дынастыя міланскіх герцагаў [1450—1535]. Родапачынальнік Муцыо Атэндола С. [1369—1424], селянін з Раманьі, празваны Сфорца за сваю сілу (італьян. sforzare адольваць сілай). Яго сын Франчэска С. (1401—66), кандацьер на службе ў Мілана, Фларэнцыі, Венецыі; зяць апошняга міланскага герцага з роду Вісконці. У 1450 авалодаў Міланам і стаў герцагам [1450—66]. Далучыў да Мілана б.ч. Ламбардыі, Бары, Геную; садзейнічаў ператварэнню Мілана ў культ. цэнтр, пры яго двары былі Леанарда да Вінчы і інш.Галеаца Марыя С. [1466—76] забіты прыхільнікамі рэспублікі. Джан Галеаца С. [1476—94] адхілены ад улады сваім дзядзькам Ладавіка С. па мянушцы Мора [Маўр; 1494—99], які, спадзеючыся аслабіць Неапаль і ўмацаваць сваю ўладу ў Мілане, садзейнічаў прыходу франц. войск Карла VIII у Італію (1494). У 1499 у выніку нар. паўстання Ладавіка С. выгнаны з Мілана. Яго сыны Масіміліяна С. (1493—1530) у 1512—15 і Франчэска II С. (1495—1535) у 1521—25 аднаўлялі ўладу роду С. ў Міланскім герцагстве. Пасля смерці Франчэска II дынастыя С. перастала існаваць; у 1535 Мілан увайшоў у склад уладанняў Іспаніі. Да роду С. належала каралева Польшчы і вял. княгіня літоўская Бона Сфорца.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ЧЫРВО́НЫЯ КХМЕ́РЫ»,
неафіцыйная назва членаў Камуніст. партыі Камбоджы, якая стаяла на мааісцкіх пазіцыях. Напачатку ўваходзіла ў Нац. адзіны фронт Камбоджы (НАФК), створаны ў 1970 Нарадомам Сіянукам у Кітаі. Пасля таго як атрады НАФК занялі сталіцу г. Пномпень (1975), уладу ў краіне захапілі «Ч.к.», а іх лідэр Пол Пот стаў прэм’ер-міністрам. У 1976 Нарадома Сіянука прымусілі пайсці ў адстаўку. У 1976 краіна стала наз.Дэмакр. рэспубліка Кампучыя. У час праўлення «Ч.к.» быў устаноўлены жорсткі рэжым тэрору і генацыду (за няпоўныя 4 гады ад голаду і рэпрэсій загінула каля 3 млн.чал.). У снеж. 1978 праціўнікі Пол Пота, якія аддзяліліся ад «Ч.к.», стварылі Аб’яднаны фронт выратавання Кампучыі (АФВК), падтрыманы В’етнамам. Са студз. 1979 «Ч.к.» адхілены ад улады, але працягвалі партыз. барацьбу супраць новага ўрада і в’етн. войск. Пасля перамогі Нарадома Сіянука на выбарах 1993 («Ч.к.» байкатавалі выбары) і смерці Пол Пота (1998) урадавыя войскі Хун Сена выцеснілі рэшткі партызан у горныя раёны і рассеялі іх. Гл. таксама раздз. Гісторыя ў арт.Камбоджа.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ШАПІ́ЛАЎ Дзмітрый Трафімавіч (5.11.1905, Ашгабат — 18.8.1995),
савецкі дзярж. і парт. дзеяч, вучоны-эканаміст. Чл.-кар.АНСССР (1953), праф. (1939), ген.-маёр (1945). Скончыў Маскоўскі ун-т (1926), Аграрны ін-тчырв. прафесуры (1934). У 1920—30-я г. ў пракуратуры, на гасп., навук. і выкладчыцкай рабоце. У Вял.Айч. вайну чл.ваен. савета арміі. З 1946 у апараце ЦККПСС. У 1952—56 гал. рэдактар газ. «Правда», у 1955—57 сакратар ЦККПСС, у 1956—57 міністр замежных спраў СССР. Удзельнік рэабілітацыі ахвяр паліт. рэпрэсій, дапамагаў М.С.Хрушчову рыхтаваць даклад да XX з’езда КПСС (1956). На чэрвеньскім пленуме ЦККПСС (1957). крытыкаваў Хрушчова за парушэнні прынцыпаў калект. кіраўніцтва і некампетэнтнасць, за што штучна прылічаны да т.зв. антыпарт. групы і адхілены ад усіх парт. і дзярж. пасад. З 1957 дырэктар Ін-та эканомікі АН Кіргізіі, у 1960—82 у Гал. архіўным упраўленні пры СМСССР. Кіраўнік аўтарскага калектыву падручніка «Палітычная эканомія» (1954).
