ПЕРАХО́Д КО́ЛЬКАСНЫХ ЗМЯНЕ́ННЯЎ У Я́КАСНЫЯ адзін з асноўных законаў дыялектыкі, які раскрывае ўзаемную сувязь колькасных і якасных змяненняў у развіцці прыродных і сац. з’яў. Сфармуляваны Г. Гегелем на аб’ектыўна-ідэаліст. аснове. У матэрыяліст. дыялектыцы — усеагульны закон развіцця аб’ектыўнага свету. Змест закону раскрываецца праз усе катэгорыі дыялектыкі, перш за ўсё якасці, колькасці, меры і дыялектычнага скачка. Якасць і колькасць узаемавызначальныя, узаемаабумоўленыя катэгорыі і іх арган. ўзаемасувязь выяўляецца праз катэгорыю меры або таго адрэзка колькасных змяненняў, у межах якога прадмет (з’ява) застаецца сам сабой. Згодна з гэтым законам змена прыроды дадзенага прадмета (з’явы) — пераход ад адной якасці да другой, адбываецца толькі ў тым выпадку, калі колькасныя змяненні дасягаюць пэўнай мяжы, якая выходзіць за рамкі меры. Пераход рэчы ад аднаго якаснага стану да другога, узнікненне новай рэчы адбываюцца праз скачок. Адрозніваюць скачкі-выбухі і паступовыя скачкі, адзінарныя і комплексныя, прагрэсіўныя і рэгрэсіўныя і інш. Тып скачка абумоўлены зместам прадмета і ўмовамі, у якіх адбываецца фарміраванне і вырашэнне супярэчнасці. Узнікненне новай якасці (новага прадмета) непасрэдна ўплывае на колькасныя параметры рэчы, у т. л. на меру.
Літ.:
Гегель Г. Энциклопедия философских наук: Пер. с нем. Т. 1—3. М., 1974—77;
Яго ж. Наука логики: Пер. с нем. Т. 1—3. М., 1970—72;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІВАВА́РНАЯ ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,
галіна харчовай прамысловасці па вырабе піва. На Беларусі старэйшыя прадпрыемствы П.п. — «Аліварыя» (былы з-д братоў Лекерт, 1864), піўзаводы ў Лідзе (1876), Мазыры (1885). 16 прадпрыемстваў П.п. (1999) уваходзяць у асацыяцыю «Белпіва». Выпускаецца каля 50 гатункаў піва. Найб. прадпрыемствы: акц. т-вы «Аліварыя», «Лідскі піваварны завод», акц. прадпрыемства «Крыніца». Працуюць піўзаводы ў Бабруйску, Брэсце, Віцебску, Гродне, Гомелі, Магілёве, Маладзечне, Навагрудку, Оршы, Полацку, Рагачове, Рэчыцы, Слуцку і інш., бел.-шведскае прадпрыемства па вытв-сці піва «Залаты егер» у Мазыры. На долю П.п. прыпадае 3% валавой прадукцыі харч. прам-сці, 4,8% прамысл.-вытв. сродкаў. Спажыванне піва — 27 л на чалавека за год. Частка прадукцыі П.п. Беларусі экспартуецца ў Расію.
Найб. развіта П.п. у Аўстрыі, Бельгіі, Вялікабрытаніі, Германіі. Даніі, Чэхіі, ЗША, Японіі і інш. Спажыванне піва на чалавека за год — у Чэхіі 90, у Вялікабрытаніі 103, у Германіі 140 літраў.
П.І.Рогач.
