МАЙСЯЁНАК (Андрэй Георгіевіч) (н. 1.6.1943, г. Глыбокае Віцебскай вобл.),
бел. вучоны ў галіне біяхіміі. Д-рбіял.н., праф. (1997). Скончыў Гродзенскі мед.ін-т (1965). З 1981 заг. лабараторыі Ін-та біяхіміі Нац.АН Беларусі (з 1991 нам., у 1996—98 в.а. дырэктара). Навук. працы па абмене вітамінаў і каферментаў, механізмах каферментнай рэгуляцыі метабалізму, вітаміназмяшчальных прафілакт. і лек. сродках, гісторыі медыцыны.
Тв.:
Производные пантотеновой кислоты: Разработка новых витамин. и фармакотерапевт. средств. Мн., 1989 (у сааўт.);
Водорастворимые витамины в инфекционной патологии. Мн., 1991 (разам з В.І.Комарам, У.С.Васільевым).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРО́ЗКІНА (Таццяна Сяргееўна) (н. 4.6.1940, г. Шчолкава Маскоўскай вобл.),
бел. вучоны ў галіне эксперыментальнай анкалогіі. Д-рбіял.н. (1978), праф. (1983). Скончыла Мінскі мед.ін-т (1963), працуе ў ім. Навук. працы па выбіральнай хіміярадыеахове нармальных (незлаякасных) тканак пры тэрапіі хворых на рак. Распрацавала нетаксічны радыепратэктар (антыаксідантны комплекс вітамінаў A, E, C), спосаб стабілізацыі расліннага алею. Дзярж. прэмія Беларусі 1998.
Тв.:
Энергетический обмен и питание при злокачественных новообразованиях. Мн., 1989; Питание в профилактике и лечении рака. Мн., 1998 (разам з К.К.Далідовічам).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІКАЦІ́НАВАЯ КІСЛАТА́, вітамін PP,
цыклічная аднаасноўная кіслата, водарастваральны вітамін, які ўваходзіць у комплекс вітамінаў групы B. Вітаміннай актыўнасцю валодае таксама амід Н.к. — нікацінамід.
Белае крышт. рэчыва без паху, т-ра плаўлення 235—240 °C. Ёсць у дражджах, рысавым і пшанічным вотруб’і, нырках, печані, грыбах і інш. Неабходная для ўтварэння ў арганізме некат. акісляльных ферментаў. Сутачная патрэбнасць для дарослага чалавека — 15—20 мг. У невял. колькасці Н.к. можа ўтварацца ў печані чалавека. Ужываецца для лячэння і прафілактыкі пелагры, хвароб печані, пры спазмах сасудаў і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛЕ́СНЕВЫЯ ГРЫБЫ́,
мікраскапічныя грыбы, што ўтвараюць характэрныя налёты (плесні) на паверхні арган. субстратаў (харч. прадукты, папера, скура, тэкстыль і інш.). Належаць да розных сістэм. груп: ааміцэты, зігаміцэты, недасканалыя грыбы, сумчатыя грыбы і інш. Каля 250 відаў. Пашыраны ў глебе, раскладаюць арган. рэшткі і прымаюць удзел у іх мінералізацыі. Выклікаюць хваробы раслін, псаванне прадуктаў, разбурэнне прамысл. вырабаў і матэрыялаў.
Для П.г. характэрны паветраны міцэлій, які добра развіваецца на паверхні і ўнутры субстрату. Споры ўтвараюцца на гіфах. Выкарыстоўваюць П.г. для атрымання ферментаў, арган.к-т, антыбіётыкаў, вітамінаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІЯФА́БРЫКА,
прадпрыемства па выпуску біяпрэпаратаў. Першыя біяфабрыкі створаны на базе вет.бактэрыял. лабараторый і станцый з мэтай вырабу вакцын і сываратак. Сучасныя біяфабрыкі выпускаюць біяпрэпараты для дыягностыкі, прафілактыкі хвароб і лячэння, біял. аховы раслін (напр., развядзенне энтамафагаў), бялкова-вітамінныя канцэнтраты, прэпараты—рэгулятары колькасці і дынамікі развіцця пэўных відаў арганізмаў і інш. На Беларусі існуюць з-ды: Мінскі мед. і эндакрынных прэпаратаў, Мазырскі кармавых дражджэй, Наваполацкі бялкова-вітамінных канцэнтратаў, Пінскі кармавых вітамінаў, Нясвіжскі біяхім., Рэчыцкі доследна-прамысл. гідролізны і інш. Да біяфабрык належаць таксама прадпрыемствы па перапрацоўцы смецця (з-д у Мінску), на якіх атрымліваюць арган. ўгнаенні (кампосты) і біяпаліва.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІНЬЁ ((Vigneaud) Вінсент Дзю) (18.5.1901, г. Чыкага, ЗША — 11.12.1978),
амерыканскі біяхімік. Чл.Нац.АН ЗША (1944). Скончыў Ілінойскі ун-т (1923) і Мед. школу Рочэстэрскага ун-та (1927). З 1929 у Ілінойскім ун-це, з 1932 праф. ун-та Дж.Вашынгтона, у 1938—75 Корнелскага ун-та. Навук. працы па хіміі гармонаў, вітамінаў, антыбіётыкаў. Даследаваў хім. будову інсуліну і біяціну, устанавіў структуру і сінтэзаваў вазапрэсін, аксітацын, вітаміны групы В. Прапанаваў метады сінтэзу, ачысткі і вылучэння антыбіётыкаў. Нобелеўская прэмія 1955.
