ГРО́ДЗЕНСКАЯ КАПЭ́ЛА ТЫЗЕНГА́ЎЗА,

прыдворны аркестр раннекласічнага складу падскарбія надворнага літ. А.Тызенгаўза ў 1765—80. Належала да найбольшых і найлепшых па прафес. узроўні калектываў падобнага роду ў ВКЛ, славілася і за яго межамі, у т. л. ў Мангейме (Германія); у 1780 была ангажыравана ў Нац. т-р у Варшаве. Суправаджала паказы Гродзенскага т-ра Тызенгаўза, касцельныя службы, іграла на балях, розных урачыстасцях і інш. Рэпертуар капэлы ўключаў араторыі, месы, муз.-сцэн. творы, сімфоніі, быт. музыку (танцы, дывертысменты, серэнады). Удзельнічала ў выкананні оперы А.​Грэтры «Магніфік» («Велікапышны»), камедыі П.​Бамаршэ «Севільскі цырульнік», «Сялянскага балета» і «Балета пекараў». Выконвала сімфоніі І.​Гайдна, а таксама музыку, створаную ў прыдворным асяроддзі Тызенгаўза. У капэле былі замежныя і мясц. музыканты, у т. л. прыгонныя, якія атрымлівалі адукацыю ў Гродзенскай музычна-тэатральнай школе Тызенгаўза або пры дварах у Нясвіжы, Слоніме. У час росквіту капэлы ў 1777—79 у ёй было 30 капэлістаў і 7 «хлопцаў з капэлы». З адстаўкай Тызенгаўза капэла распалася.

Літ.:

Żórawska-Witkowska A. Kapeła Antoniego Tyzenhauza w Grodnie // Muzyka. 1977. № 2.

І.​Дз.​Назіна.

т. 5, с. 427

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Гродзенская ваенна-рэвалюцыйная арганізацыя РСДРП 2/547—548, 560; 4/12, 14, 19, 27; 5/320

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

Гродзенская абласная сельскагаспадарчая доследная станцыя 4/10—11; 7/362; 9/63; 11/379, 380—381; 12/514

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

ГРО́ДЗЕНСКАЯ ВЫШЭ́ЙШАЯ ДУХО́ЎНАЯ СЕМІНА́РЫЯ,

духоўная рымска-каталіцкая вышэйшая навуч. ўстанова. Засн. ў Гродне ў 1990 1-м апостальскім адміністратарам біскупам Т.​Кандрусевічам. Рыхтуе святароў. Тэрмін навучання 6 гадоў. Выкладаюцца: лац., англ., ням., польск., рус., бел. мовы; філасофія, тэалогія, літургія і інш. прадметы філасофскага і тэалагічнага зместу. Узначальвае семінарыю рэктар, якога, як і прэфекта, і выкладчыкаў, назначае дыяцэзіяльны біскуп. Размешчана ў будынку Гродзенскага кляштара бернардзінцаў.

т. 5, с. 425

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРО́ДЗЕНСКАЯ АБУТКО́ВАЯ ФА́БРЫКА «НЁМАН».

Створана ў 1939 на базе б. прыватнай ф-кі. У Вял. Айч. вайну разбурана. У 1947 адбудавана як абутковая ф-ка № 1. У 1956 рэканструявана, у 1962 пабудаваны новы корпус, з 1963 абутковая ф-ка «Нёман». З 1991 акц. т-ва «Гроднаабутак». Цэхі: закройны, штамповачны, пашыўна-загатовачны, клеявы і рантавы. Асн. прадукцыя (1997): скураны абутак мужчынскі, дзіцячы і жаночы. Прадукцыя экспартуецца ў краіны СНД, Германію, Галандыю, Чэхію.

т. 5, с. 422

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРО́ДЗЕНСКАЯ КАПЭ́ЛА ЕЗУІ́ЦКАЙ БУ́РСЫ.

Існавала ў 18 ст. пры Гродзенскай муз. бурсе езуітаў (адкрыта ў 1707), якая рыхтавала прафес. музыкантаў з ліку немаёмных слаёў насельніцтва. У 1773 у капэле было 11 інструменталістаў і вакалістаў, у т. л. платныя музыканты, а таксама вучні («хлопцы»). Капельмайстар Л.​Каршулеўскі. Капэла ўключала 7 скрыпак, басэтлю, квартвіёлу, бас, 2 флейты, флейту-бас, 2 флейтроверсы, 5 валторнаў, 5 труб, 2 барабаны, клавікорд, арган і інш. У рэпертуары былі творы царк. (месы, магніфікаты) і свецкай (матэты, арыі, канцэрты, сімфоніі) музыкі кампазітараў Габермана, Кайзера, Квіткоўскага, Краўза, Паўлоўскага, Ратхгебера, Хішбергера, Чарвенкі, Шуле і інш.

