АНО́Н,

рака ў Манголіі і Чыцінскай вобл. Расійскай Федэрацыі. Пры зліцці з р. Інгада ўтварае р. Шылка. Даўж. 1032 км, пл. бас. 96,2 тыс. км². Пачынаецца на нагор’і Хэнтэй, цячэ пераважна па ўзвышаных стэпавых раўнінах. Жыўленне ў асн. снегавое. Частыя летнія паводкі. Ледастаў з ліст., на перакатах перамярзае. Крыгалом у канцы крас. — пач. мая. Сярэдні расход вады ў ніжнім цячэнні 191 м³/с. Выкарыстоўваецца для арашэння і прамысл. водазабеспячэння.

т. 1, с. 374

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНТАРКТЫ́ЧНАЕ ПАВЕ́ТРА, антарктычныя паветраныя масы,

палярныя паветраныя масы, якія фарміруюцца над Антарктыдай, водамі, што яе акружаюць, і льдамі акіяна. Падзяляецца на кантынентальнае антарктычнае паветра, якое доўга знаходзіцца над халодным мацерыком і набывае самыя нізкія на Зямлі т-ры, высокую празрыстасць і сухасць, характэрныя для Антарктычнага антыцыклону, і марское, што ўзнікае над акіянам, менш халоднае і нясе больш вільгаці. Уплывае на клімат паўд. частак Аўстраліі, Паўд. Амерыкі і Сусв. акіяна.

т. 1, с. 384

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНТЫФАШЫ́СЦКАЕ ВЕ́ЧА НАРО́ДНАГА ВЫЗВАЛЕ́ННЯ ЮГАСЛА́ВІІ Заснавана ў 1942 як вышэйшы палітычны прадстаўнічы орган, які аб’ядноўваў усе патрыят. сілы Югаславіі для барацьбы супраць фаш. акупантаў. У ліст. 1943 пераўтворана ў вярх. заканад. орган краіны; выбраны Прэзідыум веча і створаны Нац. к-т вызвалення Югаславіі — часовы рэв. ўрад на чале з І.​Броз-Ціта. У жн. 1945 перайменавана ў Часовую нар. скупшчыну, якая дзейнічала да выбараў ва Устаноўчую скупшчыну ў ліст. 1945.

т. 1, с. 401

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АПАРТАМЕ́НТЫ (ад франц. appartement кватэра),

група жылых і дапаможных пакояў, вылучаных у адзін комплекс для пражывання пэўнай асобы; уключалі прыхожую, спальню, гардэроб, кабінет або будуар, парадную залу і інш. Пашыраны з 16 ст. ў палацах Італіі і Францыі. На Беларусі апартаменты былі ў магнацкіх рэзідэнцыях 17—18 ст. У 19 — пач. 20 ст. апартаменты ствараліся ў дамах секцыйнага і блакіраванага тыпаў. У наш час апартаментамі называюць і вял. багатае памяшканне.

т. 1, с. 418

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРЫГАНЦІ́НА (італьян. brigantino),

1) марское паруснае двухмачтавае судна з прамымі парусамі на пярэдняй мачце (фок-мачце) і косымі на задняй (грот-мачце). У 17—19 ст. выкарыстоўваліся ў ваен. флоце як пасыльныя і разведвальныя караблі.

2) Парусна-вёславае судна ў рус. флоце 18 ст. для перавозкі войск і грузаў. Мела 2—3 гарматы. Брыганціна меншая за брыг. У 16—18 ст. Брыганцінай наз. лёгкія быстраходныя пірацкія судны.

Брыганціна.

