З’ЕЗД БЕЛАРУ́СКІХ НАЦЫЯНА́ЛЬНЫХ АРГАНІЗА́ЦЫЙ Адбыўся 7—9.4.1917 у Мінску. Прысутнічала каля 150 дэлегатаў ад розных бел. арг-цый. Асн. мэта з’езда — выпрацоўка ў новых гіст. умовах праграмы бел.нац. руху. Абраны камісіі: агітацыйная, арганізац., друку, земская, фін., школьная і этнаграфічная. З’езд паставіў пытанне пра неабходнасць адкрыцця бел. ун-та і інш.ВНУ, паступовы пераход пачатковых школ на родную мову выкладання. Прыняў рашэнне пра арганізацыю т-ва «Прасьвета» і выданне газеты. Этнагр. камісія адзначыла, што ў склад Беларусі ўваходзяць Мінская, Гродзенская, Магілёўская, часткі Смаленскай і Чарнігаўскай губ., стварыла камісію для ўдакладнення яе межаў (акад. Я.Карскі, А.Шахматаў, праф. М.Любаўскі, М.Доўнар-Запольскі). Дэлегаты выказалі пратэст супраць уключэння Віленскай губ. ў склад Літ. рэспублікі. З’езд выказаўся за аўтаномію Беларусі ў складзе Рас. федэратыўнай рэспублікі; для кіраўніцтва краем у кантакце з Часовым Рас. урадам абраны Беларускі нацыянальны камітэт з 18 чл. на чале з Р.Скірмунтам і вылучана дэлегацыя да Часовага ўрада.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАХАНО́ВІЧ (Міхаіл Сілуянавіч) (вер. 1882, в.Вял. Лукі Баранавіцкага р-на Брэсцкай вобл — 19.3.1934),
бел.паліт. дзеяч, педагог. Скончыў Харкаўскі ун-т (1910). Выкладаў у навуч. установах Вільні, Магілёва. Чл.Беларускага нацыянальнага камітэта. Адзін з арганізатараў, пазней старшыня Магілёўскага беларускага камітэта. Рэдактар газ. «Могилевские известия» (1917). Ўдзельнік з’езда беларускіх арганізацый і партый у Мінску (ліп. 1917). Летам 1918 выехаў у Вільню, удзельнічаў у арганізацыі з’езда беларускіх дэлегатаў Віленшчыны і Гродзеншчыны. З 1919 кіраўнік школьнага аддзела Цэнтр.бел. рады Віленшчыны і Гродзеншчыны, у 1919—22 дырэктар Віленскай бел. гімназіі. Выступаў з публіцыст. артыкуламі ў бел.перыяд. друку, аўтар успамінаў пра І.Луцкевіча (у кн. «Памяці Івана Луцкевіча. У першыя ўгодкі яго смерці», 1920). У 1922 абраны паслом у сейм Польскай Рэспублікі. З 1925 у БССР, працаваў у рэдакцыях газ. «Савецкая Беларусь» і час. «Савецкае будаўніцтва», у выдавецтвах, займаўся перакладамі. 11.8.1933 арыштаваны ДПУ БССР па справе «Беларускага нацыянальнага цэнтра», 9.1.1934 прыгавораны да вышэйшай меры пакарання. Рэабілітаваны 16.8.1956.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРАСАВІ́ЦКІ КРЫ́ЗІС 1917,
палітычны крызіс у Расіі пасля Лютаўскай рэвалюцыі 1917. Выкліканы супярэчнасцямі паміж рознымі паліт. плынямі па пытаннях аб вайне і міры. Пачаўся 20.4(3.5).1917 стыхійнай дэманстрацыяй пратэсту каля 15 тыс. салдат і матросаў Петраграда супраць ноты міністра замежных спраў П.М.Мілюкова ад 18.4(1.5).1917 пра намер Часовага ўрада працягваць вайну з Германіяй і яе саюзнікамі да перамогі. Па закліку бальшавікоў 21 крас. (4 мая) у Петраградзе адбылася 100-тысячная маніфестацыя пад лозунгамі заключэння міру і перадачы ўлады Саветам. Падобныя дэманстрацыі прайшлі ў Маскве, Рэвелі, Выбаргу. Рэзалюцыі супраць ноты Мілюкова прынялі таксама Мінскі [22 крас. (5 мая)] і Гомельскі [25 крас. (8 мая)] Саветы, сход дэлегатаў (2 тыс.чал.) вайск. падраздзяленняў Зах. фронту [27 крас. (10 мая)] і інш. Выканком Петраградскага Савета, у якім пераважалі меншавікі і эсэры, пайшоў на пагадненне з Часовым урадам. З урада былі выведзены міністры Мілюкоў і А.І.Гучкоў, увайшлі лідэры эсэраў і меншавікоў В.М.Чарноў, А.Ф.Керанскі, І.Г.Цэрэтэлі, М.І.Скобелеў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕ́РШЫ З’ЕЗД БЕЛАРУ́САЎ СВЕ́ТУ.
