ВАЛЫ́НЧЫК (Антон Міхайлавіч) (18.7.1896, в. Мяльканавічы Слонімскага р-на Гродзенскай вобл. — 13.11.1985),
бел. харавы дырыжор, кампазітар. Засл. дз. культ. Беларусі (1964). Скончыў Вышэйшыя муз. курсы Варшаўскай кансерваторыі пры Крамянецкім муз. ліцэі (1935). Да 1939 выкладаў спевы ў Клецкай і Навагрудскай гімназіях, ствараў самадз. хары. З 1947 хормайстар Маладзечанскага абл. ансамбля песні і танца і Гродзенскага нар. ансамбля песні і танца «Нёман», у 1965—71 кіраўнік Гродзенскай нар. харавой капэлы настаўнікаў. У 1961—76 заг. кафедры музыкі і спеваў Гродзенскага пед. ін-та. Аўтар хароў і песень на вершы Я.Купалы, Я.Коласа, К.Буйло і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАРДАМА́ЦКІ (Андрэй Пятровіч) (н. 14.1.1956, пас. Джар-Курган Сурхандар’інскай вобл., Узбекістан),
бел. сацыёлаг і філосаф. Д-р сацыёлаг. н. (1992), канд.філас.н. (1983). Скончыў БДУ (1978). З 1978 у БДУ, ін-тах філасофіі і права, сацыялогіі АН Беларусі, Бел. ін-це праблем культуры. З 1993 кіраўнік прыватнай даследчай лабараторыі аксіяметрычных даследаванняў «НОВАК» (новая аксіялогія). Даследуе тэарэтыка-метадалагічныя праблемы аксіялогіі і паліт. сацыялогіі. Распрацаваў міждысцыплінарную канцэпцыю каштоўнасных арыентацый асобы і сац. групы (філас., культуралагічны, сацыялагічны і сац.-псіхал. аспекты). Аўтар манаграфіі «Аксіяметрыя — навука пра вымярэнне каштоўнасцей» (1992).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАРО́НІЧЫ, Варонеч,
возера ў Беларусі, у Полацкім р-не Віцебскай вобл., у бас.р. Ушача (працякае праз возера), за 16 км на ПдЗ ад г. Полацк. Пл. 1,18 км², даўж. 4,9 км, найб.шыр. 550 м, найб.глыб. 5,9 м, даўж. берагавой лініі 13,1 км. Пл. вадазбору 793 км².
Схілы катлавіны выш. 2—8 м (зах. і паўд.-зах. 10—18 м), на У і З разараныя. Берагі нізкія, тарфяністыя, на У месцамі высокія, зліваюцца са схіламі, на Пн сплавінныя (шыр. сплавіны 5—15 м). 2 астравы ў паўн. і цэнтр. частках. Больш за 60% пл. возера зарастае.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАСІЛЁНАК (Яўген Пятровіч) (26.12.1917, г. Орша Віцебскай вобл. — 23.9.1973),
бел. пісьменнік. Вучыўся ў Магілёўскім пед. ін-це (1934—35). З 1935 працаваў у бел. газетах, у 1939—43 — на Д. Усходзе. З 1948 у Мінску, у 1958—66 гал. рэдактар час. «Нёман». Першы зборнік прозы «Зялёныя агні» (1954). У яго творах — жыццё рабочых-чыгуначнікаў, моладзі, маральна-этычныя праблемы. Аўтар кніг апавяданняў, аповесцей і нарысаў «Прызванне» (1956), «Выпадковы прыпынак», «Розныя дарогі», драмы «Каралеўскі гамбіт» (усе 1957), «Вячэрняя размова» (1968), «На перагоне» (1973) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАСІ́ЛЬЕВА (Вера Кузьмінічна) (н. 30.9.1925, в. Сухі Ручай Цвярской вобл., Расія),
руская актрыса. Нар.арт.СССР (1986). Скончыла Маскоўскае гар.тэатр. вучылішча (1948). Працуе ў Маскоўскім т-ры Сатыры, іграе ў інш. тэатрах: Вольга («Вяселле з пасагам» М.Дзьяканава; і ў аднайм. фільме), Графіня Альмавіва («Вар’яцкі дзень, або Жаніцьба Фігаро» П.Бамаршэ), Ганна Андрэеўна («Рэвізор» М.Гогаля), Кручыніна («Без віны вінаватыя» А.Астроўскага; Арлоўскі драм.т-р імя Тургенева), Ранеўская («Вішнёвы сад» А.Чэхава; Цвярскі драм.т-р). З 1948 здымаецца ў кіно: «Сказанне пра зямлю Сібірскую», «Зорка экрана» і інш.Дзярж. прэміі СССР 1948, 1951.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ВАЎКАВЫСКЦЭМЕНТНАШЫФЕР»,
