МАЖА́ЙСКІЯ малодшая лінія маскоўскіх вял. князёў. Паходзілі ад Андрэя Дзмітрыевіча

(1382—1432),

сына вял. кн. маскоўскага Дзмітрыя Іванавіча Данскога. Андрэй Дзмітрыевіч атрымаў ва ўдзел Мажайск (адсюль прозвішча роду), Вераю, Калугу, Белавозера. Ад яго старэйшага сына Івана пайшоў род М., ад малодшага Міхаіла — род князёў Вярэйскіх. Найб. вядомыя:

Іван Андрэевіч (? — да 1483), сын Андрэя Дзмітрыевіча. У час феад. вайны ў Расіі 1425—53 уцёк у ВКЛ, прэтэндаваў на пасад вял. князя маскоўскага. Вял. князь ВКЛ Казімір падараваў яму Гомель, Бранск, Старадуб. Андрэй Іванавіч (? — 1487), сын Івана Андрэевіча, валодаў пасля бацькі Бранскам і вёскамі ў Гомельскай воласці, выслужыў у Казіміра маёнтак Свержань. Сямён Іванавіч (? — каля 1505), сын Івана Андрэевіча, трымаў пасля бацькі Гомель і Старадуб. У 1496 вял. князь ВКЛ Аляксандр падараваў яму Чарнігаў і Карачаў, пазней — Хоцімль. У час вайны Маскоўскай дзяржавы з ВКЛ 1500—03 перайшоў з усімі сваімі ўладаннямі на бок вял. кн. маскоўскага Івана III і ваяваў супраць ВКЛ. Захапіў Любеч. Празываўся таксама князем Старадубскім. Васіль Сямёнавіч (? — да 1519), сын Сямёна Іванавіча, валодаў пасля бацькі Гомелем, Старадубам, Чарнігавам.

т. 9, с. 501

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕ́ДНІЦТВА,

выраб гасп. і маст. рэчаў з медзі ручным спосабам; галіна дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Вядома ў краінах Стараж. Усходу з 4-га тыс. да н.э., у Еўропе з 3-га тыс. да н.э. На Беларусі вытв-сць маст. вырабаў з прывазной медзі і яе сплаваў вядома з часоў бронзавага веку. Росквіту М. як рамяство дасягнула ў 17—18 ст. У многіх гарадах і мястэчках Беларусі працавалі майстры-меднікі і катляры, якія выраблялі з ліставой медзі літургічны і гасп. посуд. У сярэдзіне 17 ст. бел. майстры-меднікі працавалі ў Маскоўскай дзяржаве, дзе выконвалі заказы царскага двара і маскоўскіх храмаў. Сярод тэхнік і відаў маст. апрацоўкі медных вырабаў — выкалатка, паліроўка, паянне, чаканка, гравіраванне і інш. М. 18—19 ст. вызначаецца своеасаблівым спалучэннем усх. і традыц. мясц. форм. Глякі, тазы, кварты, дайніцы, збаны, вёдры, блізкія па форме аналагічнаму глінянаму і драўлянаму посуду, бытавалі ва ўжытку да 20 ст. У цяперашні час медзь часам выкарыстоўваецца самадз. майстрамі для стварэння дэкар. пано і інш. Я.​М.​Сахута.

Да арт. Медніцтва. Медны посуд Канец 19 — пач. 20 ст.

