ГЯНДЖЫ́НСКІ ТРАКТА́Т 1735,
дагавор паміж Расіяй і Іранам, падпісаны 21 сак. каля г. Гянджа. Паводле дагавора Дэрбент і Баку (з правінцыямі) перадаваліся Ірану, які абавязваўся не дапускаць пераходу гэтых гарадоў пад уладу інш. дзяржаў. Абодва бакі павінны былі прытрымлівацца пастаноў Рэшцкага дагавора 1732, паводле якога Расія вяртала Ірану Гілян, Іран павінен быў пасля адваявання ў Турцыі Усх.-Груз. царства вярнуць яго цару Вахтангу VI. Гянджынскі трактат пацвярджаў дазвол на свабодны гандаль Расіі ў Іране.
т. 5, с. 555
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛО́ТХАЛ,
рэшткі стараж. горада на Пн ад г. Бамбей, на беразе Камбейскага заліва ў Індыі. Належыць да помнікаў Інда даліны цывілізацыі, датуецца першымі стагоддзямі 2-га тыс. да н.э. Раскопкамі вывучаны цытадэль з мураванымі сценамі, сховішча, каналізацыя. Важнае значэнне для развіцця Л. меў гандаль. Выяўлены сведчанні кантактаў жыхароў горада з насельніцтвам узбярэжжа Персідскага заліва і Дэкана. У Л. атрыманы найб. раннія (18 ст. да н.э.) звесткі пра вырошчванне рысу.
А.В.Іоў.
т. 9, с. 351
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАІ́Н,
старажытнае племя і дзяржава на тэр. сучаснай Йеменскай Рэспублікі. Раннія помнікі дзяржавы М. адносяцца да 6—5 ст. да н.э. Яе сталіцай быў напачатку г. Іясіль, потым — Карнаву. Вял. ўплыў у кіраванні М. адыгрывалі жрацы і родаплемянная арыстакратыя. Асновай росквіту краіны быў транзітны гандаль пахучымі рэчывамі, яна кантралявала гандл. шляхі праз Аравію. З 1 ст. да н.э. М. у залежнасці ад цароў Катабана, потым у складзе дзяржаў Саба і «Саба і зу-Райдан».
т. 9, с. 518
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕКІ́НСКІ ТРАКТА́Т 1860,
расійска-кітайскі дагавор. Падпісаны 14 ліст. ў Пекіне. Пацвердзіў і развіў Айгунскі дагавор 1858 і Цяньцзіньскі трактат 1858. Усталяваў усх. рас.-кіт. граніцу па рэках Амур, Усуры, Сунгача, воз. Ханка і далей па гарах да р. Тумыньцзян. Вызначыў рас.-кіт. граніцу ў Сіньцзяні (канчаткова вызначана Пецярбургскім дагаворам 1881). Уводзіў бязмытны рас.-кіт. гандаль на ўсім працягу рас.-кіт. мяжы, Расія атрымала права на прызначэнне рас. консулаў у гарады Кашгар і Ургу.
т. 12, с. 259
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«САНКТ-ПЕТЕРБУ́РГСКИЕ ВЕ́ДОМОСТИ»,
газета. Выдавалася ў 1728—1917 у Пецярбургу як працяг першай рус. газеты «Ведомости» (з 1914 выходзіла пад назвай «Петроградские ведомости»). Да 1874 выдавалася пры АН, з 1875 пры Мін-ве нар. асветы. Сярод рэдактараў М.В.Ламаносаў (1748—65). Асвятляла ўнутр. і знешнія паліт. падзеі, навуку, мастацтва, прам-сць, гандаль і інш. Выдавала дадатак «Месячные исторические, генеалогические и географические примечания в Ведомостях» (1728—42, першы рус. часопіс, назва мянялася).
