БІГ-БЭ́НД (Big Bend),

нацыянальны парк у ЗША, у «вял. лукавіне» р. Рыо-Грандэ, штат Тэхас; біясферны рэзерват. Засн. ў 1935. Пл. 287 тыс. га. Ландшафты горных (выш. ад 500 да 2388 м) і нізінных пустыняў з сукулентамі (агава, кактусы, апунцыя і інш.), зараснікі хмызняку і ўчасткі лесу. У складзе фауны — пекары, чарнахвосты алень, пума. Аб’ект турызму.

т. 3, с. 146

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАХАРДЭ́НСКАЯ ПЯЧО́РА,

карставая пячора каля паўн. падножжа хрыбта Капетдаг, у Туркменіі, за 19 км на Пд ад г.п. Бахардэн. Даўж. 250 м, глыб. 69 м. Гал. грот завалены каменнымі глыбамі, ёсць карставыя варонкі; ніжні грот заняты праточным воз. Коу-Ата з тэрмальнай (34—77 °C) серавадароднай вадой. Спелефауна: лятучыя мышы, грызуны, птушкі, каля 50 відаў беспазваночных. Аб’ект турызму.

т. 2, с. 357

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАНГУ́СТЫ (Palinurus),

род беспазваночных жывёл атр. дзесяціногіх ракападобных. 5 відаў. Пашыраны на шэльфе трапічных і субтрапічных мораў. Жывуць на камяністым дне, у расколінах скал.

Даўж. да 75 см, маса да 13 кг і больш. Цела і тоўстыя антэны маюць моцныя шыпы. Начныя жывёлы. Кормяцца жывёльным кормам, пераважна малюскамі. Развіццё з ператварэннем. Аб’ект промыслу і развядзення.

Лангуст.

т. 9, с. 118

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЯНО́К (Brachymystax lenok),

рыба сям. ласасёвых. 1 від роду лянкоў. Пашыраны ў рэках і горных азёрах Сібіры і Д. Усходу.

Даўж. да 70 см, маса да 8 кг. Цела цёмна-бурае або чарнаватае з залацістым адценнем. Бакі і плаўнікі ў чорных плямках. Луска дробная. Корміцца дробнай рыбай, лічынкамі насякомых, малюскамі. Пасля нерасту гіне. Аб’ект промыслу.

Лянок.

т. 9, с. 425

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СУДО́ВАЯ ФАТАГРА́ФІЯ,

галіна крыміналістычнай тэхнікі, якая вывучае і распрацоўвае сістэму фатагр. сродкаў, метадаў, прыёмаў і правіл, што выкарыстоўваюцца пры правядзенні следчых дзеянняў, аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў і судовых экспертыз з мэтай адлюстравання і даследавання аб’ектаў. С.ф. пры яе правільным працэсуальным афармленні мае значэнне доказаў. У пратаколе следчага дзеяння, якое суправаджалася фатаграфаваннем, адзначаецца факт і аб’ект здымкі, метад і ўмовы здымкі.

т. 15, с. 255

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНА́ЛІЗ (ад грэч. analysis раскладанне),

спосаб (прыём) навук. пазнання праз мысленнае ці рэальнае расчляненне аб’екта пазнання (прадмета, з’явы, працэсу) на часткі і асэнсаванне іх узаемасувязі. Працэс аналізу — састаўная частка, першая ступень навук. даследавання. Канчатковы вынік — разуменне структуры аб’екта, які вывучаецца. Калі аб’ект з’яўляецца прадстаўніком пэўнага класа прадметаў, аналіз аднаго з іх дае магчымасць уявіць структуру ўсяго класа. Вынікі аналізу служаць матэрыялам для наступных ступеняў навук. пазнання — абстракцыі, абагульнення, параўнання і інш. Аналіз — рухальная сіла ў выяўленні законаў, якім падпарадкоўваецца аб’ект даследавання. Карэктнасць аналізу правяраецца процілеглым яму прыёмам — сінтэзам. Калі пры гэтым выяўляецца супярэчнасць, аналіз паўтараецца з вылучэння новых гіпотэз аб структуры і ўласцівасцях састаўных частак аб’екта вывучэння. Калі паўторны аналіз паказаў неадольнасць супярэчнасцяў, то для выяўлення структуры аб’екта неабходны новы падыход. У логіцы сістэмны аналіз выкарыстоўваецца з часоў Арыстоцеля. Са з’яўленнем сімвалічнай логікі, кібернетыкі і семіётыкі выпрацавана найб. развітая форма лагічнага аналізу — пабудовы фармалізаваных моў.

Літ.:

Пузиков П.Д. Анализ и синтез — от мысли к вещи. Мн., 1969;

Андреев М.Д. Диалектическая логика. М., 1985;

Hintikka J., Remes U. The method of analysis. Dordrecht;

Boston, 1974.

В.​М.​Пешкаў.

т. 1, с. 333

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУКСУ́Н (Coregonus muksun),

паўпрахадная рыба роду сігаў сям. ласосяў. Пашыраны ў апрэсненых і прыбярэжных водах Паўн. Ледавітага ак., нерастуе ў рэках Сібіры. На п-ве Таймыр жыве азёрная форма.

Даўж. да 75 см, маса да 8, зрэдку да 13 кг. Верхняя сківіца даўжэйшая за ніжнюю. Корміцца пераважна заабентасам, ракападобнымі, зрэдку рыбай. Нераст не кожны год. Аб’ект промыслу і развядзення.

Муксун.

т. 11, с. 21

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕ́ЛЬМА (Stenodus leucichthys nelma),

паўпрахадная або прэснаводная рыба сям. сіговых, падвід беларыбіцы. Пашырана ў бас. Паўн. Ледавітага ак.; ад р. Паной на Кольскім п-ве на З да р. Макензі на У (Аляска). Утварае азёрныя жылыя формы (азёры Зайсан, Кубенскае, нарыльскія).

Даўж. да 1,5 м, маса да 50 кг. Луска буйная. Рот вял., на сківіцах дробныя зубы. Драпежнік. Аб’ект промыслу і развядзення.

Нельма.

т. 11, с. 281

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАДЫЁПЕЛЕНГА́ЦЫЯ,

вызначэнне напрамку на крыніцу радыёвыпрамянення; від пеленгацыі. Ажыццяўляецца з дапамогай радыёпеленгатараў. выкарыстанне 2 радыёпеленгатараў, размешчаных на адлегласці адзін ад аднаго, дазваляе вызначыць каардынаты пеленгаванага аб’екта, а Р. 2 ці больш крыніц радыёвыпрамянення — каардынаты аб’екта, з якога вядзецца Р. Пры Р. вымяраюцца вуглы паміж напрамкам на пеленгаваны аб’ект і асн. плоскасцямі, прынятымі за пачатак адліку. У караблеваджэнні абмяжоўваюцца вымярэннем пеленга (радыёпеленгаванне).

т. 13, с. 234

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФОНД ПРЫРО́ДНЫХ РЭСУ́РСАЎ,

сукупнасць прыродных рэсурсаў, умоў і найб. важных кампанентаў прыроднага асяроддзя, якія выкарыстоўваюцца ці могуць быць выкарыстаны для задавальнення патрэб чалавецтва. Вызначаецца як прыроднае багацце і гал. аб’ект прыродакарыстання, падлягае рацыянальнай эксплуатацыі, спалучанай з дзейнасцю па захаванні і паляпшэнні якасці прыроднага асяроддзя. Асн. састаўныя часткі Ф.п.р.: водны фонд, зямельны фонд, лясны фонд, тарфяны фонд і інш.

П.​І.​Лабанок.

т. 16, с. 436

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)