ТРУБАПРАКА́ТНАЯ ВЫТВО́РЧАСЦЬ выраб бясшвовых (без зварнога падоўжнага ці спіральнага шва) метал.труб спосабам пракаткі. Уключае транспартаванне загатовак (зліткаў) да награвальных печаў, награванне загатовак, пракатку труб, іх каліброўку, ахаладжэнне, праўку, абрэзку і інш.Асн.тэхнал. абсталяванне Т.в. — трубапракатныя агрэгаты, якія адрозніваюцца тыпаразмерам вырабляемых труб і спосабам іх пракаткі. Працэс гарачай пракаткі ўключае: прашыўку нагрэтай загатоўкі (злітка) і атрыманне таўстасценнай гільзы на прашыўных станах; раскатку гільзы да пэўнай таўшчыні сценак, дыяметра і даўжыні трубы на бесперапынным, кароткаапраўным, пілігрымавым, трохвалковым пракатных станах. Бесперапынны стан (найб. прадукцыйны) ужываецца пры пракатцы труб дыяметрам 110 мм; кароткаапраўны (аўтаматычны) — для вырабу труб дыяметрам ад 60 да 450 мм і больш; пілігрымавы — дыяметрам 400—700 мм, трохвалковы стан — таўстасценных труб дыяметрам 35—200 мм (для кольцаў падшыпнікаў качэння). Пасля раскаткі трубы калібруюцца на калібровачных станах (гл.Калібр),
ахалоджваюцца і правяцца. Трубы дыяметрам да 70 мм атрымліваюць абцісканнем гарачых трубных загатовак на рэдукцыйных станах. Для змяншэння таўшчыні сценкі і дыяметра, надання трубе больш высокіх мех. уласцівасцей, гладкай паверхні і дакладных памераў пасля гарачай пракаткі яе ставяць на станах перыяд. дзеяння, на халодную пракатку, а таксама працягваюць праз валокі валачыльнага стану. Бясшвовыя трубы ўжываюцца ў машынабудаванні, нафтаздабыўной, хім. прам-сці, у камунальнай гаспадарцы і інш.Асн. прадпрыемствамі па іх вырабе ў СНГ з’яўляюцца Перваўральскі наватрубны і Нікапальскі паўднёватрубны з-ды.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАШЫ́ННАЯ ВЫТВО́РЧАСЦЬ,
стадыя станаўлення матэрыяльнай асновы індустр. вытв-сці, на якой адбылася замена мануфактуры фабрыкай; характарызуецца выкарыстаннем машын. Узнікла ў 2-й пал. 18 ст. ў выніку прамысл. перавароту.
У прам-сці Беларусі першыя машыны (паравыя рухавікі) з’явіліся на суконных прадпрыемствах у мястэчках Хомск Кобрынскага і Косава Слонімскага паветаў. У 1840-я г. яны выкарыстоўваліся ўжо ў суконнай, вінакурнай, мукамольнай і цукр. вытв-сцях. З канца 1850-х г. на Беларусі пачаўся тэхн. пераварот, які ў адрозненне ад Зах. Еўропы і рас. губерняў ажыццяўляўся не ў лёгкай, а ў жалезаапрацоўчай і вінакурнай прам-сці. Напр., у металургіі крычны спосаб атрымання жалеза заменены пудлінгавым (у домнах). Пудлінгавыя печы ўзведзены на Старынкаўскім чыгуналіцейным і Барысаўшчынскім металургічным з-дах (на іх вырабляліся паравыя машыны), на Налібоцкім металургічным камбінаце. Прамысл. рэвалюцыя адбывалася і ў інш. галінах (харч., дрэваапр., хімічнай). Завяршылася яна ў канцы 1890-х г.; аб’ём фабрычнай прадукцыі да гэтага часу павялічыўся ў 37 разоў.