Літ.:
И примкнувший к ним Шепилов: Правда о человеке, ученом, воине, политике. М., 1998.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СУ́ЛА Луцый Карнелій (Lucius Cornelius Sulla; 138—78 да н.э.),
старажытнарымскі ваен. і паліт. дзеяч. Вызначыўся ў Югурцінскай вайне (111—105 да н.э.), узяў у палон цара Нумідыі Югурту. У 104—102 да н.э. ўдзельнічаў у вайне з тэўтонамі і кімврамі. У 93 да н.э. прэтар, у 92 да н.э. прапрэтар Кілікіі. Легат і ваен. трыбун у Саюзніцкай вайне 90—88 да н.э., консул і галоўнакамандуючы ў вайне супраць Мітрыдата VI Еўпатара. Адхілены ад гэтай пасады на карысць Марыя, рушыў свае войскі на Рым, авалодаў ім і аднавіў уладу аптыматаў. Пераправіўшыся ў Грэцыю, захапіў Афіны, разбіў пантыйскія войскі і заключыў мір з Мітрыдатам VI Еўпатарам, абклаў кантрыбуцыяй правінцыю Азія. У 83 да н.э. высадзіўся ў Італіі, разбіў войскі папуляраў (марыянцаў) і абвясціў сябе дыктатарам. Яго дыктатура суправаджалася тэрорам: ахвярамі сталі каля 4,7 тыс.рым. грамадзян, вынішчаны цэлыя плямёны (самніты, этрускі). С. абапіраўся на ветэранаў, якіх адорваў зямельнымі надзеламі, дзярж. пасадамі, у т. л. месцамі ў сенаце. Дыктатура С. была скіравана на ўмацаванне ўлады сенацкай алігархіі. У 79 да н.э. С. склаў паўнамоцтвы дыктатара. Аўтар «Мемуараў» (не захаваліся).
Літ.:
Утченко С.Л. Древний Рим: События. Люди. Идеи. М., 1969;
Плутарх. Избранные жизнеописания. Мн., 1998;
Инар Ф. Сулла: Пер. с фр. Ростов н/Д, 1997.
А.Г.Зельскі.
Выява Луцыя Карнелія Сулы на дэнарыі. 63—62 да н.э.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУСАЛІ́НІ (Mussolini) Беніта Амількар Андрэа (29.7.1883, г. Прэдапіо, Італія — 28.4.1945),
заснавальнік і кіраўнік (дучэ) фаш. партыі і дзяржавы ў Італіі, журналіст. З 1900 чл.Італьян.сацыяліст. партыі (ІСП). У 1902—04 у Швейцарыі. З 1909 выдаваў штотыднёвую газ. «Lotta di Classe» («Класавая барацьба»), з 1912 гал. рэдактар цэнтр. органа ІСП газ. «Avanti!» («Наперад!»). У ліст. 1914 за заклікі да ўступлення Італіі ў 1-ю сусв. вайну выключаны з ІСП, заснаваў газ. «Popolo d’Italia» («Італьянскі народ»). У сак. 1919 заснаваў фаш. рух (з ліст. 1921 Нац.фаш. партыя). Пасля паходу на Рым 1922 прэм’ер-міністр (фактычна дыктатар) Італіі (1922—43). Падпісаў Латэранскія дагаворы 1929 з Ватыканам. Свае паліт. погляды выклаў у кн. «Дактрына фашызму» (1932). Праводзіў экспансіянісцкую знешнюю палітыку, у т. л. ініцыіраваў італа-эфіопскую вайну 1935—36, заключыў саюз з нацысцкай Германіяй, але ў 1934 спыніў спробу аншлюсу Аўстрыі. Пад націскам А.Гітлера ўцягнуў Італію ў 2-ю сусв. вайну (чэрв. 1940) на баку Германіі. Ва ўмовах паражэнняў італьян. войск (у т. л. на сав.-герм. фронце) і ўзмацнення антыфаш. руху ў краіне 25.7.1943 адхілены ад улады саветам фаш. партыі і зняволены паводле загаду караля Віктара Эмануіла III. Пасля вызвалення 12.9.1943 герм. парашутыстамі прэзідэнт (да 1945) «Італьян. сацыяльнай рэспублікі» (Рэспублікі Сало) на акупіраванай ням.-фаш. войскамі Пн Італіі. Пры спробе ўцёкаў у Швейцарыю захоплены італьян. партызанамі і расстраляны.
