група археал. помнікаў каменнага і бронзавага вякоў (шахты па здабычы крэменю, крэменяапрацоўчыя майстэрні, стаянкі, могільнік), селішча жал. веку і сярэдневякоўя каля г.п. Краснасельскі Ваўкавыскага р-на Гродзенскай вобл. і суседніх з ім вёсак. Гэты рэгіён заселены ў раннім мезаліце (9-е тыс. да н.э.); найб. колькасць помнікаў належыць да неаліту і бронзавага веку. У К.а.к. захавалася больш за 80 шахтавых выпрацовак. У адной з шахт знойдзена пахаванне шахцёра шнуравой керамікі культуры. На комплексе выяўлены таксама рэшткі крэменеапрацоўкі і крамянёвыя прылады працы, кераміка арэнбургскай культуры, позняга этапа нёманскай культуры, тшцінецкай культуры, зарубінецкай культуры, фрагменты ганчарнага посуду эпохі Стараж. Русі, позняга сярэдневякоўя, рэшткі паўзямлянкі 9—12 ст. і інш. На могільніку культуры шарападобных амфар (3-е тыс. да н.э.) знойдзены рэшткі пахавання чалавека і свойскай жывёлы, гліняны посуд, касцяныя наканечнікі стрэл і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУЖА́НСКІ ПАЛА́ЦАВЫ КО́МПЛЕКС помнік архітэктуры 17—18 ст. у г.п. Ружаны Пружанскага р-на Брэсцкай вобл. Размешчаны на высокім узгорку ў паўд.-ўсх. частцы горада; з’яўляўся рэзідэнцыяй князёў Сапегаў. У 1-й пал. 17 ст. пабудаваны 2-павярховы крыжападобны ў плане мураваны палац з 3 вежамі: 2 квадратныя ў плане на гал. фасадзе і тарцы левага крыла і 5-гранная на паўн.-ўсх. вугле. У цэнтр.ч. палаца, якая выступала глыбокім рызалітам, размяшчаліся вестыбюль з 4-маршавай лесвіцай і вял. зала на 2-м паверсе, у бакавых ч. — жылыя пакоі, кабінеты, архіў, б-ка. У 1698 і ў Паўночную вайну 1700—21 разбураны, у 1-й пал. 18 ст. адноўлены. У 1784—86 перабудаваны (арх. Я.С.Бекер): 2 вежы разабраны, а тарцовая ўключана ў аб’ём палаца. Да цэнтр.ч.гал. фасада прыбудаваны порцік з падвойнымі пілястрамі і калонамі кампазітнага ордэра, завершаны трохвугольным франтонам са скульптурай. У дэкар. аздабленні палаца сумяшчаліся рысы позняга барока і класіцызму. Адначасова створаны палацавы комплекс з некалькіх згрупаваных вакол параднага двара карпусоў, з паркам, садамі і аранжарэяй. Сіметрычныя бакавыя карпусы размешчаны перпендыкулярна палацу і злучаны з ім паўцыркульнымі ў плане аркадамі. Усх. корпус падзяляўся параднай лесвіцай на 2 роўныя ч. — тэатр і манеж. Тэатр меў глыбокую сцэну з 7 планамі куліс, што давала магчымасць тройчы мяняць афармленне ў час спектакля. Падковападобная ў плане зала 2-ярусная: у 1-м ярусе было 14 ізаляваных лож, на 2-м — 15 з каралеўскай у цэнтры. Ложы ўпрыгожвалі ажурныя балюстрады, калоны карынфскага ордэра. У зах. корпусе (не захаваўся) размяшчалася карцінная галерэя. Паралельна палацу па восі двара пабудавана ўязная брама з 2-павярховымі флігелямі па баках. Брама вырашана ў выглядзе 3-пралётнай трыумфальнай аркі, упрыгожана разнымі геральдычнымі картушамі з моранага дубу. Фасады будынкаў дэкарыраваны руставанымі пілястрамі, ляпнымі гірляндамі, скульптурай, разнастайнымі абрамленнямі аконных праёмаў. З 1795 у палацавым комплексе размяшчаліся суконная і ткацкая ф-кі. У 1914 комплекс пашкоджаны, часткова рэстаўрыраваны ў 1930, у 1944 разбураны. Захаваліся гал. і ўсх. карпусы, аркады, уязная брама і флігелі, фрагменты аздобы інтэр’ераў і канструкцый перакрыццяў (знаходзяцца на кансервацыі).
