ГАСПІТАЛІ́ЗМ,

сіндром паталогіі дзіцячага псіхічнага і асобаснага развіцця, як вынік аддзялення дзіцяці ад маці і яго ранняй інстытуалізацыі. У дзіцячым узросце гаспіталізм накладвае негатыўны адбітак на ўсе сферы яго фарміравання як асобы, тармозіць інтэлектуальнае і эмацыянальнае развіццё, разбурае фіз. стан і г.д. Агульныя прыкметы гаспіталізму: страта ў вазе, вяласць, апатычнасць, павышаная санлівасць, мышачны гіпатонус, адыход ад кантактаў з людзьмі (адсутнасць зрокавага сачэння, паваротаў «на голас», «гулення» ў адказ на ласку дарослага), слабы плач і г.д. У крайніх формах гаспіталізму можа прывесці да сур’ёзных душэўных захворванняў (дзіцячы маразм і інш.), хранічнага інфіцыравання, а часам да смерці.

т. 5, с. 84

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗЕ́МБРЫХ (Sembrich) Марчэла [сапр. Каханская (Kochańska) Марцаліна; 18.2.1858, Вішнёўчык, Галіцыя, цяпер Украіна — 11.1.1935], польская спявачка (каларатурнае сапрана). У 1869—73 вучылася ў Львоўскай, у 1875—77 удасканальвалася ў Венскай кансерваторыі па класе фп. Спевам вучылася (па парадзе Ф.Ліста) у Дж.Б.Ламперці ў Мілане. Гастраліравала ў Еўропе і ЗША. Карысталася сусв. вядомасцю. Яе голас вылучаўся вял. дыяпазонам, рэдкай выразнасцю. У 1898—1909 салістка т-ра «Метраполітэн-опера». Выканала больш за 40 партый у операх В.А.Моцарта, Дж.Расіні, В.Беліні, Дж.Вердзі, Р.Вагнера. З 1924 выкладала ў Муз. ін-це Кёртыс у Філадальфіі і ў Джульярдскай школе ў Нью-Йорку.

т. 7, с. 53

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ГРАМА́ДСКІ ГО́ЛАС»,

газета Беларускай часовай рады (БЧР) — паліт. аб’яднання польскай арыентацыі ў Зах. Беларусі. Выдавалася штотыднёва з 22.6.1924 да 28.1.1926 у Вільні на бел. мове. Крытычна ставілася да эміграцыйнага ўрада Бел. Нар. Рэспублікі і ўрада Сав. Беларусі, прапагандавала ідэю згуртавання грамадскіх сіл, адзінага нац. фронту. Памяркоўна крытыкавала палітыку польск. ўрада, асвятляла праблемы царквы на Беларусі. Змяшчала матэрыялы пра творчасць Я.Купалы, М.Багдановіча, пра стан бел. мастацтва, дзейнасць Бел. аб’яднанага т-ра, аб праблемах бел. мовы. Публікавала маст. творы і пераклады на бел. мову з інш. моў. З уздымам нац.-вызв. руху ў Зах. Беларусі спыніла сваё існаванне.

А.С.Ліс.

т. 5, с. 398

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКАЕ ТАВАРЫ́СТВА ПА СУ́ВЯЗЯХ З СУАЙЧЫ́ННІКАМІ ЗА РУБЯЖО́М, Беларускае таварыства «Радзіма»,

добраахвотная грамадская арг-цыя. Створана ў 1964 (у 1960—64 дзейнічала Бел. секцыя к-та «За вяртанне на Радзіму і развіццё культ. сувязяў з суайчыннікамі»). У 1976 пераўтворана ў Бел. т-ва «Радзіма». Сярод заснавальнікаў Р.Шырма і М.Танк. Асн. кірункі дзейнасці: культ. і эканам. кантакты з аб’яднаннямі землякоў за мяжой і асобнымі суайчыннікамі, перасылка за мяжу л-ры, падручнікаў, кінафільмаў, фотавыставак і інш., арганізацыя курсаў па вывучэнні бел. гісторыі, культуры і мовы, гуманіт. дапамогі ад замежных суайчыннікаў жыхарам Беларусі, якія пацярпелі ад Чарнобыльскай катастрофы 1986 і інш. Т-ва заснавальнік газ. «Голас Радзімы».

т. 2, с. 402

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЬТ

(італьян. alto ад лац. altus высокі),

1) нізкі жаночы ці дзіцячы голас у хоры; 2-я па вышыні партыя ў харавой партытуры. Да 18 ст. назва высокага тэнара.

2) Муз. інструмент класа хардафонаў тыпу смыковых. Мае тую ж канструкцыю, што і скрыпка, але большых памераў, густы, насычаны гук, строй квінтай ніжэй. Мяркуюць, створаны на мяжы 15—16 ст. На Беларусі вядомы з 18 ст., выкарыстоўваўся ў ансамблях і з аркестрам; нар. назва «альтоўка».

3) Разнавіднасці многіх аркестравых інструментаў: духавых (флейта-альт, габой-альт, кларнет-альт, труба-альт, трамбон-альт), струнных (цымбалы-альт, мандаліна-альт, балалайка-альт, домра-альт).

І.Дз.Назіна.

