БІЯГЕ́РМ (ад бія... + грэч. herma падводная скала),
простая арганагенная пабудова, якая ўтварылася на месцы росту калоній арганізмаў, здольных адкладваць вапну, захоўваць пасля адмірання прыжыццёвую форму. Даўж. біягерма да кіламетра.
Марфалагічна біягерм як геал. цела — масіў або выпуклая лінза, палеагеаграфічна — падводны выступ, узгорак. У асадкавых адкладах Беларусі выкапнёвыя дробныя Б. з каралаў, страматапораў, імшанак, сіне-зялёных і чырвоных водарасцяў (багранак) трапляюцца ў сілурыйскіх і ніжнедэвонскіх утварэннях Брэсцкай упадзіны, верхнедэвонскіх і кам. вуг. утварэннях Прыпяцкага прагіну. Да верхнедэвонскіх біягермных адкладаў Прыпяцкага прагіну прымеркаваны радовішчы нафты і газу. Гл. таксама Біястромы.
т. 3, с. 168
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЫ́СЦІЧ Мілан (31.8.1908, Бялград — 1982),
югаслаўскі кампазітар; буйнейшы югасл. сімфаніст. Чл. Сербскай акадэміі навук і мастацтваў (1961). Вучань М.Мілоевіча і Е.Славенскага. У 1930-я г. адзін з прадстаўнікоў авангардызму, выкарыстоўваў чвэрцьтонавую сістэму, дадэкафонію, адчувальны ўплыў экспрэсіянізму, пазней — неакласіцызму. У творах 1940-х г. — імкненне да грамадз. і героіка-патрыят. тэматыкі, прадаўжэння нац. муз. традыцый. Сярод твораў: балеты «Папялушка» (паст. 1943), «Тыран» (паст. 1945); 9 сімфоній (1941—77), арк. п’есы, канцэрты для інстр. з арк., кам.-інстр. ансамблі, вак. творы, у т. л. «Песня пра сокала», «Песня памерлых пралетарыяў».
т. 13, с. 520
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САПРАПЕЛІ́Т (ад грэч. sapros гнілы + pēlos глей, гразь),
выкапнёвы вугаль пераважна з прадуктаў ператварэння рэшткаў ніжэйшых раслін і жывёльных арганізмаў. Паводле саставу, ступені раскладання і ператварэння зыходнага матэрыялу вылучаюць уласна С. і гуміта-С. (пераходная рознасць паміж уласна С. і сапрагумалітамі). Паводле саставу адрозніваюць С.: кенель-богхеды, касьяніт-богхеды і чарамхіты. Колер цёмна-карычневы, шаравата-чорны. Аднародныя, масіўныя, цвёрдыя, вязкія. Выхад лятучых кампанентаў 55—70%. Складаюць праслоі (лінзы) у пластах гумалітаў, якія зведалі буравугальную або пач. этапы кам.-вуг. стадыі метамарфізму. Каштоўная хім. сыравіна. Трапляецца на многіх буравугальных радовішчах.
т. 14, с. 173
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТАЮА́НЬ,
горад на Пн Кітая, на р. Фыньхэ (бас. Хуанхэ). Адзін з найстараж. гарадоў Кітая. Адм. ц. прав. Шаньсі. Больш за 2 млн. ж; (2001). Трансп. вузел і буйны прамысл. цэнтр. Прам-сць: чорная металургія, цяжкае машынабудаванне, хім., ваен., лёгкая. Арх. помнікі: храмавы комплекс Цзіньцы (першыя будынкі — 6 ст., да 17 ст. пабудавана больш за 300 храмаў, павільёнаў, залаў, альтанак, мастоў); у цэнтры — драўляны храм Шэнмудзянь (1023—31). Паблізу Т. — пячорны храм на гары Цяньлуншань (засн. ў 6 ст.). У наваколлі Т. здабыча кам. вугалю, жал. руды, вапнякоў.
т. 15, с. 467
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЭЗО́ЛЫ, метылфенолы,
арганічныя злучэнні, CH3C6H4OH.
Існуюць 3 ізамеры: 2-метылфенол (орта-К.; t 30,9 °C, tкіп 191 °C); 3-метылфенол (мета-К.; tпл 11 °C, tкіп 202,8 °C); 4-метылфенол (пара-К.; tпл 31,8 °C, tкіп 201,9 °C). Бясколерныя крышталі або вадкасці. Раствараюцца ў вадзе, растворах асноў, этаноле, эфіры, хлараформе, бензоле, ацэтоне. Сумесь ізамераў вылучаюць з кам.-вуг. ці сланцавай смалы, раздзяляюць дыстыляцыяй. Выкарыстоўваюць у вытв-сці крэзола-альдэгідных смол, дэзінфекцыйных сродкаў; асобныя ізамеры — у вытв-сці азафарбавальнікаў, інсектыцыдаў, гербіцыдаў, антыаксідантаў. К. раздражняюць скуру і слізістыя абалонкі дыхальных шляхоў, выклікаюць кан’юнктывіты. ГДК 0,1—0,5 мг/м³.
Я.Г.Міляшкевіч.
