РАЗЛІКО́ВЫ БАЛА́НС,
суадносіны грашовых патрабаванняў і абавязацельстваў краіны, што ўзнікаюць у выніку гандлёвых і інш. адносін з інш. краінамі за пэўны перыяд або на пэўную дату. Уключае гандлёвы баланс, вываз і ўвоз золата, прадастаўленне крэдытаў, баланс паслуг, турыстаў і даходы ад замежнага турызму, даходы ад замежных інвестыцый, звязаныя з імі расходы і інш. У адрозненне ад плацежнага балансу ўключае не толькі зробленыя плацяжы і паступленні, але і непагашаныя патрабаванні і абавязацельствы, тэрмін пагашэння якіх яшчэ не настаў.
т. 13, с. 259
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛЮ́ТНЫЯ ЗЛАЧЫ́НСТВЫ,
парушэнні ўстаноўленых правіл аб здзелках і аперацыях з валютнымі каштоўнасцямі. Паводле Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь валютнымі злачынствамі лічацца незаконныя здзелкі з каштоўнымі металамі і камянямі, а таксама скупка, продаж, абмен замежнай валюты або выкарыстанне плацежных дакументаў у замежнай валюце і інш. замежных грашовых дакументах, адкрыццё рахункаў за мяжой і вядзенне па іх аперацый службовай асобай суб’екта гаспадарання без спец. дазволу (ліцэнзіі), якія здзейснены на працягу года пасля накладання адм. спагнання за такія ж парушэнні (арт. 85, 851, 852).
т. 3, с. 498
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДО́ЛЬНІКІ,
катэгорыя сялян ВКЛ у 15—18 ст., галоўнай феад. павіннасцю якой была доля. Акрамя гэтага, Д. выконвалі інш. павіннасці: хадзілі на талаку да 12 дзён улетку, будавалі і рамантавалі панскія пабудовы, масты, выконвалі стацыю, падводную павіннасць, баброўшчыну (плацяжы футрам або грашыма за карыстанне ўгоддзямі). У 16—18 ст. найб. пашыраны ў Бел. Падзвінні. З развіццём таварна-грашовых адносін і ростам сувязей сельскай гаспадаркі з унутраным і знешнім рынкамі Д. паступова ператвараліся ў паншчынных або чыншавых сялян.
М.Ф.Спірыдонаў.
т. 6, с. 179
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ЛАЦКІ МАНЕ́ТНЫ ДВОР,
часовы манетны двор няпоўнага тэхналагічнага цыкла для «перепечатания» рас. медных 5 капеек з 16-рублёвай манетнай стапы (колькасць грашовых адзінак, выбітых з адзінкі масы металу) у 10 капеек 32-рублёвай манетнай стапы (падваенне наміналаў). Запланаваны ўказам царскага ўрада Рас. імперыі ад 8.5.1796 у Полацку для перабіцця 1 млн. руб. старымі манетамі. Паводле маніфеста ад 20.1.1797 вярталася 16-рублёвая стапа, выпуск 5 капеек спыняўся. П.м.д. дзейнічаць не пачаў. Перавезенае для яго з С.-Пецярбурга абсталяванне падлягала продажу ў 1811.
т. 12, с. 464
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРЭЙ ((Bray) Джон Фрэнсіс) (1809, Вашынгтон — 1895),
англійскі эканаміст, сацыяліст-утапіст, паслядоўнік Р.Оўэна. Аўтар публікацыі «Несправядлівасці ў адносінах да працы і сродкі да іх устаранення» (1839), у якой гал. ўвага сканцэнтравана на сац.-эканам. пераўтварэнні бурж. грамадства. Лічыў, што ліквідаваць прыватную ўласнасць і заснаваную на ёй сістэму наёмнай працы можна шляхам перабудовы таварна-грашовых адносін (стварэнне сістэмы прац. грошай), на аснове дакладнай эквівалентнасці абмену і выцяснення капіталіст. формаў гаспадаркі т.зв. рабочымі акц. т-вамі. Ідэі Брэя пакладзены П.Ж.Прудонам у аснову яго канцэпцыі сацыялізму.
