АВАНГА́РД у музыцы,

умоўная назва розных музычна-творчых плыняў 20 ст. Тэрмін «авангард» зацвердзіўся з 2-й пал. 1940-х г. у адносінах да шматлікіх школ зах. музыкі, адметных гранічным радыкалізмам, пошукам новых выразных сродкаў, тэхнік кампазіцыі, форм арганізацыі гукавога матэрыялу, абсалютызацыяй эксперыменту, якім спадарожнічае свядомае адмаўленне эстэт. нормаў і традыцый, што выпрацаваны ў мастацтве мінулага.

Своеасаблівымі цэнтрамі авангарда сталі Францыя, Германія, Італія, ЗША Сярод прадстаўнікоў авангарда кампазітары рознай арыентацыі: П.Булез, П.Шэфер, Я.Ксенакіс, К.Штокгаўзен, Л.Нона, Л.Берыо, Дж.Кейдж, Дз.Лігеці. Сярод прыёмаў і метадаў кампазіцыі муз. авангарда — серыяльнасць, пуантылізм, алеаторыка, санорыка, электронная музыка, канкрэтная музыка, а таксама шэраг новых прыёмаў гуказдабывання на традыц. інструментах. Гранічнае наватарства ў авангарда часам становіцца самамэтай, фармальныя навацыі могуць весці да разбурэння эстэт. асноў мастацтва. Аднак некат. эксперыменты буйных кампазітараў выявілі новыя стыліст. сродкі для ўвасаблення ідэй і вобразаў у музыцы 20 ст. і прыняты мастакамі інш. творчых арыентацый. У 1960-я г. — сярэдзіне 1970-х г. узнікла музыка амер. мінімалістаў Т.Райлі, Ла Монт Янга, інстр. т-р М.Кагеля, калажная тэхніка кампазіцыі і інш. з’явы, абагульненыя паняццем поставангард.

У бел. музыцы мастацка-эстэт. сістэма заходняга муз. авангарда ў чыстым выглядзе не знайшла ўвасаблення, аднак прыёмы серыйнай тэхнікі, алеаторыкі, санорыкі і інш. выкарыстоўваюць бел. кампазітары С.Картэс, Дз.Смольскі, С.Бельцюкоў, В.Войцік, В.Кузняцоў, В.Капыцько, А.Літвіноўскі, А.Сонін, Л.Шлег, Я.Паплаўскі і інш.

А.У.Валадковіч.

т. 1, с. 58

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕРЦАГАВІ́НСКА-БАСНІ́ЙСКАЕ ПАЎСТА́ННЕ 1875—78,

нацыянальна-вызваленчае паўстанне супраць тур. панавання ў Босніі і Герцагавіне. Пачалося 5.7.1875 як пратэст супраць павелічэння падаткаў. Хутка ахапіла амаль усю Герцагавіну, у жн.вер. пашырылася на многія раёны Босніі. Узброеныя паўстанцы (10—12 тыс. чал., пераважна сяляне) блакіравалі шэраг тур. крэпасцей, занялі іх умацаваны апорны пункт Цішкавац, у ліст. разбілі тур. атрады каля г. Муратовіч. Праходзіла пад лозунгамі перадачы зямлі сялянам, далучэння Босніі да Сербіі, Герцагавіны — да Чарнагорыі і інш. Паўстанне падтрымала еўрап. грамадскасць (у жн. 1875 у Парыжы створаны Міжнар. к-т дапамогі паўстанцам). У ім удзельнічалі добраахвотнікі з Сербіі, Чарнагорыі, Харватыі, Балгарыі, Італіі і Расіі (у складзе апошніх была група бел. гімназістаў з Магілёва на чале з А.Лепяшынскім). Далейшым поспехам паўстанцаў садзейнічалі вайна Сербіі і Чарнагорыі супраць Турцыі (1876) і рус.-тур. вайна 1877—78. Аднак пасля паражэння сербскай і чарнагорскай арміі тур. ўрад перакінуў буйныя сілы ў Боснію і Герцагавіну, і да жн. 1877 паўстанне ў асноўным задушана; рэшткі паўстанцкай арміі перайшлі да партыз. дзеянняў. Паводле Сан-Стэфанскага мірнага дагавора 1878, які завяршыў рус.-тур. вайну, Боснія і Герцагавіна атрымалі аўтаномію, аднак паводле рашэння Берлінскага кангрэса 1878 яны анексіраваны Аўстра-Венгрыяй, што пазней выклікала Герцагавінска-баснійскае паўстанне 1882.

