РАМАНО́ЎСКАЯ (Гэлена Людвікаўна) (13.12.1908, Мінск — 17.5.1980),
бел. пісьменніца, перакладчыца. Скончыла Мінскі польскі пед. тэхнікум (1929), Бел. вышэйшы пед.ін-т (1934). Працавала настаўніцай у польскіх і бел. школах (Дзяржынск, Мінск), у 1932—37 — на Бел. радыё, у польскамоўнай газ. «Orka» («Ворыва»), у 1944—63 настаўнічала ў Мінску. Друкавалася з 1929. Пісала на польскай мове. Асобнымі кнігамі выйшлі аповесці «З вясной наўздагон» (1933), «Пахне зямля» (1934), драм. інсцэніроўка для дзяцей «У барацьбе за Саветы» (1934). Для яе твораў характэрна рамант. ўзнёсласць, тэма барацьбы старога і новага на вёсцы. На польскую мову перакладала творы бел. пісьменнікаў, у т. л. аповесць П.Галавача «Спалох на загонах» (1933). На бел. мову асобныя яе творы перакладалі С.Шушкевіч, В.Эрнест.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САРДЗІ́НІЯ (Sardegna),
адм. вобласць Італіі на в-ве Сардзінія і суседніх невял. астравах. Адміністрацыйна падзелена на правінцыі Кальяры, Нуора, Сасары, Арыстана. Пл. 24,1 тыс.км². Нас. каля 2 млн.чал. (2000). Гал. горад Кальяры. Асн. галіны эканомікі — сельская гаспадарка і горназдабыўная прам-сць. Пад с.-г. ўгоддзямі каля 1,7 млн.га, у т. л. каля 74% займаюць пашы і лугі, каля 19% — ворыва, каля 6% — сады і вінаграднікі. Пасевы збожжавых, бабовых, бульбы, артышокаў; агародніцтва, вінаградарства, культура слівы, цытрусавых і інш. Пераважнае значэнне мае жывёлагадоўля (каля 1/3 пагалоўя авечак у Італіі, буйн. раг. жывёла, свінні). Рыбалоўства. Здабыча свінцу і цынку, кам. вугалю, флюарыту, баксітаў. Прам-сць: каляровая металургія, нафтаперапрацоўка і нафтахімія, харч., тэкст., гарбарная, дрэваапр., эл.-тэхн., суднарамонт. Ручное дыванаткацтва. Транспарт марскі, чыг. і аўтамабільны. Прыроду гл. ў арт.Сардзінія (востраў).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗГО́НЫ, гвалты,
адработачная феад. павіннасць сялян, часткова мяшчан у ВКЛ у 15—18 ст.; найб. ранняя форма працоўнай павіннасці. З устанаўленнем у 16 ст. штотыднёвай паншчыны З. праводзіліся для тэрміновых с.-г. работ звыш цягла. Падзяляліся на вялікія (зганялі ўсіх працаздольных) і малыя (1—2 работнікі з гаспадаркі на ворыва і сяўбу), на конныя і пешыя. У адрозненне ад паншчыны на З. прымушаліся працаздольныя з кожнай сям’і, нават кутнікі, якія не мелі зямлі і двара. Колькасць З. залежала ад плошчы панскай ворнай зямлі і патрэб у дадатковай рабочай сіле. З часам колькасць іх павялічвалася. У 2-й пал. 18 ст. найчасцей праводзілася 12 З. у год. У залежнасці ад відаў работ З. мелі назву шарваркі, талокі, работы з разавым пачастункам — абжынкі. У балансе рабочай сілы фальварковай гаспадаркі З. мелі значную ўдзельную вагу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДРЭ́ЗКІ,
у Рас. імперыі землі, адрэзаныя ад сял.надзелаў на карысць памешчыкаў у ходзе сялянскай рэформы 1861. Памяншэнне сял. надзелаў адбывалася, калі надзел быў большы за вышэйшую норму або калі ў памешчыцкім маёнтку заставалася менш за трэць (у стэпавай паласе менш за палову) прыдатных зямель. Адрэзкі рабіліся і пры атрыманні сялянамі т.зв.даравальнага надзелу. Адрэзаныя землі былі жыццёва неабходныя сялянам (ворыва, паша, лугі і інш.). Гэта давала магчымасць памешчыкам здаваць сялянам адрэзкі ў арэнду на кабальных умовах.
