ТЭХНАЛАГІ́ЧНЫЯ ТЭО́РЫІ,

адзін з асн. кірункаў сац.-эканам. думкі развітых капіталіст. краін, прадстаўнікі якога пераглядаюць канцэпцыі палітэканоміі і сац. філасофіі з пазіцый тэхн. і тэхнал. дэтэрмінізму. Аўтары Т.т. лічаць, што тэхнал. дэтэрмінізм як тэарэт. абгрунтаванне выключнай ролі вытв-сці і яе тэхналогіі ў жыцці грамадства знайшоў адлюстраванне ў працах Э.​Бернштэйна, К.​Кауцкага (Германія), Т.​Веблена (ЗША), І.​Шумпетэра (Аўстрыя), П.​Струвэ, М.​І.​Туган-Бараноўскага (Расія) і інш. На метадалогію тэхнал. дэтэрмінізму абапіраюцца створаныя амер. і зах.-еўрап. эканамістамі, філосафамі, футуролагамі, сацыёлагамі тэорыі «новага індустрыяльнага грамадства» (Дж.​Голбрэйт), «постіндустрыяльнага грамадства» (Д.​Бел), «суперіндустрыяльнага грамадства» (А.​Тофлер), «постцывілізацыйнага грамадства» (К.​Боўлдынг), «тэхнатроннага грамадства» (З.​Бжазінскі), «посткапіталістычнага грамадства» (Р.​Дарэндорф), «постбуржуазнага грамадства» (Г.​Ліхтхейм), «стадый эканамічнага росту» (У.​Ростаў), «межаў росту» (Дж.​Форэстэр, Е. і Д. Медаўс) і інш. Т.т. ўключаюць разнастайныя і супярэчлівыя ідэі, згодна з якімі атрымліваюць аптымістычную (Н.​Вінер), песімістычную (Л.​Мэмфард) або экалагічную афарбоўку. Аўтары Т.т. незалежна ад канкрэтных асаблівасцей лічаць, што ў сістэме «посткапіталістычных» грамадскіх форм роля гал. генератара ўсёабдымных змен належыць тэхналогіі, пад якой яны разумеюць паслядоўнае выкарыстанне навук. і інш. сістэматызаваных ведаў дзеля вырашэння практычных задач. Мноства назваў тэорый адлюстроўвае суб’ектыўны погляд іх аўтараў на вынікі тэхнал. змен, але шэраг прынцыповых палажэнняў ідэнтычны. Напр., у эканоміцы — неабходнасць планавання і ўдзелу дзяржавы ў эканам. працэсах; у палітыцы — зліццё карпарацый з дзяржавай у адзіны комплекс на аснове супадзення паліт. інтарэсаў; у сац. сферы — змена традыц. класавай структуры грамадства і характару сац. канфліктаў, якія ўзнікаюць паміж «новым тэхналагічным класам» і «неадукаванай масай».

В.​І.​Боўш.

т. 16, с. 148

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФАБРЫ́ЧНА-ЗАВО́ДСКІЯ КАМІТЭ́ТЫ (ФЗК), фабзаўкомы,

