МАМО́НІЧАЎ ДРУКА́РНЯ.

Дзейнічала ў канцы 16 — пач. 17 ст. ў Вільні. Засн. ў 1574 П.​Мсціслаўцам на сродкі Мамонічаў. У ёй выдадзены «Часоўнік» (1574—76), «Евангелле напрастольнае» (1575), «Псалтыр» (1576). З-за канфлікту паміж Мсціслаўцам і Мамонічамі, якія імкнуліся поўнасцю ўзяць кнігадрукаванне ў свае рукі, у 1576 дзейнасць друкарні прыпынілася. Адноўлена ў 1583 К. і Л. Мамонічамі, мела фін. падтрымку правасл. шляхціцаў Зарэцкіх. Пры падтрымцы канцлера ВКЛ Л.​Сапегі ў 1586 і 1593 Мамонічы атрымалі прывілеі, што дало часовае манапольнае права на выданне кніг на бел. і царк.-слав. мовах. З друкарняй супрацоўнічаў віленскі друкар В.​Гарабурда. М.д. ўлічвала запатрабаванні і культ. традыцыі розных пластоў насельніцтва. У 16 ст. выдавала л-ру для правасл. брацтваў, іх школ, царквы, мяшчанства, для кніжнага ўзаемаабмену з Украінай, Рус. дзяржавай, Польшчай. У ёй надрукаваны багаслоўскія і літургічныя выданні, кнігі для чытання, публіцыстычныя творы, падручнікі, у т. л. «Граматыка славянская» (1586), «Дыялектыка» І.​Спангенберга (каля 1586), «Буквар» (1590-я г., 1618, 1621). Была адзінай бел. друкарняй, якая выпускала зб-кі заканадаўчых актаў, выданні прававога характару, у т. л. Статут Вялікага княства Літоўскага 1588 (на бел. мове; 1614, на польск. мове), «Трыбунал абывацелям Вялікага княства Літоўскага» (1586), канстытуцыі «вальных» сеймаў, шэраг палемічных твораў у абарону уніі, напісаных І.​Пацеем. Да 1623 М.д. выпусціла каля 50 кірылічных і 35 выданняў на польск. мове. Кнігі адметныя высокім паліграф. і мастацка-арнаментальным афармленнем. Тут упершыню выкарыстаны зробленыя Грынем Івановічам курсіўныя шрыфты, што ўзнаўлялі графіку канцылярскага пісьма. Выкарыстоўваліся свецкія гравюры (партрэты Жыгімонта III Вазы, Сапегі; сейм Рэчы Паспалітай, гербы і інш.). Пасля 1624 друкарскія матэрыялы М.д. часткова перайшлі ва ўласнасць Віленскай базыльянскай друкарні.

Літ.:

Зернова А.С. Типография Мамоничей в Вильне (XVII в.) // Книга: Исслед. и материалы. М., 1959. Сб. 1;

Анушкин А. На заре книгопечатания в Литве. Вильнюс, 1970. С. 54—79;

Шматаў В.Ф. Беларуская кніжная гравюра XVI—XVIII стст. Мн., 1984.

Г.​Я.​Галенчанка.

т. 10, с. 54

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕТАМАТЭМА́ТЫКА (ад мета... + матэматыка),

раздзел матэматычнай логікі, у якім вывучаюцца асновы матэматыкі, структура і заканамернасці матэм. доказаў з дапамогай фармальных метадаў. Тэрмін «М.» ўвёў Д.Гільберт для абазначэння тэорыі, якая аналізуе структуру і ўласцівасці фармальных сістэм. У шырокім сэнсе — метатэорыя матэматыкі.

Паводле Гільберта, фармалізаваная сістэма, што атрымліваецца ў выніку фармалізацыі навук. тэорыі, даследуецца (на прадмет высвятлення яе несупярэчлівасці, паўнаты, вырашальнасці і ўзаемасувязі з інш. тэорыямі, незалежнасці яе аксіём і інш.) змястоўнымі метадамі, якія не апелююць да сэнсу яе аб’ектаў (формул). Гэта канцэпцыя (наз. фінітызм) прадугледжвае выкарыстанне канечных канструкцый («наглядных» матэм. прадметаў, эфектыўна здзяйсняльных працэсаў) і адмаўляе абстракцыю актуальнай бесканечнасці (гл. Абстракцыя). К.Гёдэль паказаў абмежаванасць фінітных (простых) метадаў для даследавання фармалізаваных тэорый; у 1931 ён даказаў тэарэму аб непаўнаце дастаткова багатых фармальных сістэм (у т. л. аксіяматычнай мностваў тэорыі і арыфметыкі натуральных лікаў) і аб немагчымасці доказу несупярэчлівасці сістэмы з дапамогай сродкаў, якія фармалізуюцца ў гэтай сістэме. Для доказу несупярэчлівасці фундаментальных матэм. тэорый сучасная М. выкарыстоўвае больш складаныя, нефінітныя метады.

