ДЭТЭКТЫ́РАВАННЕ,

пераўтварэнне электрычных (або інш.) ваганняў, у выніку чаго атрымліваюцца ваганні іншай (як правіла, больш нізкай) частаты. Найб. важны выпадак Д. — працэс, адваротны мадуляцыі (дэмадуляцыя; гл. Мадуляцыя ваганняў, Мадуляцыя святла) — выдзяленне нізкачастотнага мадулюючага сігналу (напр., ваганняў нізкай частаты ці сігналаў відарысу) з высокачастотных прамадуляваных ваганняў. У залежнасці ад віду мадуляцыі адрозніваюць амплітуднае, частотнае, фазавае і інш. Д.

Для Д. выкарыстоўваецца нелінейнасць вольт-ампернай характарыстыкі электронных прылад (вакуумных і паўправадніковых дыёдаў, трыёдаў, транзістараў і інш.). Пры амплітудным Д. ў ланцугу дэтэктара амплітудна мадуляваныя ваганні пераўтвараюцца ў высокачастотныя імпульсы адной палярнасці, амплітуда якіх змяняецца паводле закону мадуляцыі. Пры частотным (ці фазавым) Д. частотна (фазава) мадулявання ваганні спачатку пераўтвараюцца ў амплітудна мадуляваныя, а потым падаюцца на амплітудны дэтэктар. Пры прамым Д. святла на фотакатод прыёмніка падаецца толькі карысны аптычны сігнал; выхадны сігнал прыёмніка мае інфармацыю аб амплітуднай мадуляцыі зыходнай хвалі. Пры гетэрадзінным Д. святла зыходнае выпрамяненне камбінуецца на фотакатодзе з эталонным выпрамяненнем (напр., ад лазера) і выхадны сігнал нясе інфармацыю аб амплітудзе, частаце і фазе зыходнай хвалі.

т. 6, с. 361

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАПЯРО́ЧНАЯ ХВА́ЛЯ,

хваля, што распаўсюджваецца ў напрамку, перпендыкулярным да плоскасці, у якой адбываюцца ваганні часцінак асяроддзя (для мех. хвалі) ці ў якой ляжаць вектары напружанасці эл. і магн. палёў (для электрамагнітнай хвалі).

т. 12, с. 75

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКІЯ́НСКІЯ КАТЛАВІ́НЫ,

вялікія ўпадзіны ў межах ложа акіянаў, абмежаваныя падводнымі хрыбтамі, валамі і ўзвышшамі. Акіянскія катлавіны могуць злучацца глыбокімі праходамі. Сярэдняя глыб. каля 5 тыс. м. Дно на 80% з узгорыста-выраўнаваным рэльефам (ваганні вышыняў 100—500 м).

т. 1, с. 197

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІЛЮ́ЙСКАЕ ВАДАСХО́ВІШЧА,

на р. Вілюй, у Рэспубліцы Саха (Якуція), у Расіі. Утворана плацінай аднайм. ГЭС. Запоўнена ў 1965. Пл. 2170 км², аб’ём вады 35,88 км³. Даўж. 470 км. Ваганні ўзроўню да 8 м. Выкарыстоўваецца для водазабеспячэння і суднаходства.

т. 4, с. 179

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЫГВО́ЗЕРА, Выгвозерскае вадасховішча,

у Рэспубліцы Карэлія Расійскай Федэрацыі. Пл. 1159 км². Глыб. да 18 м. Ваганні ўзроўню каля 1 м. Выкарыстоўваецца для суднаходства (уваходзіць у сістэму Беламорска-Балтыйскага канала), а таксама ў энергет. мэтах. На Выгвозеры — г. Сегежа.

т. 4, с. 303

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСНО́ЎНЫ ТОН у акустыцы,

1) гукавыя ваганні, што выпрамяняюцца акустычнай сістэмай, якая вагаецца з найменшай магчымай частатой. Частата асноўнага тону вызначаецца ўласцівасцямі гэтай сістэмы.

2) Простая (сінусаідальная) састаўная складанага вагання з найменшай частатой пры раскладанні яго ў паслядоўнасць па абертонах.

т. 2, с. 39

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕ́ЛЫ ШУМ,

акустычны шум, у якім гукавыя ваганні розных частот выяўлены ў аднолькавай ступені (напр., шум вадаспада, цеплавы шум у радыёэлектронных апаратах). Спец. генератары белага шуму выкарыстоўваюць для кантролю паласы прапускання і раўнамернасці частотных характарыстык электронных узмацняльнікаў. Наз. па аналогіі з белым святлом.

т. 3, с. 84

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУХТАРМІ́НСКАЕ ВАДАСХО́ВІШЧА,

у Казахстане, на р. Іртыш. Утворана плацінай аднайменнай ГЭС. Запоўнена ў 1960—67. Пл. (з падпорам воз. Зайсан) 5490 км², аб’ём вады 49,6 км³. Даўж. 425 км, найб. шыр. 35 км. Ваганні ўзроўню да 7 м. Суднаходства. Выкарыстоўваецца для арашэння. Рыбалоўства.

т. 3, с. 366

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕРЫ́ЯД ВАГА́ННЯЎ,

найменшы прамежак часу, праз які вагальная сістэма вяртаецца да зыходнага стану. Велічыня, адваротная частаце ваганняў. Паняцце «П.в.» выкарыстоўваюць як для перыядычных працэсаў (напр., гарманічныя ваганні), так і для працэсаў, дзе перыядычнасць парушаецца (гл. Затуханне ваганняў). Адзінка П.в. у СІ — секунда.

т. 12, с. 322

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІБРА́ЦЫЯ МЕ́СЯЦА (лац. libratio ваганне),

бачныя з Зямлі перыядычныя ваганні Месяца вакол свайго цэнтра мас. Адрозніваюць аптычную (геаметрычную) і фізічную Л.М.

Аптычная падзяляецца на лібрацыю па даўгаце (бачнае перамяшчэнне плям па паверхні Месяца ўздоўж паралеляў з-за нераўнамернага руху яго па арбіце), лібрацыю па шыраце (бачныя ваганні полюсаў Месяца з-за нахілу яго восі вярчэння да плоскасці арбіты), сутачную лібрацыю (бачнае перамяшчэнне пунктаў па паверхні Месяца з прычыны руху назіральніка пры сутачным вярчэнні Зямлі). Фізічная Л.М. — невялікія рэальныя адхіленні ад раўнамернага вярчэння Месяца, якія выклікаюцца парай гравітацыйных сіл, што ўзнікаюць з прычыны адхілення вял. восі эліпсоіда Месяца ад напрамку на Зямлю пры аптычнай Л.М. Дакладнае вымярэнне гэтых ваганняў дае магчымасць вызначыць моманты інерцыі Месяца. З прычыны Л.М. з Зямлі можна назіраць 59% месяцовай паверхні.

т. 9, с. 237

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)