выбарныя масавыя органы пралетарыяту прамысл. прадпрыемстваў і транспарту ў 1917—18. Узніклі пасля Лют. рэвалюцыі 1917. Іх правобразамі былі стачачныя к-ты, камісіі ўпаўнаважаных, дэлегацкія сходы перыяду 1-й рас. рэвалюцыі 1905—07. Існавалі паралельна з прафесійнымі саюзамі і ахоплівалі рабочых розных прадпрыемстваў. ФЗК выбіралі на агульных сходах рабочых і служачых. Першыя ФЗК створаны на казённых з-дах Петраграда. Да мая 1917 арганізаваны на ф-ках і з-дах Масквы, Харкава, Кіева, Екацярынаслава і інш. На Беларусі пачалі стварацца. паводле рашэння Мінскага Савета рабочых і салдацкіх дэпутатаў ад 8(21).3.1917. На працягу крас.—мая 1917 ФЗК узніклі на многіх прадпрыемствах Мінска, Віцебска, Барысава, Бабруйска, Оршы і інш. Гал. іх задачай было ажыццяўленне рабочага кантролю за вытв-сцю і размеркаваннем прадукцыі. Явачным парадкам яны ўводзілі 8-гадзінны працоўны дзень, бралі пад свой кантроль прыём і звальненне рабочых, ахову прадпрыемстваў, клапаціліся пра забеспячэнне рабочых харч. прадуктамі. Без згоды фабзаўкомаў распараджэнні адміністрацыі лічыліся несапраўднымі. Паўсюднае стварэнне фабзаўкомаў і павелічэнне іх ролі прымусілі Часовы ўрад прызнаць іх і 23.4(7.5).1917 выдаць закон «Аб рабочых камітэтах на прамысловых прадпрыемствах». Да кастр. 1917 гар. і раённыя аб’яднанні ФЗК існавалі больш чым у 50 прамысл. цэнтрах Расіі. ФЗК актыўна ўдзельнічалі ў Кастр. рэвалюцыі 1917: пасылалі сваіх прадстаўнікоў у ВРК, прымалі ўдзел у фарміраванні атрадаў Чырв. гвардыі, разам з прафсаюзамі ўдзельнічалі ў ліквідацыі эканам. разрухі і голаду, ажыццяўлялі дэкрэты сав. улады аб нацыяналізацыі прам-сці, банкаў, транспарту і інш. Паводле рашэння 1-га Усерас. з’езда прафсаюзаў (студз. 1918) і 6-й канферэнцыі ФЗК Петраграда (лют. 1918) адбылося канчатковае зліццё ФЗК і прафсаюзаў.

А.​М.​Сасім.

т. 16, с. 300

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАЗІДЫЯ́ЛЬНЫЯ ГРЫБЫ́, базідыяміцэты (Basidiomycetes),

клас вышэйшых грыбоў з асаблівымі органамі размнажэння — базідыямі. У эвалюц. развіцці — сістэматычная група, паралельная сумчатым грыбам. У аснове класіфікацыі базідыяльных грыбоў асаблівасці будовы базідый і пладовых цел. Уключаюць 3 падкласы (гетэрабазідыяміцэты, тэліяспораміцэты, холабазідыяміцэты), 2 групы парадкаў (гастэраміцэты і гіменаміцэты), 20 парадкаў, каля 30 тыс. відаў. Пашыраны па ўсім зямным шары, акрамя Антарктыды. На Беларусі каля 2 тыс. відаў з 12 парадкаў (агарыкальныя, аўрыкулярыяльныя, афілафаральныя, галаўнёвыя грыбы, гіменагастральныя, дакрыміцэтальныя, дрыжалкавыя, іржаўныя грыбы, нідулярыяльныя, лікапердальныя, склерадэрматальныя, фаляльныя). Да базідыяльных грыбоў належаць мікраскапічныя формы і грыбы з буйнымі пладовымі целамі — макраміцэты. Большасць базідыяльных грыбоў — сапратрофы, мікарызаўтваральнікі, многія — паразіты раслін, узбуджальнікі хвароб с.-г. культур (галаўнёвыя і іржаўныя грыбы), гнілі драўніны (губавыя грыбы, дамавыя грыбы), ёсць ядомыя (апенька, баравік, масляк, падасінавік, сыраежка і інш.), лек. (чага, вясёлка) і ядавітыя (мухаморы). Некаторыя віды (шампіньёны, дрэўнавушка і інш.) уведзены ў прамысл. культываванне.

