АДЗІНА́ЦЦАТЫ З’ЕЗД КП(б)Б.

Адбыўся 22—29.11.1927 у Мінску; 344 дэлегаты з рашаючым і 220 з дарадчым голасам, якія прадстаўлялі 23 735 чл. І 11 392 канд. у чл. партыі. Парадак дня: даклады аб рабоце ЦК і ЦКК ВКП(б), справаздачы ЦК, ЦКК і рэвіз. камісіі КП(б)Б; даклады аб асновах 5-гадовага плана развіцця нар. гаспадаркі БССР і СССР, аб рабоце ў вёсцы, аб выніках нац.-культ. будаўніцтва і паліт.-асв. работы; выбары кіруючых органаў КП(б)Б.

З’езд арыентаваў планавыя органы БССР на фарсіраванне тэмпаў індустрыялізацыі, у сельскай гаспадарцы — на выкарыстанне розных формаў кааперавання, развіццё калект. формаў пры далейшай інтэнсіфікацыі і павышэнні прадукцыйнасці працы. Рэлігія разглядалася як ідэалогія антысав. элементаў. У ажыццяўленні нац. палітыкі акцэнты зроблены на развіццё нац. культур і нар. адукацыі, беларусізацыі. Дагматызавана формула класавага (пралетарскага) інтэрнац. выхавання, што стварала глебу для сектанцкіх скажэнняў у адносінах да культ. спадчыны і нац. культуры.

А.М.Малашка.

т. 1, с. 107

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАСІЛЕ́ВІЧ Іван Антонавіч

(1894, в. Будслаў Мядзельскага р-на Мінскай вобл. — 24.11.1937),

партыйны і дзярж. дзеяч БССР. У 1917—18 старшыня валвыканкома, нам. камісара, камісар па харчаванні Віленскай губ. З 1919 нам. наркома харчавання Літ.-Бел. ССР, кіраўнік харч. забеспячэння Паўд.-Зах. фронту, губхарчкамісар у Екацярынаславе, чл. РВС Харкаўскай ваен. акругі, кіраўнік падатковага ўпраўлення Наркамфіна СССР. У 1925 нарком унутр. гандлю, у 1926 нарком фінансаў БССР. У 1927—30 2-і сакратар, чл. Бюро ЦК КП(б)Б. З 1930 у органах Наркамзема СССР. Чл. ЦВК СССР у 1925—30. З 1932 кіраўнік зямельнага ўпраўлення Далёкаўсх. краю, старшыня Амурскага аблвыканкома, заг. сельгасаддзела Далёкаўсх. крайкома ВКП(б). У 1937 рэпрэсіраваны. Рэабілітаваны ў 1956.

т. 4, с. 22

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗНІШЧА́ЛЬНЫЯ БАТАЛЬЁНЫ ў гады Вялікай Айчыннай вайны,

ваенізаваныя добраахвотніцкія фарміраванні для барацьбы з варожымі парашутыстамі і дыверсантамі. Ствараліся паводле пастаноў СНК СССР ад 24.6.1941 мясц. органамі ВКП(б) і НКУС з грамадзян, якія не падлягалі прызыву ў Чырв. Армію. Да канца ліп. 1941 у СССР, пераважна ў прыфрантавых раёнах, сфарміравана 1755 З.б. агульнай колькасцю 328 тыс. чал. (большасць камуністы і камсамольцы). На тэр. Беларусі на 15 ліп. 1941 сфарміравана 78 З.б. (больш за 13 тыс. байцоў). У шэрагу раёнаў, асабліва на Палессі, яны сумесна з часцямі Чырв. Арміі непасрэдна супрацьстаялі гітлераўскім войскам. Частка іх улілася ў рады народнага апалчэння і Чырв. Арміі, на базе некаторых створаны партызанскія атрады. 3 ліп. 1944 у БССР дзейнічалі 185 З.б. (каля 17 тыс. чал.).