т. 10, с. 250

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАЎГАРО́ДСКАЯ ЗЯМЛЯ́,

першапачаткова вобласць славеняў ільменскіх (вакол воз. Ільмень з цэнтрам у г. Ноўгарад) на ПнЗ сучаснай Расіі. Месцазнаходжанне Н.з. на стыку шляхоў «з варагаў у грэкі» з Волжскім спрыяла развіццю тут гандлю, рамёстваў і культуры. Паводле «Аповесці мінулых гадоў» у сярэдзіне 9 ст. (пасля т.зв. запрашэння на княжанне Рурыка) у Н.з. склаўся найважнейшы цэнтр стараж.-рус. дзяржаўнасці. З 10 ст. ў складзе Кіеўскай Русі. У 12—15 ст. назва Н.з. пашырылася на ўсю тэр. Наўгародскай феадальнай рэспублікі (самастойная з 1136), падзеленую на адм.-тэр. адзінкі — пяціны (Бежацкая, Водская, Дзераўская, Абанежская, Шалонская). Н.з. ў гэты перыяд займала тэр. ад Баранцава м. да вярхоўяў Волгі і ад Балтыйскага м. да Паўн. Урала. З 1478 у складзе Маскоўскага вялікага княства, з 16 ст.Рас. дзяржавы. Да пач. 18 ст. Н.з. захоўвала свае асаблівасці ў кіраванні, у т. л. падзел на пяціны (з 16 ст. іх колькасць павялічылася), якімі кіравалі адпаведныя падраздзяленні («сталы») маскоўскіх прыказаў. У 1610—15 Швецыя заваявала зах. частку Н.з. каля Фінскага заліва Балтыйскага м. і на ПнЗ ад Ладажскага воз. (адваявана пры Пятру I). Н.з. канчаткова страціла свае асаблівасці пасля ўвядзення Пятром I адм.-тэр. падзелу Расіі на губерні (1708).

М.​Г.​Нікіцін.

т. 11, с. 211

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА́НІЗЕР (Мацвей Генрыхавіч) (17.3. 1891, С.-Пецярбург — 20.12.1966),

расійскі скульптар. Засл. дз. маст. Беларусі (1933). Нар. маст. СССР (1958). Акад. АМ СССР (1947). Вучыўся ў Цэнтр. вучылішчы тэхн. малявання Штыгліца (з 1908), Рысавальнай школе Т-ва заахвочвання мастацтваў (1909—11), скончыў Пецярбургскую АМ (1916). З 1926 чл. Асацыяцыі мастакоў рэв. Расіі. Выкладаў у Ленінградскай АМ (1921—29, 1935—41, 1945—47), маскоўскіх ін-це прыкладнога і дэкар. мастацтва (з 1946) і маст. ін-це (з 1952). З 1947 віцэ-прэзідэнт АМ СССР. Працаваў пераважна ў галіне манум. бронз. скульптуры. Зазнаў уплыў позняга акадэмізму. Сярод твораў: помнікі В.​І.​Чапаеву ў Куйбышаве (1932), У.​І.​Леніну ў Мінску (1933) і Ульянаўску (1940), Т.​Шаўчэнку ў Харкаве (1935) і Кіеве (1938), І.​П.​Паўлаву ў Разані (1949), І.​У.​Мічурыну ў Мічурынску (1950), статуя «Зоя Касмадзям’янская» (1942), статуі і скульпт. групы для станцый маскоўскага метрапалітэна «Плошча Рэвалюцыі» (1936—39) і «Ізмайлаўскі парк» (1944), партрэтаў і інш. Аўтар кн. «Скульптар пра сваю работу» (т. 1—2, 1940—52). Дзярж. прэміі СССР 1941, 1943, 1950.

Літ.:

Ермонская В.В. М.​Г.​Манизер. М., 1961.

М.Манізер. Помнік Т.​Шаўчэнку ў Харкаве. 1935.

т. 10, с. 80

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МО́ЛАТАЎ (сапр. Скрабін) Вячаслаў Міхайлавіч

(9.3. 1890, слабада Кукарка, цяпер у межах г. Савецк Кіраўскай вобл., Расія — 8.11.1986),