Састаўная частка прадмета М. — даследаванне фармалізаваных матэм. тэорый, выкладзеных у выглядзе сімвалічных моў, і вывучэнне саміх гэтых моў. Мноства канечных паслядоўнасцей з аперацыямі над імі таксама могуць быць аб’ектамі матэм. даследавання. Гэта абумоўлівае выкарыстанне ў М. метадаў алгебры (гл. Булева алгебра), тэорыі мностваў і тапалогіі. Шырока выкарыстоўваецца ў М. гёдэлеўскі метад арыфметызацыі метатэорыі і тэорыя рэкурсіўных функцый. У больш вузкім сэнсе да М. (у адрозненне ад металогікі) адносяць пытанні сінтаксісу, прадметнай матэм. тэорыі (гл. Сінтаксіс у логіцы); семантыку вылучаюць у якасці самаст. галіны даследавання (гл. Семантыка лагічная).

Літ.:

Клини С.К. Введение в метаматематику: Пер. с англ. М., 1957;

Расёва Е., Сикорский Р. Математика метаматематики: Пер. с англ. М., 1972;

Гильберт Д., Бернайс П. Основания математики: Теория доказательств: Пер. с нем. М., 1982.

С.​Ф.​Дубянецкі.

т. 10, с. 308

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ОПТАЭЛЕКТРО́НІКА,

галіна электронікі, якая вывучае і выкарыстоўвае ўласцівасці ўзаемадзеяння эл.-магн. хваль аптычнага дыяпазону з электронамі ў цвёрдых, вадкіх і газападобных рэчывах для генерацыі, перадачы, захоўвання, апрацоўкі і адлюстравання інфармацыі. Як самастойная галіна навукі і тэхнікі пачала фарміравацца ў 1960-я г. Грунтуецца на дасягненнях фіз. оптыкі, малекулярнай фізікі, фізікі і тэхнікі паўправаднікоў, лазераў, схематэхнікі і інш.

Умоўна падзяляецца на фатоніку (даследуе метады стварэння прылад захоўвання, перадачы, апрацоўкі і адлюстравання інфармацыі, выяўленай у выглядзе аптычных сігналаў), радыёоптыку (дастасоўвае прынцыпы і метады радыёфізікі да оптыкі) і аптроніку (даследуе метады стварэння аптронных схем — электронных прылад з унутр. аптычнымі сувязямі). Оптаэлектронныя прылады адрозніваюцца неўспрымальнасцю аптычных каналаў сувязі да ўздзеянняў эл. магн. палёў, поўнай гальванічнай развязкай у прыладах з унутр. аптычнымі сувязямі, падвойнай (прасторавай і часавай) мадуляцыяй святла, што дазваляе апрацоўваць вял. масівы інфармацыі. Перавагі оптаэлектронных прылад (у параўнанні з вакуумнымі і паўправадніковымі) грунтуюцца на эл. нейтральнасці квантаў аптычнага выпрамянення (фатонаў), высокай частаце аптычных ваганняў, малой разбежнасці светлавых прамянёў і магчымасці іх дастаткова вострай факусіроўкі.

На Беларусі даследаванні па праблемах О. вядуцца з пач. 1970-х г. у ін-тах фізікі, электронікі, малекулярнай і атамнай фізікі, прыкладной оптыкі, фізікі цвёрдага цела і паўправаднікоў, фіз.-тэхн. Нац. АН, БДУ, БПА, Бел. ун-це інфарматыкі і радыёэлектронікі і інш. Развіты метады і створаны прыстасаванні для захоўвання, перадачы і апрацоўкі інфармацыі на эл.-аптычных, фотахромных, фотатэрмапластычных і оптавалаконных структурах; развіта тэорыя аптычных хваляводаў і створаны прылады інтэгральнай оптыкі; распрацаваны дыфракцыйныя прыстасаванні з эл. кіраваннем; тэхналогія знакасінтэзавальных індыкатараў на вадкіх крышталях; метады і сістэмы для атрымання відарысаў, аптычнай памяці з выкарыстаннем бістабільнасці паўправадніковых структур, многаканальнай перадачы інфармацыі і інш.