Літ.:

История Югославии. Т. 1. М., 1963. С. 603—617.

т. 5, с. 201

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́НГЛА-БІРМА́НСКІЯ ВО́ЙНЫ,

захопніцкія войны Англіі супраць Бірмы (цяпер М’янма). У першай англа-бірманскай вайне (1824—26) англ. войскі сустрэлі ўпартае супраціўленне бірманскай арміі на чале з Бандулам. Аднак пасля смерці Бандулы англічанам удалося прасунуцца да бірманскай сталіцы Ава. Паводле навязанага Бірме дагавора яна страціла вобласці Аракан, Тэнасерым, княствы Асам і Маніпур, абавязвалася выплаціць кантрыбуцыю і заключыць з Англіяй гандл. дагавор. У выніку другой англа-бірманскай вайны (1852) да англ. уладанняў далучана бірманская вобл. Пегу. У трэцяй англа-бірманскай вайне (1885) бірманская армія разгромлена і капітулявала. Бірма трапіла пад англ. панаванне і ўключана ў склад Індыі як асобная правінцыя.

т. 1, с. 345

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«АПО́ВЕСЦЬ ПРА ЖЫГІМО́НТА І БАРБА́РУ РАДЗІВІ́Л»,

гісторыка-літаратурны твор, складзены ў сярэдзіне 16 ст., напэўна, у Вільні і змешчаны ў канцы «Хронікі Вялікага княства Літоўскага і Жамойцкага» пад 1545—48 (Пазнанскі спіс). У аповесці апісана гісторыя кахання і шлюбу вял. князя ВКЛ і караля Польшчы Жыгімонта II Аўгуста і прыгажуні Барбары Радзівіл, якія, ідучы насустрач сваім пачуццям, патаемна павянчаліся ў Вільні. Невядомы аўтар з сатырычным адценнем намаляваў усеагульнае грамадскае асуджэнне ў ВКЛ і Польшчы шлюбу караля з жанчынай-удавою некаралеўскага роду. Аднак каханне перамагло, Жыгімонт Аўгуст не адмовіўся ад Барбары і застаўся верны сваёй абранніцы.

т. 1, с. 430

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЦЭТА́ТНЫЯ ВАЛО́КНЫ,

штучныя валокны, якія атрымліваюць з ацэтатаў цэлюлозы. Адрозніваюць трыацэтатнае валакно (з трыацэтату цэлюлозы) і валакно з часткова амыленага (другаснага) ацэтату цэлюлозы. Ацэтатныя валокны фармуюць з раствораў ацэтатаў цэлюлозы ў сумесі метыленхларыду і спірту ці ў ацэтоне (звычайна сухім метадам) і атрымліваюць філаментныя ніткі (ацэтатны шоўк). Штапельнае ацэтатнае валакно фармуюць сухім і мокрым спосабамі (гл. ў арт. Валокны хімічныя). Эластычныя, мяккія, прапускаюць УФ выпрамяненне, афарбоўваюцца спец. фарбавальнікамі, аднак маюць малую трываласць, нізкую тэрма- і зносаўстойлівасць, электрызуюцца. Выкарыстоўваюць для вырабу вопраткі, сукенак, жаночай бялізны, тканін на падкладкі; штапельнае ацэтатнае валакно замяняе бавоўну ў тканінах і трыкатажы.

т. 2, с. 163

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАНА́Я,

у старажытнагрэчаскай міфалогіі дачка аргоскага цара Акрысія, якому прадказалі смерць ад рукі ўнука. Акрысій зняволіў прыгажуню Д. ў падзямелле, куды ніхто не мог увайсці. Аднак Зеўс трапіў да Д. ў выглядзе залатога дажджу і яна нарадзіла Лерсея. Паводле загаду бацькі Д. з сынам скінулі ў мора ў абабітай цвікамі скрыні. Іх выратаваў Дыктыс, рыбак з в-ва Серыфос. Пазней Д. з сынам вярнуліся на радзіму, дзе Персей незнарок забіў дзеда кінутым дыскам. Вобраз Д. шырока адлюстраваны ў выяўл. мастацтве (творы вазапісу, пампейскія фрэскі, карціны Л.Лота, А.Карэджа, Рэмбранта, Тыцыяна і інш.).