савецкі дзярж. і паліт. дзеяч, дыпламат. Герой Сац. Працы (1943). Вучыўся ў Пецярбургскім політэхн. ін-це (1911—12). Чл. КПСС з 1906, яе ЦК (1921—57), Палітбюро (Прэзідыума) ЦК (1926—57). У Кастр. рэвалюцыю 1917 чл. Петраградскага ВРК. З 1919 старшыня Ніжагародскага губвыканкома, сакратар Данецкага губкома РКП(б), сакратар ЦК Кампартыі Украіны. З 1921 сакратар ЦК ВКП(б). У 1930—41 старшыня СНК СССР. У 1941—57 1-ы нам. старшыні СНК (СМ) СССР, адначасова ў 1941—1945 нам. старшыні Дзярж. к-та абароны, у 1939—49 і 1953—56 міністр замежных спраў СССР. У сярэдзіне 1950-х г. выступіў супраць крытыкі культу асобы І.​В.​Сталіна. На чэрвеньскім (1957) пленуме ЦК КПСС выведзены са складу Прэзідыума ЦК і ЦК, у 1962 выключаны з партыі (адноўлены ў 1984). З 1957 пасол СССР у Манголіі, у 1960—62 кіраўнік сав. прадстаўніцтва пры Міжнар. агенцтве па атамнай энергіі. М. — адзін з арганізатараў рэпрэсій палітычных у СССР у 1930—50-я г. Ад імя сав. ўрада падпісаў сав.-герм. дагавор аб ненападзе ад 23.8.1939 (Пакт Рыбентропа—Молатава 1939), сав.-герм. дагавор аб дружбе і граніцы ад 28.9.1939, сакрэтныя пратаколы да іх. Удзельнік Маскоўскіх (1941, 1943, 1945) нарад, Тэгеранскай (1943), Крымскай і Патсдамскай (абедзве 1945) канферэнцый кіраўнікоў саюзных дзяржаў — СССР, ЗША і Вялікабрытаніі.

Літ.:

Медведев Р.А. Они окружали Сталина. М., 1990.

т. 10, с. 515

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ПРАГРЭСІ́СТЫ»,

партыя ліберальнага кірунку ў Расіі ў 1911—17. Утворана па ініцыятыве мірнаабнаўленцаў, дэпутатаў 3-й Дзярж. думы і членаў фракцыі прагрэсістаў напярэдадні выбараў ў 4-ю Дзярж. думу. Ставіла за мэту стварэнне адзінага лагера ліберальнай апазіцыі пад заклікам «Барацьба за правядзенне ў жыццё палажэнняў Маніфеста 17 кастрычніка 1905». У склад створанага ў крас. 1912 Пецярб. к-та «П.» уваходзілі І.​М.​Яфрэмаў, М.​М.​Кавалеўскі, М.​М.​Львоў і інш., у Маскоўскую арг-цыю — А.​І.​Канавалаў, П.П. і У.П.Рабушынскія і інш. Друкаваны орган маскоўскіх «П.» — газ. «Утро России». К-ты партыі існавалі ў Адэсе, Казані, Самары, Тамбове, Туле, Вобласці Войска Данскога, у Брэсце і Гродне; у студз. 1912 узнік к-т у Вільні. У Мінскай губ. да «камітэта рускіх прагрэсіўных выбаршчыкаў» далучыўся к-т яўр. выбаршчыкаў. «П.» выступалі за галоснасць і перабудову састарэлых сац. і эканам. адносін, за стварэнне канстытуцыйнага цэнтра блока «П.», куды б яны ўвайшлі разам з кадэтамі і акцябрыстамі; наладжвалі кантакты з рэв. партыямі, каб арганізаваць выступленні рабочых з мэтай націску на ўрад. У гады 1-й сусв. вайны ўдзельнічалі ў стварэнні «Прагрэсіўнага блока», па іх ініцыятыве ўзніклі рабочыя групы пры ваен.-прамысл. к-тах. Некат. лідэры «П.» сталі міністрамі Часовага ўрада.

Літ.:

Вишневски Э. Либеральная оппозиция в России накануне первой мировой войны. М., 1993;

Забаўскі М.М., Пуцік У.С. Прадстаўніцтва ад Беларусі ў Дзяржаўнай думе Расіі (1906—1917 гг.). Мн., 1998.

