рускі кампазітар. Скончыў Маскоўскую і Пецярбургскую (1893, клас М.Рымскага-Корсакава) кансерваторыі. Пасля 1917 канцэртаваў як дырыжор і піяніст, праводзіў лекцыі-канцэрты. З 1925 жыў за мяжой (у Парыжы, з 1939 у Нью-Йорку). У творчай спадчыне найб. каштоўныя камерна-вак. і хар. жанры (больш за 100 рамансаў, цыклы хароў а капэла). Істотнае месца ў яго творчасці займае музыка для дзяцей і царкоўная (імкнуўся адрадзіць стыль старадаўняга рус. спявання і ўзбагаціць яго хар. фактуру). Працуючы ў Музычна-этнаграфічнай камісіі і Беларускай песеннай камісіі, глыбока адчуў своеасаблівасць ладава-інтанацыйнай будовы бел.муз. фальклору. Даў класічныя ўзоры апрацовак бел. песень (захаваліся 17 для голасу і фп., 11 для мяшанага хору). На тэмы нар. песень напісаў у Парыжы «Беларускую рапсодыю» для сімф. аркестра і п’есу для скрыпкі і фп. «Дар Белай Русі». Аўтар музыкі да п’есы В.Шашалевіча «Апраметная» (паст. 1926, БДТ-2). Сярод інш. твораў: 6 опер, у т. л. «Дабрыня Мікітавіч» (паст. 1903), «Сястра Беатрыса» (паст. 1912), «Жаніцьба» паводле М.Гогаля (паст. 1948), дзіцячыя «Сон елачкі» (1911), «Церамок» (1919), «Кот, певень і ліса» (1924); 5 сімфоній (1894—1937), сімф. паэма «Да перамогі» (1943), камерна-інстр. ансамблі, музыка да драм. спектакляў і інш.
Літ.тв.: Моя музыкальная жизнь. Париж, 1934.
Літ.:
Александров Ю. Страницы жизни // Сов. музыка. 1964. № 10;
Нелидова-Фавейская Л. Последние годы // Там жа;
Шырма Р.Р. Песня — душа народа. Мн., 1976. С. 39—42, 74—76.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСІПО́ВІЦКІ РАЁН,
у Беларусі, на ПдЗ Магілёўскай вобласці. Утвораны 17.7.1924. Пл. 1,9 тыс.км². Нас. 25,5 тыс.чал. (1995), гарадскога 21%. Сярэдняя шчыльн. 14 чал./км². Цэнтр — г.Асіповічы; рабочыя пасёлкі Градзянка, Татарка, Ялізава, 153 сельскія нас. пункты. 12 сельсаветаў: Асіповіцкі, Вяззеўскі, Дараганаўскі, Дрычынскі, Камяніцкі, Карытненскі, Лапіцкі, Ліпеньскі, Пагарэльскі, Пратасевіцкі, Свіслацкі, Ясенскі.
Раён знаходзіцца ў межах Цэнтральнабярэзінскай раўніны. Пераважаюць выш. 150—170 м, найвыш. пункт 206,5 м (за 4 км на З ад в. Пратасевічы). Карысныя выкапні: торф, буд. пяскі, гліны. Сярэдняя т-ра студз. -6,7 °C, ліп. 18,7 °C. Ападкаў 640 мм за год. Вегетацыйны перыяд 192 сут. Рэкі Бярэзіна з прытокам Свіслач і Пціч. Асіповіцкае вадасховішча (на Свіслачы). Глебы пераважна дзярнова-падзолістыя, дзярнова-падзолістыя забалочаныя і тарфяна-балотныя. Пад лясамі 57% тэр. раёна.
Пад с.-г. ўгоддзямі 61,7 тыс.га, з іх асушана 22,1 тыс.га. На 1.1.1995 у Асіповіцкім раёне 18 калгасаў і 1 саўгас. Развіты малочна-мясная жывёлагадоўля. Вырошчваюць збожжавыя (жыта, ячмень, авёс, пшаніца, грэчка), кармавыя культуры, бульбу, агародніну. Прадпрыемствы па вытв-сці буд. матэрыялаў (шкло), дрэваапр. (штакет, піламатэрыялы, садовыя домікі), харч. (спірт, рыба, масла, кансервы) прам-сці. Торфапрадпрыемствы. Асіповіцкая ГЭС. Раён перасякаюць чыгункі Мінск—Бабруйск (з адгалінаваннем на Градзянку) і Магілёў—Баранавічы, шаша Мінск—Гомель. У раёне 19 сярэдніх, 4 базавыя і 2 пач. школы, дзіцяча-юнацкая старт. школа, 21 дашкольная ўстанова, 35 бібліятэк, 12 бальнічных устаноў, 21 фельчарска-акушэрскі пункт. Дзіцячыя санаторыі «Вяззе» і «Лапічы». Помнік прыроды — парк у в. Дуброва (закладзены ў 1909). Выдаецца раённая газ. «Запаветы Леніна».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЛЬНІ́ЦА,
медыцынская ўстанова для стацыянарнага лячэння хворых. Бываюць шматпрофільныя (аказваюць дапамогу па 5—10 і болей профільных кірунках) і спецыялізаваныя (анкалагічныя, туберкулёзныя, кардыялагічныя, псіхіятрычныя, інфекцыйныя), дзіцячыя, шпіталі для інвалідаў і інш. Цэнтры спецыялізаванай бальнічнай дапамогі могуць утварацца на базе буйных шматпрофільных бальніц, аб’яднаных з паліклінікай (на Беларусі паліклініка — абавязковая структурная частка рэсп., абл. і цэнтр. раённых бальніц) і неаб’яднаныя (самастойныя ці з функцыян. прымацаваннем паліклінікі да яе). Да ўстаноў бальнічнага тыпу належаць дыспансеры, радзільныя дамы, клінікі, бальніцы аднаўленчага лячэння, хуткая дапамога і інш.мед. ўстановы, у якіх ёсць умовы (ложкавы фонд і кваліфікаваны мед. персанал) для дапамогі і стацыянарнага лячэння хворых.