Для базідыяльных грыбоў характэрна поўная страта спецыялізаваных палавых клетак. Канідыяльнае (бясполае) споранашэнне трапляецца рэдка; палавое споранашэнне — базідыяспоры. Палавы працэс ідзе па тыпе саматагаміі праз зліццё дзвюх вегетатыўных (саматычных) клетак гаплоіднага міцэлію, што вырастае з базідыяспораў. Характэрная марфалагічная асаблівасць базідыяльных грыбоў — наяўнасць спражак — дугападобных структур каля папярочных перагародак, што падзяляюць клеткі гіфы. На дыкарыятычным міцэліі ў большасці базідыяміцэтаў фарміруюцца пладовыя целы, на паверхні або ўнутры якіх утвараюцца базідыі. Пладовыя целы базідыяльных грыбоў розных тыпаў: гіменіяльныя (спараносны слой — гіменій — на паверхні цела) і гастэральныя (гіменій унутры цела, замкнёнага да поўнага выспявання базідыяспораў); формы — плоскія, канічныя, капытападобныя, плеўкавыя, распасцёртыя на субстраце, падзеленыя на шапку і ножку; кансістэнцыі — мясістыя, дравяністыя, шчыльналямцавыя, скурыстыя.

А.​М.​Капіч.

Базідыяльныя грыбы: 1 — развіццё холабазідый і базідыяспораў (а — холабазідыя; б — базідыяспора); 2 — тыпы базідый (а — холабазідыя; б, в, г — гетэрабазідыі, д — фрагмабазідыя); 3 — цыкл развіцця шапкавага грыба (а — базідыяспоры, б — гаплоідны міцэлій, в — дыкарыяфітны міцэлій, г — пладовае цела, д — базідыя з базідыяспорамі); 4 — гіменій (а — цыстыда, б — парафіза, в — базідыя з базідыяспорамі).

т. 2, с. 219

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВО́ТЧЫНА,

галоўная форма зямельнай уласнасці ў сярэднявеччы. У гіст. л-ры тэрмінам «вотчына» абазначаюць комплекс зямельнай уласнасці феадалаў і звязаных з ёю правоў на залежных сялян. У сац.-эканам. значэнні вотчына — форма прысваення прыбавачнай працы сялян, аснова панавання феадалаў у сярэдневяковым грамадстве.

У краінах Еўропы склалася ў 8—9 ст. З фарміраваннем вотчыны ствараўся апарат прымусу (адміністрацыя, вотчынны суд). Сяляне, падначаленыя вотчыннай уладзе феадала, захоўвалі і абшчынную арганізацыю. Вотчына адрозніваліся эканам. структурай, памерамі, сац.-саслоўнай прыналежнасцю вотчыннікаў, юрыд. паходжаннем правоў. Аснова вытв. дзейнасці вотчыны — сял. гаспадарка. Для Зах. Еўропы тыповая вотчына напачатку з панскай гаспадаркай, у 16—17 ст. — без панскай гаспадаркі (чыстая вотчына). У краінах Цэнтр. і Усх. Еўропы з 14—15 ст. пашыралася паншчынная гаспадарка, разлічаная на збыт с.-г. прадукцыі на ўнутр. і знешнім рынках. На Русі вотчына пашырылася ў 11—15 ст. Для яе характэрна спадчыннасць правоў на зямлю. У адрозненне ад памесцяў, падараваных у часовае ўладанне, вотчыну можна было прадаць, падарыць, закласці, перадаць у спадчыну. Адрознівалі вотчыны радавыя, купленыя, падараваныя, княжацкія і інш. У 13—15 ст. вотчына — пераважная форма феад. зямельнай уласнасці. З сярэдзіны 14 ст. з умацаваннем велікакняжацкай улады і ўтварэннем Рус. цэнтраліз. дзяржавы правы вотчыннікаў абмяжоўваюцца. Указам 1714 юрыдычна аформлена зліццё вотчыны і памесця.

На Беларусі ў 14—16 ст. тэрмінам «вотчына» абазначалася зямельная ўласнасць, якая перайшла ў спадчыну ад бацькі дзецям. Таму вотчынай называлі ўладанні і феадалаў, і сялян. Прававы статус вотчыны феадалаў развіваўся ў 14—16 ст. і заканадаўча аформлены шэрагам велікакняжацкіх прывілеяў і статутамі ВКЛ 1529, 1566, 1588. З канца 16 ст. тэрмін «вотчына» выцясняецца раўназначнымі польск. тэрмінамі «dziedzictwo» (спадчына), «mienie ojczyste» (бацькоўская маёмасць) і інш., з канца 18 ст. — рус. тэрмінам «памесце», які абазначаў зямельную ўласнасць дваран незалежна ад спосабу яе набыцця.