Адбыўся 8—10.7.1993 у Мінску. 996 дэлегатаў ад бел. арг-цый з Беларусі і бел. суполак з замежжа. Арганізаваны Згуртаваннем беларусаў свету (ЗБС) «Бацькаўшчына». Мэта: аб’яднанне беларусаў свету і арганізац. афармленне сусв.бел. супольнасці як новай грамадскай структуры на карысць нац. адраджэння і будаўніцтва самастойнай бел. дзяржавы. З’езд прыняў дэкларацыю аб прынцыпах дзярж. будаўніцтва Беларусі, заяву па вайсковым пытанні, рэзалюцыю аб падтрымцы дзейнасці ЗБС «Бацькаўшчына», пастанову аб Радзе прадпрымальнікаў бел. дыяспары і інш. Далей з’езд працаваў як кангрэс ЗБС «Бацькаўшчына», на якім выбраны новы кіруючы орган — Вял. рада з прадстаўнікоў бел. арг-цый Беларусі і замежжа (97 чал.), а таксама прэзідэнт ЗБС (Р.Гарэцкі) і старшыня Рады (Г.Сурмач). У адпаведнасці з праграмай з’езда праведзены сустрэчы яго ўдзельнікаў з грамадскасцю Беларусі, Купалле на Стаўбцоўшчыне і ў в. Баркалабава (Быхаўскі р-н), Нарачанскі форум для дзяцей і моладзі, выстаўка твораў мастацтва з Беларусі і замежжа.
Г.І.Сурмач.
Паштоўка, выпушчаная з нагоды правядзення Першага з’езда беларусаў свету. 1993.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДЗІНА́ЦЦАТЫ УСЕБЕЛАРУ́СКІ З’ЕЗД САВЕ́ТАЎрабочых, сялянскіх і чырвонаармейскіх дэпутатаў.
Адбыўся 14—22.1.1935 у Мінску; 787 дэлегатаў з рашаючым і 180 з дарадчым голасам. Парадак дня: справаздача ўрада БССР; даклады аб стане і развіцці жывёлагадоўлі, стане і задачах аховы здароўя ў БССР.
Праходзіў ва ўмовах узмацнення культу асобы Сталіна і актыўнага складвання камандна-адм. сістэмы, што вяло да пэўнага адрыву рашэнняў з’езда ад жыцця, перабольшвання дасягнутых поспехаў, недаацэнкі цяжкасцяў і недахопаў. Паставіў нерэальную задачу перавыканаць план 2-й пяцігодкі. Сярод дасягненняў адзначаны адмена картачнай сістэмы на прадукты харчавання, канчатковая перамога калгаснага ладу ў рэспубліцы. З’езд звярнуў увагу на дрэнную работу большасці жывёлагадоўчых саўгасаў і калгасных фермаў, ухваліў дзярж. план развіцця жывёлагадоўлі. Зроблены змены і дапаўненні да Канстытуцыі БССР, абвешчана абавязковая сіла пастаноў і заканадаўчых актаў СССР на тэр. Беларусі.