т. 8, с. 535
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІПНЕ́ВІЧ Валерый Іванавіч (н. 21.9.1947, Мінск),
расійскі пісьменнік. Скончыў БДУ (1973). Да 1981 працаваў у Ін-це фізікі АН Беларусі, у друку. Друкуецца з 1970. Распрацоўвае свабодны верш. Паэт. зб-кам «Трава і дождж» (1977), «Цішыня» (1979), «Невядомая планета», «Дрэва і рака» (абодва 1988) уласцівы філас. светаразуменне, асэнсаванне «вечных» праблем быцця. Аўтар апавяданняў, літ.-крытычных артыкулаў пра творчасць Р.Барадуліна, Т.Бондар, В.Быкава, М.Танка, Я.Янішчыц і інш. На рус. мову пераклаў асобныя вершы Р.Баравіковай, Л.Геніюш, А.Глобуса, Г.Каржанеўскай, А.Куляшова, Г.Пашкова і інш.
А.В.Спрынчан.
т. 9, с. 277
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЬВО́ЎСКА-ВАЛЫ́НСКІ ВУ́ГАЛЬНЫ БАСЕ́ЙН.
У Львоўскай і Валынскай абласцях Украіны; паўд.-ўсх. замыканне Люблінскага вугальнага бас. (Польшча). Пл. прамысл. вугляноснасці 3,2 тыс. км². Кам.-вуг. адклады на тэр. басейна складаюць Львоўскую мульду (магутнасць 630—1250 м); вугляносныя адклады візейскага, намюрскага і башкірскага ярусаў і тэрыгенна-карбанатныя бязвугальныя турнейскага яруса. Маюць адпаведна 1, 10 і 4 рабочыя пласты вугалю магутнасцю 0,7—1,2 м. Глыб. залягання 250—750 м. Геал. запасы вугалю 2,1 млрд. т. Вуглі маркі Д, Г, ГЖ і Ж. Цеплыня згарання каля 21,5 МДж/кг. Распрацоўваецца з 1954 шахтавым спосабам. Асн. цэнтры здабычы: гарады Новавалынск, Чырванаград, Сакаль, Белз.
т. 9, с. 388
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІГІЛЯ́РЫІ (Sigillariaceae, Sigillariales),
сямейства (або парадак) выкапнёвых дрэва- і дзеразападобных раслін. Трапляюцца ў адкладах кам.-вуг. і пермскага перыядаў Еўропы і Паўн. Амерыкі. Былі пашыраны ў тропіках, месцамі дамінавалі ў ландшафтах.
Выш. 10—12 (да 30) м. Ствол прамы, калонападобны, неразгалінаваны або дыхатамічна разгалінаваны ўверсе. Ствол і галіны ўкрытыя правільна размешчанымі чаргаванымі лускападобнымі рубцамі ад апалага лісця. Драўніна слабаразвітая, кара магутная. Спараносныя шышкі буйныя, развіваліся на канцы ствала. Знізу ствол пераходзіў у галінастыя карані (стыгмарыі). Лісце вузкае. Ствалы С. адыгралі важную ролю ў працэсах утварэння каменнага вугалю. Па выкапнёвых рэштках С. вызначаюць узрост геал. адкладаў.
т. 14, с. 366
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЧАРАДНІЧЭ́НКА Уладзімір Ільіч (3.10.1930, с. Архангельскае Слаўгарадскага р-на Алтайскага краю, Расія — 12.3.1994),
бел. кампазітар. Скончыў Бел. кансерваторыю (1958, кл. А.Багатырова). З 1959 выкладчык Мінскага муз. вучылішча імя М.Глінкі. У 1964—66 дырыжор-кансультант эстр. калектываў бел. філармоніі. Творам Ч. ўласцівы меладызм, эмацыянальная выразнасць і пранікнёнасць, дасканалая форма. Аўтар 2 сімфоній (1959, 1985); уверцюр «Веснавая» (1964) і «Святочная» (1968) для сімф. арк.; сюіты (1964) і канцэрта для баяна (1967) з арк. нар. інструментаў; кам.-інстр. музыкі, раманса для валторны і фп. (1964), хароў, музыкі да кінафільмаў і інш.
Дз.М.Жураўлёў.
т. 17, с. 220
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАХТ (Laht) Уна (н. 30.4.1924, г. Валга, Эстонія),
эстонскі пісьменнік. Зб-кам сатыр. вершаў «Малочныя зубы» (1954), «Запламбаваныя малочныя зубы» (1956), «Вэнджаныя вугры і росныя ружы» (1960), «Мая родная даматканая глуш» (1973), «Ружовы шум» (1981) і інш. уласцівы актуальнасць тэматыкі і сатыр. вастрыня. Аўтар зб-каў гумарэсак і фельетонаў «Літаратурныя пародыі» (1969), навел «Ліквідацыя бардэля» (1974), прозы «На падножным корме» (1982), у якіх своеасабліва спалучаны сатыр. і рамант. элементы, п’ес. На бел. мову асобныя вершы Л. пераклаў У.Шахавец.
Тв.:
Рус. пер. — Соленый огурец. М., 1956;
В одном лице. М., 1960;
Банановый корабль в сиреневом тумане, и другое — с мягким прибалтийским акцентом. Таллин, 1985.
т. 9, с. 165
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)