«ЗНА́МЯ Ю́НОСТИ»,

грамадска-палітычная газета. Выдаецца з 10.4.1938 у Мінску 5 разоў на тыдзень на рус. мове. Да чэрв. 1956 (№ 120) наз. «Сталинская молодежь» (у час Вял. Айч. вайны не выдавалася). Асвятляе жыццё моладзі на Беларусі і за яе межамі. Расказвае пра вучобу і адпачынак студэнтаў, жыццё бел. арміі, сучасныя маладзёжныя рухі і аб’яднанні. Змяшчае матэрыялы для жанчын, вернікаў. Закранае праблемы экалогіі, аховы здароўя, сям’і. Друкуе навіны папулярнай музыкі, спорту і інш.

Т.​А.​Меляшкевіч.

т. 7, с. 100

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗРУХ у супраціўленні матэрыялаў,

від пругкай дэфармацыі, які характарызуецца зменай (скажэннем) вуглоў элементарных паралелепіпедаў цела пры захаванні іх аб’ёму. Прыводзіць да ўзаемнага зрушэння паралельных слаёў матэрыялу з захаваннем нязменнай адлегласці паміж імі. Пры З. мае месца Гука закон: τ=Gγ, дзе τ — датычнае напружанне, што выклікае З., G — модуль З. дадзенага матэрыялу (гл. Модулі пругкасці), γ — вугал З. ці адносны З. Разлік на З. — асноўны для балтовых і заклёпачных злучэнняў і зварных швоў.

т. 7, с. 114

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗУБАВЫМЯРА́ЛЬНЫЯ ПРЫЛА́ДЫ,

сродкі вымярэння, прызначаныя для ацэнкі дакладнасці зубчастых колаў і перадач па нормах кінематычнай дакладнасці, плаўнасці, кантакту і бакавога зазору. Падзяляюцца на станковыя (пры вымярэнні зубчастае кола ўстанаўліваюць на прыладу) і накладныя (прыладу накладваюць на зубчастае кола). З дапамогай З.п. вымяраюць міжцэнтравыя адлегласці (гл. Міжцэнтрамер), даўжыні агульных нармалей (гл. Нармалемер), шагі зачаплення (гл. Шагамер), хвалістасць паверхні, таўшчыню зубоў і г.д. Імі карыстаюцца пры вырабе зубчастых колаў і перадач.

У.​Л.​Саламаха.

т. 7, с. 115

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗЭ́ЛЬВЕНСКАЕ ВАДАСХО́ВІШЧА,

у Зэльвенскім р-не Гродзенскай вобл. паміж вёскамі Беражкі, Каралін, Кашалі; часткова ў межах г.п. Зэльва. Створана на р. Зальвянка ў 1983. Пл. 12 км², даўж. 9 км, найб. шыр. 2 км, найб. глыб. 7,5 м, аб’ём вады 28 млн. м³. Правы бераг больш стромкі, парос лесам, левы спадзісты, пад сенажацямі і пашай. У г.п. Зэльва на левым беразе лесапарк пл. 47 га. Выкарыстоўваецца для арашэння зямель, воднага добраўпарадкавання прылеглых вёсак, рыбагадоўлі.

т. 7, с. 122

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІГА́РКА,

горад у Расіі, у Краснаярскім краі, на Ігарскай пратоцы р. Енісей. Засн. ў 1929. 17,9 тыс. ж. (1992). Буйны порт, даступны для марскіх суднаў. Аэрапорт. Лесакамбінат (піламатэрыялы) і рыбазавод. Навук.-доследная станцыя па вывучэнні шматгадовай мерзлаты Сібірскага аддзялення Рас. АН, філіял Ін-та эксперым. медыцыны (па вывучэнні і папярэджанні цынгі). Музеі шматгадовай мерзлаты і гісторыі асваення енісейскай поўначы.(па вывучэнні і папярэджанні цынгі). Музеі шматгадовай мерзлаты і гісторыі асваення енісейскай поўначы.