Літ.:
Белоусов Л.С. Муссолини: диктатура и демагогия. М., 1993;
Смит Д.М. Муссолини: Пер. с англ. [Калининград], 1995;
Хибберт К. Бенито Муссолини: Пер. с англ.М., 1996.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СУКА́РНА (Sukarno; 6.6.1901, г. Сурабая, Інданезія — 21.6.1970),
палітычны і дзярж. дзеяч Інданезіі. Скончыў Тэхналагічны ін-т у г. Бандунг (1925). Удзельнік стварэння «Бандунгскага даследчага клуба» (1926), на базе якога ў 1927 створана Нац. партыя Інданезіі; яе першы старшыня За антыкалан. дзейнасць у 1929—31 у турме, з 1933—42 у ссылцы. У 1945 сфармуляваў 5 прынцыпаў (нацыяналізм, інтэрнацыяналізм, народаўладдзе, сац. справядлівасць, вера ў адзінага Бога), якія сталі афіц. ідэалогіяй Інданезіі. 17.8.1945 С. абвясціў незалежнасць Рэспублікі Інданезія. Абраны яе прэзідэнтам, С. узначаліў барацьбу супраць нідэрл. каланізатараў (1945—49). У 1957—59 па яго ініцыятыве ў краіне сфарміраваны лад т.зв. «накіроўнай дэмакратыі» на аснове канцэпцыі функцыянальных груп, члены якіх звязаны агульнай дзейнасцю, рэлігіяй, адукацыяй і г.д. Быў распушчаны парламент, новыя дэпутаты прызначаны асабіста С., які сканцэнтраваў у сваіх руках заканад. і выканаўчую ўладу. У 1963 абвешчаны пажыццёвым прэзідэнтам краіны. С. адзін з ініцыятараў Бандунгскай канферэнцыі 1955 і Недалучэння руху. Яго накірунак на пашырэнне, сувязей з СССР і КНР абвастрыў адносіны з краінамі Захаду, найперш з-за канфлікту з Малайзіяй і выхаду Інданезіі з ААН (студз. 1965). Палітыка С. прывяла да эканам. крызісу, які супаў з вострым канфліктам паміж камуністамі і арміяй. Пасля путчу 30.9.1965 адхілены ад рэальнага кіраўніцтва краінай, у 1967 адмовіўся ад усіх дзярж. пасад.
Тв.:
Рус.пер. — Индонезия обвиняет: Сб. ст. и речей. 3 изд. М., 1961.
Літ.:
Юрьев А.Ю. Сукарно // Политические портреты борцов за национальную независимость. 2 изд. М., 1983.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТАКВІ́ЛЬ (Tocqueville) Алексіс (29.7.1805, Вернёй-сюр-Сен, Францыя — 16.4.1859),
французскі сацыёлаг, гісторык-і паліт. дзеяч. У 1831—32 вывучаў пенітэнцыярную сістэму ў ЗША. З 1838 чл. Акадэміі маральных і паліт. навук, з 1841 — Франц. акадэміі. З 1839 чл. Палаты дэпутатаў, з 1848 — Устаноўчага, з 1849 — Заканад. (віцэ-старшыня) сходаў. Міністр замежных спраў (1849). Адзін з лідэраў кансерватыўнай Партыі парадку. У працах «Аб дэмакратыі ў Амерыцы» (1835), «Стары парадак і рэвалюцыя» (1856) аналізаваў супярэчнасці «дэмакр. рэвалюцыі», сутнасць і перспектывы дэмакратыі. Першая фаза развіцця дэмакратыі, на яго думку, — стварэнне абс. манархіі, у якой «знаць ужо зламана, а народ яшчэ не ўзняўся», у сувязі з чым уладары «цешацца паліт. стабільнасцю і ўсемагутнасцю». Рэвалюцыя, у т. л. і Франц. рэвалюцыя 1789—94, звяргае абсалютызм, адмяняе феад. прывілеі, зацвярджае трыумф эгалітарызму, але не пазбаўляе грамадства ад вынікаў абсалютызму, замяняе старую форму тыраніі дэмакр. дэспатызмам, а феад. няроўнасць — неабмежаваным панаваннем «іерархіі функцыянераў», якія складаюць «машыну кіравання». У гэтых умовах народ адхілены ад улады, ператвараецца ў аднародную масу, якая набывае скажоную форму роўнасці — «роўнасць у рабстве». У выніку ўзнікае індывідуалізм. які адхіляе людзей ад улады, ізалюе іх адзін ад аднаго і падштурхоўвае іх да прыватнага жыцця, у бок ад грамадскіх адносін і палітыкі. Каб абясшкодзіць грамадства ад новых форм дэспатызму, якія ствараюцца самім развіццём дэмакратыі, апорай свабоды павінна стаць, на думку Т., развіццё самасвядомасці і самакіравання, добраахвотных асацыяцый грамадзян, а таксама пашырэнне рэліг. перакананняў, якія па сваёй прыродзе несумяшчальныя з усеўладдзем дзяржавы і яго культам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКАЯ ВАЙСКО́ВАЯ КАМІ́СІЯ (БВК),
