род кветкавых раслін сям. ружавых. 25—30 відаў. Пашырана ва ўмеранай і субтрапічнай зонах Паўн. паўшар’я, пераважна ў Сярэдняй і Усх. Азіі. Утварае леса-пладовыя масівы. На Беларусі 2 дзікарослыя віды Я.: лясная (M. sylvestris) і ранняя (M. praecox), атаксама здзічэлыя формы Я. дамашняй (M. domestica) гібрыднага паходжання. Трапляюцца адзіночна, невял. групамі ці гаямі ў шыракалістых або хвойна-шыракалістых лясах, на палянах і ўзлесках. Культывуюць з прамысл. мэтамі, на прысядзібных участках; як прышчэпы вырошчваюць Я. слівалістую, або кітайскую (M. prunifolia), і нізкую (M. sieversii).
Лістападныя кусты і дрэвы выш. да 20 м з моцнагалінастай каранёвай сістэмай. Жывуць да 300 і больш гадоў. Лісце чаргаванае, суцэльнае або лопасцевае, голае ці апушанае. Кветкі пераважна ружовыя, двухполыя ў паўпарасоніках або шчытках. Плод — яблык, у большасці відаў ядомы. Мае ў сабе да 16% цукроў. каля 0,9 арган.к-т, вітаміны C (да 40 мг%), Bl, B2, A, PP. Яблыкі — адна з найб. багатых крыніц пекцінавых рэчываў, здольных звязваць і выводзіць з арганізма чалавека злучэнні цяжкіх і радыеактыўных металаў.
Драўніна з чырванавата-белай абалонай і светла-бурым ядром, шчыльная, трывалая, выкарыстоўваецца на такарныя і сталярныя вырабы. Кара дае фарбу для тканін. Плады спажываюцца ў ежу, выкарыстоўваюцца ў харч. прам-сці. Адна з найважн. пладовых дрэвавых культур — Я. дамашняя, што абумоўлена яе адносна высокай зімаўстойлівасцю і ўрадлівасцю, дэсертнымі якасцямі, транспартабельнасцю і лёжкасцю пладоў. Мае больш за 12 тыс. сартоў. На Беларусі раянаваны Антонаўка звычайная. Беларускі малінавы, Беларускі сінап, Мелба, Мінскі, Папіроўка і інш.Харч., тэхн., дэкар. і меданосныя расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Я́ДЗЕРНАЯ ВАЙНА́,
умоўная назва вайны, у якой гал. сродкам паражэння з’яўлялася б ядз. зброя. Першая дактрына Я.в. прынята ў ЗША адразу пасля заканчэння 2-й сусв. вайны ў сувязі з аснашчэннем іх узбр. сіл ядз. зброяй; знайшла адлюстраванне ў афіц.стратэг. канцэпцыях ЗША і НАТО. Ваен. дактрына СССР у пасляваен. перыяд таксама прадугледжвала вырашальную ролю ракетна-ядз. зброі ў вайне.
Напачатку абодва бакі разглядалі магчымасць усеагульнай Я.в., якая мела б неабмежаванае, масіраванае і сканцэнтраванае паводле часу выкарыстанне ўсіх відаў ядз. зброі ў спалучэнні з інш. сродкамі барацьбы. У вайну такога маштабу прама або ўскосна маглі б уцягнуцца многія дзяржавы свету. а яе вынікі (т.зв. «ядзерная зіма». «ядзерная ноч») маглі б пашырацца на ўвесь зямны шар. што з’явілася б прамым шляхам да знішчэння чалавечай цывілізацыі, глабальнай экалагічнай катастрофы. У 2-й пал. 1950-х г. у ЗША распрацавана канцэпцыя абмежаванай ядз. вайны. 3 пач. 1970-х яна стала разглядацца як узбр. проціборства з выкарыстаннем розных відаў зброі, у т. л. тактычнай і аператыўна-тактычнай ядз. зброі, выкарыстанне якой абмяжоўвалася па маштабах, раёнах прымянення і відах ядз. сродкаў. Лічылася, што такая вайна магчыма толькі на працягу кароткага перыяду на некат. тэатрах ваен. дзеянняў з выкарыстаннем ядз. зброі для знішчэння важнейшых ваен. і ваен.-эканам. аб’ектаў. Але і яна нясе вялікую небяспеку распаўсюджвання радыеактыўных прадуктаў на вял. адлегласці і магчымасць перарастання яе ва ўсеагульную Я.в.
Міралюбівыя сілы ва ўсіх краінах выступаюць за прадухіленне любой формы Я.в., умацаванне рэжыму нераспаўсюджвання ядз. зброі і яе забарону ў далейшым.
Літ.:
Кононов Л. О проблеме ядерной опасности в современном мире // Воен. мысль. 2001. № 1;
Супряга А.В. О войнах XXI века // Воен. мысль. 2002. № 6.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІТАМІ́НЫ (ад лац. vita жыццё),
група нізкамалекулярных арган. злучэнняў рознай хім. прыроды, неабходных для нармальнай жыццядзейнасці арганізма. Выконваюць у арганізме найважнейшыя біяхім. і фізіял. функцыі абмену рэчываў; уваходзяць у састаў субклетачных структур і падтрымліваюць іх нармальную будову і функцыянаванне. Сінтэзуюцца пераважна раслінамі (гл.Вітамінаносныя расліны), грыбамі і бактэрыямі. Чалавек і жывёлы атрымліваюць вітаміны ў асн. з расліннай ежай або з прадуктамі жывёльнага паходжання. У жвачных жывёл вітаміны групы B утвараюцца мікрафлорай кішэчніка. Некаторыя вітаміны ўтвараюцца ў арганізмах чалавека і жывёл самастойна (напр., PP), але ў недастатковай колькасці, або з іх папярэднікаў — т.зв.правітамінаў. Праз сценкі страўнікава-кішачнага тракту чалавека і жывёл вітаміны паступаюць у кроў, разносяцца па ўсім арганізме і ўтвараюць шматлікія вытворныя (напр., эфірныя, амідныя, нуклеатыдныя), якія звычайна спалучаюцца са спецыфічнымі бялкамі і ўтвараюць многія ферменты (больш за 200). Многія праяўляюць сваё спецыфічнае біял. ўздзеянне пасля ператварэння ў метабалічна актыўныя формы або ўваходзяць у састаў каферментаў і адпаведных ферментаў. Нястача вітамінаў (гл.Вітамінная недастатковасць) прыгнечвае асобныя рэакцыі абмену рэчываў, аслабляе некаторыя фізіял. функцыі. Калі вітамінаў намнога больш, чым патрэбна арганізму, узнікаюць гіпервітамінозы, калі менш або яны адсутнічаюць — гіпа- і авітамінозы. Выкарыстанне арганізмам вітамінаў памяншаецца пры наяўнасці ў ежы і кармах антывітамінаў — антаганістаў, якія перашкаджаюць вітамінам праяўляць іх біял. актыўнасць. Тэрмін «вітаміны» прапанаваў польскі біяхімік К.Функ (1912).
Вядома больш за 20 розных вітамінаў, якія маюць назвы, што характарызуюць іх хім. састаў ці фізіял. дзейнасць, таксама літарныя і лічбава-літарныя абазначэнні (напр., рэцінол — A1, тыямін — B1, рыбафлавін — B2, пантатэнавая кіслата — B3, пірыдаксін — B6, цыянкабаламін — B12, аротавая кіслата — B13, пангамавая кіслата — B15, фоліевая кіслата — Bc, аскарбінавая кіслата — C, эргакальцыферол — D2, халекальцыферол — D3, такаферолы — E, філахінон — K1, фарнахінон — K2, вікасол — K3, біяцін — H, біяфлаваноіды — P, нікацінавая кіслата, або нікацінамід — PP, ліпоевая кіслата, мезаіназіт). Часам яны маюць групавыя назвы, а асобныя прадстаўнікі гэтых груп (напр., A1 і A2, D2 і D3і г.д.) называюцца вітамерамі. Па растваральнай здольнасці вітаміны падзяляюцца на тлушча- і водарастваральныя. Да тлушчарастваральных належаць вітаміны групы A, D, E, K, Q, якія звычайна дэпануюцца ў тканках. Большасць водарастваральных вітамінаў у выглядзе фосфарных эфіраў выконваюць ролю каферментаў або ўваходзяць у састаў больш складаных каферментаў. Да гэтай групы належаць вітаміны групы B — B1, B2, B3, B5, B6, B12, H, PP, U; ліпоевая, фоліевая і аскарбінавая к-ты. Вельмі багатыя вітамінамі дрожджы, лісцевая агародніна, ягады.
