ПІ́ЦЕМСКІ ВЯЛІ́КІ КА́МЕНЬ,
геалагічны помнік прыроды рэсп. значэння (з 1997). За 2,5 км на ПдЗ ад в. Багуслаўка Маларыцкага р-на Брэсцкай вобл., каля б. хутара Піцемскі Валун парфірападобнага граніту з крышталямі палявога шпату і біятыту. Даўж. 2,3 м, шыр. 1,3 м, выш. 1,4 м, у абводзе 5,8 м, аб’ём 2,2 м³, маса каля 5,9 т. Прынесены ледавіком каля 320—250 тыс. г. назад з Фінляндыі. Доўгая вось валуна арыентавана з Пн на Пд, што адпавядае напрамку руху ледавіка.
В.Ф.Вінакураў.
т. 12, с. 393
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛАЗМО́Н,
адна з квазічасціц, якая апісвае ваганні электронаў адносна цяжкіх іонаў у плазме, у т. л. носьбітаў зараду ў цвёрдых целах. Флуктуацыі шчыльнасці эл. зараду ствараюць эл. поле, якое імкнецца аднавіць электранейтральнасць; з-за інерцыі носьбіты зараду «праскокваюць» становішча раўнавагі, у выніку чаго ўзнікаюць ваганні, узгодненыя з калектыўным рухам часціц. У сістэмах свабодных электронаў у металах і ў валентнай зоне паўправаднікоў энергія кванта плазменных ваганняў каля 15—20 эВ; спектр ваганняў залежыць ад зоннай структуры цвёрдага цела, наяўнасці межаў, магн. поля і інш.
т. 12, с. 403
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ЛАЗАЎ (Канстанцін Мікалаевіч) (22.6.1914, г. Віцебск — 10.9.1977),
Герой Сав. Саюза (1945). Скончыў курсы мал. лейтэнантаў (1939). У Чырв. Арміі з 1936. У Вял. Айч. вайну з 1941 на Цэнтр., Сцяпным і 1-м Укр. франтах. Удзельнік Львоўска-Сандамірскай, Пражскай і Берлінскай аперацый. Камандзір роты аўтаматчыкаў ст. лейтэнант П. вызначыўся ў жн. 1944 у баях за г. Самбар (Украіна), дзе рота на чале з ім уварвалася ў горад і вяла бой з ворагам да падыходу асн. сіл брыгады. Да 1969 працаваў у калгасе.
т. 12, с. 450
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ЛЮСЫ ХО́ЛАДУ,
мясцовасці на зямным шары з найбольш нізкімі тэмпературамі паветра каля зямной паверхні. У Паўн. паўшар’і П.х. знаходзяцца ў Расіі, у Рэсп. Саха (Якуція), у раёне Аймякона — Верхаянска (мінім. т-ры блізкія да -72,2 °C), а таксама ў Грэнландыі (ніжэй за -65 °C). У Паўд. паўшар’і П.х. ва Усх. Антарктыдзе, дзе на станцыі «Усход», на выш. каля 3500 м у 1983 зарэгістравана т-ра -89,2 °C. Сярэднія гадавыя т-ры ў гэтым раёне (-56 °C) таксама самыя нізкія на Зямлі.
т. 12, с. 503
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПОЎГ ((Pogue) Уільям) (н. 23.1.1930, г. Окіма, ЗША),
касманаўт ЗША. Палкоўнік ВПС (у адстаўцы). Бакалаўр пед. н. (1951), магістр матэматыкі (1960). З 1951 у ВПС. З 1966 у групе касманаўтаў НАСА. 16.11.1973—8.2.1974 з Дж. Карам і Э.Гібсанам здзейсніў палёт на касм. караблі «Апалон» і арбітальнай станцыі «Скайлэб» (як член 3-га экіпажа), у час якога двойчы выходзіў у адкрыты космас (агульны час 13 гадз 31 мін). Правёў у космасе 84 сут. Залаты медаль НАСА «За выдатныя заслугі».
У.С.Ларыёнаў.
