1) у Стараж. Рыме манументальнае збудаванне для публічных відовішчаў: баёў гладыятараў, цкавання дзікіх звяроў, масавых тэатралізаваных паказаў. Меў эліпсападобную ў плане форму, з арэнай пасярэдзіне, вакол якой ступенькамі ўзвышаліся месцы для гледачоў. Яго канструкцыйную аснову складала сістэма арак і слупоў, паміж якімі знаходзіліся галерэі і лесвіцы, напр., Рымскі Калізей.
2) Сучасныя амфітэатры выкарыстоўваюцца ў кінатэатрах, тэатр., цыркавых, спарт. будынках, маюць эліпсападобны, паўцыркульны сегментавы план. На аснове амфітэатра пабудаваны глядзельныя залыДзярж. тэатра оперы і балета Беларусі, кінатэатра «Кастрычнік» у Мінску, месцы для гледачоў у цырках Гомеля, Мінска, на мінскім стадыёне «Дынама» і інш.
Да арт.Амфітэатр. Старажытнарымскі тэатр у Турцыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДОМ-КАМУ́НА,
тып жылога дома, які ўключаў жылыя, грамадска-гасп. памяшканні і ўстановы камунальна-быт. абслугоўвання. Першы Д.-к. ў Расіі пабудаваны ў 1904 у Пецярбургу. У 1920—30-я г. будаваліся ў Маскве і інш. гарадах. На Беларусі ў канцы 1920 — пач. 30-х г. пабудаваны Віцебскі дом-камуна, Гомельскі дом-камуна, дом камунальнага тыпу ў Бабруйску. 4-, 6-павярховыя дамы са складанай канфігурацыяй плана мелі галерэйную і калідорную планіроўку. На першых паверхах размяшчаліся грамадскія памяшканні (залы, холы, бібліятэка-чытальня, сталовая, дзіцячая ўстанова), у цокальным — камунальна-бытавыя. на 2—6-м — жылыя пакоі, агульныя кухні, санвузлы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕПЯШЫ́НСКАГА П.М. МЕМАРЫЯ́ЛЬНЫ МУЗЕ́Й Адкрыты 12.3.1968 у в. Ліцвінавічы Кармянскага р-на Гомельскай вобл. Філіял Гомельскага абласнога краязнаўчага музея. Створаны на базе экспанатаў з маскоўскай кватэры П.М.Лепяшынскага і дакументаў з Музея рэвалюцыі СССР у Маскве. Мае 4 экспазіцыйныя залы
(агульная пл. 300 м²),
1625 экспанатаў (1999). Дакументы і матэрыялы расказваюць пра жыццёвы шлях, парт., дзярж. і пед. дзейнасць Лепяшынскага, пра стварэнне ім Ліцвінавіцкай школы-камуны ў 1918—19, пра яго сустрэчы з У.І.Леніным. У экспазіцыі пратаколы II з’езда РСДРП пад рэдакцыяй Лепяшынскага, падборка копій газ. «Искра», творы М.Салтыкова-Шчадрына з прадмовамі Лепяшынскага, асабістыя яго рэчы, літ. творы і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАСЦЮКО́ВІЦКІ КРАЯЗНА́ЎЧЫ МУЗЕ́Й.
Засн. ў 1973 у г. Касцюковічы Магілёўскай вобл. Адкрыты ў 1975. Мае 3 экспазіц. залы (пл. экспазіцыі 335 м²), больш за 9 тыс. экспанатаў асн. фонду (1998). Сярод матэрыялаў археал. знаходкі (прылады працы 3—1-га тыс. да н.э., косці шарсцістага насарога, зуб маманта), нумізматычныя калекцыі 17—20 ст., старадрукі (мінеі 1754 і 1799), матэрыялы пра абарону Касцюковіч у 1941, дакументы і асабістыя рэчы ўдзельнікаў Вял.Айч. вайны, нар. паэта Беларусі А.Куляшова, пісьменнікаў В.Хомчанкі, І.Чыгрынава, А.Русецкага, А.Твардоўскага, А.Фадзеева, творы жывапісу бел. мастака А.Бархаткова, прадметы побыту, узоры прыкладнога мастацтва, матэрыялы пра вёскі, пакінутыя ў забруджанай зоне пасля Чарнобыльскай катастрофы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
О́БАЛЬСКАГА КАМСАМО́ЛЬСКАГА ПАДПО́ЛЛЯ МУЗЕ́Й.
Адкрыты ў 1965 у г.п. Обаль Шумілінскага р-на Віцебскай вобл. як музей камсам. славы; да 1989 філіял Бел.дзярж. музея гісторыі Вял.Айч. вайны, з 1985 сучасная назва. Пл. экспазіцыі 150 м², 1019 адзінак асн. фонду, 4 залы (2000). Сярод экспанатаў асабістыя рэчы, дакументы, фотаздымкі з даваен. жыцця членаў Обальскага камсамольскага падполля, матэрыялы пра яго стварэнне і дзейнасць, карта-схема развіцця партыз. руху, схема дыверсій, інтэр’ер кватэры кіраўніка падполля Е.С.Зяньковай, карціна А.Каржанеўскага «Обальскія падпольшчыкі», літаграфіі Ю.Пучынскага «Мініраванне шашы», «Узрыў вадакачкі», матэрыялы пра ўвекавечанне памяці обальскіх падпольшчыкаў, бюсты Герояў Сав. Саюза Зяньковай і З.М.Партновай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКІ АЎТАВАКЗА́Л «УСХО́ДНІ».