т. 7, с. 161

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНАЦЭРА́МЫ (Inoceramus),

род вымерлых двухстворкавых малюскаў атр. нераўнамускульных. Жылі ў морах юрскага і мелавога перыядаў, вялі прымацаваны спосаб жыцця. На Беларусі рэшткі І. вядомы з верхнемелавых адкладаў.

Цела двухбаковасіметрычнае, ракавіна вапняковая, даўж. да 1 м, круглай або авальнай формы, нераўнастворкавая, канцэнтрычна-, або радыяльна-рабрыстая, складкаватая, з добра развітай макаўкай і моцна развітым прызматычным слоем. Створкі ракавіны злучаліся звязкай (лігаментам) і замыкальнымі мускуламі (аддуктарамі). Рэшткі служаць для вызначэння ўзросту геал. адкладаў.

П.​Ф.​Каліноўскі.

т. 7, с. 218

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНЖЫНЕ́РНАЯ ПСІХАЛО́ГІЯ,

галіна псіхалогіі, якая даследуе псіхал. асаблівасці працы чалавека пры ўзаемадзеянні яго з тэхн. сродкамі ў працэсе вытв. і кіраўніцкай дзейнасці. Як самаст. кірунак пачала фарміравацца ў 1940-я г. ў межах псіхалогіі працы. Яе актывізацыя ў 1950-я г. звязана з навук.-тэхн. рэвалюцыяй. Сучасная І.п. даследуе складаныя працэсы ўзаемнай адаптацыі чалавека і сістэмы, якой ён кіруе. Яе дасягненні выкарыстоўваюцца для аптымізацыі дзейнасці людзей у сістэмах «чалавек — машына», у эрганоміцы.

т. 7, с. 258

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНТЭРЛЮ́ДЫЯ (ад лац. inter паміж + ludus ігра),

1) устаўная інструментальная ці вакальна-інструментальная п’еса паміж актамі драм. або муз. спектакля. Часцей наз. інтэрмедыяй.

2) Невял. п’еса, якая падзяляе або звязвае асн. часткі муз. твора. Сустракаецца ў муз.-сцэн. («Рамэо і Джульета» С.​Пракоф’ева), цыклічных («Ludus tonalis» П.​Хіндэміта) творах, як частка сюіты («Мадрыгал» для голасу з фп. М.​Мяскоўскага), а таксама ў фугах, паміж строфамі харала. Тэрмін «І.» часам ужываюць у значэнні інтэрмецца.

т. 7, с. 286

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІСТЫСУ́,

бальнеалагічны і горнакліматычны курорт у Азербайджане. Размешчаны на паўн.-зах. схілах Карабахскага нагор’я, у глыбокай цясніне каля прытока Куры, на выш. амаль 2000 м.

Тэрмальныя мінер. воды (крыніцы вядомыя з 12 ст), горнае паветра, устойлівы мяккі клімат, інтэнсіўная сонечная радыяцыя ствараюць умовы для лячэння хвароб страўніка, кішэчніка, жоўцевых шляхоў, печані, нырак, парушэнняў абмену рэчываў і інш. Крыніцы халодных радонавых вод выкарыстоўваюць пры хваробах перыферычнай нерв. сістэмы, сасудаў і сэрца, органаў руху і апоры.

т. 7, с. 348

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАБАКО́ЎСКА-МА́ЛЕЦКАЕ РАДО́ВІШЧА МЕ́ЛУ,

у Бярозаўскім р-не Брэсцкай вобл., каля вёсак Кабакі і Малеч. Паклад у выглядзе адорвеня залягае ў тоўшчы канцова-марэнных адкладаў сожскага ледавіка. Мел белы і шаравата-белы, шчыльны, трэшчынаваты. Разведаныя запасы 6,1 млн. т. Магутнасць карыснай тоўшчы 1,6—21,5 м, ускрышы (пяскі, супескі) 0,2—10,8 м. Мы прыдатны для вытв-сці вапны і падкорму с.-г. жывёл і птушак. Радовішча распрацоўваецца Бярозаўскім камбінатам сілікатных вырабаў.

А.​П.​Шчураў.

т. 7, с. 380

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)