З моманту ўзнікнення М.в. прайшла шэраг этапаў развіцця. Напр., у 2-й пал. 19 ст. ў прам-сці пачаўся пераход ад пары да электрычнасці, што прывяло да павышэння ўзроўню механізацыі, карэнных змен М.в. ў традыц. галінах (апрацоўчая прам-сць) і яе развіцця ў галінах з бесперапыннымі тэхнал. працэсамі (металургія, хімія). Новая ступень у развіцці М.в. звязана з навукова-тэхнічнай рэвалюцыяй, якая ў сваю чаргу была падрыхтавана якаснымі зменамі ў самой М.в. (выкарыстанне новых прылад працы, машын-аўтаматаў, пераход да 4-звеннай сістэмы машын). Гал. кірункам навук.-тэхн. прагрэсу і павышэння прадукцыйнасці працы сучаснай М.в. з’яўляецца выкарыстанне аўтаматычных ліній і вытв-сцей, ЭВМ, камп’ютэраў, станкоў з лікавым праграмным кіраваннем, аўтаматызаваных сістэм кіравання. Гл. таксама Аўтаматызацыя, Аўтаматызацыя вытворчасці, Матэрыяльна-тэхнічная база.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІЦЕ́ЙНАЯ ВЫТВО́РЧАСЦЬ,
выраб літых загатовак або дэталей (фасонных адлівак) спосабам запаўнення расплаўленым металам (сплавам) ліцейных форм; адна з асн. галін металургіі і машынабудавання. Уключае: прыгатаванне фармовачных сумесей і стрыжнёвых сумесей, выраб ліцейных мадэлей, форм і стрыжняў, плаўку металу і заліўку яго ў формы, выдаленне зацвярдзелых адлівак, іх ачыстку і абрубку. Рознымі спосабамі ліцця вырабляецца большасць прадукцыі машынабудавання з сталі, чыгуну і каляровых сплаваў.
Ліцейныя стрыжні і формы робяць на стрыжнёвых і фармовачных машынах, на паточных або аўтам. лініях з выкарыстаннем пескадуўных машын, пескастрэльных машын і інш. Зборка ліцейных форм (устаноўка стрыжняў, літніковай сістэмы, злучэнне верхніх і ніжніх апок) робіцца ўзгоднена з плаўленнем металу ў вагранках, полымных печах, дугавых і індукцыйных электрапечах і інш. Пасля заліўкі і зацвярдзення металу адліўкі (а таксама стрыжні з поласцей адлівак) выбіваюць, вызваляюць ад літніковай сістэмы, ачышчаюць ад прыгарэлых фармовачных сумесей і перадаюць на фарбаванне або тэрмічную апрацоўку (для паляпшэння мех. уласцівасцей). Для ачысткі адлівак выкарыстоўваюцца шротакідальныя, шротаструменныя, пескагідраўлічныя, электрахім. і электрагідраўлічныя ўстаноўкі, спец. прэсы і інш. Л. в. аснашчаецца ліцейнымі аўтаматамі, канвеерамі, аўтам. лініямі, электроннымі прыладамі і сістэмамі кіравання.
Вытв-сць літых вырабаў вядома з глыбокай старажытнасці. Прадметы рэліг. культу, хатняга ўжытку, зброю пачалі выплаўляць (пераважна з бронзы) у 4—3-м тыс. да н. э. ў краінах Пярэдняй Азіі, Егіпце, Індыі, Кітаі, на мяжы 3-га і 2-га тыс. да н. э. ў Еўропе (гл.Бронзавы век). У 13—14 ст. адлітымі вырабамі славіліся Візантыя, Венецыя, Генуя, Фларэнцыя. У 12—13 ст. складаныя адліўкі выраблялі кіеўскія ліцейшчыкі. У рус. дзяржаве ў 14—15 ст. адлівалі бронзавыя і чыгунныя гарматы, ядры і званы, у 1479 у Маскве пабудаваны першы ліцейны з-д. Майстар-ліцейшчык А.Чохаў адліў шэраг буйных гармат, у т. л. «Цар-пушку» (у 1586, каля 40 т). У 1735 адліты «Цар-звон» (больш за 200 т). У 1873 зроблена адна з самых вял. адлівак у свеце — шабот (ніжняя ч.) паравога молата (650 т). Адліваліся помнікі, скульптурныя групы і інш. У распрацоўку тэарэт. асноў Л. в. ўклад зрабілі вучоныя П.П.Аносаў, Дз.К.Чарноў, А.А.Байкоў, А.А.Бочвар, М.С.Курнакоў, А.В.І.Вейнік, П.П.Берг, А.М.Ляс і інш.