М.​Ф.​Спірыдонаў, В.​Л.​Насевіч.

т. 4, с. 278

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭБЮСІ́ (Debussy) Клод Ашыль (22.8.1862, Сен-Жэрмен-ан-Ле, каля Парыжа — 25.3.1918),

французскі кампазітар, піяніст, дырыжор, муз. крытык; пачынальнік муз. імпрэсіянізму. Скончыў Парыжскую кансерваторыю па класах фп. і кампазіцыі (1884). За кантату «Блудны сын» атрымаў Рымскую прэмію. Выступаў як дырыжор, піяніст (пераважна з выкананнем уласных твораў) і муз. крытык. Наведваў Расію (1880, 1881, 1913). У сваёй творчасці апіраўся на франц. муз. традыцыі (Ф.​Куперэна, Ф.​Рамо, Ш.​Гуно, Ж.​Маснэ), зазнаў уплыў рус. музыкі (асабліва М.​Мусаргскага). Блізкасць да мастакоў-імпрэсіяністаў і да гуртка паэта-сімваліста С.​Малармэ, (канец 1880-х г.) паскорыла фарміраванне яго эстэт. прынцыпаў. Маніфестам муз. імпрэсіянізму стала аркестравая «Прэлюдыя да «Пасляпаўдзённага адпачынку фаўна» (1894), у якой выявіліся характэрныя для музыкі Д. хісткасць настрояў, вытанчанасць, капрызнасць мелодыкі, каларыстычнасць гармоніі. Адно з найб. значных тварэнняў Д. — опера «Пелеас і Мелізанда» (паводле М.​Метэрлінка; 1902), дзе дасягнута поўнае зліццё музыкі з дзеяннем. Бляскам і празрыстасцю аркестравай палітры адзначаны найб. буйны яго твор — 3 сімф. эскізы «Мора» (1905). Імкнучыся да пастаяннага мігцення фарбаў, ён выкарыстоўваў натуральныя лады, пентатоніку, цэлатонавасць; ускладняючы гарманічныя сродкі, дасягаў разнастайных сумяшчэнняў гармоній, элементаў політанальнасці. У некат. творах («Бергамаская сюіта» для фп., 1910; музыка да містэрыі Г.​Д’Анунцыо «Пакуты св. Себасцьяна», 1911; балет «Гульні», 1912, і інш.) выявіліся рысы, пазней уласцівыя неакласіцызму. Д. стварыў новы піяністычны стыль. Яго 24 прэлюдыі для фп. (1910—13) малююць вобразы мяккіх, часам нерэальных пейзажаў, імітуюць пластыку танц. рухаў, навяваюць паэт. прывіды, жанравыя карціны. Наватарская творчасць Д. істотна паўплывала на сусв. музыку 20 ст.

Літ. тв.: Рус. пер. — Статьи, рецензии, беседы. М.; Л., 1964; Избр. письма. Л., 1986.

Літ.:

Сабинина М. Дебюсси // Музыка XX в. М., 1977. Ч. 1, кн. 2;

Яроциньский С. Дебюсси, импрессионизм и символизм: Пер. с пол. М., 1978;

Дебюсси и музыка XX в.: Сб. ст. Л., 1983.

К.Дэбюсі.