Даная. Мастак Рэмбрант. 1636.

т. 6, с. 36

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́НАР,

паняцце маралі, у якім выяўляецца ступень самапавагі чалавека і павагі да яго з боку грамадства. Яно блізкае па значэнні да паняцця годнасць. Аднак калі годнасць асобы грунтуецца на прызнанні роўнага права кожнага чалавека на павагу, то гонар адлюстроўвае перш за ўсё меру павагі, якую ён заслужыў у грамадстве. Маральная каштоўнасць чалавека ў паняцці гонару цесна звязана з яго канкрэтным сац. становішчам, грамадскім прызнаннем заслуг, аўтарытэту. Гонар прадугледжвае адпаведнасць паводзін чалавека маральным прынцыпам і нормам, распаўсюджаным у пэўнай сац. супольнасці, падтрыманне пэўнай індывідуальнай або сац.-групавой рэпутацыі (гонар школы, гонар афіцэра, дваранскі гонар і інш.).

В.А.Паўлоўская.

т. 5, с. 351

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГОРН (Horne, Hoorn, Hornes) Філіп II дэ Манмарансі (Montmorency; 1524, Невель, каля г. Гент, Бельгія — 5.6.1568), граф, адзін з лідэраў антыісп. дваранскай апазіцыі ў пач. Нідэрландскай буржуазнай рэвалюцыі 16 ст. Чл. нідэрландскага Дзярж. савета (1561—65), адмірал фландрскага флоту, штатгальтэр Гелдэрна і Зютфена. Разам з Вільгельмам І Аранскім і Л.Эгмантам выступаў супраць каралеўскага абсалютызму і інквізіцыі. У 1565, у знак пратэсту супраць закону аб ерэтыках, выйшаў з Дзярж. савета. Спадзеючыся на прымірэнне з Іспаніяй, прысягнуў у 1567 Філіпу II Іспанскаму, аднак пасля прыбыцця ў Нідэрланды герцага Ф.Альбы быў разам з Эгмантам арыштаваны, абвінавачаны ў змове і пакараны смерцю.

т. 5, с. 361

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРМЯ́НСКАЕ ПІСЬМО́,

алфавітная сістэма, створаная каля 406 арм. епіскапам Месропам Маштоцам. Узнікненне армянскага пісьма было выклікана распаўсюджаннем хрысціянства (прынята армянамі ў 301) і неабходнасцю мець богаслужэбную л-ру на арм. мове. Армянскае пісьмо мае фанематычны характар. Першапачаткова алфавіт складаўся з 36 знакаў (кожны абазначаў асобную фанему), у 12 ст. дапоўнена 2 новымі літарамі. У такім складзе выкарыстоўваецца для перадачы сучаснай арм. мовы. Да пераходу на арабскія лічбы літары мелі і лічбавае значэнне. Кірунак пісьма злева направа, літарныя знакі запісваліся асобна. У якасці вытокаў армянскага пісьма разглядаецца грэч.-візантыйскае, сірыйскае і арамейскае пісьмо, аднак адназначнага рашэння гэтае спрэчнае пытанне не знайшло.

А.А.Кожынава.

т. 1, с. 497

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́ЎСТРА-ІТАЛЬЯ́НСКАЯ ВАЙНА́1848—49,

вайна за вызваленне Італіі ад аўстрыйскага панавання. Пачалася ў час рэвалюцыі 1848—49 у Італіі. У выніку нар. паўстання з Ламбардыі і Венецыі былі выгнаны аўстр. войскі. Кароль Сардзініі Карл Альберт аб’явіў вайну Аўстрыі. У баях удзельнічалі добраахвотныя атрады Дж.Гарыбальдзі. Здрадніцкая палітыка кіруючых колаў Італіі прывяла да паражэння італьян. Арміі пры Кустоце. Аўстр. войскі захапілі Мілан. Пасля пагаднення Карла Альберта з аўстрыйцамі Ламбардыя зноў адышла да Аўстрыі. 20.3.1849 Карл Альберт аднавіў ваен. дзеянні, аднак пацярпеў паражэнне, адрокся ад трона і ўцёк з Італіі. Яго сын Віктар Эмануіл 26.3.1849 заключыў з аўстрыйцамі перамір’е. Паводле Міланскага міру (6.8.1849) Ламбардыя і Венецыя засталіся пад уладай Аўстрыі.

т. 2, с. 90

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)