В.​У.​Дадзіёмава.

т. 5, с. 427

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРО́ДЗЕНСКАЯ РАЁННАЯ АНТЫФАШЫ́СЦКАЯ АРГАНІЗА́ЦЫЯ ў Вялікую Айчынную вайну.

Дзейнічала са снеж. 1943 да ліп. 1944 на тэр. Гродзенскага р-на; уваходзіла ў Беластоцкую абласную антыфашысцкую арганізацыю. Складалася з падп. груп (больш за 80 чал.) у Адэльскім, Індурскім, Капцёўскім, Крынкаўскім, Кузніцкім, Сакольскім, Эйсмантаўскім сельсаветах. Узначальваў яе раённы антыфаш. к-т (старшыня А.​М.​Шумілін). Члены арг-цыі вялі масава-паліт. работу ў населеных пунктах, распаўсюджвалі падп. газеты, зводкі Саўінфармбюро, лістоўкі, забяспечвалі партызан разведданымі аб праціўніку, зброяй, боепрыпасамі, медыкаментамі, харч. прадуктамі. Разам з партызанамі прымалі ўдзел у дыверсіях на чыгунках Гродна—Беласток і Гродна—Масты, пашкодзілі тэлеф. лінію на адрэзку ў 7 км, знішчылі 2 вагоны з авіябомбамі і інш.

т. 5, с. 428

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Гродзенская арганізацыя Кампартыі Літвы і Заходняй Беларусі 4/276

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

Гродзенская абласная бібліятэка імя Я. Ф. Карскага 11/595, 596

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

ГРО́ДЗЕНСКАЯ МУЗЫ́ЧНА-ТЭАТРА́ЛЬНАЯ ШКО́ЛА ТЫЗЕНГА́ЎЗА.

Існавала ў 1774—80 у Гродне. Створана падскарбіем надворным літ. А.Тызенгаўзам для задавальнення патрэб Гродзенскага тэатра Тызенгаўза. Кіраўнік — скрыпач і капельмайстар Л.Сітанскі. Навучаліся дзеці прыгонных сялян і мяшчан, якія мелі муз. здольнасці. Вучні набывалі навыкі ігры на струнных і духавых інструментах, клавікордах. Вывучаліся таксама спевы, танец, нотная грамата, тэорыя музыкі і кампазіцыя, некат. агульнаадук. прадметы, рукадзелле; чыталіся лекцыі па выхаванні. Вучні школы выступалі ў спектаклях т-ра (у балетах Г.​Петынеці «Сялянскі балет», «Квартэт дудароў», «Балет пекараў», усе 1778). Яе выхаванцы — танцоўшчыкі Е.Валінскі, Д.Пякарская-Сітанская, М.Рымінскі, спявачка М.​Сітанская праславіліся ў польск. т-ры. З адстаўкай Тызенгаўза школа пераведзена ў Паставы.

Будынак школы пабудаваны ў 1760-я г. на Гарадніцы ў стылі позняга барока. Кампазіцыйна ён завяршыў б. Палацавую пл. (цяпер пл. Тызенгаўза), на якую выходзіў Гродзенскі палац Тызенгаўза. Мураваны, крывалінейны ў плане будынак (яго крывалінейнасць абумоўлена своеасаблівасцю арх. ансамбля плошчы, адсюль назва «Крывая афіцына»), быў накрыты 2-ярусным дахам. Спачатку 2-павярховы з мансардай; 1-ы паверх на гал. фасадзе з увагнутага боку меў адкрытую галерэю з аркадай, з якой 3 уваходы вялі ў класы на 1-м і 2-м паверхах. У мансардзе аналагічнай планіроўкі жылі навучэнцы і настаўнікі. Будынак прызначаўся таксама для адкрытых канцэртаў і наз. «Музычны флігель». Захаваўся ў перабудаваным (2-я пал. 19 — 1-я пал. 20 ст.) варыянце: зменена планіроўка, мансардавы паверх перароблены ў звычайны, замуравана галерэя 1-га паверха, зроблены балконы.

Літ.:

Prosnak Jan. Grodzieńska szkoła muzyczna w czasach Antoniego Tyzenhauza // Muzyka. 1969. № 2;

Mamontowicz-Lojek B. Szkoła artystyczno-teatralna Antoniego Tyzenhauza, 1774—1785 // Rozprawy z dziejów oświaty. Wrocław etc., 1968. Т. 11.

Г.​І.​Барышаў, В.​П.​Пракапцова.

Гродзенская музычна-тэатральная школа Тызенгаўза.

т. 5, с. 427

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)