МАРЦІНО́ВІЧ (Аркадзь Нічыпаравіч) (н. 10.3.1920, в. Барбарова Глускага р-на Магілёўскай вобл.),
бел. пісьменнік. Засл. работнік культ. Беларусі (1980). Скончыў Рэсп.парт. школу пры ЦККП(б)Б (1950), БДУ (1955). Працаваў у рэдакцыях газет, з 1957 у штотыднёвіку «Літаратура і мастацтва», з 1964 у выд-ве «Беларусь». У 1974—81 гал. рэдактар выд-ва «Мастацкая літаратура». Дэбютаваў у 1938 вершамі. Піша ў жанры лірызаванай аповесці. У цэнтры ўвагі маральна-этычная праблематыка. Выдаў кнігі аповесцей і апавяданняў «Надзея» (1960), «Водгулле» (1963), «Прасека» (1967), «Панарама» (1970), «Няхай ідзе дождж» (1973), «Сцюжа» (1976), зб. вершаў «Чырвоныя ветразі» (1965). Раманы «Не шукай слядоў сваіх» (1979), «Груша на Голым Полі» (1985), «Цень крумкачовага крыла» (1991) пра пакаленне, юнацтва якога прыпала на суровыя выпрабаванні вайны і першыя пасляваен. гады; у іх рэтраспектыўна адлюстраваны значныя пласты нар. жыцця цэлай гіст. эпохі. На бел. мову пераклаў аповесць Х.Мянд «Вецер у галаве» (1971), аповесці і адпавяданні С.Баруздзіна (зб. «Месяц і сонца», 1972), К.Паустоўскага (зб. «Белая вясёлка», 1976) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́ЛЬТАН, Мілтан (Milton) Джон (9.12.1608, Лондан — 8.11.1674), англійскі паэт, публіцыст, грамадскі дзеяч. Скончыў Кембрыджскі ун-т (1632). Пісаў на англ., італьян. і лац. мовах. Раннія творы (цыклы вершаў, санетаў, п’еса-маска «Комус», 1634; элегія «Лісідас», 1638, і інш.) адзначаны эстэтыкай, пераходнай ад Рэнесансу да Новага часу, у цэнтры — праблемы выбару шляху, прызначэння чалавека. У абарону рэсп. ідэалаў, свабоды слова і сумлення стварыў шматлікія трактаты і памфлеты: «Арэапагітыка» (1644), «Іканаборца» (1649), «Абарона англійскага народа» (1650) і інш. Вяршыня яго творчасці — эпічныя паэмы на біблейскія сюжэты «Страчаны рай» (1667) і «Вернуты рай» (1671), у якіх узняты праблемы пазнання Дабра і Зла, іх процістаяння і дыялект. адзінства, сэнсу жыцця і гіст. лёсу чалавецтва. Паэмы з рысамі барока і класіцызму адзначаны маштабнасцю вобразаў, складанай метафарычнасцю, сімволікай і алегарычнасцю. Аўтар трагедыі «Самсон-змагар» (1671), гіст.прац. «Гісторыя Брытаніі» (1670), «Кароткая гісторыя Масковіі» (1682).
Тв.:
Рус.пер. — Потерянный рай. Стихотворения. Самсон-борец. М., 1976.