т. 3, с. 282
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБАРАЧЭ́ННЕ ў эканоміцы,
форма таварнага абмену прадуктаў працы і інш. аб’ектаў уласнасці праз куплю-продаж. З’яўляецца бясконцым працэсам мноства самастойных актаў куплі і продажу, які звязвае вытв-сць з размеркаваннем і спажываннем. Ад абмену тавараў (Т—Т) адрозніваецца тым, што ажыццяўляецца пры пасрэдніцтве грошай (Т—Г—Т). Развіццё абарачэння звязана з таварнай вытв-сцю.
На пач. этапах абмяжоўвалася мясц. рынкам. З паглыбленнем грамадскага падзелу працы і пашырэннем таварна-грашовых адносін сфарміраваліся ўнутр. і сусв. рынкі, пачалося развіццё крэдытнага абарачэння, абарачэння каштоўных папер і інш. формаў.
т. 1, с. 13
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭКЛАРА́ЦЫЯ (ад лац. declaratio абвяшчэнне),
1) заява аднаго або некалькіх урадаў, паліт. партый, міжнар. або грамадскіх арг-цый, якія даводзяць да ўсеагульнага ведама праграмны акт, важную міжнар. падзею, закон і да т.п.; урачыстае абвяшчэнне агульнапаліт. прынцыпаў.
2) Заява падаткаплацельшчыка і некат. катэгорый дзярж. служачых пра характар і памер даходаў, маёмаснае становішча.
3) Дакумент, які прыкладаецца да грашовых і каштоўных пакетаў, што пасылаюцца поштай за межы краіны.
4) Заява мытні ад асобы, якая перасякае граніцу, пра наяўнасць і колькасць у яе рэчаў, каштоўнасцей, валюты і інш.
т. 6, с. 338
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЯ́КЛА, дзякло,
прадуктовая рэнта (натуральны аброк) за зямельны надзел, якая збіралася на карысць землеўладальніка з сялян у ВКЛ. Дз. здавалі збожжам (пераважна жытам і аўсом, радзей ячменем і пшаніцай), інш. с.-г. прадуктамі або грашыма (па жаданні ўладальніка). Да валочнай памеры адзінкай абкладання былі дварышча і служба, пазней — валока і дым. Памер Дз. ў розных уладаннях вагаўся, найб. пашыранае — па 1—2 бочкі жыта і аўса. З развіццём таварна-грашовых адносін у 2-й пал. 18—1-й пал. 19 ст. паступова выцеснена адработачнай і грашовай рэнтамі.
В.І.Мялешка.
т. 6, с. 137
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНВЕСТЫЦЫ́ЙНЫ БАНК,
спецыялізаваны банк, які займаецца эмісійна-заснавальніцкімі аперацыямі з каштоўнымі паперамі (іх выпуск, купля — продаж на фондавай біржы і па-за ёй), выдачай мэтавых доўгатэрміновых пазык. Ствараюцца з мэтай прыцягнення грашовых сродкаў, здзяйснення доўгатэрміновага крэдытавання, фінансавання мерапрыемстваў у розных галінах нац. гаспадаркі. Крыніцай іх рэсурсаў могуць быць бюджэтныя сродкі, пазыкі, выпуск акцый і інш. Акрамя выдачы доўгатэрміновых крэдытаў яны рэінвесціруюць (ажыццяўляюць паўторныя або дадатковыя ўкладанні сродкаў у дадзеную галіну, рэгіён) крэдыты камерцыйных банкаў на развіццё галін вытворчасці, аказваюць кіраўніцкія, кансультацыйныя і інш. паслугі.
У.Р.Залатагораў.
т. 7, с. 222
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НО́БЕЛЕЎСКІ ФОНД, Фонд Нобеля,
прыватная і незалежная адм.-фін. ўстанова, якая распараджаецца спадчынай А.Б.Нобеля. Засн. ў 1900 у Стакгольме паводле тастамента Нобеля, які завяшчаў перавесці яго маёмасць у наяўныя грошы (атрымалася 33 млн. швед. крон, ці 9,2 млн. дол. ЗША) і ўкласці іх у каштоўныя паперы, штогадовыя працэнты ад якіх прысуджаць як Нобелеўскія прэміі. З 1953 дзейнічае як звычайная фін. кампанія, у т. л. пазычае грошы. Кіруючы орган — Савет фонду (уваходзяць прадстаўнікі ўсіх устаноў, што выносяць рашэнні аб прысуджэнні Нобелеўскіх прэмій), які вызначае памер грашовых прэмій для нобелеўскіх лаўрэатаў.
т. 11, с. 356
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)