Выбраў ЦВКБССР (215 чл.), 72 дэлегаты на 7-ы з’езд Саветаў СССР і 5 прадстаўнікоў ад БССР у Савет нацыянальнасцяў ЦВКСССР. Старшынёй ЦВКБССР абраны А.Р.Чарвякоў, старшынёй СНКБССР — М.М.Галадзед.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДВАНА́ЦЦАТЫ УСЕБЕЛАРУ́СКІ З’ЕЗД САВЕ́ТАЎ (надзвычайны). Адбыўся ў Мінску 20—23.11.1936 і 15—19.2.1937. Прысутнічалі 843 дэлегаты, пераважную большасць якіх складалі камуністы і камсамольцы. Парадак дня: аб праекце Канстытуцыі СССР (А.Р.Чарвякоў); выбары дэлегатаў на VIII Усесаюзны Надзвычайны з’езд Саветаў; праект Канстытуцыі БССР (М.М.Галадзед). На пасяджэннях у ліст. 1936 з’езд абмеркаваў і аднагалосна адобрыў праект Канстытуцыі СССР, абраў на VIII Усесаюзны з’езд Саветаў 63 дэлегаты і ў сувязі з пачаткам яго работы (25 ліст.) спыніў сваю працу. У лют. 1937 з’езд разгледзеў і прыняў за аснову праект Канстытуцыі БССР, утварыў рэдакцыйную камісію для разгляду паправак і дадаткаў. У апошні дзень працы зацвердзіў Канстытуцыю Беларускай ССР 1937. ЦВК рэспублікі было даручана распрацаваць і зацвердзіць палажэнне аб выбарах і прызначыць дату выбараў у Вярх. СаветБССР. Работу з’езда характарызавалі здравіцы І.В.Сталіну і інш. кіраўнікам саюзнага і рэсп. маштабу. У абставінах культу асобы работа з’езда праходзіла па строгім рэгламенце, пад кантролем парт. і адм. структур.
Літ.:
Бюлетэнь Надзвычайнага XII з’езда Саветаў БССР. [Мн., 1936], № 1—6.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАСЕМНА́ЦЦАТЫ З’ЕЗД КП(б)Б.
Адбыўся 15—20.5.1940 у Мінску; 577 дэлегатаў з рашаючым і 194 з дарадчым голасам ад 59 853 чл. і канд. у чл. партыі. Парадак дня: справаздачныя даклады ЦККП(б)Б (П.К.Панамарэнка) і Рэвіз. камісіі КП(б)Б (В.Я.Сядых); выбары ЦК і Рэвіз. камісіі КП(б)Б. З’езд вітаў прыняцце ў 1939 Дэкларацыі Народнага сходу Заходняй Беларусі аб устанаўленні ў Зах. Беларусі сацыяліст. ладу і ўз’яднанні яе з БССР, адзначыў, што тэрыторыя і насельніцтва Беларусі павялічыліся амаль у 2 разы, але неабходна ачысціць новыя тэрыторыі ад бурж. элементаў, пільна правяраць кіруючыя кадры на «палітычную сталасць». Падвёў вынікі развіцця прам-сці, будаўніцтва, сельскай гаспадаркі за 2 гады, вызначыў план сацыяліст. пераўтварэнняў у зах. абласцях БССР, падкрэсліў неабходнасць умацавання зах. рубяжоў краіны. У дакладах адзначалася праца парт. арг-цый па выяўленні «ворагаў народа», ліквідацыі вынікаў іх злачыннай дзейнасці, неабходнасць больш уважліва вывучаць марксісцка-ленінскую тэорыю. Выбраны ЦККП(б)Б з 69 чал. і 45 канд., Рэвіз. камісія з 29 чал.
Літ.:
Коммунистическая партия Белоруссии в резолюциях и решениях съездов и пленумов ЦК. Мн., 1985. Т. 3. С. 329—351.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АХО́ЎНЫЯ АДДЗЯЛЕ́ННІ (да 1903 аддзяленні па ахове грамадскай бяспекі і парадку),