Літ.:
Чамеев А.А. Джон Мильтон и его поэма «Потерянный рай». Л., 1986.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІСУ́РЫ (Missouri),
штат у цэнтр. частцы ЗША, у бас. рэк Місісіпі і Місуры. Пл. 180,4 тыс.км². Нас. 5402 тыс.чал. (1997). Адм. ц. — г. Джэферсан-Сіці; найб. гарады і гал.прамысл.цэнтры — Сент-Луіс і Канзас-Сіці. Паверхня — хвалістая раўніна, якая паступова павышаецца на 3. На Пд вапняковае плато Озарк выш. да 540 м. Клімат умераны. Сярэднія т-ры студз. каля 0 °C, ліп. каля 27 °C. Ападкаў каля 1000 мм за год; бываюць засухі. Натуральная расліннасць блізкая да стэпавай. Індустр.-агр. штат. Здабыча свінцу (1-е месца ў ЗША), жал. руды, каменнага вугалю, барыту, буд. матэрыялаў. У апрацоўчай прам-сці пераважаюць машынабудаванне (авіяракетнае, аўтамаб., вытв-сць дарожна-буд. і с.-г. машын) і харч. галіна (мясакансервавая, мукамольная). Развіты таксама радыёэлектронная, хім., швейная, гарбарна-абутковая, цэм.прам-сць, чорная і каляровая металургія. З галін сельскай гаспадаркі пераважае жывёлагадоўля. Гадуюць (млн. галоў, 1998): буйн. раг. жывёлу — 4,3, свіней — 3,5, птушку — 9,4. Вытв-сць бройлераў. Вырошчваюць кукурузу, сою, пшаніцу, на плато Озарк — авёс, на ПдУ у пойме Місісіпі — бавоўнік. Турызм. Транспарт чыг., аўтамаб., рачны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЯ́ДЗЕЛЬСКІ СТАНІСЛА́ВАЎСКІ КАСЦЁЛ КАРМЕЛІ́ТАЎ,
помнік архітэктуры позняга барока ў г. Мядзел Мінскай вобл. Пабудаваны ў 1752—54 А.Кошчыцам разам з заснаваным ім кляштарам босых кармелітаў. Кляштар зачынены ў 1840, касцёл у 1866 перароблены пад царкву, пры гэтым забелены размалёўкі. У 1920 вернуты католікам, зачынены пасля Вял.Айч. вайны, з 1989 аддадзены вернікам. Мураваны храм мае цэнтрычную кампазіцыю. Ніжні кубічны аб’ём завершаны масіўным 8-гранным барабанам, накрытым пластычным гранёным купалам з 4 люкарнамі і ажурным ліхтаром у цэнтры. У аздобе фасадаў выкарыстаны прафіляваныя карнізы, раскрапоўкі, разарваныя франтоны, калоны, валюты, каваныя агароджы балкончыкаў. Аконныя праёмы з паўцыркульнымі і лучковымі арачнымі завяршэннямі. Дэкар. афармленне інтэр’ера мае элементы ракако. Па ўсім перыметры сцен здвоеныя пілястры з капітэлямі, аб’яднаныя прафіляваным карнізам. У інтэр’еры захаваліся фрагменты фрэсак. Касцёл — рэдкі для бел. барока помнік цэнтрычнай кампазіцыі, не мае аналагаў сярод кармеліцкіх храмаў. Кампазіцыйнае вырашэнне будынка несіметрычнае. Паверхня сцен мае строгую і лаканічную арх. апрацоўку. Побач з касцёлам мураваная 2-павярховая плябанія і званіца.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАДА́НСКАЯ РАЎНІ́НА (ад лац. Padanis, назва р. По ў стараж. рымлян),
