1) электратэхнічная прылада з рухомым кантактам, якая выкарыстоўваецца для рэгулявання эл. напружання, а таксама як датчык перамяшчэнняў.
2) Тое, што электравымяральны аўтам. ці ручны кампенсатар. П. магнітны, патэнцыяламетр — прылада (індукцыйная шпуля) для вымярэння рознасці магн.патэнцыялаў (ці магнітарухальнай сілы) паміж двума пунктамі магн. поля.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́МПАС (ням. Kompass, італьян. compasso ад compassare вымяраць крокамі),
прылада, якая паказвае напрамак геаграфічнага (сапраўднага) або магнітнага мерыдыяна. Служыць для арыентавання на мясцовасці адносна напрамкаў свету. Выкарыстоўваецца ў марской навігацыі, авіятранспарце, геадэзіі, горнай, ваеннай справе і інш. Адрозніваюць магнітны (у т. л. горны), механічны (гіракомпас), радыёкомпас і астракомпас.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГНІТАПРАВО́Д,
частка электратэхнічных машын, апаратаў і прыстасаванняў, якая канцэнтруе, павялічвае і размяркоўвае (з наданнем патрэбнай канфігурацыі) магнітны паток. Робіцца з ферамагнітных матэрыялаў (гл.Ферамагнетыкі), звычайна з лістоў электратэхн. сталі. М. служаць ротары і статарыэл. рухавікоў і генератараў, асяродкі (Ш- або П-падобнай замкнёнай формы) эл.трансфарматараў, электрамагнітаў, электрамагн. рэле і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНВА́Р,
магнітны сплаў жалеза з 36% нікелю. Мае малы тэмпературны каэф. лінейнага расшырэння (1,5∙10−6К−1) пры т-ры ад -80 да 100 °C. Атрыманы ў 1896 у Францыі. Выкарыстоўваюць для вырабу дэталей вымяральных прылад вельмі высокай дакладнасці. Разнавіднасці І. — суперінвар (64% жалеза, 32% нікелю і 4% кобальту) з асабліва нізкім тэмпературным каэф. лінейнага расшырэння і нержавейны І. (54% кобальту, 37% жалеза і 9% хрому).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГНЕ́ТА (франц. magéto ад грэч. magnetis магніт),
магнітаэлектрычны генератар пераменнага току. Стварае эл. разрады паміж электродамі свечак запальвання, ад якіх узгараецца рабочая сумесь у цыліндрах рухавіка ўнутр. згарання. Выкарыстоўваліся ў авіяц., трактарных, аўтамаб., матацыклетных і інш. рухавіках. З 1960-х г. заменены батарэйнымі і інш. сістэмамі запальвання.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРБІТА́ЛЬНЫ МО́МАНТ,
момант імпульсу мікрачасціцы пры яе руху ў сілавым сферычна сіметрычным полі. Паводле квантавай механікі арбітальны момант квантаваны: яго модуль L і праекцыя Lz на адвольную вось маюць дыскрэтныя значэнні — L2 = ħ2l(l+1), Lz = mħ, дзе ħ = h/(2Π), h — Планка пастаянная, l = 0, 1, 2, ... — арбітальны квантавы лік, m = 1, l—1, ..., -l — магнітны квантавы лік. Класіфікацыя станаў мікрачасціц па значэнні l адыгрывае важную ролю ў тэорыі атама і атамнага ядра, у тэорыі сутыкненняў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНВЕ́РСІЯ ГЕАМАГНІ́ТНАГА ПО́ЛЯ,
змена напрамку (палярнасці) магнітнага поля Зямлі на адваротны пры адным і тым жа напрамку геамагнітнай восі. Назіраецца праз інтэрвалы часу ад 500 тыс. гадоў да 50 млн. гадоў. У эпоху нармальнай палярнасці (нашу эпоху) паўд.магнітны полюс знаходзіцца каля паўн.геагр. полюса, а ў эпоху адваротнай палярнасці — каля паўд.геагр. полюса. На падставе палеамагнітных даных зроблены вывад, што ў тоўшчах асадкавых і эфузіўных парод назіраецца паслойная змена знака вектара прыроднай астаткавай намагнічанасці. Прычыны І.г.п. пакуль не высветлены.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГНІ́ТНАЯ СТУ́ЖКА,
магнітны носьбіт інфармацыі ў выглядзе гнуткай стужкі. Мае немагн. аснову, вырабленую з пластмасы ці немагн. металу, на якую нанесены тонкі слой ферамагн. матэрыялу (уласна магн. носьбіт). Шырыня і таўшчыня М.с. залежаць ад яе прызначэння, напр., стужка для гуказапісу мае шырыню 3,81 мм (касетныя бытавыя і студыйныя магнітафоны) ці 6,25 мм (шпульныя) і таўшчыню ад 9 да 55 мкм, для відэазапісу (бытавыя відэамагнітафоны) — 6,25 і 12,7 мм і таўшчыню 37 мкм. Выкарыстоўваецца для гука- і відэазапісу, у выліч. тэхніцы, аўтаматыцы і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЛОХ ((Bloch) Фелікс) (23.10.1905, г. Цюрых, Швейцарыя — 10.9.1983),
амерыканскі фізік, адзін са стваральнікаў квантавай тэорыі цвёрдага цела. Чл. Нацыянальнай АН (1948). Скончыў Лейпцыгскі ун-т (1928). У 1934—77 у Станфардскім ун-це (з 1956 праф.), адначасова ў 1954—55 дырэктар Еўрап. цэнтра ядз. даследаванняў. Навук. працы па фізіцы цвёрдага цела, квантавай электрадынаміцы, ядз. фізіцы. Распрацаваў тэорыю энергет. спектра крышталёў, тэмпературнай залежнасці намагнічанасці ферамагнетыкаў паблізу абс. нуля. Адкрыў (1946, незалежна ад Э.Пёрсела) ядз.магнітны рэзананс. Аўтар манаграфіі «Малекулярная тэорыя магнетызму» (1936). Нобелеўская прэмія 1952.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАДЫЕНТАМЕ́ТР (ад градыент + ...метр),
1) гравітацыйны градыентаметр, прылада для вымярэння гарыз. кампанентаў градыента сілы цяжару. Круцільная сістэма градыентаметра (такая ж, як у гравітацыйнага варыёметра) устанаўліваецца пры вымярэннях у 4 азімутах, якія ўзаемна адрозніваюцца на 90°. Для надзейнасці і хуткасці вымярэнняў можа забяспечвацца 4 круцільнымі сістэмамі і візуальнай рэгістрацыяй. Выкарыстоўваецца ў гравіметрычнай разведцы.
2) Градыентаметр магнітны — прылада для вымярэння прырашчэння (градыента) напружанасці магнітнага поля ў зададзеным напрамку. Мае 2 магнітометры, разнесеныя на пэўную адлегласць па вертыкалі або гарызанталі. Выкарыстоўваецца пры касм. даследаваннях, разведцы карысных выкапняў, у магн. дэфектаскапіі і інш.