На Беларусі, паводле ўстаўных грамат, на б.ч.тэр. Магілёўскай губ. адрэзкі склалі 12,7%, у Гродзенскай губ. — 9,8%, у Мінскай (без Навагрудскага і Пінскага пав., паводле заніжаных звестак) — 2% надзельных зямель. У склад надзелаў не ўключаліся т.зв. прыёмныя землі, што знаходзіліся ў часовым карыстанні сялян, іх пазбавілі і сервітутаў. У час паўстання 1863—64 царызм пайшоў на некат. ўступкі (вернуты частка адрэзаных зямель і права часова карыстацца сервітутнымі ўгоддзямі, на 20% паменшаны выкупныя плацяжы і інш.), але гэта не змяніла грабежніцкага характару рэформы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САКАВІ́К (назва ад слова сок; пачынаецца рух сокаў у дрэвах),
бел. назва 3-га месяца каляндарнага года (31 дзень), пачатак вясны. 15 С. працягласць дня ў Мінску 11 гадз 46 мін, выш. Сонца над гарызонтам у поўдзень 33,9°. Сярэдняя сума сонечнай радыяцыі за месяц 291 МДж/м², радыяцыйны баланс 60 МДж/м². На тэр. Беларусі сярэднямесячная т-ра паветра -1,6 °C (-0,3 °C на Пд, -3,4 °C на ПнУ). Адносная вільготнасць 76—82%, колькасць вільготных дзён 8—13. Ападкаў 33—42 мм. У 2-й пал. С. адбываецца пераход сярэднясутачнай т-ры паветра праз 0 °C у бок павышэння, пачынаецца раставанне снегу і адтаванне глебы. Расталыя воды выклікаюць разводдзі на рэках. У сярэдзіне С. на Пд пачынаецца рух соку ў клёна вастралістага, у канцы месяца — у бярозы павіслай. Зацвітаюць падбел звычайны, вольха шэрая, ляшчына, ваўчаягада. Вяртаюцца з выраю шпакі, жаваранкі. У канцы С. пачынаецца ток глушцоў, цецерукоў. Паяўляецца прыплод у вавёрак, зайчых. Прачынаюцца ад зімовай спячкі мядзведзі, барсукі Пачынаецца веснавая лінька звяроў. На палях вядуцца падкормка азімых і веснавое ворыва. У садах фарміруюць кроны дрэў, вядуць барацьбу са шкоднымі насякомымі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІСТЭ́МА ЗЕМЛЯРО́БСТВА,
комплекс узаемазвязаных агратэхн., меліярац. і арганізацыйна-гасп. мерапрыемстваў па эфектыўным выкарыстанні зямлі. Забяспечвае расшыранае ўзнаўленне ўрадлівасці глебы, атрыманне ўсё большых ураджаяў і выключае негатыўны ўплыў на навакольнае асяроддзе. Адрозніваюць С.з. прымітыўныя (лядна-агнявая, аблогавая, лесапольная і інш.), экстэнсіўныя (папарныя) і інтэнсіўныя. На Беларусі з канца 3-га — пач. 2-га тысячагоддзяў да н.э. была пашырана лядна-агнявая С.з. (лес высякалі, дрэвы спальвалі, а зямлю выкарыстоўвалі пад ворыва); урадлівасць глебы зніжалася і аднаўлялася толькі пад уплывам прыроднай расліннасці. Аблогавая С.з. ўзнікла пры скарачэнні плошчы вольных зямель, неабходнасці вяртання старых участкаў, якія зноў выкарыстоўвалі пад пасевы, а потым запускалі пад аблогу. Пазней, пры выкарыстанні лесапольнай С.з., плошча ўзараных зямель была павялічана, тэрмін аблогі і лесаполля скараціўся, урадлівасць не аднаўлялася. У час феадалізму панавалі экстэнсіўныя С.з. Папарная С.з. прадугледжвала чаргаванне культур — папар, азімыя, яравыя. У канцы 19 ст. ўзнікла і пашыралася травапольная С.з. (гал. недахоп — увядзенне ўсюды бабова-збожжавых сумесей і змяншэнне пасеваў збожжавых культур). Сучасныя інтэнсіўныя С.з. (палепшаная, пладазменная, з кармавымі севазваротамі і інш. спецыялізаваныя) уключаюць севазвароты з травасеяннем, культ.лугаводства з перыядычным перазалужэннем лугоў, апрацоўку глебы з чаргаваннем плужных і бясплужных апрацовак, рацыянальнае ўжыванне арган. і мінер. угнаенняў, вапнаванне глебы, барацьбу з хваробамі, шкоднікамі і пустазеллем, рэгуляванне воднага рэжыму глеб і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАБЁР (Castor fiber),
млекакормячая жывёла атр. грызуноў. Пашыраны ў Еўразіі і Паўн. Амерыцы, дзе жыве другі від — бабёр канадскі. На Беларусі трапляецца амаль усюды. Ахоўваецца. Трымаецца старыцаў, рэк з павольным цячэннем, азёраў з багатай прыбярэжнай расліннасцю.