У зах. краінах існуюць і дзейнічаюць пераважна прыватна-прадпрымальніцкія (камерцыйныя) бальніцы пры наяўнасці больш танных або бясплатных муніцыпальных, а таксама бальніцы, якія належаць рэлігійным, філантрапічным і інш. арг-цыям. На Беларусі бальніцы захоўваюць статут агульнадаступных дзярж. лячэбна-прафілакт. устаноў з бясплатнай формай мед. абслугоўвання. Паказаннямі для накіравання або звароту хворых у бальніцу з’яўляюцца цяжкія і вострыя формы захворванняў, пры якіх патрэбна экстранная ці працяглая кваліфікаваная мед. дапамога з комплексным падыходам да абследавання, дыягностыкі і лячэння, з выкарыстаннем складанай мед. тэхнікі, пастаянным назіраннем урача і доглядам, хірург. умяшаннем (пры неабходнасці). Гал. прынцып дзейнасці бальніцы — этапнасць лячэння хворых, заснаваная на дыферэнцыраваным па інтэнсіўнасці лячэння і догляду комплексным лячэбна-дыягнастычным працэсе. Адпаведна ў бальніцах ствараюцца кансультатыўна-дыягнастычныя цэнтры, службы анестэзіялогіі і рэанімацыі, аддзяленні профільныя, рэанімацыі з палатамі інтэнсіўнай тэрапіі, далечвання і рэабілітацыі. Стацыянарнае лячэнне дзяцей праводзіцца ў дзіцячых бальніцах або на базе дзіцячых аддзяленняў (ложкаў) інш. бальнічных устаноў. Клінічныя бальніцы служаць базамі для навучання і падрыхтоўкі мед. кадраў, правядзення навук. даследаванняў.
Першыя бальніцы (шпіталі) на тэр. Беларусі ўзніклі ў 15—16 ст. У пач. 19 ст. ў губернскіх і павятовых гарадах Беларусі арганізоўваліся бальніцы прыказаў грамадскай апекі (Мінск, 1799; Магілёў, 1802; Гродна і Віцебск, 1804), невял. турэмныя, фабрычныя, прыватныя, філантрапічныя бальніцы. Характарыстыку развіцця сучаснай бальнічнай сеткі ў Беларусі гл. ў табл. 1, 2, а таксама ў арт.Ахова здароўя, Медыцына.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУЛА́Г, Галоўнае ўпраўленне папраўча-працоўных лагераў, працоўных пасяленняў і месцаў зняволення,
у СССР у 1934—56 падраздзяленне НКУС (МУС), якое ажыццяўляла кіраўніцтва сістэмай папраўча-працоўных лагераў (ППЛ). У 1934 створаны саюзна-рэсп. Наркамат унутр. спраў (НКУС), у склад якога ўключана Аб’яднанае дзяржаўнае палітычнае ўпраўленне пры СНКСССР (АДПУ, пазней — Гал. ўпраўленне дзярж. бяспекі — ГУДБ). У канцы 1930 — пач. 40-х г. створана каля 15 спец.Гал. упраўленняў, якія мелі лагеры на месцах (Карагандзінскі — «Карлаг», Салавецкі — СЛОН, Беламорска-Балт., Варкуцінскі, Нарыльскі і інш.). Тэр.СССР умоўна была разбіта на 8 зон дыслакацыі тэр. упраўленняў з падначаленымі ім ППЛ, турмамі, этапамі, перасыльнымі пунктамі. Існавалі лагеры прымусовых работ, асобага прызначэння, катаржныя, спец., буд., лагерныя НДІ, а таксама папраўча-прац., выхаваўча-прац., дзіцячыя і інш. калоніі. Паводле афіц. статыстыкі на 1.3.1940 у ГУЛАГу было 53 лагеры, 425 папраўча-прац. калоній і 50 калоній для непаўналетніх дзяцей «ворагаў народа». У 1920—50-я г. праз ГУЛАГ прайшло каля 10 млн.чал., у т. л. каля 600 тыс. ураджэнцаў Беларусі. Паводле справаздачы НКУССССР за 1934—37 у лагерах штогод у сярэднім памірала ад 20 да 28 тыс.чал., у 1938 памерла больш за 90 тыс., у 1941 — больш як 100 тыс. У 1942, паводле афіц. звестак, загінула 248 677 чал., у 1943 — 166 967 чал, у наступныя гады (да 1947 уключна) смяротнасць складала ад 18 да 60 тыс.чал. штогод. На Беларусі ў 1930-я г. было 15 турмаў і ізалятараў спец. прызначэння.
Пасля выхаду ў свет кн. А.Салжаніцына «Архіпелаг ГУЛАГ» (1973), дзе ён паказаў сістэму масавых рэпрэсій у сав. дзяржаве, тэрмін «ГУЛАГ» стаў сінонімам лагераў і турмаў НКУС.
