ПАМПУ́ШКІ,

у беларусаў пульхныя мучныя аладкі, спечаныя з дражджавога цеста або з замешанага на содзе і кіслым малацэ. Пяклі таксама з цеста, прыгатаванага з тоўчанай варанай бульбы і мукі. Пашыраны на Гродзеншчыне, Магілёўшчыне, Гомельшчыне. На Навагрудчыне, Тураўшчыне П. называюць булачкі, пернікі, коржыкі. Іх пякуць на вяселле, Дабравешчанне і інш. святы.

т. 12, с. 36

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАЦВІ́ННЕ,

надземная раслінная маса агароднінных, кармавых і тэхн. коранеклубняплодаў. У свежым і сіласаваным выглядзе выкарыстоўваецца на корм с.-г. жывёле: пераважна буйн. раг. жывёле (10—15 кг за суткі), у невял. колькасці свінням і авечкам. Бацвінне бульбы з-за наяўнасці ў ім шкоднага хім. рэчыва — саланіну — даюць абмежавана; нельга скормліваць яго цяжарнай жывёле і маладняку.

т. 2, с. 360

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛДУНЫ́,

страва, вядомая ў беларусаў, палякаў, літоўцаў і інш. народаў. Робяцца з таркаванай бульбы, крутога пшанічнага, жытняга, грэцкага або інш. цеста. Напаўняюцца сырым сечаным мясам з прыправамі ці скваркамі, садавінаю, ягадамі, а таксама вараным бобам, гарохам, цёртым макам, рэпчатай цыбуляй і інш. Згатаваныя ставяць у лёгкі дух. Падаюць у тлушчы, смятане ці булёне.

т. 7, с. 457

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРША́ РАСЛІ́Н,

хвароба, якая выклікаецца грыбамі ці актынаміцэтамі з родаў стрэптаміцэс, спонгаспора, гельмінтаспорыум, вентурыя і інш. Пашырана ўсюды, значна зніжае ўраджай у вільготныя і цёплыя гады. На Беларусі найб. шкодзіць бульбе, яблыні, грушы. З інш. с.-г. культур на паршу хварэюць бурак, цытрусавыя, вішня. Пашкоджвае паверхневыя тканкі: утвараюцца плямы, каросты, язвы на пладах, лісці, парастках. Інфекцыя перадаецца з насенным матэрыялам, праз глебу (з расл. рэшткамі). Меры барацьбы: чаргаванне культур, прарошчванне клубняў на святле, вытрымліванне рэжыму захоўвання клубняў, знішчэнне апалага лісця, апырскванне раслін фунгіцыдамі і інш. Устойлівыя да паршы сарты бульбы — Тэмп, Лошыцкая, Агеньчык; яблыні — Беларускі сінап, Каштэля, Мінскі; грушы — Дзюшэс летні, Бэра лошыцкая, Беларуская позняя.

Літ.:

Дорожкин Н.А., Бельская С.И. Болезни картофеля. Мн., 1979;

Амбросов А.Л., Болотникова В.В., Мерцалова О.С. Как защитить сад от вредителей и болезней. 2 изд. Мн., 1985.

С.​І.​Бельская.

Парша раслін: 1 — яблыні; 2 — звычайная парша бульбы.

т. 12, с. 149

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЗАІ́ЧНЫЯ ХВАРО́БЫ РАСЛІ́Н,

група вірусных хвароб, якая характарызуецца мазаічнай (стракатай) афарбоўкай пашкоджаных органаў, пераважна лісця і пладоў. У залежнасці ад малюнка адрозніваюць кальцавую мазаіку, палосчатую, рабую і інш. Змяняецца форма ліставой пласцінкі, расліны адстаюць у росце. Моцнае пашкоджанне вірусам выклікае некроз (адміранне) лісця, парасткаў, расліны. Хваробы перадаюцца праз насенне, пры пасынкаванні, сутыкненні здаровых і хворых раслін з іх узаемным траўміраваннем і інш. Пераносчыкі — тлі, клапы, глебавыя нематоды. Вірусы захоўваюцца ў раслінных рэштках, насенні. Найб. шкодныя М.х.р. — мазаіка тытуню і памідораў, зялёная мазаіка агуркоў і звычайная агурочная мазаіка, рабая і маршчыністая мазаіка бульбы, мазаіка буракоў, гароху, капусты, фасолі і інш.

