«МЛЫНО́К»,

«Мельнік», бел. нар. танец. Муз. памер ​2/4. Тэмп жвавы. Адлюстроўвае ва ўмоўнай харэаграфічнай форме работу ветрака, працу млынара, вярчэнне млынавых жорнаў. Вылучаецца кампазіцыйнай разнастайнасцю, хуткімі перастраеннямі, мудрагелістымі фігурамі. Мае некалькі варыянтаў музыкі, харэаграфіі і прыпевак. На пач. 20 ст. сольны варыянт «М.» выконваў І.​Буйніцкі ў канцэртах сваёй трупы. Падобны танец вядомы таксама ў Літве і Латвіі.

т. 10, с. 499

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«АСТО́Я»,

прыватнаўласніцкі герб у ВКЛ: на чырвоным полі 2 залатыя месяцы рагамі ў розныя бакі, паміж месяцамі меч без похвы, рукаяткай уверх; клейнод — на прылбіцы 5 страусавых пёраў. Паводле паданняў, узнік на пач. 11—12 ст. На тэр. ВКЛ пашыраны пасля прыняцця Гарадзельскага прывілея 1413. Гербам «Астоя» карысталіся больш за 200 шляхецкіх родаў на Беларусі, Украіне, у Літве і Польшчы.

Герб «Астоя».

т. 2, с. 47

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«БО́НЧА»,

прыватнаўласніцкі герб на Беларусі, Украіне, у Літве і Польшчы. Карысталіся ім больш за 100 родаў, у т. л. Асмалоўскія, Буйневічы, Куніцкія, Маркоўскія, Скажынскія, Сяніцкія. Вядомы з 14 ст. Мае выяву белага аднарога на блакітным полі. Клейнод — над прылбіцай з каронай палова такога ж аднарога. Існуе варыянт герба, дзе аднарог перакрэслены залатым паўмесяцам, над якім размешчаны 3 залатыя шасціпрамянёвыя зоркі.

Герб «Бонча».

т. 3, с. 213

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ВА́ДВІЧ»,

прыватнаўласніцкі герб, якім на Беларусі, Украіне, у Літве і Польшчы карысталася каля 20 родаў, у т. л. Адамовічы, Анцэвічы, Барэйшы, Мантыгердавічы, Нарушэвічы, Станкевічы. Шчыт герба вертыкальна падзелены на 2 часткі, дзе змешчаны выявы белай стронгі ў чырв. полі і чырвонай — у белым. Клейнод над прылбіцай 5 страусавых пёраў. Вядомы з пач. 15 ст., у ВКЛ — пасля Гарадзельскай уніі 1413.

Герб «Вадвіч».

т. 3, с. 436

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІПРЫЯНО́ВІЧ (Рыгор Якаўлевіч) (1851, в. Крайск Лагойскага р-на Мінскай вобл. — пасля 1915),

царкоўны гісторык, педагог. Магістр багаслоўя (1873). Скончыў Літоўскую духоўную семінарыю, Пецярбургскую духоўную акадэмію (1869). Выкладаў у Літ. духоўнай семінарыі, Віленскай гімназіі і Віленскім жаночым вучылішчы духоўнага ведамства. Друкаваўся пераважна ў «Литовских епархиальных ведомостях». Аўтар прац, прысвечаных гісторыі праваслаўя, каталіцызму і уніяцтва ў Беларусі і Літве.

В.​М.​Чарапіца.

т. 8, с. 274

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУ́РШСКАЯ КАСА́, Куршы-Нерыя,

пясчаны паўвостраў на паўд.-ўсх. узбярэжжы Балтыйскага м., у Літве (паўн.-ўсх. ч.) і Калінінградскай вобл. Расіі (паўд.-зах. ч.). Даўж. 98 км. Шыр. 0,4—3,8 км. Характэрны дзюны (выш. да 70 м), б. ч. парослыя лесам (з хвоі, чорнай вольхі, з дамешкамі дуба, ліпы, вяза і інш.). Прыродны нац. парк. На К.к. — г. Нерынга (Літва).