Літ.:
Волков В.А., Вонскнй Е.В., Кузнецова Г.И. Выдающиеся химики мира: Биогр. справ. М., 1991. С. 157.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДО́ЙЗІ ((Doisy) Эдуард Адэлберт) (13.11.1893, г. Хума, штат Ілінойс, ЗША — 23.10.1986),
амерыканскі біяхімік. Чл.Нац.АН ЗША (1938). Скончыў Ілінойскі ун-т (1914). Д-р філасофіі (1920), праф. (1923). У 1914—17 працаваў у Гарвардскай мед. школе, з 1919 у Вашынгтонскім ун-це, у 1923—65 — у мед. школе пры Ун-це ў Сент-Луісе. Навук. працы па вывучэнні структуры вітамінаў і гармонаў. Вылучыў у крышталічнай форме жан. палавыя гармоны эстрон (1929) і эстрадыёл (1936). Адкрыў хім. структуру вітаміну K, ідэнтыфікаваў K1 і K2, сінтэзаваў вітамін K1 (1939). Нобелеўская прэмія 1943 (разам з Г.Дамам).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАМ ((Dam) Генрык Карл Петэр) (21.2.1895, Капенгаген — 17.4.1976),
дацкі біяхімік. Чл. Каралеўскай АН Даніі. Д-р філасофіі (1934), праф. біяхіміі (1941). Скончыў Капенгагенскі політэхн.ін-т (1920). З 1923 у Капенгагенскім ун-це. З 1940 выкладаў у ЗША і Канадзе, з 1942 працаваў у Рачэстэрскім ун-це, з 1946 у Капенгагенскім політэхн. ін-це, у 1956—62 у Дацкім савеце па даследаванні тлушчаў. Навук. працы па біяхіміі стэрынаў і вітамінаў. Вынайшаў вітамін K1 (філахінон). Вызначыў, што адсутнасць вітаміну Е у рацыёне жывёл выклікае мышачную дыстрафію. Нобелеўская прэмія 1943 (разам з Э.А.Дойдзі).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗЯЛЁНЫЯ КАРМЫ́,
надземная вегетатыўная маса кармавых раслін, якая скормліваецца жывёле свежаскошаная або на пашы. Складаюць аснову рацыёнаў жвачных жывёл і коней у летні перыяд. У якасці З.к. выкарыстоўваюць траву прыроднай і сеянай пашы, сеяныя шмат- і аднагадовыя травы (часцей бабовыя, злакавыя і іх сумесі), бацвінне караняплодаў. Арганічныя рэчывы З.к. добра ператраўляюцца жывёламі. Для раўнамернага забеспячэння жывёлы З.к. арганізуюць зялёны канвеер. Скошваюць травы ў раннія фазы развіцця раслін, калі ў іх больш пажыўных рэчываў (асабліва пратэіну), караціну, вітамінаў, мінер. рэчываў і менш. клятчаткі. На Беларусі З.к. выкарыстоўваюць больш як 5 месяцаў у год.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕРАЖЫ́НСКІ (Міхаіл Фёдаравіч) (10.7.1906, г. Бахчысарай, Украіна — 31.7.1970),
бел. вучоны ў галіне біяхіміі. Д-рбіял.н., праф. (1942). Скончыў Адэскі мед.ін-т (1930). З 1950 у Мінскім мед. ін-це (заг. кафедры). Навук. працы па акісляльна-аднаўленчых працэсах пры авітамінозах, абмене рэчываў пры інсулінатэрапіі, метабалічных парушэннях пры траўмах, парушэннях абмену рэчываў пры ненармальным харчаванні, ролі гармонаў і вітамінаў у забеспячэнні біял. аховы арганізма, біяхім. стане клетачных і субклетачных мембран пры захворваннях.
Тв.:
Основы клинической биохимии. М., 1965 (разам з Л.С.Чаркасавай);
Нарушения углеводного обмена при заболеваниях человека. Мн., 1967.