археалагічная культура неалітычных плямён, якія ў канцы 5-га — 3-м тыс. да н.э. насялялі тэр.ўсх. Беларусі ў бас. Дняпра і яго левабярэжных прытокаў. Насельніцтва займалася паляваннем, рыбалоўствам, збіральніцтвам, у канцы існавання культуры — магчыма, земляробствам і жывёлагадоўляй. Жыло ў паўзямлянкавых жытлах на паселішчах. Вырабляла таўстасценны вастрадонны посуд з прамымі сценкамі; асн. элементы арнаменту — адбіткі грабеньчатага штампа, ямкавыя ўцісканні, лапчастыя наколы, насечкі. Спачатку помнікі Верхнедняпроўскай культуры былі аб’яднаны ў лакальныя варыянтыднепра-данецкай культуры (гомельска-чарнігаўскі на 2-м этапе развіцця, рагачоўскі — на 3-м). Пасля даследаванняў І.М.Цюрынай і А.Г.Калечыц вылучана ў самаст. культуру. Значна адчувальныя ўплывы дзяснінскай культуры і неаліт. культур Волга-Окскага рэгіёна. На Беларусі вядома больш за 300 паселішчаў Верхнедняпроўскай культуры (Струмень, Гронаў, Вець Быхаўскага, Лучын Рагачоўскага, Сябровічы Чачэрскага, Дубовы Лог Добрушскага р-наў і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГІЛЁЎСКАГА ПАЗЯМЕ́ЛЬНА-СЯЛЯ́НСКАГА БА́НКА БУДЫ́НАК,
помнік архітэктуры пач. 20 ст. ў Магілёве. Узведзены ў 1903—14 ст. паводле праекта арх. А.В.Друкера (захаваліся эскізныя варыянты пабудовы). Мае рысы стыляў мадэрн, псеўдарус. і позняга класіцызму. 2-павярховы (з невысокім цокальным паверхам) Т-падобны асіметрычнай кампазіцыі ў плане будынак. Гал. фасад расчлянёны 2 рызалітамі. Адзін з іх мае шатровае завяршэнне, аздоблены шчытом у выглядзе какошніка з ляпной разеткай у цэнтры, 2-і вырашаны ў выглядзе 2-яруснай вежы (васьмярык на чацверыку), завершанай нізкім шатровым дахам. У дэкар. афармленні выкарыстаны рустыка цокаля, прафіляваныя архівольты какошнікаў, несапраўдныя машыкулі, дэкар. ўстаўкі ў выглядзе разетак у прамавугольных рамках, паўкалонкі з ляпнымі кампазітнымі капітэлямі, паяскі, расл. арнамент у аздабленні акон-трыфорыумаў, разныя драўляныя дзверы і інш. У будынку знаходзіцца Магілёўскі абласны мастацкі музей імя П.В.Масленікава і галерэя П.В.Масленікава.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЕЎРАПЕО́ІДНАЯ РА́СА, еўразійская раса,
адна з асноўных або вялікіх рас чалавецтва, у якую ўваходзяць атланда-балт., балкана-каўказская, беламорска-балт., інда-міжземнаморская, сярэднееўрапейская малыя расы. Сфарміравалася на абшарах Зах., Цэнтр. і Усх. Еўропы, тэр. Каўказа, Пярэдняй, Паўд. і Паўд.-Усх. Азіі. У прадстаўнікоў гэтай расы скура ад светлых да смуглявых адценняў, вочы ад вельмі светлых да цёмных, валасы светлыя і цёмныя, прамыя ці хвалістыя, прыкметна растуць барада і вусы, нос вузкі, рэзка выступае, высокае пераноссе, тонкія вусны, рост ад нізкага да высокага. Малыя расы адрозніваюцца паміж сабой пігментацыяй вачэй і валасоў, формай носа. Сучаснае насельніцтва Беларусі адносіцца да ўсх.-балт. варыянта беламорска-балт. малой расы. Для яго характэрна шырокае тулава і кароткія ногі, сярэднешырокі і сярэдневысокі твар, умерана выступаючы нос. Сярод беларусаў вылучаюцца паўн. і паўд.варыянты. Апошні больш пігментаваны і нізкарослы.
