КУКУРУ́ЗА, маіс (Zea mays),

кветкавая расліна сям. метлюжковых. Радзіма — Цэнтр. і Паўд. Амерыка. Уведзена ў культуру на тэр. сучаснай Мексікі каля 5200 да н.э., у Еўропе — з канца 15 ст. Вырошчваецца ў Паўд. і Паўн. Амерыцы, Паўд. і Паўд.-Усх. Еўропе, Паўд.-Усх. Азіі, Паўд. і Усх. Афрыцы.

Аднагадовая травяністая расліна з прамастойным сцяблом выш. да 6 м. Каранёвая сістэма валасніковістая. Лісце шырокае, лінейна-ланцэтнае, хвалістае па краях. Кветкі аднаполыя. Мужчынскія суквецці — мяцёлкі на верхавінцы сцябла, жаночыя — катахі ў лісцепадобных абгортках у пазухах лісця. Плод — зярняўка. Па будове і марфалогіі насення К. падзяляецца на 9 бат. груп. Зерне, сцёблы, лісце, катахі выкарыстоўваюцца ў вытворчасці прадуктаў і вырабаў (напр., алей, кансервы, крупы, крухмал, кукурузныя шматкі, мёд, мука, папера, пластмаса і інш). Кармавая і харч. расліна.

Літ.:

Грушка Я. Монография о кукурузе: Пер. с чеш. М., 1965;

Шмараев Г.В. Кукуруза: (Филогения, классификация, селекция). М., 1975.

У.​П.​Пярэднеў.

Кукуруза.

т. 8, с. 569

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАГО́З, пухоўка (Typha),

род кветкавых раслін сям. рагозавых. Каля 15 відаў. Пашыраны пераважна ва ўмераных паясах. На Беларусі 2 віды Р.: вузкалісты (T. angustifolia) і шыракалісты (T. latifolia), нар. назвы калавей, кіёўка. Утвараюць зараснікі па берагах вадаёмаў і ў балотах.

Шматгадовыя водныя ці балотныя травы з паўзучым карэнішчам. Тоўстыя неразгалінаваныя сцёблы выш. да 2 (3) м, цыбулінападобна патоўшчаныя пры аснове. Лісце вузка- ці шырокалінейнае, плоскае, суцэльнае. Кветкі дробныя, у шчыльных цыліндрычных суквеццях — катахах (уверсе — тычынкавыя, ніжэй — песцікавыя). Плод — дробны арэшак з лятучкай з доўгіх валаскоў. Сцёблы і лісце выкарыстоўваюцца як буд. матэрыял, для пляцення кошыкаў, цыновак. З багатых на крухмал карэнішчаў атрымліваюць муку, сурагат кавы, таксама гэта корм для андатры, нутрыі. бабра, маладыя парасткі паядаюцца карпам. Прыкветкавыя валаскі жан. «шышак» выкарыстоўваюць у вытв-сці цэлюлозы, кінаплёнкі, фетру (у сумесі з шэрсцю жывёл), у выратавальных паясах. Некат. Р. — пустазелле рысавых палёў. Найважнейшы кампанент плаўняў.

В.​М.​Прохараў.

Рагоз шыракалісты.

т. 13, с. 201

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САКАВІ́ТЫЯ КАРМЫ́, сакаўныя кармы,

раслінныя кармы з вял. колькасцю вады (больш за 70%), якая знаходзіцца ў звязаным стане. Да іх належаць зялёныя кармы, сілас, кармавыя караняплоды (буракі, турнэпс, бручка), клубні (бульба, тапінамбур), бахчавыя культуры (гарбузы, кавуны, кабачкі). Скормліваюцца ў сырым выглядзе. Станоўча ўплываюць на абмен рэчываў, страваванне, малочную прадукцыйнасць («малакагонныя» кармы; у іх лізіну і трыптафану больш, чым у зерневых кармах), спрыяюць лепшаму засваенню грубых кармоў. Маюць адносна нізкую агульную пажыўнасць: ад 0,1 да 0,3 кармавых адзінак у 1 кг корму. У сухім рэчыве пераважаюць лёгкарастваральныя вугляводы (крухмал і цукар). С.к. (за выключэннем бабовых раслін і сіласу з іх) бедныя пратэінамі (1—1,5%), клятчаткай (1—1,5%) і амаль не маюць тлушчаў. У попеле пераважаюць солі калію і натрыю; кальцыю і фосфару 0,03—0,04%. С.к. багатыя вітамінамі С, групы В, некат. (напр., гарбузы, морква, зялёны корм, сілас) — карацінам. Найб. рацыянальнае выкарыстанне С.к. у летні перыяд пры арганізацыі зялёнага канвеера.