У.Д.Свякла.

т. 7, с. 102

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЎХІМО́ВІЧ Мікалай Яфрэмавіч

(н. 1.1.1907, г. Барысаў),

партыйны і дзярж. дзеяч БССР. Скончыў Камуніст. ун-т імя Леніна ў Мінску (1933), ВПШ пры ЦК ВКП(б) (1948). З 1926 на камсамольскай і парт. рабоце. У 1940—47 сакратар ЦК КП(б)Б. У Вял. Айч. вайну на Калінінскім, Прыбалт., Цэнтр., 1-м Бел. франтах; адзін з арганізатараў партыз. руху і патр. падполля ў Мінскай і Палескай абл. З 1948 1-ы сакратар Гомельскага, потым Гродзенскага абкомаў КПБ, з 1953 2-і сакратар ЦК КПБ, з 1956 Старшыня Савета Міністраў БССР. У 1959—73 міністр хлебапрадуктаў, сац. забеспячэння БССР. У 1975—85 у Ін-це гісторыі партыі пры ЦК КПБ. Чл. ЦК КПБ (1940—73), ЦК КПСС (1956—61). Дэп. ВС БССР у 1940—76, ВС СССР у 1946—62.

т. 2, с. 123

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУДЗІ́НСКІ Станіслаў Янавіч

(парт. і літ. псеўд. Стах, Традыцыя, С.Бяднарскі, Я.Марыянскі; 9.9.1894, Варшава — 22.8.1937),

дзеяч рэв. руху, публіцыст. У 1912—15 чл. Варшаўскага к-та СДКПіЛ. Удзельнік Кастр. ўзбр. паўстання 1917 у Маскве, чл. бальшавіцкай фракцыі Маскоўскага Савета, канд. у чл. Маскоўскага ВРК. У снеж. 1917 — сак. 1918 нарком сац. забеспячэння Масквы і Маскоўскай губ. Са жн. 1918 у Польшчы, чл. Гал. праўлення СДКПіЛ, чл. Лодзінскага, Варшаўскага к-таў КПП. У 1919 арыштаваны. У выніку абмену паліт. вязнямі з 1920 у Сав. Расіі. У 1924—26 чл. Польбюро пры ЦК ВКП(б). У ліп. 1928 на 1 з’ездзе КПЗБ абраны чл. ЦК. З 1930 рэдактар газ. «Звязда» і чл. рэдкалегіі час. «Бальшавік Беларусі». Чл. ЦК у 1929—32, чл. Бюро ЦК КП(б)Б у 1930—32. З 1934 праф. Міжнар. ленінскай школы ў Маскве. Аўтар грамадска-паліт. брашур і артыкулаў. У чэрв. 1937 рэпрэсіраваны. Рэабілітаваны пасмяротна.