Да арт.Піваварная прамысловасць. Вытворчыя ўчасткі Мінскага завода «Аліварыя»; 1 — цыліндра-канічных танкаў; 2 — варачны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ЛАЦКА-ЛЕ́ПЕЛЬСКАЯ БІ́ТВА 1944,
баі 16 партызанскіх брыгад Полацка-Лепельскай партызанскай зоны супраць ням.-фаш. захопнікаў у Вял.Айч. вайну. З канца снеж. 1943, калі фронт наблізіўся да паўн. граніцы зоны, немцы імкнуліся адцясніць партызан ад дарогі Віцебск—Лепель—Параф’янава, якая звязвала 3-ю ням.танк. армію з тылам. Не дасягнуўшы поспеху да лютага 1944, захопнікі арганізавалі карныя аперацыі «Веснавое свята» і «Лівень» для правядзення якіх сабралі 12 палкоў СС і паліцыі, 5 пяхотных, часці авіяпалявой, ахоўнай і запасной дывізій, асобны батальён Дырлевангера, танк. полк, брыгаду Камінскага (каля 60 тыс.чал.), 137 танкаў, 235 гармат, 2 бронепаязды, каля 70 самалётаў. 11 крас. карнікі пачалі наступленне. Але партызаны ўтрымлівалі пазіцыі, авіяцыя 1-га Прыбалт. фронту бамбіла скопішчы ням. войск, пераправіла партызанам больш за 250 т грузаў, вывезла каля 1500 параненых і хворых; вайск. часці фронту баямі мясц. значэння адцягвалі ўвагу карнікаў. Калі гітлераўцы ўсё ж звузілі кола акружэння, партызаны 5 мая пайшлі на прарыў, у выніку якога з блакады было выведзена каля 15 тыс.мясц. жыхароў. За 25 дзён баёў партызаны моцна знясілілі варожую групоўку, прычынілі ёй вял. страты (забіта 8,3 тыс. салдат і афіцэраў). У баях супраць карнікаў загінулі камбрыгі У.У.Гіль-Радзіёнаў, А.Ф.Данукалаў, П.М.Раманаў, Дз.Ц.Караленка. У гонар подзвігу партызан паблізу г.п. Ушачы створаны мемар. комплекс «Прарыў».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАПО́ЙСКІ ЗА́МАК Існаваў у 13—18 ст. як цэнтр абароны сярэдневяковага г. Прапойск (з 1945 г.Слаўгарад). Займаў выцягнутае з Пн на Пд гарадзішча (95 × 40 м) стараж. Прупоя, ці Пропошеска, якое размяшчалася на стромкім беразе Сажа, недалёка ад упадзення ў яго р. Проня. Паводле гіст. крыніц за 1564, у П.з. былі драўляныя вежы і сцены, вежа-брама і пад’ёмныя масты-«ўзводы». Звесткі пра колькасць вежаў у П.з. адсутнічаюць. Па грэбені вала, які ішоў у паўд. напрамку, над абарончым ровам размяшчаліся замкавыя гародні. З Пд і У замак прыкрываўся стромкім 20-метровым абрывам у бок Сажа. У ваен. час у П.з. быў невял. пастаянны гарнізон з 10—20 казакоў на чале з ротмістрам. Пасля разбурэнняў у час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 П.з. быў адноўлены і не страціў свайго ваен. значэння. Інвентар за 1681 зафіксаваў замак як невял. ўмацаванне, абгароджанае «палямі». Згадваюцца «брама, драницами крытая», «форта у паркане до воды», жылыя і гасп. пабудовы (хаты белыя, піўніца, 2 свірны, сыраварня, пякарня, 3 стайні, лазня, шопа). У канцы 17 — пач. 18 ст. Прапойск страціў сваё стратэг. значэнне, аднак яшчэ ў 1780 упамінаўся «замок, окруженный полисадом». У канцы 18 ст. ў выніку праведзенай кн. А.М.Галіцыным на пляцоўцы замчышча планіроўкі зніклі абарончыя валы і рэшткі стараж. замка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РОСЬ, Рос, Роса,
рака ў Свіслацкім, Ваўкавыскім і Мастоўскім р-нах Гродзенскай вобл., левы прыток р. Нёман. Даўж. 99 км, пл. вадазбору 1250 км². Пачынаецца ў забалочанай мясцовасці за 2 км на З ад в. Лозы Свіслацкага р-на, вусце за 1,8 км на ПдУ ад в. Дубна Мастоўскага р-на. Цячэ пераважна з Пд на Пн у межах Ваўкавыскага ўзв., у нізоўі па Нёманскай нізіне. Асн. прытокі: Харужаўка, Ваўкавыя, Плішча (справа), Свянціца, Нятупа, Вехатнянка, Ваўпянка (злева). Даліна трапецападобная, шыр. 1—2,5 км, схілы сярэдне стромкія, выш. 10—25 м, парэзаныя далінамі прытокаў і ярамі. Пойма двухбаковая, чаргуецца па берагах, забалочаная, слабаперасечаная, шыр. 400—600 м. Рэчышча на працягу 3 км ад вытоку каналізаванае, ніжэй звілістае. Каля в. Лічыцы і г.п. Краснасельскі Ваўкавыскага р-на падзяляецца на 2 рукавы, якія ўтвараюць астравы даўж. 1,5 і 3,5 км. Берагі стромкія і абрывістыя, выш. 0,5—1,5 м. Жыўленне мяшанае. На перыяд веснавога разводдзя працягласцю да 45 сут (крас. — сярэдзіна мая) прыпадае каля 45% гадавога сцёку, выш. падняцця ўзроўню вады 1,5 м. Летне-асенняя і зімовая межані парушаюцца паводкамі ад дажджоў і адліг. Замярзае ў пач.снеж., крыгалом у пач. сакавіка. Сярэднегадавы расход вады ў вусці 6,8 м³/с. На рацэ вадасх. Воўпаўскае, г. Ваўкавыск, г.п. Краснасельскі, Рось, Поразава.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РОСЬ,
гарадскі пасёлак у Ваўкавыскім р-не Гродзенскай вобл., на р. Рось, чыг. ст. на лініі Ваўкавыск—Масты; на аўтадарозе Ваўкавыск—Гродна. За 15 км ад г. Ваўкавыск, 85 км ад Гродна. 6,6 тыс.ж. (2000).