Літ.:

Власов Ю.И. Вирусные и микоплазменные болезни растений. М., 1992;

Блоцкая Ж.В. Вирусные болезни картофеля. Мн., 1993.

Ж.​В.​Блоцкая.

Мазаічныя хваробы раслін: 1 — маршчыністая мазаіка бульбы (а — пашкоджаны ліст, б — расліна, в — некроз жылак); 2 — жоўтая мазаіка фасолі; 3 — мазаіка азімай пшаніцы.

т. 9, с. 504

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Скараспелка I (сорт бульбы) 2/464, 464—465 (укл.); 9/546

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

Скараспелка 2 (сорт бульбы) 2/464, 464—465 (укл.); 9/546

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭСІКА́ЦЫЯ (ад лац. desicco высушваю),

перадуборачнае падсушванне раслін для паскарэння выспявання і аблягчэння ўборкі ўраджаю. Для Д. выкарыстоўваюць хім. рэчывы — дэсіканты, якія разбураюць калоіды пратаплазмы, што рэзка зніжае здольнасць клетак утрымліваць ваду, памяншае колькасць звязанай вады ў расліне і ўзмацняе выпарэнне. Выкарыстоўваюць на пасевах бавоўніку, канапель, сланечніку, рысу, пшаніцы, бульбы, насеннікаў цукр. буракоў і інш.; эфектыўная ў вільготнае надвор’е.

т. 6, с. 358

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭФАЛІЯ́НТЫ,

хімічныя рэчывы, што паскараюць ападанне лісця ў раслін. Д. стымулююць утварэнне этылену — прыроднага рэгулятара росту, які садзейнічае фарміраванню аддзяляльнага слоя ў аснове чаранка, што выклікае ападанне лісця (штучны лістапад). Д. з’яўляюцца некат. дэсіканты (хларат магнію, хларат-хларыд кальцыю). Выкарыстоўваюць Д. для перадуборачнага пазбаўлення ад лісця (дэфаліяцыя) на пасевах бавоўніку, бульбы, насеннага лубіну і інш. с.-г. раслін.

т. 6, с. 363

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́ЛЬСМІК (Пётр Іванавіч) (27.2.1907, в. Выдрэя Лёзненскага р-на Віцебскай вобл. — 2.4.1992),

бел. селекцыянер-бульбавод. Акад. АН Беларусі (1966), акад. УАСГНІЛ (1979). Чл.-кар. Акадэміі с.-г. н. ГДР (1974). Д-р с.-г. н. (1954). Герой Сац. Працы (1966). Скончыў БСГА (1929). З 1929 на Навазыбкаўскай с.-г. доследнай станцыі, у 1931—41 і 1944—56 на Бел. селекцыйнай станцыі. З 1956 у Бел. НДІ бульбаводства і плодаагародніцтва. Навук. працы па селекцыі гароднінных культур. Распрацаваў прыёмы селекцыі бульбы на ранняспеласць, высокія крухмалістасць і колькасць бялкоў у клубнях, устойлівасць да раку. Вывеў больш за 10 высокаўраджайных, з добрымі смакавымі якасцямі і вял. (да 26%) колькасцю крухмалу сартоў бульбы: Агранамічную, Тэмп, Лошыцкую, Разварыстую і інш. Дзярж. прэміі СССР 1951, 1974. Залаты медаль імя І.​У.​Мічурына УАСГНІЛ (1980).

Тв.:

Селекция картофеля в Белоруссии. Мн., 1979.

Літ.:

П.​І.​Альсмік // Весці АН БССР. Сер. с.-г. навук. 1977. № 1.

П.І.Альсмік.

т. 1, с. 283

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)