Літ.:
Тегако Л.И., Саливон И.И. Основы современной антропологии. Мн., 1989.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНАЛІТЫ́ЧНАЯ ПСІХАЛО́ГІЯ,
тэорыя, заснаваная на вучэнні пра наяўнасць у псіхіцы чалавека апрача індывідуальнага неўсвядомленага больш глыбокага слоя — калектыўнага неўсвядомленага. Змест калект. неўсвядомленага складаюць агульначалавечыя першавобразы — архетыпы, у якіх закладзены варыянты разумення свету і паводзін. Распрацавана ў 1910-я г.швейц. псіхолагам К.Г.Юнгам. Мэтай працэсу станаўлення асобы (індывідуацыі) з’яўляецца інтэграцыя зместу калект. неўсвядомленага, імкненне да ўзаемаразумення паміж трыма ўзроўнямі псіхікі: свядомым, індывід. неўсвядомленым, калект. неўсвядомленым. Гэта бясконцы шлях у самім сабе, з адкрыццём патаемных куткоў душы, якая складаецца з супярэчнасцяў: жаночае і мужчынскае, свядомае і неўсвядомленае і інш. Розныя прычыны, найперш сац., дазваляюць рэалізоўвацца толькі аднаму члену пары, а індывідуацыя дазваляе адкрыць у сабе другі бок і прыняць яго, інакш — крызіс, хвароба, няма развіцця. Усё жыццё чалавек ідзе да адкрыцця самага гал. архетыпу — «вобраза сябе як Бога ў сабе».
Літ.:
Юнг К.Г. Психологические типы: Пер. с англ.М., 1992;
Яго ж. Проблемы души нашего времени: Пер. с англ.М., 1993;
Яго ж. Аналитическая психология: Пер. с англ.Спб., 1994.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРАКАВЯ́К (польск. krakowiak),
польскі нар. танец. Узнік у Кракаўскім ваяв. (адсюль назва). Адметны дакладным рытмам, засн. на хуткім руху восьмых з частымі сінкопамі (звычайна ў цотных тактах); памер 2/4, тэмп хуткі. Як і паланэз, наз. «вялікім танцам», меў урачысты характар вайск. шэсця. У канцы 18 — пач. 19 ст. спрыяў працэсу ўсталявання самабытнасці польск. прафес.муз. культуры. З пач. 19 ст. папулярны ў Еўропе як бальны танец. У 19—1-й пал. 20 ст. адзін з найб. пашыраных на Беларусі нар. танцаў. Выконваўся парамі, часам і тройкамі (хлопец і 2 дзяўчыны) у суправаджэнні прыпевак. У яго аснове хуткі бег па крузе з моцнымі прытупамі папераменна правай і левай нагой на сінкопах (8 тактаў) і вярчэнне на месцы (8 тактаў). Вядомы лакальныя варыянты ў Лунінецкім, Пінскім і інш. р-нах. На вёсцы нярэдка аб’ядноўваецца з полькай. Бытуе і цяпер. Рытмы К. выкарыстоўвалі кампазітары Ф.Шапэн, К.Шыманоўскі, К.Пендарэцкі (Польшча), М.Глінка, Б.Асаф’еў (Расія), Г.Вагнер (Беларусь).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНГЛІ́ЙСКАЯ МО́ВА,
адна з германскіх моў. Родная мова каля 400 млн.чал., другая мова для больш як 200 млн. насельніцтва Індыі, Пакістана і інш. (1992). Адзіная дзярж. мова больш як у 20 краінах, мае афіц. статус у розных краінах Азіі і Афрыкі, адна з 6 афіц. і рабочых моў ААН. Шматлікія рэгіянальныя варыянты англійскай мовы (найб. значныя — брыт., амер., аўстрал., у межах якіх існуюць розныя мясц. дыялекты) адрозніваюцца пераважна фанетыкай і лексікай. Англійская мова вядзе пачатак ад мовы англаў, саксаў і ютаў, што ў 5 ст. захапілі