Даўж. цела каля 100 см, хваста да 34 см, маса да 30 кг. Тулава тоўстае, масіўнае, ногі кароткія, пяціпальцыя, заднія з плавальнымі перапонкамі. Хвост пляскаты (шыр. да 15 см), укрыты буйнымі рагавымі шчыткамі. Поўсць густая, шаўкавістая, з доўгімі восцевымі валасамі і густым пухам. Жыве сем’ямі. Добра плавае і нырае. Рые норы, будуе хаткі, запруды. Корміцца карэнішчамі травяністых раслін, карой і маладымі галінкамі лазы, асіны і інш. Нараджае 1—5 бабранят. Каштоўны: выкарыстоўваецца футра і бабровы струмень.
У мінулым важны аб’ект палявання, абмену і гандлю на Беларусі. Косці бабра выяўлены пры раскопках гарадзішчаў 6—12 ст. на тэр. рэспублікі і сумежных раёнаў Смаленшчыны. Вядомы граматы 14—16 ст., выдадзеныя манастырам і прыватным асобам на ўгоддзі з бабровымі гонамі (месцы адлову бабра) каля Полацка, Маладзечна, в. Трасцянец (Мінскі р-н), Слуцка і інш. За карыстанне гонамі насельніцтва плаціла падаткі. Статут ВКЛ 1588 забараніў лавіць баброў у чужых уладаннях, трывожыць у месцах пасялення, весці ворыва, высечку кустоў, сенакос паблізу бабровых гнёздаў. Наглядам за бабровымі гонамі і іх аховай займалася спец. катэгорыя сялян-слуг (гл.Баброўнікі). У 18 ст. бабёр — звычайны звер толькі на Бярэзіне, Прыпяці, Піне, Ясельдзе, Свіслачы. На пач. 20 ст. бабёр амаль знік, невял. паселішчы засталіся толькі ў маладаступных для чалавека мясцінах на Бярэзіне, Сажы і Нёмане. Для аднаўлення і павелічэння запасаў у 1925 створаны Бярэзінскі запаведнік.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСУШЭ́ННЕ,
адвод лішніх паверхневых і грунтавых водаў з пераўвільготненых зямель, адзін з відаў меліярацыі. Ажыццяўляецца з дапамогай асушальнай сістэмы. Дазваляе асвоіць новыя землі, павысіць іх урадлівасць, рацыянальна выкарыстоўваць сродкі механізацыі і хімізацыі. Аб’екты с.-г. асушэння — балоты і забалочаныя або залішне ўвільготненыя (часова ці пастаянна) землі. Праводзіцца таксама пры буд-ве, торфаздабычы, асваенні радовішчаў карысных выкапняў, ахове ад падтаплення населеных пунктаў і прамысл. аб’ектаў, у лясной гаспадарцы, з санітарна-аздараўленчымі мэтамі. Асн. спосабы асушэння: стварэнне адкрытай (каналы) і закрытай сетак (трубчасты, кратовы, шчылінны дрэнаж) з вертыкальным дрэнажом. Дадаткова робяць штучныя лагчыны, нагорныя каналы, закрытыя збіральнікі, самацёчныя свідравіны, абвалаванне, польдэры, пасадкі дрэў і інш.