т. 9, с. 54

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУ́РШСКІ ЗАЛІЎ,

лагуна каля паўд.-ўсх. ўзбярэжжа Балтыйскага м., у Літве і Калінінградскай вобл. Расіі. Аддзелены ад мора Куршскай касой, злучаецца з ім Клайпедскім пралівам (шыр. 390 м). Пл. 1610 км². Даўж. 93 км, сярэдняя шыр. 17,3 км. Глыб. да 7 м. Упадае р. Нёман (Нямунас). Зімой замярзае (ледастаў каля 80 сут). Рыбалоўства. На беразе К.з. — гарады Клайпеда і Нерынга (Літва).

т. 9, с. 54

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЯРКІ́С,

рака ў Літве і Ашмянскім р-не Гродзенскай вобл., правы прыток р. Нёман. Даўж. 202 км (на Беларусі 12 км). Пл. вадазбору 4440 км² (на Беларусі 100 км²). Пачынаецца за 2 км на Пд ад в. Мікулішкі Ашмянскага р-на, цячэ ў межах Ашмянскага ўзв., 2 км на мяжы з Літвой і каля в. Гаравыя Грыгі перасякае яе. У межах Беларусі каналізаваная.

т. 11, с. 75

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕРАКО́ЎСКІ Кароль Юзаф

(каля 1750—1817),

адзін з кіраўнікоў паўстання 1794 у Польшчы, на Беларусі і ў Літве, генерал. Вучыўся ў Варшаве ў корпусе кадэтаў. Быў вядомы. як здольны вайсковы інжынер і артылерыст. У ліп.—жн. 1794 на чале 4-тысячнага корпуса прайшоў рэйдам ад мяст. Высокае (праз Шарашова, Пружаны, Ружаны) да Слоніма. Удзельнік Крупчыцкага бою 1794 і бою пад Брэстам.

т. 14, с. 343

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЎКШТА́ЙЦІЯ,

гістарычная вобласць у ВКЛ. Упамінаецца ў хроніках Тэўтонскага і Лівонскага ордэнаў, у лацінамоўных дакументах ВКЛ з 14 ст. Адрознівалася ад інш. гіст. вобласці Літвы — Жамойці. Аўкштайцію (Аўкштоту) у 1420 упамінае вял. кн. Вітаўт у лісце да герм. імператара. Стараж.-рус. летапісы і дакументы ВКЛ на старабел. мове тэрмін Аўкштайція не ўжывалі, хоць звычайна адрознівалі Жамойць і Літ. зямлю. У Літве 19—20 ст. пад Аўкштайціяй разумелі цэнтр і ўсх. частку сучаснай Літ. рэспублікі, заселеную адной з дзвюх асн. этнагр. груп літоўцаў — аўкштайтамі. Паходжанне назвы звязваюць з літ. словам aukštas (высокі), якое, напэўна, абазначала верхнюю (адносна цячэння Нёмана) усх. групу літ. плямёнаў. Археалагічна Аўкштайція, найб. верагодна, суадносіцца з культурай усходнеліт. курганоў. Частка археолагаў, пачынаючы з А.​Таўтавічуса (1968), звязвае Аўкштайцію з групай грунтавых могільнікаў у сярэднім цячэнні Нёмана і вадазборы р. Нявежыс і лічыць аўкштайтаў племем, асобным і ад жамойтаў, і ад літоўцаў у вузкім сэнсе. Падставай для гэтага служыць паведамленне хронікі П.​Дузбурга (каля 1294—1300) пра падуладную Літве зямлю Аўстэхія (Austechia), аднак яе атаясамліванне з Аўкштайціяй небясспрэчнае.

В.​Л.​Насевіч.

т. 2, с. 86

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)