У ВКЛ вядома з 16 ст. як мястэчка Ваўкавыскага пав. Навагрудскага ваяв. Побач знаходзіўся маёнтак Хадкевічаў, таму другая назва Р. — Падросль. Пасля 3-га падзелу Рэчы Паспалітай (1795) у Слонімскай, Літоўскай, з 1801 у Гродзенскай губ., цэнтр Роскай воласці Ваўкавыскага пав. У канцы 19 ст. больш за 700 ж., школа, 2 шавецкія майстэрні, шкіпінарны з-д, вадзяны млын, ваўначоска, 4 крамы. З пабудовай у 1886 Баранавіцка-Беластоцкай чыгункі Р. — чыг. станцыя. У 1921—39 у складзе Польшчы, цэнтр гміны Ваўкавыскага пав. Беластоцкага ваяв. З 1939 у БССР, з 15.1.1940 вёска Ваўкавыскага р-на Беластоцкай вобл. У Вял.Айч. вайну ням. фашысты загубілі тут 45 жыхароў. З 1944 у Гродзенскай вобл., з 30.4.1958 гар. пасёлак.
Працуюць камбікормавы з-д, дзярж. прадпрыемства «Рось», лясніцтва; 2 сярэднія школы. дзіцячая школа мастацтваў, дзіцячы сад, Дом культуры, б-ка, бальніца, паліклініка, дом быту. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан, магілы ахвяр фашызму. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял.Айч. вайну. Помнікі архітэктуры: Троіцкі касцёл (1801), Троіцкая царква (1908).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЫТАВО́Е АБСЛУГО́ЎВАННЕ,
форма задавальнення матэрыяльных і культ.-быт. патрэб грамадзян, прадпрыемстваў і арг-цый праз аказанне паслуг; частка сферы абслугоўвання. Прадпрыемствы бытавога абслугоўвання аказваюць паслугі: прамысловыя (рамонт транспартных сродкаў, складанай быт. тэхнікі, вытв-сць і рамонт металавырабаў, адзення, абутку, мэблі, хімчыстка, мыццё бялізны, фотапаслугі, рамонт і буд-ва жылля і інш.) і непрамысл. (паслугі цырульнікаў, лазняў, пракатных пунктаў, даведачных бюро, догляд хворых, састарэлых і дзяцей, дастаўка на дом прадуктаў, білетаў, прыбіранне кватэр і інш.). Адрозніваюць паслугі па вытв-сці гатовай прадукцыі, рамонце вырабаў, задавальненні патрэб асабістага характару. Іх аказваюць насельніцтву па індывідуальных заказах і шляхам вырабу невял. партый прадукцыі, якую рэалізуюць праз уласную сетку, а прадпрыемствам і арг-цыям — паводле заключаных дагавораў. З паскарэннем сац. і навук.-тэхн. прагрэсу, ростам дабрабыту насельніцтва значэнне грамадска арганізаваных формаў задавальнення быт. патрэб расце: бытавое абслугоўванне разам з інш. галінамі сферы абслугоўвання (гандаль, грамадскае харчаванне, камунальная гаспадарка) паступова замяняе асобныя элементы хатняй гаспадаркі грамадскай вытв-сцю і арганізаваным абслугоўваннем. Таму ў развітых краінах бытавое абслугоўванне — высокаіндустр. галіна з выкарыстаннем найноўшых машын, абсталявання і тэхналогій, разнастайных формаў сэрвісу. Развіццё бытавога абслугоўвання садзейнічае павелічэнню занятасці насельніцтва, стварэнню жыллёвага камфорту, рацыянальнаму выкарыстанню вольнага часу, павышэнню культ.-адукац. ўзроўню насельніцтва, лепшай арганізацыі яго адпачынку, а ў выніку — росту прадукцыйнасці грамадскай працы. Асабліва вял. роля бытавога абслугоўвання ў эканам. і сац.-культ. развіцці сельскіх нас. пунктаў.
