ГІГА... (ад грэч. gigas гіганцкі),

дзесятковая прыстаўка для ўтварэння найменняў кратных адзінак, роўных 10​9 зыходным адзінкам. Пазначаецца Г. Напр., 1 ГВт = 10​9 Вт, 1 ГэВ = 10​9 эВ.

т. 5, с. 217

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АМПЕ́Р (А),

1) адзінка сілы эл. току; адна з сямі асн. адзінак Міжнар. сістэмы адзінак (СІ). Названы ў гонар А.М.Ампера. Ампер — сіла нязменнага току, які пры праходжанні па двух бясконцых прамалінейных паралельных правадніках з малой плошчай папярочнага кругавога сячэння, што размешчаны на адлегласці 1 м адзін ад аднаго ў вакууме, выклікае сілу ўзаемадзеяння паміж імі, роўную 2∙10​−7 Н на і м даўжыні (абсалютны ампер). У якасці эталона карыстаюцца міжнар. амперам: нязменны ток, які выдзяляе з воднага раствору азотнакіслага серабра за 1 с 0,00118 г серабра. Міжнар. ампер роўны 0,99985 абсалютнага.

2) Адзінка магнітарухальнай сілы замкнёнага контуру і рознасці магн. патэнцыялаў магнітастатычнага поля ў СІ.

т. 1, с. 321

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІЛІ... (ад лац. mille тысяча), дзесятковая прыстаўка для ўтварэння найменняў дольных адзінак, роўных 10​−3 зыходным адзінкам. Пазначаецца м. Напр., 1 мВт (міліват) = 10​−3 Вт, 1 мКл (мілікулон) = 10​−3 Кл.

т. 10, с. 372

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІКА... (ад ісп. pico малая велічыня), дзесятковая прыстаўка для ўтварэння найменняў дольных адзінак, роўных 10​−12 зыходнай адзінкі фіз. велічыні. Пазначаецца п. Напр., 1 пм = 10​−12 м, 1 пФ = 10​−12 Ф.

т. 12, с. 352

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕКТА... (ад грэч. hekaton сто),

дзесятковая прыстаўка для ўтварэння найменняў кратных адзінак, роўных 10​2 зыходным адзінкам. Пазначаецца г. Напр., 1 гл = 10​2 л = 100 л, 1 гВт = 10​2 Вт = 100 Вт.

т. 5, с. 138

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЕСЯТКО́ВАЯ СІСТЭ́МА ЛІЧЭ́ННЯ,

найбольш пашыраная пазіцыйная сістэма лічэння з асновай 10. Мае 10 сімвалаў — лічбы 0, 1, 2, 3, 4, 5, 6, 7, 8, 9. Мяркуюць, што выбар у якасці асновы ліку 10 бярэ пачатак ад лічэння на пальцах. Узнікла на аснове нумарацыі, якая зарадзілася ў Індыі ў 5 ст., назву арабскай атрымала таму, што ў Еўропе з ёй пазнаёміліся ў 10—12 ст. па лац. перакладах з араб. мовы; у Расіі Дз.с.л. пачала пашырацца з 17 ст.

Пазіцыйны прынцып Дз.с.л. азначае, што адзін і той жа знак (лічба) мае розныя значэнні ў залежнасці ад таго месца, на якім ён стаіць, і таму асобныя сімвалы патрэбныя толькі пры запісе першых 10 лікаў. Лік 10 (аснова Дз.с.л.) утварае адзінку 2-га разраду, 10 адзінак 2-га разраду (лік 100 = 10​2) — адзінку 3-га разраду і г.д. (адзінка кожнага наступнага разраду ў 10 разоў большая за адзінку папярэдняга). Для запісу ліку ў Дз.с.л. выяўляюць колькасць адзінак найвышэйшага разраду, потым у астачы — колькасць адзінак разраду, на 1 меншага, і г.д. Атрыманыя лічбы запісваюць побач, напр., 4∙10​2 + 7∙10​1 + 3∙10​0 = 473. Гл. таксама Лічэнне.