т. 6, с. 321

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАМЕ́СНАЯ СІСТЭ́МА,

забеспячэнне зямельнымі ўладаннямі (памесцямі) феадалаў за нясенне ваен. і адм. службы ў Расіі ў канцы 15 ст. — 1714. Узнікла ў выглядзе раздачы вял. князем (з 1547 царом) зямель з сялянамі ў карыстанне дваранам пры ўмове нясення імі дзярж., пераважна ваен., службы. Першая масавая раздача зямель у выглядзе памесцяў адбылася пры Іване III у Наўгародскай і інш. далучаных да Маскоўскага вял. княства землях. Пазней аб’ектам раздачы сталі паўд. стэпавыя землі т.зв. Дзікага поля. Эканам. значэнне П.с. было ў гасп. асваенні новых зямель, асабліва на Пд краіны, яе сац.-паліт. роля заключалася ў матэрыяльным забеспячэнні дваранства — асн. сац. сілы дзяржавы ў барацьбе з феад. раздробленасцю. Юрыд. асновы П.с. замацаваны ў Судзебніку 1497. П.с. дасягнула росквіту ў сярэдзіне 16 ст., калі Улажэннем аб службе 1556 была рэгламентавана ваен. служба памешчыкаў і вотчыннікаў: кожны памешчык з кожных 100 чвэрцей (50 дзес.) сваёй зямлі выстаўляў у войска цара аднаго ўзбр. конніка. Пытаннямі службы дваран-памешчыкаў і іх зямельным забеспячэннем займаліся Разрадны прыказ і Памесны прыказ. П.с. расла за кошт раздачы дваранам канфіскаваных баярскіх і царк. зямель, а таксама дварцовых і чарнасошных зямель, з яе пашырэннем звязана развіццё паншчыны і прыгоннага права. Многія памесці, пераходзячы з пакалення ў пакаленне ў адной сям’і, фактычна ператвараліся ў спадчынную ўласнасць — вотчыну. Гэты працэс адлюстравала Саборнае ўлажэнне 1649, якое дазваляла абмен памесцяў на вотчыны. Урад надаваў асобным памесцям статус вотчын у якасці ўзнагароды іх уладальнікам або шляхам продажу. Адначасова была рэзка абмежавана раздача новых памесцяў. П.с. спыніла існаванне пасля выдання Пятром I Указа аб адзінаспадчыннасці (1714), які юрыдычна замацаваў зліццё памесцяў з вотчынамі. Дваране пачалі атрымліваць за службу грашовае жалаванне.

Літ.:

Павлов-Сильванский Н.П. Феодализм в России. М., 1988;

Кобрин В.Б. Власть и собственность в средневековой России (XV—XVI вв.). М., 1985.

т. 12, с. 32

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТЭЯ́Р ДЭ ШАРДЭ́Н (Teilhard de Chardin) П’ер (Мары-Жазеф П’ер; 1.5.1881, замак Сарсена каля г. Клермон-Феран, Францыя — 10.4.1955),

французскі філосаф, тэолаг і палеантолаг. З 1899 чл. Т-ва Ісуса (ордэн езуітаў), святар (1911). Чл. Парыжскай АН (1950). Скончыў езуіцкую семінарыю на в-ве Джэрсі (1907). З 1913 у Ін-це палеанталогіі чалавека пры Музеі натуральнай гісторыі ў Парыжы. З 1920 праф. Каталіцкага ун-та ў Парыжы (у 1926 абвінавачаны ў антыдактрынальнасці і адхілены ад выкладання). З 1923 удзельнічаў у палеанталагічных экспедыцыях у Манголіі, Паўд.-Зах. Кітаі, Індыі, Бірме, Яве і інш. Адзін з першаадкрывальнікаў сінантрапа, знойдзенага ім у 1929 каля Пекіна. Даследаваў трацічную і раннечацвярцічную фауну і антрапагенез на тэр. Паўд. Азіі. У цэнтры яго філасофіі — праблема чалавека як біял. і над біял. (свядомай) істоты; выступаў за аб’яднанне ідэалізму і матэрыялізму ў выглядзе «фенаменалогіі», якая б улічвала і ўнутр., і вонкавы бакі свету. Эвалюцыю Зямлі разглядаў як трансфармацыю найперш псіхічную, што тлумачыў наяўнасцю ў зямной матэрыі элементарнай свядомасці. У развіцці свету вылучаў 3 этапы: пераджыццё (узнікненне нежывой прыроды), жыццё (спантаннае развіццё жывой прыроды і разгалінаванне жывёльнага свету), з’яўленне чалавека (вырашальная стадыя ў эвалюцыі Зямлі, якая паклала пачатак наагенезу). Сцвярджаў, што, як зліццё аднаклетачных прывяло да прагрэсу жывой прыроды, так і чалавецтва павінна рухацца да духоўнага аб’яднання, «мегасінтэзу» індывідаў, нацый і рас. Эвалюцыйны падыход характэрны і для яго тэалагічных поглядаў: разглядаў стварэнне свету Богам не як адзіначасны акт, а як бесперапынны працэс. На яго думку, чалавек на шляху да Бога павінен не ўхіляцца ад паўсядзённасці, а актыўна ператвараць рэчаіснасць у адпаведнасці з Божай ідэяй «адухаўлення матэрыі». Вучэнне Т.д.Ш. — тэярдызм — атрымала масавую папулярнасць як альтэрнатыва неатамізму — афіц. дактрыне рымска-каталіцкай царквы.