Брытанію. Фарміравалася пад уплывам кельцкай, скандынаўскіх і франц. моў. Сучасная англійская мова мае сістэму фанем, амаль палова з якіх — галосныя. Граматычны лад пераважна аналітычны, асн. сродкі перадачы адносін паміж словамі і словазлучэннямі службовыя словы і фіксаваны парадак слоў у сказе. Значная частка лексікі — запазычанні, асабліва з лац. і франц., а зараз таксама з яп., ісп. і інш. моў. Актыўныя спосабы словаўтварэння — афіксацыя, словаскладанне і безафікснае словаўтварэнне (канверсія). Пісьменства з 8—9 ст. на лац. аснове.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЕКСЮТО́ВІЧ (Канстанцін Андрэевіч) (20.5.1884, в. Бахаравічы Пухавіцкага р-на Мінскай вобл. — 26.2.1943),
бел. балетмайстар. Скончыў Пецярбургскае тэатр. вучылішча (1906). У 1921—28 балетмайстар БДТ-1. Ставіў танцы, карагоды, гульні, абрадавыя сцэны ў драм. спектаклях («На Купалле» М.Чарота, «Машэка», «Кастусь Каліноўскі», «Каваль-ваявода» Е.Міровіча, «Панскі гайдук» Н.Бываеўскага, «Вяселле» В.Гарбацэвіча і інш.). Для развіцця бел.прафес. балетнага мастацтва прынцыповае значэнне мелі яго пастаноўкі балетаў «Капелія» Л.Дэліба, «Зачараваны лес» Р.Дрыга, «Фея лялек» І.Баера, бел. балета «Помста сябровак» (лібрэта Алексютовіча, музыка скампанавана Л.Маркевічам). Адначасова супрацоўнічаў з У.Галубком (БДТ-3). У 1930—37 балетмайстар Бел. ТРАМа і Т-ра юнага гледача, у 1937—41 гал. балетмайстар Ансамбля беларускай народнай песні і танца Беларускай філармоніі. Зрабіў значны ўклад у развіццё бел. сцэнічнага танца, выявіў глыбокае веданне харэагр. фальклору, беражлівае стаўленне да яго нац. рысаў, пачуццё тэатральнасці. Стварыў танец «Бульба», сцэн.варыянты многіх традыц.нар. танцаў («Лявоніха», «Крыжачок», «Мяцеліца», «Мікіта», «Таўкачыкі», «Юрачка», «Лянок» і інш.), а таксама кадрыляў, карагодаў, гульняў.
Літ.:
Алексютович Л.К. Балетмейстер Константин Алексютович. Мн., 1984.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НО́РМЫ ПРА́ЦЫ,
устаноўленыя заданні на выкананне ў пэўных умовах (арганізацыйна-тэхнічных, прыродна-кліматычных) асобных работ, вытв. аперацый ці функцый адным або групай (брыгадай) працоўных, што маюць адпаведную прафесію, спецыяльнасць, кваліфікацыю; меры затрат працы. Зыходная база для арганізацыі працы на прадпрыемствах, аснова для разліку многіх паказчыкаў (велічыні вытворчага цыкла, вытворчай магутнасці, матэрыяльнага стымулявання і інш.), заснаваных на вымярэнні колькасці працы, працоўных па іх катэгорыях, фонду заработнай платы. Пры дапамозе Н.п. знаходзяць больш эфектыўныя варыянтытэхнал. працэсаў і рацыянальныя прыёмы выканання работ. Н.п. класіфікуюцца: адпаведна прынятай адзінкі вымярэння—нормы часу (затраты прац. часу на выкананне адзінкі працы, прадукцыі), нормы выпрацоўкі (аб’ём работ ці колькасць адзінак прадукцыі, выкананыя за адзінку часу; велічыня адваротна прапарцыянальная норме часу), нормы абслугоўвання (колькасць вытв. аб’ектаў, адзінак абсталявання, прац. месцаў, якія павінен абслужыць адзін або група працаўнікоў) і нормы колькасці (вызначаная колькасць працаўнікоў пэўнага прафес. складу, неабходная для выканання канкрэтных вытв. функцый або аб’ёму работ у дадзеных умовах). Паводле ступені дыферэнцыяцыі Н.п. бываюць аперацыйныя, узбуйненыя і комплексныя; паводле метадаў абгрунтавання — тэхнічна абгрунтаваныя, доследна-статыстычныя і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ЛЬКА (чэш. polka ад půlka палавіна),
