АДГЕ́ЗІЯ (ад лац. adhaesio прыліпанне),
1) счапленне паверхняў разнародных цвёрдых ці вадкіх целаў (фазаў) пры кантактаванні. Абумоўлена тымі ж прычынамі, што і адсорбцыя. Характарызуецца адгезійнай трываласцю — работай, неабходнай для раздзялення целаў у разліку на адзінку паверхні; цесна звязана з кагезіяй. Уплывае на мех. ўласцівасці кампазіцыйных матэрыялаў. Улічваецца пры нанясенні палімерных пакрыццяў, склейванні, спяканні, зварцы, луджэнні і інш., павялічвае трэнне.
2) У біялогіі адгезія клетак — здольнасць іх зліпацца паміж сабой і з рознымі субстратамі біял. і небіял. паходжання. Залежыць ад стану вонкавай паверхні плазматычнай мембраны і складу пазаклетачнага асяроддзя. Для ажыццяўлення адгезіі неабходна прысутнасць іонаў кальцыю і магнію. Паводле сучасных меркаванняў за міжклетачную адгезію адказныя глікапратэіды. Большасці клетак уласціва выбіральная адгезія. З яе парушэннем звязана здольнасць пухлінных клетак да метастазавання. На адгезіі заснавана агрэгацыя клетак.
т. 1, с. 100
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКТЫ́ЎНАСЦЬ,
1) у хіміі, актыўнасць каталізатара — здольнасць паскараць хім. рэакцыю. Вызначаецца як скорасць рэакцыі ў дадзеных умовах без уліку скорасці той жа рэакцыі пры адсутнасці каталізатара. Паверхневая актыўнасць — здольнасць рэчыва пры адсорбцыі зніжаць паверхневае нацяжэнне на мяжы падзелу дзвюх фазаў. Вызначаецца велічынёй —
, дзе σ — каэфіцыент паверхневага нацяжэння, c — аб’ёмная канцэнтрацыя рэчыва. Уласцівая паверхнева-актыўным рэчывам.
2) У хімічнай тэрмадынаміцы — велічыня, якая адпавядае тэрмадынамічным уласцівасцям рэчыва ў рэальным растворы. Вызначаецца праз змену пэўных фіз. велічыняў (пругкасці пары, т-ры замярзання, кіпення і інш.) пры змене канцэнтрацыі рэчываў у растворах. Адхіленне ўласцівасцяў рэальнага раствору ад уласцівасцяў ідэальнага характарызуецца каэфіцыентам актыўнасці (адносінай актыўнасці да канцэнтрацыі).
3) У ядзернай фізіцы — велічыня, роўная колькасці радыеактыўных распадаў за адзінку часу; адна з асн. характарыстык радыеактыўнасці. Адзінка актыўнасці ў СІ — бекерэль, пазасістэмная адзінка — кюры.
т. 1, с. 213
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЬБЕ́ДА (ад лац. albus светлы),
велічыня, якая характарызуе адбівальную здольнасць паверхні цела. Вымяраецца адносінамі колькасці адбітага паверхняй святла да колькасці святла, якое падае на яе. Выражаецца ў працэнтах ці долях адзінкі. Альбеда натуральных паверхняў вымяраецца альбедаметрам, вывучаецца актынаметрыяй. Характарызуе адбівальную здольнасць нябеснага цела, якое само не свеціцца.
Адрозніваюць інтэгральнае альбеда — для ўсяго патоку выпрамянення, монахраматычнае — для пэўнай даўжыні хваляў, спектральнае — для розных участкаў спектра (ультрафіялетавае, бачнае, інфрачырв. і інш.). Інтэгральнае альбеда планеты Зямля (з атмасферай) каля 35%, у бачнай частцы спектра 40%. Залежыць ад геагр. шыраты, пары года, часу сутак, стану расліннага покрыва, воднай паверхні і інш. Альбеда вільготнай глебы 5—10%, лесу 5—20%, травянога покрыва 20—25%. свежага снегу 70—90%. Ад велічыні альбеда залежыць радыяцыйны баланс паверхні Зямлі.
М.А.Гольберг.
т. 1, с. 272
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЕЛІСЕ́Й, Эліша,
старазапаветны біблейскі прарок, вучань Ільі (гіст. — прарок, які жыў у Ізраільскім царстве ў 850—800 да н.э.). Паводле Бібліі Е. быў сведкам узнясення Ільі на неба на вогненнай калясніцы, пасля чаго сам набыў здольнасць здзяйсняць цуды.