т. 14, с. 84

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЎБА́СНЫЯ ВЫ́РАБЫ,

харчовыя прадукты з папярэдне апрацаваных мяса, тлушчаў і інш. сыравіны жывёльнага і расліннага паходжання. Адрозніваюць К. в. вараныя (у т. л. сасіскі і сардэлькі), паўвэнджаныя, вэнджаныя, варана-вэнджаныя, ліверныя, крывяныя, сальцісоны, вантрабянкі, паштэты і студзені. Да К. в. адносяць таксама вэнджаніну.

Сыравінай для К. в. служаць нятлустая ялавічына, свініна, сала, часам бараніна і мяса птушкі, каніна, субпрадукты (печань, мазгі, сэрца, рубец і інш.). Сыравіна праходзіць мех. апрацоўку (выдаленне неядомых і малапажыўных частак, здрабненне) і фізіка-хім. апрацоўку (саленне, выспяванне, абсмажванне, варку, вэнджанне). У каўбасны фарш да даюць плазму харч. крыві, неразведзенае і абястлушчанае малако, малочны бялок, муку, крухмал. крупы, яйцы, а таксама соль, цукар, спецыі, вострыя прыправы. Выкарыстоўваюць кішачныя і штучныя (бялковыя, з цэлюлозы, палімерных плёнак) абалонкі (некаторыя вырабы фармуюць без абалонак). К. в. выпускаюцца і ў выглядзе кансерваў. Вядомыя са старажытнасці. У Стараж. Грэцыі невял. каўбаскі і напханыя свіныя страўнікі служылі закускай, у Рыме былі вядомыя вараныя каўбасы, маленькія вэнджаныя каўбаскі, свіныя каўбаскі колцам і ланцужком. З сярэдневякоўя К. в. сталі пашыранай стравай.

т. 8, с. 181

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭАЛО́ГІЯ (ад грэч. rheos цячэнне, паток + ...логія),

навука, што вывучае з’явы дэфармацыі і цякучасці рэчываў, для якіх характэрны паўзучасць (гл. Паўзучасць матэрыялаў) і рэлаксацыя. Вылучылася ў самаст. галіну механікі суцэльных асяроддзяў у 2-й чвэрці 20 ст. Цесна звязана з гідрадынамікай, пругкасці тэорыяй.

Тэарэт. Р разглядае сувязь паміж напружанасцямі, дэфармацыямі і іх зменамі ў часе, вывучае паводзіны мнагафазных сістэм у залежнасці ад рэалагічных уласцівасцей іх кампанентаў. Адрозніваюць рэалагічныя ўласцівасці фундаментальныя (пругкасць, вязкасць, пластычнасць); складаныя (іх камбінацыі); тэхналагічныя (коўкасць, клейкасць, усмоктванне, покрыўная здольнасць фарбаў). Даследуе дысперсныя сістэмы — фарбы, нафтапрадукты, буд. матэрыялы, кляі, глебы, торф, смолы, цэлюлозу, крухмал, бялкі, тлушчы, шкло і інш. Метады Р. выкарыстоўваюцца ў металургічнай і палімернай вытв-сці, горнай справе, медыцыне і інш.

На Беларусі даследаванні па праблемах Р. праводзяцца ў Ін-це цепла- і масаабмену Нац. АН.

Літ.:

Лодж А.С. Эластичные жидкости: Введение в реологию конечнодеформируемых полимеров: Пер. с англ. М., 1969;

Шульман З.П., Кордонский В.И. Магнитореологический эффект. Мн., 1982;

Готлиб Ю.Я., Даринский А.А., Светлов Ю.Е. Физическая кинетика макромолекул. Л., 1986.

