ЗАПО́ЛЛЕ,

радовішча глін у Шумілінскім р-не Віцебскай вобл., каля в. Заполле. Пластавы паклад звязаны з азёрна-ледавіковымі адкладамі паазерскага аледзянення. Гліны чырванавата-бурыя, карычневыя, шчыльныя, пластычныя з праслойкамі пяску, супеску і суглінку. Разведаныя запасы 18,6 млн. м³, перспектыўныя 23,6 млн. м³. Магутнасць карыснай тоўшчы 2,7—10,9 м, ускрышы (пяскі, супескі) 0,2—4,7 м. Гліны прыдатныя на выраб цэглы.

А.​П.​Шчураў.

т. 6, с. 534

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЛА́СА (франц. mollasse ад лац. mollis мяккі),

комплекс асадкавых горных парод (кангламератаў, пясчанікаў, мергеляў, глін і інш.), які назапашваўся ў краявых прагінах і міжгорных прагінах. Магутнасць да некалькіх тысяч метраў. Характэрна для заключных (арагенных) стадый развіцця геасінкліналяў пры ўтварэнні складкавых паясоў ва ўмовах сціскання буйных літасферных пліт (паводле гіпотэзы мабілізму). З М. звязаны радовішчы вуглёў, нафты, газу, медзістых пясчанікаў, солей і інш.

т. 10, с. 13

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПУ́ІПЧА,

радовішча глін у Віцебскім р-не, каля аднайм. вёскі. Пластавы паклад звязаны з азёрна-ледавіковымі адкладамі паазерскага гарызонту. Гліны мантмарыланітава-гідраслюдзістыя, з дамешкамі каалініту, стужачныя, тлустыя, шчыльныя. Разведаныя запасы 12,6 млн. т, перспектыўныя 3,4 млн. т. Магутнасць карыснай тоўшчы 1,6—6,7 м, ускрышы (пяскі) 0,2—1,9 м. Гліны з дамешкамі супескаў прыдатныя ў якасці гліністага кампанента пры вырабе цэменту.

А.​П.​Шчураў.

т. 13, с. 140

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЛЬМІРО́ЛІЗ (ад грэч. halmyros салёны + lysis распад),

падводнае выветрыванне, хіміка-мінералагічнае пераўтварэнне першасных адкладаў на дне мора пад уздзеяннем працэсаў растварэння, акіслення і інш. Гальміролізам тлумачаць паходжанне некаторых мінералаў, што ўтвараюцца толькі ў марскіх адкладах (глаўканіт, шамазіт і інш.), падводнае змяненне вулканічных туфаў, якое прыводзіць да ўтварэння бентаніту і інш. разнавіднасцей паглынальных глін. Асабліва спрыяльныя для гальміролізу месцы павольнага адкладання на марскім дне дробных часцінак.

т. 4, с. 478

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРУДЗІ́НАВА,

радовішча глін у Шумілінскім р-не Віцебскай вобл., каля в. Грудзінава. Пластавы паклад звязаны з азёрна-ледавіковымі адкладамі паазерскага зледзянення. Гліны чырвона-бурыя, шакаладныя, стужачныя, шчыльныя, пластычныя, з дробнымі вапняковымі сцяжэннямі. Разведаныя запасы 9,1 млн. м³, перспектыўныя 2,3 млн. м³. Магутнасць карыснай тоўшчы 2—10,4 м, ускрышы 0,2—7,8 м. Гліны прыдатныя на выраб цэглы, дрэнажных труб. Радовішча распрацоўваецца Обальскім керамічным заводам.

А.​П.​Шчураў.

т. 5, с. 453

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Е́ЛЬНІКІ,

радовішча глін і суглінкаў у Жлобінскім р-не Гомельскай вобл., каля в. Праскурні. Пластавы паклад звязаны з неагенавымі адкладамі. Гліны і суглінкі тугаплаўкія, высокапластычныя, з рэдкімі праслоямі гліністага пяску, прасочваецца чаргаванне каляровых і літалагічных рознасцей. Разведаныя запасы 7,66 млн. м³. Магутнасць карыснай тоўшчы 6,3—18,2 м, ускрышы (пяскі, супескі, суглінкі) 0.2—6.7 м. Гліны і суглінкі прыдатныя на выраб цэглы. Радовішча распрацоўваецца.

А.​П.​Шчураў.

т. 6, с. 387

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́ЛБІЦА,

радовішча глін у Пастаўскім р-не Віцебскай вобл., за 1,7 км на ПнЗ ад в. Кеўлічы, каля р. Голбіца. Пластавы паклад звязаны з азёрна-ледавіковымі адкладамі паазерскага зледзянення. Гліны чырвона-бурыя, цёмна-карычневыя, пластычныя, з невял. колькасцю буйназярністых часцінак. Разведаныя запасы 11,9 млн. м³, перспектыўныя 32,8 млн. м³. Магутнасць карыснай тоўшчы 2,6—22,3 м, ускрыты 1,5—5,5 м. Гліны прыдатныя на вытв-сць цэглы.

А.​П.​Шчураў.

т. 5, с. 323

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА́ЙСЕН, Мейсен (Meissen),

горад на У Германіі, зямля Саксонія. Засн. ў 929. Каля 40 тыс. ж. (1997). Порт на р. Эльба. Прам-сць: энергамаш.-буд., эл.-тэхн., гарбарна-абутковая, тэкст., піваварная. Старэйшы ў Еўропе фарфоравы з-д (вытв-сць Майсенскага фарфору). Вытв-сць фарбаў для керамікі. У наваколлі — здабыча высакаякасных глін, у т. л. кааліну. Музей фарфору. Комплекс гатычнага сабора (13—15 ст.) і замка (15 ст.) на скале над Эльбай.

т. 9, с. 522

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Дзеркачы (радовішча цэментных глін, Зэльвенскі р-н) 5/7

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

Зацэпічы (радовішча цэментных глін, Дзятлаўскі р-н) 4/241

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)