арэнднае прадпрыемства ў г.п. Краснасельскі Ваўкавыскага р-на Гродзенскай вобл. Створана ў 1914 як Краснасельскі цэментны з-д, які быў адным з буйнейшых у Расіі. У сав. час рэканструяваны, з 1973 Ваўкавыскі цэментны з-д «Перамога» — галаўное прадпрыемства ВА «Ваўкавыскцэментнашыфер». З 1990 сучасная назва. Уключае з-д азбестацэментавых вырабаў (працуе з 1972), вапнавы з-д (з 1973), «Ваўкавыскцэмбуд» (з 1987) і кар’ераўпраўленне (з 1988). Працуе на мясц. цэментных глінах і меле, азбест пастаўляюць прадпрыемствы Расіі. Асн. прадукцыя (1996): партландцэмент розных марак, шлакапартландцэмент, вапна для буд-ва, азбестацэментавыя лісты (шыфер) і трубы, грануляваны кармавы мел і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАШКЕ́ВІЧ (Аляксандр Аляксандравіч) (28.8.1901, в. Белавеж Беластоцкага ваяв., Польшча — 22.4.1945),
Герой Сав. Саюза (1943), ген.-маёр (1945). У Чырв. Арміі з 1919. Удзельнік грамадз. вайны. У Вял.Айч. вайну з лют. 1943 на Варонежскім, Сцяпным 2-м і 1-м Укр. франтах. Камандзір стралк. палка падпалк. Вашкевіч вызначыўся пры фарсіраванні Дняпра. У ноч на 27.9.1943 каля в. Перавалочная Кішэнькаўскага р-на Палтаўскай вобл. полк пераправіўся, замацаваўся на плацдарме і паспяхова працягваў наступленне. У складзе 2-й арміі Войска Польскага ў жн. 1944 камандаваў пях. дывізіяй. Загінуў у час Берлінскай аперацыі 1945.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕВЯРЭ́СК,
летапісны горад, які ўпамінаецца ў «Спісе рускіх гарадоў далёкіх і блізкіх» у канцы 14 ст. сярод гарадоў ВКЛ. У даследчыкаў няма адзінага пункту гледжання наконт месцазнаходжання Вевярэска: рус. гісторык М.М.Ціхаміраў адносіў яго да загадкавых; археолаг В.В.Сядоў атаясамліваў з гарадзішчам каля в. Касцянёва Шчучынскага р-на Гродзенскай вобл. і лічыў, што назву атрымаў ад р. Ваверка, якая працякае за 16—18 км ад пасялення. Магчыма, летапісны Вевярэск існаваў на месцы сучаснай в. Ваверка Лідскага р-на, якая размяшчаецца на беразе р. Ваверка. У дакументах 16 ст. ўпамінаецца пад назвай Гарадзішча.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕ́ДРЫЦКІ БОЙ 1943,
бой паміж партыз. брыгадамі 99-й Калінкавіцкай (камандзір В.А.Караткевіч), 101-й Даманавіцкай (М.А.Чарнавусаў), Васілевіцкай імя П.К.Панамарэнкі (С.А.Смерцін) і ням.-фаш. захопнікамі 23 жн. ва ўрочышчы Ведрыч Васілевіцкага р-на Гомельскай вобл. ў Вял.Айч. вайну. Гітлераўцы падрыхтавалі да адпраўкі ў Германію 2 тыс. галоў буйн. раг. жывёлы, нарабаванай у мясц. насельніцтва. Каб разграміць гарнізон, які ахоўваў базу, партызаны блакіравалі яго з боку чыг. ст. Васілевічы, падавілі дзоты ворага з боку магчымага падыходу падмацавання, авалодалі базай, знішчылі большую частку гарнізона, захапілі больш за 500 галоў жывёлы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕ́ЙЦМАН (Хаім) (27.11.1874, в. Моталь Іванаўскага р-на Брэсцкай вобл. — 9.11.1952),
палітычны і дзяржаўны дзеяч Ізраіля, вучоны-хімік. Праф. біяхіміі. Выкладаў у Жэнеўскім (1901—04), Манчэстэрскім (1904—19) ун-тах, узначальваў хім. лабараторыю Брыт. адміралцейства (1916—19). У 1920—31, 1935—46 прэзідэнт сусв. сіянісцкай арг-цыі, у 1929—31 і 1935—46 — яўр. агенцтва для Палесціны. У 1948—52 першы прэзідэнт Ізраіля. Заснаваў яўр.ун-т у г. Іерусалім (1918), НДІ па тэарэт. і прыкладных прыродазнаўчых навуках у г. Рэховат (1949, прысвоена імя Вейцмана, з 1952 частка тэр. ін-та — мемарыяльны комплекс Вейцмана).