АДАПТАЦЫ́ЙНЫ СІНДРО́М,

стрэс, сукупнасць рэакцый жывога арганізма на дзеянне надзвычайных раздражняльнікаў (стрэсараў). Адрозніваюць 3 стадыі: трывогі (мабілізацыя ахоўных сіл арганізма), рэзістэнтнасці або супраціўлення (прыстасаванне да цяжкай сітуацыі), знясілення (пры моцным і доўгім уздзеянні стрэсараў можа скончыцца смерцю). У развіцці адаптацыйнага сіндрому гал. роля належыць пярэдняй долі гіпофіза і кары наднырачнікаў. Змены ў арганізме на стадыі рэзістэнтнасці небяспечныя (напр., павелічэнне артэрыяльнага ціску ў чалавека) і могуць прывесці да інсульту або інфаркту. Канцэпцыя адаптацыйнага сіндрому прапанавана канадскім патолагам Г.​Селье (1936).

Схема асноўных рэакцый і вынікаў адаптацыйнага сіндрому.

т. 1, с. 94

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЯЧЭ́БНАЯ ФІЗІ́ЧНАЯ КУЛЬТУ́РА (ЛФК),

выкарыстанне фізічных практыкаванняў і натуральных фактараў прыроды з лячэбна-прафілактычнымі мэтамі; сродак мед. рэабілітацыі хворых і самааздараўлення арганізма. Уключае таксама механатэрапію, працатэрапію, лячэбны масаж. Асн: асаблівасць — дазіраваная фіз. нагрузка хворага. Формы ЛФК: ранішняя гігіенічная і лячэбная гімнастыка, хадзьба (тэрэнкур), спарт. і рухомыя гульні, катанне на лыжах, каньках і інш. Адрозніваюць актыўную і пасіўную ЛФК. Пасіўная выкарыстоўваецца для папярэджання атрафіі функцыянальных структур арганізма, напр., пры паралічах, цяжкіх траўмах, пасля аперацый і інш. Эфектыўная пры сістэм. занятках і правільным рэжыме.

І.​С.​Гулько.

т. 9, с. 438

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАТАГЕ́ННАСЦЬ.

хваробатворнасць, здольнасць некат. арганізмаў выклікаць інфекц. захворванні інш. істот. Тэрмін звычайна ўжываецца ў адносінах да мікраарганізмаў і вызначае іх патэнцыяльную магчымасць выклікаць хваробы. Залежыць ад вірулентнасці інфекц. агента і ўспрымальнасці арганізма, які інфіцыруецца. Для кожнага мікроба П. мае адносны характар і звязана з відам, узростам, полам і фізіял. станам арганізма, у які ён укараняецца. П. узнікла ў працэсе эвалюцыі мікробаў у выніку адаптацыі іх да пэўных відаў арганізмаў (напр., бактэрыі брушнога тыфу паразітуюць толькі ў арганізме чалавека). Гл. таксама Патагенныя мікробы. А.​І.​Ерашоў.

т. 12, с. 177

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІСТАГЕНЕ́З (ад гіста... + ...генез),

працэс развіцця ў шматклетачным арганізме, які забяспечвае ўзнікненне, існаванне, перабудову і аднаўленне тканак з іх спецыфічнымі для кожнага арганізма і яго органаў марфалагічнымі і фізіёлага-біяхім. асаблівасцямі; адна з фаз антагенезу. Настае пасля або ў працэсе арганагенезу; уключае клетачнае размнажэнне, дэтэрмінацыю, клетачны рост, міграцыі клетак, адгезію, дыферэнцыроўку клетак і пазаклетачных вытворных, міжклетачныя і міжтканкавыя ўзаемадзеянні, адміранне клетак. Спецыялізацыя клетак спадчынна замацоўваецца, таму адна тканка ў другую не ператвараецца. Гістагенез абумоўлены эвалюцыйным развіццём, залежыць ад унутры- і міжтканкавых узаемаадносін, ад узаемадзеяння арганізма з навакольным асяроддзем. Неадначасовае развіццё клетак пры гістагенезе забяспечвае захаванне маладыферэнцыраваных элементаў, якія служаць крыніцай папаўнення клетак на працягу жыцця арганізма і аднаўлення тканкі пасля яе пашкоджання (рэгенерацыі). У тканках з высокім узроўнем дыферэнцыроўкі (мышачная, нервовая) магчымасці рэгенерацыі больш абмежаваныя. Рэпаратыўны гістагенез у постнатальным перыядзе антагенезу складае аснову аднаўлення часткова страчаных або пашкоджаных тканак (напр., фізіялагічная рэгенерацыя клетак крыві). Якасныя змены гістагенезу могуць прывесці да ўзнікнення і росту пухліны. Нармальны і паталагічны гістагенез вывучае гісталогія.