На Беларусі быт. паслугі здаўна аказвалі саматужнікі-адзіночкі і невял. спецыялізаваныя арцелі (шаўцоў, краўцоў і інш.). Большасць насельніцтва, асабліва сельскага, задавальняла быт. патрэбы традыцыйным самаабслугоўваннем. За час рэвалюцыі, грамадз. вайны і пасляваен. разрухі і гэтая служба быту перастала існаваць. Яе аднаўленне пачалося ў 1920-я г. У чэрв. 1925 ЦВК і СНКБССР прынялі пастанову аб рэгістрацыі т-ваў саматужнікаў, а ў снежні — «Аб зацвярджэнні Беларускага Саюза саматужна-промыславай кааперацыі (Белсампрамсаюза)», на аснове якіх за перадваен. гады аб’яднаны дробныя арцелі і створана сетка новых прадпрыемстваў бытавога абслугоўвання. У пасляваенны перыяд служба быту аднаўлялася і пашыралася на новай тэхн. аснове. У 1960 дзейнічалі 4724 прадпрыемствы быт. паслуг, з іх больш за 3 тыс. аказвалі прамысл. віды паслуг. У 1965 промыславая кааперацыя рэарганізавана ў Гал. ўпраўленне быт. абслугоўвання насельніцтва, а ў 1966 ператворана ў адпаведнае мін-ва. За 1966—70 створаны 2573 прадпрыемствы быту, за 1971—75 колькасць майстэрняў (атэлье) у гарадах і гар. пасёлках павялічылася на 1510 адзінак, а ў сельскай мясцовасці — на 643, прыёмных пунктаў адпаведна на 1203 і 1061 адзінку. Дзейнічалі спецыялізаваныя прадпрыемствы па мыцці бялізны, хімчыстцы адзення, тэхн. абслугоўванні легкавых аўтамабіляў, рамонце быт. машын і прылад, рамонце і пашыве адзення, абутку, рамонце і вырабе мэблі. Сфарміравана сетка комплексных прыёмных пунктаў і дамоў быту на цэнтр. сядзібах калгасаў і саўгасаў. Нарошчваліся вытв. магутнасці ў сферы бытавога абслугоўвання, павялічваўся аб’ём відаў паслуг. З 1990 функцыі дзярж. рэгулявання ў сферы бытавога абслугоўвання ўскладзены на Бел.рэсп. саюз прадпрыемстваў бытавога абслугоўвання насельніцтва. Усе яго прадпрыемствы належаць да камунальнай уласнасці (у т. л.абл., гар. і раённай). Быт. паслугі аказваюць таксама прадпрыемствы камун. гаспадаркі, аўтатранспарту, мясц. прамысловасці і інш. У сферы бытавога абслугоўвання фарміруецца таксама сістэма арганізаванага (малыя прадпрыемствы, атэлье) і індывідуальнага (па патэнтах) бізнесу. Пра развіццё гэтай галіны на Беларусі гл.табл.
