутрыклетачных поласцях — стрававальных вакуолях (гл. Пінацытоз, Фагацытоз). Пашырана ў аднаклетачных, некат. ніжэйшых мнагаклетачных і ў вышэйшых жывёл. Пазаклетачнае, або дыстантнае, С. характарызуецца тым, што ферменты, якія сінтэзуюцца ў клетках, выдзяляюцца ў знешняе асяроддзе і гідралізуюць харч. рэчывы. Пашырана ў кішачнаполасцевых, ракападобных, насякомых і інш. У вышэйшых мнагаклетачных адбываецца ў поласцях стрававальна-кішачнага тракту (поласцевае С.). Мембраннае, або прысценачнае, С. ажыццяўляецца ферментамі, лакалізаванымі на структурах клетачнай мембраны, звычайна на паверхні кішэчных клетак. Уласціва многім беспазваночным і ўсім пазваночным жывёлам. У норме ў працэсах С. важную ролю адыгрываюць мікраарганізмы, а ў некат. жывёл прасцейшыя, што насяляюць розныя аддзелы стрававальнай сістэмы. У роце адбываецца пераважна мех. драбненне ежы і змочванне яе слінай; у страўніку — кіслотная дэнатурацыя бялковых кампанентаў ежы і пачатковыя стадыі гідролізу бялкоў; найб. інтэнсіўныя працэсы расшчаплення (з удзелам ферментаў падстраўнікавай залозы, солей жоўцевых к-т) і ўсмоктвання канчатковых прадуктаў — у тонкай кішцы. Асн. канечнымі прадуктамі расшчаплення бялкоў з’яўляюцца амінакіслоты, тлушчаў — гліцэрын і тлустыя к-ты, вугляводаў — монацукрыды. Пасля ўсмоктвання з іх у органах і тканках зноў сінтэзуюцца складаныя, спецыфічныя для арганізма злучэнні. У тоўстай кішцы С. звычайна адсутнічае, а адбываецца інтэнсіўнае ўсмоктванне вады, электралітаў, глюкозы, некат. вітамінаў і амінакіслот, якія выпрацоўвае кішэчная мікрафлора. Па меры прасоўвання і ўшчыльнення змесціва кішэчніка фарміруецца кал, назапашванне якога выклікае акт дэфекацыі. Дзейнасць органаў С. кантралюецца вегетатыўнай нерв. сістэмай і гумаральнымі фактарамі.

Літ.:

Уголев А.М. Эволюция пищеварения и принципы эволюции функций. Л., 1985;

Яго ж. Теория адекватного питания и трофология. СПб., 1991.

А.​С.​Леанцюк.

т. 15, с. 191

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕАФІ́ЗІКА (ад геа... + фізіка),

навука аб фіз. палях Зямлі, фіз. уласцівасцях і будове рэчыва Зямлі і працэсах ва ўсіх геасферах. У вузкім сэнсе геафізіка — навука аб фіз. з’явах у цвёрдых сферах: зямной кары, мантыі Зямлі, ядры Зямлі. Фіз. працэсы ў гідрасферы вывучае гідрафізіка, у атмасферы — фізіка атмасферы.

Элементы натуральнай геафізікі вядомы з прац антычных вучоных. У 17—19 ст. адкрыты асн. законы макраскапічнай фізікі, створаны першыя геафізічныя абсерваторыі. Як комплексная навука геафізіка аформілася ў сярэдзіне 19 ст., у сучасным разуменні — з 1960-х г. Асновы тэорыі і прыкладной геафізікі распрацавалі Д.Ф.Араго, (Францыя), Б.​Гутэнберг (ЗША), Х.​Джэфрыс (Вялікабрытанія), рус. і сав. вучоныя А.​Дз.Архангельскі, Р.А.Гамбурцаў, М.​С.​Маладзенскі, А.​М.​Ціханаў, П.​П.​Лазараў, А.​І.​Забароўскі, У.​У.​Фядынскі, Э.​Э.​Фатыяды і інш. Геафізіка падзяляецца на фізіку Зямлі і пошукава-разведвальную геафізіку (гл. Геафізічная разведка). Фізіка Зямлі — тэарэт. навука, якая фіз. метадамі даследуе глыбінную будову і глыбінныя працэсы Зямлі. У ёй вылучаюцца буйныя раздзелы: геадынаміка, геатэрмія, гравіметрыя, сейсмалогія, геамагнетызм (гл. Зямны магнетызм), геаэлектрыка, даследаванні мінералаў і горных парод пры высокіх ціску і т-рах. Пошукава-разведвальная геафізіка — прыкладная навука, якая фіз. і матэм. метадамі даследуе будову верхняй часткі зямной кары з мэтай пошукаў і разведкі радовішчаў карысных выкапняў, для вырашэння задач гідрагеалогіі і інж. геалогіі. У ёй вылучаюцца структурная (пошукі нафтавых і газавых радовішчаў), рудная (радовішчаў руд і рудных вузлоў) і прамысл. геафізіка (даследаванні геал. разрэзу свідравін). У 1970-я г. вылучылася вылічальная геафізіка, мэта якой — назапашванне, захоўванне і аналіз інфармацыі з шырокім выкарыстаннем ЭВМ. Геафізіка цесна звязана з фіз.-матэм., тэхн. (аўтаматыка, электроніка, кібернетыка, касманаўтыка) і геал. навукамі (геалогія, геахімія, планеталогія, тэктоніка і інш.).