Т.В.Габрусь.
Ружанскі палацавы комплекс. Руіны галоўнага корпуса палаца.
заканамернае спалучэнне прыродных геагр. кампанентаў, якія ўтвараюць цэласную матэрыяльную геасістэму; адно з асн. паняццяў фізічнай геаграфіі. Тэрмін прапанаваны сав. географам М.А.Сонцавым у 1950-я г. Асобныя кампаненты і комплексы ніжэйшага рангу (участак зямной кары з уласцівымі яму рэльефам, глебамі, паверхневымі і падземнымі водамі, расліннасцю, жывёльным светам, прыземным слоем паветра), у межах П.т.к. развіваюцца як часткі цэлага. Іх узаемасувязі выяўляюцца ў абмене рэчывам і энергіяй. Змена аднаго кампанента часта выклікае перабудову ўсяго П.т.к. У той жа час П.т.к. валодаюць пэўнай устойлівасцю, маюць тэндэнцыю ўзнаўлення пасля іх парушэння знешнімі агентамі, у т. л. і ўздзеяннем чалавека. Адносяцца да розных узроўняў (рангаў); да планетарнага (геаграфічная абалонка), рэгіянальнага (ландшафтная правінцыя, зона, асобны ландшафт геаграфічны), тапалагічнага (мясцовасць, урочышча, фацыя). П.т.к. рэгіянальнага і тапалагічнага ўзроўняў — структурныя ч.геагр. абалонкі, вынік працэсу яе дыферэнцыяцыі; і наадварот, П.т.к. вышэйшых рангаў з’яўляюцца адлюстраваннем інтэграцыі комплексаў ніжэйшых рангаў. У агульнай грамадскай дзейнасці П.т.к. разглядаецца як сістэма, якая мае ўласцівасць узнаўлення прыроднага асяроддзя, прыродных рэсурсаў, і захоўвае генетычны фонд, з’яўляецца гал. аб’ектам рацыянальнага прыродакарыстання і аховы навакольнага асяроддзя. Гл. таксама Ландшафтазнаўства, Ландшафтнае раянаванне, Ландшафтны аналіз.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЯСНЯ́НСКІ МЕМАРЫЯ́ЛЬНЫ КО́МПЛЕКС.
Створаны ў в. Лясная Слаўгарадскага р-на Магілёўскай вобл. ў гонар 200-годдзя перамогі рас. войск над шведскім корпусам ген. А.Левенгаўпта ў бітве пад Лясной 1708 у час Паўночнай вайны 1700—21. Уключае манумент у гонар перамогі рус. войск (1906, скульпт. А.Обер), мемар. капліцу (1912, арх. А.Гаген) і мармуровы абеліск на брацкіх могілках рас. воінаў. Кампазіцыйны цэнтр — цагляная капліца цэнтрычнай шмат’яруснай кампазіцыі з рысамі рамант. кірунку рус. мадэрна. Завершана 8-гранным шатром з невял. барабанам і цыбулепадобнай галоўкай (агульная выш. 40,9 м). Квадратнае ў плане (15 × 15 м) збудаванне. 1-ы ярус пастаўлены на п’едэстал (выш. 2,1 м) з вял. гранітных блокаў, мае 3-арачныя парталы з белага каменю і завершаны поясам несапраўдных машыкуляў, 2-і ярус — кубічны аб’ём, прарэзаны з 4 бакоў высокімі арачнымі аконнымі праёмамі і завершаны зубцамі ў выглядзе ластаўчынага хваста. Сцены абліцаваны залацістай керамічнай пліткай, уваходы, перамычкі, паяскі і карнізы аздоблены пераважна белым