У пераходны да рыначнай эканомікі перыяд колькасць прадпрыемстваў бытавога абслугоўвання паменшылася, прадаўжаецца іх прыватызацыя. У 1995 з агульнай колькасці прадпрыемстваў бытавога абслугоўвання 4546 дзярж., 3272 калектыўныя, 18 прыватных. Яны аказвалі насельніцтву больш за 600 відаў быт. паслуг. У аб’ёме ўсіх платных паслуг бытавога абслугоўвання займае 3-е месца пасля пасажырскага транспарту і камун. гаспадаркі. Найб. ўдзельную вагу ў бытавым абслугоўванні займаюць паслугі пральняў (14,3%), транспартныя (10,4%), рамонт і тэхн. абслугоўванне транспартных сродкаў (9,3%), пашыў адзення (6,7%). Створана інфраструктура галіны: ін-т «Белбыттэхпраект», камбінат «Белбытрэклама», доследна-мех.з-д, вылічальны цэнтр; у абласцях дзейнічаюць рамонтна-буд. ўпраўленні, базы «Аблбытзаб», аўтабазы, вучэбна-курсавыя камбінаты. У пашырэнні сферы бытавога абслугоўвання — вял. рэзерв павелічэння занятасці насельніцтва, што вызваляецца з вытв-сці ў выніку яе структурнай перабудовы.
Ю.І.Муравіцкі.
Асноўныя паказчыкі развіцця бытавога абслугоўвання ў Беларусі
1970
1980
1990
1995
Колькасць прадпрыемстваў (разам з атэлье і майстэрнямі), адзінак
9053
11 206
12 441
7836
у т.л. ў сельскай мясцовасці
4354
5302
4890
2658
Аб’ём рэалізацыі быт. паслуг (у цэнах адпаведных гадоў), млн.руб.
141,5
327
808
1 145 398
у т.л. ў сельскай мясцовасці
35,3
97
200
204 838
Сярэднегадавая колькасць работнікаў на прадпрыемствах і ў прыёмных пунктах, тыс.чал.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРУНЕ́Й (Brunei),
Бруней Дарусалам (Brunei Darussalam), дзяржава ў Паўд.-Усх. Азіі, на паўн.-зах. беразе в-ва Калімантан. Складаецца з 2 анклаваў, падзеленых паласой (шыр. 15—30 км) тэр. памежнага штата Саравак (Малайзія). Абмываецца водамі Паўд.-Кітайскага м.Пл. 5765 км². Нас. 274 тыс.чал. (1993). Дзярж. мова малайская, карыстаюцца таксама англійскай і кітайскай мовамі. Дзярж. рэлігія — іслам (мусульмане-суніты — 67% вернікаў), ёсць будысты, канфуцыяне, хрысціяне. Сталіца — г.Бандар-Серы-Бегаван. Падзяляецца на 4 адм. акругі. Нац. свята — Дзень незалежнасці (23 лют.).
Дзяржаўны лад. Бруней — канстытуцыйная манархія (султанат). Дзейнічае канстытуцыя 1959 з папраўкамі 1971. Кіраўнік дзяржавы — султан, які адначасова ўзначальвае ўрад — Савет Міністраў. Заканадаўчы орган — Заканадаўчы савет, у які ўваходзіць 21 член (11 з іх прызначаюцца султанам, 10 выбіраюцца).
Прырода. Большая ч. паверхні — алювіяльная берагавая забалочаная раўніна. Клімат экватарыяльны. Т-ра паветра на працягу ўсяго года каля 26 °C. Ападкаў 2000—4000 ммза год. Сезоны не выражаны. Больш за 75% тэр. занята вільготнымі экватарыяльнымі лясамі.
Насельніцтва. Жывуць малайцы (66,9%), кітайцы (15,6%), абарыгенныя народы — ібаны, дусуны, муруты (5,7%); еўрапейцы, інданезійцы, тайландцы, індыйцы (разам 11,8%). Абарыгенныя народы жывуць у вёсках ва ўнутр.ч. краіны, астатнія — на ўзбярэжжы і ў гарадах. Сярэдняя шчыльн. 45,7 чал. на 1 км². Большая ч. насельніцтва (каля 170,1 тыс.чал.) сканцэнтравана ў сталіцы і яе наваколлі.