На Беларусі вытв-сць некаторых бронзавых рэчаў з прывазной сыравіны і пераплаўка сапсаваных вырабаў пачалася ў 1-й пал. 2-га тыс. да н. э. З 14 ст. адлівалі бронзавыя гарматы, алавяныя і бронзавыя ядры. Каля 1540 у Вільні заснаваны гарматны ліцейны двор — людвісарня, у 1597 — Баранская кульня (майстэрня па выплаўцы куль і ядраў). Ў 16—18 ст. невял. людвісарні — «дзелалейні» існавалі ў Нясвіжы, Слуцку, Быхаве, Магілёве, Друі, Віцебску, Полацку і інш. гарадах, якія адлівалі гарматы для сваёй абароны. Захаваліся імёны некаторых ліцейшчыкаў-людвісараў: запрошаны ням. майстар Г.Мольтцфельд, мясц. майстры Сцяпан і Пятро ў Нясвіжы (канец 16 — пач. 17 ст.), К.Ганусаў у Быхаве (2-я пал. 16 ст.), быхаўскія майстры Юрка і Мікалай, якія рабілі разавыя адліўкі ў Магілёве (сярэдзіна 17 ст.). У 18 ст.артыл. гарматы адлівалі ў Слуцку, Быхаве, Нясвіжы, Гродне, Жлобіне, Вішневе. У 1768 А.Тызенгаўзам пабудавана Маларыцкая металургічная мануфактура. Пазней дзейнічалі Вішнеўскі і Барысаўшчынскі металургічныя, Старынкаўскі чыгуналіцейны з-ды (гл. адпаведныя арт.), Налібоцкі металургічны камбінат, Досаўская медзеплавільная мануфактура. У 1990-я г. працуюць: Беларускі (у Жлобіне) і Магілёўскі металургічныя з-ды (гл. адпаведныя арт.), Гомельскі ліцейны завод «Цэнтраліт», высокаразвітая Л.в. на трактарным, аўтамабільным, маторным, падшыпнікавым, станкабудаўнічых, с.-г. машынабудавання і інш. з-дах. Над удасканаленнем тэхналогіі Л.в. і распрацоўкай ліцейнага абсталявання працуюць ліцейнай вытворчасці Беларускі навукова-даследчы і канструктарска-тэхналагічны інстытут, Фізіка-тэхн.ін-т, Ін-т тэхналогіі металаў (г. Магілёў) Нац.АН Беларусі, кафедры Л.в. Бел.політэхн. акадэміі і Гомельскага тэхн. ун-та і інш.
Д.М.Кукуй, У.М.Сацута.