т. 12, с. 520
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРА́ВЫЯ МАСТЫ́,
вёска ў Мастоўскім р-не Гродзенскай вобл., на правым беразе р. Нёман, на скрыжаванні аўтадарог на Шчучын, Ваўкавыск, Масты. Цэнтр Мастоўскага с/с і саўгаса. За 6 км на У ад горада і чыг. ст. Масты, 66 км ад г. Гродна. 1195 ж., 414 двароў (2000). Мастоўскае райсельэнерга, пчалярскае прадпрыемства. Сярэдняя школа, спецшкола-інтэрнат, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, аптэчны пункт, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Касцёл св. Іаана Хрысціцеля. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну.
т. 12, с. 529
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРА́ЎДЗІНСКІ,
рабочы пасёлак у Пухавіцкім р-не Мінскай вобл., на р. Пціч. Аўтадарогай злучаны з г.п. і чыг. ст. Рудзенск (12 км). За 23 км ад г. Мар’іна Горка, 53 км ад Мінска. 2,7 тыс. ж. (2000). Утварыўся ў 1966—68 у сувязі з буд-вам торфапрадпрыемства. Сучасная назва з 11.3.1977, з 29.12.1977 рабочы пасёлак. Працуюць торфабрыкетны з-д «Сяргеевіцкі», эксперым. база «БелНДІпалівапраект», ПМК, прафтэхвучылішча, сярэдняя і муз. школы, дашкольная ўстанова, Палац культуры, 2 б-кі, бальніца, аптэка, аддз. сувязі.
т. 13, с. 28
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫЯ́М,
у старажытнагрэчаскай міфалогіі апошні цар Троі, бацька Гектара, Парыса, Касандры і многіх інш. сыноў і дачок. Амаль усе яго сыны загінулі ў Траянскай вайне. Адзін з самых хвалюючых эпізодаў паэмы «Іліяда» — знаходжанне састарэлага П. ў грэч. лагеры, дзе ён упрошвае Ахіла выдаць яму за вял. выкуп цела забітага Гектара. У ноч узяцця Троі грэкамі П. спрабаваў узброіцца і ўступіць у бой. Жонка Гекуба пераканала яго шукаць выратавання каля хатняга алтара Зеўса, дзе П. загінуў ад мяча Неапталема — сына Ахіла.
т. 13, с. 89
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЭКА́РЫЙ (лац. precarium ад preces просьба),
першапачаткова ў рым. праве даўгавыя адносіны паміж пазыкадаўцам і пазычальнікам незалежна ад формы маёмасці; у раннім сярэднявеччы ў Зах. Еўропе права карыстання зямлёй (на некалькі гадоў ці пажыццёва), якое даваў землеўладальнік селяніну на падставе яго пісьмовай просьбы. За гэта атрымальнік зямлі (прэкарыст) плаціў чынш ці выконваў паншчыну. Прэкарскі дагавор аднаўляўся кожныя 5 гадоў. П. быў пашыраны ва ўсіх еўрап. краінах да 13 ст. і стаў адным са сродкаў залежнасці вольных сялян ад буйнога землеўладальніка.
А.Г.Зельскі.
т. 13, с. 92
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЭСБІЯПІ́Я [ад грэч. presbys стары + ōps (ōpos) вока],
старэчая дальназоркасць, парушэнне выразнага бачання блізка размешчаных аб’ектаў. Узнікае пасля 40 гадоў у выніку аслаблення праламляльнай здольнасці вока. Прычына П. — зніжэнне эластычных уласцівасцей хрусталіка пры ўшчыльненні яго цэнтр. ч. — ядра. Пры гэтым парушаецца акамадацыя вока, кропка яснага бачання факусіруецца па-за сятчаткай і прадметы здаюцца расплыўчатымі. Для карэкцыі П. выкарыстоўваюць акуляры са збіральнымі (выпуклымі) лінзамі, якія ўзмацняюць праламляльную здольнасць вока і забяспечваюць выразнае адлюстраванне блізка размешчаных аб’ектаў на сятчатцы.
І.М.Семяненя.
т. 13, с. 95
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)