пясчанікам. Капліцу ўпрыгожваюць мазаічныя пано-абразы на гал. фасадзе (на выш. больш за 10 м) і ў нішы паміж вокнамі 1-га яруса ўсх. фасада (на выш. 3 м). Будынак з’яўляецца прыкладам арган. сінтэзу архітэктуры і мастацтва. У капліцы размешчаны музей гісторыі бітвы пад Лясной. Манумент — дынамічная скульпт. кампазіцыя на пастаменце ў выглядзе скалы (граніт), на яе вяршыні павернутая на У выява арла (бронза), які рве кіпцюрамі шведскі сцяг з разламаным дрэўкам. На пастаменце дошка з рэльефным надпісам: «У памяць бітвы пры Лясной. Маці Палтаўскай перамогі — 1708. 28 верасня 1908 г.». На процілеглым баку бронзавая дошка са спісам палкоў — удзельнікаў гіст. бітвы. У ансамбль уваходзіла таксама Пятроўская царква, пабудаваная ў 1708 (не захавалася).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗЕНІ́ТНЫ АРТЫЛЕРЫ́ЙСКІ КО́МПЛЕКС,
сукупнасць зенітных пушак (адной ці некалькіх) і розных тэхн. сродкаў для выяўлення цэлі, аўтам. наводкі, вядзення агню і знішчэння паветр. цэлей артыл. агнём. Асн. яго элементы: зенітныя пушкі з боекамплектамі, станцыя гарматнай наводкі, прылада кіравання артыл. зенітным агнём ці выліч. прылада, сінхронная перадача і сістэмы сачэння, агрэгаты электрасілкавання, якія могуць размяшчацца на базе адной (зенітная самаходная ўстаноўка) ці на розных транспартных адзінках.
З.а.к. з’явіліся ў розных арміях у час Вял.
Айч. вайны. Са з’яўленнем зенітных ракетных комплексаў развіваліся гал. чынам малакаліберныя (да 60 мм) самаходныя З.а.к., прызначаныя для знішчэння паветр. цэлей на малых вышынях. Найб. дасканалымі з’яўляюцца зенітныя пушачна-ракетныя комплексы (ЗПРК), здольныя знішчаць самалёты, верталёты, крылатыя ракеты і інш. на выш. да 3500 м і адлегласцях да 8 км. Падраздзяленні ППАУзбр. Сіл Беларусі забяспечаны малакалібернымі З.а.к. ЗСУ-23-4 «Шылка», ЗУ-23-2, С-60, а таксама ЗПРК 2К22 «Тунгуска».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРОЦІТА́НКАВЫ РАКЕ́ТНЫ КО́МПЛЕКС (ПТРК),
сукупнасць функцыянальна звязаных баявых і тэхн. сродкаў для паражэння браніраваных цэлей процітанкавымі кіроўнымі ракетамі; від процітанкавага ўзбраення. У ПТРК уваходзяць: пускавая ўстаноўка, ракеты, апаратура абслугоўвання і праверкі. Пускавая ўстаноўка складаецца з апаратуры прыцэльвання, фарміравання і перадачы каманд кіравання ракеце. Бываюць пераносныя, буксіравальныя, самаходныя (у т. л. на базе танкаў), верталётныя і інш.; паводле сістэмы кіравання — ручныя, паўаўтаматычныя, аўтаматычныя; паводле скорасці палёту ракет — дагукавыя, звышгукавыя. У пераносных ПТРК далёкасць пуску ракет 40 м — 3 км, у самаходных і верталётных — да 5 км.
Г.М.Грысенка, Р.І.Флярко.