Літ.:

Осинский В.И. Интегральная оптоэлектроника. Мн., 1977;

Интегральная оптоэлектроника: Элементы, устройства, технология. М., 1990.

Л.​І.​Гурскі.

т. 11, с. 441

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

О́РДА (Напалеон) (11.2.1807, в. Варацэвічы Іванаўскага р-на Брэсцкай вобл. — 26.4.1883),

піяніст, кампазітар, педагог, муз. пісьменнік, мастак. Творчасць звязана з маст. жыццём Беларусі і Польшчы. З 1823 вучыўся ў Віленскім ун-це, з якога ў 1827 выключаны за прыналежнасць да тайнага студэнцкага т-ва «Заране». Удзельнік паўстання 1830—31, пасля яго задушэння эмігрыраваў у Францыю, дзе ў 1833 удасканальваў майстэрства ігры на фп. ў Ф.​Шапэна. У 1838 выдаў «Альбом твораў польскіх кампазітараў», свае творы для фп. (паланэзы, вальсы, серэнады, мазуркі), рамансы і песні на словы С.​Вітвіцкага і А.​Плуга. У сярэдзіне 1840-х г. — дырэктар Італьянскай оперы ў Парыжы; там жа атрымаў маст. адукацыю ў студыі П.​Жэрара. З 1856 жыў у Варацэвічах, у 1862—63 у Гродне, потым на Валыні, быў хатнім настаўнікам музыкі. Лепшыя яго муз. творы, асабліва паланэзы, вызначаюцца маштабнасцю, віртуозным стылем, меладычнасцю, драматызмам, разнастайнасцю і багаццем фактуры; у некат. творах пераважае лірычны пачатак, у паланэзах назіраецца імкненне да «паэмнасці», што характэрна для эвалюцыі жанру ў сярэдзіне 19 ст. Аўтар «Граматыкі музыкі» (Варшава, 1873). Шмат падарожнічаў па Беларусі, Украіне, Польшчы і Літве, рабіў замалёўкі мясцін, звязаных з жыццём вядомых людзей, і арх. помнікаў. Вял. каштоўнасць для гісторыі архітэктуры маюць арх. замалёўкі (больш за 200 па Беларусі), якія вызначаюцца строгай дакументальнасцю. Паводле яго малюнкаў і акварэлей у 1873—83 створаны (мастак А.​Місуровіч) і выдадзены ў Варшаве літаграфіі (260 графічных аркушаў у 8 серыях). У г. Іванава Брэсцкай вобл. пастаўлены помнік О. (1997, скульпт. І.​Голубеў). Іл. гл. таксама да арт. Беларусь, Графіка, Класіцызм, Нясвіжскі палацава-паркавы комплекс.

Літ.:

Дробаў Л. Напалеон Орда — мастак і збіральнік // Помнікі гісторыі і культуры Беларусі. 1971. № 3;

Ахвердова Е. Друг Мицкевича и Шопена // Неман. 1983. № 6;

Яе ж. Пачынальнікі беларускага піянізму // Мастацтва Беларусі. 1985. № 2;

Якімовіч Ю.А. Беларуская архітэктура ў малюнках Напалеона Орды // Там жа 1983. № 7.

Л.​Н.​Дробаў.

Н.Орда.
Н.Орда Бярозаўскі касцёл і кляштар картэзіянцаў.