Асушэнне рабілі за 3 тыс.г. да нашай эры ў Егіпце (Фаюмскі аазіс), ганчарны (Месапатамія) і мураваны (Рым) дрэнаж — за 2 тыс.г. да нашай эры. У 16 ст. нашай эры з’явіліся першыя дрэны з керамічных трубаў (Англія), з канца 18 ст. асушэнне праводзілі адкрытымі каналамі. У 19 ст. ў Еўропе і ЗША пашырыўся керамічны дрэнаж. Найб. асушаных зямель у ЗША, Канадзе, Японіі, Індыі, Нідэрландах, Вялікабрытаніі, Польшчы, Венгрыі, Швецыі, Германіі і інш.
У Беларусі асушэнне праводзіцца з канца 18 ст., найперш на Палессі. Асушальная сетка пабудавана на 3,8 млн.га (1994), з іх 2,8 млн.гас.-г. ўгоддзі (40% ворыва, 28 — сенажаць, 27 — паша, 5% інш.).
Найб. асушаных зямель у Брэсцкай (25,3%) і Мінскай (23,6%) абласцях.
Літ.:
Маслов Б.С., Станкевич В.С., Черненок В.Я. Осушительно-увлажнительные системы. М., 1981;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНДАСТА́Н,
паўвостраў на Пд Азіі, пераважна ў Індыі. Пл. каля 2 млн.км². На З абмываецца Аравійскім м., на У — Бенгальскім зал. Індыйскага ак.Паўн. граніца ўмоўна праводзіцца ад дэльты р. Інд да дэльты рэк Ганг—Брахмапутра. Берагі нізкія, слаба парэзаныя. Асн. частку І. займае пласкагор’е Дэкан, зах. ўступ якога (Зах. Гаты) ступенямі абрываецца да пясчанай прыбярэжнай нізіны (Малабарскі бераг). На У Дэканскага пласкагор’я знаходзяцца Усх. Гаты — сістэма невысокіх горных ланцугоў і масіваў. На Пд паўвострава размяшчаецца масіў Анаймалай з найвыш. пунктам І. — г. Анаймуды (2698 м). І. — частка дакембрыйскай Індыйскай платформы. Радовішчы каменнага вугалю, жал. і марганцавых руд, баксітаў, мускавіту, цырконію, тытану і інш. Клімат субэкватарыяльны мусонны з вільготным летам і сухой зімой. Сярэднія т-ры студз. 20—29 °C, мая 35—40 °C. Ападкаў на зах. схілах гор выпадае больш за 3000 мм, ва ўнутр. раёнах 500—700 мм, на У ападкі пераважна зімовыя, да 1000 мм за год. Асн. рэкі Нармада, Тапты, Маханады, Гадавары, Крышна, Каверы маюць дажджавое жыўленне і разліваюцца летам. Выкарыстоўваюцца для арашэння. Мусонныя лістападныя лясы захаваліся пераважна ў горных раёнах на Пд па схілах Зах. і Усх. Гатаў. На ўнутр. плато, міжгорных паніжэннях — сухія рэдкалессі. У вусцях рэк — мангравыя зараснікі. Вял. плошчы пад ворывам (рыс, пшаніца, бабовыя, бавоўна, чай, кава, цукр. трыснёг і інш.). 60—80% агульнай пл.ворыва парушана ярамі. Багаты жывёльны свет: сланы, насарогі, тыгры, леапарды, ваўкі, дзікія быкі, алені, малпы і інш. Птушак больш за 1600 відаў. На п-ве І. размяшчаюцца часткова дзяржавы Індыя, Пакістан і Бангладэш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́МЕЛЬСКАЯ ВО́БЛАСЦЬ,
адм.-тэр. адзінка Рэспублікі Беларусь. Размешчана на ПдУ Беларусі, каля граніц з Украінай і Расіяй. Утворана 15.1.1938. Пл. 40,4 тыс.км². Нас. 1594,2 тыс.чал. (1995). Цэнтр — г.Гомель. У вобласці 21 раён: Акцябрскі, Брагінскі, Буда-Кашалёўскі, Веткаўскі, Гомельскі, Добрушскі, Ельскі, Жлобінскі, Жыткавіцкі, Калінкавіцкі, Кармянскі, Лельчыцкі, Лоеўскі, Мазырскі, Нараўлянскі, Петрыкаўскі, Рагачоўскі, Рэчыцкі, Светлагорскі, Хойніцкі, Чачэрскі (гл. адпаведныя артыкулы), 17 гарадоў, у т. л. 8 абл. падпарадкавання — Гомель, Добруш, Жлобін, Калінкавічы, Мазыр, Рэчыца, Рагачоў, Светлагорск, 18 гар. пасёлкаў, 279 сельсаветаў, 2665 сельскіх населеных пунктаў.