Тв.:

Рус. пер. — Феномен человека. М., 1987;

Божественная среда. М., 1992.

Н.​Г.​Кісялёва.

т. 16, с. 151

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНДУІ́ЗМ,

збор светапоглядных падыходаў, рэліг.-філас. поглядаў і сац. дактрын, што сфарміраваліся ў Індыі ў 1-м тыс. н.э. на аснове ведычнай рэлігіі, касмалогіі, брахманізму, асіміляваных элементаў мясц. неарыйскіх культаў і інш. рэліг. сістэм. У аснове аб’яднання ў І. самых розных вераванняў і культаў (ад пантэістычных да монатэістычных) — прызнанне аўтарытэту Вед. Асн. паняцці: атман (абсалютны і субстанцыянальны суб’ект), карма (закон прычынна-выніковых сувязей адносна лёсу чалавека), сансара (ланцуг перараджэнняў, якасць якіх залежаць ад кармы), мокша (вызваленне ад ланцуга перараджэнняў, набыццё дасканаласці, зліццё з Богам, Абсалютам), йога (метады дасягнення зліцця з Богам, Абсалютам). І. абумоўлены падзел індыйскага грамадства на варны (саслоўі) і джаты (касты), а таксама сістэма варнашрама (уключае 4 стадыі жыцця чалавека: вучнёўства, перыяд гаспадара, адасабленне для роздуму і пустэльніцтва). Рэліг. л-ра І. падзяляецца на адкравенні (шруці) і паданні (смрыці). Да першых адносяцца Веды, брахманы (жрэцкая л-ра), араньякі (медытатыўна-йогавыя настаўленні), упанішады (філас. каментарыі да тэкстаў Вед). У смрыці ўваходзяць кнігі эпасаў «Махабхарата» і «Рамаяна», пураны (багаслоўскія творы), іціхасы (гіст. творы). Асн. рэліг. кірункі І. — вішнуізм і шываізм. Культавыя абрады праводзяцца ў храмах, мясцовых і хатніх алтарах, у свяшчэнных месцах. Жыццё паслядоўнікаў І. рэгламентавана сістэмай сямейнай і каляндарнай абраднасці. У традыцыі рэліг.-філас. школ Індыі артадаксальнымі лічацца тыя, што прызнаюць аўтарытэт Вед н’яя, вайшэйшыка, санкх’я, йога, міманса, веданта; неартадаксальнымі — традыцыі джайнізм, будызм і чарваку (не прызнаюць аўтарытэта Вед). Пад уплывам еўрап. культуры, з канца 18 ст. ў І. пачаліся рэформы па змякчэнні яго сац. дактрыны (Р.​Рай, Д.​Сарасваты, Рамакрышна, С.​Вівекананда, А.​Гхош). На рубяжы 19—20 ст. некаторыя кірункі мадэрнізаванага І. пачалі пранікаць у Еўропу і Амерыку, у 1960—70-я г. распаўсюдзіліся сярод моладзі зах. краін. У пач. 1990-х г. на Беларусі зарэгістравана абшчына вайшнаваў, створана Т-ва ведычнай культуры.