М.​М.​Забаўскі.

т. 12, с. 535

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАГІЛЁЎСКІ ЦАРКО́ЎНА-АРХЕАЛАГІ́ЧНЫ МУЗЕ́Й.

Існаваў у 1897—1918 у Магілёве. Заснаваны Е.Р.Раманавым, размяшчаўся ў будынку б. бернардзінскага кляштара. Пл. экспазіцыі 140 м², больш за 6 тыс. экспанатаў, атрыманых у асн. з рызніц і царк. кладовак, з археал. раскопак Раманава (каменныя і жал. прылады працы, фрагменты ганчарнага посуду, упрыгожанні, манеты і інш.). Сярод экспанатаў: абразы 16—18 ст. магілёўскага, маскоўскага, смаленскага, стараабраднага пісьма на палатне, дошках, выразаныя з дрэва, медзі, свінцу, у т. л. абразы 17 ст. «Богаяўленне» з Петрапаўлаўскай царквы, «Раство Багародзіцы» і «Мікола Цудатворац» з Мікалаеўскай царквы і інш., некат. з іх у абкладах работы магілёўскіх майстроў А.​Воўчака і П.​Сліжыка; калекцыя напрастольных і нацельных крыжоў (пераважна 18 ст., многія ў інкруставаных і каштоўных абкладах), медны пацір 17 ст. з Мікалаеўскай царквы, інкруставаная даразахавальніца 18 ст. з Крыжаўзвіжанскай царквы, шытая шоўкам і золатам плашчаніца 1556, сярэбраная мітра магілёўскага архіепіскапа Г.Каніскага (1758); часткі іканастасаў, царскія вароты і бакавыя алтарныя дзверы 17—18 ст., скульптурныя выявы святых і інш.; магільныя пліты кн. Друцкай-Сакалінскай (1588) і Арсенія Азаровіча (1652), драўляныя надмагільныя пліты 17—18 ст. з Мікалаеўскай царквы. У бібліятэчным аддз. захоўваліся мінея 1490-х г., выдадзеная ў Кракаве, шматлікія богаслужэбныя кнігі 16—18 ст., біблія 1751 з гравюрамі, напрастольныя евангеллі 1568, 1637, 1640, 1764, кнігі магілёўскіх, маскоўскіх і львоўскіх выданняў 17—18 ст., у т. л. «Гутаркі Іаана Златавуста» (1623), «Словы і прамовы» Феафана Пракаповіча (1760—74). У архіве музея зберагалася больш за 4 тыс. дакументаў пераважна 17 ст., 26 каралеўскіх грамат 16—18 ст., у т. л. Стафана Баторыя на магдэбургскае права Магілёву (1577), інвентары горада, замка, воласці (1604) і інш. З 1919 экспанаты музея захоўваліся ў Магілёўскім абласным краязнаўчым музеі.

Літ.:

Записки Северо-Западного отдела Русского географического о-ва. Вильна, 1910. Кн. 1. С. 224—229.

А.​А.​Седзін.

т. 9, с. 471

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАРО́ДНА-ВЫЗВАЛЕ́НЧАЯ ВАЙНА́ Ў ЮГАСЛА́ВІІ 1941—45,