т. 13, с. 536

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУ́ЛЬБА,

шматгадовыя клубняносныя расліны роду паслён сям. паслёнавых. Больш як 170 дзікарослых і культ. відаў. Радзіма — Паўд. Амерыка. Вырошчваюць бульбу андыйскую (Solanum andigenum; у Паўд. Амерыцы) і бульбу еўрапейскую, ці чылійскую (S. tuberosum; як аднагадовая расліна ў краінах з умераным кліматам). У Еўропу завезены ў сярэдзіне 16 ст.; у палявой культуры (у т. л. на Беларусі) з 18 ст. Палавіна пасяўной плошчы бульбы ў Еўропе, чвэрць — у Азіі. На Беларусі бульба лічыцца нац. культурай, «другім хлебам», пасяўныя плошчы займаюць 749,3 тыс. га (1993). З бульбы атрымліваюць крухмал, спірт, патаку, гатуюць сотні відаў страў, яна ідзе на корм жывёле.

Шматсцябловая расліна выш. 50—100 см, сцёблы прамыя, зялёныя або афарбаваныя антацыянам. На падземных сцябловых парастках (сталонах) фарміруюцца патаўшчэнні — клубні круглай, падоўжанай, рэпападобнай формы, белага, жоўтага, чырвона-фіялетавага, сіняга колеру. На паверхні клубня — вочкі з 3—4 пупышкамі. Лісце няпарнаперыстарассечанае, гладкае ці маршчакаватае. Кветкі двухполыя, белыя, чырвона-фіялетавыя, сіне-фіялетавыя. Суквецце складаецца з 2—3 і больш завіткоў. Плод — шматнасенная ягада. Цвіце ў чэрв.—жніўні. Размнажаецца клубнямі і іх часткамі (у селекцыі — насеннем). Добра расце на ўгноеных супясчаных і пясчаных мінер. глебах, на сярэднякіслых тарфяна-балотных. Сарты, раянаваныя на Беларусі: раннія і сярэдняраннія — Бел. ранняя, Прыгожая 2, Аксаміт, Аноста, Адрэта, Дзецкасельская, Сантэ, Явар; сярэдняспелыя — Агеньчык, Расінка; сярэдняпознія і познія — Лошыцкая, Ласунак, Прынёманская, Беларуская 3, Тэмп, Арбіта.

Сарты бульбы: 1 — Беларуская ранняя; 2 — Дзецкасельская; 3 — Агеньчык; 4 — Тэмп; 5 — Лошыцкая.

т. 3, с. 332

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЫС (Oryza),

род кветкавых раслін сям. метлюжковых. Каля 20 відаў. Пашыраны пераважна ў трапічным, субтрапічным паясах Паўд. і Усх. Азіі, Афрыкі, Амерыкі, Аўстраліі. Культура Р. пасяўнога (O. sativa) узнікла ў Паўд.-Усх. Азіі больш за 7 тыс. гадоў назад. У Афрыцы Р. голы, ці афрыканскі (O. glaberrima) вырошчвалі ў бас. р. Нігер з сярэдзіны 2-га тыс. да н.э. разам з Р. кропкавым (O. punctata) і інш. Асн. кампанент харчавання мясц. насельніцтва. Культывуюць Р. ва ўмераных і трапічных паясах, на заліўных палях; у некат. раёнах Афрыкі, Азіі і Амерыкі — сухадольныя віды. Асн. прадукт харчавання для ​1/3 насельніцтва зямнога шара. Створаны дзесяткі тысяч сартоў. Гал. цэнтры вытв-сці Р. — Кітай і Індыя.

Р. пасяўны — яравая аднагадовая расліна выш. 0,6—1,5 м (некат. сарты 2—3 м). Лісце лінейнае, вузкаланцэтнае, зялёнага, чырванаватага або фіялетавага колеру. Суквецце — мяцёлка. Плод — зярняўка. Ачышчанае ад лускавінак зерне мае ў сабе да 75% вугляводаў (пераважна крухмалу), 9—12% бялку (па колькасці неабходных амінакіслот блізкі да жывёльнага). Яго перапрацоўваюць на муку, крухмал, спірт, піва, высакаякасную пудру, румяны. З саломы вырабляюць вышэйшыя сарты паперы, кардону, вяроўкі, капелюшы, цыноўкі, сумкі, скормліваюць жывёле. Харч., тэхн., лек. расліна.

В.​М.​Прохараў.

Рыс: 1 — расліна ў фазе малочнай спеласці; 2 — мяцёлкі кітайска-японскай галіны з двухкаляровай (а) і аднакаляровай (б) афарбоўкай кветкавых лускавінак; 3 — мяцёлка індыйскай галіны.