Прырода. Паверхня вобласці раўнінная. Большая ч. вобласці размешчана на Палескай нізіне, паўд.-ўсх. і ўсх. — на Прыдняпроўскай нізіне. У межах вобласці вылучаюцца 3 фізіка-геагр. раёны падправінцыі Беларускага Палесся: Прыпяцкае Палессе, Мазырскае Палессе, Гомельскае Палессе. На правым беразе Прыпяці — Мазырская града з вышэйшым пунктам вобласці — 221 м, у міжрэччы Дняпра і Прыпяці — Хойніцка-Брагінскія вышыні (да 157 м). Пераважае нізінны рэльеф (вышыні 135—150 м над узр. м.), які займае ¾ тэр. вобласці. Ніжэйшы пункт у пойме Дняпра пры выхадзе яго на тэр. Украіны — 103,4 м над узр. м. Карысныя выкапні: нафта (60 радовішчаў пераважна ў Рэчыцкім, Светлагорскім і Акцябрскім р-нах), калійныя і каменныя солі (Петрыкаўскае радовішча калійных і каменнай солей, Давыдаўскае і Мазырскае радовішча каменнай солі), буры вугаль (Брынёўскае і Жыткавіцкае радовішчы), гаручыя сланцы (Тураўскае радовішча), торф, будаўнічы і абліцовачны камень, шкловыя і фармовачныя пяскі, мел, гіпс, цагельныя гліны і суглінкі, каалін, мінер. воды і інш. Клімат умерана кантынентальны. Зіма мяккая, лета цёплае. Сярэднямесячная т-ра паветра ў студз. ад -6,3 °C на ПдЗ да -8,2 °C на ПнУ, у ліп. ад 18,5 °C на З да 19,7 °C на У. Вегетац. перыяд 188—199 сутак. Гадавая колькасць ападкаў 510—670 мм. Каля 70% іх прыпадае на цёплую палавіну года (крас. — кастрычнік). Рэкі належаць да басейна Дняпра, што працякае па тэр. вобласці з Пн на Пд на працягу амаль 400 км. Найб. яго прытокі ў межах вобласці суднаходныя — Прыпяць, Бярэзіна (справа), Сож (злева). Найб. прытокі Прыпяці — Случ, Пціч, Трэмля, Іпа (злева), Сцвіга, Убарць, Славечна, Жалонь (справа), Сажа — Беседзь і Іпуць (злева). Самае вял. па плошчы воз. Чырвонае, у поймах рэк невял. азёры-старыцы. Густая сетка меліярац. каналаў. Глебы сельгасугоддзяў пераважна дзярнова-падзолістыя (31,6%) і дзярнова-падзолістыя забалочаныя (28,7%), тарфяна-балотныя (19,2%), поймавыя і інш. Паводле мех. складу пераважаюць супясчаныя (31,2%) і пясчаныя (30,8%), менш тарфяных (19,2%) і сугліністых (18,8%). Асушаныя землі займаюць каля 30% сельгасугоддзяў, найб. у Акцябрскім р-не — 50%, у Калінкавіцкім, Ельскім, Петрыкаўскім, Светлагорскім, Хойніцкім р-нах каля 40%. Пад лесам каля 44% тэр. вобласці. На хваёвыя лясы прыпадае 65%, бярозавыя — 14, чорнаальховыя — 9,5, дубовыя — 8%. Найб. лясістасць на З і Пд вобласці, у асобных раёнах больш за 50%. Пад лугамі 17,2%, каля 2/3 з іх нізінныя. Балоты, пераважна нізінныя, займаюць каля 13% тэр. вобласці, большасць іх асушана. На тэр. вобласці Прыпяцкі ландшафтна-гідралагічны запаведнік (з 1997 нац. парк), 11 біялагічных, 1 ландшафтны і інш. заказнікі, 35 помнікаў прыроды. У выніку катастрофы на Чарнобыльскай АЭС 69,3% тэр. вобласці забруджана радыенуклідамі з працяглымі тэрмінамі паўраспаду, у т. л. зона са шчыльнасцю забруджвання па цэзію-137 больш як 5 Кі/км² займае 27,5% тэр. вобласці. У найб. забруджанай (шчыльнасць па цэзію-137 больш за 40 Кі/км²) паўд.ч. вобласці створаны Палескі радыяцыйна-экалагічны запаведнік.