Літ.:
Росси Ж. Справочник по ГУЛАГу. Ч. 1—2. 2 изд. М., 1991;
Адамушко В.И., Иванова Н.В. «Помилуйте... »: Документы по репрессиям 1939—41 гг. в Вилейской обл. Мн., 1992;
Касцюк М., Міхнюк У. Рэпрэсіі — самае цяжкае злачынства таталітарнага рэжыму // Крыжовы шлях. Мн., 1993;
Адамушка У. Палітычныя рэпрэсіі 20—50-ых гг. на Беларусі. Мн., 1994;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕ́РАС Зоська
(сапр.Сівіцкая Людвіка Антонаўна, па мужу Войцік; 30.9.1892, мяст. Мяджыбаж Ляцічаўскага р-на Хмяльніцкай вобл., Украіна — 8.10.1991),
бел. пісьменніца, грамадска-культ. дзяячка. Скончыла прыватную жаночую гімназію ў Гродне (1912), агародніцка-пчалярскія курсы ў Варшаве (1914). У 1909—13 удзельніца Гродзенскага гуртка беларускай моладзі. З 1915 у Мінску. Працавала сакратаркай у Мінскім аддзеле Бел.т-ва дапамогі пацярпелым ад вайны, Бел.нац. к-це, у Цэнтр. радзе бел. арг-цый, Бел.сацыяліст. грамадзе. З 1918 у дзедавым фальварку Альхоўнікі на Сакольшчыне (Беласточчына). З 1923 жыла ў Вільні. Працавала адміністратаркай газет Бел. сялянска-работніцкай грамады. Друкавацца пачала ў час. «Подснежник» (Кіеў, 1907). На бел. мове выступіла ў 1911 з абразкамі ў «Нашай ніве» пад псеўд. Мірко. Удзельнічала ў выданні альманаха «Колас беларускай нівы» (Гродна, 1913). Выдала «Беларуска-польска-расейска-лацінскі батанічны слоўнік» (Вільня, 1924, перавыд. ў Мінску 1992). Вынесла з віленскай турмы «Лукішкі» вершы М.Машары і выдала за свой кошт яго першы зб. «Малюнкі» (1928). З 1928 старшыня Бел.каап. пчалярскага т-ва «Пчала». Рэдагавала дзіцячыячас.«Заранка» (1927—31) і «Пралескі» (1934—35), с.-г.час.«Беларуская борць» (1934—38). У прэсе змяшчала вершы і апавяданні, у віленскіх бел. адрыўных календарах 1926—39 — парады па агародніцтве, садоўніцтве, пчалярстве, жаночай гаспадарцы. Уклала зб. «Садок для нашых дзетак» (Вільня, 1927, з М.Бучынскай). Для дзіцячага тэатра з укр. мовы пераклала п’есы Р.Завадовіча «Князь Марцыпан» (Вільня, 1929), Ю.Ігарава «Сірата» (Вільня, 1929), з рус. «Лясныя хаткі» В.Біянкі (Вільня, 1931, выйшла без імя перакладчыка). Аўтар успамінаў пра М.Багдановіча, У.Галубка, Ядвігіна Ш., Г.Леўчыка і інш.
Тв.:
Каласкі: Вершы, апавяданні. Мн., 1985;
[«Заранка»] // Полымя. 1968. № 4;
Пяць месяцаў у Мінску // Шлях паэта. Мн., 1975;
Мой дадатак // Ядвігін Ш. Выбр. творы. Мн., 1976;
Гальяш Леўчык // Леўчык Г. Доля і хлеб. Мн., 1980;
Гродзенскі гурток беларускай моладзі // Беларускі каляндар 1981. Беласток, 1981;
Гісторыя беларускага адрыўнога календара // Ніва (Беласток). 1976. 26 снеж.;
Справа дзён, даўно мінулых: Да 60-годдзя трупы У.Галубка // Тэатр. Мінск. 1980. № 6;
Старое Гродна // Краю мой — Нёман: Гродзеншчына літаратурная. Мн., 1986.
Літ.:
Лойка А.А. Зоська Верас // Лойка А.А. Гісторыя беларускай літаратуры: Дакастр. перыяд. 2 выд.Мн., 1989. Ч. 2;
Пархута Я. Крыніца ёсць у родным краі... Мн., 1992.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗІЦЯ́ЧАЯ МУ́ЗЫКА музыка, адрасаваная дзіцячай аўдыторыі або прызначаная для выканання дзецьмі. Дз. м. ўласцівы вобразная дакладнасць. канкрэтнасць, інстр. творам — праграмнасць. Яе тэмы часцей за ўсё звязаны з казачнасцю, сюжэтамі ці сцэнкамі з дзіцячага жыцця. замалёўкамі роднай прыроды. Сярод чыста муз. асаблівасцей твораў для дзяцей — абагульненне праз бытавыя жанры, выкарыстанне выяўл. прыёмаў, выразнасць і прастата формы, меладычнасць, нац. акрэсленасць муз. мовы. У Дз. м. прадстаўлены амаль усе муз. жанры, аднак, улічваючы выканальніцкія магчымасці дзяцей, кампазітары адмаўляюцца ад складаных прыёмаў інстр. і вак. тэхнікі.
Узоры Дз.м. былі вядомы ўжо ў Стараж. Грэцыі (песенькі, творы для навучання ігры на аўласе і інш.). У розных народаў свету існуе дзіцячы фальклор. Уклад у развіццё Дз.м. зрабілі многія кампазітары-класікі, у т.л. І.С.Бах, І.Гайдн («Дзіцячая сімфонія»), Р.Шуман («Альбом для юнацтва» для фп.), П.Чайкоўскі («Дзіцячы альбом» для фп.), а таксама зах.-еўрап. кампазітары 20 ст. [«Мікракосмас» Б.Бартака (6 сшыткаў фп. п’ес, у якіх юныя музыканты далучаюцца да сучасных сродкаў выразнасці), песні і хары З.Кодая, прызначаныя для рэалізацыі яго метаду муз. выхавання, «Музыка для дзяцей» у 5 тамах К.Орфа, што дае аснову для калектыўнага музіцыравання дзяцей, оперы «Мы будуем горад» П.Хіндэміта, «Маленькі трубачыст» і «Ноеў каўчэг» Б.Брытэна, дзе шэраг роляў выконваюць дзеці]. Класікамі Дз.м. сталі С.Пракоф’еў (фп. цыкл «Дзіцячая музыка». сімф. казка «Пеця і воўк», вак.-сімф. сюіта «Зімовы касцёр») і Дз.Кабалеўскі (дзіцячыя лірычныя песні, 3 сшыткі фп. п’ес, кантата «Песні ранку, вясны і міру», трыяда юнацкіх канцэртаў); шырока вядомы песні Ю.Чычкова, У.Шаінскага, музыка да дзіцячых кінафільмаў Я.Крылатава і інш.