т. 13, с. 518

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗЯЛЁНЫЯ ВО́ДАРАСЦІ (Chlorophyta),

аддзел ніжэйшых раслін. 5 класаў: вальвоксавыя, кан’югаты, сіфонавыя водарасці, пратакокавыя (Protococcophyceae), улотрыксавыя (Ulotrichophyceae). Каля 400 родаў, да 20 тыс. відаў. Пашыраны на ўсіх кантынентах і ў морах; трапляюцца ў вадаёмах, глебе, на скалах і сценах, кары дрэў, поўсці млекакормячых. У якасці эндасімбіёнтаў жывуць у клетках прасцейшых, губак, гідраў (зоахларэла). Планктонныя і бентасныя арганізмы, ёсць эпіфіты на раслінах і жывёлах, сімбіёнты з інш. арганізмамі (напр., лішайнікі). На Беларусі 140 родаў, каля 650 відаў. Найб. пашыраныя роды: аацысціс, анкістрадэсмус, вальвокс, гідрадыкцыён, дэсмідыум, зігнема, кладофара, кластэрыум, лагерхеймія, мужоцыя, пандарына, спірагіра, сцэнедэсмус, тэтраэдран, улотрыкс, хламідамонас, хларэла, цэластрум, эўдарына і інш. У складзе планктону выклікаюць «цвіценне» вады. Некат. (напр., ульва) ядомыя. Актыўныя фотасінтэтыкі і ўдзельнікі самаачышчэння вады. аб’екты даследаванняў як крыніцы харч. біямасы ў замкнёных экалагічных сістэмах (напр., хларэла і сцэнедэсмус).

Адна-, шматклетачныя, каланіяльныя, цэнабіяльныя арганізмы рознай марфал. структуры цела (акрамя амебоіднай), памерам ад 1 мкм да дзесяткаў сантыметраў. Колер зялёны (хларафіл пераважае над жоўтымі пігментамі — карацінамі і ксантафіламі), рэдка бясколерныя арганізмы. Клеткі з цэлюлознай, цэлюлозна-пекцінавай ці пекцінавай абалонкай, адна- або шмат’ядравыя. Хларапластаў 1 ці некалькі, восевыя ці пасценныя, рознай формы. Запасныя рэчывы — крухмал і зрэдку алей. Размнажэнне вегетатыўнае, бясполае (заа-, апланаспорамі або акінетамі), полавае (іза-, гетэра-, гола-, аагамія і кан’югацыя). У рухомых З.в. ёсць вочка, 2—4 і больш жгуцікаў.

С.​С.​Мельнікаў.

Зялёныя водарасці: 1 — хларэла звычайная; 2 — сцэнедэсмус чатыроххвосты; 3 — ульва салатная; 4 — хара звычайная; 5 — ацэтабулярыя мяцёлчатая; 6 — кодыум крохкі.

т. 7, с. 127

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЯЛЫ́НІЦКІ РАЁН,

на ПнЗ Магілёўскай вобл. Беларусі. Утвораны 17.7.1924. Пл. 1,4 тыс. км². Нас. 28,1 тыс. чал. (1996), гарадскога 37,2%. Сярэдняя шчыльн. 20 чал/км². Цэнтр — г.п. Бялынічы. 199 сельскіх нас. пунктаў. 8 сельсаветаў: Вішоўскі, Галоўчынскі, Запольскі, Ланькаўскі, Лебядзянкаўскі, Машчаніцкі, Цяхцінскі, Эсьмонскі.

Раён размешчаны ў межах Цэнтральнабярэзінскай раўніны і Аршанска-Магілёўскай раўніны. Паверхня раўнінная. Пераважаюць выш. 160—180 м, найвыш. пункт 207 м (каля в. Ясная Паляна). Карысныя выкапні: торф, сапрапелі, сілікатныя пяскі, гліны. Сярэдняя т-ра студз. -7,3 °C, ліп. 18 °C. Ападкаў 657 мм за год. Вегетац. перыяд 187 сут. Рэкі: Друць (з прытокамі Вабіч, Няропля, Малыш з Ліпаўкай, Аслік), Клява. Азёры: Чорнае, Заазерскае, Няропля, Падазерышча, Карманоўскае. Пераважаюць дзярнова-падзолістыя, дзярнова-падзолістыя забалочаныя глебы. Лясы займаюць 30,7% тэр. раёна, пераважна хваёвыя, бярозавыя і яловыя; балотамі занята 7,2% тэрыторыі. Гідралагічны заказнік Заазер’е.