Насельніцтва. Асн. насельніцтва беларусы (84,4%), жывуць таксама рускія (9%), украінцы (3%), яўрэі (2,8%) і інш. Гарадскога насельніцтва 68,2%. Сярэдняя шчыльн. 40 чал. на 1 км², сельскага насельніцтва 12,7 чал. на 1 км². Найб. гарады (тыс.чал., 1995): Гомель (514), Мазыр (107), Светлагорск (76), Рэчыца (73), Жлобін (67), Калінкавічы (42), Рагачоў (37), Добруш (20). Пасля 1985 нараджальнасць і натуральны прырост зніжаюцца, расце смяротнасць, павялічваецца доля асоб, старэйшых за працаздольны ўзрост. З 1986 насельніцтва ў Нараўлянскім, Брагінскім і Хойніцкім р-нах (найб. пацярпелі ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС) паменшылася больш як на 50%.
Гаспадарка. Прамысловасць пераважае ў гаспадарчым комплексе. У ёй занята 30% усіх працуючых. Тэмпы развіцця і структура яе ў 1990-я г. нестабільныя. У 1991—95 для прам-сці вобласці характэрна зніжэнне аб’ёмаў вытв-сці і рост беспрацоўя. Вобласць спецыялізуецца на здабычы нафты, кухоннай солі, вытв-сці сталі і пракату, асобных галінах машынабудавання, хім., лясной, лёгкай і харч. прам-сці. У вобласці вырабляюць (у % да рэсп. вытв-сці): нафты і кухоннай солі (здабыча) — 100%, прадуктаў нафтаперапрацоўкі — 50, сталі — 81,5, сернай кіслаты — 49,3, фосфарных угнаенняў — 100, кормаўборачных камбайнаў — 100, падшыпнікаў качэння — 34, металарэзных станкоў — 20, аконнага шкла — 100, паперы — 29, кардону — 44, шпалераў — 58, драўняна-стружкавых пліт — 34, кандытарскіх вырабаў — 29, кансерваў — 21, туалетнага мыла — 100, гасп. мыла — 91%. Самыя вял. прадпрыемствы ў Гомелі, Мазыры, Светлагорску, Жлобіне, Рэчыцы, дзе сканцэнтравана каля 80% прамысл. патэнцыялу вобласці. У Рагачове малочнакансервавы камбінат і прадпрыемствы машынабудавання, у Рэчыцкім р-не асн. здабыча нафты краіны, у Добрушы папяровая ф-ка «Герой працы», фарфоравы з-д. На тэр. вобласці больш за 10 буйных прадпрыемстваў дрэваапр. прам-сці. У раённых цэнтрах і гар. пасёлках працуюць прадпрыемствы па перапрацоўцы с.-г. прадукцыі (агародніны, мяса, малака), лясной, дрэваапр., лёгкай прам-сці, па вытв-сці будматэрыялаў. Сельская гаспадарка большасці раёнаў спецыялізуецца на мяса-малочнай жывёлагадоўлі, вырошчванні збожжавых, бульбы, у прыгарадных гаспадарках таксама на птушкагадоўлі, вырошчванні агародніны і пладаводстве. У сельскай гаспадарцы занята 17,5% усіх працуючых. Галіна перажывае негатыўныя вынікі катастрофы на Чарнобыльскай АЭС: паменшылася плошча сельгасугоддзяў (асабліва ворыва), змянілася структура пасеваў, скарацілася пагалоўе жывёлы і інш. У цэлым роля вобласці ў с.-г. вытв-сці рэспублікі пасля Чарнобыльскай катастрофы паменшылася. Сельгасугоддзі займаюць 36,3% тэр. вобласці, у т. л. лугі і паша — каля 13%, ворыва — 21,5%. Найб. асвоены Буда-Кашалёўскі, Кармянскі, Добрушскі р-ны, дзе пад сельгасугоддзямі больш за 60% тэр. У структуры пасяўных плошчаў пераважаюць збожжавыя і зернебабовыя, а таксама кармавыя культуры (гл.табл. 1).