Гісторыя. Абарыгеннае насельніцтва Брунея — даякі. З канца 1-га тыс. да н.э. на паўн. ўзбярэжжа в-ва Калімантан мігрыравалі малайцы, з пач.н.э. — кітайцы. Каля 1200 гадоў назад тут утварыліся першыя брунейскія княствы са сталіцай Кота-Бату (Мураваны горад, засн. ў 7 ст.). Марскі гандаль (камфара, золата і інш.) і культ. кантакты з Індыяй і Кітаем садзейнічалі распаўсюджанню тут у 9—13 ст. індуізму і будызму. Каб захаваць сваю незалежнасць ад інданез. Шрывіджайскай імперыі ў 10—13 ст. і дзяржавы Маджапахіт (цэнтр — в-аў Ява) у 14 — пач. 15 ст., Бруней уступаў у саюз з Кітаем. У пач. 15 ст. пры правіцелю Махамадзе I ісламізаваны, пры яго пераемніках зацвердзіўся як султанат. Пры 5-м султане Болкіяху I (канец 15 — пач. 16 ст.), які заснаваў аднайм. дынастыю, што правіць і цяпер, Бруней дасягнуў найб. магутнасці і ахопліваў паўн.-зах. Калімантан, архіпелаг Сулу, філіпінскі в-аў Лусон, сучасныя малайзійскія штаты Сабах і Саравак і інш. У пач. 16 ст. краіну адкрылі еўрапейцы, першым з якіх быў у 1505—07 італьянец па паходжанні Л. дэ Вартэна. У 1577—78 і 1580 брунейцы адбілі ўварванні іспанцаў з Філіпінаў. У выніку ўнутр. міжусобіц і экспансіі галандцаў і англічан на Малайскі архіпелаг з 17 ст. пачаўся заняпад Брунея, скарачалася яго тэрыторыя. У 1840-я г. Бруней каланізаваны Вялікабрытаніяй. У 1888—1983 брыт. пратэктарат. У 2-й пал. 19 ст. султанат страціў Сабах і Саравак. У 2-ю сусв. вайну акупіраваны японцамі.
У выніку ўзмацнення нац.-вызв. руху ў 1959 Вялікабрытанія дазволіла Брунею ўнутр. самакіраванне, адначасова пачалося фарміраванне яго ўзбр. сіл. З 1968 султанам Брунея з’яўляецца Хасанал Болкіях, які лічыцца найбагацейшым чалавекам у свеце. 1.1.1984 абвешчана незалежнасць краіны. Легальна дзейнічае адзіная Брунейская нац. аб’яднаная партыя. З 1984 Бруней — чл.ААН, Асацыяцыі дзяржаў Паўд.-Усх. Азіі (АСЕАН), Арг-цыі Ісламская канферэнцыя, з 1985 — брыт. Садружнасці.
Гаспадарка. Аснова эканомікі — здабыча нафты і газу на кантынентальным шэльфе (больш за 90% валютных паступленняў, 60% валавога ўнутр. прадукту). Па здабычы прыроднага газу (больш за 12 млрд.м³ штогод) Бруней займае адно з вядучых месцаў у свеце, нафты (больш за 10 млн.т штогод) — 3-е месца ў Паўд.-Усх. Азіі. Дзейнічае адзін з буйнейшых у свеце з-даў па звадкаванні газу (каля 5 млн.тза год). Ёсць прадпрыемствы лесапільнай і дрэваапр. прам-сці, саматужная вытв-сць тканін, вырабаў з каштоўнай драўніны, серабра. Буд-ва невял. драўляных суднаў. Пад с.-г. ўгоддзямі 5,5% тэр., 80% харч. прадуктаў імпартуецца. Асн. культуры — каўчуканосы (каля 50% апрацаваных зямель) і рыс. Вырошчваюць таксама сагавую і какосавую пальмы, перац, трапічныя фрукты (бананы). Гадуюць буйн. раг. жывёлу, козаў, свіней. Птушкагадоўля. Рыбалоўства. Транспарт аўтамаб. (1,4 тыс.км аўтадарог, 90 тыс. аўтамашын). Рачное і марское суднаходства. Міжнар. аэрапорт. Нафту і газ экспартуюць пераважна ў Японію, ЗША, краіны Паўд.-Усх. Азіі, Тайвань. Імпарт: машыны, абсталяванне, прамысл. і харч. тавары ў асноўным з Сінгапура, Японіі, ЗША, Вялікабрытаніі, ФРГ, Малайзіі. Турызм. Грашовая адзінка — долар Брунея.