Дзіцячы фальклор беларусаў побач з размоўнымі жанрамі, ўключае, калыханкі і песенькі для дзяцей старэйшага ўзросту. Нар. песні змешчаны ў найб. ранніх нац. зб-ках «Школьны спеўнік» (1920) і «Беларускі дзіцячы спеўнік» (1925) А.Грыневіча. Інтэнсіўна і разнастайна працуюць у галіне Дз.м. бел. кампазітары. Ствараецца нац. рэпертуар для муз.т-ра. Сярод муз.-сцэн. твораў для дзяцей першая дзіцячая опера «Марынка» Р.Пукста (паст. 1955), першая муз. камедыя «Сцяпан — вялікі пан» Ю.Семянякі (паст. 1979), шырока вядомы балет «Маленькі прынц» Я.Глебава (паст. 1982). З канца 1980-х г. на Беларусі ўзнікаюць тэатр. калектывы з дзіцячымі трупамі, якія значна стымулююць паяўленне дзіцячых муз.-сцэн. твораў; сярод іх: мюзікл «Пітэр Пэн» А.Будзько (паст. 1990; Дзіцячы муз.т-р-студыя пры Нац. т-ры оперы), опера «Вясновая песня» і мюзікл «Прыгоды ў замку Алфавіт» В.Войціка (паст. 1993 і 1996, Дзіцячы муз.т-р-студыя «Казка» пры Дзярж. т-ры муз. камедыі), опера «Мілавіца» У.Солтана (1991). Пачынаючы з оперы «Рукавічка» М.Чуркіна (1941, паст. 1948), развіваецца жанр радыёоперы для дзяцей («Рак-вусач» Дз.Лукаса паводле казкі Я.Коласа, 1941, паст. 1960; «Тараканішча» Л.Шлег паводле К.Чукоўскага, паст. 1973; опера «32 волаты» Н.Усцінавай 1983, Віцебская абл. студыя тэлебачання). Значнае месца адводзіцца музыцы для дзяцей у спектаклях драм. т-раў. З Бел.рэсп. т-рам юнага гледача актыўна супрацоўнічалі Я.Глебаў, Э.Зарыцкі, Дзярж. т-рам лялек Беларусі — А.Залётнеў, І.Кузняцоў, В.Помазаў, К.Цесакоў, з Брэсцкім абл. т-рам лялек — М.Русін. Муз. афармленню дзіцячых тэле- і радыёперадач, мультфільмаў вял. ўвагу аддавалі Л.Абеліёвіч, Г.Вагнер, Глебаў, Зарыцкі, Л.Захлеўны, У.Кандрусевіч, С.Картэс, А.Мдывані, Семяняка. У жанры вак.-сімф. і харавой музыкі найб. значныя араторыі «Запрашэнне ў краіну маленства» Глебава і «Бай прыдумаў» Картэса, кантаты «Песня згоды» Помазава і «Упарты Фама» Р.Суруса, сюіта «Званы» М.Васючкова і харавыя гульні «Ладачкі» В.Кузняцова. Дасціпнасцю муз. вырашэння адметныя вак. цыклы «Вясёлыя дзіцячыя песні» Картэса, «Пра дзяцей» П.Падкавырава, «Містэр Кваклі і іншыя» Э.Тырманд, разлічаныя на дарослых выканаўцаў. Багата пададзена ў бел. музыцы дзіцячая хар. песня. Далучэнню дзяцей да бел. фальклору спрыяюць хар. апрацоўкі бел.нар. песень Семянякі, Цесакова, Цікоцкага, папулярныя ў дзяцей кампазіцыі У.Дамарацкага, Ш.Ісхакбаевай, В.Сярых. Камерна-інстр. жанр Дз.м. прадстаўлены цыкламі праграмных мініяцюр тыпу «Дзіцячых альбомаў», «Школьных сшыткаў» для розных інстр. складаў. У рэпертуар бел. школьнікаў трывала ўвайшлі п’есы Абеліёвіча, А.Багатырова, Вагнера, Г.Гарэлавай, Ісхакбаевай, В.Карэтнікава, Л.Мурашкі, Падкавырава, Суруса, Тырманд, Усцінавай, Цесакова і інш. Асобная галіна інструктыўнай музыкі — творы, звязаныя з фалькл. элементам у спалучэнні з сучаснымі сродкамі выразнасці, у т.л. сшытак эцюдаў-карцін для цымбалаў Войціка, «Карагоды» для фп. трыо, «25 беларускіх песень і танцаў» для скрыпкі і фп., «П’есы з эпіграмамі» для балалайкі і фп., «7 п’ес у ладах» для цымбалаў і фп. Гарэлавай, «поліфанічны сшытак» для фп., «Беларускія сшыткі школьніка» для баяна і домры, сюіта-казка «Кацігарошынка» для домры і фп., цыклы «Лубочак» для трубы і фп., «Дударачка» для кларнета і фп. Шлег. Развіццё Дз.м. стымулюецца павышэннем тэхн. ўзроўню выканальніцтва і агульнай муз. культуры дзяцей, што звязана з удасканаленнем сістэмы муз. адукацыі і муз. выхавання.
Літ.:
Асафьев Б. Русская музыка о детях и для детей // Сов. музыка. 1948. № 6;
Сосновская О. Советские композиторы детям. М., 1970;
Степанцевич К., Глущенко Г. Школьникам о музыке. Мн., 1962.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗІЦЯ́ЧАЕ КІНО́,
мастацкія (ігравыя), хранікальна-дакументальныя, навукова-пазнавальныя, мультыплікацыйныя (анімацыйныя) фільмы для дзяцей і юнацтва. Выхаваўчыя задачы, якія ставяцца перад Дз.к., вызначаюць яго тэматыку і жанравыя асаблівасці. Як асобны кірунак у сав. кінематографе вылучылася ў 1920-я г. Асаблівасці выразна праявіліся ў фільмах «Чырвоныя чарцяняты» (1921, рэж. І.Перысціяні), «Пуцёўка ў жыццё» (1931, рэж. М.Экк), «Падраныя чаравікі» (1933, рэж. М.Барская) і інш. У 1936 у Маскве створана кінастудыя «Саюздзетфільм», рэарганізаваная ў 1948 у Цэнтр. студыю дзіцячых і юнацкіх фільмаў імя М.Горкага. Дзіцячыя фільмы выпускаліся і на рэсп. кінастудыях. У 1992 створаны Міжнар. фонд развіцця кіно і тэлебачання для дзяцей і юнацтва («Фонд Раланда Быкава», Масква).
