МАТЧ (англ. match),

спаборніцтва паміж дзвюма або некалькімі камандамі, спартсменамі. Тэрмін узнік у 2-й пал. 19 ст. Праводзяцца ў розных відах спорту паміж камандамі (напр., спарт. гульні, лёгкаатлетычныя М.) і асобнымі спартсменамі, у т. л. за званне чэмпіёна свету (напр., па шахматах) і інш.

т. 10, с. 208

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВО́ДНАЯ СТА́НЦЫЯ,

комплекс збудаванняў для водных відаў спорту. Уключае: адкрыты басейн для плавання, скачкоў у ваду і гульні ў воднае пола; прычалы і элінгі (памяшканні для захоўвання і рамонту спарт. суднаў); дапаможныя памяшканні і інш. Адна з буйнейшых станцый у Беларусі на р. Сож у Гомелі.

т. 4, с. 252

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ПЕ́ЎНІ»,

бел. нар. гульня. Удзельнічаюць 2 чал. Гульцы закладваюць рукі за спіну, падгінаюць адну нагу і, па камандзе, пачынаюць, скачучы на другой, штурхаць адзін аднаго грудзьмі ці плячом. Хто страціць раўнавагу — выбывае з гульні. У час спаборніцтва нельга пераскокваць з адной нагі на другую.

Я.​Р.​Вількін.

т. 12, с. 340

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НІ-ФУТБО́Л,

спартыўная камандная гульня з мячом. Гуляюць 2 каманды па 5 чалавек, у т. л. варатар. Мэта камандаў — забіць як мага больш мячоў у вароты саперніка. Працягласць гульні — 2 таймы па 20 мін «чыстага часу». Гульня ідзе на пляцоўцы даўж. 24—42 м і шыр. 14—22 м. Пакрыццё пляцоўкі пад адкрытым небам — земляны грунт, дзёран, сінт. дыван, у памяшканні — сінт. ці драўлянае. Памеры варот 3 × 2 м.

У Еўропе пачаў развівацца ў Аўстрыі (1958). З 1980-х г. пашырыўся ў Бельгіі, Бразіліі, Венгрыі, ЗША, Іспаніі, Італіі, Нідэрландах, Расіі і інш. Першы чэмпіён Еўропы — каманда Іспаніі (1996, г. Кордава, Іспанія), першы чэмпіён свету — каманда Бразіліі (1996, Нідэрланды).

На Беларусі папулярны з канца 1980-х г. Створаны 2 лігі. Першы чэмпіянат рэспублікі адбыўся ў 1990, гульні на Кубак Беларусі праводзяцца з 1991.

т. 10, с. 388

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАМІНО́ (франц. і італьян. domino ад лац. dominus пан),

1) маскарадны касцюм у выглядзе плашча з рукавамі і капюшонам, а таксама чалавек у такім касцюме.

2) Плашч з капюшонам у каталіцкіх манахаў.

3) Настольная гульня ў пластмасавыя або касцяныя пласцінкі, на якіх нанесены кропкі (ачкі), а таксама набор пласцінак для гэтай гульні (28 шт.).

т. 6, с. 34

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЁХІН (Аляксандр Аляксандравіч) (1.11.1892, Масква — 24.3.1946),

рускі шахматыст, чэмпіён свету ў 1927—35 і 1937—46. Упершыню заваяваў тытул чэмпіёна ў матчы з Х.Р.Капабланкам, у другі раз — з М.Эйве, якому з 1935 на 2 гады ўступіў першынство. Пераможца буйных міжнар. турніраў, непераўзыдзены майстар гульні «ўсляпую». Аўтар прац па шахматнай тэорыі. У 1921 эмігрыраваў з Расіі, жыў у Парыжы.

А.А.Алёхін.

т. 1, с. 249

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖАРНАСЕ́К (Ірына Францаўна) (н. 17.1.1953, в. Чаранкі Глыбоцкага р-на Віцебскай вобл.),

бел. пісьменніца. Скончыла Мінскі ін-т культуры (1976). Друкуецца з 1978. Маральна-этычныя праблемы — тэма мацярынства, жаночыя турботы, мудрасць і высокая духоўнасць працоўнага чалавека, карані чалавечай спагады, дабрыні ў кн. апавяданняў «Ліст да сына» (1986), тэмы эміграцыі і гістарычныя ў кн. аповесцей «Гульні над студняй» (1993).

т. 6, с. 425

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУНІЛІ́НГУС (ад лац. cunnus вонкавыя жаночыя палавыя органы + lingo лізаць),

кумбітмака, выкліканне палавога ўзбуджэння ў жанчыны ўздзеяннем на яе вонкавыя палавыя органы (найчасцей на клітар) губамі і языком. Адна з форм нармальнага палавога жыцця чалавека. У любоўнай гульні К. дазваляе эфектыўна правесці перыяд папярэдніх ласкаў, давесці ўзбуджэнне жанчыны да аргазму, К. іншы раз дасягаецца аргазм пасля коітуса.

т. 9, с. 22

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛІМПІ́ЙСКІ ГО́РАД,

горад, у якім праводзяцца Алімпійскія гульні. Паводле Алімпійскай хартыі такое права надаецца гораду, а не краіне. Выбіраецца сесіяй Міжнар. алімпійскага к-та не пазней як за 6 гадоў да пачатку гульняў. Заяўка на правядзенне алімпіяды павінна быць ухвалена Нац. алімпійскім к-там і падтрымана ўрадам краіны, які таксама дае пісьмовыя гарантыі аб выкананні спец. умоў для гарадоў-кандыдатаў.

т. 1, с. 257

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІФО́Н,

у старажытнагрэчаскай міфалогіі народжаны багіняй падземнага царства Геяй пачварны дракон, які ахоўваў каля г. Дэльфы аракул Геі. Апалон забіў П. стралой (адсюль Апалон Піфійскі) і заснаваў на тым месцы свой аракул (Піфійскі, або Дэльфійскі аракул), дзе ад яго імя прадказвала Піфія. З нагоды перамогі над П. Апалон, паводле міфа, заснаваў Піфійскія гульні. Ад імя П. паходзіць другая назва г. Дэльфы — Піфо.

т. 12, с. 393

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)