т. 14, с. 151
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНІ́ЙСКАЕ ЦА́РСТВА,
армянская феад. дзяржава (860—1045) са сталіцай у г. Ані (зараз Турцыя). Узнікла ў выніку аб’яднання Арменіі Багратыдамі і вызвалення ад улады Арабскага халіфата. Найбуйнейшае сярод феад. дзяржаў сярэдневяковай Арменіі, аб’ядноўвала яе большую частку. Высокага ўзроўню развіцця дасягнулі ў Анійскім царстве рамёствы і гандаль, навука, архітэктура, л-ра і мастацтва. Узмацненне феад. эксплуатацыі выклікала антыфеад. нар. рух тандракійцаў. У 10 ст. ў выніку феад. раздробленасці ў Анійскім царстве ўтварылася некалькі царстваў — васалаў Багратыдаў. У 1045 заваявана Візантыяй.
т. 1, с. 368
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАСПУРАКА́НСКАЕ ЦА́РСТВА,
армянская феад. дзяржава дынастыі Арцрунідаў у 908—1021 у вобласці Васпуракан. Знаходзілася ў васальнай залежнасці ад царства арм. Багратыдаў. Праз Васпураканскае царства праходзіла паўд. адгалінаванне важнага гандл. караваннага шляху. Высокага ўзроўню дасягнулі рамёствы, гандаль, культура. У час праўлення цара Гагіка Арцруні [908—943] вяліся вялікія буд. работы ў гарадах Вастан, Ахтамар, Ван. Васпураканскае царства ахапіў антыфеад. і антырэліг. рух тандракійцаў. На пач. 11 ст. падверглася нападу цюрк. плямён, што ішлі з У. У 1021 далучана да Візантыі.
т. 4, с. 32
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНСТАНЦІ́НА,
горад на ПнУ Алжыра. Адм. ц. вілаі Канстанціна. Вядомы з канца 3 ст. да н.э. 441 тыс. ж. (1987). Вузел чыгунак і аўтадарог. Міжнар. аэрапорт. Гандл.-прамысл. цэнтр. Прам-сць: трактарабуд., прыладабуд., харчасмакавая, тэкст., металаапр., буд. матэрыялаў (цэмент, цэгла). Разнастайная саматужна-рамесніцкая вытв-сць. Гал. збожжавы рынак краіны. Гандаль воўнай, скурай і інш. Ісламскі ун-т. Музей. Арх. помнікі: рэшткі рымскіх пабудоў, касба (цытадэль) тур. часу, мячэці, медрэсэ 18 ст., палац Ахмед-бея 19 ст.
т. 7, с. 593
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«НОВАРАСІ́ЙСКАЯ РЭСПУ́БЛІКА»,
пашыраная ў гіст. л-ры назва ўлады Савета рабочых дэпутатаў, што існавала ў г. Новарасійск 25.12.1905—7.1.1906 у рэвалюцыю 1905—07. Утварылася ў. ходзе Снежаньскай усерасійскай палітычнай стачкі 1905. Новарасійскі савет (уваходзілі бальшавікі, сацыялісты-рэвалюцыянеры, меншавікі і інш.) закрыў дзярж. ўстановы, раззброіў паліцыю, стварыў узбр. рабочую дружыну, аднавіў спынены стачкай гандаль, увёў 8-гадзінны рабочы дзень і рабочы кантроль на прадпрыемствах, кантраляваў чыг. і марскія перавозкі, абклаў падаткам прадпрымальнікаў і чыноўнікаў, выдаваў газ. «Известия». Ліквідавана ўрадавымі войскамі.
т. 11, с. 360
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІ́НДЫКА,
назва тэрыторыі, якую насялялі стараж. плямёны сіндаў, а таксама іх дзяржавы ў 5—4 ст. да н.э. Знаходзілася на тэр. Таманскага п-ва (Расія). Асн. заняткамі жыхароў былі земляробства, рыбалоўства і гандаль. Як дзяржава С. склалася ў 5 ст. да н.э. ў выніку войнаў сіндаў са скіфамі, што прывяло да ўзмацнення ўлады сіндскіх военачальнікаў. Вызначалася найб. ступенню элінізацыі ў параўнанні з інш. абласцямі Прычарнамор’я. У 4 ст. да н.э. страціла самастойнасць і ўключана ў склад Баспорскага царства.
т. 14, с. 398
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)