Пабудаваны ў 1983 у паўд.-ўсх.ч. Мінска (арх. Л.Пагарэлаў, Л.Кустова, В.Ягадніцкі). Аб’ёмна-прасторавая кампазіцыя вырашана ў выглядзе 3-павярховага дугападобнага ў плане аб’ёму з вынесенымі за межы плана пандусамі ў 2 узроўнях. Пластыку будынка з суцэльным зашкленнем фасадаў, расчлянёных метал. аконнымі пераплётамі, узбагачаюць гарыз. парапеты, 2 магутныя крывалінейныя ў плане пілоны, якія акцэнтуюць гал. ўваход, невял. аб’ём з процілеглага ад гал. ўвахода боку. Фасады і інтэр’еры апрацаваны дэкар. тынкоўкай з выкарыстаннем белага мармуру. Сцяна залы чакання ўпрыгожана мазаічным пано «Юнацтва Беларусі» (мастак В.Карнееў). Планіровачная структура вакзала падпарадкавана тэхнал. сістэме абслугоўвання пасажыраў. Іл.гл. да арт.Аўтавакзал.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІВАХНІ́ШЫН (Юрый Мікалаевіч) (н. 3.3.1949, г. Магадан, Расія),
бел. мастак інтэр’ера. Скончыў Бел.тэатр.-маст.ін-т (1971). З 1971 у ін-це «Мінскпраект», з 1981 на Мінскім маст. камбінаце. Работам уласцівы ўзгодненасць арх. форм і дэкар. аздаблення: інтэр’еры ін-та «Мінскпраект» (1972—73), «Белбыттэхпраекта» і Дома мадэляў № 2 (абодва 1973), Бел.НДІ меліярацыі і воднай гаспадаркі (1974), гасцініцы і рэстарана «Беларусь» (1974—76), гасцініцы «Кастрычніцкая» (1975—81), аўтавакзала «Усходні» (1980—83), станцый метро «Камсамольская» (1977—78), «Маскоўская» (1979—84), Мінскага епархіяльнага ўпраўлення (1984), канцэртнай залы «Мінск» (1986), Палаца Рэспублікі (1988—98) — усе ў Мінску.
Ю.Івахнішын. Вестыбюль гасцініцы «Кастрычніцкая» ў Мінску (арх. Л.М.Пагарэлаў, Л.А.Кустова). 1975-81.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗІ́МНІ ПАЛА́Цу Санкт-Пецярбургу,
помнік рас. архітэктуры 18 ст. Пабудаваны ў 1754—62 арх. В.В.Растрэлі ў стылі барока. У плане мае форму магутнага карэ з унутраным дваром; фасады выходзяць на Няву, Адміралцейства і Дварцовую плошчу. Будынак грандыёзных памераў (больш за 1000 пакояў) з фасадамі рознага вырашэння, з выступамі-рызалітамі, акцэнтаваннем ступеньчатых вуглоў, зменлівым рытмам калон стварае ўражанне пластычнай моцы і ўрачыстасці. Пышнае аздабленне фасадаў падкрэслівае параднае прызначэнне будынка. Інтэр’еры З.п. неаднаразова перабудоўваліся. Пасля пажару 1837 фасады і парадныя залы аднавіў арх. В.П.Стасаў, унутр. памяшканні — арх. А.П.Брулоў. Быў рэзідэнцыяй расійскіх імператараў. У 1922 перададзены Эрмітажу.
Зімні палац у Санкт-Пецярбургу. Бакавы фасад. Арх. В.Растрэлі. 1754—62.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІ́СА,
старажытны і сярэдневяковы горад Сярэдняй Азіі, важны цэнтр Парфянскага царства. Руіны за 18 км на З ад г. Ашгабат у Туркменіі. У 3 ст. да н.э. тут існаваў горад (гарадзішча Новая Н.) і ўмацаваная царская рэзідэнцыя (гарадзішча Старая Н.). У выніку археал. даследаванняў (з 1946) выяўлены рэшткі храмаў, гасп. пабудоў, залы палаца з глінянай скульптурай і, верагодна, царскай скарбніцы: помнікі мастацтва 3—2 ст.н.э. з моцным уплывам элінізму (мармуровыя статуі, рытоны са слановай косці з разнымі рэльефамі, прадметы тарэўтыкі), больш за 2 тыс. гліняных чарапкоў з надпісамі (гасп. архіў I ст. да н.э.), шмат прадметаў узбраення, упрыгожанняў, дробнай скульптуры (тэракотавай і металічнай) і інш. У сярэдневякоўі Н. — важны цэнтр Харасана.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕЗАНІ́Н (ад італьян. mezzanino),
надбудова над цэнтр.ч. жылога, звычайна невял., дома. Уключаецца ў агульную кампазіцыю будынка, узбагачае яго сілуэт і стварае верт. акцэнт. На Беларусі вядомы ў грамадз., сядзібнай і палацавай архітэктуры 18—20 ст. У Расіі пашыраны ў 19 ст. ў драўляных, зрэдку у мураваных малапавярховых будынках. У познабарочных пабудовах М. вырашаўся пластычным аб’ёмам, завершаным фігурным франтонам і насычаным арх. дэкорам, звычайна меў выхад на балкон ці тэрасу. У класіцыстычных збудаваннях М. быў кампазіцыйным цэнтрам гал. фасада ў выглядзе порціка або ратонды. Часам дваровая ч. М. выкарыстоўвалася для верхняга асвятлення параднай залы. Спрошчаную трактоўку меў М. у невял. драўляных сядзібных дамах. Выкарыстоўваецца ў сучасным малапавярховым жыллёвым буд-ве.