Да арт.Ліцейная вытворчасць. А — чарвячная машына для ліцця пад ціскам палімерных матэрыялаў: 1 — ліцейная форма; 2 — выраб; 3 — цыліндр з расплаўленым матэрыялам і абагравальнікамі; 4 — прывод чарвяка. Б — атрыманне адліўкі цэнтрабежным ліццём на машыне з вертыкальнай воссю: 1, 2 — ніжняя і верхняя паўформы; 3 — літніковая сістэма; 4 — стрыжань.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУЗЫ́ЧНЫХ ІНСТРУМЕ́НТАЎ ВЫТВО́РЧАСЦЬ,
галіна мясцовай прам-сці Беларусі па выпуску муз. інструментаў і дэталей да іх. Муз. інструменты з даўніх часоў выраблялі майстры-ўмельцы. У 1920—30-я г. наладжана іх прамысл.вытв-сць. У 1999 дзейнічаюць прадпрыемствы, якія ўваходзяць у Беларускае вытворчае аб’яднанне музычных інструментаў, у т. л.Барысаўская фабрыка піяніна (галаўное прадпрыемства аб’яднання), Бобрскі з-дмуз. дэталей (Крупскі р-н), а таксама Маладзечанская фабрыка музычных інструментаў. Асн. прадукцыя: піяніна, цымбалы, баяны, акардэоны, гармонікі, акустычныя гітары і электрагітары. дзіцячыя муз. цацкі. Вырабляюцца таксама індывід.муз. інструменты, у асноўным скрыпічныя. Найб. вядомыя муз. інструменты, створаныя бел. майстрамі: В.В.Богданам з Вілейскага, Б.П.Круглым з Лідскага, І.М.Карнеем з Смаргонскага, М.М.Міронам з Дзяржынскага р-наў, У.А.Крайко з Мінска, М.П.Такушэвічам з г. Маладзечна і інш.
Да арт.Музычных інструментаў вытворчасць. Участак зборкі электрагітар на Беларускім вытворчым аб’яднанні музычных інструментаў у г. Барысаў.Да арт.Музычных інструментаў вытворчасць. Гатовая прадукцыя Маладзечанскай фабрыкі музычных інструментаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТРУБАЗВА́РАЧНАЯ ВЫТВО́РЧАСЦЬ,
выраб метал., пераважна стальных, труб метадам зваркі ліста або паласы. Вырабляюць трубы дыяметрам ад 6 мм да 2 мфармоўкай (згінаннем ліста ці паласы ў трубу) і наступнай зваркай шва. Паводле размяшчэння зварнога шва адрозніваюць зварку падоўжную і спіральную. Зварныя трубы ў параўнанні з бясшвовымі маюць меншую таўшчыню сценкі. а трываласць шва не меншую, чым самога металу. Усе тэхнал. аперацыі робяцца на спец. агрэгатах — трубазварачных станах. Паводле спосабу фармоўкі яны бываюць бесперапынныя (фармоўка адбываецца паступова, па меры падоўжнага руху паласы) і перыядычныя (ліст згінаецца ў трубу на ўсю даўжыню адразу). Для зваркі існуюць станы пячной зваркі, зваркі токамі высокай частаты, кантактнай зваркі супраціўленнем, дугавой зваркі пад слоем флюсу ці ў асяроддзі ахоўных газаў. Пры пячной зварцы нагрэтую ў печы да 1300—1330 °C паласу згінаюць у роліках прафілёвачнага стана ў трубу ці працягваюць праз спец. прыстасаванне (лейку) і адначасова зварваюць краі ўпрытык ці (радзей) у нахлёст. Выкарыстоўваецца для вытв-сці вода- і газаправодных труб дыяметрам 10—114 мм з падоўжным швом. Пры вырабе труб дыяметрам менш за 100 мм да трубазварачнага стану далучаецца рэдукцыйны стан, які павялічвае хуткасць выхаду трубы за кошт памяншэння яе дыяметра і таўшчыні сценак. На сучасных станах хуткасць выхаду пры дыяметры 10 мм складае 24 м/мін. Пры вырабе труб дыяметрам да 500 мм з падоўжным ці спіральным швом пашыраны станы, дзе зварка ажыццяўляецца ціскам з нагрэвам краёў, якія зварваюцца токамі павышанай і высокай частаты. На трубазварачным стане з дугавой зваркай вырабляюць трубы ад 500 да 1600 мм і больш.