т. 3, с. 314

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАТО́НСКАГА КАМІ́СІЯ,

камісія, накіраваная ЦКК ВКЛ(б) для абследавання практыкі правядзення нац. палітыкі ў БССР. Знаходзілася ў Беларусі з 9.5 да 27.6.1929. Узначальваў старшыня ЦКК Кампартыі Украіны У.П.Затонскі. Зрабіла даклад, які ўключаў эканам. агляд, стан і перспектывы развіцця мястэчак, палітыка-асв. работу ў БССР, выдавецкую дзейнасць, пытанні беларусізацыі, стан прэсы, навук. думкі ў гуманітарнай галіне. Характарыстыкі камісіі вызначаліся катэгарычнасцю. Крытычна ацэньвалася «Гісторыя Беларусі» У.М.Ігнатоўскага за ідэалізацыю мінулага і папулярызацыю нашаніўскага адраджэння, навук. дзейнасць В.Ю.Ластоўскага, С.М.Некрашэвіча, Я.Лёсіка, Б.І.Эпімах-Шыпілы і інш., выказаны крытычныя заўвагі ў адрас Я.Купалы, А.Дудара, М.Зарэцкага. Пад жорсткую крытыку трапіў З.Х.Жылуновіч за грамадска-паліт. і эстэт. погляды, літ. практыку; негатыўна ацэнена і дзейнасць кіраўнікоў рэспублікі: старшыні ЦВК БССР А.Р.Чарвякова [за выступленне ў лют. 1920 на VII з’ездзе КП(б)Б у абарону нац. інтэлігенцыі], наркома асветы БССР А.В.Баліцкага (за правядзенне ў ліст. 1926 разам з Ігнатоўскім акад. канферэнцыі па бел. правапісе), наркома земляробства Дз.Ф.Прьшічэпава і інш. Характарыстыка практыкі правядзення нац. палітыкі ў БССР увязвалася са станам сельскай гаспадаркі. Адзначалася, што кулацкае наступленне на ідэалаг. фронце Беларусі адчуваецца найб. моцна і змест яго прымае нац. формы. 27.6.1929 Затонскі выступіў на Бюро ЦК КП(б)Б з асн. вывадамі камісіі. Даклад быў накіраваны ў ЦК і ЦКК ВКП(б), у т.л. асабіста І.В.Сталіну. Вывады камісіі паслужылі важкай падставай для абвінавачванняў, якія былі прад’яўлены бел. навук. і творчай інтэлігенцыі ў канцы 1920-х г.

М.П.Касцюк.

т. 7, с. 8

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЯКСА́НДРАЎ Георгій Фёдаравіч

(7.4.1908, С.-Пецярбург — 21.7.1961),

філосаф і грамадскі дзеяч. Акад. АН СССР (1946). Скончыў Маскоўскі ін-т гісторыі і філасофіі (1932). Нач. Упраўлення прапаганды і агітацыі ЦК ВКП(б) (1940—47), дырэктар Ін-та філасофіі АН СССР (1947—54), міністр культуры СССР (1954—55). З 1955 у Ін-це філасофіі АН БССР. Аўтар прац: «Арыстоцель» (1940), «Гісторыя сацыялогіі як навука» (1956), «Нарыс гісторыі сацыяльных ідэй у старажытнай Індыі» (1959) і інш. За ўдзел у стварэнні «Гісторыі філасофіі» (т. 1—3, 1940—43) і за кн. «Гісторыя заходнееўрапейскай філасофіі» (2-е выд. 1946) Дзярж. прэміі СССР 1943 і 1946.

т. 1, с. 296

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКІ ШТАБ ПАРТЫЗА́НСКАГА РУ́ХУ

(БШПР),

рэспубліканскі орган ваен. кіраўніцтва партыз. рухам на Беларусі ў Вял. Айч. вайну. Дзейнічаў з 9.9.1942 да ліст. 1944. Сфарміраваны ў паласе 4-й ударнай арміі Калінінскага фронту, у вёсках Шэйна і Цімохіна Тарапецкага р-на Калінінскай вобласці. З ліст. 1943 размяшчаўся ў Маскве, з мая 1943 — на ст. Сходня пад Масквой, з лютага 1944 — у в. Чонкі Гомельскага р-на, з ліп. 1944 — у в. Лошыца пад Мінскам. Нач. штаба: П.З.Калінін, з кастр. 1944 А.А.Прохараў; нам. нач. штаба: І.М.Арцём’еў, І.П.Ганенка, В.І.Закурдаеў, І.А.Крупеня, А.А.Прохараў, І.І.Рыжыкаў, Р.Б.Эйдзінаў. У сваёй дзейнасці штаб кіраваўся дырэктывамі ЦК ВКП(б), Дзярж. к-та абароны СССР і інш. вышэйшых органаў дзярж. і ваен. ўпраўлення. Працаваў пад непасрэдным кіраўніцтвам Цэнтральнага штаба партызанскага руху і ЦК КП(б)Б. Штаб распрацаваў і ажыццяўляў мерапрыемствы па разгортванні партыз. барацьбы, планаваў, арганізоўваў і кантраляваў баявую дзейнасць брыгад і атрадаў, вырашаў пытанні забеспячэння партызанаў сувяззю, зброяй і боепрыпасамі; арганізоўваў авіяперавозкі ваен. грузаў і асабовага складу; праводзіў эвакуацыю параненых у сав. тыл; кіраваў падрыхтоўкай і ўлікам партыз. кадраў. 14.11.1944 расфарміраваны. У в. Чонкі (Гомельскі р-н) у гонар БШПР пастаўлены помнік.