Літ.:

Боги, брахманы, люди: Четыре тысячи лет индуизма: [Пер. с чеш.]. М., 1969;

Пандей Р.Б. Древнеиндийские домашние обряды (обычаи): Пер. с англ. 2 изд. М., 1990;

Гусева Н.Р. Индуизм: История формирования. Культовая практика. М., 1997.

А.​У.​Гурко.

Да арт. Індуізм. Індуісцкі храм багіні Лакшмі і бога Нараяна ў Дэлі. 1970-я г.

т. 7, с. 234

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖЫЦЦЁ,

асобая форма існавання і руху матэрыі, здольная да развіцця (эвалюцыі) і якасна больш высокая, чым фіз. і хім. формы; асн. матыў існавання і змест перажывання чалавека, жыццёвы лёс наогул. Характарызуецца абменам рэчываў, раздражняльнасцю, самааднаўленнем, сістэмным самакіраваннем, перадачай энергіі і інфармацыі, прыстасаванасцю да ўмоў асяроддзя(адаптацыяй), а таксама адноснай самастойнасцю надарганізменных утварэнняў (біягеацэнозаў, экасістэм) пры агульным фізіка-хім. адзінстве жывога рэчыва біясферы Зямлі (магчыма, і ўсяго Сусвету). Існуюць розныя канцэпцыі паходжання і сутнасці Ж. Прыхільнікі крэацыянізму прызнаюць аднаактавае стварэнне арганізмаў Богам або шматлікія акты стварэння ўсё больш дасканалых форм Ж. пасля знішчэння папярэдніх у выніку «катаклізмаў». Тэорыя самаадвольнага і спантаннага зараджэння Ж. была пашырана ў Стараж. Кітаі (Канфуцый), Вавілоне і Егіпце. Віталізм, які абапіраецца на вучэнне Арыстоцеля аб энтэлехіі, растлумачвае працэсы Ж. дзеяннем нематэрыяльнай «энергіі душы», «жыццёвай сілы» або «жыццёвага парыву». Тэорыя біяхім. эвалюцыі прапануе сваю ўсеагульную схему ўзнікнення Ж. ў выніку працяглых пераўтварэнняў вугляродазмяшчальных злучэнняў, пераходу ад складаных арган. рэчываў да простых жывых арганізмаў; паводле палеанталагічных звестак, першыя жывыя арганізмы (аднаклетачныя) з’явіліся на Зямлі не менш як 3,5—3,8 млрд. гадоў назад. На глебе метафізічнага матэрыялізму распрацоўваліся канцэпцыі пра занясенне зародкаў жыцця на Зямлю з космасу (панспермія) і аб спрадвечным паралельным існаванні жывой і нежывой матэрыі. Франц. філосаф А.​Бергсон разглядаў Ж. як працэс чалавечага быцця і ўяўляў яго ў форме зыходнага «ўзрыву», які прывёў да разгортвання жыццёвага працэсу; пры гэтым у якасці 2 асн. форм Ж. і пазнання ён вылучаў інтэлект і інтуіцыю. З псіхааналітычнага пункту погляду Ж. ўяўляе сабой узаемадзеянне структурных элементаў псіхікі, жыццядзейнасці індывіда і асаблівасцей навакольнага асяроддзя. На думку З.​Фрэйда і Л.​Шапенгаўэра А.​Шапенгаўэра, «сапраўдным вынікам» і мэтай Ж. з’яўляецца дасягненне смерці, а сексуальныя схільнасці, якія ўзнаўляюць папярэднія станы праз зліццё дзвюх зародкавых клетак, ёсць увасабленне волі да Ж. Ідэі аб Ж. як рэдкай разнавіднасці смерці ляжаць у аснове канцэпцыі постструктуралізму, прадстаўнікі якога не проціпастаўляюць Ж. смерці, а ўводзяць іх у адносіны невырашальнай узаемаабарачальнасці. Гл. таксама Абіягенез, Гамеастаз, Дарвінізм, Філасофія жыцця.