т. 3, с. 273

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРЫ́ЛЬСКАЯ ((Brylska) Барбара) (н. 5.6.1941, Варшава),

польская кінаактрыса. Скончыла Вышэйшую школу тэатра, кіно і тэлебачання ў Лодзі. Вобразы, створаныя актрысай, вызначаюцца вытанчанасцю выразных сродкаў і псіхал. праўдзівасцю. Сярод фільмаў: «Фараон», «Пан Валадыеўскі», «Польскі альбом», «Анатомія кахання». Здымалася ў Германіі («След Сокала», «Белыя ваўкі», «Пігмаліён XII»), Чэхаславакіі («Канцэрт для тых, хто застаецца», «Ціхі амерыканец у Празе»), Расіі [«Вызваленне», «Гарады і гады», «Іронія лёсу, або З лёгкай парай» (тэлевізійны, Дзярж. прэмія СССР 1977)].

т. 3, с. 276

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУДУА́Р (франц. boudoir),

невялікі гасціны пакой інтымнага характару. Прызначаўся для прыёму найб. блізкіх сяброў і знаёмых. Узнік у пач. 18 ст. ў франц. мастацтве інтэр’ера і стаў неад’емным элементам палацавага ўбранства часоў ракако і класіцызму. Яго абсталёўвалі ўтульнай мэбляй (крэслы, софы, столікі, бюро), упрыгожвалі жывапіснымі палотнамі сентыментальна-эратычнага характару.

Будуар з арабескамі. З карціны невядомага мастака. 2-я пал. 19 ст.
Будуар у Зімнім палацы. Санкт-Пецярбург. 1839—53.

т. 3, с. 316

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУЙНЫ́Я ШЭ́РЫЯ ГУ́СІ,

парода гусей. Выведзена на Украіне і ў Расіі (Тамбоўская вобл.) у 1940-я г. скрыжаваннем роменскіх гусей з тулузскімі. Выкарыстоўваюцца як бацькоўская форма ў скрыжаванні з кубанскімі, рэйнскімі, кітайскімі і інш. пародамі для вытв-сці мясных гусянят. Гадуюць пераважна на Украіне і ў Расіі.

Пер’е шэрае, на жываце белае. Маса гусакоў 6,5—7, гусак 5,5—6 кг. Яйцаноскасць за год 35—45 яец.

Буйныя шэрыя гусі.

т. 3, с. 323

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУ́ЛДУРЫ (Bulduri),

кліматычны курорт у Латвіі, у складзе г. Юрмала. За 20 км ад Рыгі, на беразе Рыжскага заліва Балтыйскага м. Вызначаецца мяккім марскім кліматам, спрыяльнымі ўмовамі для летніх купанняў. Пясчаны пляж з невял. дзюнамі, хвойная расліннасць. Разам з кліматалячэннем практыкуюцца бальнеа- і фізіятэрапія. Санаторыі, у ліку якіх «Беларусь» (уласнасць Рэспублікі Беларусь), спецыялізуюцца на лячэнні хвароб сардэчна-сасудзістай, стрававальнай і нерв. сістэм. Гасцініцы, пансіянаты, кемпінгі, турысцкія базы і інш.

т. 3, с. 330

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУТАДЫЕ́Н-НІТРЫ́ЛЬНЫЯ КАЎЧУКІ́, дывініл-нітрыльныя каўчукі,

сінтэтычныя каўчукі, супалімеры бутадыену і акрыланітрылу, [—CH—CH=CH—CH2—]n—[CH2——CH(CN)—]m.

Аморфныя прадукты ад светла-жоўтага да цёмна-карычневага колеру, шчыльн. 940—1020 кг/м³. Раствараюцца ў арган. злучэннях: кетонах, араматычных вуглевадародах, хлорвытворных вуглевадародаў. Устойлівыя да ўздзеяння тэхн. маслаў, бензіну, аліфатычных вуглевадародаў. Атрымліваюць суполімерызацыяй у воднай эмульсіі. Выкарыстоўваюцца ў вытв-сці масла- і бензінаўстойлівых гумавых вырабаў (ушчыльняльнікаў, сальнікаў, амартызатараў і інш.), у якасці пластыфікатараў для пластмасаў.

т. 3, с. 358

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)