У бел. кінематографе першая маст. карціна для дзяцей — «Грышка-свінапас» (1928, рэж.-мантажор В.Кубліцкі), зманціраваная з маст. фільма «Лясная быль» (1926, рэж. Ю.Тарыч). У 1930-я г. створаны фільмы пра піянераў («Кульгаўка», 1931, рэж. Ю.Вінакураў; «Баям насустрач», 1932, рэж. Э.Аршанскі; «Адбітак часу», 1932, рэж. Г.Кроль), пра юных следапытаў («Палескія рабінзоны», 1934, рэж. І.Бахар, П.Малчанаў), рабфакаўцаў («Песня вясны», 1935, рэж. У.Гардзін), юных талентаў («Канцэрт Бетховена», 1936, рэж. М.Гаўронскі, У.Шмітгоф). Больш плённа Дз.к. на Беларусі развівалася ў пасляваен. час: сюжэты кінахронікі, дакумент. кінанавелы, маст. фільмы рознай тэматыкі (гіст.-рэв., героіка-патрыят., прыгодніцкія, казачныя). Яны вызначаліся гуманнасцю, актыўнасцю юных герояў, што ярка выявілася ў фільмах рэж. Л.Голуба: «Міколка-паравоз» (1957), «Дзяўчынка шукае бацьку» (1959), «Вуліца малодшага сына» (1962), «Пушчык едзе ў Прагу» (сумесна з ЧССР, 1966), «Анюціна дарога» (1968), «Паланэз Агінскага» (1971), «Маленькі сяржант» (1975). Фільмы пра пакаленне дзяцей, якое зведала вайну, ставілі рэжысёры В.Тураў («Праз могілкі», 1964, «Я родам з дзяцінства», 1966), І.Дабралюбаў («Іван Макаравіч», 1970, «Расклад на паслязаўтра», 1978, «Мама, я жывы», 1985), В.Нікіфараў («Зімародак», 1972, «Ціхія троечнікі», 1980; «Вялікая прыгода», 1985), В.Рубінчык («Апошняе лета дзяцінства», 1972, «Вянок санетаў», 1977). Фільмы прыгодніцкія, казачныя вызначылі творчасць рэжысёраў Л.Мартынюка («Пяцёрка адважных», 1971, «Сямейныя акалічнасці», 1977, «Ветразі майго дзяцінства», 1981, «Белае возера», 1992), Л.Нячаева («Прыгоды Бураціна», 1976, «Пра чырвоную шапачку». 1977, «Рыжы, сумленны, закаханы», 1984, «Казка пра зорнага хлопчыка», 1985, «Пітэр Пэн», 1987), У.Бычкова («Горад магістраў», 1966, «Восеньскі падарунак фей», 1984). У.1990-Я г. вытворчасць дзіцячых фільмаў скарацілася. Выпушчаны: «Мёд асы» (1992, рэж. І.Волчак), «Зязюліны дзеці» (1992, рэж. А.Мароз), «Вогненны стралок» (1993, рэж. М.Князеў), «Я — Іван, ты — Абрам» (1993, рэж. І.Зоберман), «Кветкі правінцыі» (1995, рэж. Дз.Зайцаў), «Шэльма» (1996, рэж. А.Ганчаронак, І.Чацверыкоў), «Батанічны сад» (1997, рэж. В.Гасцюхін) і інш. Значнае месца ў дзіцячым кінематографе займаюць дакумент., а з пач. 1970-х г. мультыплікацыйныя і лялечныя фільмы (гл.Анімацыйнае кіно, Дакументальнае кіно).
Е.Л.Бондарава.
Да арт.Дзіцячае кіно. Кадр з мультыплікацыйнага фільма «Дзед і Жораў».Да арт.Дзіцячае кіно. Кадр з мультыплікацыйнага фільма «Песня пра зубра».Да арт.Дзіцячае кіно. Кадр з фільма «Маленькі сяржант».Да арт.Дзіцячае кіно. Кадр з фільма «Дзяўчынка шукае бацьку».Да арт.Дзіцячае кіно. Кадр з фільма «Марозка».Да арт.Дзіцячае кіно. Кадр з фільма «Горад майстроў».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛО́ЖЫНСКІ РАЁН,
на З Мінскай вобл. Беларусі. Пл. 1,9 тыс.км². Нас. 50,7 тыс.чал. (1996), гарадскога 32,3%. Сярэдняя шчыльн. 27 чал/км². Цэнтр раёна — г.Валожын, г.п.Івянец; 433 сельскія нас. пункты. Падзяляецца на 17 сельсаветаў: Бабровіцкі, Багданаўскі, Валожынскі, Вішнеўскі, Гародзькаўскі, Дорскі, Забрэжскі, Залескі, Івянецкі, Падбярэзскі, Падневіцкі, Пяршайскі, Ракаўскі, Сакаўшчынскі, Сугваздаўскі, Узбалацкі, Яршэвіцкі. У выніку катастрофы на Чарнобыльскай АЭС (1986) каля 30% тэр. раёна (у т. л. Налібоцкая пушча) забруджана радыенуклідамі.
Раён у межах паўн.-зах.ч.Мінскага ўзвышша, паўд.-ўсх.ч.Ашмянскага ўзвышша і паўн.ч.Нёманскай нізіны. Паверхня хвалістая, пераважаюць выш. 150—250 м, найвыш. пункт 335 м (г. Маяк, каля в. Шапавалы). Карысныя выкапні: торф, гліны, пясчана-жвіровы матэрыял, буд. пяскі. Сярэдняя т-ра студз. -6,7 °C, ліп. 17,5 °C. Ападкаў 659 мм за год. Вегетац. перыяд 187 сут. Гал. рака Бярэзіна (бас. Нёмана) з прытокамі Альшанка, Волка, Іслач (з прытокамі Волма і Валожынка). На р. Бярэзіна Сакаўшчынскае вадасх. Пераважаюць дзярнова-падзолістыя і дзярнова-падзолістыя забалочаныя глебы. Пад лясамі 38% тэр. раёна, найб. лясістасць на ПдЗ. Лясы хваёвыя, яловыя, трапляюцца драбна- і шыракалістыя. Балоты займаюць 3,9% пл., часткова асушаны. На тэр. раёна частка біял. заказніка Налібоцкі.
