БЕ́КЕР ((Becker) Барыс) (н. 22.11.1967, г. Ляймен, Германія),

нямецкі спартсмен (тэніс). Пераможца ў адзіночным разрадзе турніраў ва Уімблдане (1985, 1986, 1989), адкрытых чэмпіянатаў ЗША (1989), Аўстраліі (1991, 1995), турніру «Мастэрс» (1988, 1992). У 2-й пал. 1980 — пач. 1990-х г. быў лідэрам сярод лепшых тэнісістаў свету.

т. 2, с. 376

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНГЛІЧА́НЕ,

нацыя, асн. насельніцтва Вялікабрытаніі (43,49 млн. чал.). Жывуць таксама ў Канадзе (каля 1 млн. чал.), Аўстраліі (больш за 944 тыс. чал.), ЗША (661 тыс. чал.), ПАР, Новай Зеландыі і інш. краінах. Агульная колькасць 47,22 млн. чал. (1987). Гавораць на англійскай мове. Паводле рэлігіі пераважна англікане.

т. 1, с. 349

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАСЦЮ́ШКА (Kosciusko),

гара ў Аўстралійскіх Альпах, самая высокая вяршыня Аўстраліі (2230 м). Складзена з крышт. парод. На вяршыні 5 месяцаў ляжыць снег. Ледавіковыя ландшафты, альпійская і субальпійская расліннасць, эўкаліптавыя лясы. Нац. парк (пл. 675 тыс. га, засн. ў 1944; уключае біясферны рэзерват). Названа ў гонар Т.Касцюшкі.

т. 8, с. 165

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«БЕЛАРУ́СІЯН РЭВ’Ю́»

(«Belarussian Review», «Беларускі агляд»),

грамадска-палітычны часопіс. Выдаецца з 1989 у ЗША (штат Каліфорнія) на англ. мове штоквартальна. Рэд. Я.​Арцюх. Друкуе эканам., паліт., дзелавую, культ. інфармацыю з Беларусі, матэрыялы па гісторыі краіны, робіць эканам. аналізы. Распаўсюджваецца ў ЗША, Канадзе, Аўстраліі і інш. краінах свету.

В.​Кіпель.

т. 2, с. 391

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯЛІ́КІ АЎСТРАЛІ́ЙСКІ ЗАЛІ́Ў (Great Australian Bight),

заліў у Індыйскім ак., каля паўд. берагоў Аўстраліі і в-ва Тасманія. Пл. 1335 тыс. км². Глыб. да 5670 м. Ва ўсх. ч. — залівы Спенсер і Сент-Вінсент. Значны в-аў Кенгуру. Прылівы мяшаныя і сутачныя (да 3,6 м). Буйны порт — Адэлаіда.

т. 4, с. 383

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛА́МБЕРТА ЛЕДАВІ́К (Lambert Glacier),

найбуйнейшы ў свеце ледавік ва Усх. Антарктыдзе. Даўж. каля 450 км, шыр. ад 30—40 да 100—120 км. Пачынаецца ў паўн. ч. Даліны Міжнар. геафіз. года. Жывіць шэльфавы ледавік Эймеры. Адкрыты аўстрал. экспедыцыяй у 1957. Названы ў гонар кіраўніка картаграфічнай службы Аўстраліі Б.П. Ламберта.

т. 9, с. 115

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕ́ЙВЕР ((Laver) Родні Джордж) (н. 9.8.1938, г.Ракгемптан, Аўстралія),

аўстралійскі спартсмен (тэніс). Уладальнік прыза «Вялікі шлем» (1962, 1969). Пераможца Уімблдонскага турніру ў адзіночным (1961, 1968), у мужчынскім парным (1971, з Р.​Эмерсанам) і ў змешаным парным (1959—60, з Д.​Хард) разрадах. Чэмпіён Аўстраліі (1960). Пераможца Кубка Дэвіса (1958—62, 1973).

т. 9, с. 189

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯЛІ́КАЯ ПЯСЧА́НАЯ ПУСТЫ́НЯ (Great Sandy Desert). на ПнЗ Аўстраліі.

Абмежавана масівамі Кімберлі на Пн, Мак-Донел на У і хр. Хамерслі на ПдЗ; на З паступова зніжаецца да ўзбярэжжа Індыйскага ак. Пл. 360 тыс. км².

Паверхня прыўзнята на выш. 400—500 м. У рэльефе шыротна размешчаныя пясчаныя грады (сярэдняя выш. 15 м, даўж каля 40—50 км) і міжградавыя прасторы (шыр. 400—800 м, да 2400 м), занятыя камяністымі паверхнямі і глініста-саланчаковымі ўпадзінамі з часовымі азёрамі. Адно з самых гарачых месцаў Аўстраліі (сярэдняя летняя т-ра 28—30 °C). Ападкаў ад 250 да 450 мм за год; частыя засухі, часам працягласцю да некалькіх гадоў. На градах пашыраны дзярнінны злак спініфекс, у катлавінах — акацыі і нізкарослыя эўкаліпты. У Вялікай Пясчанай пустыні самы вялікі маналіт у свеце — астраўная гара Эрс-Рок; нац. парк Рудал-Рывер.

т. 4, с. 381

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЁРК ((Burke) Роберт О’Хара) (1821, Сент-Клеранс, графства Голуэй, Ірландыя — 28.6.1861),

англійскі даследчык Аўстраліі. У 1860 узначаліў экспедыцыю па пошуку трасы для трансаўстралійскага тэлеграфа. Накіраваўся з Мельбурна на Пн і дасягнуў вусця р. Фліндэрс на беразе зал. Карпентарыя, упершыню перасек аўстралійскі мацярык у мерыдыянальным напрамку. Загінуў на зваротным шляху. Імем Бёрка названа адкрытая ім рака.

т. 3, с. 136

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРО́КЕН-ХІЛ (Broken Hill),

поліметалічнае радовішча ў Аўстраліі, унікальнае па колькасці свінцу і цынку. Адкрыта і распрацоўваецца з 1883. Складзена з кварц-палевашпатавых гнейсаў, крышт. сланцаў, кварцытаў, амфібалітаў ніжнепратэразойскага ўзросту. Гал. рудныя мінералы галеніт і сфалерыт, ёсць таксама халькапірыт, арсенапірыт, самароднае серабро і інш. Здабываюць свінец, цынк, серабро, кадмій, як спадарожныя — золата, медзь, сурму, кобальт.

т. 3, с. 258

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)