узброеная барацьба народаў Югаславіі супраць ням., італьян., венг., балг. акупац. войск і мясц. калабарацыяністаў у 2-ю сусв. вайну. Вялася рознымі ваен.-паліт. сіламі краіны, адну з гал. роляў адыгрывала Кампартыя Югаславіі (КПЮ). Неўзабаве пасля нападзення Германіі, Італіі і Венгрыі на Югаславію (гл. Балканская кампанія 1941) паводле рашэння Палітбюро ЦК КПЮ у Заграбе 10.4.1941 быў створаны Ваен. к-т на чале з ген. сакратаром КПЮ І.Ціта (Броз Ціта). Ваен. к-ты пачалі дзейнічаць ва ўсіх раёнах краіны, фарміраваліся баявыя групы. У дзень нападзення Германіі на СССР (22.6.1941) КПЮ заклікала да ўзбр. барацьбы. 27.6.1941 ЦК КПЮ стварыў Гал. штаб (з 3 вер. Вярх. штаб) партыз. атрадаў. 4.7.1941 прынята рашэнне пачаць узбр. паўстанне. У канцы 1941 у Югаславіі было 80 тыс. партызан. 22.12.1941 сфарміравана першая рэгулярная вайсковая часць (1-я Пралетарская брыгада). Баявая актыўнасць руху супраціўлення прымушала акупантаў трымаць у Югаславіі значную групоўку войск (у 1941—42 было 27—32 дыв.). У ліст. 1942 створана Антыфашысцкае веча народнага вызвалення Югаславіі (агульнаюгасл. паліт. орган), пачалося фарміраванне Нар.-вызв. арміі Югаславіі (НВАЮ, вярх. галоўнакамандуючы — Ціта); да канца года створана 9 дывізій. Усяго ў краіне дзейнічала 38 брыгад і 36 партыз. атрадаў (150 тыс. чал.). У выніку баёў на рэках Нератва і Суцьеска (1943) НВАЮ вызваліла шэраг раёнаў краіны. Зах. дзяржавы, што раней падтрымлівалі югасл. эмігранцкі ўрад, устанавілі кантакт з Вярх. штабам НВАЮ. Пасля капітуляцыі Італіі (вер. 1943) актывізавалася нац.-вызв. барацьба. Ў складзе НВАЮ вялі баі сав., чэхаславацкія, венг., балг., італьян. партыз. батальёны. У ліст. 1943 створаны Нацыянальны камітэт вызвалення Югаславіі — першы нар. ўрад. Да канца 1943 вызваленыя раёны складалі каля палавіны тэр. краіны. Матэрыяльную, ваен. і інш. дапамогу югасл. нар.-вызв. руху аказваў СССР. У вер. 1944 Чырв. Армія наблізілася да граніц Югаславіі і, паводле маскоўскіх пагадненняў, прыняла ўдзел сумесна з югасл. войскам у вызваленні Бялграда (гл. Бялградская аперацыя 1944). 7.3.1945 у Бялградзе сфарміраваны ўрад Дэмакр. Федэратыўнай Югаславіі на чале з Ціта. Да 15.5.1945 югасл. армія (800 тыс. чал.) завяршыла вызваленне краіны. За час вайны ў Югаславіі загінула 1 млн. 700 тыс. яе жыхароў, у т. л. 305 тыс. байцоў і партызан.

Літ.:

Славин Г.М. Освободительная война в Югославии (1941—1945 гг.). М., 1965.

т. 11, с. 165

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НОВАДЗЯВО́ЧЫ МАНАСТЫ́Р, Багародзіца-Смаленскі манастыр, манастыр Прачыстай Маці Божай Адзігітрыі,

архітэктурны комплекс 16—17 ст. у Маскве. Засн. ў 1524 як жаночы вял. кн. маскоўскім Васілём III у гонар захопу Смаленска ў 1514. Размяшчаўся на шляху з Масквы ў ВКЛ і быў часткай абарончага пояса маскоўскіх манастыроў — Данскога, Данілава, Сіманава і інш. У 16—17 ст. у манастыр пастрыгаліся жанчыны з царскай і знатных баярскіх сем’яў; у ім жылі ўдава сына Івана IV Грознага царэвіча Івана, сястра Пятра I царэўна Соф’я і яго першая жонка Еўдакія Лапухіна, удава цара Фёдара Іванавіча Ірына Фёдараўна Гадунова. У 1610—12 Н.м. абрабаваны і захоплены войскамі Рэчы Паспалітай. У 1655 сюды пераведзены манашкі Аршанскага Куцеінскага Успенскага манастыра. Найб. росквіт Н.м. прыпадае на часы праўлення царэўны Соф’і Аляксееўны (1682—89; пазней яна была зняволена ў манастыр Пятром I). У 1724 тут абсталяваны шпіталь для салдат і афіцэраў рус. арміі, прытулак для падкідышаў жан. полу. Н.м. быў адным з найб. буйных землеўласнікаў: у канцы 17 ст. валодаў 36 сёламі, у 1744 меў каля 15 тыс. прыгонных сялян мужчынскага полу. У 1763 у ім 136 манашак, у канцы 19 ст. — больш за 200.