Вітаміны атрымліваюць хім. і мікрабіял. сінтэзам, таксама з прыродных крыніц (гл.Вітамінная прамысловасць). Выкарыстоўваюць у медыцыне і ветэрынарыі для прафілактыкі і лячэння гіпа- і авітамінозаў, інш. хвароб, карэкцыі абменных працэсаў у арганізме (вітамінатэрапія), вітамінізацыі прадуктаў харчавання і кармоў (гл.Вітамінныя кармы) і інш. Вітаміны вывучае Вітаміналогія.
Літ.:
Березовский В.М. Химия витаминов. 2 изд. М., 1973;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВУ́ГАЛЬНАЯ ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,
галіна паліўна-энергетычнага комплексу па здабычы, абагачэнні і перапрацоўцы ў брыкеты вуглёў выкапнёвых. Уключае шахты, разрэзы, абагачальныя і брыкетныя ф-кі. Вугаль (каменны, антрацыт, буры) здабываецца ў 60 краінах свету падземным і адкрытым спосабам. Асн. від вугалю, які здабываецца, — каменны, спосаб здабычы — падземны. Сусв. рэсурсы вугалю ацэньваюцца амаль у 15 трлн. т (паводле некат. звестак, у 30 трлн. т), разведаныя запасы — у 1,7 трлн. т. Найб. рэсурсы маюць (трлн. т): Расія — 5 (разведаныя запасы 201 млрд.т), ЗША — 3,6 (445 млрд.т) і Кітай — 1,5 (272 млрд.т). Асн. сферы выкарыстання вугалю ў свеце (1990): вытв-сць электраэнергіі (61%), прам-сць (26%), вытв-сць доменнага і ліцейнага коксу (11%). З вугалю атрымліваюць таксамахім. сыравіну (300 найменняў), у нязначнай колькасці ажыццяўляецца яго газіфікацыя (гл.Газіфікацыя паліва).
Прымітыўная здабыча вугалю на паліва вядомая ў стараж. Грэцыі і Італіі з 4 ст. да н.э., Кітаі з 2 ст. да н.э. У Зах. Еўропе вугаль выкарыстоўваўся як хатняе паліва з 9—12 ст., а з 16 ст. ў Англіі, напр., увесь здабыты вугаль ішоў на выплаўку чыгуну. У Расіі здабываць вугаль пачалі з 18 ст. пры Пятру I. Вугальная прамысловасць як самастойная галіна аформілася ў 2-й пал. 18 ст., калі для выплаўкі чыгуну ў доменных печах сталі выкарыстоўваць вугальны кокс.
У свеце вядома каля 3000 вугальных радовішчаў і басейнаў. Буйнейшыя ў краінах СНД басейны (больш за 5 млрд.т паводле разведаных запасаў на 1988, у млрд.т): у Расіі Канска-Ачынскі (83), Кузнецкі (63), Пячорскі (8,2), Іркуцкі (7,5), Мінусінскі (5); на Украіне (часткова ў Расіі) Данецкі (50); у Казахстане Экібастузскі (8,7), Карагандзінскі (8,2), Тургайскі (6) (пра кожны гл. асобны артыкул). Вугаль здабываюць таксама ва Узбекістане, Кыргызстане, Грузіі, Таджыкістане. Найбольшыя басейны, якія распрацоўваюцца і маюць перспектыву ў інш. краінах: Апалачскі вугальны басейн у ЗША, Альберта ў Канадзе, Цэнтр. і Паўд. групы басейна ў Вялікабрытаніі, Ніжнярэйнска-Вестфальскі вугальны, Ніжнярэйнскі буравугальны басейн і Саарска-Латарынгскі каменнавугальны басейн у Германіі, Астурыйскі каменнавугальны басейн у Іспаніі, Вітбанк у ПАР, Сіднейскі вугальны басейн, Боўэн, Латроб-Валі ў Аўстраліі, Ісікары ў Японіі і інш. Сярод бліжэйшых суседзяў Беларусі ў Еўропе значныя запасы вугалю маюць Польшча (Верхнесілезскі каменнавугальны басейн і інш.), Украіна (Данецкі і Львоўска-Валынскі басейны) і Чэхія (Паўн.-Чэшскі буравугальны, Астраўска-Карвінскі каменнавугальны, гл.Верхнесілезскі—Астраўска-Карвінскі каменнавугальны басейн) і інш.
Аб’ёмы сусветнай здабычы вугалю пастаянна растуць (млн.т): 1810 у 1950, 3740 у 1980, 4500 у 1993 (толькі таварны вугаль). На каменныя вуглі і антрацыт прыпадае каля 75% здабычы, на бурыя вуглі — 25%. Вугаль здабываюць больш за 60 краін свету (гл.табл.).
Аб’ёмы сусветнага гандлю вугалем таксама растуць (млн.т): 100 у 1975, 270 у 1980, 399 у 1990. Больш як палавіну іх складае энергетычны вугаль (1990). Асн. краіны-экспарцёры вугалю (1990, млн.т): Аўстралія — 106, ЗША — 90, ПАР — 49; краіны-імпарцёры: Японія — 107, Паўд. Карэя — 25, Італія — 20, Тайвань — 19.
Беларусь сваю патрэбу ў вугалі пакрывае за кошт імпарту (1994, тыс.т): з Расіі — 504, Украіны — 294, Казахстана — 102. У нетрах Беларусі выяўлены радовішчы і праяўленні бурага вугалю міяцэнавага і алігацэнавага ўзросту. Разведаны Жыткавіцкае (агульныя запасы 71,9 млн.т), Брынёўскае (запасы 38,5 млн.т) і Тонежскае (44 млн.т) радовішчы (пра кожнае гл. асобны артыкул). Для адкрытай распрацоўкі даступнае Жыткавіцкае радовішча, поўнасцю падрыхтаваны да прамысл. асваення Паўночны і Кольненскі паклады (прамысл. запасы 46,7 млн.т). Агульныя запасы вугалю на ўсіх радовішчах 152 млн.т.
В.М.Сасноўскі.
Буйнейшыя вытворцы вугалю (таварнага), 1994
Краіна
Усяго, млн.т
На душу насельніцтва, кг
Краіна
Усяго, млн.т
На душу насельніцтва, кг
Кітай
1291
1059
Канада
74
2500
ЗША
933
3548
Чэхія
72
6963
Індыя
280
243
КНДР
72x)
4216
Расія
263
1773
Турцыя
58
928
Германія
251
3073
Грэцыя
54
5138
Аўстралія
244
13536
Вялікабрытанія
50
861
Польшча
200
5126
Румынія
38
1653
ПАР
195
4730
Інданезія
33
169
Украіна
84
1623
Іспанія
30x)
752
Казахстан
83
5010
Балгарыя
28
2790
x) 1994.
Да арт.Вугальная прамысловасць. Здабыча бурага вугалю адкрытым спосабам на разрэзе Белхатаў у Польшчы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ХАРЧАВА́ННЕ,
сукупнасць працэсаў паступлення, ператраўлівання, усмоктвання і засваення арганізмам харч. рэчываў; састаўная ч.абмену рэчываў. Атрыманыя хім. злучэнні ўжываюцца арганізмам для росту, жыццядзейнасці і ўзнаўлення.
Х. жывёл. Усе жывёлы (атаксама грыбы і большасць бактэрый) гетэратрофы і ў сваім Х. прама або ўскосна залежаць ад арган. рэчыва, што ўтвараецца аўтатрофамі. Патрэбнасць у ежы вызначаецца энергет. затратамі арганізма, якія залежаць ад розных фактараў навакольнага асяроддзя (напр., т-ра, біял. рытмы), памераў цела, стадыі развіцця ці ўзросту, наяўнасці харч. канкурэнтаў і інш. Павелічэнне памераў арганізма вядзе да адноснага паніжэння агульнага абмену рэчываў і колькасці корму, што ўжываецца, на адзінку масы арганізма. Напр., сутачная патрэбнасць у ежы, выражаная ў працэнтах ад масы цела спажыўца, складае 20% для мышы-палёўкі і 1% для слана. У прыродных умовах адбываецца частае чаргаванне залішняга Х. (гіперфагія) і галадання. Многія жывёлы здольны ўжываць значна большую колькасць ежы, чым неабходна для папаўнення энергазатрат. Лішкі назапашваюцца ў выглядзе тлушчу, які траціцца ў неспрыяльныя перыяды ці для выкормлівання дзіцянят. У залежнасці ад віду ежы, што ўжываецца. адрозніваюць фітафагаў (расліннаедныя), заафагаў (драпежныя) і сапрафагаў (дэтрытафагі, капрафагі, некрафагі). Мноства кармоў спрыяе вузкай спецыялізацыі Х. — стэнафагія (алігафагі і манафагі). У зонах з няўстойлівай кармавой базай пераважаюць віды, што харчуюцца разнастайнай ежай, — паліфагі або эўрыфагі (крайняя ступень усёеднасці). Будова органаў захопу і здрабнення ежы, асаблівасці функцыянавання стрававальнага апарату ў большасці выпадкаў строга прыстасаваны да спосабу Х. і характару даступнай ежы. З характарам Х. звязана таксама спецыфічная рэфлекторная дзейнасць (напр., назапашванне корму некат. грызунамі, ссальны рэфлекс у млекакормячых). У працэсе індывід. развіцця на аснове безумоўных рэфлексаў фарміруюцца шматлікія харч. ўмоўныя рэфлексы. Харч. адносіны, што складваюцца паміж відамі з розным тыпам Х. (фітафагія, драпежніцтва, сапрафагія), утвараюць трафічныя ланцугі, якія вызначаюць структуру згуртаванняў, рэгулююць колькасць арганізмаў, уплываюць на асаблівасці іх размнажэння, рассялення і інш.