Літ.:

Калинин П.З. Партизанская республика. 3 изд. Мн., 1973;

Артемьев И.Н. В эфире партизаны. М., 1971;

Брюханов А.И. В штабе партизанского движения. Мн., 1980.

А.Л.Манаенкаў.

т. 2, с. 462

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІТКО́ЎСКІ Іван Антонавіч

(2.5.1888, в. Чэрчыцы Шумілінскага р-на Віцебскай вобл. — 27.12.1937),

бел. гісторык. Праф. (1932). Скончыў каталіцкую духоўную семінарыю (1912) і 2 курсы духоўнай акадэміі (1914) у Петраградзе. З 1916 вікарый Мазырскага касцёла, у 1918 пазбаўлены духоўнага сану. З 1919 у Чырв. Арміі. У 1920—33 чл. ВКП(б). У 1921 у Аршанскім пав., заг. школы, аддзела агітацыі і прапаганды Сенненскага пав. к-та РКП(б), потым лектар Віцебскіх губкома і губ. сав. парт. школы, прарэктар і выкладчык Віцебскага вет. ін-та. З 1925 у Мінску, выкладчык Камуніст. ун-та імя Леніна, нам. заг. польскага аддзела Інбелкульта АН Беларусі. Нам. дырэктара, з 1932 дырэктар Ін-та польскай пралетарскай культуры. Адначасова заг. кафедры Мінскага пед. ін-та. У 1933 арыштаваны, адбыў 3 гады зняволення ў г. Марыінск (Сібір). У 1937 арыштаваны паўторна, расстраляны. Рэабілітаваны ў 1959. Аўтар прац па гісторыі нац.-вызв. і рэв.-дэмакр. руху на Беларусі, яго сувязей з рэв. рухам у Польшчы і Расіі, паўстання 1863—63 у Польшчы, на Беларусі і ў Літве.

У.М.Міхнюк.

т. 4, с. 203

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗІНО́ЎЕЎ Рыгор Яўсеевіч

(сапр. Радамысльскі Яўсей Аронавіч; 8.9.1883, г. Кіраваград, Украіна — 25.8.1936),

савецкі парт. і дзярж. дзеяч. З 1901 чл. РСДРП, з 1903 бальшавік. Чл. ЦК партыі ў 1907—27, чл. Палітбюро ЦК у кастр. 1917 і ў 1921—26. У 1902—17 (з перапынкамі) у эміграцыі. 3 крас. 1917 у Расіі. Пасля ліпеньскага крызісу 1917 разам з У.І.Леніным хаваўся ў Разліве. У кастр. 1917 выступаў супраць узброенага паўстання, у ліст. — за ўрадавую кааліцыю з меншавікамі і эсэрамі. У 1917—26 старшыня Петраградскага Савета. У 1919—26 старшыня выканкома Камінтэрна. У 1925 на 14-м з’ездзе ВКП(б) крытыкаваў паліт. справаздачу ЦК, якую рабіў І.В.Сталін. У ліст. 1926 выключаны з партыі. Асуджаны па справах «Маскоўскага цэнтра» (1935, на 10 гадоў турмы) і «Трацкісцка-зіноўеўскага цэнтра» (1936, расстраляны)· Рэабілітаваны ў 1988.

Р.Я.Зіноўеў.

т. 7, с. 71

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)