Тэр. Н.м. абкружана цаглянымі сценамі (канец 17 ст.) з 12 вежамі. Асн. будынкі (сабор, званіца, трапезная) пастаўлены ў адну лінію і ўтвараюць маляўнічую панараму. Ансамбль пачаў фарміравацца з буд-вам Смаленскага сабора (1524—25, размалёўкі 16 і 17 ст.). Выдатны помнік дэкар.-прыкладнога мастацтва — 5-ярусны разны іканастас сабора (1683—85) з 84 калонкамі з расл. і геам. арнаментам, выкананы 50 рэзчыкамі-беларусамі пад кіраўніцтвам В.​Андрэева і 13 «станочнікамі» на чале з К.​Міхайлавым і С.​Зіноўевым. Залачэнне выканана 16 бел. майстрамі на чале з Д.​Залатаровым. Астатнія пабудовы (пераважна 17 ст.) — у стылі нарышкінскага барока: трапезная з царквой Ушэсця (1685—87), 6-ярусная васьмівугольная званіца (1689—90), Праабражэнская і Пакроўская надбрамныя цэрквы і прылеглыя да іх Лапухінскія і Марыінскія палаты (усе 1683—88). У 1922 Н.м. закрыты, у ім створаны «Музей разняволення жанчыны», з 1934 — філіял Гіст. музея. Частка памяшканняў была адведзена пад кватэры. У 1943 у Н.м. адкрыты Маскоўскія багаслоўскія курсы, у 1944 — багаслоўскі ін-т. З 1980 у ім знаходзілася рэзідэнцыя мітрапаліта круціцкага і каломенскага. У саборы пахаваны жанчыны царскага роду, княгіні (Галіцыны, Адоеўскія і інш.), баярыні (Дашкавы і інш.). На тэр. Н.м. знаходзіцца некропаль; у 1927 было 2811 пахаванняў з надмагільнымі плітамі ці помнікамі. У 1930-я г. большасць магіл разбурана. Захавалася каля 100 помнікаў, у т. л. паэту Дз.​Давыдаву, пісьменнікам М.​Загоскіну, І.​Лажэчнікаву, гісторыкам М.​Пагодзіну, С.​Салаўёву і інш. З 1994 манастыр дзейнічае як жаночы. Іл. гл. таксама да арт. Беларуская рэзь.

Літ.:

Абецедарский Л. Белорусы в Москве XVII в.: Из истории рус.-бел. связей. Мн.. 1957;

Новодевичий монастырь: [Путеводитель]. М., 1988;

Бураков Ю.Н. Под сенью монастырей московских. М., 1991.

Г.​В.​Прыбытка.

Новадзявочы манастыр у Маскве.