Літ.:
Денисов С.Н., Кулик Б.Т. Бруней вчера и сегодня. М., 1989;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМЕ́НСКІ ((Komenský) Ян Амос) (28.3.1592, г. Ніўніцы, Чэхія — 15.11.1670),
чэшскі мысліцель-гуманіст, педагог, грамадскі дзеяч. Першапач. адукацыю атрымаў у брацкай школе, у 1608—10 вучыўся ў лац. школе, затым у Гербарнскай акадэміі і Гайдэльбергскім ун-це (1611—14). У 1614—20 выкладаў і быў прапаведнікам у Пршэраве, потым у Фульнеку (Маравія). Адзін з лідэраў пратэстанцкай абшчыны «Чэшскія браты». З-зарэліг. ганенняў разам з абшчынай у 1628 пакінуў радзіму і больш за 40 гадоў жыў у розных краінах Еўропы (Швецыя, Венгрыя, Галандыя; больш за 14 гадоў у г. Лешна, Польшча). Займаўся пед., рэліг. і грамадскай дзейнасцю. Філас. погляды К. склаліся пад уплывам ідэй Арыстоцеля, Платона, Ф.Бэкана, Х.Л.Вівеса. Сваю дзейнасць прысвяціў праблемам адукацыі і выхавання, выпраўлення грамадства ў мэтах узаемаразумення і супрацоўніцтва паміж народамі для «дасягнення лепшага жыцця ва ўсім свеце». Напісаў больш за 130 твораў, у т. л. «Адчыненыя дзверы моў і ўсіх навук» (1631), «Матчына школа» (1633), «Вялікая дыдактыка» (1657), «Свет пачуццёвых рэчаў у малюнках» (1658). Распрацаваў прынцыпова новую пед. сістэму, заснаваную на дэмакратызме і гуманізме, гарманічным спалучэнні агульначалавечых і нац. пачаткаў, якая і сёння ляжыць у аснове пед. навукі. Упершыню тэарэтычна абгрунтаваў ідэю ўсеагульнай універсальнай адукацыі і выхавання на аснове раўнапраўя, класна-ўрочнай сістэмы навучання, якая надоўга выцесніла індывідуальнае навучанне. Заснавальнік дыдактыкі, якую разумеў як тэорыю навучання, адукацыі і выхавання. Асн. дыдактычнымі прынцыпамі навучання лічыў нагляднасць (называў «залатым правілам дыдактыкі»), свядомасць, пасільнасць, паслядоўнасць навучання і трываласць ведаў. Асн. патрабаванні да навучання — ранні пачатак навучання. адпаведнасць вучэбнага матэрыялу ўзросту дзіцяці. Лепшымі мерамі выхавання лічыў перакананне, павагу да асобы вучня. Распрацаваў паняцці мэт, зместу і метадаў выхавання. Мэту выхавання бачыў не толькі ў набыцці ведаў, але і ў сістэме маральных якасцей, найб. важнымі з якіх лічыў справядлівасць, мужнасць, памяркоўнасць. Вылучыў 3 састаўныя часткі выхавання — навук. адукацыю, маральнае і рэліг. выхаванне. Адукацыя, на яго думку, павінна дапамагаць чалавеку правільна арыентавацца ў свеце ў пошуках сэнсу жыцця. Паводле К., чалавек — дзіця прыроды, таму ўсе пед. сродкі павінны быць прыродазгоднымі. У адпаведнасці з ідэяй прыродазгоднасці выхавання стварыў адзіную сістэму адукацыі, якая складалася з 4 шасцігадовых перыядаў ад дашкольнага выхавання да вышэйшай адукацыі; матчына школа (да 6 гадоў у сям’і); элементарная школа роднай мовы (ад 6 да 12 гадоў); лац. школа або гімназія (з 12 да 18 гадоў); вышэйшая школа — акадэмія (з 18 да 24 гадоў). Ідэі К. ў поўным аб’ёме былі запатрабаваны ў перыяд бурнага развіцця навукі (канец 18—19 ст.), зрабілі вял. ўплыў на станаўленне асветы і пед. думкі ва ўсім свеце, у т. л. на Беларусі.
Літ.:
Лордкипанидзе Д.О. Ян Амос Коменский, 1592—1670. 2 изд. М., 1970;
Кратохвил М.В. Жизнь Яна Амоса Коменского: Пер. с чеш. М., 1991;
Митюров Б.Н. Ян Амос Коменский и Белоруссия // Адукацыя і выхаванне. 1996. № 2.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАНТСЕРА́Т (Montserrat),
уладанне Вялікабрытаніі ў Вест-Індыі. Займае аднайм. востраў у групе М. Антыльскіх а-воў. Пл. 100 км². Нас. 12,8 тыс.чал. (1998). Афіц. мова — англійская. Адм. ц. — г. Плімут. Краіна падзяляецца на 3 акругі. Нац. свята — Дзень нараджэння брыт. каралевы (другая субота чэрвеня).