На 1.1.1996 агульная плошча с.-г. угоддзяў 70,8 тыс.га, з якіх 15,8 тыс.га асушана. У раёне 25 калгасаў і 1 саўгас, племптушказавод. Асн. галіна сельскай гаспадаркі — мяса-малочная жывёлагадоўля. Вырошчваюць збожжавыя і кармавыя культуры, бульбу і агародніну. Прадпрыемствы харч. (масла, сыр, сухое малако, цукеркі), лёгкай (ільновалакно, шпагат), дрэваапр. прам-сці. Па тэр. раёна праходзіць чыгунка Маладзечна—Ліда, аўтадарогі Мінск—Ліда, Валожын—Маладзечна, Валожын—Івянец—Стоўбцы. Транзітны газаправод Мінск—Гродна з адгалінаваннем на Валожын і Пяршаі. У раёне 18 сярэдніх, 22 базавыя, 10 пач. школ, ПТВ, школа-інтэрнат, дзіцячы дом, 5 муз. і дзіцяча-юнацкая спарт. школа, 29 дашкольных устаноў, 40 клубаў, 55 б-к, 5 бальніц, 4 амбулаторыі, 31 фельч.-ак. пункт, 5 санаторыяў (2 з іх дзіцячыя). Зона адпачынку «Івянец». Помнікі архітэктуры: касцёл Міхаіла (1844) у в. Багданава; Казьмадзям’янаўская царква і касцёл Марыі (1637—41) у в. Вішнева; цэрквы ў вёсках Гародзькі (1866), Даўбені (1869), Дубіна-Баярская (1868), Забрэззе (1867), Кіявец (1869), Сакаўшчына (1878), Славенск (1868—71), Яршэвічы (2-я пал. 19 ст.); капліца пач. 20 ст. ў в. Дзесятнікі; сядзіба канец 19 — пач. 20 ст. ў в. Залессе; царква (1856) і касцёл (1930) у в. Лоск; капліца (1852) у в. Падневічы; капліца-пахавальня 2-й пал. 19 ст. ў в. Пральнікі; касцёл пач. 20 ст. ў в. Пяршаі; Праабражэнская царква (1793), капліца 2-й пал. 19 ст., касцёл (1906) у в. Ракаў; палац канца 19 — пач. 20 ст. ў в. Рудня; капліца канца 19 — пач. 20 ст. ў в. Цвіраўшчына. Помнікі прыроды — валун ружовага граніту ў в. Камень, валун граніту рапаківі каля в. Кучкуны і інш. Выдаецца газ. «Працоўная слава».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКАЯ ШКО́ЛА ЗА МЯЖО́Й.
Станаўленне бел. школьніцтва за мяжой звязана з арганізацыяй нац.-культ. жыцця і прысутнасцю свядомай нац. інтэлігенцыі. Першыя масавыя перасяленні беларусаў (канец 19 — пач. 20 ст.) не былі адзначаны дзейнасцю бел. школ. У перыяд паміж 1-й і 2-й сусв. войнамі ў Латвіі пры Мін-ве асветы дзейнічаў Бел. аддзел для кіраўніцтва навуч. ўстановамі, арганізацыяй і падтрымкай бел. школ займаліся т-ва«Беларуская хатка», Беларускіх вучыцялёў таварыства, працавалі бел. гімназіі ў Дзвінску, Люцыне, Рызе (прыватная), больш за 60 бел. школ у Дзвінскім, Люцынскім пав. і Рызе. У Літве справы школьніцтва вялі Мін-вабел. спраў, Беларускі прафесіянальны вучыцельскі саюз і т-ва «Беларуская хатка» ў Вільні, Беларускае культурна-асветнае таварыства ў Коўне і інш.
Дзейнасцю бел. школ Вільні і Віленскага краю кіравала Беларуская школьная рада (да пач. 1921 было закладзена каля 200 бел.пач. школ), на аснове якой у крас. 1921 створана Таварыства беларускай школы. Працавалі Віленская беларуская гімназія, дзесяткі школ. У 1921—39 у Зах. Беларусі ў выніку палітыкі паланізацыі бел. школ амаль не засталося. З 500 школ, што існавалі тут напярэдадні польск. акупацыі, да 1936 засталося 16, у 1939 не стала ніводнай. Былі закрыты бел. гімназіі ў Клецку, Навагрудку, Нясвіжы, Радашковічах, а Віленская рэарганізавана ў Бел. філіял польск. гімназіі.