Х. чалавека ў значнай меры вызначае яго здароўе, працаздольнасць і працягласць жыцця. Сутачная патрэбнасць у калорыях і асн.харч. рэчывах залежыць ад узросту, полу, фіз. нагрузкі і ў сярэднім складае 2500—3000 ккал. Рацыянальнае Х. вызначаецца правільнымі суадносінамі кампанентаў ежы, што аптымальна забяспечваюць патрэбнасць арганізма ў пластычных і энергет. рэчывах: суадносіны бялкоў, тлушчаў і вугляводаў павінны быць 1:1:4. Рацыён Х. ўключае бялкі, што забяспечваюць 15% сутачнай каларыйнасці (з іх палавіна жывёльнага паходжання), тлушчы — 30% (да 80% жывёльнага паходжання), вугляводы — 55%. У норме рацыён Х. ўключае мяса, рыбу, малочныя прадукты (асн. крыніцы бялкоў і тлушчаў), агародніну і фрукты (асн. крыніцы вугляводаў, мінер. рэчываў і вітамінаў). Непаўнацэннае, неадэкватнае Х. прыводзіць да парушэння функцый асобных органаў і сістэм, знясільвання арганізма, паніжэння супраціўляльнасці да хвароб. Недастатковасць Х. ў дзіцячым узросце суправаджаецца затрымкай росту, фіз. і псіхічнага развіцця. Залішняе Х. — прычына парушэння абмену рэчываў, развіцця атлусцення і інш.паталаг. станаў. Гл.таксамаЛячэбнае харчаванне, Страваванне.
Х. раслін. Зялёныя расліны — аўтатрофы. Пажыўныя рэчывы, неабходныя для сінтэзу арган. злучэнняў, расліны звычайна паглынаюць у форме вуглякіслага газу (гл.Фотасінтэз), вады (гл.Водны рэжым раслін) і іонаў мінер. солей (гл.Мінеральнае жыўленне раслін). Прасторавае раздзяленне 2 пажыўных асяроддзяў, у якіх знаходзяцца расліны (паветра — глеба), прывяло да развіцця 2 органаў жыўлення: кораня, прыстасаванага да паглынання солей і вады з глебы, і ліста, прыстасаванага да паглынання вуглякіслага газу з паветра. Сцябло механічна і функцыянальна звязвае іх. Корань, сцябло і ліст пранізаны бесперапыннай сістэмай праводных пучкоў, што складаюцца з сітападобных трубак лубу (флаэмы), па якіх ідзе зыходны транспарт прадуктаў фотасінтэзу (пераважна цукрозы) з ліста ў корань, і сасудаў ксілемы, па якіх вада і іоны пажыўных солей падымаюцца з кораня ў ліст. Першаснае ўключэнне вуглякіслага газу ў арган. злучэнні адбываецца пераважна ў лісці, вады і солей — ва ўсіх органах раслін. Насякомаедныя расліны атрымліваюць дадатковыя арган. рэчывы (пераважна азоцістыя) шляхам лоўлі і ператраўлівання насякомых.
Літ.:
Бузник И.М. Энергетический обмен и питание. М., 1978;
Культура питания: Энцикл. справ. 3 изд. Мн., 1993;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕТРАПАЛІТЭ́Н (франц. métropolilain ад грэч. metropolis галоўны горад, сталіца),
метро, від рэйкавага электрычнага пасаж. транспарту. У вял. гарадах з насычаным вулічным рухам пракладваецца пад зямлёй (у тунэлях), часам на паверхні і на эстакадах. Вызначаецца вял. правознай здольнасцю (да 60 тыс. пасажыраў за гадзіну ў адным напрамку), высокай эксплуатацыйнай скорасцю (да 100 км/гадз, з улікам прыпынкаў да 45—48 км/гадз), рэгулярнасцю руху.
Асн. збудаванні і абсталяванне М.: станцыі (калоннага або пілоннага тыпаў, атаксама аднаскляпеністыя), якія ўключаюць пасаж. платформы, падземныя або надземныя вестыбюлі, пераходы, перасадачныя вузлы, эскалатары (часам пад’ёмнікі ліфтавага тыпу ўмяшчальнасцю да 130 чал.); перагонныя тунэлі неглыбокага (да 15 м ад паверхні зямлі) і глыбокага (да 30—35 м) залажэння з рэйкавымі пуцямі (у М. краін СНД шырынёй 1520 мм); рухомы састаў (поезд з 3—8 вагонаў умяшчальнасцю да 270 пасажыраў кожны); кабельная і кантактная сетка з цягавымі і паніжальнымі трансфарматарнымі падстанцыямі; вентыляцыйныя, дрэнажныя і асвятляльныя прыстасаванні; дэпо і інш. Паязды прыводзяцца ў рух электрарухавікамі пастаяннага току, якія сілкуюцца праз слізгальныя токапрыёмнікі з кантактных рэек (напружанне ў кантактнай сетцы ад 600 да 1500 В, у М. краін СНД — 825 В). Будуюць М. закрытым і адкрытым спосабамі. Пры закрытым спосабе праходка тунэляў робіцца горным або шчытавым метадам; пры адкрытым распрацоўваецца катлаван, у якім робяць тунэль са зборных жалезабетонных або метал. элементаў (цюбінгаў), маналітнага бетону і жалезабетону. Выкарыстоўваюць спец. спосабы вядзення работ: штучнае замарожванне грунтоў, водапаніжэнне, метад «сцяна ў грунце» і інш. Каб у М. не трапляла вада, робяцца неабходная гідраізаляцыя і водаадвод.
У замежнай практыцы буд-ваМ., за рэдкім выключэннем (напр., афармленне ўваходаў у парыжскі М. у стылі мадэрн, арх. Э.Гімар), пераважае утылітарны падыход да арх. вырашэння. З 2-й пал. 20 ст. пачалі выкарыстоўваць новыя канструкцыі, буд. і аддзелачныя матэрыялы, сродкі рэкламы і візуальнай інфармацыі, станцыі набылі маст. афармленне. У б.сав. гарадах М. ствараўся як прасторава працяглы арх. комплекс манум. збудаванняў вял. грамадскай значнасці. Архітэктары імкнуліся стварыць камфартабельныя ўмовы для пасажыраў, надаць кожнай станцыі індывід. аблічча. У афармленні станцый і наземных вестыбюляў М. (часта тэматычным) выкарыстоўвалі мазаіку, жывапіс, скульптуру, дэкар.-прыкладное мастацтва. У 1950—60-я г. ў буд-ве М. ўкаранялася уніфікацыя аб’ёмна-прасторавых вырашэнняў і канструкцый; індывідуалізацыя дасягалася разнастайнасцю матэрыялаў, іх колеру і фактуры, розных сістэм асвятлення. У 1970—90-я г. на новай канструктыўнай аснове працягваюцца лепшыя традыцыі тэматычнага і маст. афармлення станцый М., пашыраны сінтэз мастацтваў.
Першы М. (3,6 км) пабудаваны ў Лондане (1863), потым у Нью-Йорку (1868), Будапешце (1896), Вене (1898), Парыжы (1900), Берліне (1902), Буэнас-Айрэсе (1913), Мадрыдзе (1919), Токіо (1927) і інш. Першая лінія Маскоўскага М. пачала дзейнічаць у 1935. Пабудаваны і дзейнічаюць М. у Санкт-Пецярбургу (з 1955), Кіеве (з 1960), Тбілісі (з 1966), Баку (з 1967), Харкаве (з 1972), Ташкенце (з 1977), Ерэване (з 1981), Мінску (з 1984; гл.Мінскі метрапалітэн), Ніжнім Ноўгарадзе (з 1985), Новасібірску (з 1985), Самары (з 1987) і інш.Найб. працяглы (больш за 400 км) М. у Нью-Йорку (40 ліній; 490 станцый), самы заглыблены (больш за 100 м) — у Пхеньяне. М. маюць каля 50 гарадоў у больш чым 30 краінах.