Падана-Венецыянская раўніна. На Пн Італіі, паміж Альпамі, Апенінамі і Адрыятычным м., пераважна ў бас.р. По. Уключае таксама Ламбардскую (на ПнЗ) і Венецыянскую (на У) нізіны. Даўж. каля 500 км, шыр. да 200 км. Паверхня пераважна плоская, паступова паніжаецца з 3 на У ад 300—400 м да ўзр. мора. П.р. — тэктанічны прагін, запоўнены тоўшчай алювію р. По і яе прытокаў, а таксама марскімі адкладамі. У цэнтры П.р. — гліністыя нізкія раўнінныя ўчасткі, па краях — пясчана-галечныя высокія раўнінныя ўчасткі. У нізоўі р. По асобныя ўчасткі ляжаць ніжэй узр. мора. Клімат пераходны ад субтрапічнага да ўмеранага. Сярэдняя т-растудз. 0—4 °C, ліп. 22—24 °C. Ападкаў 600—1000 мм за год. Рэкі бас. По, Адыджэ, Брэнта і інш. Частыя паводкі (асабліва вясной і восенню), для абароны ад якіх многія рэкі абвалаваны. Расліннасць трысняговых балот і тарфянікаў, асабліва ў дэльтавых раёнах. Сетка арашальных, асушальных і суднаходных каналаў. Густа заселена. Асн.с.-г. раён Італіі: пасевы пшаніцы, кукурузы, рысу. На П.р. — гарады Мілан, Турын, Венецыя, Балоння, Падуя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАНО́НІЯ (Pannonia),
рымская правінцыя, якая ўтварылася ў 8 н.э. пасля падзелу рым. правінцыі Ілірык на Верхні Ілірык (Далмацыя) і Ніжні Ілірык — П. Займала зах.ч. сучаснай Венгрыі, паўн.ч. сучасных Харватыі і Югаславіі і ўсх.ч. сучаснай Аўстрыі. Назву атрымала ад панонцаў — групы ілірыйскіх плямён (гл.Ілірыйцы). Захоп тэр. правінцыі пачаўся пры імператару Аўгусце (35—33 да н.э.) і працягваўся Тыберыем (6—9 н.э.). У пач. 1 ст.н.э. адбывалася ваен. каланізацыя П. Яе гарнізон складаўся з 5, пасля 101 — з 4 легіёнаў. Паступова лагеры легіёнаў ператвараліся ў буйныя гарады, цэнтры рамяства і гандлю, якія ў 2—3 ст. атрымалі ад рым. улад правы самакіравання. У пач. 2 ст. правінцыя падзелена на Ніжнюю і Верхнюю П. Пры імператару Дыяклетыяне П. падзелена на 4 часткі, г. Сірмій стаў рэзідэнцыяй імператара і прэфекта прэторыя. За валоданне П. рымляне вялі пастаянныя войны з суседнімі плямёнамі: у 167 з маркаманамі, у 427 з гунамі і гепідамі, у пач. 6 ст. з лангабардамі, у 568 з аварамі. Беспаспяховай была спроба рымлян адваяваць П. ў сярэдзіне 5 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ПАНЯМО́НЬ», Гродзенская сядзіба «Панямонь»,
помнік сядзібна-паркавай архітэктуры позняга барока ў г. Гродна. Створана ў 1771 на ўсх. ускраіне горада, на правым беразе р. Нёман як загарадная рэзідэнцыя караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага (арх. Ю.Аляхновіч), перабудавана ў 19 ст. ў стылі класіцызму. Уключае сядзібны дом, парк, флігель, з Пд ансамбль абмежаваны ракой, з У і Пн — глыбокім ярам. Сядзібны дом 1-павярховы мураваны (пазней частка разбураных сцен заменена драўлянымі). Захаваўся фрагмент вуглавога эркера плаўнага абрысу з тонкім прафіляваным карнізам, здвоенымі пілястрамі з ляпнымі капітэлямі, гарыз. рустоўкай. У цэнтрыгал. фасада — 4-калонная навісь (ранейшы порцік). Дваровы фасад упрыгожаны 4-калонным порцікам на высокім цокалі. Дом і адкрыты перад ім партэр размешчаны ў глыбіні пейзажнага парку, над стромкім берагам, умацаваным падпорнымі сценкамі тэрас. Парк разбіты перад палацам і па схілах яра. Уезд пазначаны капліцай рэтраспект.-гатычнага стылю (сярэдзіна 19 ст.). Гасп. і службовыя пабудовы вынесены па-за межы параднай часткі ансамбля і пастаўлены ў рад з зах. боку дома.
А.М.Кулагін.