т. 6, с. 386
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САМААБСЛУГО́ЎВАННЕ,
форма продажу тавараў, пры якой пакупнік самастойна робіць іх агляд, адбор, дастаўку да разлікова-касавага вузла. Забяспечвае найлепшыя ўмовы для адбору і набыцця тавараў, павялічвае прапускную здольнасць магазінаў, дазваляе больш эфектыўна выкарыстоўваць гандл. абсталяванне, плошчы і г.д.
т. 14, с. 122
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАКТЭРЫЦЫ́ДНАСЦЬ,
здольнасць хім. рэчываў (бактэрыцыды), фіз. і біял. фактараў (т-ра, іанізавальнае выпрамяненне, дзеянне ферментаў) выклікаць гібель бактэрый. Уласціва таксама сываратцы крыві, слязам, сліне, малаку, страўнікаваму соку, скуры чалавека і жывёлы. Бактэрыцыднасць раслін абумоўлена рэчывамі — фітанцыдамі, якія выкарыстоўваюцца ў лячэбнай практыцы.
т. 2, с. 232
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯЛІ́КІ СТАЎРАПО́ЛЬСКІ КАНА́Л (да 1970 Кубань-Калаўскі),
арашальна-абвадняльны канал у Стаўрапольскім краі Расійскай Федэрацыі. Адкрыты ў 1967. Злучае р. Кубань з Чаграйскім вадасховішчам (Калмыкія). Даўж. больш за 480 км. Прапускная здольнасць 180 м³/с. На Вялікім Стаўрапольскім канале — Вялікае вадасховішча.
т. 4, с. 385
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЛЫХ,
здольнасць арганізма чалавека і жывёл успрымаць гукі слыху органамі. С. маюць многія насякомыя, усе пазваночныя, найб. развіты ў млекакормячых. Адчувальнасць С. ацэньваецца па абс. парогу чутнасці (мінім. чутная вухам інтэнсіўнасць гуку). Чалавек успрымае частоты ад 16—20 Гц (ультрагук) да 16—20 кГц (інфрагук). Пры ўздзеянні гукаў вельмі высокай інтэнсіўнасці (каля 140 дБ у чалавека ўзнікае болевае адчуванне, гук у 150 дБ становіцца нясцерпным. Распазнавальныя магчымасці С. ацэньваюцца дыферэнцыяльнымі парогамі (мінім. змена якога-н. параметра гуку, што ўлоўліваецца, — інтэнсіўнасці, частаты і інш.). У чалавека ў сярэднім дыяпазоне гукаў дыферэнцыяльны парог па інтэнсіўнасці 0,3—0,7 дБ, па частаце — 2—8 Гц. Здольнасць чалавека даваць абс. ацэнкі выш. муз. гукаў наз. абс. С. (гл. Слых музычны). Пры працяглым уздзеянні моцных гукаў адчувальнасць С. паніжаецца (з’ява адаптацыі). Прасторавае становішча крыніцы гуку вызначае бінаўральны С. Гл. таксама Вуха, Эхалакацыя.
А.С.Леанцюк.
т. 15, с. 35
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАКО́ДЭР (англ. vocoder),
сістэма тэлефоннай сувязі, у якой моўная інфармацыя перадаецца кадзіраванымі сігналамі. На перадавальным баку з дапамогай аналізатараў гуку моўныя сігналы пераўтвараюцца ў кадзіраваныя, на прыёмным — сінтэзатар узнаўляе з іх моўныя сігналы. Павялічвае прапускную здольнасць ліній сувязі ў 10—13 разоў.
т. 3, с. 464
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АФІЦЫ́РАВАННЕ (ад лац. afficio прычыняю, уздзейнічаю),
здольнасць прадмета ўздзейнічаць на органы пачуццяў. Тэрмін уведзены ням. філосафам І.Кантам, які лічыў, што пачуццёвыя ўяўленні ўзнікаюць у выніку ўздзеяння «рэчаў у сабе» на органы пачуццяў, а кожны прадмет павінен пэўным чынам «афіцыраваць» душу, каб здзейснілася пазнанне.
т. 2, с. 135
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)