т. 1, с. 284

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАСІ́ЛЬ

(свецкае імя Тамашчык Уладзімір; 15.4.1900, в. Вялікія Азяраны, Беласточчына — 9.6.1970),

бел. рэлігійны і грамадскі дзеяч. Д-р багаслоўя. Скончыў Пражскі політэхн. Ін-т (1934), Украінскую багаслоўскую акадэмію ў Мюнхене (1948). У 1927 арыштаваны польск. ўладамі за бел. грамадска-паліт. дзейнасць. З 1930 у г. Прага. З 1941 на Беласточчыне. З 1944 у эміграцыі ў Германіі. У 1949 пастрыжаны ў манахі і яму нададзены сан архімандрыта, пасля — епіскапа Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы (БАПЦ) за мяжой. З 1951 у ЗША, узначаліў амер. епархію БАПЦ, у 1951—52 — Беларускі інстытут навукі і мастацтва ў Нью-Йорку. Браў удзел у выданні час. «Голас царквы».

Л.У.Языковіч.

т. 4, с. 26

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́РДЫМЕР (Gordimer) Надзін

(н. 20.11.1923, г. Спрынгс, ПАР),

пісьменніца Паўд.-Афр. Рэспублікі. Піша на англ. мове. У зб-ках апавяданняў «Тварам да твару» (1949), «Ліслівы голас змея» (1952), «Напэўна ў панядзелак» (1976), «Абдымкі салдата» (1980), вострапаліт. аповесці «Недзе зусім побач» (1984), раманах «Ілжывыя дні» (1953), «Зямля чужынцаў» (1958), «Магчымасць кахаць» (1963), «Ганаровы госць» (1970), «Гісторыя майго сына» (1990) і інш. адлюстроўвае розныя бакі сучаснага жыцця краіны: сац. і расавую дыскрымінацыю, каханне, адносіны паміж людзьмі. Яе творам уласцівы тонкі псіхалагізм, лірычнасць, сувязь з фалькл. традыцыяй афр. прозы. Нобелеўская прэмія 1991.

Тв.:

Рус. пер. — Рассказы. М., 1971;

Дом Инкаламу: Рассказы. М., 1982;

Избранное. М., 1989.

т. 5, с. 359

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНІЧЭ́НКА Уладзімір Васілевіч

(н. 20.7.1924, в. Янаўка Хоцімскага р-на Магілёўскай вобл.),

бел. мовазнавец. Д-р філал. н. (1970), праф. (1971). Засл. дз. нав. Беларусі (1976). Скончыў БДУ (1952). У 1955—70 у Ін-це мовазнаўства АН Беларусі, з 1970 у Гомельскім ун-це (у 1970—91 заг. кафедры). Даследуе пытанні бел. і слав. мовазнаўства. Аўтар манаграфіі «Беларуска-ўкраінскія пісьмова-моўныя сувязі» (1969), «Гістарычнай лексікалогіі беларускай мовы» (1970; у сааўт.), вучэбных дапаможнікаў для ВНУ па марфалогіі, гіст. лексікалогіі і фанетыцы ўсх.-слав. моў, «Слоўніка мовы Скарыны» (т. 1—3, 1977—94), кніг «Беларускі казачны эпас» (1976) і «Голас з невычэрпнай і жыватворнай крыніцы» (1995). Дзярж. прэмія Беларусі 1988.

т. 1, с. 372

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКАЕ НАЦЫЯНА́ЛЬНАЕ АБ’ЯДНА́ННЕ (БНА) у Канадзе, бел. грамадская культ.-асв. арг-цыя. Узнікла ў 1952 у выніку расколу Згуртавання беларусаў Канады. У 1953 з царквой імя св. Ефрасінні Полацкай стварыла ў Таронта рэліг. і грамадскі асяродак. Працавала нядзельная школа (1953), Бел. страхавое т-ва «Пагоня» (1954), танц. група. БНА — арганізатар і ўдзельнік сустрэч беларусаў Паўн. Амерыкі (Таронта, 1956 і 1960; Саўт-Рывер, 1958; Нью-Йорк, 1966), удзельнічае ў міжнар. і этнічных фестывалях і канцэртах. У 1960 было адным з заснавальнікаў Каардынацыйнага к-та беларусаў Канады. З 1969 саўладальнік бел. Цэнтра адпачынку «Слуцак». Выдае газ. «Беларускі голас».

Літ.:

Sadouski I.A. A history of the Byelorussians in Canada. Belleville, 1981.

А.С.Ляднёва.

т. 2, с. 397

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАСПАРА́Н (Хачатран) Гаар Мікаэлаўна

(н. 14.12.1924, Каір),

армянская спявачка (лірыка-каларатурнае сапрана). Нар. арт. СССР (1956). Герой Сац. Працы (1984). Муз. адукацыю атрымала ў Каіры. З 1948 у Арменіі, з 1949 салістка Арм. т-ра оперы і балета. З 1965 выкладае ў Ерэванскай кансерваторыі (праф. з 1977). Голас вял. дыяпазону, удумлівая, тонкая трактоўка маст. вобразаў спалучаюцца ў яе з віртуознай каларатурнай тэхнікай. Сярод партый у операх арм. кампазітараў: Ануш, Шушан («Ануш», «Давід-Бек» А.Тыграняна), Гаар («Гераіня» А.Сцепаняна; Дзярж. прэмія СССР 1951), Алімпія («Аршак II» Т.Чухаджана), у класічных — Лакмэ («Лакмэ» Л.Дэліба), Віялета, Дэздэмона, Джыльда («Травіята», «Атэла», «Рыгалета» Дж.Вердзі), Маргарыта («Фауст» Ш.Гуно), Разіна («Севільскі цырульнік» Дж.Расіні). Вядомая як камерная спявачка. Дзярж. прэмія Арменіі 1964.

т. 5, с. 84

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)