Пераносны процітанкавы ракетны комплекс 9К 111 «Фагот» (СНД).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАВА́НІЦКІ ПАЛА́ЦАВА-ПА́РКАВЫ КО́МПЛЕКС,
помнік архітэктуры і садова-паркавага мастацтва 19 ст. ў в. Раванічы Чэрвеньскага р-на Мінскай вобл. Створаны ў 1-й пал. 19 ст. ў паўн.ч. вёскі ў б. маёнтку мінскага маршалка Л.Слатвінскага. Уключаў палац, фланкіраваны 2 флігелямі, гасп. пабудовы, парк. Цэнтрам комплексу быў класіцыстычны палац, што размяшчаўся на ўзвышшы. Мураваны прамавугольны ў плане 1-павярховы на цокальным паверсе будынак пад вальмавым дахам. Гал. і паркавы фасады вылучаны ў цэнтры 4-калоннымі мансардавымі порцікамі дарычнага ордэра з трохвугольнымі франтонамі. 2 бакавыя лесвіцы порціка гал. фасада вядуць на тэрасу, з якой зроблены гал. ўваход. Плоскасныя фасады палаца рытмічна расчлянёны прамавугольнымі аконнымі праёмамі, дэкарыраваны сандрыкамі, вуглавымі лапаткамі. У пач. 20 ст. ў будынку размяшчалася суконная ф-ка. У 1952 палац адноўлены, у ім размешчана сельская бальніца. Флігелі — 1-павярховыя кампактныя прамавугольныя ў плане будынкі пад 2-схільнымі дахамі. Парк пейзажнага тыпу, з садам (пл. 11 га), закладзены ў сярэдзіне 19 ст. Вакол асн.ч. парку — кальцавая пейзажная дарога ў форме эліпса. У парку расце каля 60 відаў і форм экзотаў. Парк аддзелены ад дарогі, якая вядзе з вёскі, сістэмай сажалак, звязаных з р. Уша.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАСТА́ЎСКІ ПАЛА́ЦАВА-ПА́РКАВЫ КО́МПЛЕКС,
помнік сядзібна-паркавай архітэктуры класіцызму ў г. Паставы Віцебскай вобл. Створаны ў канцы 18—1-й пал. 19 ст. на паўд. ускраіне горада на левым беразе р. Мядзелка. Комплекс, які ўключае палац і парк, пабудаваны на месцы сядзібы 1-й пал. 17 ст.
Першапачатковая сядзіба складалася з жылых і гасп. пабудоў (5 драўляных жылых дамоў, кухня, 5 свірнаў, 3 стайні, вазоўня, склеп і інш.), якія ўтваралі прамавугольны ў плане двор, абнесены астрогам з 2 брамамі. Гал. жылы дом — 1-павярховы будынак складанай канфігурацыі з 2 алькежамі і 2 ганкамі, завершаны гонтавым дахам. Астатнія дамы — традыц. 2- і 3-камернае жыллё. Асобнае падвор’е ўтваралі 3-камерны жылы дом для прыслугі, сыраварня, склеп і абора, на гумнішчы — стадола, асець, адрына, абарогі. Пры сядзібе быў бровар.
Буд-ва П.п.-п.к. распачата на месцы сядзібы ў 1760-я г. (верагодна, паводле праекта арх. Дж.Сака). У 1770-я г. спынена (пабудаваны 2 бакавыя флігелі і падмурак палаца). У 1-й пал. 19 ст. на паўд. беразе возера пабудаваны П-падобны ў плане 1-павярховы мураваны палац. Цэнтр. часткі паўд. і ўсх. крылаў вылучаны больш высокімі аб’ёмамі з мезанінамі. Усе часткі палаца накрыты пакатымі 2-схільнымі дахамі з трохвугольнымі франтонамі на тарцах. Сіметрычны ўсх. фасад мае па баках глыбокія рызаліты і аздоблены пілястрамі, плоскі рызаліт у цэнтры з вял. тэрасай перад ім. У 1830-я г. да паўн. фасада прыбудаваны 6-калонны дарычны порцік з манум. лесвіцай; у паўн. крыле — капліца, аздобленая лепкай і размалёўкай у тэхніцы грызайль. Парк — рэгулярна-пейзажнага тыпу, размешчаны на раўнінным рэльефе. Ствараўся ў 2 этапы. Пл. каля 10 га. Меў форму выцягнутага з Пн на Пд прамавугольніка, абмежаванага па баках каналамі, з Пн — возерам. Каля палаца знаходзілася пейзажная частка парку з экзотамі ў дэкар. групах. Ад рэгулярнага парку ўцалелі і рэшткі старых ліпавых прысад, ад пейзажнага — асобныя групы дрэў па берагах вадаёма і ўсх. канала, а таксама на ўзгорку паміж каналам і гал. вуліцай горада.
В.Р.Анціпаў, А.М.Кулагін, Ю.А.Якімовіч.