Прырода. Востраў вулканічнага паходжання, гарысты. Выш. да 915 м (пік Чанс). Бываюць землетрасенні і вулканічныя вывяржэнні (буйное вывяржэнне вулкана Суфрыер адбылося ў 1996). Клімат трапічны, пасатны. Сярэднемесячныя т-ры паветра 23—28 °C. Ападкаў 1500 ммза год. Найб. іх выпадае ў вер.—ліст., найменш — у сак.—чэрвені. На схілах гор сярэдневільготныя трапічныя лясы. Пад лесам і хмызнякамі 40% тэрыторыі.
Насельніцтва. Пераважаюць негры і мулаты. Жывуць невял. групы англічан і амерыканцаў. Сярод вернікаў англікане, метадысты, католікі і прадстаўнікі інш. галін хрысціянства. Сярэдняя шчыльн. 128 чал. на 1 км². Амаль усё насельніцтва сканцэнтравана на ўзбярэжжы (шчыльн. каля 300 чал. на 1 км²). Сярэднегадавы прырост 0,23%. У адзіным горадзе Плімут жыве каля 3 тыс.ж. (1997). У прам-сці і буд-ве занята 24% працоўных, у сельскай і лясной гаспадарцы, рыбалоўстве — 9%, астатнія — у абслуговых галінах (пераважна турызм).
Гісторыя. Востраў адкрыты ў 1493 Х.Калумбам. З 1632 каланізаваны англічанамі і ірландцамі. У 17—18 ст.за валоданне ім сапернічалі Англія і Францыя, з 1783 уладанне Вялікабрытаніі. З 1871 у складзе калоніі Падветраныя астравы, з 1958 у Вест-Індскай федэрацыі. З 1960 мае ўнутр. самакіраванне, з 1971 — губернатара. М. — чл. Арг-цыі ўсходнекарыбскіх дзяржаў і Рэгіянальнай сістэмы бяспекі.
Гаспадарка. У эканоміцы гал. ролю адыгрывае замежны турызм (больш за палавіну даходаў краіны — каля 10 млн.дол.); прам-сць дае 18%, сельская гаспадарка — 5%. Краіну штогод наведвае больш за 40 тыс. турыстаў, пераважна з ЗША. Прам-сць прадстаўлена прадпрыемствамі па зборцы вырабаў электронікі і электратэхнікі, па перапрацоўцы с.-г. прадукцыі (ачыстка бавоўны, вытв-сць фруктовых сокаў і кансерваў), па выпуску тканін, пластмасавых вырабаў, харч. прадуктаў. Вытв-сць электраэнергіі 15 млн.кВт∙гадз (1995). Для сельскай гаспадаркі выкарыстоўваюць 3 тыс.га, з іх пад ворывам і шматгадовымі насаджэннямі 2 тыс.га, пад пашай 1 тыс.га. Асн. культуры: лайм (цытрусавая расліна), лімоны, манга, авакада, бананы, какосавая пальма. З гародніны вырошчваюць перац, памідоры, кабачкі, моркву, агуркі, цыбулю. Гал. экспартныя культуры: кветкі і жывыя расліны (вывозяць у ЗША і Еўропу), бавоўна і цукр. трыснёг. Жывёлагадоўля развіта менш. Пагалоўе (тыс. галоў): буйн. раг. жывёлы — 3,5, свіней — 1, авечак і коз — 10. Птушкагадоўля. Нарыхтоўка драўніны. Рыбалоўства. Транспарт аўтамаб. і марскі. На М. 269 км аўтадарог, з іх 203 км з цвёрдым пакрыццём. Знешнегандл. сувязі праз адзіны порт Плімут. На востраве міжнар. аэрапорт. У 1995 экспарт склаў 12,1 млн.дол., імпарт — 29,9 млн.дол. У экспарце пераважаюць электронныя кампаненты, вырабы з пластмас, адзенне, вострыя прыправы; у імпарце — прамысл. і харч. прадукты, паліва. Гал.гандл. партнёр ЗША. Грашовая адзінка — усходнекарыбскі долар.
І.Я.Афнагель (прырода, насельніцтва. гаспадарка).