НІВЕЛІ́РАВАННЕ,
вызначэнне вышынь пунктаў зямной паверхні адносна некаторага выбранага пункта (умоўнага нуля) або ўзроўню мора. Выкарыстоўваецца для стварэння вышыннай апорнай геадэзічнай сеткі, вышыннага абгрунтавання тапаграфічных здымак і здымак рэльефу, пры інжынерна-буд. і геал. работах, пры вывучэнні фігуры Зямлі, сучасных тэктанічных і тэхнагенных рухаў зямной паверхні і інш. Адрозніваюць Н. геаметрычнае, трыганаметрычнае, фізічнае і механічнае. Геаметрычнае Н. выконваецца гарызантальным візірным праменем нівеліра. Перавышэнне вылічваецца як рознасць узятых адлікаў па нівелірных (геадэзічных) рэйках, якія вертыкальна ўстаноўлены на геадэзічных пунктах. Трыганаметрычнае Н. выконваецца нахільным візірным праменем геадэзічных прылад з вертыкальным кругам для вымярэння вугла нахілу зямной паверхні і адлегласці да пунктаў. Фізічнае Н. падзяляецца на бараметрычнае Н. (засн. на залежнасці атмасфернага ціску ад вышыні) і гідрастатычнае Н. (засн. на ўласцівасці вадкасці займаць аднолькавы ўзровень у сазлучаных сасудах). Механічнае Н. выконваецца з дапамогай аўтам. нівеліраў на трансп. сродках (аўтаматычна рэгіструюць вышыні і будуюць профіль). Гл. таксама Геадэзічныя знакі, Геадэзічныя прылады і інструменты, Геадэзія, Нівелірная сетка.
П.П.Явід.
т. 11, с. 310
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЭРАЗДЫ́МКА,
здымка зямной паверхні з лятальных апаратаў. Робіцца ў шырокім дыяпазоне спектра эл.-магн. хваляў з дапамогай розных здымачных сістэм. Бывае фатаграфічная, тэлевізійная, цеплавая, радыёлакацыйная і інш.
т. 2, с. 173
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕАФІЗІ́ЧНЫЯ АНАМА́ЛІІ,
адхіленне значэнняў фіз. палёў (гравітацыйнага, магнітнага, геатэрмічнага, электрамагнітнага) ад нармальнага поля Зямлі. Абумоўлены рознымі фіз. ўласцівасцямі горных парод, неаднароднасцю саставу і будовы зямной кары і мантыі. Адрозніваюць анамальнае значэнне (лічба, якая характарызуе велічыню анамаліі ў пэўным пункце назірання, напр., анамаліі Бучэ, Фая і інш.) і анамальнае поле (участак, на якім назіраюцца адхіленні; бываюць мазаічныя, лінейныя, паласавыя і інш.). Паводле памераў і глыбіні геафізічныя анамаліі падзяляюцца на лакальныя і рэгіянальныя. Па геафізічных анамаліях вывучаюць унутр. будову Зямлі і зямной кары, вырашаюць гідрагеал. і інж.-геал. задачы, вядуць пошук і разведку радовішчаў карысных выкапняў.
Г.І.Каратаеў.
т. 5, с. 125
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАДАЦЁК,
водны паток, які цячэ ў напрамку нахілу зямной паверхні па рэчышчы паміж выразнымі берагамі. Бывае натуральны (рака, ручай) і штучны (канал), пастаянны (цячэнне круглы год) і часовы (перасыхае, прамярзае).
т. 3, с. 436
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕАСІНКЛІНА́ЛЬ (ад геа... + сінкліналь),
буйны выцягнуты прагін зямной кары, які доўгі час апускаецца, запаўняецца магутнай тоўшчай асадкавых і магматычных горных парод, потым ператвараецца ў складкавую горную вобласць (гл. таксама Геасінклінальны пояс).
т. 5, с. 122
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛАЛЕ́ДЗІЦА,
тонкі слой лёду на зямной паверхні, не пакрыты снегам. Утвараецца пасля адлігі, дажджу або імжы пры раптоўным пахаладанні або пры выпаданні ці асяданні вадкіх атм. ападкаў на пераахалоджаную паверхню (гл. Галалёд).
т. 4, с. 449
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНВЕ́РСІЯ ТЭМПЕРАТУ́РЫ ў атмасферы, павышэнне тэмпературы паветра з вышынёй замест звычайнага для трапасферы яе памяншэння. Бываюць каля зямной паверхні і ў свабоднай атмасферы. Прыземныя І.т. найчасцей фарміруюцца ў бязветраныя ночы ў выніку інтэнсіўнага выпраменьвання цяпла зямной паверхняй, ахаладжэння яе самой і прылеглага слоя паветра. Таўшчыня ахопленага інверсіяй слоя паветра ад некалькіх дзесяткаў да соцень метраў. Утварэнню І.т. садзейнічае катлавінны рэльеф, дзе застойваецца ахалоджанае паветра. У свабоднай атмасферы І.т. звязаны з асяданнем паветра ў антыцыклонах, нацяканнем цёплага паветра на халоднае ў зонах франтоў атмасферных і інш. працэсамі; ахопліваюць слой паветра магутнасцю ў сотні, часам 2—3 тыс. м. І.т. спрыяюць утварэнню воблакаў, туману, імглы, смогу, міражу.
т. 7, с. 222
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́ЛЬДШМІТ ((Goldschmidt) Віктар Морыц) (27.1.1888, г. Цюрых, Швейцарыя — 20.3.1947),
нарвежскі геахімік, адзін з заснавальнікаў геахіміі. Замежны чл.-кар. АН СССР (1924). Вучыўся ў ун-тах Вены, Мюнхена і Осла (1905—11). З 1914 праф. і дырэктар Мінералагічнага ін-та ў Осла. З 1928 у Гётынгенскім ун-це, у 1935—42 і з 1946 дырэктар Геал. музея ў Осла. Навук. працы па фіз. хіміі мінералагенезісу, крышталяхіміі і хіміі мінералаў, горных парод і зямной кары. Сфармуляваў «мінералагічнае правіла фаз» (1911), законы ўтварэння крышт. структур, асновы тэорыі геахім. пашырэння элементаў (1923). Распрацаваў геахім. класіфікацыю хім. элементаў, даследаваў распаўсюджанне рэдкіх элементаў у зямной кары.
А.П.Чарнякова.
т. 5, с. 328
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДНО́СНАЯ ВЫШЫНЯ́,
адлегласць па вертыкалі ад пункта на паверхні зямлі да якога-н. адвольна прынятага за нуль узроўню. Паказвае, наколькі адзін пункт зямной паверхні перавышае другі (напр., выш. горнай вяршыні над яе падэшвай).
т. 1, с. 125
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́НРАДА ПАВЕ́РХНЯ,
умоўная мяжа паміж «гранітным» і «базальтавым» слаямі зямной кары, якая выяўляецца па скачкападобным павелічэнні хуткасці праходжання сейсмічных хваль (месцамі адсутнічае). Глыб. залягання 5—35 км. Названа імем аўстр. геафізіка В.Конрада.
т. 8, с. 408
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)