На Беларусі наладжана вытв-сць стальных электразварных труб квадратнага, прамавугольнага і круглага сячэння. У 2001 Магілёўскі металургічны завод вырабляў стальныя профільныя трубы 22 мадыфікацый (ад 20 × 20 мм да 80 × 60 мм з таўшчынёй сценак 1,2—4 мм), прамашвовыя круглага сячэння — 18 мадыфікацый (дыяметр ад 16 да 89 мм), стальныя вода- і газаправодныя — 8 мадыфікацый (дыяметр ад 15 да 80 мм); Маладзечанскі завод металаканструкцый — профільныя 18 мадыфікацый (ад 50 × 50 мм да 220 × 120 мм з таўшчынёй сценак ад 2 да 8 мм) і круглага сячэння 8 мадыфікацый (дыяметр ад 76 мм да 219 мм); Баранавіцкае прадпрыемства «Аграбудмаш» — стальныя прамашвовыя круглага сячэння 3 мадыфікацый (дыяметр 26, 34 і 42 мм з таўшчынёй сценак да 2,5 мм) і прамавугольныя (30 × 20 мм).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУ́МАВАГА АБУ́ТКУ ВЫТВО́РЧАСЦЬ,
падгаліна гумаазбеставай прамысловасці для вырабу абутку з натуральнага або сінт. каўчуку з выкарыстаннем тэкст. матэрыялаў. У залежнасці ад прызначэння гумавы абутак падзяляюць на бытавы, спарт. і тэхн.; апошні прызначаны для аховы ног чалавека ад уздзеяння вады, агрэсіўных асяроддзяў (кіслот, шчолачаў і інш.), нізкіх т-р, удараў і інш. (напр., боты для рыбакоў, шахцёраў, рабочых хім. вытв-сцей і інш.). Абутак падзяляецца па відах тэхналогіі стварэння: клеены (на канвеерах — склейваннем папярэдне падрыхтаваных дэталей), штампаваны (штампуюць на спец. прэсах з наступнымі лакіраваннем і вулканізацыяй), фармаваны (прасуюць у формах з адначасовай вулканізацыяй). Гэта вытв-сць развіта ў многіх краінах свету, асабліва ў ЗША, Германіі, Японіі, Расіі, краінах Еўропы. На Беларусі гумавага абутку вытворчасць развіваецца з 1950-х г. Дзейнічаюць Гомельскі завод хімічных вырабаў, Капыльскі завод гумава-тэхнічных вырабаў, Крычаўскі завод гумавых вырабаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Вытворчасць прадукцыі на душу насельніцтва 3/206—207
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
КАВА́ЛЬСКА-ПРЭ́САВАЯ ВЫТВО́РЧАСЦЬ,
галіна металаапрацоўкі па вырабе метал. дэталей ціскам, пераважна коўкай, штампоўкай і прасаваннем. Пашырана на машына-, станка- і прыладабудаўнічых з-дах. Шырокае выкарыстанне К.-п.в. абумоўлена здольнасцю металаў і сплаваў пластычна дэфармавацца без разбурэння. Пластычная дэфармацыя з наступнай тэрмічнай апрацоўкай надае вырабам неабходныя ўласцівасці. Гл. таксама Апрацоўка металаў ціскам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕТАЛІ́ЧНЫХ КАНСТРУ́КЦЫЙ ВЫТВО́РЧАСЦЬ,
падгаліна прам-сці машынабудавання і металаапрацоўкі, што выпускае маласерыйныя або адзінкавыя віды вырабаў вял. памераў з металу (металічныя канструкцыі). Найб. шырока такая прадукцыя выкарыстоўваецца ў будаўніцтве, асабліва пры ўзвядзенні лёгкіх часовых збудаванняў, вырабе вентыляцыйных і цеплавых сістэм. На Беларусі падгаліна аб’ядноўвае 7 прадпрыемстваў, у т. л. 3 з-ды металаканструкцый (у Віцебску, Гомелі, Магілёве) спецыялізуюцца па вырабе металаканструкцый для с.-г.буд-ва (нестандартызаванае абсталяванне для ферм і жывёлагадоўчых комплексаў і інш.). У Мінску працуюць арэндныя прадпрыемствы «Доследны завод металаканструкцый» і па праектаванні буд.метал. канструкцый «Белпраектстальканструкцыя», у г. Маладзечна — з-д лёгкіх металаканструкцый.