А.​С.​Леанцюк.

т. 5, с. 265

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗМІ́ТРЫЕЎ (Андрэй Сяргеевіч) (29.6.1925, С.-Пецярбург — 13.4.1989),

бел. вучоны-фізіёлаг. Акад. АН Беларусі (1974, чл.-кар. 1972), д-р біял. н. (1970), праф. (1971). Засл. дз. нав. Беларусі (1978). Скончыў Бел. ін-т фіз. культуры (1954). З 1957 вучоны сакратар, з 1960 нам. дырэктара, адначасова (з 1970) заг. лабараторыі Ін-та фізіялогіі АН Беларусі. З 1973 Гал. вучоны сакратар Прэзідыума АН Беларусі, у 1978—87 віцэ-прэзідэнт АН Беларусі. Навук. працы па вывучэнні ўздзеянняў гравітацыі і вібрацыі на арганізм чалавека і жывёлы. Выявіў структурна-функцыян. арганізацыю некат. саматычных і вегетатыўных рэакцый арганізма на ўздзеянне дынамічных фактараў, вызначыў некат. механізмы ўзнікнення і развіцця гэтых рэакцый. Даследаваў ролю мацярынскага арганізма пры адаптацыі эмбрыёна і плода да пастаяннага ўздзеяння паскарэння і вібрацыі і механізмы фарміравання ў эмбрыягенезе і антагенезе кампенсаторных нейрагумаральных рэакцый арганізма на ўздзеянне гэтых фактараў.

Тв.:

Лабиринтные и экстралабиринтные механизмы некоторых соматических и вегетативных реакций на ускорение. Мн., 1969.

т. 6, с. 124

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАТАГЕНЕ́З (ад грэч. pathos пакута, хвароба + ...генез),

працэс пашкоджання клетак, тканак і органаў; неспецыфічныя рэакцыі арганізма ў адказ на ўздзеянні на яго і развіццё тыповых паталагічных працэсаў (напр., запаленне); раздзел паталогіі, які вывучае механізмы ўзнікнення і развіцця хваробы. Складаецца з многіх этапаў ці звенняў, якія злучаны паміж сабой прычынна-выніковымі адносінамі. Уключае фізіял., біяхім., марфал., імуналагічныя і інш. змены ў арганізме пры хваробе.

Механізмы развіцця П. вызначаюцца сукупнасцю асаблівасцей арганізма (агульны стан, бар’ерная функцыя, рэакцыі імунітэту, рэгенерацыя і інш.) і этыялогіяй. Звязана з дзейнасцю нерв. і эндакрыннай сістэм і ахопліваюць усе ўзроўні рэгуляцыі арганізма — сістэмныя, клетачныя, субклетачныя і малекулярныя. Этыялагічны фактар з’яўляецца пускавым момантам хваробы. П. пачынаецца з пашкоджання, з паталаг. рэакцый, якія выклікаюць уключэнне і фарміраванне кампенсаторна-прыстасавальных рэакцый паводле прынцыпу рэфлексу або гарманальных уздзеянняў. Даследаванне П. — аснова мэтанакіраванага лячэння. Пры дыягностыцы найб. важна вызначыць вядучае звяно ў ланцугу парушэнняў, што узнікаюць у ходзе хваробы. Уздзеянне на гал. звяно дазваляе атрымаць лячэбны эфект.

М.​К.​Недзьведзь.