У 2-ю сусв. вайну па розных прычынах у Германіі і Аўстрыі апынулася каля 500 тыс. беларусаў (гл.Дыяспара беларуская, Эміграцыя). У 1945—50 пры Беларускіх лагерах для перамешчаных асоб працавалі дзіцячыя сады, пач. школы, гімназіі, курсы па ліквідацыі непісьменнасці. Дашкольным выхаваннем былі ахоплены дзеці ад 3 да 6 гадоў, у Зах. Германіі сады існавалі ў лагерах Ватэнштэт (1945—48), Вайдэн, Міхельсдорф, Шляйсгайм (1946), Мітэнвальд, Майнлёз, Фогенштраўс, Віндзішбергердорф, Остэргофен (1947), Гібельштат (1948), Бакнанг і Розенгайм (1949). У праграму заняткаў уваходзілі экскурсіі, гульні, спевы, дэкламаванне вершаў, чытанне і пераказ апавяданняў. Пач. школы для дзяцей 7—11 гадоў ствараліся ва ўсіх лагерах, дзе былі значныя бел. асяродкі. Першыя адкрыліся восенню 1945 у лагерах Гослар, Ватэнштэт, Рэгенсбург, працавалі яны і ў лагерах Мітэнвальд (1947—49), Віндзішбергердорф (1947—49), Міхельсдорф (1946—49), Остэргофен (1946—49), Гановер (1946—50), Бакнанг (1949—50). Выкладаліся бел. і ням. мовы, арыфметыка, геаграфія, гісторыя, прыродазнаўства, закон Божы, шмат увагі надавалася эстэт. і фіз. развіццю. Працавалі Беларуская гімназія імя Янкі Купалы, гімназіі імя М.Багдановіча (Ватэнштэт, 1945—50), імя У.Ігнатоўскага (Майнлёз, 1947—49), у Остэргофене (1947—49). У Аўстрыі на ваен. ф-цы ў Швадорфе ў 1944 працавала школа для дзяцей. У Верхняй Аўстрыі былі 2 бел. школы — у Кірхсгайме і ў лагеры для перамешчаных асоб ДП 701-А Рыд. У сувязі з дазволам перамешчаным асобам выбіраць месца сталага пражывання, у пач. 1950-х г. у асн. завяршыўся выезд беларусаў у інш. краіны свету. На новых месцах пасялення пры бел. грамадска-культ. цэнтрах і дамах ствараліся суботнія і нядзельныя школы. Найб. былі ў ЗША (гарады Саўт-Рывер, 1952; Нью-Брансуік, 1954; Нью-Йорк, 1954; Кліўленд, 1956; Чыкага, 1957; Нью-Джэрсі, 1954; Дэтройт, 1958), Канадзе (Таронта, 1957, 1961), Вялікабрытаніі (Лондан, 1957; Манчэстэр, 1958; Брадфард, 1963). Школы для бел. дзяцей дзейнічалі ў Вялікабрытаніі пры англіканскай царкве (1962) і Хрысц. аб’яднанні бел. работнікаў; у 1961—75 у Лондане працавала сярэдняя школа-інтэрнат імя Кірылы Тураўскага пры Бел. каталіцкай місіі. У Аўстраліі ў г. Мельбурн пры дапамозе Бел.цэнтр.к-та нядзельная школа была адчынена ў 1957, некат. час працавалі школы ў гарадах Сідней, Адэлаіда, Перт. Для падтрымкі школ пры грамадскіх арг-цыях існавалі школьныя фонды, у тым ліку Бел. школьны фонд у ЗША (1956), фонд бел. падручнікаў у Канадзе (1973). Навучальную літ-ру для бел. дапаўняльных школ (чытанкі, лісткі з песнямі, нотамі, граматычныя практыкаванні і інш. школьныя канспекты) выдавалі ў Нью-Йорку Бел. выдавецкі фонд, выдавецкая суполка імя Ф.Скарыны, бел. парафіі св. Кірылы Тураўскага, св. Ефрасінні Полацкай (Саўт-Рывер), Жыровіцкай Божай Маці (Нью-Брансуік) і інш. З 1970-х г. беларуская школа за мяжой перажывае цяжкасці, зменшылася іх колькасць, новае пакаленне беларусаў у асн. стала англамоўнае. Абвяшчэнне незалежнасці Рэспублікі Беларусь, працэсы адраджэння выклікалі цікавасць беларусаў да нац. традыцый, культуры, і дзейнасць школы зноў актывізавалася. Працуюць (1996): бел. ліцэі ў Гайнаўцы і імя Б.Тарашкевіча ў Бельску-Падляскім, Вілеская беларуская гімназія, бел. класы ў г. Рыга, Даўгаўпілс (Латвія), Вісагінас (Літва), нядзельныя школы для дарослых і дзяцей у Маскве, Рызе, Ташкенце, Новасібірску, Таліне, Кішынёве і інш.; у дзесятках школ Беласточчыны (Польшча) выкладаюць бел. мову як прадмет.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДЫГЕ́Я, Рэспубліка Адыгея,
у складзе Рас. Федэрацыі. Пл. 7,6 тыс.км². Нас. 426 тыс.чал. (1987), гарадскога 51%; адыгейцы, рускія, украінцы і інш. Сталіца — г.Майкоп.
Прырода. Адыгея размешчана ў паўн.-зах.ч. Каўказа на левабярэжжы рэк Кубань і Лаба; паўн.ч. — на Прыкубанскай раўніне, парэзанай далінамі рэк і лагчынамі, паўд.ч. — на перадгор’ях і схілах В.Каўказа (выш. да 3238 м, г. Чугуш). Ёсць прыродны газ, буд. матэрыялы, мінер. крыніцы. Клімат умерана кантынентальны, цёплы. Сярэдняя т-ра студз. каля -2 °C, ліп. 22 °C. Ападкаў каля 700 мм за год. Безмарозны перыяд 180 дзён. Рэкі бас. Кубані (Лаба, Белая, Пшыш, Псекупс). Вадасховішчы: Краснадарскае, Шапсугскае, Акцябрскае і інш. На б.ч.тэр. — чарназёмы, пашыраны каштанавыя глебы, у гарах — шэрыя і бурыя лясныя. Шыракалістыя лясы перадгор’яў займаюць 2/5 тэрыторыі, у гарах піхта, елка, хвоя. Водзяцца зубр, серна, каўказскі алень, казуля, дзік, буры мядзведзь, выдра, барсук, ліс і інш. У Адыгеі асн.ч.Каўказскага запаведніка.