Агульная плошча с.-г. угоддзяў 65,9 тыс. га, з іх асушаны 14,1 тыс. га. На 1.1.1996 у раёне 12 калгасаў, 5 саўгасаў, аграгандл. прадпрыемства «Друць». Асн. галіны сельскай гаспадаркі — мяса-малочная жывёлагадоўля, вырошчваюць збожжавыя, кармавыя культуры і бульбу. Прадпрыемствы харч. (крухмал, сыры), дрэваапр. (дзелавая драўніна, піламатэрыялы), камбікормавай (тэхн. тлушч, травяная мука) прам-сці. Па тэр. раёна праходзяць чыг. Магілёў—Асіповічы, аўтадарогі Мінск—Магілёў, Бялынічы—Шклоў. У раёне 12 сярэдніх, 5 базавых, 10 пач. школ, ПТВ, цэнтр. дзіцячая школа мастацтва, 21 дашкольная ўстанова, 28 клубаў, 29 б-к, 5 бальніц, 2 амбулаторыі, 18 фельч.-ак. пунктаў. 2 музеі: мастацкі імя В.​К.​Бялыніцкага-Бірулі і краязнаўчы. Выдаецца газ. «Зара над Друццю».

М.​М.​Брылеўскі.

т. 3, с. 401

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЛЯІ́,

кампазіцыі на аснове рэчываў, здольных злучаць (склейваць) розныя матэрыялы: паперу, драўніну, шкло, кераміку, металы, скуру, пластмасы і інш.

Дзеянне К. абумоўлена ўтварэннем трывалых адгезійных сувязей (гл. Адгезія) паміж клеявой праслойкай і паверхнямі матэрыялаў, што злучаюцца. Звычайна маюць ацвярджальнікі і дабаўкі (напр., напаўняльнікі, пластыфікатары), якія мадыфікуюць уласцівасці К. (ліпучасць, скорасць ацвярдзення, час выкарыстання) і клеявой праслойкі (трываласць, цвёрдасць, тэрма- і атмасфераўстойлівасць і інш.). Паводле тыпу асновы падзяляюць на арган. (прыродныя і сінт.) і неарганічныя. К. на аснове прыродных палімераў жывёльнага (казеінавыя, альбумінавыя, глюцінавыя) ці расліннага паходжання (крухмал, дэкстрынавыя, канадскі бальзам і інш.) вызначаюцца нізкай водаўстойлівасцю і загніваюць пад уздзеяннем мікраарганізмаў. Найб. пашыраны К. сінтэтычныя на аснове сінт. алігамераў і палімераў (фенола-фармальдэгідных, эпаксідных, поліэфірных смол, поліамідаў, поліурэтанаў і інш.), для якіх характэрны высокая трываласць склейвання і ўстойлівасць да рознага асяроддзя. Паводле хім. прыроды асновы адрозніваюць тэрмарэактыўныя — пры склейванні змяняецца іх хім. структура ў выніку ацвярдзення палімераў ці вулканізацыі (гл. Гумавыя кляі) і тэрмапластычныя, хім. структура якіх не змяняецца; яны зацвердзяваюць у выніку выпарэння растваральніку (К.-растворы) ці застывання расплаву (К.-расплавы). К. неарганічныя — керамічныя (аснова — аксіды магнію, алюмінію, крэмнію, шчолачных металаў), фасфатныя (найб. пашыраныя алюмафасфатныя і алюмахромфасфатныя), сілікатныя (аснова — водныя растворы сілікатаў натрыю і калію), метал. (аснова — вадкі метал, напр., галій). Паводле прызначэння К. падзяляюць на канструкцыйныя (утвараюць клеявыя злучэнні, якія вытрымліваюць мех. напружанне не менш за 10 МПа), прызначаныя для збору машын, лятальных апаратаў, буд. канструкцый, і неканструкцыйныя, а таксама спецыяльныя.

Літ.:

Кардашов Д.А. Синтетические клеи. 3 изд. М., 1976;

Кардашов Д.А., Петрова А.П. Полимерные клеи: Создание и применение. М., 1983.

А.​І.​Валожын.

т. 8, с. 353

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)