Літ.:
Лиманов Ю.А. Метрополитены. 2 изд. М., 1971;
Тоннели и метрополитены. М., 1989.
С.Л.Сергачоў (архітэктура), В.А.Ярмоленка.
Метрапалітэн: а — станцыя пілоннага тыпу з абліцоўкай жалезабетоннымі цюбінгамі; б — станцыя калоннага тыпу з павялічаным пралётам сярэдняй залы; в — схема электрасілкавання кантактавай рэйкі (1 — кабелі сілкавання трэцяй рэйкі, 2 — цягавая падстанцыя, 3 — зваротны кабель ад хадавых рэек, 4 — сілавыя кабелі, 5 — трэцяя рэйка, 6 — хадавая рэйка).Да арт.Метрапалітэн. Станцыя «Камсамольская-кальцавая» ў Маскве. 1952. Арх.А.Шчусеў і інш.Да арт.Метрапалітэн. Станцыя «Плошча Якуба Коласа» ў Мінску. 1984. Арх. М.Пірагоў, А.Зензін, маст. В.Чурыла, С.Сакалоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЎНО́ЧНЫЯ МАРЫЯ́НСКІЯ АСТРАВЫ́ (Northern Mariana Islands), Садружнасць Паўночных Марыянскіх Астравоў (Commonwealth of the Northern Mariana Islands),
дзяржава на паўн. частцы Марыянскіх астравоў, у зах. частцы Ціхага ак.Пл. 477 км². Нас. 69,4 тыс.чал. (1999). Афіц. мова — англійская. Урадавыя ўстановы знаходзяцца ў мясцовасці Гарапан на в-ве Сайпан. Краіна падзяляецца на 4 адм. адзінкі. Нац. свята — Дзень Садружнасці (8 студз.).
Прырода. Краіна займае 14 каралавых (на Пд) і вулканічных (на Пн) астравоў. Найб. астравы на Пд — Сайпан (120 км²), Тыніян (102 км²), Рота (85 км²). На паўн.а-вах Агрыхан (выш. 965 м) і Паган дзеючыя вулканы. Ёсць невял. радовішчы фасфарытаў, серы, жал. і марганцавай руд. Клімат трапічны, пасатны. Сярэднямесячныя т-ры паветра ад 24 °C у студз. да 28 °C у ліпені. За год на наветраных схілах выпадае каля 2000 мм ападкаў, найб. у ліп.—кастр., у т. л. ў жн. каля 400 мм. Частыя тайфуны. Бываюць землетрасенні і цунамі. Натуральная расліннасць — вільготнатрапічныя лясы і саванны. Пад лесам і хмызнякамі каля 50% тэрыторыі. Мора багата рыбай, ракападобнымі, малюскамі.
Насельніцтва. Каля 55% складае карэнны народ чамора. Мова чамора адносіцца да зах.-аўстранезійскай групы аўстранезійскай сям’і (блізкая да моў Філіпін і Інданезіі). Жывуць таксама выхадцы з Каралінскіх а-воў, амерыканцы, кітайцы, карэйцы. Сярод вернікаў пераважаюць католікі, ёсць прыхільнікі мясц.традыц. культаў. Сярэднегадавы прырост каля 4% за год. Сярэдняя шчыльнасць 145 чал. на 1 км². Населены толькі 6 найб. астравоў. На в-ве Сайпан жыве каля 50 тыс.чал., шчыльн. каля 400 чал. на 1 км². Большасць насельніцтва занята ў сферы абслугоўвання, кіравання, гандлю, у прам-сці — каля 30%, у сельскай гаспадарцы — 3%. На астравах працуюць групы замежных рабочых (пераважна з Кітая).
Гісторыя. Заселены продкамі сучасных мікранэзійцаў у 2-м тыс. да н.э. Адкрыты ісп. мараплаўцамі ў 1520-я г., абвешчаны ў 1565 уладаннем Іспаніі. У 1898 набыты Германіяй. У 1914 захоплены Японіяй, якая атрымала ў 1921 мандат Лігі Нацый на кіраванне астравамі. У 2-ю сусв. вайну заняты войскамі ЗША (1944). З 1947 частка падапечнай тэр.ААН Ціхаакіянскія а-вы пад кіраваннем ЗША. У чэрв. 1975 плебісцыт ухваліў стварэнне Супольнасці Паўн. Марыянскіх а-воў (СПМА), як «свабодна далучанай да ЗША тэрыторыі». Са студз. 1978 набыла сілу канстытуцыя СПМА, паводле якой астравы атрымалі шырокую аўтаномію пры захаванні кантролю ЗША над знешняй палітыкай і абаронай. У 1986 жыхары СПМА атрымалі грамадзянства ЗША. У 1990 ААН спыніла рэжым апекі над П.М.а.
Гаспадарка. Краіна сярэдняга ўзроўню развіцця. Валавы ўнутр. прадукт на 1 чал. складае каля 9,3 тыс.дол. за год. Гал. крыніца даходаў — абслугоўванне замежных (пераважна японскіх) турыстаў. Штогод астравы наведвае больш за 400 тыс. замежных грамадзян. Іх прывабліваюць цёплае мора, багатая расліннасць, цікавая гісторыя і мастацтва астравоў. Асн. турысцкі перыяд — асенне-зімовы сезон. У прам-сці дзейнічаюць невял. прадпрыемствы па вытв-сці адзення на экспарт. Меншае значэнне маюць харч., па перапрацоўцы копры, па вырабе сувеніраў і інш. прадпрыемствы. Буд-ва і рамонт невял. суднаў і лодак. Працуюць электрастанцыі на імпартным паліве. Саматужныя промыслы. У сельскай гаспадарцы выкарыстоўваецца каля 10 тыс.га пад ворыва і шматгадовыя насаджэнні, каля 9 тыс.га пад пашу. Асн. культуры: какосавая пальма, хлебнае дрэва, бананы, рыс, агародніна (памідоры, дыні), бавоўнік, цукр. трыснёг, кава. Гадуюць буйн. раг. жывёлу (каля 4 тыс. галоў) і свіней. Цэнтр жывёлагадоўлі — в-аў Тыніян. Птушкагадоўля. Лоўля і перапрацоўка рыбы (пераважна тунец). Транспарт аўтамаб., авіяцыйны, марскі. На астравах каля 360 км аўтадарог, 5 аэрапортаў, у т. л.міжнар. на в-ве Сайпан, 2 марскія парты — на а-вах Сайпан і Тыніян. Гал. тавары экспарту — адзенне і копра, імпарту — харч. прадукты, прамысл. тавары і машыны, паліва. Імпарт намнога перавышае экспарт. Асн.гандл. партнёр — ЗША. Астравы атрымліваюць эканам. дапамогу ад ЗША. Грашовая адзінка — долар ЗША.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТАТУ́Т ВЯЛІ́КАГА КНЯ́СТВА ЛІТО́ЎСКАГА 1566, Другі статут Вялікага княства Літоўскага,
звод законаў феад. права, які дзейнічаў у Беларусі і Літве ў 1566—88, а на Правабярэжнай Украіне і ў 17—18 ст. помнік старабел. пісьменства.
Асн. крыніцы Статута 1566: агульназемскія і абласныя прывілеі, Судзебнік 1468, Статут Вялікага княства Літоўскага 1529 і некат. нормы звычаёвага права; выкарыстаны таксама нормы царк. (рымска-каталіцкага і грэка-правасл.) права. У ім спалучаны тэарэт. распрацоўкі мясц. права з практычнай дзейнасцю і тэарэт. асновамі рымскага і зах.-еўрап. права. З тэксту Бельскага прывілея 1564 вынікае, што праект Статута рыхтавала камісія, працай якой кіраваў канцлер М.Радзівіл Чорны; у ёй удзельнічаў маршалак дворны А.Б.Валовіч, верагодна, П.Раізій, А.Ратундус і інш. Праект Статута 1566 аддадзены сойму на папярэдні разгляд у 1561, зацверджаны 1.7.1564, меркавалася ўвесці яго ў дзеянне з 11.11.1564. Аднак з-за спрэчак па асобных артыкулах Статут набыў законную сілу з 1.3.1566; некаторыя змены ўнесены ў яго прывілеем 1.7.1566. У Статут былі ўпісаны Віленскі прывілей 1563, Бельскі прывілей 1564, Віленскі прывілей 1565. У Статуце 1566 захавана з невял. зменамі структура Статута 1529. У ім 14 раздзелаў і 367 артыкулаў. 1—3 раздзелы ахопліваюць нормы дзярж., ваеннага, адм. права, 4-ы — судовы лад і судовы працэс, 5—6-ы — сямейнае і апякунскае права, 7—9-ы — цывільнае, 10-ы — лясное і паляўнічае, 11—14-ы — крымін. права. Найб. істотныя змены ўнесены ў нормы дзярж., судова-працэсуальнага і цывільнага права. Статут 1566 замацаваў асн. прынцыпы права: адзінства права для жыхароў краіны, хоць яно не было роўным для ўсіх, дзярж. суверэнітэт, абмежаванне ўлады вял. князя, прыярытэт пісанага права. Упершыню пазначалася аддзяленне суда ад органаў улады і кіравання. Для гэтага ствараліся земскія суды і падкаморскія суды.