т. 11, с. 358

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУЛІКО́ЎСКАЯ БІ́ТВА 1380, Мамаева пабоішча. Адбылася паміж войскамі Залатой Арды на чале з Мамаем і вял. кн. маскоўскага Дзмітрыя Іванавіча Данскога на Куліковым полі каля ўпадзення р. Няпрадва ў Дон (цяпер Куркінскі р-н Тульскай вобл. Расіі) 8.9.1380. Пасля паражэння ардынскіх сіл на р. Вожа (1378) Мамай летам 1380 на чале сабранага ім войска (паводле розных падлікаў 40—150 тыс. чал.) з мангола-татараў, генуэзскіх наёмнікаў, чэркесаў, асецінаў і інш. рушыў да р. Ака на злучэнне з сіламі саюзнікаў — вял. кн. ВКЛ Ягайлы і вял. кн. разанскага Алега Іванавіча (выдаў Дзмітрыю Іванавічу планы Мамая і фактычна супраць яго не дзейнічаў). На чале маскоўскіх і саюзных сіл (яраслаўскія, растоўскія, белазерскія, мяшчэрскія, невял. наўгародскі атрад), да якіх пазней далучыліся кн. пскоўскі Андрэй Альгердавіч з атрадам палачан і пскавічоў і кн. старадубскі і трубчэўскі Дзмітрый Альгердавіч з дружынай, Дзмітрый Іванавіч рушыў насустрач праціўніку ў вярхоўі Дона. 8 вер. яго войска (паводле розных падлікаў 70—150 тыс. чал.) пераправілася на правы бераг Дона і размясцілася на Куліковым полі, укрыўшы свае флангі ў непрыдатных для дзеянняў конніцы далінах рэчак Смолка (левы фланг) і Ніжні Дубяк (правы фланг). Адначасова сюды падышоў з войскам Мамай. Уперадзе гал. рус. і саюзных ім сіл размясціўся Вартавы палк на чале з кн. Дзмітрыем Друцкім (паводле некаторых крыніц, ззаду Вартавога стаяў і Перадавы полк), за ім у цэнтры — Вял. полк пераважна з масквічоў, на флангах — палк Правай рукі пад камандаваннем Андрэя Альгердавіча (паводле адной з рэдакцый «Сказання пра Мамаева пабоішча» адным з ваяводаў гэтага палка быў кн. Глеб Друцкі, асоба якога не высветлена) і полк Левай рукі на чале з белазерскімі князямі, у рэзерве — конніца Дзмітрыя Альгердавіча і схаваны ў дуброве за левым флангам конны Засадны полк пад камандаваннем князёў Уладзіміра Андрэевіча Храбрага і Дзмітрыя Міхайлавіча Баброк-Валынскага. Войскі Мамая стаялі разгорнутым фронтам (уперадзе конніца, за ёю наёмная пяхота) і не мелі значных рэзерваў. Бітва пачалася двухбаковым паядынкам воінаў Перасвета і Чэлубея (абодва загінулі). Конніца Мамая разбіла Вартавы палк, намагалася разграміць палкі Правай рукі і Левай рукі і, пацясніўшы апошні, зайшла ў фланг і тыл Вял. палка. Зыход бітвы вырашыў раптоўны ўдар Засаднага палка і адначасовы ўдар коннай дружыны Дзмітрыя Альгердавіча, што прывяло да поўнага паражэння Мамая. У выніку бітвы рус. і саюзныя ім войскі страцілі каля паловы свайго складу, у т. л. «30 паноў літоўскіх» (верагодна, з дружын Альгердавічаў). Пасля яе Дзмітрый Іванавіч атрымаў ганаровае празванне Данскі. Вял. кн. ВКЛ Ягайла спазніўся да бітвы і адступіў у Літву. К.б. аслабіла манг.-тат. панаванне на землях Паўн.-Усх. Русі, садзейнічала ўзмацненню ролі Масквы ў стварэнні Рус. дзяржавы. Пра яе напісаны літ. творы («Задоншчына», «Сказанне пра Мамаева пабоішча» і інш.), яна стала тэмай твораў выяўл. і музычнага мастацтваў. На Куліковым полі мемарыял.

Літ.:

Кирпичников А.Н. Куликовская битва. Л., 1980;

Куликовская битва: Сб. статей. М., 1980;

Сказания и повести о Куликовской битве. Л., 1982.

В.​А.​Юшкевіч, М.​Г.​Нікіцін.

Кулікоўская бітва 1380. Мініяцюра канца 16 ст.

т. 9, с. 6

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)