ахранка, мясцовыя органы паліт. вышуку ў Расіі ў 1866—1917, падпарадкаваныя дэпартаменту паліцыі. Першыя ахоўныя аддзяленні створаны ў Пецярбургу (1866), Маскве і Варшаве (1880). У 1902—03 заснаваны ва ўсіх буйных цэнтрах рэв. руху. Да 1907 дзейнічалі ў 27 прамысл. і культ. цэнтрах Рас. імперыі, у т. л. на Беларусі. Асн. задачы: вышук рэв. арг-цый і рэвалюцыянераў. Мелі спец. агентуру «вонкавага нагляду» (філёры) і сакрэтных агентаў (тайныя паведамляльнікі і правакатары, якіх актыўна выкарыстоўваў нач. Маскоўскага ахоўнага аддзялення С.В.Зубатаў (гл.Зубатаўшчына). У рэвалюцыю 1905—07 і ў наступныя гады сетка ахоўных аддзяленняў пашырана (у 1914 іх было 26). З 1906 рыхтавалі агентуру і для ўкаранення ў рэв.сял. арг-цыі. Пры буйных паштамтах існаваў нагляд за прыватнай карэспандэнцыяй (зняцце копій, фатаграфаванне, дэшыфроўка). На Беларусі ў 1898 Маскоўскае ахоўнае аддзяленне з мэтай ліквідацыі арг-цый Бунда правяло вобыскі і арышты, выкрыла падп. друкарні ў Мінску і Бабруйску, высачыла дэлегатаў 1-га з’езда РСДРП (Мінск); па даносах агентаў выкрыты с.-д. к-ты ў Вільні, Гомелі, Магілёве, Мінску і інш. Ахоўныя аддзяленні скасаваны ў ходзе Лют. рэвалюцыі 1917.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКІ КРАЁВЫ З’ЕЗД,
выдуманы форум «дэлегатаў беларускіх грамадзянскіх і палітычных арганізацый, сялянскіх радаў», членаў «быўшай Рады Беларускай Народнай Рэспублікі ... іншых краёвых арганізацый цэлай Беларусі», які нібыта адбыўся 28—30.1.1919 у зоне «бальшавіцкай акупацыі» — у Навагрудку. «Прэзідэнт» нібыта абранай на Беларускім краёвым з’ездзе Беларускай краёвай народнай рады У.Цвірка-Гадыцкі меў у той час сталыя кантакты з дзеячамі БНР і нават супрацоўнічаў з імі. Легенда аб Беларускім краёвым з’ездзе ўзнікла ў сак. 1919, калі дэлегацыя БНР на чале з А.Луцкевічам дамагалася ўдзелу ў Парыжскай мірнай канферэнцыі. 23.3.1919 Цвірка-Гадыцкі і член Бел. краёвай нар. рады А.Янсан накіравалі міністру-прэзідэнту Польшчы І.Падарэўскаму ліст, у які ўключылі «рэзалюцыю з’езда», што тычылася справы бел. дзяржаўнасці. Аўтары «рэзалюцыі» пісалі, што «Беларусь у сваіх этнаграфічных межах... увойдзе ў сціслы звязак з Польскай Рэчы Паспалітай». Спасылкай на гэтую «рэзалюцыю» міністр-прэзідэнт Польшчы даводзіў на Парыжскай мірнай канферэнцыі, што дэлегацыя БНР не мае паўнамоцтваў і не можа ўдзельнічаць у перагаворах. «Рэзалюцыя» істотнага ўплыву на работу Парыжскай мірнай канферэнцыі не зрабіла. Фіктыўнасць Беларускага краёвага з’езду была даказана, і ў чэрв. 1919 прадстаўнікі бел. народа былі дапушчаны на канферэнцыю.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЕВЯТНА́ЦЦАТЫ З’ЕЗД КП(б)Б.
Адбыўся 15—18.2.1949 у Мінску. Прысутнічала 787 дэлегатаў з рашаючым і 129 з дарадчым голасам ад 110 206 чл. і канд. у чл. партыі. Парадак дня: справаздачы ЦККП(б)Б (М.І.Гусараў), Рэвіз. камісіі КП(б)Б (В.Я.Сядых); выбары кіруючых органаў КП(б)Б. З’езд ухваліў паліт. лінію і практычную дзейнасць ЦК, падвёў вынікі арганізатарскай работы партыі ў Вял.Айч. вайну, прааналізаваў ход аднаўлення і развіцця нар. гаспадаркі рэспублікі. Шмат увагі аддавалася ідэалаг. рабоце, барацьбе з праявамі бурж. ідэалогіі, у т. л. з нізкапаклонствам перад заграніцай. З’езд падкрэсліў, што найвялікшая задача КП(б)Б і ўсіх працоўных рэспублікі — датэрміновае выкананне 4-й пяцігодкі; намеціў мерапрыемствы па паляпшэнні парт. кіраўніцтва аднаўленнем і развіццём нар. гаспадаркі. Выбраў ЦККП(б)Б з 83 чл. і 48 канд. у чл., Рэвіз. камісію КП(б)Б з 29 чл.
Літ.:
Гусараў М.І. Справаздачны даклад Цэнтральнага Камітэта Камуністычнай партыі (бальшавікоў) Беларусі на XIX з’ездзе КП(б)Б. Мн., 1949;
Коммунистическая партия Белоруссии в резолюциях и решениях съездов и пленумов ЦК. Т. 4. 1945—1955. Мн., 1986.