АЖГІРЭ́ВІЧ (Лідзія Фёдараўна) (н. 1.1.1931, г. Петразаводск),
бел. геолаг. Д-р геолага-мінер.н. (1989). Скончыла Далёкаўсходні політэхн.ін-т (1954; Уладзівасток). З 1965 на Беларусі, у Бел.н.-д. геолагаразведачным ін-це, з 1977 у Ін-це геал. навук АН Беларусі, з 1994 — у н.-д. прадпрыемстве «Белгеа». Навук. працы па петраграфіі каменнага і бурага вугалю, гаручых сланцаў, паходжанні і размяшчэнні карысных выкапняў, катагенезе, літолага-фацыяльным і фармацыйным аналізе асадкавых тоўшчаў фанеразою Беларусі і інш. рэгіёнаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́РАК,
вонкавая частка другаснай покрыўнай тканкі раслін — перыдэрмы.
Змяняе эпідэрміс. Утвараецца з клетак фелагену. Развіваецца ў драўняных раслін на галінах, ствалах, каранях, пупышкавых лускавінках, у травяністых двухдольных — на каранях, гіпакотыле, часам — на карэнішчах і клубнях. Шчыльная тканка бурага колеру, складаецца з клетак з патоўшчанымі непранікальнымі абалонкамі, з адмерлымі пратапластамі. Поласці мёртвых клетак запоўнены паветрам (напр., у дуба), белым зярністым рэчывам — бетулінам (напр., у бярозы) або дубільнымі рэчывамі і інш. Ахоўвае расліны ад празмернага выпарэння і інфекцыі. Устойлівы да кіслот, вадкасцей і газаў, акустычны, цеплавы і эл. ізалятар, не гніе. К. амурскага аксамітнага дрэва і коркавага дуба выкарыстоўваецца ў халадзільнай прам-сці. матора- і самалётабудаванні, медыцыне і побыце.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАНІ́ЛІЯ (Monilia),
род недасканалых грыбоў сям. маніліевых. Некалькі дзесяткаў відаў. Пашыраны ўсюды. На Беларусі 2 віды: М. пладовая (M. fructigena) — узбуджальнік пладовай гнілі семечкавых і костачкавых пладовых парод, М. шэрая (M. cinerea) — выклікае вясной маніліяльны апёк (маніліёз) у выглядзе засыхання кветак, лісця і парасткаў, а ў летне-асенні перыяд — паяўленне шэрай гнілі на пладах.
Міцэлій грыба пранізвае пашкоджаныя органы. Аднаклетачныя канідыі фарміруюцца на канідыяносцах, размешчаных групамі накшталт шаравата-бурага налёту або даволі шчыльных падушачак, раскіданых ці ў канцэнтрычных кругах. Зімуе ў пашкоджаных органах і муміфікаваных сухіх пладах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЎСТРАЛІ́ЙСКІЯ А́ЛЬПЫ (Australian Alps),
горы на ПдУ Аўстраліі, найб. высокая і расчлянёная частка Вял. Водападзельнага хрыбта. Даўж. каля 450 км, шыр. да 150 км. Пераважная выш. 1700—2000 м, найб. — 2230 м, г. Касцюшкі (самая вял. вяршыня Аўстраліі). Аўстралійскія альпы — высока ўзняты горставы масіў, разбіты разломамі на асобныя хрыбты-блокі (Гурак, Манара, Муніёнг, Бары і інш.) са слядамі чацвярцічнага зледзянення (марэны, кары, цыркі і невял. лядовыя азёры). Складзены з палеазойскіх кварцытаў, сланцаў і вапнякоў, пранізаных гранітнымі інтрузіямі. Радовішчы бурага і каменнага вугалю. З паўн.-зах. схілаў пачынаецца гал. рака Аўстраліі Мурэй і яе прыток Дарлінг. Да выш. 1200 м — эўкаліптавыя лясы, вышэй — зараснікі верасоў, участкі злакавых лугоў і камяністых россыпаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНАТАЛІ́ЙСКАЕ ПЛАСКАГО́Р’Е,
унутраная ч.Малаазіяцкага нагор’я, у Турцыі. Даўж. каля 700 км (з З на У), шыр. 400 км (з Пн на Пд). На Пн абмежавана Пантыйскімі гарамі, на Пд — гарамі Таўр. Паверхня выраўнаваная, слаба расчлянёная, пераважныя выш. 800—1500 м, найб. — 3916 м (вулкан Эрджыяс). Складзена ў асн. з асадкавых парод, адзначаны праяўленні вулканізму. Радовішчы бурага вугалю. Клімат субтрапічны, кантынентальны. Ападкаў ад 200 да 500 мм за год, максімальныя — вясной. Анаталійскае пласкагор’е перасякаюць рэкі Кызыл Ірмак, Сакар’я і інш. Ёсць саланчакі і салёныя азёры (воз. Туз і інш.). Глебы шэрыя і бурыя. Расліннасць — сухі палынова-злакавы стэп (у гарах) і паўпустыні з зараснікамі калючых падушкападобных хмызнякоў. Аазіснае земляробства, жывёлагадоўля.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЯЦЭ́НАВЫ АДДЗЕ́Л (ЭПО́ХА), міяцэн (ад грэч. meion менш + kainos новы),