На Беларусі геафізіка развіваецца з 1930-х г., калі пачалі праводзіць гравіметрычную і магнітную здымку. З 1950-х г. вядзецца планамернае геафіз. вывучэнне тэр. краіны. Даследаванні праводзяць з 1957 у Геолагаразведачным навукова-даследчым інстытуце, з 1960 у Плешчаніцкай геафізічнай абсерваторыі, з 1971 у Інстытуце геалагічных навук Нац. АН Беларусі, Геафізічнай экспедыцыі і інш. падраздзяленнях ВА «Беларусьгеалогія», а таксама ў Гомельскім дзярж. ун-це і БДУ.

Г.​І.​Каратаеў.

т. 5, с. 124

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УЗНАЎЛЕ́ННЕ (эканам.),

пастаяннае паўтарэнне і бесперапыннае аднаўленне працэсаў вытв-сці. Уключае 4 фазы: вытв-сць, размеркаванне, абмен і спажыванне. Зыходным ва ўзнаўленчым працэсе з’яўляецца вытв-сць, іншыя яго фазы залежаць ад яе і ўплываюць на яе. Ва ўмовах рыначнай эканомікі, калі вырабляецца тое, што карыстаецца попытам і канкрэтна спажываецца, роля абмену і спажывання павышаецца і паслядоўнасць фаз мяняецца — за вытв-сцю ідзе абмен, а потым размеркаванне і спажыванне. Па элементах вылучаюць У. фактараў вытв-сці (сродкі вытв-сці, рабочая сіла, прыродныя рэсурсы), У. прадукту, У. вытв. адносін. Напр., У. рабочай сілы таксама носіць пафазны характар і ўключае сістэму адносін, звязаных з яе вытв-сцю, размеркаваннем, абменам і выкарыстаннем. Гэта прадугледжвае захаванне дзеючай рабочай сілы, аднаўленне зрасходаванай рабочай сілы і колькасны прырост занятых у грамадскай вытв-сці, назапашванне ведаў, практычнага вопыту пры навучанні і прац. дзейнасці. Неабходнай умовай грамадскага У. выступае размеркаванне рабочай сілы на аснове прафес. і функцыянальнага падзелу працы. У працэсе абмену ўладальнік рабочай сілы сваю здольнасць да працы прадае ўласніку сродкаў вытв-сці, а пры выкарыстанні (спажыванні) рабочай сілы жывая праца матэрыялізуецца ў вырабленых прадуктах ці паслугах. Паводле эканам. зместу адрозніваюць простае і расшыранае У. Простае У. — паўтарэнне працэсу вытв-сці ў ранейшых памерах; дадатковых сродкаў для набыцця фактараў вытв-сці не патрабуе. Расшыранае У. — паўтарэнне і аднаўленне працэсу вытв-сці з усё большым павелічэннем яе маштабаў. К.​Маркс распрацаваў умовы рэалізацыі сукупнага грамадскага прадукту пры простым і расшыраным У. Пры простым У. сукупны грамадскі прадукт толькі кампенсуе спажытыя жыццёвыя даброты, затрачаныя на яго вытв-сць прылады і прадметы працы, з прычыны чаго накапленне ў грамадстве адсутнічае. Пры расшыраным У. сукупны грамадскі прадукт не толькі кампенсуе гэтыя затраты, але і забяспечвае іх лішак для расшырэння вытв-сці, стварэння рэзерваў і страхавых запасаў. У тэорыі рыначнай эканомікі падыходамі К.​Маркса не карыстаюцца. Макраэканамічная раўнавага вывучаецца на аснове суадносін сукупнага попыту і сукупнай прапановы, але сутнасць У. не адмаўляецца. Лічыцца, што У. — гэта расшырэнне вытв-сці на аснове накаплення і інвестыцый, і ставіцца праблема суадносін спажывання, ашчаднасці і інвестыцый.

А.​В.​Бондар, М.​І.​Платніцкі.

т. 16, с. 183

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)