т. 11, с. 443

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛІТЫ́ЧНЫЯ АДДЗЕ́ЛЫ, палітаддзелы,

кіруючыя парт.-паліт. органы КПСС—КПБ. Існавалі ў 1918—91 ва ўзбр. сілах для ўзмацнення парт. кіраўніцтва і паліт. работы, у 1933—56 — у гасп. арг-цыях з мэтай паліт. ўплыву на прац. масы. Нярэдка выконвалі функцыі гасп. і карных органаў. Як надзвычайныя органы ствараліся на пэўны час на найб. адказных участках для аператыўнага вырашэння паліт. і сац.-эканам. пытанняў. Асн. задачы П.а.: аб’яднанне парт. і камсам. актыву ўнутры калектываў, узмацненне барацьбы з «самацёкам», шкодніцтвам і раскраданнем сацыяліст. уласнасці, завяршэнне чысткі працоўных калектываў ад рэшткаў «класава варожых элементаў», садзейнічанне своечасоваму выкананню дзярж. вытв. задач. Палажэнне пра П.а. было ўключана ў Статут ВКП(б), прыняты XVII з’ездам партыі (1934). У сістэме нар. гаспадаркі СССР, у т. л. БССР, П.а. функцыянавалі ў машынна-трактарных станцыях (МТС; 1933—34, 1941—43, 1950—53), саўгасах (1933—40, 1941—43), на чыг. і водным транспарце (1933—56). За 1933—34 у СССР створана на чале з накіраванымі ў вёску кадравымі партработнікамі 3368 П.а. МТС і 2021 П.а. саўгасаў; у БССР — адпаведна 72 і 51. У 1934 сеткамі П.а. абслугоўваліся каля 40% калгасаў і 20% саўгасаў рэспублікі. З лют. 1950 да студз. 1954 паводле рашэння ЦК ВКП(б) (студз. 1950) у зах. абласцях СССР, у т. л. Беларусі, Прыбалт. рэспубліках, былі арганізаваны і дзейнічалі П.а. МТС для актывізацыі націску ў ажыццяўленні суцэльнай калектывізацыі ў сціслыя тэрміны. З пашырэннем унутрыпарт. дэмакратыі і ўзмацненнем ролі звычайных, пастаянных органаў партыі ЦК КПСС у 1957 скасаваў П.а.

ва ўсіх ведамствах, акрамя ўзбр. сіл. П.а., як адно з рашаючых звёнаў цэнтралізаванай сістэмы кіравання, былі дзейсным інструментам сав. улады. Іх стварэнне ў структуры апарата партыі было спробай умацавання адміністрацыйна-каманднай сістэмы кіравання.

А.​М.​Сарокін.

т. 12, с. 10

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПО́ЛЯ ТЭО́РЫЯ ў фізіцы,

раздзел тэарэт. фізікі, які вывучае палі фізічныя. Функцыі поля выкарыстоўваюцца для апісання ўласцівасцей і паводзін неперарыўных фіз. сістэм. Ураўненні фіз. поля вызначаюць асн. закон руху (закон змены станаў) фіз. сістэмы. Рашэнні гэтых ураўненняў — функцыі фіз. поля — апісваюць магчымыя станы сістэмы.

Квантава-рэлятывісцкая П.т. грунтуецца на аб’яднанні спец. адноснасці тэорыі і квантавай механікі і складае аснову тэорыі элементарных часціц і іх узаемадзеянняў. Падзяляецца на класічную тэорыю поля (першасна квантаваную) і квантавую тэорыю поля (другасна квантаваную). Кожнаму тыпу элементарных часціц (як першасных крыніц і як пераносчыкаў фундаментальных узаемадзеянняў) ставіцца ў адпаведнасць класічнае або квантавае поле. Функцыі класічнай П.т. апісваюць 1 элементарную часціцу ў квантавамех. сэнсе, функцыі квантавай П.т. становяцца аператарамі і выкарыстоўваюцца для апісання сістэм з пераменнай колькасцю часціц (квантаў дадзенага поля). Класіфікацыя і ідэнтыфікацыя элементарных часціц у межах класічнай П.т. ажыццяўляецца на аснове ўліку трансфармацыйных уласцівасцей функцый поля адносна пераўтварэнняў прасторава-часавай і інш. тыпаў сіметрыі. На падставе Нётэр тэарэмы ўстанаўліваюцца універсальныя і спецыфічныя захавання законы і вызначаюцца выразы (у тэрмінах функцый фіз. поля) для велічынь, якія захоўваюцца і вымяраюцца эксперыментальна. У калібровачнай палявой тэорыі фундаментальных узаемадзеянняў пераход ад лінейных ураўненняў свабодных палёў да нелінейных ураўненняў узаемадзейных палёў (элементарных часціц) ажыццяўляецца на аснове калібровачнай інварыянтнасці П.т. адносна лакальных пераўтварэнняў дынамічнай сіметрыі кожнага тыпу ўзаемадзеянняў. У выніку атрымліваюцца калібровачныя палі, адказныя за адпаведныя ўзаемадзеянні. Кванты такіх палёў (фатон, слабыя базоны, глюоны) выконваюць функцыі першасных пераносчыкаў эл.-магн., слабага (электраслабага) і моцнага ўзаемадзеянняў адпаведна, першаснымі крыніцамі якіх з’яўляюцца лептоны, кваркі і іх антычасціцы.

