ДА́ЦКІЯ ПРАЛІ́ВЫ, Балтыйскія пралівы,

сістэма праліваў паміж п-вамі Скандынаўскі і Ютландыя. Злучае Балтыйскае м. з Паўночным м. Уключае пралівы Малы Бельт, Вялікі Бельт, Эрэсун, Катэгат і Скагерак. Д.п. — асн. шлях, які злучае парты Балтыйскага м. з партамі Сусв. акіяна.

т. 6, с. 71

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭБІТО́Р (ад лац. debitor даўжнік),

у цывільным праве бок у абавязацельстве, які павінен выканаць пэўныя дзеянні або ўстрымацца ад выканання дзеяння; даўжнік. У якасці Д. могуць выступаць толькі асобы, здольныя быць носьбітамі грамадзянскіх правоў і абавязкаў, у т. л. юрыд. асобы.

т. 6, с. 321

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭКАРАТЫ́ЎНЫ ЖЫ́ВАПІС,

жывапіс, які ўваходзіць у склад арх. збудавання ці твора дэкар.-прыкладнога мастацтва, не мае самастойнага ідэйна-вобразнага значэння і прызначаны для аздаблення або акцэнтавання канструкцыі ці функцыі прадмета. Як і манументальны жывапіс выконваецца ў выглядзе мазаікі, пано, размалёўкі.

т. 6, с. 335

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗУБРЫ́ЦКІ (Іван Васілевіч) (17.2.1898, г. Рэчыца Гомельскай вобл. — 25.11.1963),

бел. геадэзіст. Праф. (1960). Скончыў БСГА (1929). З 1930 працаваў у ёй. Распрацаваў і тэарэтычна абгрунтаваў метад чатырохвугольнікаў без дыяганалей для стварэння геад. сетак, які выкарыстоўваецца пры землеўпарадкаванні і планіроўцы гарадоў.

т. 7, с. 118

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІСТА́НУС,

у хецкай міфалогіі бог сонца. Імя І. запазычана ў эпоху Старажытнахецкага царства з міфалогіі хаці (Эстан) і выцесніла індаеўрап. імя бога Тыват ці Тыят. І. ўяўлялі ў выглядзе чалавека з блакітнай барадой, які на калясніцы, запрэжанай чацвёркай коней, аб’язджае неба.

т. 7, с. 347

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КВАЛІМЕ́ТРЫЯ (ад лац. qualis які, якой якасці + ...метрыя),

галіна эканам. навукі, якая вывучае метады колькаснай ацэнкі, што выкарыстоўваюцца пры вымярэнні якасці прадукцыі і пры стандартызацыі. Распрацоўвае метады комплексных і інтэгральных паказчыкаў якасці, адзінай колькаснай ацэнкі асобных уласцівасцей прадукцыі і інш.

т. 8, с. 207

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЛЕРЫКАЛІ́ЗМ (ад лац. clericalis царкоўны),

грамадска-палітычны кірунак у дзейнасці рэліг. арг-цый, які выкарыстоўвае рэлігію і царкву для ўзмацнення ўздзеяння на сферы грамадскага жыцця. Прадстаўнікі К. ствараюць свае паліт. партыі, прафсаюзы, жаночыя, маладзёжныя і інш. масавыя грамадскія аб’яднанні, навуч. ўстановы.

т. 8, с. 331

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЭАЦІНФО́СФАРНАЯ КІСЛАТА́, крэацінфасфат, фосфакрэацін,

прадукт фосфарыліравання крэаціну, злучэнне, багатае энергіяй. Утрымліваецца ў шкілетных мышцах пазваночных. Абарачальная рэакцыя распаду К.к. — адна з крыніц энергіі для мышачнага скарачэння. У тканках самаадвольна разбураецца і ператвараецца ў неарган. фасфат і крэацінін, які выводзіцца з мачой.

т. 8, с. 531

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАКТАТДЭГІДРАГЕНА́ЗА (ЛДГ),

фермент вугляводнага абмену, які каталізуе найважнейшую рэакцыю гліколізу — узаемапераўтварэнне піравінаграднай і малочнай кіслот. Адносіцца да ферментаў класа аксідарэдуктаз. Актыўнасць Л. ў сываратцы крыві і адноснае ўтрыманне яе ізаферментаў з’яўляюцца дыягнастычнымі тэстамі пры інфаркце міякарда, парэнхіматозным гепатыце, лейкозах і інш.

т. 9, с. 109

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕДАВІКО́ЎЕ, гляцыял, ледавіковая эпоха,

адрэзак часу ў геал. гісторыі Зямлі, які характарызуецца значным пахаладаннем клімату і развіццём магутных покрываў мацерыковага лёду ў палярных і ва ўмераных шыротах. Л. падзяляліся эпохамі амаль поўнага знікнення льдоў — міжледавікоўямі. Гл. таксама Зледзяненні, Ледавіковы перыяд.

т. 9, с. 185

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)