Гісторыя. Звесткі пра стараж. чалавека на тэр. Адыгеі адносяць да палеаліту. Продкі адыгаў згадваюцца ў пісьмовых крыніцах з сярэдзіны 1-га тыс. да н.э. З 4 ст.н.э. адыгі апрача жывёлагадоўлі і земляробства займаліся ганчарствам, кавальствам, ювелірным і інш. рамёствамі, падтрымлівалі гандлёвыя сувязі з народамі Каўказа, Крыма, з Іранам і Візантыяй, з генуэзскімі гарадамі-калоніямі, што існавалі да 15 ст. на марскім узбярэжжы Адыгеі. Прыблізна з 13 ст. з зах.-адыгейскіх плямёнаў пачала складвацца адыгейская народнасць. У 13 ст. Адыгея заваявана Залатой Ардой. З 16 ст. на землі Адыгеі спусташальныя набегі рабілі тур. султаны і крымскія ханы. Яны бралі вял. палон, насаджалі іслам, што прымусіла адыгейцаў шукаць абароны ў Расіі. У 1555—57 Адыгея далучана да Расіі. З крас. 1917 на тэр. Адыгеі пашыралася ўлада Кубанскай рады. У студз. 1918 абвешчана сав. ўлада, з мая тэр. Адыгеі ў складзе Кубана-Чарнаморскай сав. рэспублікі, з ліп. — Паўночна-Каўказскай савецкай рэспублікі. Восенню 1918 Адыгея занята войскамі Добраахвотніцкай арміі, кіравалася адміністрацыяй Дзянікіна ўрада. У сак. 1920 адноўлена сав. ўлада. 27.7.1922 утворана Чэркеская (Адыгейская) аўт. вобласць, 24 жн. перайменавана ў Адыгейскую (Чэркескую), з ліп. 1928 — у Адыгейскую аўт. вобласць; адм. ц. — г. Краснадар, з 1936 — г. Майкоп. З 1937 аўт. вобласць у складзе Краснадарскага краю. У 1991 абвешчана Рэспубліка Адыгея ў складзе Рас. Федэрацыі.
Гаспадарка. Вядучыя галіны прам-сці: харч. (кансервавая, маслабойная, мясная, цукр., эфіраалейная, чайная і інш.); машынабуд. (станкабудаванне); лясная і дрэваапр. (вытв-сць мэблі, цэлюлозы, кардону). Газаздабыўная прам-сць. Асн.прамысл. цэнтр — Майкоп. Пасевы збожжавых (пшаніца, кукуруза, рыс) і тэхнічных (сланечнік, цукр. буракі, тытунь) культур. Вырошчваюць агародніну, бахчавыя, бульбу, кармавыя культуры. Вінаградарства і пладаводства. У жывёлагадоўлі вядучае месца займае развядзенне буйн. раг. жывёлы. Птушкагадоўля. Пчалярства. Суднаходства па р. Кубань. Аўтамаб. траса Майкоп — Дагамыс. Зах.ч. перасякае чыгунка Краснадар—Новарасійск.
Культура. У 1992 у Адыгеі 204 дашкольныя дзіцячыя ўстановы (21,6 тыс. дзяцей), 165 агульнаадук. школ (62,7 тыс. вучняў, больш за 5 тыс. настаўнікаў), 10 ПТВ (4,5 тыс. навучэнцаў), 6 сярэдніх спец.навуч. устаноў (7 тыс. навучэнцаў); Адыгейскі пед.ін-т (больш за 5 тыс. студэнтаў), 177 б-к. Гісторыка-краязнаўчы музей у Майкопе.
Выходзяць газеты «Адыгэ макь» («Голас Адыга»), «Адыгейская правда» і інш.
Нар. паэзія адыгейцаў уключае паданні пра нартаў, гераічныя, ваенна-гіст. песні, песні-галашэнні, калыханкі, паляўнічыя, працоўныя, лірычныя, вясельныя і інш. Развіццё адыгейскай л-ры звязана са стварэннем у 1918 пісьменства і друку на адыгейскай мове. Першыя поспехі звязаны з імёнамі І.Цэя, М.Паранука, А.Хаткова, Т.Керашава. У 1930-я г. зроблены першыя запісы песень нар. ашуга Цуга Тэўчэжа і створаных ім паэм. У пасляваенны час плённа працавалі А.Еўтых, А.Гадагатль, Ю.Тлюстэн, Дж.Джагупаў, І.Машбаш, Х.Ашынаў і інш. Развіццю адыгейскай л-ры ў 1970—90-я г. спрыяла творчасць М.Тхаркаха, Е.Мамія, К.Кумпілава, Н.Куека, П.Кашубаева, Т.Чамокава і інш.
Найб.стараж. помнікі на тэр. Адыгеі (дальмены, наскальныя выявы, залатыя і сярэбраныя пасудзіны і фігуркі т.зв. майкопскай культуры) адносяцца да мезаліту і бронзавага веку. Да ранняга жал. веку належаць ювелірныя вырабы «звярынага стылю», кераміка, рэшткі абарончых і культавых збудаванняў. З даўніх часоў пашырана прыкладное мастацтва (залатое шыццё, разьба па дрэве і камені, лямцавыя дываны і інш.). У 1950 у Майкопе створана абл.маст.-вытв. майстэрні Краснадарскага аддз.маст. фонду Расіі.
Музыка адыгейцаў мае шэраг самабытных адметных рысаў. У яе аснове дыятанічныя лады, 2-дольная метрыка, у архаічных жанрах — нерэгулярна пераменная метрыка, мноства трыёляў, сінкопаў і інш. Сярод песенных жанраў працоўныя і абрадавыя песні. Танцы: зафак, ісламей, зыгатлат, удж-турыту, удж-хурай, зекакаш. Сярод інструментаў: флейта камыль, гармонік пшынэ, драўляная трашчотка пхачыч, струнна-смычковы апепшын. Найб. вядомыя кампазітары: У.Тхабісімаў, А.Нехай, Г.Самогава, М.Бесіджаў, Г.Чыч, Дж.Натха, Ч. і В.Анзарокавы. У Адыгеі працуюць (1988): Ансамбль нар. танца (Майкоп), філармонія, муз.-пед.ф-т Адыгейскага пед. ін-та, вучылішча мастацтваў, муз. школы.
Вытокі тэатр. мастацтва Адыгеі ў стараж.нар. эпасе, жартоўных сцэнках, якія ўваходзілі ў бытавыя, святочныя і працоўныя абрады. Першы нац.тэатр. калектыў — Адыгейскі абл. калгасна-саўгасны тэатр (1936). У 1941 у Майкопе створаны абл.драм. т-р імя А.С.Пушкіна (рус. і адыгейская трупы). У рэпертуары п’есы нац., рус., замежных драматургаў.