На Беларусі даследаванні па П.т. пачаліся ў 1940—50-я г. пад кіраўніцтвам Ф.Л.Фёдарава; праводзяцца ў Ін-це фізікі Нац. АН, БДУ, Гомельскім дзярж. ун-це і інш.

Літ.:

Боголюбов Н.Н., Ширков Д.В. Введение в теорию квантованных полей. М., 1957;

Богуш А.А., Мороз Л.Г. Введение в теорию классических полей. Мн., 1968;

Богуш А.А. Введение в калибровочную полевую теорию электрослабых взаимодействий. Мн., 1987.

А.А.Богуш.

т. 12, с. 503

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУБЛЁЎ (Андрэй) (каля 1360—70—1427 або 1430),

старажытна-рускі жывапісец, заснавальнік самабытнай школы іканапісу. У сталым узросце прыняў манаства ў Троіца-Сергіевым (г. Сергіеў Пасад) або ў Андронікавым (Масква) манастырах. Яго творчасць развівалася на глебе маст. культуры Маскоўскай Русі з уплывам візант. маст. традыцый. Застаючыся ў межах сярэдневяковага ўспрымання і выяўлення рэчаіснасці, сцвярджаў узвышанае разуменне духоўнай прыгажосці і маральнай сілы чалавека. Гэтыя ідэалы ўвасоблены ў абразах Звянігарадскага чына («Спас», «Архангел Міхаіл», «Апостал Павел», усе 14—15 ст., па інш. звестках 1410-я г.), дзе строгія плаўныя контуры, шырокая манера і святланосны каларыт блізкія да прыёмаў манум. жывапісу. У канцы 14 — пач. 15 ст. (або 1411 ці 1427) стварыў абраз «Тройца» — шэдэўр стараж.-рус. іканапісу. Дасканаласць маст. формы гэтага абраза выражае вышэйшы для свайго часу маральны ідэал гармоніі духу з жыццём і светам. У 1405 з Феафанам Грэкам і Прохарам з Гарадца размаляваў Благавешчанскі сабор Маскоўскага Крамля (фрэскі не захаваліся); у 1408 з Даніілам Чорным — Успенскі сабор ва Уладзіміры і стварыў абразы для яго шмат’яруснага іканастаса. З фрэсак гэтага сабора найб. значныя сцэны «Страшнага суда», трактаванага як свята перамогі справядлівасці, сцвярджэнне духоўнай сутнасці чалавека. У 1425—27 з Даніілам Чорным і інш. майстрамі размаляваў Троіцкі сабор Троіца-Сергіева манастыра і напісаў некалькі абразоў для яго іканастаса, якім уласцівы нарастанне драматызму («Апостал Павел»), некат. змрочнасць каларыту, узмацненне дэкаратыўнасці. Апошняй яго работай лічыцца размалёўка Спаскага сабора Андронікава манастыра (каля 1427). Яму прыпісваюць шэраг інш. работ: фрэскі Успенскага сабора на Гарадку ў Звянігарадзе (канец 14 — пач. 15 ст.), абразы «Спас у сілах» (1408), «Уладзімірская Божая Маці» (каля 1409), частка абразоў святочнага чыну Благавешчанскага сабора Маскоўскага Крамля (1399 або 1408), некат. мініяцюры «Евангелля Хітрова».

Літ.:

Алпатов М.В. Андрей Рублев. М., 1959;

Андрей Рублев и его школа. М., 1978;

Сергеев В.И. Рублев. М., 1981;

Троица Андрея Рублева: Антология. М., 1981.

С.​У.​Пешын.

А.Рублёў. Тройца.

