НАСО́Ў у геалогіі,

разрыўное парушэнне ў заляганні горных парод, пры якім адны масы горных парод насунуты на другія па паката нахіленай (45—60°) паверхні тэктанічнага разрыву. Утвараецца ў працэсе тэктанічных рухаў, ва ўмовах гарызантальнага сціскання, з пластычным пераразмеркаваннем горных парод. Мае вісячы (узняты і насунуты) і ляжачы блокі, паверхню зрушэння. У залежнасці ад вугла нахілу паверхні Н. падзяляюць на пакатыя і стромкія. Н. з амаль гарызантальнай паверхняй змяшчэння і вял. адлегласцю перамяшчэння парод утвараюць тэктанічныя покрывы або шар’яжы. Н. са стромкай паверхняй разрыву (вугал большы за 60°) наз. ўскідам.

І.​В.​Клімовіч.

т. 11, с. 200

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУРУ́МЫ, карумы,

значныя па плошчы скопішчы вял. глыб горных парод, што залягаюць у выглядзе плашча на горных схілах і плоскіх вяршынях. Узнікаюць у выніку інтэнсіўнага фіз. выветрывання. Паступова спаўзаючы ўніз па схілах, утвараюць каменныя рэкі. Тэрмін пашыраны пераважна ў раёнах Сярэдняй і Цэнтр. Азіі. Уваходзіць у склад шэрагу геагр. назваў (напр., горы Каракарум).

т. 9, с. 53

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАГА́Р ПУСТЫ́ННЫ,

карычнева-буры бліскучы налёт (або скарынка таўшч. 0,5—5 см) на паверхні горных парод (скал, абломкаў, галькі і інш.) у пустынях. Утвараецца ў выніку адкладаў вокісных спалучэнняў марганцу і жалеза з дамешкам гліназёму і крэменязёму ва ўмовах рэзкай змены т-ры горных парод з пераменным увільгатненнем. Ахоўвае пароды ад хуткага выветрывання.

т. 6, с. 495

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКЦЭСО́РНЫЯ МІНЕРА́ЛЫ (ад лац. accessorius дадатковы),

мінералы, якія ёсць у горных пародах у нязначных колькасцях (менш за 1%); заканамерная частка вывергнутых і асадкавых парод. Спачатку лічыліся выпадковымі дадатковымі мінераламі (адсюль назва). Тыповыя акцэсорныя мінералы гранітаў — апатыт, цыркон, турмалін, гранат і інш. Пры разбурэнні парод намнажаюцца ў россыпах. Па характары акцэсорных мінералаў можна выявіць роднаснасць, паходжанне і ўзрост горных парод.

т. 1, с. 223

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЯЗГО́ДНАСЦЬ у геалогіі, нязгоднае заляганне,

межаванне рознаўзроставых пластоў горных парод па паверхні размыву, які ўтварыўся ў выніку перарыву ў асадканамнажэнні. Фіксуе прасторавыя і гіст. суадносіны рознаўзроставых горных парод. Няпоўны стратыграфічны разрэз геал. адкладаў наз. стратыграфічнай Н. (яўнай, або схаванай). У залежнасці ад залягання кантактуючых тоўшчаў адрозніваюць Н.: паралельную, вуглавую, азімутальную, покрыўную, структурную, лакальную і інш.

І.​В.​Клімовіч.

т. 11, с. 407

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

світа,

асобы, якія суправаджаюць кагосьці; сукупнасць пластоў горных парод; назва верхняга адзення.

т. 14, с. 266

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Баталіт (геал.) 2/177; 4/485, гл. Заляганне горных парод

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

АСЫ́ПАК,

намнажэнне несартаваных абломкаў скальных горных парод, якое ўтвараецца ў выніку скочвання або саслізгвання разбуранага выветрываннем абломкавага матэрыялу на стромкіх схілах (ухіл звычайна больш за 30%). Звычайна маюць форму конуса даўжынёй дзесяткі і сотні метраў з расшыранай асновай, каля падножжа схілаў іншы раз утвараюць шлейфы. Магутнасць намнажэння да дзесяткаў метраў. Развіццё асыпку улічваецца пры буд-ве горных дарог, ліній электраперадач і інш.

т. 2, с. 64

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБВА́Л,

раптоўны адрыў і падзенне вял. масаў горных парод са стромкіх схілаў гор, рачных далін, абразійных марскіх берагоў. Здараюцца ад страты счаплення ці часовай апоры горных парод у выніку іх выветрывання, падмывання ці размыву, сейсмічных штуршкоў. Абрынутыя масы акумулююць як завал. У выніку буйнейшага Усойскага абвалу на р. Мургаб (аб’ём пароды 2,2 млрд. м³) утварылася Сарэзскае возера на Паміры (1911).

т. 1, с. 17

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАПІЛЯ́РНАЯ ВАДА́,

від падземных вод, якія ўтрымліваюцца ў порах горных парод сіламі паверхневага нацяжэння.

т. 8, с. 24

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)