Пастаўскі палацава-паркавы комплекс. Фрагмент парку.Пастаўскі палацава-паркавы комплекс. Галоўны фасад палаца.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛО́ШЫЦКІ СЯДЗІ́БНА-ПА́РКАВЫ КО́МПЛЕКС,
помнік сядзібна-паркавага мастацтва 18—19 ст. на паўд. ускраіне Мінска ў сутоках рэк Свіслач і Лошыца каля б.в. Лошыца 1-я. У комплекс уваходзілі сядзібны дом, капліца, дом аканома, вадзяны млын, будынак спіртзавода, гасп. пабудовы, пейзажны парк. Цэнтр кампазіцыі — сядзібны дом на грэбені каля поймавай тэрасы. Мае асіметрычную аб’ёмна-прасторавую кампазіцыю, якая складаецца з драўлянага 1-павярховага і прыбудаванага да яго тарца мураванага 2-павярховага аб’ёмаў. У дэкар. афармленні фасадаў выкарыстаны драўляныя разныя дэталі (слупы гал. ўвахода, аконныя ліштвы, карнізныя паясы і інш.). У інтэр’еры захаваліся ляпныя дэталі, абліцоўка сцен панэлямі з дубу, каляровая кафля. Перад гал. фасадам парадны партэр у форме няправільнага эліпса, абмежаваны пад’язнымі дарогамі; з процілеглага боку пакаты прыбярэжны спуск да лукавіны р. Лошыца. Асн. паркавы ўчастак з кальцавымі дарожкамі знаходзіцца перад паўн. тарцовым фасадам. У ім растуць экзоты (дуб пушысты, бяроза вішнёвая, магнолія кобус, лістоўніцы яп., сіб. і еўрап. і інш.).
У пісьмовых крыніцах в. Лошыца згадваецца з 1-й пал. 16 ст., належала кн. Талачынскім, з сярэдзіны 16 ст. — Гарнастаям. У 2-й пал. 16 ст. падзелена на Лошыцу-Гарнастаеўскую (з канца 16 ст. належала кн. Друцкім-Горскім) і Лошыцу-Адынцоўскую. У 1719 Лошыца з навакольнымі вёскамі перайшла да Прушынскіх. У канцы 16 — пач. 17 ст. на ўзгорку побач з р. Лошыца і Свіслач пабудаваны вял. драўляны дом на каменным падмурку. У 1724 пабудаваны новы сядзібны дом — драўляны (частка сцен з цэглы), на каменным падмурку, накрыты гонтам (рэканструяваны ў пач. 1880-х г.). Паводле інвентара 1772, сядзіба ўяўляла сабой вял.комплекс з гасп. пабудовамі, млынам, на р. Лошыца быў стаў. У 2-й пал. 18 ст. паводле фундацыі С.Прушынскага пабудавана мураваная капліца ў стылі барока (Лошыцкая алтарыя). У пач. 19 ст. Лошыцу наведаў мастак Ю.Пешка, які пакінуў акварэль з выявай сядзібы; тут часта бываў В.Дунін-Марцінкевіч 3 1877 сядзіба перайшла да Любанскіх. У 1896 павялічаны бровар, у 1901 пабудаваны новы млын на Свіслачы. У 1922—25 тут была доследная гаспадарка Бел.дзярж. ін-та сельскай гаспадаркі. На яе базе па ініцыятыве М.І.Вавілава ў 1925 створана Бел. аддзяленне Усесаюзнага ін-та прыкладной батанікі і новых культур (дырэктар А.Я.Сюбараў). 23.2.1931 аддзяленне рэарганізавана ў Бел. занальную доследную станцыю плодаагародніцкай гаспадаркі. Адначасова створаны садова-агародны ін-т з аддзяленнямі садаводства, агародніцтва і перапрацоўкі пладоў і агародніны. 5.4.1956 у Лошыцкай сядзібе створаны Бел.НДІ бульбаводства і плодаагародніцтва (у 1964 пераведзены ў Самахвалавічы, а ў Лошыцы пакінута яго доследная гаспадарка). У 1989 створана Лошыцкая садова-паркавая гаспадарка. Сядзібны дом з 1986 — філіял Нац.маст. музея Беларусі.
В.Р.Анціпаў, Т.І.Чарняўская, У.М.Дзянісаў.
Да арт.Лошыцкі сядзібна-паркавы комплекс. Капліца. Здымак 1920-х г.Да арт.Лошыцкі сядзібна-паркавы комплекс. Сядзібны дом.