Сярод збожжавых найб. плошчы пад жытам і ячменем. У 1995 пры долі пасяўных плошчаў 14,3% (ад пасяўных плошчаў па рэспубліцы) атрымана 14,3% збожжа, 15,5% бульбы, 16,6% агародніны ад вытв-сці па рэспубліцы. На 433 фермерскія гаспадаркі (1996) прыпадае 8,3 тыс.га сельгасугоддзяў (у т. л. 6,7 тыс.гаворыва), што складае 0,6% ад усіх сельгасугоддзяў вобласці і 0,7% ворыва. Павышаецца доля фермерскіх і асабістых дапаможных гаспадарак у валавых зборах бульбы (83,6% у 1995), агародніны (80,9%), пладоў і ягад (96,4%). Жывёлагадоўля мяса-малочнага кірунку, развіты свінагадоўля і птушкагадоўля. Дынаміка пагалоўя на 1990 была дадатная, у апошнія гады адзначаецца тэндэнцыя да скарачэння пагалоўя і вытв-сці асн. прадуктаў жывёлагадоўлі (гл.табл. 2).
У апошнія гады павышаецца доля асабістых дапаможных гаспадарак у вытв-сці жывёлагадоўчай прадукцыі. Найб. колькасць жывёлы і птушкі (у жывой вазе) рэалізуецца калгасамі, саўгасамі і міжгасамі Гомельскага, Добрушскага, Жлобінскага р-наў, малака — Акцябрскага, Гомельскага, Калінкавіцкага, яец — Гомельскага р-на.
Транспарт. Агульная даўж. чыгункі 903 км. Праходзяць важныя міжнар. магістралі: С.-Пецярбург—Жлобін—Адэса, Вільнюс—Мінск—Жлобін—Корасцень—Кіеў, Брэст—Гомель. Удзельная вага чыг. транспарту ў агульным грузаабароце вобласці складае больш за 90%, у пасажыраабароце — 50% (1995). Буйныя чыг. вузлы Гомель, Жлобін, Калінкавічы. Аўтамаб. транспарт займае 2-е месца пасля чыгуначнага па груза- і пасажыраабароце. Даўж. аўтадарог з цвёрдым пакрыццём 7,9 тыс.км (1994). Асн. магістралі С.-Пецярбург—Віцебск—Гомель—Кіеў, Мінск—Гомель, Бранск—Гомель—Пінск—Брэст. Суднаходства па Дняпры, Прыпяці, Бярэзіне, Сажы. Па тэр. вобласці праходзіць магістральны нафтаправод «Дружба», газаправоды Гомель—Мінск, Шчорс—Гомель. Сетка нафтаправодаў злучае нафтапромыслы з нафтаправодам «Дружба». У Гомелі аэрапорт.
Л.В.Казлоўская.
Табліца 1 Пасяўныя плошчы вобласці
Плошча (тыс.га)
Гады
1990
1994
Уся пасяўная плошча
880,5
855,2
Збожжавыя і зернебабовыя
379,7
407,8
Бульба
112,1
101,8
Лён
6,0
5,0
Агародніна
6,8
12,0
Плады і ягады
25,2
24,1
Кармавыя культуры
367,1
321,3
Табліца 2 Пагалоўе жывёлы і птушкі ў гаспадарках вобласці
Пагалоўе (тыс. галоў)
Гады
1981
1991
1996
Буйная рагатая жывёла
1221
1160,3
776,2
у т.л. каровы
504
368,4
324,7
Свінні
652
686,3
556,4
Авечкі і козы
88
13,6
19,0
Птушка
7132
8274,5
5122,0
Да арт.Гомельская вобласць. Балота ў Рэчыцкім раёне (уверсе). На рацэ Сож у Гомелі.