бел.нар. танец чэш. паходжання. Муз. памер 2/4. Выконваецца па крузе ў парах. Асноўны рух — паўкрокі з паваротам, якія ўпрыгожваюцца разнастайнымі дробнымі па (падскокамі, прысядкай, прытупамі, выстаўленнем нагі на пятку і інш.). У 1840-я г. быў пашыраны ў Еўропе як бальны танец. У розных рэгіёнах узнікалі лакальныя варыянты П., якія асіміляваліся з мясц. харэагр. фальклорам і станавіліся народнымі. Лёгкасць пранікнення П. ў бел. харэаграфію абумоўлена пэўнай блізкасцю яе да нац.танц. традыцый (2-дольнасць метра, хуткі тэмп, прастата рухаў і кампазіцыйнай будовы, жыццярадасны настрой). Бытуе ў мностве муз., харэагр. і тэкставых (у выглядзе прыпевак) разнавіднасцей. У назвах бел. П. адлюстраваны тэрыторыя пашырэння («Барысаўская», «Смаргонская», «Віцябчанка»), асаблівасці харэагр. будовы («Рассыпуха», «Вязанка»), характар лексікі і выканання («Трасуха», «Крутуха», «Ківуха», «З прысюдамі», «Драбней маку», «Паважна», «Какетка»), эмац. (гумарыстычны) настрой («Шэльма», «Расцяпа», «Гопсясюся», «Злодзей»), звычкі і рухі жывёл і з’явы прыроды («Зайчык», «Чыжык», «Дожджык»), імёны дзейных асоб («Альбіна», «Янка»), назвы старадаўніх танцаў, з якімі злілася П. («Трасуха», «Мазур-полька») і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАСТАМО́ЎЕ,
1) вусна-размоўныя словы, выразы, іх варыянты і формы, якія выкарыстоўваюцца ў літаратурнай мове як стылістычны сродак зніжанай, грубаватай характарыстыкі прадметаў, вобразаў, з’яў. Напр., «абармот», «выскаляцца», «перціся на ражон», «раней яна прыгажэй была» і інш. 2) Разнавіднасць нацыянальнай мовы, якой уласцівы вусна-размоўныя словы, выразы, формы і якой карыстаюцца як сродкам непасрэдных вусных моўных зносін.
Для П. характэрны: неафіцыйнасць моўных зносін, экспромтнасць, адсутнасць папярэдняга абдумвання тэмы размовы і адбору адпаведных моўных сродкаў, першаснасць вуснай формы рэалізацыі мовы. П. ў якасці стыліст. сродкаў жартаўлівага, гумарыст., іранічнага, сатыр. адлюстравання рэчаіснасці ўваходзіць у склад літ. мовы, можа выкарыстоўвацца пры пэўных абставінах усімі яе носьбітамі і ўтварае разрад літ. П. (напр., «абібок», «канючыць»). Словы і выразы, што адрозніваюцца ад літ. адпаведнікаў націскам, асобнымі гукамі, форма- і словаўтваральнымі сродкамі, як ненарматыўны моўны элемент служаць сродкам стварэння эфекту зніжанасці маўлення, стылізацыі і ўтвараюць разрад пазаліт. П. (напр., «магазін», «іграць на піяніне»).
Літ.:
Цікоцкі М.Я. Стылістыка беларускай мовы. Мн., 1976;
Юрэвіч А.К. Стылістыка беларускай мовы. Мн., 1983.