т. 13, с. 423

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭКАНСТРУ́КЦЫЯ,

1) у тэксталогіі — аднаўленне тэксту літаратурнага помніка на падставе аналізу асобных яго частак, што захаваліся, а таксама інш. блізкіх паводле складу, зместу, стылю твораў. Будуецца на комплексным даследаванні ўсіх крыніц і фактаў, што тычацца пэўнага помніка, яго ідэйна-маст. накіраванасці, месца і часу ўзнікнення, аўтарства і інш. У адрозненне ад кантамінацыі, у выніку якой ствараецца зводны, кампіляцыйны тэкст, Р. гіпатэтычна ўзнаўляе канкрэтны этап у гісторыі твора, па магчымасці дакладна рэальны тэкст. Найб. удалае аднаўленне помніка мінулага — Р. Троіцкага летапісу (пач. 15 ст.; рукапіс згарэў у час пажару Масквы ў 1812), зробленая рус. гісторыкам М.​Прысёлкавым. У бел. тэксталогіі Р. карыстаюцца пры аднаўленні, напр., згубленых частак «Хронікі Быхаўца», за аснову бяруць «Хроніку польскую, літоўскую, жамойцкую і ўсяе Русі» М.​Стрыйкоўскага і Галіцка-Валынскі летапіс.

2) У лінгвістыцы — гіпатэтычнае аднаўленне моўных форм і сістэм, якія зніклі, на аснове іх больш позніх адлюстраванняў і з улікам магчымых шляхоў моўнага развіцця. Упершыню гэты метад ужыты ў сярэдзіне 19 ст. А.​Шлайхерам для Р. індаеўрап. прамовы. Р. аб’ядноўвае некалькі метадычных працэдур: знешнюю (ці «параўнальную») Р., унутраную Р. і філал. метад. Знешняя Р. аперыруе данымі шэрагу роднасных моў (напр., рэгулярнасць адпаведнасці паміж слав. b, герм. β, лац. f, грэч. φ, санскрыцкім bh, хецкім p у гістарычна тоесных каранях дазваляе рэканструяваць індаеўрап. bh, які па-рознаму развіваўся ў мовах). Унутраная Р. выкарыстоўвае даныя адной мовы; яна — адзін з асн. прыёмаў узнаўлення гісторыі мовы. Філалагічны метад Р. заключаецца ў сістэмным даследаванні стараж. пісьмовых помнікаў на мовах той ці інш. генет. агульнасці з устаноўкай на выяўленне больш архаічных моўных форм, чым тыя, якія прадстаўлены ў сучасных мовах; падыходзіць толькі для тых моўных сем’яў, дзе існуе стараж. пісьмовая традыцыя (для індаеўрап. моў гэта хецкая, стараж.-грэч., лац., стараслав. мовы, санскрыт і інш.).

Літ.:

Лихачев Д.С. Текстология. 2 изд. Л., 1983;

Сравнительно-историческое изучение языков разных семей: Теория лингвист. реконструкции. М., 1988.

В.​А.​Чамярыцкі (у тэксталогіі).

т. 13, с. 569

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САЛО́Н (франц. salon, італьян. salone ад sala зала) у архітэктуры і мастацтве, 1) у 15—17 ст. вялікае параднае памяшканне ў італьян. (пазней і інш. еўрап. краін) палацах, прызначанае для прыёмаў, збораў, канцэртаў і інш. 2) Літ.-маст. гурток, які збіраецца ў прыватным доме. Вядомы ў Францыі з 17 ст. (С. маркізы дэ Рамбуе), у Расіі ў 19 — пач. 20 ст. (С. княгіні З.​А.​Валконскай у 1-й пал. 19 ст. ў Маскве) і інш. 3) Зала, памяшканне для экспанавання і продажу твораў мастацтва (гл. таксама Мастацкая галерэя).