орган па фарміраванні бел. часцей у польскім войску ў 1919—21. Утворана 2.8.1919 у Вільні Цэнтр.бел. радай Віленшчыны і Гродзеншчыны паводле дамоўленасці з начальнікам Польскай дзяржавы Ю.Пілсудскім. Яго дэкрэтам ад 22.10.1919 дазвалялася фарміраванне бел. часцей і зацвярджалася БВК у складзе: П.Аляксюк (старшыня), А.Аўсянік, палкоўнікі Г.Канапацкі (камандуючы бел. войскам) і Д.Якубоўскі, штабс-капітаны Ф.Кушаль і А.Якубецкі, Ю.Мурашка, А.Прушынскі (А.Гарун), С.Рак-Міхайлоўскі. Камандаванне бел. войска падпарадкоўвалася непасрэдна польскай ваен. адміністрацыі. Сфарміраваныя часці меркавалася накіраваць на польска-савецкі фронт. У ліст. 1919 БВК пераехала ў Мінск. Падтрымлівала сувязь з Найвышэйшай радай БНР. Падзялялася на падкамісіі: вярбовачна-агітацыйную (узначальваў Аляксюк), кваліфікацыйную (Якубецкі), статутную (Прушынскі), культ.-асветную (Рак-Міхайлоўскі) і інш. У паветах БВК стварала бел. вярбовачныя бюро, сярод насельніцтва распаўсюджвала адозвы з заклікам уступаць у нац. войска. Перакладала на бел. мову польскія вайск. статуты, выдала зб. «Падарунак беларускаму жаўнеру» (1920). Вяла рэгістрацыю добраахвотнікаў (афіцэраў, салдатаў, ваен. чыноўнікаў, урачоў). У сак. 1920 распараджэннем ваен.мін-ва вярбоўка і адбор добраахвотнікаў выключаны з кампетэнцыі БВК і перададзены мясц. органам акупац. адміністрацыі, якія байкатавалі гэту справу. Удалося скамплектаваць толькі 1 бел. пяхотную роту. У ліп. 1920 у сувязі з наступленнем Чырв. Арміі БВК фактычна распалася. Адноўлена 3.10.1920 у г. Лодзь (Польшча) у складзе: Якубецкі (Старшыня), Кушаль, Ф.Умястоўскі, Э.Якабіні, Якубоўскі. Накіравала групу афіцэраў на дапамогу ўдзельнікам Слуцкага паўстання 1920. Займалася культ.-асв. працай сярод інтэрніраваных у Польшчы вайскоўцаў-беларусаў. Прапановы аб рээвакуацыі камісіі ў адзін з гарадоў Зах. Беларусі былі адхілены польск. ўладамі. 15.5.1921 скасавана.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТЫЗЕНГА́ЎЗ Антоній (1733, г.п. Наваельня Дзятлаўскага р-на Гродзенскай вобл. — 31.3.1785),
дзяржаўны і грамадскі дзеяч ВКЛ, мецэнат. З роду Тызенгаўзаў. Падстароста гродзенскі з 1757, вял. пісар ВКЛ у 1763—64, канюшы ВКЛ у 1764—65, падскарбі надворны ВКЛ з 1765, адначасова староста гродзенскі, адміністратар каралеўскіх эканомій у ВКЛ. Пасол на соймы з 1761, у 1773—80 узначальваў на соймах каралеўскую партыю. Намаганнямі Т. Гродна стала месцам работы дзярж. устаноў: Скарбовай камісіі ВКЛ, Трыбунала ВКЛ, задворнага асэсарскага суда. Ініцыятар буйнамаштабных пераўтварэнняў у каралеўскіх эканоміях ВКЛ у галіне адміністрацыі, сельскай гаспадаркі, прам-сці, шляхоў зносін, навукі і адукацыі. Правёў Тызенгаўза рэформу. Арганізаваў шэраг мануфактур (перш за ўсё Гродзенскія каралеўскія мануфактуры). Адм. цэнтрам эканам. дзейнасці Т. стала збудаванае ім прадмесце Гродна — Гарадніца, дзе размяшчаліся заснаваны Ж.