Больш поўна рэгламентавалася кампетэнцыя органаў дзярж. улады і кіравання. Кіраўніком дзяржавы і гал. асобай ва ўсёй сістэме дзярж. органаў прызнаваўся вял. князь, які ў Статуце называецца гаспадаром. Паўнамоцтвы вял. князя грунтаваліся на выбарным пачатку і рэгламентаваліся прававымі нормамі Статута 1566. Вял. князь не меў права без рашэння сойма пачынаць вайну, устанаўліваць падаткі на ваен. патрэбы (раздз. 2, арт. 2), выдаваць законы (раздз. 3, арт. 12). Вял. князь абавязваўся «всих князей и панов-рад, як духовных, так и свецких, и всех врядников земских и дворных, панов хоруговных, шляхту, рыцарство, мещане и всих людей посполитых у Великом князстве Литовском... заховати при свободах и вольностях» (раздз. 3, арт. 2). Важнае значэнне меў артыкул, які забараняў даваць маёнткі, пасады, чыны і званні чужаземцам, у т. л. ўраджэнцам Польшчы (раздз. 3, арт. 9). Статут 1566 заканадаўча замацаваў прывілеі і гал. ролю буйных феадалаў у дзяржаве, даваў усім феадалам права вольна распараджацца сваімі маёнткамі. У ім паўней, чым у статуце 1529, выкладзены і нормы спадчыннага права (8-ы раздзел). Істотныя змены ўнесены ў крымін. права. Суб’ектам злачынства прызнаваўся толькі чалавек. Непаўналетнія маглі быць пакараны толькі пасля 14 гадоў (раздз. 14, арт. 8). Абвяшчалася прэзумпцыя невінаватасці (раздз. 14, арт. 2). Крымін. пакаранне павінна было ажыццяўляцца толькі па суду, а асоба, якая абвінаваціла каго-н. у злачынстве і не даказала яго віны, павінна была быць пакарана так, як мог быць пакараны абвінавачаны ёю (раздз. 1, арт. 2).
Статут напісаны на бел. мове, быў перакладзены на лац. і польск. мовы. Выяўлена 58 спісаў Статута 1566, з іх 13 на бел., 40 на польск. і 5 на лац. мовах. Упершыню надрукаваны ў 1855 у Маскве.
Публ.:
Статут Великого княжества Литовского 1566 г. [и поправы статутовые 1578 г.] // Временник Московского о-ва истории и древностей российских. М., 1855. Кн. 23.
Літ.:
Подозерская Г.Ф. Второй Литовский Статут: [К истории его составления] // Ист. зап. 1945. №17;
Пичета В.И. Земельное право в статутах 1529 и 1566 г. // Пичета В.И. Белоруссия и Литва, XV—XVI вв. М., 1961;
Юхо І. Крыніцы беларуска-літоўскага права. Мн., 1991.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУЗЫКАЗНАЎСТВА
Станаўленне музыказнаўства на Беларусі пачалося ў 19 ст. з асвятлення ў перыядычным друку муз. жыцця, выканальніцкага мастацтва, публікацый бел.нар. песень з нотамі і іх муз.-этнаграфічных апісанняў. Асновы муз. фалькларыстыкі залажылі Р.Ігнацьеў, Л.Куба, Е.Раманаў, П.Шэйн, М.Янчук і інш. У пач. 20 ст. пытанням нац.муз. творчасці шэраг артыкулаў прысвяцілі бел. пісьменнікі М.Багдановіч, Я.Купала, Я.Колас, М.Гарэцкі, Ц.Гартны, З.Бядуля.
У 1920-я г. ў БССР ідэя беларусізацыі ў бел. культуры адбілася і на айч. музыказнаўстве. На старонках газет «Звязда», «Советская правда», «Белорусская коммуна», час. «Трыбуна мастацтва» і інш. узнімаліся пытанні падрыхтоўкі прафесійных муз. кадраў, стварэння муз. рабочых факультэтаў і студый, прапаганды муз. каштоўнасцей мінулага, пошуку кірункаў і стыляў у тагачаснай кампазітарскай творчасці, адпаведных культурнаму пералому. З рэцэнзіямі і артыкуламі на муз. творы і канцэртныя выступленні па праблемах фарміравання нац.муз. мастацтва выступалі Ю.Дрэйзін, Я.Загв, А.Крывіч і інш.
Асноўныя кірункі музыказнаўчых даследаванняў закладзены ў муз.-крытычнай дзейнасці Ю.Дрэйзіна. Ён першы звярнуўся да пытання пашырэння сеткі муз. навучальных устаноў, намеціў асноўныя шляхі фарміравання бел. музыказнаўчай навукі, філасофска-культуралагічнага даследавання муз. мастацтва, у т. л. месца і ролю бел. музыкі ў станаўленні нац. культуры, пераемнасці маст. традыцый, неабходнасці стварэння на Беларусі прафес. выканальніцкіх калектываў і інш.
У сярэдзіне 1920-х г. у час. «Трыбуна мастацтва» і інш. разгарнулася дыскусія пра неабходнасць стварэння нац. оперы, у якой прынялі ўдзел музыканты-выканаўцы, музыказнаўцы і частка бел. літаратараў. Адначасова зацікаўленасць нац. фальклорам абумовіла развіццё муз. фалькларыстыкі, якая даследавалася пераважна ў межах муз. падсекцыі Інбелкульта («Праграмы-інструкцыі для збіральнікаў музычна-этнаграфічнай творчасці А.Грыневіча ў часопісе «Наш край», 1925, №1); выйшлі фальклорныя зборнікі (1928, 1929). Нар. песні збіралі і апрацоўвалі У.Тэраўскі («Беларускі спеўнік з нотамі на тры галасы паводле народных мелодый», 1921), М.Мацісон («Спеўнік дзеля двух- і трохгалосых дзіцячых хароў», 1925), М.Чуркін, А.Туранкоў, М.Аладаў («Зборнік беларускіх народных песень», 1928), Р.Шырма («Беларускія народныя песні», 1929), М.Равенскі («Пра зборнік песень, які надрукаваны на Беларусі для дзяцей дашкольнага ўзросту», 1928). Вывучэнне нар.-песеннай культуры закладзена ў даследаванні М.Равенскага «Гарманізаванне беларускіх народных песень маскоўскімі кампазітарамі» (1928). У працы М.Прывалава «Народныя музычныя інструменты Беларусі» (1928) дадзена першае апісанне тыпаў і відаў бел.нар. інструментаў і гіст. нарыс развіцця бел. інструментарыя.
У 1930-я г. сярод муз.-крытычных публікацый пераважалі прадмовы да новых оперных твораў бел. кампазітараў Я.Цікоцкага, М.Шчаглова-Куліковіча, А.Туранкова (Б.Смольскі, М.Зінчук, Л.Мухарынская), артыкулы-агляды (пра дзейнасць Бел. студыі оперы і балета), творчыя партрэты А.Туранкова, Р.Пукста, В.Залатарова, нарысы (серыя «Кампазітары—Кастрычніку» ў час. «Мастацтва і рэвалюцыя», 1932). З публікацыямі пра творчасць бел., рас., заходнееўрап. кампазітараў выступалі М.Шчаглоў-Куліковіч, А.Карповіч («Кветка шчасця», «Старэйшы беларускі кампазітар: А.Я.Туранкоў», «Творчасць А.В.Багатырова» і інш.). Напярэдадні 1-й Дэкады бел. мастацтва і літаратуры ў Маскве ўздымаліся пытанні стварэння нац. опер і балетаў, выканальніцкага майстэрства (М.Аладава, В.Яфімава), кампазітарскай творчасці (А.Багатырова, М.Крошнера, А.Туранкова, Я.Цікоцкага, М.Шчаглова-Куліковіча). Вял. ўвага аддавалася стварэнню навучальных дапаможнікаў; у 1933 выдадзены падручнік М.Мацісона «Пачатковая тэорыя музыкі для музшкол, музрабфакаў і першых курсаў музтэхнікума».