ніжні аддзел неагенавай сістэмы (перыяду) у геахраналагічнай шкале; ранняя эпоха неагенавага перыяду геал.гіст. Зямлі. Пачаўся 23,8 млн. і доўжыўся да 5,32 млн. гадоў назад. М.а. (э.) падзяляецца на пададдзелы: ніжні (ранні), сярэдні і верхні (позні). На Беларусі на канец ранняга — пач. позняга міяцэну прыпадае кліматычны оптымум усяго неагену, калі прыродныя ўмовы нагадвалі сучасныя субтрапічныя. Намножыліся кантынентальныя адклады магутнасцю да 100—120 м (пяскі, алеўрыты, сапрапеліты, буры вугаль). Яны ўтвараюць брынёўскі і антопальскі надгарызонты, больш пашыраны на Пд. Да гэтай эпохі належаць большасць радовішчаў тугаплаўкіх і вогнетрывалых глін, Брынёўскае, Жыткавіцкае і Тонежскае радовішчы бурага вугалю (гл. адпаведныя арт.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАНТМАРЫЛАНІ́Т (ад назвы франц.г. Манмарыён),
гліністы мінерал падкласа слаістых сілікатаў, водны алюмасілікат натрыю, кальцыю, магнію, жалеза (Ca, Na)<0,4(Mg, Al, Fe)2-3[(Si Al)4O10] (OH)2∙nH2O. Мае пераменны хім. састаў, утварае групу гліністых мінералаў з аднаймен. назвай. Крышталізуецца ў манакліннай сінганіі. Утварае тонкалускаватыя агрэгаты, якія пры ўвільгатненні моцна набракаюць. Колер ад белага да бурага. Цв. 1—2,5. Шчыльн. 1,7—3 г/см³. Утвараецца пераважна пры выветрыванні асн. і ультраасн. парод (алюмасілікатаў). Трапляецца ў корах выветрывання крышт. фундамента і вулканагенна-асадкавым чахле ў выглядзе глін і суглінкаў рознага ўзросту. Выкарыстоўваецца ў вытв-сці цэменту, керамікі, цэглы, для вырабу буравых раствораў, у якасці сарбентаў, фарбавальнікаў, адбельваючых і мыючых матэрыялаў (гл. таксама Бентаніт).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІЛАЛІ́СНІК (Lentinus),
род шапкавых грыбоў сям. плеўротавых. 12 відаў. Пашыраны ў Еўразіі. На Беларусі 5 відаў П.: бакалападобны (L. cyathyformis), духмяны (L. suavissimus), лускаваты, або шпальны грыб (L. lepideus), складкаваты (L. fulvidus), тыгровы (L. tigrinus). Трапляюцца з мая па вер. у лясах, на адмерлай (пні, ламачча) і апрацаванай (слупы, дошкі) драўніне. У краінах Паўд.-Усх. Азіі больш за 2 тыс. гадоў на драўніне лісцевых парод культывуюць ядомы грыб шыітаке (L. edodes).
Пладовае цела — шапка на ножцы. Шапка дыяметрам 2—15 см, сухая, пукатая, потым увагнутая або лейкападобная. пераважна светла-бурага колеру. Мякаць вельмі шчыльная, з узростам амаль дравяністая. Пласцінкі прырослыя або зыходныя. Ножка суцэльная, дравяністая. Споры цыліндрычныя, бясколерныя. Некат. віды ў маладым узросце ядомыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛУДЖЫСТА́Н,
правінцыя на ПдЗ Пакістана. Мяжуе на З з Іранам, на Пн з Афганістанам, на Пд абмываецца Аравійскім морам. Пл. 347,2 тыс.км², нас. 4,9 млн.чал. (1985), у асноўным белуджы. Адм. і гал.прамысл. цэнтр, трансп. вузел — г. Квета. Паверхня пераважна горная і пласкагорная. Большую ч. паверхні займаюць хрыбты Макрана (Макранскі Берагавы хр., Цэнтр. Макранскі хр. і інш.). На Пн Сулейманавыя горы. Паміж хрыбтамі ўчасткі пласкагор’яў. Клімат субтрапічны. Ападкаў 100—250 мм за год. Пераважае расліннасць горных пустыняў і паўпустыняў. Насельніцтва занята качавой і паўкачавой жывёлагадоўляй (авечкі, козы, вярблюды, коні). У аазісах і далінах рэк вырошчваюць пшаніцу, бавоўнік, фінікавую пальму. На ўзбярэжжы рыбалоўства. Здабыча прыроднага газу, бурага вугалю, рудаў жалеза і хрому, серы, кухоннай солі. Транспарт уючны і аўтамаб., на Пн чыгуначны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРО́ХАРАЎ (Георгій Міхайлавіч) (29.4.1934, с. Ківерычы Рамешкаўскага р-на Цвярской вобл., Расія — 12.4.1997),
бел. вучоны ў галіне хіміі нафты і торфу. Д-рхім.н. (1991). Скончыў Ленінградскую лесатэхн. акадэмію (1959). З 1975 у Ін-це праблем выкарыстання прыродных рэсурсаў і экалогіі АН Беларусі (у 1988—94 заг. лабараторыі). Навук. працы па хім. тэхналогіі гаручых выкапняў, даследаванні хім. саставу і выкарыстанні тарфянога воску. Распрацаваў новыя спосабы вылучэння бітумаў з торфу і бурага вугалю, спосаб атрымання канцэнтратаў нафтавых меркаптанаў.
Тв.:
Эмульгирующиеся составы, содержащие торфяной воск (разам з Н.І.Лыч, Г.І.Крот) // Новые процессы и продукты переработки торфа. Мн. 1982;
Эфирные битумы торфа (разам з В.С.Голубевай, А.В.Гусінцавай) // Химия твердого топлива. 1988. №1.