Літ.:

Вернадский В.И. Живое вещество. М., 1978;

Фролов И.Т. О смысле жизни, о смерти и бессмертии человека. М., 1985;

Зеленков А.И., Водопьянов П.А. Динамика биосферы и социокультурные традиции. Мн., 1987;

Стереотипы и динамика мышления. Мн., 1993.

С.​Ф.​Дубянецкі.

т. 6, с. 476

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЭТНІ́ЧНАЯ ГРУ́ПА,

група прадстаўнікоў пэўнага народа (частка этнасу), якая пражывае па-за межамі яго этн. тэрыторыі. Адрозніваецца ўласнай мовай, культурай, побытам, самасвядомасцю, радзей антрапалагічным тыпам. Часам у выніку асіміляцыі з боку дамінуючага этнасу прадстаўнікі Э.г. паступова страчваюць свае этн. прыкметы або захоўваюць іх часткова.

Узнікненне Э.г. звязана з рассяленнем асобных груп этнасу на далёкія адлегласці ад сваёй тэрыторыі (яўрэі, цыганы), а таксама з несупадзеннем этн. і дзярж. межаў, калі перыферыйныя часткі пэўнага народа на этн. памежжы трапляюць у склад суседняга этнасу (дзяржавы). Кампактныя або дысперсныя Э.г. могуць рассяляцца далёка ад уласнага этнасу. Напр., беларусы ўтвараюць кампактныя Э.г. ў памежных і больш аддаленых абласцях сучасных этн. тэрыторый рускіх (на Смаленшчыне, Браншчыне, Пскоўшчыне), украінцаў (на Чарнігаўшчыне, Жытоміршчыне), літоўцаў (у раёнах Вільнюса, Тракая), латышоў (у раёнах Даўгаўпілса, Краславы, Рыгі), палякаў (на Падляшшы і Беласточчыне). Рассяліўшыся па розных краінах свету, беларусы разам з англічанамі, ірландцамі, французамі, рускімі складаюць насельніцтва шматнац. дзяржаў ЗША, Канады, Аўстраліі і інш. У сваю чаргу на Беларусі жывуць Э.г. рускіх, украінцаў, літоўцаў, палякаў, татараў і інш. Зрэдку Э.г. ўзнікае ў выніку этнаўтваральных працэсаў у межах асобных лакальна-тэр. субэтнічных груп, як гэта адбылося ў перыяд феадалізму на землях Палесся. Мясц. насельніцтва — палешукі — адрознівалася ад суседзяў асаблівасцямі мовы, традыц. побытам і самасвядомасцю, але пазней было кансалідавана ў складзе бел., укр. і часткова польскай нацый. У мінулым Э.г. былі асуджаны на асіміляцыю (часам прымусовую) і паступовае зліццё з асн. па колькасці этнасам. Сучасная палітыка многіх дзяржаў, у т. л. Рэспублікі Беларусь, накіравана на захаванне этнакульт. і лінгвістычных асаблівасцей Э.г. У этналогіі сёння існуе думка, што тэрмін «Э.г.» выкарыстоўваецца як сінонім паняцця «этнічная меншасць». З апошніх дзесяцігоддзяў 20 ст. тэрмін «Э.г.» прыраўноўваецца да паняцця дыяспара ў значэнні ўстойлівай сукупнасці людзей адзінага этн. паходжання, якія жывуць па-за межамі свайго нац.-адм. ўтварэння, маюць магчымасці для функцыянавання і развіцця ў рамках дадзенай этн. культуры, а таксама тых, што пражываюць у новых раёнах рассялення на становішчы нац., культ. і канфесіянальных меншасцей.

Літ.:

Арутюнов С.А. Народы и культуры: Развитие и взаимодействие. М., 1989: Итс Р.Ф. Введение в этнографию. 2 изд. Л., 1991;

Беларусы. Т. 4. Вытокі і этнічнае развіццё. Мн., 2001.

У.​І.​Мядзянік, І.​У.​Чаквін.

т. 18, кн. 1, с. 181

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)