У пасляваенныя гады праблематыка муз. даследаванняў стала больш паглыбленай. Закладваліся асновы муз. тэарэтычнай навукі, муз. эстэтыкі, крытыкі, методыкі выкладання муз. дысцыплін. Разам з асвоенымі жанрамі творчага партрэта (С.Нісневіч, Л.Мухарынская), нарыса пра выканальніцкае мастацтва (Л.Мухарынская, Б.Смольскі, І.Жыновіч), пра оперу (М.Шчаглоў-Куліковіч, В.Сізко), сімфанічную музыку (В.Сізко) з’явіліся працы пра гіст. шляхі развіцця нац.муз. культуры: «Беларуская музычная культура» (1944), «Беларуская музыка: Кароткі нарыс гісторыі беларускага музычнага мастацтва» (ч. 1, 1953) М.Куліковіча; «Беларуская музыка за 40 год» Б.Смольскага (1957); серыя «Музычная культура саюзных рэспублік» Б.Смольскага, Г.Цітовіча, І.Нісневіча (1956, 1957). Этнамузыколагі працягвалі даследаваць вытокі бел.нар. музыкі, асаблівасці развіцця нар. песні ў сучасных умовах («Беларуская народная песня» М.Шыфрына, 1956; «Партызанскія песні Беларусі і іх складальнікі» Л.Мухарынскай, 1959). Выйшлі зборнікі бел.нар. песень Р.Шырмы, М.Чуркіна, Г.Цітовіча. Эстэтычныя праблемы нац.муз. мастацтва распрацоўвала А.Ладыгіна. Дасягненнем муз. педагогікі з’явіўся падручнік В.Яфімава «Элементарная тэорыя музыкі» (1948). Асноўныя кірункі музыказнаўчых публікацый 1960-х г. — даследаванне бел.нар.муз. творчасці і сучаснай бел.прафес. музыкі, вывучэнне рас.муз. культуры і папулярызацыя муз. мастацтва. Цэнтрамі навук. даследаванняў сталі сектар муз. мастацтва Ін-та мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН Беларусі, кафедра гісторыі і тэорыі музыкі Бел. кансерваторыі, Саюз кампазітараў Беларусі, пазней — муз.-пед. факультэт Мінскага пед. ін-та, мастацтвазнаўчыя кафедры Мінскага ін-та культуры.
У гэты перыяд асаблівая ўвага аддавалася вывучэнню бел.нар. музыкі. Пытанні гісторыі, тэорыі і эстэтыкі нац.муз. фальклору, стыляў і жанраў традыцыйнай і сучаснай бел.нар. песні сталі прадметам даследавання этнамузыкалогіі. Л.Мухарынская акрэсліла пытанні сучаснай этнамузыказнаўчай навукі, раскрыла інтанацыйныя, творчыя і стылявыя працэсы ў сучасным бел. песенным фальклоры, вызначыла месца нар. песні ў сістэме фальклору, адкрыла партызанскую песню як буйную з’яву бел.нар.муз. творчасці («Беларуская партызанская песня і яе аўтары», 1964; «Беларуская партызанская песня, 1941—45», 1968), вылучыла фактары, якія адлюстроўвалі станаўленне муз. мовы бел.нар. песні на сучасным этапе пад уплывам новых грамадска-сац. умоў («Меладычная мова сучаснай беларускай народнай песні», 1966). Тэарэтычныя асновы бел.муз. фальклору даследаваў В.Ялатаў: «Ладавыя асновы беларускай народнай музыкі» (1964), «Рытмічныя асновы беларускай народнай музыкі» (1966), «Меладычныя асновы беларускай народнай музыкі» (1970). Сярод значных работ 1960-х г. — даследаванні па гісторыі бел.муз.т-ра ў працах «Беларускі музычны тэатр» Б.Смольскага (1963), «Беларуская народная песня ў музычнай драматургіі нацыянальных опер і балетаў» С.Нісневіч (1962); публікацыі пра бел. сімфонію Г.Глушчанкі і К.Сцепанцэвіч (у манаграфіях «55 савецкіх сімфоній», 1961; «Савецкая сімфонія за 50 год», 1967), «Беларускі канцэрт» К.Сцепанцэвіч (1967), пра дзейнасць бел.дзярж. сімфанічнага аркестра Дз.Жураўлёва («Дзяржаўны сімфанічны аркестр Беларускай ССР», 1961). З’явіліся выданні, у якіх папулярызавалася музыка бел. кампазітараў («Школьнікам пра музыку» Г.Глушчанкі і К.Сцепанцэвіч, 1962), навучальныя дапаможнікі для муз. школ і вучылішчаў, хрэстаматыя па бел.муз. літаратуры, даведнік «Кампазітары Савецкай Беларусі» Дз.Жураўлёва(1966).
У 1970-я г. якасна павысіўся ўзровень навук. даследаванняў, пашырылася іх праблематыка. Сярод прыярытэтных кірункаў музыказнаўства: гісторыя нац.муз. культуры, тэорыя муз. мастацтва (жанраў, форм прафесійнай музыкі, муз. стылю, тэматызму і інш.), этнамузыкалогія. Гіст. вяхой на шляху стварэння першага сістэматызаванага даследавання пра працэс фарміравання і развіццё прафесійнай і нар.бел. музыкі з эпохі сярэдневякоўя і да 1960-х г., аналізу творчай дзейнасці нац. кампазітараў сталі манаграфіі-падручнікі «Гісторыя беларускай савецкай музыкі» (1971) і «Гісторыя беларускай музыкі» (1976), створаныя калектывам аўтараў (Г.Глушчанка, Л.Мухарынская, С.Нісневіч, Б.Смольскі, К.Сцепанцэвіч, Т.Шчарбакова). Праблематыка старажытнабел. культуры і вытокі кантавай культуры Беларусі ў 16—18 ст. аналізаваліся ў гіст.-тэарэтычных даследаваннях Л.Касцюкавец («Кантавая культура ў Беларусі», 1975). Тэарэтычныя праблемы музыказнаўства распрацаваны ў манаграфіях Г.Куляшовай («Пытанні драматургіі оперы», 1979; «Кампазіцыя оперы», 1983), у якіх опера разглядаецца як складаны маст. арганізм на сюжэтным, муз.-драматычным і структурным узроўнях. У манаграфічных нарысах Т.Дубковай («Беларуская сімфонія», 1974) разам з выяўленнем і разгляданнем новых тэндэнцый у бел.сімф. музыцы даследаваны вобразнасць, тэматызм, форма, муз. драматургія сімфоній, сродкі муз. выразнасці. Пэўныя мастацка-эстэтычныя якасці бел. музыкі, вузлавыя моманты працэсу развіцця жанру бел. інструментальнага канцэрта асвятляюцца ў манаграфіі «Беларускі фартэпіянны канцэрт» І.Назінай (1977). Тэарэтычнаму вывучэнню тагачаснага стану бел.муз. мастацтва садзейнічалі зборнікі «Музычная культура Беларускай ССР» (1977), «Пытанні тэорыі і гісторыі музыкі», «Зборнік артыкулаў па музычнаму мастацтву» (абодва 1976), «Музыка нашых дзён» (1969), «Беларуская музыка» (1975). Асаблівасці стылістыкі бел. музыкі, асобныя жанры бел., атаксамасусв.муз. мастацтва ў кантэксце сучаснай муз. творчасці разглядаліся ў артыкулах Н.Юдзеніч, Т.Ляшчэні, А.Салей, Р.Сергіенкі, Т.Шчарбаковай і інш. У ліку этнамузыказнаўчых публікацый 1970-х г.: работы Л.Мухарынскай («Беларуская народная песня: Гістарычнае развіццё», 1977), І.Назінай («Беларускія народныя музычныя інструменты: Самагукавыя, ударныя, духавыя», 1979; «Беларускія народныя музычныя інструменты: Струнныя», 1982), у якіх вывучаны працэсы гіст. эвалюцыі і функцыянавання асноўных відаў бел.нар.муз. інструментаў: самагудаў, ударных, духавых, струнных, атаксамабел.нар. найгрышаў. Харэаграфічны фальклор даследавала Ю.Чурко. Апублікаваны манаграфічныя даследаванні Л.Аўэрба, Т.Дубковай, Дз.Жураўлёва, Г.Куляшовай, І.Зубрыч і інш., прысвечаныя творчасці бел. кампазітараў, гіст.-пазнавальная літаратура пра дзейнасць творчых калектываў, муз. навучальных устаноў.