Гродзенская сядзіба «Панямонь». З малюнка Н.Орды. 19 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРАЖНЯ́К (Тарас Мікалаевіч) (н. 9.3.1924, в. Цернаўка Смелянскага р-на Чаркаскай вобл., Украіна),
бел. мастак дэкар.-прыкладнога мастацтва. Засл. дз. маст. Беларусі (1997). Скончыў Маскоўскі ін-т прыкладнога і дэкар. мастацтва (1949). Працаваў у Львове. У 1965—98 у Бел.АМ (з 1988 заг. кафедры). Працуе ў галіне керамікі («Абаронцы Брэсцкай крэпасці», 1970; скульптура «Даніла Галіцкі», 1974; пано «Мінск», 1977; вазы «Над Віліяй», 1988, «Белавежская пушча», 1993, «Кветкі», 1999, «Марскі брыз», 2000; дэкар. кампазіцыя «Караблікі і дэльфіны», 1966, і інш.), шкла (вазы «Кожнаму чацвёртаму», 1982, «Восень», 1987; скульптура «Пінгвіны», 1987; кампазіцыі «Чорная быль», 1988, «Поры года», 1989, і інш.), металу (партрэт Героя Сав. Саюза С.І.Грыцаўца, 1967, і інш.). Аўтар афармленчых работ у Палацы чыгуначнікаў (1978), Палацы шлюбаў Заводскага р-на (1981—83), гандл.цэнтры «Валгаград» (1984) у Мінску, палацах культуры нафтавікоў у Наваполацку (1967), саўгаса «Прагрэс» Брэсцкай вобл. (1984), будынку шпіталя для інвалідаў Вял.Айч. вайны ў в. Бараўляны Мінскага р-на (1986) і інш. Творы адметныя дакладнасцю кампазіцыі, вобразнай выразнасцю.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАСІЯНА́РНАСЦЬ (ад грэч. passio пачуццё, пакута),
неадольная цяга людзей да ажыццяўлення сваіх ідэалаў. З’ява П. ўведзена Л.М.Гумілёвым. Паводле Гумілёва, П. ляжыць у аснове ўсякіх дзеянняў, якія пакідаюць след у гісторыі. Яна фарміруецца ў выніку моцных усплёскаў біяхім. энергіі космасу, адкрытай і апісанай У.І.Вярнадскім, і канцэнтруецца ў параўнальна невялікіх абласцях зямной паверхні. На падставе гэтай ідэі Гумілёў стварыў пасіянарную тэорыю этнагенезу, у цэнтры якой уяўленне пра этнас як біясферны, несац. феномен чалавечых паводзін. Пасіянарныя «штуршкі» нараджаюць павышаную сац. актыўнасць, якая ў пэўных гісторыка-геагр. умовах садзейнічае ўтварэнню новых этнасаў і этнічных сістэм (суперэтнасаў). Энергія П. забяспечвае стварэнне і існаванне ў біясферы Зямлі ўсёй разнастайнасці этнічных сістэм — прыродных калектываў людзей з агульнымі стэрэатыпамі паводзін, на які накладвае адбітак геагр. асяроддзе, культ. традыцыя і этнічнае акружэнне.
Літ.:
Гумилев Л.Н. Этногенез и биосфера Земли. 2 изд. Л., 1989;
Яго ж. География этноса в исторический период. Л., 1990;
Яго ж. От Руси к России: Очерки этнич. истории. М., 1992;
Яго ж. Из истории Евразии. М., 1993;
Чижевский АЛ. Земное эхо солнечных бурь. 2 изд. М., 1976.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІРЭНЕ́І (ісп. Pirinéos, франц. Pyrénées),
горная сістэма на ПдЗ Еўропы, у Іспаніі, Францыі і Андоры. Працягласць 450 км ад Біскайскага зал. да Міжземнага м.Найб.выш. да 3404 м (пік Анета). П. — альпійская складкаватая сістэма. Найб. высокая восевая зона гор, складзеная крышт. парод. Характэрна чаргаванне высокіх платопадобных участкаў і скалістых вяршынь з рысамі плейстацэнавага зледзянення. Зах. П. — сярэдневышынныя горы, развіты вапнякі, карст; у цэнтры — пераважна крышт. пароды, альпійскія формы рэльефу, ледавікі (пл. каля 40 км²); на У хрыбты зніжаюцца, чаргуюцца з міжгорнымі ўпадзінамі. З П. бяруць пачатак рэкі Гарона, Адур і левыя прытокі р.Эбра. Важны кліматападзел (на Пн ад П. тэр. з умераным кліматам, на Пд з субтрапічным). На вільготных зах. і паўн. схілах, дзе выпадае 1500—2000 мм ападкаў, пераважаюць букавыя і піхтавыя лясы, субальпійскія хмызнякі і лугі. На паўд. схілах, дзе колькасць ападкаў зніжаецца да 500—750 мм, лясы з вечназялёных дубоў і зараснікі міжземнаморскіх хмызнякоў (маквіс, гарыга, таміляры). Радовішчы баксітаў, жал. руд. У гарах жывёлагадоўля, у далінах вінаградарства і садоўніцтва.