Э.Жыліберамбат. сад, Гродзенская медыцынская акадэмія, кадэцкі корпус, школы мернікаў, бухгалтараў, будаўнікоў. Праводзіў ачышчэнне рэчышча Нёмана, арганізаваў Гандл. і эканам. кантору. Займаўся гадоўляй мяса-малочных парод жывёлы, племянных жарабцоў. Выкарыстоўваў парнікова-цяплічную сістэму. Арганізаваў Гродзенскі тэатр Тызенгаўза, Гродзенскую капэлу Тызенгаўза, Гродзенскую музычна-тэатральную школу Тызенгаўза, сетку парафіяльных школ. Заснаваў Гродзенскую друкарню, ініцыятар выдання газ.«Газэта Гродзеньска». Рэканструяваў цэнтр мяст. Паставы. Увядзенне мануфактур на аснове крэдыту, неэканомнае выкарыстанне сыравіны, высокія цэны і як вынік слабы збыт прадукцыі, адсутнасць зацікаўленасці майстроў і рабочых, неэфектыўнасць прыгоннай працы прывялі да заняпаду прадпрыемстваў і да няўдачы гасп. палітыкі Т. У ліп. 1780 Т. адхілены ад кіравання каралеўскімі эканоміямі ў ВКЛ. Помнік Т. ўстаноўлены ў Гродзенскім Фарным (б. езуіцкім) касцёле, яго імем названа плошча ў Гродне.
Літ.:
Гибянский И.Г. Граф Аятоний Тизенгауз и гродненские королевские мануфактуры. Пг., 1916;
Kościałkowski S. Antoni Tyzenhauz: Podskarbi nadworny litewski. T. 1—2. Londyn. 1970—71.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУДАПЕ́ШЦКАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1944—45,
наступальная аперацыя войск 2-га і 3-га Украінскіх франтоў 29.10.1944—17.2.1945 у Венгрыі ў 2-ю сусв. вайну.
Абароне Будапешцкага ўмацаванага раёна, які прыкрываў подступы да Вены і Паўд. Германіі, ням. камандаванне надавала асаблівае значэнне. На подступах да Будапешта праціўнік стварыў 3 моцныя абарончыя паласы. Тут дзейнічалі 43 ням. дывізіі (у т. л. 8 танкавых і 1 кавалерыйская) і 3 брыгады. Войскі 2-га Укр. фронту (Маршал Сав. Саюза Р.Я.Маліноўскі) у цяжкіх баях з 29 кастр. прарвалі абарону праціўніка і да 9 снеж. выйшлі да знешняга абарончага абводу Будапешта. Войскі 3-га Укр. фронту (Маршал Сав. Саюза Ф.І.Талбухін) пачалі наступленне 7 ліст., фарсіравалі Дунай і да 9 снеж. выйшлі на Пн ад воз. Веленцэ і да воз. Балатан, пагражаючы тылам варожай групоўкі. 20 снеж. пачалося агульнае наступленне сав. войск. 26 снеж. будапешцкая групоўка ворага ў 180 тыс.чал. была акружана. Каб пазбегнуць ахвяр і разбурэння Будапешта, сав. камандаванне прапанавала гітлераўцам капітуляваць. Ультыматум быў адхілены, а сав. парламенцёры забіты. Каб вызваліць акружаныя дывізіі і аднавіць абарону на Дунаі, ням.-фаш. камандаванне ў студз. спрабавала арганізаваць контрнаступленне (гл.Балатонская абарончая аперацыя 1945). На асобных участках фронту праціўнік пранік у абарону сав. войск і выйшаў да Дуная. Сав. войскі, адбіўшы жорсткія атакі ворага, 27 студз. перайшлі ў наступленне, 13 лют. вызвалілі Будапешт і ліквідавалі акружаную групоўку. У Будапешцкай аперацыі разам з сав. войскамі ўдзельнічалі балг., рум. баявыя злучэнні і венг. добраахвотны Будайскі полк. У ходзе аперацый сав. войскі знішчылі больш за 20 дывізій праціўніка, стварылі ўмовы для наступлення на Вену і Паўд. Германію. Страты сав. войск забітымі, параненымі і прапаўшымі без вестак склалі каля 320 тыс.чал. (з іх забітымі 79 946 чал.). 79 злучэнням і часцям, якія ўдзельнічалі ў Будапешцкай аперацыі, нададзена ганаровае найменне «Будапешцкіх».