У 1980-я — пач. 2000-х г. пашырылася праблематыка даследаванняў, павысіўся навук. ўзровень публікацый і прафесіяналізм даследчыкаў. Працягвалася сістэматычнае вывучэнне гісторыі старадаўняй муз. культуры Беларусі, у навук. ўжытак уведзены ўзоры творчай спадчыны кампазітараў, адноўлены забытыя імёны дзеячаў мастацтва, педагогаў, выканаўцаў, якія працавалі на Беларусі ў 16—19 ст., ішоў пошук помнікаў прафесійнага муз. мастацтва мінулага. У гэтым кірунку вывучалася станаўленне айч.муз. культуры ў 10—18 ст. («Нарысы музычнай культуры Беларусі», 2000; «Музычная культура Беларусі XVIII ст.: Гісторыка-тэарэт. даслед.» В.Дадзіёмавай, 2002); фарміраванне арганнай культуры, выканальніцтва і кампазітарскай творчасці («Cantantibus Organis: Беларуская арганная культура ў кантэксце еўрапейскага музычна-гістарычнага працэсу» У.Неўдаха, 1999); гісторыя развіцця прафесійнага бел.муз. мастацтва 16 — пач. 20 ст. («Зайгралі спадчынныя куранты» В.Скорабагатава, 1998), муз. і маст. адукацыя ў 11—20 ст. («Музычная адукацыя ў Беларусі», 1980; «Мастацкая адукацыя ў Беларусі» В.Пракапцовай, 1999); спецыфіка муз. адукацыі і асаблівасці муз. практыкі ў езуіцкіх калегіумах і ордэнскіх навіцыятах 17 — пач. 19 ст. («Тэорыя харальных спеваў на Беларусі» Т.Ліхач, 1999); тэатральна-муз. культура Беларусі 18—19 ст. (Г.Барышаў, А.Капілаў); мастацтва муз. прыватнаўласніцкіх і школьных т-раў 18 ст. (Г.Барышаў, Л.Голікава, Н.Іўчанка); муз. культура бел. гарадоў 18 ст. (В.Дадзіёмава). Шэраг даследаванняў стараж.муз. культуры грунтуецца на вывучэнні асобных яе бакоў — творчасці кампазітараў і выканаўцаў 19 ст., якія зрабілі ўклад у развіццё айч.муз. мастацтва («Музычная культура Беларусі XIX — пачатку XX ст.» А.Капілава, А.Ахвердавай, 2000), гісторыі муз. мінулага [«Скрыпка беларуская» А.Капілава, 1982; «Музыка Беларусі XVII стагоддзя (Рыфматворны псалтыр)» Л.Касцюкавец, 1992; «Рыфматворны псалтыр» Сімяона Полацкага і Васіля Цітова: музычна-паэтычны, стылістычны і тэксталагічны аспекты» Л.Сідаровіч; «Сімяон Полацкі, Васіль Цітоў. «Рыфматворны псалтыр» пад рэд. Л.Сідаровіч; абедзве 1999]. Адначасова вывучаліся праблемы сучаснага бел.муз. мастацтва («Харавое мастацтва Беларусі XX ст.» А.Смагіна, 1998; «Беларускае народна-інструментальнае мастацтва: традыцыі і сучаснасць» Г.Мішурова, 2002; «Беларуская кантата і араторыя» Г.Куляшовай, 1987; «Народна-інструментальная музычная культура пісьмовай традыцыі ў Беларусі: спроба сістэмнага аналізу» Н.Яканюк, 2001; «Народная інструментальная культура Беларускага Паазер’я» А.Скорабагатчанкі, 1997); роля фальклору ў аднаўленні нац. стылю прафесійных бел. кампазітараў у кн. «Беларуская кампазітарская творчасць у яе сувязях з фальклорам: Гісторыка-метад. даслед.» В.Антаневіч (1999). Тэарэтычныя і метадалагічныя прынцыпы рас.муз. крытыкі канца 19 — пач. 20 ст. даследаваліся ў «Нарысах па гісторыі рускай музычнай крытыцы канца XIX — пачатку XX ст.» Г.Глушчанкам (1983); музыка побыту і рус. прафесійнай культуры 19 ст. ў працах Т.Шчарбаковай.
Абрадавая і пазаабрадавая нар. музыка, асаблівасці бел.нар. каляндарна-песеннай культуры прааналізаваны ў творах «Каляндарна-песенная культура Беларусі: Спроба сістэмна-тыпалагічнага даследавання» (1985), «Песні беларускага Паазер’я» (1981), «Песні Беларускага Палесся» (1982) З.Мажэйкі; «Песні Беларускага Панямоння» (1998), «Песні Беларускага Падняпроўя» (1999) Т.Варфаламеевай; у працы «Беларуская этнамузыкалогія: Нарысы гісторыі (XIX—XX стст.)» (1997) З.Мажэйкі і Т.Варфаламеевай.
Выдадзены манаграфіі пра гісторыю бел. балетнага тэатра, дзейнасць асобных выканаўцаў і пастаноўшчыкаў («Беларускі балет у тварах» Ю.Чурко, 1988) і сучаснае сцэнічнае танцавальнае мастацтва («Лінія, якая ідзе ў бясконцасць» Ю.Чурко, 1999), пра праблемы жанрава-стылістычных асаблівасцей балетнай музыкі («Балетны жанр як музычны феномен: Рус. традыцыя канца XVIII — пач. XX ст.» К.Дулавай, 1999).
У 1990—97 выйшла 4-томная праца «Музычны тэатр Беларусі», у якой дзейнасць муз.т-ра паказана як важная і неад’емная частка агульнага працэсу фарміравання нац. культуры, даследаваны гіст. этапы станаўлення і развіцця муз. тэатра ад вытокаў да канца 20 ст., муз.-сцэнічныя жанры — опера, балет, муз. камедыя, аперэта і музыка для драматычных тэатраў у іх стылявой разнастайнасці (Г.Барышаў, Л.Голікава, Т.Дубкова, А.Капілаў, Г.Куляшова, Т.Мдывані, Ю.Чурко, Н.Юўчанка і інш.).
У тэарэтычных муз. творах адлюстраваны тэндэнцыі развіцця бел.муз. мастацтва і бел. сімфанізму ў 2-й пал. 20 ст. (К.Сцепанцэвіч), тыпалагічныя рысы сучаснай бел. музыкі (А.Друкт), аналізуюцца новыя з’явы муз. культуры Беларусі («Беларуская музыка 1960—80-х гг.» Р.Аладавай, В.Антаневіч, Г.Глушчанкі, А.Карпілавай, К.Сцепанцэвіч, Л.Сцяпуры, Т.Якіменка, Н.Юўчанка і інш., 1997), авангардныя тэндэнцыі ў бел. музыцы (Р.Аладава, Г.Глушчанка, Т.Мдывані, В.Савіцкая).
У цэнтры ўвагі бел. музыказнаўцаў асэнсаванне стылявых заканамернасцей сучаснай бел. музыкі, яе жанравай разнастайнасці, пошукі ў галіне меласу, гармоніі, поліфаніі, формаўтварэння, муз. сродкаў выразнасці (Р.Аладава, В.Антаневіч, Б.Златавярхоўнікаў, Ю.Златкоўскі, Т.Ляшчэня, Т.Мдывані, В.Савіцкая, Р.Сергіенка, Т.Цітова, Т.Шчэрба, М.Шыманскі), праблемы метадалогіі сучаснага музыказнаўства (Т.Мдывані, Т.Шчарбакова, Н.Юдзеніч, Т.Якіменка), муз. псіхалогіі і сацыялогіі (І.Галавач, А.Галкін). Створаны падручнікі па гармоніі, сальфеджыо, поліфаніі, бел.нар. творчасці і інш. Актывізавалася выданне зборнікаў артыкулаў, у якіх асвятляюцца «Пытанні музыказнаўства» (1981), «Пытанні культуры і мастацтва Беларусі» (вып. 1—13, 1982—94). У зб-ках «Беларуская савецкая музыка на сучасным этапе: Тэарэт. нарысы» (1990) і «Тэарэтычныя праблемы сучаснай музыкі» (1992) асэнсоўваецца праблематыка нац. культуры ў кантэксце агульнасусветных маст. працэсаў, уздымаюцца праблемы драматургіі, формы, муз. мовы, стылістычных асаблівасцей музыкі. Выйшлі даведачная літаратура («Кампазітары Беларусі» Т.Мдывані, Р.Сергіенкі, 1997; «Музычны слоўнік беларуска-рускі і руска-беларускі», 1999; «З гісторыі музыказнаўства ў Беларусі», 2002), працы пра дзейнасць творчых калектываў і муз. навучальных устаноў, мемуарная літаратура («Л.П.Александроўская: Дакументальна-тэатр. раман» А.Ладыгінай, 2002). Вывучэнне гісторыі і тэорыі музыкі вядзецца ў Ін-це мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Нац.АН Беларусі, Бел. акадэміі музыкі, Бел. ун-це культуры і інш.