М.​П.​Савік.

т. 6, с. 107

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕМАРЫЯ́ЛЬНЫ МУЗЕ́Й А́ЗГУРА З.І. ў Мінску,

філіял Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь. Адкрыты ў 2000 у творчай майстэрні З.І.Азгура, пабудаванай у 1984 (арх. В.​Аладаў). Пл. экспазіцыі каля 330 м². Экспанаты размешчаны ў скульптурным і мемар. залах, фарматорскай, мемар. кабінеце. У зборы музея: скульптура і мадэлі манум. твораў, створаных Азгурам пачынаючы з 1940-х г. (420 адзінак), больш за 30 твораў жывапісу Г.​Азгур, Г. і Ю. Гарэлавых (яго жонкі і сваякоў), М.​Бельскага, А.​Волкава, Я.​Зайцава, В.​Казачэнкі, Л.​Лейтмана, Т.​Разінай, В.​Цвіркі, А.​Шыбнёва, падараваных скульптару, архіў фотаздымкаў, дакументаў, рукапісаў Азгура (2 тыс. адзінак). Музей мае лекцыйны і канферэнц-залы, бібліятэку.

А.​Л.​Багданава.

т. 10, с. 280

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЫМЫКА́ННЕ,

від падпарадкавальнай сінтаксічнай сувязі паміж членамі словазлучэння, пры якой незмяняльныя словы (прыслоўі, дзеепрыслоўі, інфінітывы) сэнсава і граматычна залежаць ад інш. адзінак. Напр., «размаўляць стоячы», «прыйсці ўвечары», «аматар пажартаваць», «дарога ўгору». Прымыкаюць да гал. слова і асобныя формы змяняльных адзінак («дом восем», «крычы грамчэй», «словы «не хачу», «у возеры Нарач», «з паэмы «Новая зямля»), але форма залежнага элемента не вызначаецца (не кіруецца) гал. кампанентам і не падлягае зменам. На мяжы чыстага П. і слабага кіравання знаходзіцца т.зв. іменнае (склонавае) П.: «падарунак ад бацькі», «чытаць па вечарах». Сродкі афармлення П. — інтанацыя, парадак слоў у сказе, сэнсавыя сувязі слоў у кантэксце.

Літ.:

Беларуская граматыка Ч. 2. Сінтаксіс. Мн., 1986.

А.​Я.​Міхневіч.

т. 13, с. 74

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕКУ́НДА (ад лац. secunda divisio другое дзяленне — спачатку градуса, а потым і гадзіны),

1) адзінка часу, адна з асноўных адзінак Міжнароднай сістэмы адзінак (СІ). Абазначаецца с. Адрозніваюць атамную (эталонную) і эфемерыдную (астранамічную) С. Атамная С. роўная 9 192 631 770 перыядам эл.магн. выпрамянення, якое адпавядае пераходу паміж двума звыштонкімі ўзроўнямі асн. стану атама цэзію-133. Узнаўляецца з дапамогай цэзіевых эталонаў частаты і часу (гл. Квантавыя стандарты частаты). Эфемерыдная С. роўная ​1/31 556 925, 9747 долі трапічнага года (1900-га, які пачаўся ў 12 гадз 31.12.1899; гл. Эфемерыдны час).

2) Вуглавая С. — пазасістэмная адзінка плоскага вугла. Абазначаецца ″. Роўная 1/60 мінуты, або ​1/3600 градуса, або ​π/64800 рад (гл. Радыян).

т. 14, с. 303

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУ́ШАЛЬ (англ. bushel),

неметрычная адзінка аб’ёму (умяшчальнасці) вадкасцяў і сыпкіх рэчываў у брытанскай сістэме адзінак. У ЗША 1 бушаль = 35,2391∙10​−3 м³ = 35,2391 л; у Вялікабрытаніі 1 бушаль = 36,3687∙10​−3 м³ = 36,3687 л.

т. 3, с. 367

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)