АНЕМО́ГРАФ (ад анема... + ...граф),

анемарумбограф, прылада для бесперапыннага аўтам. запісу скорасці і напрамку (румбу) ветру. Адрозніваюць тыпы: чашачны анемограф (прыёмная частка як у анемометра; запісвае скорасць ветру з дакладнасцю 0,5—1 м/с. Анемограф манаметрычны (рэгіструе парывы ветру з дакладнасцю 0,3—0,5 м/с). Найб. дакладны анемограф аб’ядноўвае чашачны і манаметрычны.

т. 1, с. 365

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«АНЦУЕ́ЛЯ»,

бел. нар. танец, разнавіднасць кадрылі. Назва паходзіць, верагодна, ад адной з размоўных формаў жаночага імя Ганна — Анця, Анцінея. Бытаваў на Навагрудчыне (зафіксаваны на пач. 19 ст.). Танцавалі ў 2 або 4 пары па чарзе, потым усе разам. Асн. элемент руху — галоп. Муз. памер 24. Тэмп хуткі.

Л.​К.​Алексютовіч.

т. 1, с. 409

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АПАНЕЎРО́З (ад апа... + неўроз),

злучальнатканкавая пласціна са шчыльных, б.ч. размешчаных паралельна калагенавых і эластычных валокнаў, з дапамогай якой фіксуюцца мышцы. Прымацоўвае шырокія мышцы да касцей або да інш. тканак цела і абмяжоўвае іх. Напр., далонны апанеўроз абмяжоўвае рухомасць згінальнікаў пальцаў, апанеўроз вонкавай косай мышцы жывата — рухомасць сценкі брушной поласці і інш.

т. 1, с. 418

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АПРЭТАВА́ННЕ (ад франц. apprêter апрацоўваць),

апрацоўка тэкстыльных вырабаў з мэтай надання ім калянасці, незмінальнасці, гідрафобнасці, негаручасці і інш. Ажыццяўляецца прамочваннем ці паверхневай апрацоўкай вырабу спец. рэчывамі (апрэтамі). Для надання калянасці карыстаюцца водарастваральнымі эфірамі цэлюлозы (карбаксіметылцэлюлозай), крухмалам; незмінальнасці — амінафармальдэгіднымі смоламі; гідрафобнасці — крэмнійарган. вадкасцямі; пругкасці — сінт. латэксамі. Гл. таксама Тэкстыльна-дапаможныя рэчывы.

т. 1, с. 435

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРАБЕ́СК (франц. arabesque ад італьян. arabesco арабскі),

адна з асноўных позаў класічнага танца. Цела абапіраецца на прамую нагу, другая паднята і выцягнута назад; адна рука выцягнута ўперад, другая адведзена ўбок ці назад, корпус нахілены ўперад. У сучасным балеце сустракаюцца шматлікія формы арабеска пры розных становішчах апорнай нагі, рук, галавы, корпуса.

т. 1, с. 443

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРАДУ́Р-СЮР-ГЛАН (Oradour-sur-Glane),

пасёлак у Францыі ў дэпартаменце Верхняя В’ена. У 2-ю сусв. вайну 10.6.1944 поўнасцю знішчаны гітлераўцамі разам з яго жыхарамі (каля 1 тыс. чал.). Руіны Арадур-сюр-Глана захаваны як гіст. сведчанне фаш. варварства, пасля вайны недалёка ад Арадур-сюр-Глана пабудаваны новы пасёлак.

т. 1, с. 450

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАТЫМЕТРЫ́ЧНЫЯ КА́РТЫ (ад грэч bathys глыбокі і metreō вымяраю),

адлюстроўваюць падводны рэльеф пры дапамозе ізабатаў разам з адзнакамі глыбіняў. Афарбоўка падводнага рэльефу даецца ў адпаведнасці са ступенямі вышыняў. Служаць асновай фізіка-геагр. раянавання і спец. картаграфавання вадаёмаў. Выкарыстоўваюцца пры разведцы карысных выкапняў, планаванні рыбнага промыслу і як дапаможнікі ў навігацыі.

т. 2, с. 352

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАТЫСФЕ́РА (ад грэч. bathys глыбокі + сфера),

назіральная камера сферычна-цыліндрычнай або сферычнай формы для даследавання марскіх глыбіняў, вывучэння падводнай флоры і фауны і інш. Апускаецца на кабель-тросе з надводнага судна або ўваходзіць у склад батыскафа. Забяспечваецца сістэмай рэгенерацыі паветра, ілюмінатарамі, вымяральнай і інш. апаратурай. Сканструявана ў 1892 італьянцам Бальзамела.

Батысфера.

т. 2, с. 353

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАХАЙВА́НЬ,

заліў на ПнЗ Жоўтага м., абмывае берагі Кітая. Даўж. каля 280 км. Глыб. да 40 м. Аддзелены ад адкрытага мора п-вам Шаньдун. У Бахайвань упадаюць р. Хуанхэ і Хайхэ. Замярзае зімой у прыбярэжнай частцы. Прылівы паўсутачныя (да 3,4 м). Порт Тангу — аванпорт г. Цяньцзінь. Радовішчы нафты на шэльфе. Рыбалоўства.

т. 2, с. 356

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІЯТЫ́П (ад бія... + тып),

1) сукупнасць асобін у складзе папуляцыі (унутрыпапуляцыйная групоўка) з падобным генатыпам. У 1920—30-я г. Біятып разглядаўся як самая дробная таксанамічная катэгорыя, з якой складаецца від (гл. Экатып). Зрэдку да біятыпу адносяць групу асобін, падобных фенатыпічна, але не абавязкова генетычна ідэнтычных.

2) Тое, што жыццёвая форма.

т. 3, с. 179

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)