Літ.:
Беларуская музыка 1960—1980 годов. Мн., 1997;
Белорусская этномузыкология: Очерки истории (XIX—XX вв.). Мн., 1997;
Из истории музыкознания в Беларуси. Белорусская государственная академия музыки, 1932—92. Мн., 2002.
Л.Ф.Голікава.
Кнігі пра беларускае музычнае мастацтва.Кнігі пра беларускае музычнае мастацтва.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕСНАВЫ́Я ПЕ́СНІ,
жанрава шматскладовы цыкл каляндарна-земляробчага фальклору. Пашыраны ва ўсіх земляробчых народаў, асабліва ў славян і прыбалтаў. Прымяркоўваюцца да веснавога перыяду, найб. працяглага ў каляндарна-песенным крузе (у розных этнічных традыцыях амаль ад зімовага да летняга сонцавароту). Звязаны з абуджэннем прыроды, абнаўленнем зямлі і ўсяго жывога на ёй.
З усіх песень каляндарна-земляробчага круга ў веснавых песнях найб. яскрава выступае функцыя інспірацыйная (функцыя ўнушэння), якая ў старажытнасці мела магічнае, а пазней набыла асацыятыўна-сімвалічнае значэнне. Гэта асн. функцыя неаддзельная ад эстэтычнай, што вызначае прыўзняты эмац. лад песень і маляўнічыя фарбы вобразнай сістэмы. Таму пры ўсёй жанрава-тэматычнай разнастайнасці і багацці муз. адценняў веснавых песень розных народаў агульнае ў іх — усеабдымнасць гучання чалавечага голасу (які нібы пераклікаецца з галасамі прыроды), няўпыннасць рознага роду шэсцяў і карагодаў, атаксама культ расліннасці, які можа набываць розныя структурна-жанравыя характарыстыкі і стылявую афарбоўку.
У Беларусі веснавы цыкл з’яўляецца найважнейшым кампанентам разгорнутай каляндарна-песеннай сістэмы. Ядро цыкла ўтвараюць песні з устойлівымі рытуальнымі тыпалагічна акрэсленымі абагульненымі палітэкставымі напевамі: масленічныя песні, уласна «вясна» або гуканне вясны, валачобныя песні, веснавыя карагоды (гл. ў арт.Карагод), юраўскія песні, траецкія песні, куставыя, русальныя. Другую групу складаюць песні з больш індывідуалізаванымі напевамі (паставыя, што спяваліся ў вял. пост, веснавая талака, мікольскія, «як абходзяць зялёнае жыта») і многія лірычныя, умоўна прыстасаваныя да вясны («лугавыя», «лесавыя») і інш. Спяваюць іх з пач. сакавіка («як на снезе паявяцца праталіны», «як на вясну пацягне») і да чэрвеня («дакуль зязюля кукуе»). Асн. лейтматыў вобразнай сістэмы веснавых песень — збліжэнне чалавека з прыродай, якое праходзіць як бы тры этапы: спачатку вясну клічуць (гушкальныя «на калысках» на масленіцу, абрадавыя гуканні на ўзгорках на Благавешчанне), потым выходзяць ёй насустрач (валачобныя абходы двароў, абрадавы выган жывёлы «на расу» на Юр’я, шэсці і карагоды), нарэшце як бы непасрэдна збліжаюцца з ёю («водзяць куст», «завіваюць вянкі» на Сёмуху) і праводзяць яе («пахаванне стралы», «провады русалкі» ў русальны тыдзень, які завяршае Сёмуху). Асаблівую ўстойлівасць у веснавых песнях адпаведна набываюць сюжэтна-тэматычныя комплексы: гуканне вясны (з тыповымі зачынамі «Благаславі, маці, / Вясну загукаці!», «Жавароначкі, прыляціце!», «Ой, чырачка, пташэчка»); «адмыканне лета» («Зіма з летам страчалася»), масленічныя гушкалкі («А на гарэ сонца / Калышуцца дзеўкі»), абуджэнне ўсяго жывога («Вол бушуе — вясну чуе, / Баран блее — ў поле хоча»), няўпыннае веснавое шэсце («Памажы нам, божа, / На вулачку выйсці»), дары вясны, якія пералічваюцца ў форме пытання-адказу («Ой, вясна-красна, / Што нам прынесла?»); зварот да адушаўлёнай вясны-вясняначкі (русалачкі, купалачкі) з далейшым развіццём матываў кахання. Існуюць таксама сюжэты, спецыфічныя для асобных жанраў песень веснавога цыкла (валачобных, юраўскіх, куставых, карагодных), але ва ўсіх іх аграрна-магічныя матывы і культ расліннасці пераплятаюцца з матывамі кахання і шлюбу, як і рэальных гасп. клопатаў земляроба. Паводле характару мелодыкі веснавыя песні ўключаюць (у залежнасці ад жанру і мясц. традыцыі) гранічна сціслыя напевы-формулы і больш распетыя (у межах сярэдняга меладычнага дыяпазону). Яны вызначаюцца вобразна-эмац. разнастайнасцю (у іх чутны інтанацыі закліку, заклінання, святочна прыўзнятыя, лірычныя), багаццем тэмбравых фарбаў. Выкананне тыповае для песень, якія спяваюць на вольным паветры (менавіта з імі звязана свайго роду нар. школа галаснога спеву). Для рытуальных веснавых песень характэрна антыфоннае спяванне з зычнай пераклічкай галасоў, заклікавае заключэнне на тэрцавым ці квартавым верхнім гуку, доўгія воклічы («Гу!» ці «У-у-у!») з глісандуючымі ўзлётамі ў канцы, а часам і ў сярэдзіне меластрафы («каб адгалоскі ішлі»). Веснавыя песні вядомы на ўсёй Беларусі, але размеркаванне іх у розных этнагр. зонах неаднолькавае. Гуканне вясны і карагоды канцэнтруюцца пераважна на Палессі, ва ўсходнім і цэнтр. рэгіёнах, юраўскія ў заходнім рэгіёне, гушкальныя масленічныя — на Паазер’і, валачобныя — на Паазер’і, у зах. і цэнтр. рэгіёнах, траецкія — ва ўсходнім рэгіёне і на Палессі, веснавая талака — у паўн.-ўсх., русальныя — у паўд.-ўсх. раёнах, «пахаванне стралы» — на ўсходнім, «куст» — на зах. Палессі. У сучасным побыце бел. вёскі апрача прымеркаваных да вясны лірычных найб. захаваліся абходныя песні, перш за ўсё нацыянальна вызначальныя валачобныя. Даволі жывучымі аказаліся веснавыя гуканні і карагодныя песні, але цяпер іх носьбіты — старэйшыя жанчыны, што вядзе да адпаведных змен у характары іх бытавання (іх проста спяваюць без адпаведных дзеянняў, якімі яны суправаджаліся раней). Наогул, выяўляецца тэндэнцыя адмацавання веснавых песень ад абраду пры строгай, аднак, замацаванасці ў свядомасці вяскоўцаў іх сімвалічнай значнасці і пэўнага часу выканання.
Публ.:
Шейн П.В. Материалы для изучения быта и языка русского населения Северо-Западного края. Т. 1, ч. 1. СПб., 1887;
Беларускія народныя песні / Запіс Р.Шырмы. Т. 3. Мн., 1962;
Анталогія беларускай народнай песні. 2 выд.Мн., 1975;
Веснавыя песні. Мн., 1979 (Бел.нар. творчасць);
Мажэйка З.Я. Песні беларускага Паазер’я. Мн., 1981;
Яе ж. Песни белорусского Полесья. Вып. 1. М., 1983.
Літ.:
Аничков Е.В. Весенняя обрядовая песня на западе и у славян. Ч. 1—2. СПб., 1903—05;
Земцовский И.И. Мелодика календарных песен. Л., 1975. С. 77—128;
Календарные обычаи и обряды в странах зарубежной Европы: Конец XIX — начало XX в.: Весенние праздники. М., 1977;
Соколова В.К. Весенне-летние календарные обряды русских, украинцев и белорусов, XIX — начало XX в. М., 1979;
Можейко З.Я. Календарно-песенная культура Белоруссии. Мн., 1985;
Мухарынская Л.С., Якіменка Т.С. Беларуская народная музычная творчасць. Мн., 1993.