4) Перыядычная публічная выстаўка твораў сучаснага мастацтва. Першая афіц. выстаўка, дзе экспанаваліся творы жывых мастакоў, адбылася ў 1653 у Парыжы па ініцыятыве Каралеўскай акадэміі жывапісу і скульптуры. З 1673 С. ладзіліся пад адкрытым небам, у палацы Пале-Руаяль, з 1699 у Луўры (да 1736 у Вял. галерэі, у 1737—1848 у т.зв. Квадратным С.; адсюль назва), пазней у Вял. палацы, з 1848 у палацы Гран Пале на Елісейскіх палях. Да 1746 адбываліся штогод, пазней раз у 2 гады. Да сярэдзіны 19 ст. былі найб. прадстаўнічай афіц. выстаўкай у Францыі, дзе экспанаваліся творы пераважна чл. акадэміі і т.зв. прызначаных. Майстры, якія не займалі значнага месца ў маст. іерархіі, выстаўлялі свае творы на пл. Дафіна (т.зв. С. маладых) і інш. Арганізацыя С. паўплывала на фарміраванне выставачнай дзейнасці (з’яўленне першых каталогаў, крытычных артыкулаў, маст. журы і інш.). З пач. 19 ст. арганізатары С. падтрымлівалі руціннае акад. мастацтва, варожа ставіліся да наватарства і парушэння традыцый (гл. Салоннае мастацтва), што выклікала вострую барацьбу маст. кірункаў і іх супрацьпастаўленне С. З 1881 у веданні Т-ва франц. мастакоў, якое ладзіць штогадовыя «Веснавыя С.» (з 1903 таксама «Восеньскія С.»). З канца 19 ст. ўзнікаюць авангардысцкія выстаўкі, якія таксама маюць назву С. (напр., «С. Незалежных», 1884) і С. ў інш. краінах. У шырокім значэнні — унутр. памяшканне аўтобуса, самалёта, аўтамабіля і пад. для пасажыраў.

т. 14, с. 113

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕЛІХА́НАЎ (Сяргей Іванавіч) (8.3.1917, С.-Пецярбург — 28.9.1976),

бел. скульптар. Нар. мастак Беларусі (1963). Скончыў Віцебскі маст. тэхнікум (1937). Працаваў у манум. і станковай скульптуры. Манум. творы вызначаюцца выразнай пластыкай, якая дасягаецца свабоднай энергічнай лепкай, яснасцю і дакладнасцю сілуэта, глыбокай змястоўнасцю вобразнага вырашэння: кампазіцыя «Беларусь працоўная» (1950) і фігура Героя Сав. Саюза К.​С.​Заслонава (1951) для бел. павільёна ВДНГ СССР, партрэты вучонага А.​Р.​Сталетава для Маск. ун-та і рус. пісьменніка М.​Я.​Салтыкова-Шчадрына (абодва 1952), гарэльефная кампазіцыя «Савецкая Армія ў гады Вялікай Айчыннай вайны» для Манумента Перамогі ў Мінску (1954). Аўтар помнікаў Заслонаву ў г. Орша (1955, арх. Г.​Сысоеў), Герою Сав. Саюза М.​Казею ў Мінску (1958, арх. В.​Волчак), партызанам Л.​Чалоўскай у г. Барысаў (1958), І. і М. Цубам каля в. Вялікі Лес Салігорскага р-на (1961, арх. В.​Занковіч, Л.​Левін), У.​І.​Леніну ў г. Столін (1980, з В.​Палійчуком, арх. Ю.​Казакоў), на магіле ахвяр фашызму ў г. Браслаў (пастаўлены ў 1981), скульпт. кампазіцыя «Няскораны чалавек» у мемарыяльным ансамблі Хатынь (1969), мемарыяльны комплекс у гонар перамогі сав. народа ў Вял. Айч. вайне ў в. Старыца Капыльскага р-на (1975). У станковай скульптуры псіхалагізмам і дакладнай перадачай характарных рыс вызначаецца галерэя партрэтаў героя грамадз. вайны Я.​Фабрыцыуса (1959), Герояў Сав. Саюза Р.​Н.​Мачульскага, І.​С.​Жыгарава (абодва 1970), А.​Ф.​Данукалава (1975), У.​Е.​Лабанка (1976), мастака А.​Мазалёва (1956), нар. паэтаў Беларусі Я.​Купалы (1959), Я.​Коласа (1967) і інш. Станковыя кампазіцыі: «К.​Я.​Варашылаў на манеўрах» (1940), «Вызваленне» (1948), «Абаронім дзяцей» (1957), «Апошні бой» (1964), «Абаронцы Брэсцкай крэпасці» (1965) і інш.

Літ.:

Кавалёў А.Ф. Сяргей Селіханаў. Мн., 1978.

Э.​А.​Петэрсон.

С.І.Селіханаў.
С.Селіханаў. Няскораны чалавек. Скульптурная група мемарыяльнага комплексу «Хатынь». 1969.

т. 14, с. 307

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)