т. 12, с. 177

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНТЫТАКСІ́НЫ (ад анты... + таксіны),

спецыфічныя бялкі (антыцелы), якія ў адрозненне ад антыдотаў утвараюцца самім арганізмам чалавека і жывёл пад уплывам таксінаў і здольныя нейтралізаваць іх адмоўнае ўздзеянне. Па хім. прыродзе пераважна імунаглабуліны класа G. Нейтралізуюць таксіны, якія яшчэ не звязаны з клеткамі арганізма. З’яўляюцца адным з фактараў імунітэту і выконваюць гал. ахоўную ролю ў выпадках інтаксікацый арганізма. Антытаксіны — дзеючы пачатак антытаксічных сываратак, якія атрымліваюць праз імунізацыю жывёл абясшкоджанымі таксінамі або малымі дозамі натыўных таксінаў. Прэпараты антытаксінаў выкарыстоўваюць для прафілактыкі і лячэння дыфтэрыі, слупняку, батулізму, газавай гангрэны, стрэптакокавых і стафілакокавых захворванняў, укусаў ядавітых жывёл.

т. 1, с. 400

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЭ́ТА-ВЫПРАМЯНЕ́ННЕ, β-выпрамяненне,

паток электронаў ці пазітронаў (β-часціц), якія выпраменьваюцца пры бэта-распадзе. Бэта-выпрамяненне выклікае іанізацыю, люмінесцэнцыю, уздзейнічае на фотаэмульсію.

Дзеянне бэта-выпрамянення на жывыя арганізмы падобна да біялагічнага дзеяння іанізавальных выпрамяненняў інш. відаў. Пры вонкавым апрамяненні арганізма бэта-выпрамяненнем пашкоджвае паверхневыя тканкі (пранікальная здольнасць β-часціц не перавышае некалькіх міліметраў). Пры пападанні β-радыеактыўных ізатопаў у арганізм асаблівасці прамянёвага пашкоджання залежаць ад размеркавання іх у тканках і ад перыяду паўраспаду (можа адбывацца гібель клетак, тканак і ўсяго арганізма). Адносная біялагічная эфектыўнасць бэта-выпрамяненняў блізкая да 1. Выкарыстоўваецца ў медыцыне (прамянёвая тэрапія).

т. 3, с. 386

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВОЛЬФ ((Wolff) Каспар Фрыдрых) (18.1.1734, Берлін — 22.2.1794),

прыродазнавец, адзін з заснавальнікаў эмбрыялогіі. Акад. Пецярбургскай АН (1867) (1767). Вучыўся ў Берліне (1753—55) і Гале (1755—59). З 1768 узначальваў кафедру анатоміі Пецярбургскай АН. Навук. працы па эмбрыялогіі, параўнальнай анатоміі і вывучэнні пачварнасці і заган развіцця (тэраталогіі). Праца «Тэорыя зараджэння» (1759) адыграла значную ролю ў барацьбе з прэфармісцкімі ідэямі аб пераўтварэнні ўсіх частак арганізма ў яйцы і метафіз. ўяўленнямі пра нязменнасць відаў, у абгрунтаванні эпігенезу. Заклаў асновы вучэння пра індывід. развіццё арганізма — антагенез.

Літ.:

Гайсинович А.Е. К.​Ф.​Вольф и учение о развитии организмов. М., 1961.

т. 4, с. 269

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРМАНА́ЛЬНАЯ РЭГУЛЯ́ЦЫЯ,

рэгуляцыя жыццядзейнасці арганізма жывёл і чалавека або яго асобных сістэм, якая ажыццяўляецца з дапамогай гармонаў; адна з сістэм самарэгуляцыі функцый, цесна звязана з нерв. і гумаральнай сістэмамі рэгуляцыі і каардынацыі функцый. Гармоны выдзяляюцца ў кроў залозамі ўнутр. сакрэцыі, разносяцца па ўсім арганізме і ўплываюць на стан і дзейнасць розных органаў і тканак. Гарманальная рэгуляцыя абмену рэчываў забяспечвае нармальнае функцыянаванне органаў і тканак. Пры ўдзеле гарманальнай рэгуляцыі ў выпадку неабходнасці адбываецца мабілізацыя магчымасцей арганізма. Напр., пры небяспецы і мышачным напружанні ўзмацняецца паступленне ў кроў адрэналіну, які павышае ўзровень цукру ў крыві і павялічвае забеспячэнне крывёй сэрца і мозга.

т. 5, с. 63

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)